Евангелле ад Мамы
Кніга паэзіі
Барадулін Рыгор
„… зямля наша дасць плод свой…”
Мне цяжка ўявiць сабе Рыгора Барадулiна, выштукаванага ў стылi моднай прэстыжнасцi ад madame А. цi ад мiстэра Юдашкiна, як бы таго нi вымагалi правiлы добрага тону новага, рыначнага, часу, якi спараджае i новую элiту, у якой каму б яшчэ быць, як не паэту яркаму i самабытнаму, творча стабiльнаму, палiтычна акрэсленаму. Яно i апраўда, Барадулiн -- паэт элiтарны, але не ў салонным значэннi гэтага слова. Бо хадзiў i ходзiць някiдка, насiў i носiць носкае, практычнае i цёплае, як сярэднестатыстычны беларус.
А пiша?.. У век перапёлчыных енкаў, калi ўсе пiшуць эпахальна, "лепш" за Багдановiча i Купалу, Барадулiн пiша горш за памянёных, якiя былi першыя, а першыя -- навечна першыя i палепшыць iх немагчыма...
Пiша шарыкамi, пёрамi, алоўкамi -- чым папала; у нататнiках, на паперках, у сшытках, на аркушах -- на чым папала. Але апошнi чыставы варыянт -- у нататнiчку, чорнай "паркераўскай" ручкай з залатым пяром, даўнiм-даўнiм даччыным дарункам, i дае ў рукi гэты дарунак толькi сваёй любенькай унучцы Дамiнiцы i тое толькi дзеля чыста творчых мэтаў -- Дамiнiка iлюсрруе дзeдавыя вершы ў тым чыставым нататнiку: у свае 5 гадоў яна ўжо намалявала партрэты дзеда Рыгора, дзеда Васiля Быкава i ката Мiрона, i несумнена лепш, чым гэта мог бы зрабiць сам Пiкаса. Што тут скажаш -- яблычка ад яблынi... А толькi таго i скажу, што называю гэта шчасцем... Грэх было б назаляцца са сваiм пяром i лезцi ў чалавечае шчасце.
Пяцiтомнiк -- гэта ўжо салiдна. I зноў жа не магу сабе ўявiць Барадулiна пяцiтомнага, упакаванага, у строгай акадэмiчнай вокладцы, "пад крышкай", як кажуць палiграфiсты, бо тамы -- гэта ўжо грунтоўна, навечна, як у дамавiне. I тым не меней вось ён, першы том, будуць i астатнiя; вось ён, Барадулiн, закансерваваны, забальзамаваны, намашчаны, панумараваны, у строга адмераных порцыях выдавецкiх аркушаў дзеля авантажнасцi, каб фактура глядзелася гарманiчна па таўшчынi. Дзеля гэтага лепшае выбiраецца, горшае iдзе ў высеўкi... А што ў паэта лепшае, што горшае? Што ўдалося Дамiнiцы болей? -- цi дзедаў партрэт, цi ката Мiрона? Абодва ж партрэты ў адным нататнiку, абодва ўзважаны на шалях шчаслiвага натхнення,-- i не мне вызначаць iх важнасць i мастацкую каштоўнасць. Бо ўсё тут з Евангелля ад Мамы...
Так i Барадулiн для мяне -- што той нататнiк; прасеяная гармонiя -- абсурдная. Гармонiя ж нататнiка склалася з пропадзi кнiг, кнiжак, кнiжачак, цвёрдых i мяккiх, строгiх i iлюстраваных, чорна-белых i шматфарбных; з часопiсных i газетных публiкацый; з паэтавага чытання па радыё i тэлебачаннi, у тэатральных i клубных залах, на сяброўскiх вечарынах i на мiтынгах Беларускага народнага фронту... Бо ўсё гэта з Евангелля ад Мамы, дзе ўсё святое...
Усё гэта жыве дзесяцiгоддзi, дзень у дзень, год у год i складае гармонiю, якую я называю сабе -- Барадулiн; i ў любым вэрхале i хаосе даўгачасся Рыгораў голас гучыць чыста, свежа, адметна, i ён ёсць поўны дысананс у хоры "лепшых", "песняроў беларускага народа", "народных кумiраў", "братоў славян", “братоў старэйшых", "братоў большых" i ўсякай iншай шалабродзi. Бо голас гэты з Евангелля ад Мамы...
З гэтым голасам мы жывём вось ужо блiзка сарака гадоў, ведаючы, што налета, цi праз дзень, цi нават сёння паэт здзiвiць нас нечым нянаджана-спадзяваным, новым, але пазнавальным, барадулiнскiм -- гэта можа быць нейкая гарэзлiва-пацешная "Iндыкала-кудыкала" альбо строгi, раздумлiва-фiласофскi "Трыкiрый". Успомнiце, згадайце, колькi паэзii ў нечаканых назвах ягоных кнiг: "Рунець, красаваць, налiвацца", "Неруш", "Рум", "Свята пчалы", "Вечалле", "Маўчанне перуна", "Абразы без абразы", "Дойны конь"... А яшчэ паэзiя, вадаспады гумару ў безлiчы жартаў, шаржаў, пацешак, эпiграм, з'едлiва крутых i сяброўскiх прыбабунек -- а не дай Бог прыгарнуцца Рыгору пад гарачую руку, пад вострае вока, дай заспець сябе на нечым смеху альбо асуды вартым i -- будзь ты тройчы сябрам, а ўвекавечышся! Шкада, што не ўпяцiтомнiшся (вось вам i недахоп пяцiтомнiка!). Колькi гэтых жартаў, смешак i калючак гуляе па белым свеце, колькi iх (ужо нiбыта фальклорных, ужо нiбыта ушацкiх) запiсваецца экспедыцыямi Акадэмii навук!
Гэта i ёсць Барадулiн, абсалютна неадрыўны ад часу, зрошчаны з iм, заўсёды iсны, сутны i раствораны ў iм, асэнсаваны i неасэнсаваны, каму любасны, каму ненавiсны, але ўжо ўлiты ў гiсторыю беларускай нацыi, таксама каму любаснай, каму ненавiснай, не аблашчанай хцiвымi i падлыжнымi сваякамi за сам факт сваёй iснасцi. Не кожнаму паэту наканавана такая мiладайная доля. Але i гэта, мабыць, ад Бога, якi даў нам паэта, i ад беларусаў, што, як той лiхi казаў, нiчога iншага, як толькi гаварыць на сваёй мове, рабiць не ўмеюць,-- але затое яны ўмеюць цанiць Божы дар i шчырадушна спачуваць тым, каму ад Бога не прыпала... Што ж, такiя мы, беларусы, такiя i паэты нашыя...
Зважаючы на ўсе гэтыя акалiчнасцi, прымем Барадулiна i пяцiтомнага, калi ўжо спадобiўся, добра разумеючы, што патрэбна нейкая сiстэматызацыя, што патрэбен той строгi гарнiтур ад madame "Мастацкая лiтаратура", бо вось ужо i чытачы новыя падаспелi, i паэты маладыя падраслi, многiя-многiя з якiх выцацканы i выняньчаны на руках у таго ж дзядзькi Рыгора, ужо i за бараду патузваюць, ужо i сiлаю мераюцца--паталань iм доля пераўзысцi настаўнiка! -- улiчым i тое, што нашы ўзростава-настальгiчныя прыдыханнi iм анi не абыходзяць i што моладзь мае поўнае права вылушчыць паэта з хвалёнай эпохi i ўзважыць паэтаў даробак на шалях сваёй нэааб'ектыўнасцi,-- дык вось без шматтомнiка не абысцiся. Iм, новым чытачам -- гэтыя тамы, а нам, равеснiкам, -- той жыццёва-кнiжны кiрамаш, на якiм мы жылi, бузавалi i былi героямi мiнулых барадулiнскiх твораў...
А будучых?..
А заўтра будзе, як i сёння, як i ўчора -- будзе вечна пераменлiвы калейдаскоп новых твораў,-- каб жа я ведаў, якiх? каб жа я ведаў, што паэту ў хвасце завiне? Адно скажу напэўна: усё новае будзе odi et amo! -- ненавiджу i люблю. I, мабыць, гэта i ёсць ягонае Евангелле ад Мамы: люблю --ўсё тое, што ў нас, беларусаў, ад Бога i ад Мамы, што ў нас святое; ненавiджу -- фарысейства i юдаў грэх перад сваiм народам. У Барадулiна ўсё ад гэтых полюсаў магнiцiцца, а не ад экватара, не ад раўнадушнасцi. Так у ягонай паэзii, так у ягоным жыццi!
А ў паэзii -- колькi ж, колькi таго, што не ўмясцiлася ў запланаваную гармонiю пяцi тамоў (вось вам другi недахоп выдання)! Як нешта другараднае, неабавязковае. Мне асаблiва горка вымаўляць у гэтым кантэксце слова -- пераклады. Не скажу вам, што гэта такое, бо не ведаю, хоць сам iмi ўсё жыццё займаюся. Але калi я люблю паэзiю Федэрыка Гарсiя Лоркi, не прачытаўшы нiводнага радка па-iспанску, дык любоў -- ад перакладчыка, ад яго -- лiцадзея Барадулiна, якi аддае свой талент чужамоўнаму, але духароднаму генiю другога народа-- якi светлы i ўзнёслы нацыяналiзм! Пералiчваць усе аб'екты Рыгоравай перакладчыцкай любовi -- няма нiякага сэнсу, бо не ўвайшлi яны ў гэты пяцiтомнiк. Пашкадуем, але плакаць не будзем, пачакаем, калi на дзень займацца пачне... У рэальным жыццi так не бывае, каб любiць з чужых слоў, па просьбе, па сватаннi, а ў перакладзе -- калi ласка, ад майстэрства свата залежыць любоў! Ад сватавай шчырасцi! Ад сватавай абаяльнасцi! Ад чысцiнi ягоных намераў! Ад меры чытацкага даверу свату! I -- ад таго, як у свата язык падвешаны! Хто-хто, а Рыгор умее, бо ён -- сват жаданы, зычлiвы, рука ў яго лёгкая! Ён -- перакладчык, якi любiць сваё рамяство!
А найбольшая любоў у Рыгора -- Дамiнiка, хай свецяцца вочкi яе!
А найбольшая нялюбасць -- да начальстваў i да тых, якiя пiшуць лепш за Купалу i Багдановiча, за ўсiх папярэднiкаў,.. да тых, каму толькi дзве мовы ў свеце найбагацейшыя, бо для Барадулiна толькi ж адна -- беларуская! Ён любiў сваю маму Кулiну, i цяпер любiць светлы вобраз яе!
Ён любiць Ушаччыну, а маю Пружану -- таксама любiць, i тваю... i тваю... i тваю...
А я люблю паэзiю Барадулiна, а самаго Рыгора за тое, што ён пiша горш за Янку і Максіма, малюе горш за Дамiнiку,-- хай свецяцца вочкi яе!
I яшчэ за тое, што такi беларус вельмi нязручны стабiльнаму ў сваёй вечнай пераменлiвасцi (каб не сказаць-- прадажнасцi) палiтычнаму iстэблiшменту нашай старажытна-маладой краiны, якi, "iстэблiшмент", "не павядзе свой народ за цывiлiзаванымi краiнамi". Ну, не павядзе i не трэба, нам не па дарозе, мы сваю дарогу самыя знойдзем, i паэзiя Барадулiна ў гэтым дапаможа. Бо, станецца-такi так, што, калi сёння, у мiжчассе, на момант выхаду першага тома гэтага Збору твораў народнага паэта яго, паэта, не пускаюць у салоны ўрадавай элiты, што якраз робiць гонар паэту, бо не дай Бог, каб пускалi i запрашалi, дык я ўпэўныны, што апошнi том упiшацца ў iншы час, калi, як пра тое пяецца ў Давiдавай псальме, блiзкай паэтаваму сэрцу i ягонай душы: "ласка й iсьцiна стрэнуцца, праўда i мiр пацалуюцца; iсьцiна ўзьнiкне зь зямлi, i праўда прыхiлiцца зь неба; i Гасподзь дасьць дабро, i зямля наша дасьць плод свой; праўда пойдзе перад Iм, i на дарогу паставiць свае ступакi".
1994 г.
P. S.: Гэта кароткае слова пісалася да першага тома планаванага пяцітомніка твораў паэта. Нядаўна выйшаў з друку чацьвёрты том. Любоў да паэта такая ўсеўладная, што баюся сказаць нешта пэўнае за пяты… Але веру – “Гасподзь дасць дабро, і зямля наша дасць плод свой …”
В. С.
Першая частка
* * *
Як у сцюдзёную раку,
Памалу ў Біблію заходжу,
Бо веру, што душу злагоджу,
I думаю, бяду ўраку.
Плыве ўладарыста рака,
Развітваецца з берагамі.
I змарнаваных дзён пергамент
Жаўцее ў крылах ветрака.
Ніякавее парахня,
У прах ператварыўшы порах.
Глушэе боль,
Маўчыць брахня,
I страх не варухнецца ў норах.
Свяжэе потых сівярка,
Чужэе цесната людская.
Душу спакоем абмывае,
Як свет, глыбокая рака.
ТРЫКІРЫЙ
Адгалоссе
Трыкірый —
Тры свечкі святла
Айца й Сына й Духа Святога.
Тры полымі вера звял0а
У полымя сэрца Бога.
Трысвечча.
Трохкутнік.
Трысцё.
Трысцен.
Трыадзінства.
Трыпутнік.
Спрадвечча.
Прадонне.
Жыццё.
I раскрыжаваны пакутнік.
Cледам Эклезіяста
* * *
Усё — пачатак тла і лоўля дзьмушак,
I млоснасць духу — ўсё лухта лухты.
Спадаюць дні, як ягады ў гарнушак,
I мы — як з дрэва існасці лісты.
Ёсць марны дол — карэе ў ім карэнне,
Ёсць неба мары — ў ім шумяць вярхі.
I кожны долю сам сваю сустрэне,
I знойдуць самі кожнага грахі.
Мука пакут прасеецца праз сітца
Ад халадоў знямоглай глухаты.
I ў вырай будзе зноў душа прасіцца.
Усё — лухта лухты. I ўсё з лухты.
* * *
Узыходзіць сонца, каб зайсці,
I заходзіць узысці нанова.
Што было, паўторыцца ў жыцці,
Бо жыццё — няспыннасці аснова.
I нікуды сонцу не ўцячы,
Не даверыць клопат свой нікому.
Прыцемкі — паслугачы начы —
Гоняць стому з пасвішчаў дадому.
Крэсівам святла па прамяні
Веры б'е ад цемры абаронца.
Мільгацяць у колах прамяні.
Узыходзіць і заходзіць сонца.
* * *
Вецер да поўдня ідзе
I пераходзіць да поўначы,
Студзячы ўсмешку вадзе,
Грудзі абсягавы поўнячы.
Хмары, як ветразі, пне,
Голас вяртаючы пошчаку.
У незабітай труне
Вусны казыча нябожчыку.
Б'ецца над поплавам сноў
Белаю весткаю чаіца.
I на кругі свае зноў
Вецер з пакорай вяртаецца.
* * *
Пра былое памяці няма,
Як і пра наступнае не будз.
Снегам замяце свой след зіма,
Голас свой вясна схавае ў гудзе.
Клёк свой ашчаджае нездарма
Памяць, не падлеглая аблудзе,
Памяць кажа пра сябе сама,
Покуль не заблытаецца ў хлудзе.
Забыццё пасунецца саўма
Па сусветнай перамерзлай грудзе.
Кожны век, пазбыўшыся ярма,
Пра намеры добрыя забудзе.
* * *
Бачаннем не насыціцца вока,
Слуханнем не напоўніцца вуха.
Весялосць спее белааблока,
Чарнахмара збіраецца скруха.
Вока ценіцца цемрай зайздроснай,
Вуха глушыцца чуткай і плёткай.
Сонца ў радасці маткаю хроснай,
Цемра ў смутка багатаю цёткай.
Бачыць хочацца за даляглядам,
Чуць жадаецца за цішынёю.
Гэта вочы чые з зарападам
З неба сыплюцца сіняй маною?
* * *
Болей мудрасці — болей смутку.
Памнажаюць веды тугу.
Круціць час туману самакрутку,
Завітаўшы на луг на бягу.
Луг пазнання, багаццем дужы,
Багавейна цвіў і цвіце.
Матылькамі шчырыя душы
Ловіць сэнс на глухой вярсце.
Смак адчуць прыправы гаркавай
Кожны хоча, дзе толькі льга.
На зацятым лузе атавай
Узыходзіць мудра туга.
* * *
Адпускай свой хлеб па ўдзячных водах,
Каб яго знайшлі па сплыве дзён.
Памятай бяды галодны подых.
Цешся, покуль жорны круціць млён.
Млён не любіць гнуцца, бо трывалы.
Сківіцы цяжкія ў камянёў.
Між таком і полем інтэрвалы,
Як прывалы ў памяці агнёў.
Сніцца рунь праросламу зярнятку.
На таку свой лоб не кволіць цэп.
Сноп засватаў ніву. І спачатку
Пачынае шлях нязводны хлеб.
* * *
Хто вецер назірае,
Таму не йсці з сяўнёю.
Ягонай даланёю
Не тхне ралля сырая.
Ён думкай засявае
Магчымую прастору,
Дзе правяла разору
Прапаўшчына сівая.
Ён чуе звон вясёлы
Высокага калосся.
I толькі адгалоссе
Зрэдчас кранае долы.
* * *
Таму не жаць, хто сочыць за аблокамі.
Таго не ведаюць аблокі самі,
Ці ападуць дажджыстымі абломкамі,
Ці праплывуць рагатымі ласямі.
Бо летуценнік прывіднымі мерамі
Свой ураджай нязжаты вымярае.
Так і нябёсы важаць дзень асверамі,
А важыва яму да небакраю.
I жаўранак жадання над аблогамі
Дрыжыць, як на галінцы ліст зялёны.
Ды жнец упарта сочыць за аблокамі,
Бо без яго ўраджай сажнуць ягоны..
* * *
Род праходзіць і прыходзіць род,
А зямля трываліцца навекі.
Чуе на рацэ жыцця чарот,
Як кладзецца снег журбы на вейкі.
У зямлі на цвёрдай далані
Рэчышчы — працягам ліній лёсу.
Як гаркотай дол ні палыні,
Па глыбінях смягнуць вусны плёсу.
Каб пайсці ў зямлю, прыйшлі з зямлі
Ды пачулі зябкі голас зорак.
Золак не праспаць зарок далі,
Хай падушкай мулкаю — пагорак.
* * *
Вокам спакойным пасі прыгажосць,
Доўга мірыся з абразаю.
Шчыра прымай весялосць, ягамосць,--
Срэбра за ўсё адказвае.
Срэбра пазычыла свету зямля,
Каб белацелае звычліва,
Браўшы пачатак свой ад мазаля,
Гнула, змушала, ўзвялічвала.
Срэбра пільнуе і сон твой, і скон,
I недакончанай фразаю
Глушыць, і скрушыць, і радуе звон —
Срэбра за ўсё адказвае.
* * *
Усё адбылося з праху,
I вернецца ў прах усё.
Усё падуладнае страху —
I меч, і серп, і кассё.
Нязменнае толькі тое,
Што Бог для сябе стварыў.
I суджана сухастою
Карэннямі чуць абрыў.
Сваю не абыдзеш плаху,
Як вечна б ты жыць ні праг.
Усе адбылося з праху.
Дык значыць — нятленны прах.
* * *
Усе цякуць у мора рэкі,
А мора не перапаўняецца.
Стараюцца грахі й агрэхі,
А ўпартасць не перапыняецца.
Цякуць, каб паўтарыць маленства
I зноў памкнуцца ў свет рачулкамі,
3 шаленства ўпасці ў паслушэнства,
Змірыцца з рэчышчамі мулкімі.
I помняць рэкі пра вытокі,
Цякуць сабе адной сябрынаю.
Ды не стрымаюць гнеў высокі
I навальніцамі абрынуцца.
* * *
«Вось гэта новае!» — пачуеш крык
Дапытніка ў даверлівым настроі.
А новаму згубіўся нават лік,
Яно — даўно забытае старое.
Сурочанае вокам забыццё
Трымае свет сваёй уладай цьмянай.
I ўсё забытае, як адкрыццё,
Вяртаецца авечкаю рахманай.
Бягуць вятры з вятрамі на размін,
I цешыць цішу гамана зямная.
I чалавек — забыты напамін,
Які жыццю пра смерць напамінае.
* * *
Каменю ніколі не разбіцца.
Вечныя адны дума й турма.
I крывому роўным не зрабіцца,
I лічыць дарма, чаго няма.
Крывадушнасць да пары трывае.
I раўніну выгарбіць курган.
Страціць хітрасць ісціна крывая.
I крумкач накрумкае ўраган.
На няма няма й суда людскога.
Памяць тое, што было, пасе.
Гэта ў ёсць з няма вядзе дарога,
Па якой знікаем зрэшты ўсе.
* * *
На вуліцу замкнуцца дзверы,
Бяссонныя заціхнуць жорны,
I спевамі замоўкнуць дшчэры,
Асядзе пыл, ачахне зорны.
I чалавек прывыкне рана
Ўставаць ад пеўневага крыку,
I будзе поле неўзарана
Вясною ўспамінаць матыку.
Дух угняце, прыгорбіць плечы
Жуда — дагодлівая кляча.
I толькі голас чалавечы,
Пачуўшы пеўнеў крык, заплача.
* * *
Папярхнецца грымотамі спёка,
Аблачына заплача суха.
Не насыціцца бачаннем вока,
Не напоўніцца слуханнем вуха.
Цэлы век палюеш, рыбачыш,
Толькі лядам робіцца пушча.
У рацэ спадзяванняў бачыш,
Як акручвае вір хітрушча.
Лепшы лес сам сабе вяшчуеш,
Глухнеш у нерасчутым гудзе,
Слухаеш сябе — і чуеш
Толькі водгук таго, што будзе.
* * *
Смерць бярэ мудраца й недарэку,
I нікога не вылучае,
I нікому чужога веку,
Як ліхвярка, не пазычае.
Не адрозніць зямля таксама,
Бедны розумам ці багаты.
Пазяхае спрасоння яма —
I хапае вечнае хаты.
Ды ў магілу не хочацца крозам —
Не па іх прасцяк-недашкрэба.
I наноў выбірае розум,
3 кім яму пакутаваць трэба.
* * *
I стане нястрашны страх,
I пашы прыбудзе статку,
I прахам зробіцца прах,
Бо прахам ён быў спачатку.
Абух разаб'ецца ў пух,
Валун зарунее мохам,
Не будзе самотнець дух,
Часова дадзены Богам.
Прысняцца зярняты кулю,
I перадыхне знямога.
I вернецца прах у зямлю,
I вернецца дух да Бога.
* * *
У радасці ненажэрца,
Юнак, покуль шал не сціх,
Хадзі па шляхах твайго сэрца,
Па бачанні воч тваіх.
Вадзіцьме цябе адвага
Ў грахі да чужой ляхі,
I ўрэшце пакажа развага
На праведныя шляхі.
Адчуеш на раздарожжы,
Бо будзеш яшчэ пулят,
I старасці зірк варожы,
I сталасці ціхі пагляд.
* * *
Жанчына на тое й сніцца,
Каб разгаўляліся сны.
I сэрца яе — пляніца,
I рукі яе — кайданы.
Не хоча трапляць сініца
3-за дробнага зерня ў пятлю.
Прынадай вабіць пляніца,
3 нябёсаў бярэ на зямлю.
Жанчына — мярэжа густая,
Што ведае водмелі й дны.
Каб іх жадаць перасталі,
Не куліся б кайданы.
* * *
Людзей да тлуму ў гэтым жыцці:
Спалі хоць усю лучыну,—
Мужчыну з тысячы можна знайсці,
Але не знайсці жанчыну.
Развееш хмары, прагоніш змрок,
Саб'еш на дарогу сцяжыну,
Прыслепіш зрок і прытоміш крок,
Шукаючы тую жанчыну,
Якой душу даверыць бы мог,
Якой бы паверыў да скону.
Касе й той прыесца мурог,
Палын нагоніць аскому.
* * *
Бог не скажа пра свой намер,
Чалавек свае думкі тоіць.
Што было, тое ёсць і цяпер,
I што будзе, было ўсё тое.
I вада лёд перажыве,
Неба — хмару, будзённасць — мару.
Закарціць у рыжай траве,
Як каню, пакачацца пажару.
Даланю навярэдзіць кассё.
I лаўца дагоніць здабыча.
I наноў паўторыцца ўсё.
I мінулае. Бог пакліча.
* * *
He прасі заставацца ўдачу,
Не малі затрымацца хвалю.
Сэрца мудрых — у доме плачу,
Неразумных — у доме балю.
Чалавек нараджаецца з плачу,
Хісткі дол з плачом пакідае.
Цешыцца маладосць: я трачу!
Старасць цішыцца: я — скупая...
Узляціць малітва высока.
Абначуе спагада ў храме.
Боль зямны знікне ў помірг вока,
Плач нябесны ўпадзе дажджамі.
* * *
Як Бог да цябе не аслеп
I лёгка анёл твой лётае,
Еж свой з весялосцю хлеб,
Пі ў радасці сэрца віно тваё.
Ды помні: ёсць хлеб тугі,
I ты прышануй асабліва яго.
Ударыць віно ў берагі
Карца твайго пахаплівага.
Твая задрыжыць віна
На небе халоднай іскрынкаю.
I прагнецьмеш кроплі віна,
Яшчэ дрыжучы над скарынкаю.
* * *
Настрой з весялосцю жані,
Пакуль твая доўжыцца рата.
I помні пра цёмныя дні.
Іх будзе ў цябе багата.
Маршчынамі на ілбе
Накрэсліцца памяць слабая.
I доля забудзе цябе —
I некага ўпадабае.
Счарнеюць колеры усе,
Насунецца ціша з узвышшаў.
Бо цемра раўніва пасе
Усіх, хто з цемрадзі выйшаў.
* * *
I пераважыць сілу знямога,
3 пакутай шаля — з уцехай шалю.
У мнагамудрасці смутку многа:
Чым болей ведаў, тым болей жалю.
Страх чуе ў цемрадзі кожны закутак,
I смеласць — кожны звіў над прадоннем.
I галаву падстаўляе смутак
Сонным улонням, ціхім далоням.
Звон у званіцы ў вольным палоне,
I вецер здасца яму прарокам.
Не ведаць заўтра, што будзе сёння,
Каб не сурочыць свой лес няўрокам.
* * *
Напіцца небу з рукі даць?
Твае не ведаюць дні
Пары камяні раскідваць,
Пары збіраць камяні.
Правінамі маладымі
Усцелюць шлях камяні.
Твой камень ніхто не падыме
Hi ў злосці, ні ў дабрыні.
Магчыма, нябачны Дарадца
Падзеліцца зорнай журбой.
Адыходзячы, будзеш старацца
Сабраць камяні за сабой.
Следам Прыпавесцяў Саламонавых
* * *
Страх Гасподні — мудрасці пачатак.
Вешчы страх ва ўсім жывым жыве,
Ад смалы хмялеючы па шатах,
Ад спякоты млеючы ў траве.
Як пастух пільнуе, каб у шкоду
Думкі нашыя не забрылі,
Сеючы нябесную лагоду
На ўзаранай ім жа араллі.
У малітве зводзячы далоні,
Супакой шукаючы ў вірах,
Зазірнуць дазволіўшы ў прадонне,
I ў апошні шлях праводзіць страх.
* * *
Сябе не шукай у хлуддзі,
На іншых не звальвай віну ўсю.
Дарогаю добрых ідзі
I сцежак праведнікаў пільнуйся.
Дарога добрых вядзе
Ў пакутнікі, ў пілігрымы,
Святую ў бядзе, ў жудзе
Яе не ўсцілаюць кілімы.
І сцежкі праведнікаў здаўна
He збіты на жвір ступакамі.
Бо іх табе лёс даў на
Бяседу з небам, з вякамі.
* * *
Прыемна гусці ў канюшыне чмялю,
Касцу — зачынаць пракосы.
Прамудрасцю Бог заснаваў зямлю
I розумам сцвердзіў нябёсы.
Прамудрасць муруе, разьбярыць, жне.
За хмарамі розум блукае.
I перапёлкаю ў збажыне
Хаваецца вестка благая.
Да ісціны голай хоча дайсці
След нецярпення босы:
Зямля трымае нябёсы, а ці
Зямлю трымаюць нябёсы?
* * *
Праб'ецца трава з-пад лаўжоў глухіх,
Не згубіцца ў патароччы.
Не будзь мудрацом у вачах тваіх —
Што скажуць чужыя вочы?
Яны глядзяць на цябе калючэй,
Куды б ні ўцякаў далека.
Ды бачыць глыбей ад усіх вачэй
Адно ўсёбачнае вока.
Ваду дапытнасці пі з вясла,
Пыліся ў людскім абозе.
I аддаляйся халодна ад зла,
I шчыра Госпада бойся!
* * *
Хоць сплывае багацця дым,
Як рука яго ні трымае,
Сну вачам не давай тваім
I вейкам тваім жа — драмання.
Твой дачасна свет не імглі,
Не прыспешвай твой сон сцюдзёны.
Наляжышся яшчэ ў зямлі,
На зямлі дбай пра хлеб штодзённы.
Тамака жаль цябе не кране,
Не ўбрыкне золак белакапыты.
I наўрад ці ў сцюдзёным сне
Ты прыснішся сабе, забыты.
* * *
I бьла прамудрасць пры Гаспадары
I тады ўжо, як Ён з сутоння
Угрунтоўваў аблокі ўгары,
Мацаваў крыніцы прадоння.
У прамудрасці шмат было
Цеплыні, мілосці, спагады.
I Гаспадар не хмурыў чало,
I яшчэ не прачнуліся звады.
Свет святлом пачынаўся з тла
I хмялеў ён яснагалова.
I спачатку прамудрасць была —
I яна прамовіла слова.
* * *
Сэрца ведае гора свае душы,
I ў ягоную радасць не ўмяшацца чужому.
Як гнеў ні тушы, як страх ні глушы,
Адгукнецца душэўны нябеснаму грому.
Толькі сэрцу й даверыцца можа душа,
Разгавецца бядой, падзяліцца дакорам
Тым, што яблыкам выпаў з далоні каша
На зямлю, дзе начуе здарожаны сорам.
Радасць туліць шчаку да рукі цішыні,
Ад самой дабрыні атрымаўшы заруку.
Сэрцу хочацца быць, як у крэўнай радні,
У душы на паслугах да апошняга груку.
* * *
У вясну вадаспадам абрынуцца хоча раўчак.
Прагне рунь вымлець у непарушшы.
Чыстыя ўсе шляхі чалавека ў яго вачах,
Але Госпад узважвае душы.
А спакуса не спіць, і грузнее душа ад грахоў.
Знічкі мрояў падаюць з перапуду.
I шукае душа ад падступнай будзённасці схоў,
Верачы дабравокаму цуду.
На вагу заклапочаны Госпад душу пакладзе,
Ад людское знявагі цяжкую.
І які ей вырак спадзе на Страшным судзе,
3 ім душа на зямлі давякуе.
* * *
Страх ступае па сэрцы, як мядзведзь па ламу.
Страшна абразе ўбачыць позірк пашаны.
Ліхадзей шукае толькі зла, і таму
Будзе жорсткі анёл да яго пасланы.
Будзе жорсткі анёл праводзіць яго да труны
Каб не ашукаўся раптам анёл ласкавы.
Дрэва цярпення абдзёртае да карыны,
Ліст апошні асыпле на балючыя травы.
Будзе жорсткі анёл перакідвацца груганом,
Загусцее святло, і цемрыва парадзее.
Бур'яном старым ды сырым палыном
Зарастуць халады, як сляды ліхадзея.
* * *
Сонцу кланяецца каравай.
Змрок не любіць самаадрачэння.
Ісціну купі й не прадавай
Розуму, прамудрасці й вучэння.
Ды не кожны ісціну купіць
Зможа, старгаваўшы ў дзень базарны,
3 рэдкага купца вясёла кпіць
Будзе блазен, думкамі няхмарны.
Лес гадоў сплаўляюць асначы.
Быстрыня міргае вокам ласым.
Ісціну купляючы, сачы,
Каб тавар не падмянілі часам.
* * *
Ластаўка ласкаю гнёзды ўе.
Рэчка раіцца з берагамі.
Хто шануе вусны свае,
Той душу сваю зберагае.
У шырока разяўлены рот,
Як у комін вецер зімовы,
Улятае ўсялякі зброд,
Ад якога ўцякаюць словы.
Рызыка нырае на дно
Без развагі ды без вагання.
Вусны можна будзіць адно
На малітву і на каханне.
* * *
Не глядзі, як віно чырванее,
Лепш адчуй, як ты сам счырванеў ад віна.
Галаву тваю возьме пад паху завея,
Белы хмель будзе сцежку шукаць давідна.
Чырванее віно за ўтуманены розум,
За расхрыстаны гнеў, за нахабісты крок.
Бо павінна віно заставацца цвярозым,
Каб смялейшае права было на папрок.
Клёк ваюе задзірыста з хмелем зацятым,
Ды ніколі не скончыцца гэта вайна.
Хмель прымаецца буднем, шануецца святам
I віно ад віны, і віна ад віна.
* * *
Перавысіць не пніся высі,
Прагна не перасыцься сытой.
Заўтрашнім днём не хваліся,
Бо не ведаеш, што народзіць той.
Ён народзіць радасць ці гора,
Твой магчымы, заўтрашні дзень.
Лыжку мёду давала ўчора,
Абяцала ж даць — берасцень.
I кіруючы ў сон свой човен,
Сённяшняму падзякуй дню,
Каб сустрэў ты самотніцу сховін
Не апошнюю цішыню.
* * *
Пажадай працы ворага — спору,
Хай пацешыць і злыдня плен.
Хто пакоціць камень утору,
Да таго ж і вернецца ён.
Ціха подласць ідзе на ловы
Спадкаемкаю дабрыні.
3 неба валяцца на галовы
Злыдняў іхнія ж камяні.
Пры дзяльбе за ціхую долю
Папрасі пашумець траву.
Камень злосці хай стыне доле.
Памятай пра сваю галаву!
* * *
Ідзі ў нябыт як не сваёй хадой,
Не спознішся паспець туды ніколі.
Зямля не насычаецца вадой,
Агонь не кажа, хоць згары:
— Даволі!
Галодная і плодная зямля,
Як каня, піць папросіць і ў залеву.
Не дацягнуцца да яе валля
Нябёсамі запьшенаму гневу.
Душа сваю не выдасць глыбіню.
Абліччу не ўтаіць ласкавых рысак.
Не надакучыць полымя агню.
I, што любіў агонь, прамоўчыць прысак.
* * *
Хоць спадзе з абрысаў імгла,
Ды спасцігнуць ніхто не ўмее
I на небе дарогі арла,
На скале высцяжыны змея.
Вышынёю арол жыве,
Вывівастасцю — змей пачатку.
I цікаўнасць у рукаве,
Як вавёрку, трымае адгадку.
I даецца нам назусім
Таямніца вечара й рання.
Можа, й ёсць у гэтым усім
Сэнс нязмушанага бытавання.
* * *
Каб след твой не перапаўзлі вужы
I здані твой сон не сурочылі,
Не перасоўвай даўняй мяжы
I не хадзі.на межы сірочыя.
Мяжа туману. Світання мяжа.
Мяжа дабра й трываласці.
Ад быльняжынкі аж да глыжа
Апошняга прошласць трымалася.
I з незагойных бацькоўскіх магіл
Уздымецца ён, і ўшчынную
Акрые налі сірочыя пыл
Пакрыўджанаю аблачынаю.
* * *
Да багацця бяжыш, чалавеча,
I не думаеш ты, нябога,
Што цябе даганяе галеча,
А яна не пакіне нічога.
I ў яе зайздросныя вочы,
I ў яе хапучыя рукі.
Ёй таксама не спіцца ўночы,
I прайшла яна ўсе навукі,
Як дарыць лахманы на плечы,
Абдзіраць па-скупечы на ліпку.
Пачакай. Не ўцякай ад галечы
Паскачы пад ейную йскрыпку.
* * *
Рака жыцця не прывыкла паказваць броды.
Яна несупынная ў паваротах сваіх.
I помыслы ў сэрцы людскім — глыбокія воды,
Ды чалавек разумны вычарэпвае іх.
Чарэпаць поўным каўшом не стамляецца коўшаль.
I зоры начуюць у цёмных водах на дне.
У водах адстойваецца марудных вякоў жаль,
I туманом таемным на дапытлівасць тхне.
Руплівасць не слухаецца пакорнай дагоды.
I сонца спасцігу ўзыходзіць з-пад вей.
Мялець не думаюць небародныя воды.
Чарэпае чалавек глыбей.
* * *
Лыжка драмаць не павінна ў дармовым супе.
Падабацца хадыку не мусіць слата.
Разам з зернем таўчы таўкачом у ступе
Дурня — не аддзеліцца ад яго лухта.
Бо дурныя — не аруць, не сеюць — нараджаюцца самі,
Каб не сумна на свеце было мудрацам.
Як ні задзіраюцца сані насамі —
Не зрабіцца ніколі коламі палазам.
А калі й лухта — гэта тая мякіна,
Што дамешваюць часам у праснакі?
Можа, усё ж памыляецца хітрая кпіна,
Дзівакоў залічваючы ў прасцякі?
* * *
Нічога не забываецца ў злапомлівым свеце.
Цэп на таку прысягае ўмалоту ілбом.
Хто разбурае свой дом, таму накануецца вецер.
I неразумны ў мудрага сэрца будзе рабом.
Спагадца старцоў і вандроўнікаў, вецер-бяздомнік
Не прызнае ні вокнаў глухіх, ні дзвярэй.
Без дому свайго бяскрыла блукае паломнік,
А ў выраі смутку вядзе ўжо самота рэй.
I поўняцца збожжам розуму старанныя гумны.
I думка не ходзіць пешкі — яна слыве.
Пазірае са страхам на мудраца неразумны.
У сэрцы вецер. Вецер у галаве.
* * *
У шчасці розныя, роўныя ўсе ў бядзе,
Хоць кожны жыве на сваёй планетцы.
Не радуйся, калі вораг твой упадзе,
I сэрца не весялі, калі ён спатыкнецца.
Бо нехта лічыць ворагам і цябе,
I нейчая злосць за табой цікуе таксама.
I нейчая зайздрасць стажок твае долі скубе.
I не сціскае пашчу бяссонная яма.
Век шчасця зямнога кароткі, як летні сон,
Ды ён хоць аднойчы павінен сасніцца.
Хто сябра, хто вораг — не разбірае скон,
Усе перад ім аднолькава падаюць ніцма.
* * *
Не мяняй свой куток на прастору чужую,
У прасторы чужой птушка гнёзды не ўе.
Пі ваду са свайго вадазбору і тую,
Што цячэ дамавіта са студні твае.
I прагоніць вада і засмагу, і стому,
I ў чужыне па краі бацькоўскім тугу.
Кожны яблык сваю захавае аскому.
Як нікому, падзякуй таму ланцугу,
Што трымае цябе верадам невыводным,
Прывязаўшы да родных мясцінаў душу.
I напоіць вада тваю рызыку й одум.
Перадасць таямніцу спарыш спарышу.
Следам Апостала Паўла
* * *
Не верце ні лёсткам, ні брэху,
Шануйце душу ў праваце.
I мёртвым -- будзьце для грэху,
Жывымі — для Бога, ў Хрысце.
Нячыстыя думкі і цела
Рыхтуюць цямніцу душы.
Зняверцу распуста ўсыцела
I горне, і шэпча: — Грашы!
Завершыць труна прастакута
Крывыя дарогі жыцця.
Душа да пакуты прыкута,
Заложніца веры — дзіця.
* * *
I сашчэпіць нячысцік зеўры,
I ўтравее сцяжына зла.
Дык адкіньма ўбок справы цемры,
Апранемся ў зброю святла.
Справы цемры — цёмныя справы,
Хто бярэцца за іх — таму
Напаткаецца лес каравы
I маною ўцемніць думу.
На святле крамянее голле,
На святло спадзяецца тло.
Як начлежнік цяпельца ў полі,
Свет хавае ў вачах святло.
* * *
Азёры ніяк не развесці вінамі —
Слабое віно любое.
Нікому нічога не будзьце віннымі,
Апроч узаемнай любові.
Дзяліцеся ласкі нячэрствай скібкаю,
Вы — госці ў гэтым застоллі.
I ваша жыццё, як лучына скіпкая,
Не ўгрэе нябеснай столі.
Прыйшлі, каб пайсці са сваёй таемнасцю.
Рухавы туман растане.
Дык хоць саміх сябе ўзаемнасцю
Сагрэйце на развітанне.
* * *
Потым прыходзіць туга-парадніца,
Астывае запал гарачы.
Радуйцеся з тымі, хто радуецца,
І плачце з тымі, хто плача.
Хмарнасцю і весялосць закрэсліцца,
I куццёю зробіцца груца.
Надзея — роспачы хрэсніца —
Да блакіту будзе гарнуцца.
Ветру дадзена поле выблукаць,
Плугу сказана гнаць разоры.
Небу плакаць — вачэй не выплакаць:
I праз хмары смяюцца зоры.
* * *
Дораг цень свой кожнаму дрэву,
Покуль ствол яго не струхнеў.
Упірлівасцю на дзень гневу
Сам сабе ты збіраеш гнеў.
I абрынецца гнеў Гасподні
Ля апошняй твае вярсты.
Будзе страх, як убор ісподні,
Палатнець на табе, як ты.
Загарыцца лісток барвяны
Недзе ля нахмураных хмар.
I за гнеў, табой назбіраны,
Атрымаеш, як сам ліхвяр.
* * *
Покуль пчол рупатлівых гуд не астыг,
Паўнавока смяяцца сотам.
Бог у непаслушэнстве замкнуў усіх,
Каб усіх памілаваць потым.
Паслушэнства ад подслуху неба йдзе.
Напачатку трэба самому
Пакіпець у бядзе, астыць у вадзе
I з чужымі прыбіцца дадому.
I на момант забыцца на вечны лёх,
I на мох, над глухой шгітою,
I пачуць, як душу адмыкае Бог,
Напаўняючы мілатою.
* * *
Хоць прысак у прыцемку не атух,
Халаднавата вуголлям галодным.
У незнаёмай мове моліцца дух,
Але застаецца розум халодным.
Халаднавата сэрцу ў мове чужой,
Нібыта ў неасвечаным храме,
Што поўніцца неабжытай імжой
I неўсвядомленымі дарамі.
Малітва на матчынай мове адна
Госпаду, зорам і ніцым лозам —
Усім зразумела будзе да дна,
I ўсцешыць, і разварушыць розум.
* * *
Спрадвечнасць не вымяраюць гадамі.
На небе трава забыцця не расце.
Бо як паміраюць усе ў Адаме,
Ажываюць гэтак усе ў Хрысце.
За грэх, што пайшоў ад Адама й Евы,
Нясе пакуту зямная плоць.
I як мяняюць убор свой дрэвы,
Мяняе паству сваю Гасподзь.
I адпаведна кожнаму ў чару
Рабу й анёлу — нальецца ўшчэрць
На тым Судзе, што вызначыць кару.
Апошні вораг знішчыцца — смерць.
* * *
Святло аж лілося ў Тварца з вачэй,
Ён свет тварыў, маладзілася праца.
Гарэлі іскрынкі святла зырчэй,
Ляцелі, каб зоркамі ў небе стацца.
I зоркі, як пчолы ў вуллі, загулі,
Аж зазвінелі далёкія высі.
I Бог загадаў ім свяціць зямлі,
Сабраў у сузор'і, каб не разбрыліся.
I светлага клопату ўсім стае,
I часу — любой праявіцца праяве.
У кожнага неба сузор'і свае,
Бо зорка ад зоркі розніцца ў славе.
* * *
Каму салодка і ў палыне,
За кім кульгае нуда старая.
Хто скупа сее, той скупа жне,
Хто шчодра сее, шчодра збірае.
Аддай усё, што ёсць у цябе,
Раллі – суботы, гонам – нядзелі.
Старайся раніцай у сяўбе,
Хай рунню рупнасць умаладзее.
Світанка певень свой цень здзяўбе,
Зляціць маркота зязюляй шэрай.
Паўторыць шчодрасць сама сябе,
І шчыры колас нальецца верай.
* * *
Не азірайся на свет варожа
На мяжы віднаты і мжы.
Хай жа зло цябе не пераможа,
Ты дабром яго перамажы.
Як сцішаюць ядзейшым ядам,
Лом пускае трухлядзь на злом.
І нутро ўледзяніць паглядам
Зло, якое адолееш злом.
Роспач кружыць, як тая каня,
Што адводзіць страх ад гнязда.
Не баіцца дабро знікання,
Не мутнее ў крыніцы вада.
* * *
Кожны лёсу дагадзіць стараецца,
Хто душой, хто праўдай, хто маной,
Ну а лёс штовечара, штораніцы
Надзяляе кожнага віной.
I віна ўвасобіцца, ўваблічыцца
У людзей, у птушак, у звяроў.
Кожнаму ягоны грэх залічыцца
За ваду — вадой, крывёй — за кроў.
Даўца лесу за змірэнне ўлежнае
Выстудзіць лянотніка ў вятрах.
Аддавайце кожнаму належнае
Адпаведна: мыта, гонар, страх.
* * *
I калі аб крэмень спатыкнецца крэсіва,
Дык і вогнішча наесць валлё.
Бо калі рашчына святая, дык і месіва,
I калі корань свят,— дык і галлё.
У дзяжы душы хлеб надзённы замесіцца —
На дарогу будуць праснакі.
Бо дарогу, як ад сонца да месяца,
Ад святла да тхла б'юць хадакі.
Без людзей жыццё — галлё бязлістае,
Ліст не увесь суравеі змялі.
I святому галлю цяжка выстаяць,
Кораню не згубіцца ў зямлі.
* * *
I адплыве ад берага спагады,
Да берага душы прыстаўшы, човен.
I будзе смутак на ўспамін багаты,
Вярнуўшыся з нябесных перамовін.
На дне чаўна заб'ецца рыба страху
3 вачыма, як у маладжавых зорак.
I стане ранічна зямному гмаху,
I недзе зоймецца лагодай золак.
Луг памяне атаваю пакошу,
Параскашуецца прадвесце ў спеве.
Нясіце, як сваю, чужую ношу,
Няхай не зойдзе сонца ў вашым гневе.
* * *
Адна ў небыццё і ў быццё дарога.
Усе мы жывём пад прыглядам Божым.
Бо мы не прынеслі на свет нічога
I вынесці, значыць, нічога не можам.
Не ўсыціць чэрава ненажэрца.
Вачэй не засціць зайздросным совам.
Не срэбра шчырае — шчырае слова
Галоўны скарб наш у свеце часовым.
А вынесці можам на развітанне
За ўсё, што было да душы, да смаку,
За доўгаспрыянне і спачуванне
Мы вынесці можам жыццю падзяку.
* * *
Калоссе араллю скасоўвае,
Маланка змоўклы кут высвечвае.
Бо ўсё відочнае — часовае,
А невідочнае ўсё — вечнае.
У светлыні няма характару,
I цемя ў цяжкай цемры кволае.
I нельга вызначыць каратамі
Каменне жорнаў крутаколае.
I мройліва аднойчы ўроіцца,
Што небам нам наслана ў спадчыну,
Асвечана Святою Тройцаю,
Бо ходзім верай, а не бачаннем.
* * *
Да дня бяжыць прывітаць дзяннік
Пад самы ганак сцежка крывая.
Трэба, каб земляроб-працавік
Першы пакаштаваў караваю.
Ён вешаў сявеныку — радню кулю
На рог маладзіку-светласею
I на заснежаную араллю
Вадзіў басанож надзею.
Надзеяй жыве земляроб, хлебараб,
У рабстве надзённага хлеба.
I Бога не просіць, з рабства каб
На волю выпусціў. Сведкаю неба.
* * *
Валоў ацішаюць ярмом і пашамі.
Касмата дажджы прарастаюць травою.
Хадзіце роўна нагамі вашымі,
Каб не спанталычылася крывое,
А каб направілася пашанаю,
Каб светла хацела цягнуцца ў вышыні.
Паклаўшы пад бок аблачыну зляжаную,
Сніць гром, што бяжыць па роўнай сцяжыне.
Раўняюць гарбаты загон баронамі.
Рабіна гронамі спёку трымае.
3 абсягамі рэха, як роўнае з роўнымі.
Нядоўга смяецца дарога крывая.
* * *
У зацьменне свядомасці
Сонца йдзе паступова.
Бо куды невядома йсці —
Разгубілася слова.
Лжэпрарокі хімерныя,
Сатана натуральны.
Лжэпрарокам паверылі,
Сатане патуралі.
I ад праўды адвернуцца,
Каб вярнуцца да казак.
Душа-аднаверніца
Споўніць свой абавязак.
* * *
Пакіне адчаю жаццё
Іржавы іржэўнік ад сутак.
Прылашчы цяплей жыццё,
Каб смутак не множыў смутак.
Блакіт падапруць стажкі,
Дзе звянуць і зёлкі, й травы.
У смутку хатуль цяжкі,
У радасці мех дзіравы.
Пустая стыне павець,
Няцесна восені ў клеці.
I нельга душу сагрэць
У гэтым халодным свеце.
* * *
Самоту ўзаруць домыслу лемяшы.
Хай рызыка вас вьшрабоўвае.
Надзею майце, як якар душы,
Каб не захлынулі вас хвалі жыццёвыя.
Вяжыце на руме трывання плыты,
Каб з прорвы нявер'я выплысці.
Карэц нябеснае мілаты
Прыміце ў пакорлівай сціпласці.
Пакуль ваш позірк не прывялі
У цемнач сцяжыны рупныя,
Жывеце, як першы раз на зямлі,
Шануючы час, бо дні падступныя.
* * *
He схаваць берагі асацэ.
Глухне храм без малебна.
Не можа вока сказаць руцэ:
— Ты мне не патрэбна.
На тое й вока, каб мераць даль,
Рука — каб рукацца.
Набягае калючай слязою жаль.
Мазалём плоціць праца.
Прызнае меліну глыбіня.
Сцюжай грэбуе спёка.
Ад парушыння, ад наслання
Даланя засланяе вока.
* * *
Пражэрліваму ашчэру
Свой голад не давярайце.
Збіраючыся на вячэру,
Адно аднаго чакайце.
Свой голад не ашукае
Галодная ваша вера,
Адно гамана людская
Расквокчацца, як цяцера.
У хатцы, а не ў палацы
Смялее жабрачая лера.
I можа апошняй стацца
Маўклівістая вячэра.
ЗЯМЛЯ АБЯЦАНАЯ
Нязломленасцъ
А неба глядзіць з-пад зялёных стрэх,
I сосны ягоным даверам бадзёрыя.
Ігліца,
Сыплючыся на снег,
Праносіць раскрылае V —
V
I
С
Т
О
R
I
А!
Матрыярхат
У паваеннай мамінай хаце
Сяк-так надзеты--
I неяк пад'еты
Я гадаваўся пры матрыярхаце,
Ловячы водсвет
Лучыннай асветы.
А мама казала:
Хата рагата.
Цямнелася хата не без прычыны.
I ёй не хапала патрыярхату,
I мне не хапала
Сухой лучыны.
* * *
Дзе карані твае,
Адкуль твой род пачаўся,
Ці з прыцемкаў быцця,
Ці з цемры небыцця,—
Пытанні ўе і ўе,
Няўцямныя па часе,
Гадоў верацяно,
Няўцешнае яно.
На могілках старых,
На капішчы калішнім
Тых маміных вачэй
3 калыскавых начэй
Сустрэць пагляд, як міг,
Пасланы Усявышнім,
I ўзварушыць наноў
Усё ў гасподзе сноў.
Верацяно гудзе,
Гырчыць, якоча, ные.
I вытча палатна
Скупая памяць на
Лайно пытанням,
Дзе,
Адкуль, калі, якія
I карані твае,
I род твой паўстае.
Люблю
Люблю гліняныя міскі,
Люблю драўляныя лыжкі,
Люблю ілляныя кашулі.
Бо, можа,
Змяшаўшыся з глінай,
Аднойчы праб'юся галінай,
I лён,
Як той жаўранак нізкі,
На ўсе зазвініць зацішкі
I ўзрадуецца, што пачулі...
Убачыць сляза не павінна,
Як будзе дрыжаць галіна.
І ў дужках
А лес расце (яго карчуюць),
Угору йдзе (туга расце),
Гамоніць лес (яго не чуюць),
Маўчыць (прыволле глухаце),
Гусцее лес (чакае ляда),
Дужэе лес (не спіць пажар),
Лес хіліцца (сякера рада),
Ўсыхае лес (пілуй, трунар),
Цямнее лес (душа жывая),
Гайдае спеў (на злосць бядзе),
Лес — беларус (усе стрывае),
Маўчыць, як дол (а ствол гудзе!).
Алешнік
Зялёны анёл пасінелы, як грэшнік,
Прыгодны на дровы й на посах прарока.
Займае дзірван местачковец алешнік,
Ён Быкаву сніўся ад дому далека.
Тут стыгнуць кратовыя тэрыконы
I лесуновыя вянуць заломкі,
Змяркаюцца модлы цецеруковы,
Расой прычашчаецца голас салоўкі.
Тут з першай суніцай і першыя ўздыхі,
Тут цёткі збіраюць кульгавыя плёткі.
Тут вожыку досыць прасторы для пыхі,
Тут вечар кароткі,
Світанак салодкі.
Абначавалы ў дарозе начлежнік
Глядзеў на цяпельца з настроем вясёлым.
Патрэскваў лірычна алешнік,
Але ж нік
I ліст перажоўклы
Адпалым анёлам.
Я — арыец
Я — арыец,
Гэта значыць з аратаяў,
3 суверэнных, ссівярэлых крывічоў,
На зямлі яны жылі не для харчоў,
3 сёмым потам кнігу ворыва гарталі.
Ціміян ішоў смалісты ад карчоў.
I аралася й радзіла ўсё ў арыйцаў,
На сяброў у іх ставала дабрыні,
Не прымалі хцівасць, Божа барані,
I ставала злосці хціўцам не скарыцца,
Перамогу пераймалі на кані.
Ды суседзі, што мядзведзі з перасыпу,
Ледзь ад зайздрасці не грызлі валуны.
Род крывіцкі ненавідзелі яны,
Ненавідзяць гэтак трутні ў цвеце ліпу.
Аратаяў спавядалі перуны.
Крывічы крывіць душой
Не мелі моды.
Ад плугоў, а не ад мечаў мазалі.
Дзякуй, продкі,
Што ў радню сваю ўзялі!
Я — арыец,
Прысягаў на вернасць роду,
Як нарог,
Маёй крывіцкай араллі.
* * *
Беларушчына —
Жаль птушыны
Па зялёных галінах залеў.
Для Пегаса рублены хлеў.
Несвянцоная кроў крушыны.
Беларушчына —
Крокі вязня.
Крутаброўе калядных дуг.
Вольны ўздых і высокі дух.
Дух Еўропы ў надрэчнай лазні.
* * *
I свечкі — у святла святыя служкі,
Крыжы, як цені продкаў,
Валуны,
I валатоўкі —
Волатаў падушкі
Вядуць душу на сцежкі даўніны.
Каб зоры, ў вочы гледзячы, Крычалі:
— Нашчадкі дойлідаў і ваяроў,
Вы у свет прыйшлі надоўга крывічамі,
Крывіцкая сябе шануе кроў.
Бо радавод наш памяць зберагае,
Беспамяцце гадуе жабрака.
3 вякамі роўная, як з берагамі,
Плыць будзе Беларускасці рака!
Паступовасць
Цялят паслухмянасці
Ноч заганяла ў хлявы.
За душу самагубцы
Спрачаліся чэрці.
У салдата з прастрэленай галавы
Выцякала думка аб смерці...
Сам-насам
I
Крумкач вячэрае на бервяне.
У яліны пер'е тапырыцца.
Беларусь,
Як удава па вайне,—
Hi апірышча, ні прыпірышча.
II
Ужо за парогам
Мы, як за мяжой,
I ў хаце сваей —
У запеччы.
Сваю не данёсшы,
Паклажай чужой
Дагодліва горбім плечы.
Не гэтак сумленню,
Як мулка спіне.
Мы дома,
Як у чужой труне.
III
Хто мы?
Адказаць павінны самі,
Каб, і адышоўшы на клады,
Прашумець дажджамі,
Як лясамі.
Хай за намі ўслед
Растуць гады!
Чужэнне
І чужэлі вякамі нашыя гарады,
Заставаліся роднымі хіба што вёскі.
І гусцелі хлуды,
Абрасталі імхамі клады.
* * *
Доля ехала ціха,
Воз не дужа быў возкі.
Нас пакінуць гарэла гарадам,
Як гадам.
За сваіх прызнаваць нас
Марыліся вёскі.
Дзе той вырасце яблык,
Што надкусіць Адам?
Нам за бацьку застаўся
Гнеў суцішаны боскі.
* * *
Як і конь у даўнюю пару,
І цягнік хутчэй бяжыць дадому.
Я навошта гэта гавару?
Ці каму цікава што?
Нікому.
Мне ўжо за бяседныя сталы
Бегчы думкай,
А нагой цягнуцца.
Паспяшае
Мой настрой былы
Да мяне дамоў,
Як ніцы нунцый…
Вечар бацькавага вяза
Вечар бацькавага вяза нада мною
Зелянее, развінаецца, купчасціцца,
Цішыню ліе,
Як сырадой з ручасціка,
Смутак сутак захінае гаманою.
Над травою – над зялёнаю маною
Ветах звіс
Шчарбатым секачом над сечывам.
Вечар мой
Сусрэўся з калыхлівым вечарам,
Каб прыціхнуць за ягонаю спіною.
Жаль пабраўся мой з журбою імянною,
З бацькавай журбою непачутаю.
І маўчыць,
Не разлучыўшыся з пакутаю,
Вечар бацькавага вяза над мною.
* * *
Як цяжка было данесці буханку
Ад прылаўка да ганку
Хаты,
Дзе нішчымнічала паслявайна.
Буханка –
Жывая была яна.
І ты трымаўся праз сілу,
Бо, гарачая, так і прасіла,
Каб ушчыкнуў яе,
Каб упіўся ў яе
Не толькі вачыма,–
Як пазней,
Калі з вечарынкі йшлі,
Зразумела, не па зямлі,
Гарачая не толькі ад скокаў
Дзяўчына…
* * *
Вядома,
Дом й пекла – рай.
Хто болей любіць
Свой родны край,
Ці жаўранак – у вясны прымак,
Што пад мяжой,
Нечужой,
Зімуе,
Ці шпак,
Што ў цёплым выраі ўсмак
Па незабытай шпакоўні сумуе?
А песня раднейшая тая,
Што краю ў душу
Залятае.
Маё паданне
Я думаю,
Такое ёсць паданне:
Зраселы бог паганскі Вададых Ад Перуна самога меў заданнне
Ваду святую падзяліць на ўсіх –
Пароўну
Поўдню, поўначы і ўсходу,
І захаду,
Каб у вачах азёр
Крывіцкі край раскалыхаў лагоду
Нябёсам хваравітым у дакор.
Нясе з павагаю ваду святую,
Як дарагую ношку,
Вададых,
Нясе ды чуе:
Каня лямантуе
І жаўранак казыча сонны слых.
Загледзеўся на ўзлескі, на паляны,
На ўзгоркі, на спакойныя лугі,
На параснік ад сіверу каляны,
Тут, кеміў,
Маюць спачываць багі.
Ці захмялеў ад гукаў ды ад пахаў,
Ды спатыкнуўся ён на ўсім хаду,
Разліў ашчадны Вададых з размаху
Ў мясціне нашай як не ўсю ваду.
Ад утрапення аж прысеў пагорак,
Дзе шчодры спатыкнуўся Вададых.
Уся пераліваецца ў азёрах
Ушацкая зямля з часінаў тых.
Недарэмна
Недарэмна, відаць, сады
Расцвітаюць у халады.
Белы цвет –
З чарнаты галля,
Белы дым – з нематы былля.
Трэба перакалець як след,
Каб сагрэць чысцінёю свет.
* * *
Кроў марна баіцца праліцца,
Пайсці ў безыменны пясок.
Ёй сніцца,
Як хмарка раслінцы,
Нясмелы яшчэ галасок.
А той галасок паяднае
Парыў неадумны і клёк,
І песню аб сінім Дунаі,
І смутак палёў –
Васілёк.
Калоссямі трызніць іржэўнік,
Рака помніць хвалі свае.
І голас крыві
Аднакрэўнік
З натоўпу вякоў пазнае.
Якушоўка
Мемарыяльны камень вырас цяжка,
Дзе пасвіла маёнтак цішыня.
Бязважкая
Смугі зімовай дзяжка
Сціскае стан разлененага дня.
Снег за беспамяцце бялейшы зябне.
Прыгледзься лепш –
Убачыш Белавеж.
Ніхто не звягне,
Не зяхне, не зяпне.
Ў каго спытаць:
Ці ведаеш? Czy wiesz?
Разгорнутыя над рыпучай цішай
Стрэх шыферныя вокладкі відаць.
Тут белы страх
Гатоў мяняцца нішай
З зацятасцю, адчуўшы багадаць.
Не тоіцца,
Што вырасла на волі,
Бяроза –
Разгалінілася ўся.
Тут сыпалі й на хвост сароцы солі,
Хацелі чуць пра белага лася.
Касілі цёмны луг касіянеры.
Меў моцны дух набытак неслабы.
Зірні:
Няўжо на полі пасінелі,
Як шыбеніцы –
Вольныя слупы?
Каліновец
Як п'е гарэлку бедна басота,
Згадаўшы чуллівасці грэшны смак,
Спявае маркотна Зянон Пазняк
Караткевічаву песню любімую.
Ажно засаромелася пяшчота:
І я самоту слязьмі не вымыю…
Здалося,
Ранішні Каліноўскі
Марыську прымроіў,
Адчуўшы скон.
Зянон –
Беларуссю саснёны сон,
Што зноў пачувае сябе
Дзяржаваю.
Хутчэй з плячэй
Чужыя абноскі, няколка йсці маладой атаваю.
Тварыў бы, думаў
Сабе ў асалоду
Паэта, мысліўца, мастак,
Аднак
Пазьняк –
Як той перазяблы грак
Сагрэецца баразной узаранаю.
Пан Бог
Паслаў каліноўца народу
Вярнуць душу
І Айчыну забраную.
Скіба волі аржаная
Любіце хлеў
І заплывайце здорам,
Хто моліцца
На ўлежнасць ды на ўежнасць,
А тых,
Каго пячэ гаючы сорам,
Чакаюць
Воля, Роўнасць, Незалежнасць.
Хто любіць волю сэрцам апантаным,
Таму чужой няволі не бывае.
І лязгат кайданоў за акіянам
Такі ж сіберны,
Як і ў родным краі.
На волнасць у Расіі позірк косы,
Ён косіць луг нязломнікаў Касцюшкі,
Шматуе беларускія нябёсы
Сувораву на ордэнскія стужкі.
Дух сыціць
Скіба волі аржаная.
У роўнасці нязменнае найменне.
Над нашай Незалежнасцю лунае
Касьцюшкавага меча блаславенне.
* * *
Без галавы,
Каб не магла яна
І ў думках нават палічыць ахвяры,
Каб вочы ёй не выпекла віна,
Што звыкла піць пакуты
З поўнай чары.
Без рук,
Бо як адымеш мерцвякоў,
Якіх наўзмаш перахрысцілі мечы.
…Пасля за ўсіх далоні ад цвікоў
Не адвядзе Адзін
Па-чалавечы…
Ці ахінута ў воблака адна
Той радасці,
Што ў тагасвецці знікла.
Надкрыллі адрастуць.
І зноў вайна
Пачне маліцца: – Уваскрэсні, Ніка!
Полацкі менталітэт
Уладзіміру Арлову
Ёсць полацкі менталітэт –
Ад Еўфрасінні, ад Скарыны,
Ад той абрынутай адрыны,
Дзе сон шукаў
Свой сонны след.
Ён цемры пазычаў святла,
Каб стала вечнасцю імгненне,
Ляцеў вышэй жаўрук здзіўлення,
Люцела рупнасці пчала.
Ад Полацка пачаўся свет.
Пра небачолых кажам:
З нашых!
Ёсць Беларусь,
А гэта значыць –
Ёсць полацкі менталітэт!
Любоў да Радзімы
Вочы маюць сляпыя,
Вушы маюць глухія,
І бязмозгія не без ілбоў.
Настальгія па настальгіі –
Гэта й ёсць
Да Радзімы любоў.
Ненасытнасць
Раскулачылі ноч і дзень,
Раскулачылі труны й калыскі,
Выкарчавалі сумлення пень,
Адлучылі лыжку ад міскі.
Атаму расшчапілі кулак,
Так назад і не сашчапілі.
І ніяк
Не нацешымся ўсмак
У сваёй ненасытнай сіле…
Беларусам у выраі
З дому гналі нас маскоўшчыны сівяры
Пры цары,
Род наш звесці хацелі на ветах
Пры саветах.
Нам турму муравалі
Чырвоныя муляры
Ў радасных бальшавіцкіх дэкрэтах.
Кралі наша і бралі, што маглі,
Маскалі,
Смакавалі з пагардай прысмакі
Палякі.
У каго дык гулі
Ашалела гулі,
Мы з хаўтураў брылі, небаракі.
Мы сплаўляем вякі,
Асначы крывічы,
Мы не знікнем на радасць чужынцам.
І завём,
З выраю думкамі летучы,
Млечны Шлях Беларускім гасцінцам,–
Да яго не дацягнуцца каты,
Ім вяртаюцца душы дахаты…
Ды як?
Спісяжваў нам спіны
Варшаўскі бізун,
Спасажваў з роднае хаты
Маскоўскі бот,
Узважваў наш лямант
Берлінскі штых.
Ды нас ад вятроў затуляў
Лясун,
Дрыжаў за нас на марозе
Чарот.
Мы з тых, хто на зорах калыша
Свой род.
Плечы горбілі нам
Абраз хатулі,
Гнеў свой насілі мы
У рэзгінах ды ў бярэмцах.
Мы былі, мы жылі
Пры паляках, расейцах,
Пры немцах.
Маўчалі ў кулак.
Ды як,
Адвіхурыўшыся ў завірусе,
Стаць нам
Гаспадарамі свае зямлі,
Беларусамі ў Беларусі?
Ці засвярбяць,
Ці хоць забаляць калі
Сціснутыя ў кулаку мазалі?
БЗВ
БЗВ – Бог Заклікаў Вас,
Беларускага Войска воі.
БЗВ – так чытае час:
Беларусь Заваюе Волю!
БЗВ – Быць Заўжды Вякам
Даўжнікамі ў крывіцкай славы.
Нашай не аддамо чужакам
Ні сцяжыны, а ні канавы.
Хросным бацькам
Пан Грунвальд быў,
Пані Ворша – маткаю хроснай.
Беларускага Войска парыў
Ткаўся на высакосных кроснах.
У Айчыны світае чало.
Досыць нас вадзілі па хлудзе.
Беларускае Войска было.
Беларускае Войска будзе!
На жалезны характар
Руды
Мае наша зямля святая.
Ведаем, дзе віры, дзе брады.
БЗВ – Бой Змаганцаў Вітае!
Вернута быць павінна
Спадчына – Гэта не штосці такое смачнае,
Гэта тое святое,
Што часам страчана,
Што вернута быць павінна.
Спадчына –
Пупавіна,
Што лучыць з Сусветам, з прасветам,
З прабацькаўшчынай, з праайчынай,
І досвіткавай лучынай
Доўжыць імгненне
Прапрашчураўскага агменю.
Спадчына –
Неўмірушчая мачына,
З якой расцвітае
Полымя,
Што на папялішча вяртае.
Спадчына –
З-пад чаўна развагі
Хваля здагадак,
Што заплывае ў абсягі сагі,
Якую чытацьме нашчадак,
Каб працяг адчуў свой пачатак.
Беларускае слова
Валянціну Рабкевічу
Беларускае слова ад спеву,
Бо спявае ў ім даўніна.
Беларускае слова ад гневу,
Ад Ярылы, ад Перуна.
Беларускае слова ад ласкі –
Сведчаць вусны ды салаўі,–
Не наймалася ні ў падпаскі,
Ні ў падбрэхічы, ні ў халуі.
Беларускае слова ад злосці
Да няпрошаных прыбышоў,
Асалоду п'е з чараў мілосці,
Медавуху духу – з каўшоў.
Беларускае слова ад славы,
Ад ракі, дзе светлае дно.
Госці ўстануць з застольнай лавы,
Як у хату зойдзе яно.
Беларускае слова ад Бога,
Слову нашаму Бог дапамог.
Хто не любіць яго, ад тога
Назаўсёды адвернецца Бог!
Курапаты
Свечка пацепвае
Павекам успалымнелым –
У гарачае вока запала
Парушынка ляманту.
Крыж паўтарае
Паставу Хрыста.
Старыя хіляцца
Абнылымі каласамі,
З якіх
Павыдзяўбаныя зярняты…
Негабляваная дамавіна
Прывітаўшы балацявіністыя Агароднікі,
Льга палуднаваць цішынёй
На Радзіме Дубоўкі,
І захацець, і пачуць аднекуль вокліч:
"…мой родненькі",
Але нельга адбыць за паэта радоўкі,
Радоўкі радка, як і ён, беспрытульніка.
Хата вочы субожыла, адчуваючы здраду.
Плот надумаў валіцца.
Злубела дуддзё шчавульніка.
Іржавее дрот дзікавага вінаграду.
Тут роспач локці кусаць павінна.
Ліст, як нязважаны грэх,
За каўнер недаверу падае.
Без паэта радзіма –
Негабляваная дамавіна,
Успамінамі жывымі шурпатая.
8 верасня 1514 года
Як гаварцьмем з рознаю поршаю,
З той,
Што сябе называе вялікаю,
Мы даказалі
У бітве пад Воршаю
Не толькі мечам,
Не толькі пікаю.
Мы даказалі воляй крывіцкаю,
Канстанціна Астрожскага геніем.
І выжлам прадажным
Дух наш не выцкаваць.
Мы будзем жывыя
І стаўшы ценямі!
Суцяшэнне
Бо вы, людзі разумныя, ахвоча церпіце неразумных; церпіце, калі хто вас панявольвае, калі хто аб'ядае, калі хто абірае, калі хто вас за нікчэмнасць мае, калі хто б'е вас па твары.
Другое пасланне Апостала Паўла да карынфенаў 11:19,20
Няўжо цярпець, як і цярпелі мы,
Ці толькі нам стае на ціхасць моцы,
Няўжо нямыты прыхадзень нямы
Чысцейшы, чымся нашыя прамоўцы.
Ці ў роднай хаце, рубленай з вякоў,
Мы будзем глухнуць, быццам кватаранты,
Каб злыдні мелі нас за дзівакоў,
Хвалілі люта: люд вы талерантны!
Каб пастка пашчу шчэрыла шырэй, Каб рукі ў кайданах былі абедзве,
Каб абіралі нас яшчэ шчырэй,
Нам пакідалі воўчае аб'еддзе.
Каб зброд, няварты нашае гразі,
Меў за нікчэмнасць нас
Ды біў па твары,
Каб здзірца быў у рызе, Мы – ў рыззі,
Каб мы прасілі ў ката самі кары.
Здаецца, род наш
Радавод вядзе
З таго, калі Гасподзь яшчэ ў лагодзе
Прымеркаваў, каго сяліць і дзе,
Суцешыў крывічоў:
Трывай, Народзе!
Пераганяем мы бяду ў хадзе.
Калі ж Гасподзь трываць нам скажа:
Годзе?!
Мы ёсьць таму
Мы ёсць таму,
Што слова Бога
Назвала літасціва нас
І рупіцца на пэўны час
Асцерагаць ад вока злога.
Так і не ўцяміўшы нічога,
У цемру йдзём,
Адкуль прыйшлі.
Дасць іншым памяць на зямлі,
А нас забудзе
Слова Бога…
Табе
Скінь кляймо варожых трантаў.
Хай твой стан не абражае. Мова ўсьлед ідзе чужая,
Як дзіця ад акупантаў, –
Хоць твае смактала грудзі,
Вырасла з душой сытою.
Аднакрэўцы сіратою
Выбіцца нялёгка ў людзі.
Ты вякуеш удавою,
Па чужых блукаеш хатах,
Пакаёўкаю ў багатых –
Ні пакоя, ні спакою.
А сыны?
Яны зацята
Чубяцца паміж сабою.
Сэрца не шчыміць журбою,
Што гніе ў матулі хата.
Як сваю патраціш сілу,
Свет твайго не ўчуе кроку,
Шашаль помслівы папроку
Сточыць сцены небасхілу.
* * *
Што валун?
Толькі бокі вылежвае
У злінялым сваім каптане.
А зямля з-пад рыдлёўкі
Вясною
І абветранай баразною,
І магілай свежаю
Тхне.
І пасланніцай Усявышняга
На грахоўнай зямлі сьвятая
Маладзенькая вішня
Першы раз зацвітае.
…Што магіла,
Што градка –
Адна ў іх апратка…
Агонь
Юр згадаўшы, расплыўся ва ўсмешцы Ярыла,
І зляцела іскрынка з усмешкі ягонае –
І прачнуўся агонь,
Полымя завірыла,
І пажар пакаціўся ярамі, адхонамі.
І курылася купа, стагналі аблогі,
Вывіваўся ўшалела агонь у агоніі.
Хмара чухала бок чарналессю аб рогі,
Туманом слаўся дым над загнанымі гонямі.
Навальніца-нявольніца шал затушыла,
Задушыла рахрыстанага залеваю.
Па сваім нарачонку цямней затужыла
Беспрасветная цемра ўдавою ззалелаю.
Цемра думае суха ў зацятай жалобе,
Як бы выкрасці ёй бліскавічнае крэсіва.
Да пары спіць у дрэве, ў заломе, ў сломе
Нецярпліўца агню гаманкая экспрэсія.
Слуцкім паўстанцам
Пакутнікаў хапала нацыі,
Змаганцаў не было каб густа.
Паўстанцы слуцкія!
Выгнанацамі
Акрыла вас жалобы хуста.
Як і ў часіны Каліноўскага,
Паўстала шляхта й аратаі.
Анёлы –
Воі войска боскага
Хацелі быць у вас братамі.
Вы не чакалі раю скорага,
Да чужакоў не мелі веры.
Вам з двух бакоў хапала ворага.
Вам адчынялі ў пекла дзверы.
Паўстанцы!
Ва ўвайшлі ў гісторыю,
Трывацьме у ёй ныне й прысна.
Свая зямля была апораю.
У сведках Семежава й Вызна.
Палеглі вы,
Ды жыць працягвае
Гнеў, незатушаны гадамі.
Дасюль ваш спеў гучыць прысягаю:
– Мы выйдзем шчыльнымі радамі…
* * *
Язэп Драздовіч –
Павятовы Мікеланджэла
Знаёмы быў з Сатурнам і з Ярылам.
А доле
Па-скупечы доля ўсмешку важыла,
Не дазваляла развінуцца крылам.
І ён, адкопваючы замчышчы й паганішчы,
Вяртаў дамоў крывіцкі дух забраны.
Пусты булён
На посным вогнішчы таганячы,
Стаяў каля апостальскае брамы.
Ніжэліся пад мастаковымі паглядамі
У церамы Ўсяслававы парогі.
Драздовічавымі кілімамі пулятымі
Ўсланы ў беларускі дзень дарогі.
Рупліўка ластаўка вяшчуе дзень,
Гняздо ўючы,
І праллі лёсу натамляюць верацёны.
Язэп і хлеб
Перагукаліся Драздовічу.
Духоўны стаў
Ягоны хлеб надзённы.
Няма кладачкі…
Ну, вядома, што не забывалася,
Не заелася хітрымі стравамі.
Зноў крывіцкае сэрца забілася
Ці ў Амерыцы, ці ў Аўстраліі.
Прыгадала снягі сыпучыя
І самое сябе засмучвае.
…Там на хрэсьбінах,
На запоінах
Ці завеі, ці йскрыпкі пілікаюць.
І ў лясах успамінаў замроеных
Цёпла выюць ваўкі ў Піліпаўку.
Ах, Калядачкі,
Бліны-ладачкі!..
Ды няма
Цераз мора кладачкі…
Ідылія
…Хітравокая рэчка.
Спрэчка
Плыні з цёмнымі берагамі.
Ные промнева свечка.
Вечка
З куфра смагі смуга зберагае.
…Шчэбет. Свіст. Патуранне.
Ранне
Пацягнулася з перасыпу.
Жаўранкі-хутаране
Гранне
Смутных гукаў даводзяць да ўсхліпу.
…Ходзіць ляска, Падласка,
казка?
Пысай статак туманіць выпас.
Лепш за пугу ў падпаска
Ласка.
З жыватом пастуховым на вы пас.
…Мне мамін голас плыве здалёку
хмурынай сэрцу, слязінай воку:
а ўжо кароўкі ля дуброўкі,
дробныя статкі ў даліне,
ты маладая яшчэ ў
Пярыне…
Ярыне цёпла ў сьне.
Рыне
Не ўсё душа ва ўспаміне.
І ў глухім палыне сніцца крыло
Перыне.
Паэтам на чужыне
Адзінакроўныя браты,
Адзінамоўныя паэты,
Вяртаецеся з небыцця,
Вяртаецеся з нематы,
Як злом замглёныя планеты,
Што дажылі да адкрыцця.
Тугой душэўныя браты,
Пяшчотай гнеўныя паэты.
Люляюць рэкі сон зліцця.
Не раздзялілі нас драты
І цёмны шлях да светлай мэты.
Астыла посная куцця.
Дух прашчураў трымае выш,
Каб думцы вырасту хапала.
І, абапёршыся на крыж,
Вас хоча распазнаць Купала.
Достарыңызбен бөлісу: |