Падольная № 34 — Пабудаваны ў XX ст. Небагаты гарадскі дом.
Падольная № 37 = ці захаваўся? – На 1945 г. – Аўтарамонтныя майстэрні “ОШОСДора” УНКУС па Гродзенскай вобласці. Двухэтажный большой дом справа за железной дорогой. На сегодняшний день находится в заброшенном состоянии.
Падольная № 43 — Пабудаваны ў XX ст. Тыповая местачковая камяніца.
Падольная № 43 — Палац Румеля, Аляксандраўскае рамеснае вучылішча. Пабудаваны на пачатку XIX ст.
Паліграфістаў // Варшавская, Eisenbahnweg
Паліграфістаў № 16 — Скідальскі рынак. Крыты рынак, Цэнтральны рынак. Год пабудовы — 1976. Прыклад гандлёвых збудаванняў новага тыпу.
Панямунь // Загарадная рэзідэнцыя караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. - Да нядаўняга часа — прыгарад Гродна. У ХІІ ст. відавочна месца брода на Нёмане. У ХVІ-ХVІІІ ст. тут быў фальваряк гродзенскай Каралеўскай эканоміі, апісанай падчас валочнай памеры 1560 г., якая адносілася да Горніцкай воласці.
У спецыяльнай літаратуры па гісторыі архітэктуры, выдадзенай у Беларусі, даволі часта гэты аб'ект блытаюць з Панямунем пад Каўнасам. У сувязі з гэтым узгадваецца імя архітэктара, якое не адносін да нашай Панямуні - Аляхневіч. Нашу ж Панямунь для апошняга караля Рэчы Паспалітай - Станіслава-Аўгуста, праектаваў адзін з лепшых архітэктараў Вялікага Княства Літоўскага - каралеўскі архітэктар Джузеппэ Сакка.
У 1828 г. частка маёнтка належала памешчыку І. Сарасеку і Я. Румелю. У першай палове і пачатку другой паловы ХІХ ст. Панямунь была валоданнем гардзенскага машалка Рамана Антонія Ляхніцкага, які працягнуў будаўніцтва парка, спраектаванага яшчэ Дж. Сакка. У канцы ХІХ ст. Панямунь купіла княгіня Ядвіга Друцкая-Любецкая. Да яе прыязджалі Эліза Ажэшка, Францішак Багушэвіч, кампазітар М. Карловіч. Лепшыя пейзажы Англійскага парка хутчэй за ўсё створаны ў Панямуні ўжо па густу Ляхніцкіх. У другой палове XIX ст. гэты аб'ект зарэгістраваў у сваіх працах Напалеон Орда. На тэрыторыі закінутага зараз парка можна выдзеліць зоны "павышанай экалагічнай увагі" - менавіта тут растуць даволі рэдкія расліны з Канады.
Пасля Ляхніцкіх Панямунню валодалі Нямцэвічы - таксама вядомы на Гродзеншчыне род.
Палац у Панямуні меў сваю каплічку, праўда ёю перасталі карыстацца пасля пабудовы ў 70-ыя гады XIX ст. панямунскага касцёла, які яшчэ да нядаўняга часу ўяўляў сабой сховішча адпрацаваных машынных масел.
Ад маёнтка Панямунь захаваліся капліца, дом і стайня. Усе будынкі выкарыстоўваюцца гаспадарчымі службамі горада Гродна. Усе ў вельмі запушчаным стане. Яшчэ ў 1993 г. здавалася, што гэты адзін з самых каштоўных дварцова-паркавых комплексаў урэшце зойме належнае месца сярод ахоўваемых помнікаў. Аднак... за справу ўзяўся начальнік Упраўлення рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў аблвыканкама. Праект на рэканструкцыю не быў нават заказаны, хаця грошы пад гэта планаваліся. Праўда, куды яны зніклі, дагэтуль невядома. Прыгажэйшы на Беларусі помнік так і стаіць, трацячы сваю прыгажосць, нікому не патрэбны, забыты і закінуты. Пачынаючы з вясны 2009 года праз тэрыторыю ландшафтнага парка ў Панямуні вядзецца будаўніцтва дарогі на лецішчы.
Паповіча
Яўрэйскія могілкі — Адзіныя ўцалелыя яўрэйскія могілкі ў горадзе.
Паповіча № 3 — Кінатэатр «Кастрычнік». Год пабудовы — 1987. Індывідуальны праект У. Еўдакімава, Л. Вільчко і У Шапавалава.
Паповіча №5 — Гасцініца «Гродна». Год пабудовы — 1985.
Форт № 4 фортавай лініі 1887-1892 гг. — Стадыён каля СШ № 12. Захавалася значная частка. На валах знаходзяцца месцы для балельшчыкаў.
Парахавая
Парахавая № 2 – Моцна перабудаваная камяніца пачатку ХХ ст.
Парахавая № 8 – глядзі Захарава № 22.
Парахавая № 13/1 – Двухпавярховая камяніца пачатку ХХ ст. Зменена капітальным рамонтам.
Парахавая № 15 - Двухпавярховая камяніца пачатку ХХ ст. Зменена капітальным рамонтам.
Парк Жылібера — батанічны сад, Гарадніцкі, губернатарскі, часткова – парк чацвяртынскіх, парк Э.Ажэшка, гарадскі батанічны сад. На месцы былога каралеўскага замка на Гарадніцы (драўляны каралеўскі замак, пабудаваны прыкладна ў XVI – пач. XVIII ст.ст., знаходзіўся прыкладна паміж фантанам і месцам знаходжання кінатэатра «Летні», г. зн. бліжэй да вул. Ажэшкі). Бярэ пачатак ад парку часоў А. Тызенгаўза вясной 1776 г., калі ў Гродна быў запрошаны французскі прафесар медыцыны, батанік і анатам Жан Эмануэль Жылібер. Па дамове з А. Тызенгаўзам, падпісанай 9 мая 1776 г., ён павінен быў «залажыць сад, неабходны для школы медычнай». У цэнтры саду знаходзіўся домік садоўніка, які павінен быў яго даглядаць, з двюма аранжарэямі. Пасля 1781 г., калі А. Тызенгаўз быў зняты са сваіх пасад, частка найбольш каштоўных раслін была перавезена ў Вільню. Рэшткі каралеўскага батанічнага саду належалі вайсковаму шпіталю, які размяшчаўся побач. Таму да пачатку XIX ст. яго называлі «лазаретный» (шпітальны). Са стварэннем губернскай улады ён стаў часткай Гарадніцкага саду ці, як яго называлі яшчэ — Губернатарскім.
У другой палове XIX ст. Гарадніцкі сад стаў публічным. Найбольш ўпарадкаваным быў участак, які прылягаў да Гараднічанкі і губернатарскага дома. Тут зрабілі рамантычную «Швейцарскую даліну» з абрывамі, воднымі люстэркамі, якія размяркоўваліся тэрасамі, з лёгкімі ажурнымі масточкамі. У 1924 г. тут закладзены гарадскі парк паводле плана прафесара Таньскага. Чыгунная агароджа з боку вул. Ажэшкі, якая захавалася да нашага часу, была зроблена паводле праекта Ю. Ядкоўскага і на замову магістрата ў яўрэйскай рамеснай школе. На пачатак 1920-х гг. у парку, з боку вул. Акадэміцкай, працаваў летні лакаль клуба «Муза», — з більярднаю, асобнымі кабінетамі, чытальняй, залаю, буфетам і кухняй. Побач стаяла старая кузня часоў А. Тызенгаўза (пазней — уласнасць Ганараты Завіслоўскай), разабраная ужо пасля 1950 г. У 1926 г. настаўнік гімназіі імя А. Міцкевіча Я. Каханоўскі арганізуе побач з паркам агарод і клумбы. Таксама ў парку былі гарадошная пляцоўка і драўляны масток цераз Гараднічанку — Мендарпляц. Ян Каханоўскі з дазволу магістрата ў 1926 г. заклаў у паўночна-ўсходняй частцы гарадскога парку школьны батанічны сад. У 1928/29 школьным годзе адкрыўся заалагічны аддзел, які стаў асновай для арганізацыі ў 1929 г. гарадскога заапарку.
У канцы Другой сусветнай вайны тэрыторыя былога школьнага батанічнага саду была выкарыстана пад могілкі для савецкага палявога ваеннага шпіталя. Было захавана каля тысячы савецкіх салдат. Пазней перазахавалі ў адной брацкай магіле паблізу Гараднічанкі.
У 1950-я гады вакол парку была зроблена агароджа з кованых эклектычных бардзюр, дэмантаваных з разбуранага моста над Нёманам. Тады ж з боку вул. Дзяржынскага быў пастаўлены помнік Сталіну-Леніну. У 1948 г. кошт уваходнага квітка ў парк складаў 1 руб, у 1956 г. - 50 кап.З 1 мая 1957 г. па рашенні гарадскіх уладаў быў усталяваны свабодны ( бясплатны ) уваход у гарадскі парк, адкрытая частка парка ( сквер ) была перададзена ў ведзенне гарпарка.
У 1951 г. на базе былога біялагічнага саду Я. Каханоўскага адчыняецца абласная станцыя юных натуралістаў. Першым яе кіраўніком стаў Н. Жаваранкоў. Для яе працы выкарыстоўвалі ў тым ліку захаваную з 1920-х гадоў аранжарэю-«памаранчарню». У 1953 г. станцыя перанесена на вул. Камунальную, але аранжарэя заставалася яе філіялам яшчэ да канца 1950-х гадоў. У веарасні 1957 г. аранжарэя была перададзена парку дзеля вырошчывання кветкаў на ўласную патрэбу. Пазней усе расліны, уключаючы пробкавае дрэва часоў Жылібера, былі знішчаны, а на іх месцы пабудавана некалькі каруселяў.
Вясной 1964 г. парк пазбавіўся некалькі сваіх упрыгодванняў: скульптурныя кампазіцы і “Гусі” са старога фантана ды “Мядзьведзі” з былой закрытай часткі парка былі перададзены дзецкім садкам. Першапачаткова ў фантане размясцілі чашу, якую пазней замянілі на перанесяную з былой зачыненай часткі парка скульптуру “Мацярынства”...
1 красавіка 1957 г. у гарадскім парку быў адчынены кінатэатр, які атрымаў назву “Летний”. У другой палове 1990-х ён быў перапрафіліраваны пад маладзёвы клуб “Клетка”. У 2005 г. пад час рэканструкцыі парка былы кінатэатр быў знесены. Тады ж быў знесены і драўляны павільён «Лакамка» на ўваходзе ў парк з боку плошчы Леніна.
Рашэннем гарвыканкама ад 15 верасня 1989 г. парку было нададзена імя прафесара Ж. Жылібера. У маі 1991 г. Саўмін БССР зацвердзіў пастанову аб усталяванні бюста навукоўцу аднак гэтае рашэнне не было выканана. Апошняя рэканструкцыя парку, падчас якой з'явілася новая «Швейцарская даліна», адбылася ў 2005 г., аднак ужо ў 2006 г. напярэдадні чарговага свята тут быў знесены будынак старой аранжарэі.
Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан - У парку. Пахаваны 46 воінаў і 4 партызаны, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Сярод пахаваных — Героі Савецкага Саюза Юрый Іўліеў (1923-1945), Вольга Санфірава (1917-1944) і сакратар Гродзенскага падпольнага гаркома ЛКСМБ Вольга Соламава (1920-1944). У 1949 г. на брацкай магіле пастаўлены помнік — скульптура воіна са сцягам і абеліск. У 1984 г. магіла добраўпарадкавана, запалены Вечны агонь [ Збор помнікаў... – с. ].
Парк Каложскі // Gorna, Новы парк, парк “Косамас”, парк імя “40-летия ВЛКСМ” - Часткова займае тэрыторыю г.зв. Каложскага пасада - Даследавалі ў 1971—73 гг. Я. Звяруга, у 1983— 84 гг. А. Трусаў. Культурны пласт 0,4—2,2 м. Выяўлены рэшткі наземных і зямлянкавых жытлаў. Сабраны матэрыялы ХІ—ХVIII ст., пераважна непаліваны керамічны посуд (гаршкі, міскі), невялікая колькасць шкляных і металічных вырабаў [Збор помнікаў... – с. ].
Сустракаюцца звесткі пра будову ў 1930 г. на калажанскім плато fabryki tektury Пятра Хадароўскага ды Яўгенія Рабухіна. Тады ж абодва камерсанты звярнуліса да Магістрата Гродна з прапановаю прадаць гораду пляц пад будову фабрыкі за 4,5 тысяч долараў. Далейшы лёс інвестыцыі невядомы [ ДАГВ Ф. 46. – Воп. 1. – Спр. 19. - Арк. 18 ].
У верасні 1962 г. Гарвыканкам прыняў рашэння “О проектировании центрального парка культуры и отдыха имени 40 лет БССР». Рашэннем выканкама ў красавіку 1964 г. парку было нададзена назва“Космос”.
Калажанскае плато, на якім засаджаны парк, зараз актыўна забудоўваецца. Упершыню амаль за дзесяць стагоддзяў на гэтым месцы павінны з'явіцца жылыя (элітныя) кварталы.
Помнік у гонар 850-годдзя Гродна — Усталяваны ў 1978 г. да 850-годдзя першага згадвання Гродна ў Іпацьеўскім летапісе пад 1128 г. Скульптар Г. Буралкін, архітэктары А. Каралькоў, Г. Пешкаў. Вышыня 31м.
Барысаглебская (Каложская) царква і манастыр, Каложа – гл. Рыбацкая № 6/1.
Парк Румлеўскі - На паўднёва-ўсходняй ускраіне жылога мікрараёна Прынёманскі-2. Часткова быў закладзены прыблізна ўжо пры канцы XVIII ст.. Уключае рысы як рэгулярнага, так і пейзажнага паркаў. Знакамітыя клёнавыя прысады, якія вялі ад месца былога панскага дома, месцазнаходжанне і характар пасадкі дрэваў, паказваюць на яго рэгулярныя рысы. Адначасова, прыгожа выгінаючаяся, адпаведна рэльефу, збягаючая ўніз да ракі брукаваная сцежка і прыстасаваная для адпачынку лясная, цяпер так званая "сольная" частка былога парку, дэманструюць дэталі пейзажнай садова-паркавай архітэктуры.
У цэнтры паўднёва-ўсходняй часткі парку, дзе стаяў сядзібны дом, знаходзіцца вялізная паляна, абкружаная асобнымі курцінамі, да якога вяла кляновая алея ( Захавалася часткова - згодна з даследчыкам А.Федаруком, узрост алеі можа складаць каля 200 гадоў ). Сярод пасадак ліпа, таполя, каштан, вяз, клён, бэз. У паўночна-заходняй частцы захавалася шатровая вежа, узведзеная з бутавага каменю. Час яе пабудовы – спрэчны. Па некаторых звестках, яна паўстала ў 1880 г, па іншых – у 1930-я.Парк — помнік садова-паркавага мастацтва.
Тлумачэнне назвы "Румлёва" застаецца цмяным. Можна меркаваць, што яна паходзіць ад імя аднаго з ўладальніка - Якава Румеля. Згодна іншым гіпотызам, назва парка можа паходзіць ад слова “рум” - прыстань на беразе ракі для падрыхтоўкі леса да сплаву, або ад “рум” - характэрнай планіроўцы пагоннага двара.
Згодна з планам занёманскай часткі Гродна за 1797 г., гэтыя землі лічыліся прыналежалі Радзівілам. Наступным гаспадароў гэтых зямель быў памешчык, гродзенскі віцэ-маршалак, вядомы публіцыст і філосаф, масон, ўладальнік будынка па сёняшняму адрасу Замкавая №16 - Ігнаці Ляхніцкі (1755 - 1826). У канцы 1780-х гг. ён пакідае вайсковую службу і займаецца гаспадаркай у сваіх маёнтках." Спадчына I. Ляхніцкага мела назву "Лахнове" і ўключала так сама будучы фальварак "Румлёва". Менавіта ад яго маёмасці частка зямлі ў 1828 г. перайшла да памешчыка Я. Румеля (1785- 1855). З гэтага часу памешчыцкая садзіба ўзгадваецца ў дакументах пад назваю "Румлёўка", "Румеліоўка " ці "Румеліоўск ".
Пасля смерці жонкі ў 1850 г. Якаў Румель з'язджае ў Пінск, а маёнтак пераходзіць да Канстанціна Відацкага. Дарэчы, новы гаспадар быў у шлюбе з Ф. Паўлоўскай - маці Элізы Ажэшкі, а сама будучая пісменніца бавіла час ў Румлёускай садзібе пасля вяртання з Варшавы ў 1857 г. ды яшчэ неаднаразова наведвала маці тут пазней...
Застаўшыся ўдавой, Ф. Відацкая не доўга кіравала гаспадаркаю Румлёва. У час з 1878 па 1882 гг. у фальварка з'яўляецца новы гаспадар - генерал у адстаўцы, памешчык Сакольскага павету, неаднаразовы сябра Гродзенскага камітэта грамадскай апекі пры турмах, удзельнік з'езду міравых суддзяў Аляксандр Васількоўскі.
Адначасова, з 1877 г. цікавасць да румлёўскіх земляў выказала камандаванне 26-й пяхотнай дывізіі. Летнія лагеры расійскіх войск былі побач з землямі маёнтка. Спачатку сам А. Васількоўскі, а потым ягоная жонка актыўна прадавалі румлёўскія землі і лес. Так тэрыторыя Румлёва стала месцам дыслакацыі вайскоўцаў. Распродаж румлёўскіх зямель, пераход іх да ваеннага ведамства меў для сядзібы і парка фатальныя наступствы.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Румлёускім лагеры дыслацырываліся часткі 85-й Чалябінскай стралковай дывізіі, якія сталі ўдзельнікамі драматычных падзей няўдалага контрнаступлення часцей 3-й арміі ў гродзенскім напрамку24-25 чэрвеня 1941 г.. Пад час нямецкай акупацыі тут, у раёне гэтак званага Новага маста, дзейнічаў лагер для ваеннапалонных чырвонаармейцаў. Паваенны час гісторыя Румлёва звязана з дзейнасццю дзіцячага лагеру адпачынку. Ён належаў ваеннаму ведамству і функыянаваў да пачатку 90-х гг. XX ст. Сядзібны дом быў разбураны, замест якога былі пабудаваны службовыя памяшканні; часткова быў зменены і садова-паркавы ансамбль. Парк канчаткова страціў рысы помніка ландшафтнай архітэктуры, набліжаючыся да г.зв. “лесапарка”.
Яшчэ ў 1938 г. у ходзе пабудовы шашы це-раз тэрыторыю ваеннага лагера была знойдзена вялікая колькасць рэшткаў старажытных раслін і жывёл. Менавіта «на Румлёўцы» пры геалагічнай разведцы межледніковых пластоў Я. Каханоўскі знайшоў ікл маманта, які быў перададзены ў гарадскі музей. Там жа С. Жыўна адшукаў парэшткі шарсцістага насарога.
У 1958-1975 гг. на месцы ўсходняй ўскраіны в. Салы на баку леваўзбярэжнай тэрасы р. Нёман археолагамі Ф. Гурэвіч, М. Чарняўскім і Я. Звяруга ўдалося знайсці старажытныя паселішчы І-га тыс. да нашай эры. У 1982 г. іншы даследчык - Ф. Велічкевіч знайшоў на тэрыторыіі былога фальварка і апісаў адклады плейстацэнавай флоры ледавіковага перыяду.
З 1970-х гг. лесапарк актыўна пачынае акружацца жыллёвай забудовай. Будаўніцтва новага маста праз Нёман ды аб'езднай шашы істотна змянялі аблічча Румлёва. На сёняшні час, Румлёўскі лесапарк знаходзіцца ў гаспадарцы вытворчага аб'яднання ЖКГ Гродзенскага гарвыканкама.
Па планах «рэканструкцыі» ў бліжэйшыя два-тры гады парку пагражае суцэльнае пакрыццё лясных сцежак пліткай і знішчэнне падлеска, што катастрафічна паўплывае на яго экасістэму [ ].
Парыжскай камуны // Вуліца ад айцоў-бернардзінаў да вуліцы на курган, Карэтны завулак, Bernardynska, Gartnerweg — Сфармавалася ў канцы XV ст. як дарога ад замка і вуліцы Вялікай да так званых "Каралеўскіх канюшняў" з малюнка Адэльгаўзера-Цюндта 1563 г. Канчаткова склалася ў сярэдзіне ХVІІ ст. У рэестры 1680 г. яна ўзгадваецца пад назвай "Вулачка ад айцоў бернардынаў да вуліцы Курган". Напачатку ХVІІІ ст. менавіта на гэтай вуліцы быў пабудаваны так званы "Крыштальны палац", адзін з самых таямнічых будынкаў архітэктуры Гродна ХVІІІ ст. Ён знаходзіўся прыкладна на месцы сучаснай школы № 1 і згарэў пад час пажараў 1753 г. На гэтай жа вуліцы з другой паловы ХVІІІ ст. да другой паловы XIX ст. мясціліся будынкі гродзенскіх баніфратраў. Па ўсёй сваёй сучаснай даўжыні вуліца сфарміравалася ў XIX ст. Заходняя частка вуліцы, найбольш моцна пацярпеўшая падчас Другой Сусветнай вайны, была перапланавана згодна з генпланам 1949 г.
Парыжскай камуны № 1 — Касцёл Знаходкі святога Крыжа, былы манастыр бернардзінаў. Некаторыя аўтары памылкова атаясамліваюць фундацыю для бернардынаў 1494 г., калі вялікі князь Аляксандр выдзеліў для бернардынскага кляштара пляц з забудовамі, з сучасным комплексам. Праўда, сучасныя польскія даследчыкі, у прыватнасці магістр Дарота Кута, не выключае, што недзе ў прыгарадзе Гродна мог існаваць невялікі кляштар бернардынцаў ужо напачатку ХVІ ст.
Паводле хронікі бернардынскага манаха Томаша Дыганя, напісанай у 1656 г., грунтоўна асесці ў Гродне ў канцы XV ст. бернардынам не дазволілі Радзівілы, якія тады яшчэ не былі каталікамі. На гравюры Адэльгаўзера-Цюндта 1567 г. на месцы цяперашняга кляштара намаляваны каралеўскія канюшні. У 1595 г., дзякуючы настойлівасці пробашча гродзенскага фарнага касцёла Фабіяна Канапацкага, бернардыны вярнуліся ў горад. Менавіта Канапацкі купіў для бернардынаў новы пляц, некаторыя гродзенскія шляхціцы падарылі манахам свае валоданні. Значнымі былі і грашовыя ахвяры. У 1614 г. шляхіц Гродзенскага павета Андрэй Казімір Эйсмант (Эйсымонт) перадаў бернардынам сваю цагельню, якая знаходзілася ў мясцовасці Панямунь (недзе на Нёмане паміж горадам і каралеўскім дваром на Гарадніцы). Манахі валодалі ёй больш сарака гадоў і пабудавалі з яе царкву з кляштарам (скончаны к 1617 г., на гравюры Гродна 1600 г. Томаша Макоўскага ўжо намаляваны не толькі касцёл, але і часовы будынак кляштара), абнесены мурам кляштарныя могілкі. Пліты ў памяць Эйсымонтаў захаваліся ў касцёле да сённяшняга дня. Будынкі касцёла і кляштара значна пацярпелі ад пажару ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гг. Адзін з братоў-манахаў Людовік Аляксей быў забіты маскоўскімі салдатамі. У 1682 г. будынак кляштара перабудаваны. У XVII-XVIII ст. тут збіраліся павятовыя сеймікі. На пачатку XIX ст. пры кляштары працавала прыватная пачатковая школа. Значна пацярпеў у гады Другой сусветнай вайны. Будынкі кляштара былі вернуты рымска-каталіцкай царкве ў 1990 г. У іх размясцілася Вышэйшая рымска-каталіцкая духоўная семінарыя. Томаш Дыгань, згадваючы фундатараў храма, напісаў што, у іх гонар: «крычаць і будуць крычаць у вечнасць камяні і сцены царквы і кляштара, будуць крычаць і самыя фундаменты, каштоўныя алтары, чашы, манстранцыі, у якіх заключана вялікая кольскасць серабра і золата, і розныя шаты, што служаць культу Божаму».
Ордэн бернардзінцаў, найбольш ранні сярод іншых каталіцкіх законаў па пашырэнню ў Вялікім княстве Літоўскім, з’явіўся ў Гродне ў 1494 годзе з дазволу караля Аляксандра Ягелончыка. Касцёл – помнік архітэктуры ранняга барока, у аснову якога пакладзена кампазіцыя рымскага езуіцкага касцёла Іль Джэзу. Пастроены касцёл на месцы былых каралеўскіх канюшняў. Паводле лягенды, на будаўніцтва касцёла болей усіх ахвяравалі салдаты, якія вярталіся з перамогай дамоў, і ў памяць аб шчаслівай падзеі «кожны рыцар даў талер з конскага капыта на касцел, а Леў Сапега, канцлер вялікі літоўскі, “сыпануў жменяй тысячу». Першы храм, верагодна, быў драўляным. Пачатак будаўніцтва мураванага касцёла прынята лічыць па даце фундацыі караля Жыгімонта ІІІ Вазы – 1595 г., хаця вядома, што краевугольны камень у падмурку алтара быў асвячоны ў 1602 годзе віленскім біскупам Бенедыктам Войнам. Завяршэнне будаўніцтва датуецца 13 мая 1618 г. – часам кансекрацыі касцёла ў гонар Набыцця Часнога і Жыватворнага Крыжа тагачасным віленскім біскупам Яўстафіем Валовічам (аб гэтым сведчыць мемарыяльная дошка на сярэднім слупе з левага боку цэнтральнага нефа). Такім чынам, храналагічныя межы ўзвядзення гродзенскага касцёла бернардзінцаў прыпадаюць на час паза пікам актыўнай будаўнічай дзейнасці Сіроткі. Але гэты храм мае фундацыю самога караля Рэчы Паспалітай, як і гродзенскі фарны касцёл. Відавочна, што архітэктура абодвух помнікаў прадстаўляе адзіны рэгіён і агульны этап стылявой эвалюцыі, хаця больш позні з іх мае і больш выразныя прыкметы стылю барока.
У 1656 будынкі касцёла і кляштара моцна пашкоджаны пажарам. У 1686 перакрыта страха касцела, рэстаўрыраваны алтар св. Антонія, пабудавана капліца св. Барбары. У 1736 годзе па ініцыятыве гвардыяна Францішка Бараноўскага будуецца 3 алтары св. Міхаіла, св. Банавентуры, св. Ануфрыя, св. Пятра з Алькантары. У 1738 годзе праведзена рэстаўрацыя званіцы.
Касцёл бернардзінцаў у Гродне – трохнефавая шасціслупавая базіліка з нартэксам (уваходнае памяшканнеў заходняй часткі хрысціянскага храма) і плоскім бязвежавым барочным фасадам, без трансепта (папярэчны неф). У інтэр’еры адносна кароткі цэнтральны неф прасторава развіты за кошт прэсбітэрыя і часткі надртэска. У архітэктуры алтарнай часткі асабліва відавочнае спалучэнне рознастылявых рыс. Па вышыні яна больш нізкая за цэнтральны неф (рэнесансны элемент), але складаецца з моцна выцягнутай вімы і паўкруглага алтарнага завяршэння, што з’яўляецца прыкметай барока. Цэнтральны неф накрыты двухсхільнымі дахамі. Галоўны фасад дэкарыраваны развітым антаблементам (верхняя частка будынка), пілястрамі карынфскага ордэра, арачнымі нішамі і завершаны трохвугольным франтонам. Сцены бакавых фасадаў члянены пілятсрамі і спаранымі арачнымі вокнамі. Цэнтральны неф аддзелены ад бакавых 6 апорнымі слупамі. Нефы перакрыты крыжовымі скляпеннямі. У 1778 годзе аздоба інтэр’ера дапоўнена жывапісам (мастакі А. Грушэцкі і Ф. Міхалкевіч), разьбой на дрэве, чыгунным і бронзавым ліццем, стукавым арнаментам, скульптурай. Скляпенні крыжовыя на падпружных арках, размаляваных у тэхніцы грызайль (гербы заказчыкаў, раслінны арнамент). Плафоны з фрэскавымі кампазіцыямі. У нішах аркатурнага пояса на паўдневай сцяне цэнтральнага нефа выявы 12 апосталаў, на поўначы – 12 дзеячаў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай (у тым ліку караля Сігізмунда ІІІ, магнатаў Массальскіх, Сапег, Валовічаў і інш.). Кампазіцыя «Ушэсце Хрыста» размешчана на тымпане арачнага перекрыцця цэнтральнага нефа. Каля паўночнага нефа – амбон у стылі класіцызму, дэкарыраваны лісцем аканта і авальнымі медальенамі з выявамі евангілістаў (дрэва, накладная разьба). Дзверы і сцены прытвора, што выходзяць у цэнтральны неф, выкананы з ажурнага каванага металу (17 ст.). над прытворам хоры з тарганам, устаноўленным у 1680-гады пры гвардыяне Антоніі Гладавіцкім і дэкарыраваным разьбой па дрэве. У кампазіцыі ўсіх 14 алтароў (за выключэннем аднаго алтара, зробленага ў 20 ст. мясцовым рэзчыкам І. Болдакам) выкарастаны элементы карынфскага ордэра, скульптура, алтарныя карціны. Асаблівую мастацкую каштоўнасць маюць скульптурныя і гарэльефныя стукавыя кампазіцыі Ларэтанскай капэлы «Чатыры евангелісты», «Святое сямейства», «Маленне аб чашы», якія выкананы ў стылі рэнесансу. Трох’ярусны галоўны алтар драўляны, аздоблены стукавай скульптурай і арнаментам. У яго кампазіцыі арганічна ўключаны высокія спараныя вокны апсіды, у якіх захаваліся вітражы. Ярусы алтара вылучаны ступеньчатым пастаментам і раскрапаваным антаблементам, завершаны прамавугольным атыкам. Сцены прэсбітэрыя да ўзроўню акон пакрыты дубовымі панелямі, на іх – драўляныя прамавугольныя пано [3; 174-175]. Сцены алтарнай часткі прарэзаны высокімі стральчатымі вокнамі з вітражамі і ўмацаваны гранёнымі контрфорсамі (гатычныя элементы), якія, аднак, на сярэдзіне вышыні сцен пераўтвараюцца ў пілястры, завершаныя прафіляваным ордэрным антаблементам. Прасценкі паміж контрфорсамі-пілястрамі паглыблены ў сегментарных арачных нішах – матыў, аналагічны ўжытаму ў фарным гродзенскім касцёле (можна рязглядаць як адметнасць гродзенскіх храмаў таго часу). Падобныя арачныя нішы, але паўкруглага абрысу і з іх архівольтамі, прысутнічаюць таксама на паўночным бакавым фасадзе базілікі бернардзінскага касцёла, дзе ў прасценках размешчаны падвойныя арачныя вокны, падобныя да біфорыумаў.
Найбольш яскрава пераможнае шэсце барока выявіліся ў трактоўцы галоўнага фасада касцёла – і не толькі ў будове і характары арганізацыі ордэрнага дэкору (дарэчы, яны вельмі нагадваюць галоўны фасад нясвіжскага касцёла езуітаў, але вызначаюцца яшчэ большай вытанчанасцю, экспрэсіяй і вертыкалізмам прапорцыяй, уласцівымі для ўжытага тут карынфскага ордэра). Яго галоўная канцэптуальная стылявая адметнасць у наступным: плоская сцяна фасада, дакладней, яе вось сіметрыі, крыху ссунута адносна падоўжнай плоскасці сіметрыі базілікі, што можна ўбачыць з тыльнага боку фасада (вільчык даху не адпавядае вяршыні франтона) і ў асіметрычным размяшчэнні ўваходнага тамбора-крухты.
На 1926 г. у будынку кляштара працавала васьмікласная гуманістычная гімназія ды семікласная ( бернардынская )школа № 3. Па стану на 1970 г. – абласная санітарна-эпідэміялагічная станцыя.
Достарыңызбен бөлісу: |