Сельма Лагерлёф (Selma Lagerlöf) (1858 – 1940) Сельма Атыліяна Лувіса Лагерлёф – шведская пісьменніца, першая жанчына, якая атрымала Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры (1909). (Mors porträtt)
У адной з сотні хацін рыбацкага пасёлка, якая не рознілася ад астатніх дамочкаў ані памерамі ці формай, ані колькасцю вокнаў ці вышынёй коміна, жыў стары Матсан, лоцман.
Ва ўсіх пакоях у рыбакоў была аднолькавая мэбля, на ўсіх падваконнях стаялі аднолькавыя кветкі, ва ўсіх кутніх шафах ляжалі аднолькавыя ракавінкі ды каралы, а на ўсіх сценах віселі тыя самыя карціны. І, як таго вымагаў стары звычай, жыццё рыбакі паселішча пражывалі аднолькавае. Дажыўшы да паважнага веку, лоцман Матсан дбайна пільнаваўся старой завядзёнкі: дом яго, пакоі і жыццё былі такія ж, як у іншых.
Над ложкам Матсана вісеў партрэт маці. Аднойчы лоцман прысніў, як маці сышла з таго партрэту і, стаўшы перад ім, сваім сынам, гучна прамовіла: “Матсан, табе трэба ажаніцца”.
Стары Матсан адразу ж пачаў тлумачыць матчынаму партрэту, што гэта немагчыма. Усё ж такі яму было семдзесят гадоў. Але партрэт маці быццам не чуў яго, а толькі ўсё больш настойліва паўтараў: “Матсан, табе трэба ажаніцца”.
Стары Матсан вельмі паважаў партрэт маці, які быў ягоным дарадцам і выратавальнікам у мностве жыццёвых цяжкасцяў. Але гэтым разам ён ніяк не мог зразумець што тут да чаго. Яму падавалася, што партрэт цалкам супярэчыць таму, што казаў раней. І нават у сне ён узгадаў цяпер з усёй яснасцю і дакладнасцю, як упершыню хацеў пабрацца шлюбам. Акурат калі ён надзеў касцюм жаніха, цвік, на якім вісеў партрэт, адваліўся і разам з партрэтам упаў на падлогу. Тады лоцман зразумеў, што партрэт засцерагае яго ад жаніцьбы, але не паслухаўся. Аднак хутка яму давялося ўпэўніцца, што партрэт меў рацыю. Кароткі шлюб Матсана стаўся нешчаслівым.
Калі ён другім разам надзеў касцюм жаніха, адбылося тое самае. Партрэт зваліўся на падлогу, і цяпер ужо лоцман не адважыўся пайсці насуперак. Ён збег ад нявесты, падаўся ў матросы і паспеў шматкроць аб’ехаць усю зямлю, пакуль не наважыўся вярнуцца на радзіму. І вось табе – цяпер партрэт сыходзіць са сцяны і загадвае яму ажаніцца! Якім бы ні быў лоцман добрым ды паслухмяным сынам, а ўсё ж такі дазволіў сабе думку, што партрэт жартуе з ім.
Але партрэт маці з суровым тварам, нібыта высечаным калючымі вятрамі і салёнай марской пенай, паглядаў усё гэтак жа сур’ёзна. І гучным голасам, за гады напрактыкаваным прапановамі рыбы на гарадскім рынку, паўтараў: “Матсан, табе трэба ажаніцца”.
Тады стары Матсан заклікаў матчын партрэт задумацца, як гэта будзе выглядаць у вачах суседзяў і сяброў.
На ўсіх рыбацкіх хацінах былі вастраверхія дахі і беленыя сцены, усе рыбацкія чоўны былі аднолькава збітыя і аснашчаныя. Ніхто не мог і падумаць, каб зрабіць штосьці нязвыклае. Была б маці жывая, яна б першая паўстала супраць такога вось шлюбу. Маці цвёрда трымалася звычаю і заведзеных парадкаў. А сярод рыбакоў не было такога звычаю ці парадку, каб сямідзесяцігадовыя дзядкі жаніліся.
Тады матчын партрэт выцягнуў упрыгожаную пярсцёнкамі руку і загадаў слухацца. Чамусьці заўсёды, калі маці прыходзіла вось так, у гэтай чорнай тафце з мноствам валанаў, адчувалася нейкая недарэчная пашана да яе. Гэты бляск вялікай залатой брошкі, бразгат важкага залатога ланцуга заўсёды пужалі яго. Калі б яна з’явілася ў сваёй базарнай апранасе, у клятчастай хустцы і з цыратовым фартухом, поўным рыбіных вачэй і лускі, яна б не выклікала да сябе такой вялікай павагі. Але цяпер ён не змог зрабіць нічога іншага, як паабяцаць ажаніцца. І тады партрэт маці вярнуўся ў сваю раму.
Наступным ранкам стары Матсан прачнуўся ў вялікай трывозе. Яму нават да галавы не прыходзіла не паслухацца партрэта маці. Яна, безумоўна, ведае, як для яго будзе лепей.. Але ён усё адно жахаўся будучыні, што чакала яго.
Тым самым днём ён пасватаўся да самай пачварнай дачкі самага беднага рыбака. Гэта была гарбатая карліца з выпнутай ніжняй сківіцай. Бацькі далі сваю згоду, і яны абралі дзень, каб паехаць у горад і абвесціць пра заручыны.
Дарога да горада бегла праз адкрытыя вятрам прыбярэжныя лугі і балоцістыя пашы. Даўжынёй яна ў чвэрць мілі, і адно паданне сцвярджае, быццам жыхары рыбацкай вёскі такія заможныя, што іхнымі бліскучымі срэбранікамі можна выкласці ўсю тую дарогу. Дзіўную асалоду падорыць яна. Апранутая ў белую луску, зіхоткая, нібыта рыба, будзе слацца дарога між купінамі асакі ды лужынамі, поўнымі колюшак і млявых жарлянак. Стакроткі і кветкі міндаля – убранне гэтай людзьмі забытай зямлі – будуць люстравацца ў тых бліскучых срэбных манетах, чартапалох-ахоўнік выпусціць над імі свае калючкі, і вецер будзе падбіраць звонкія акорды, граючы на чарацінках выгану і тэлефонных дратах.
Мабыць, і старому Матсану было б уцешна ступаць цяжкімі рыбацкімі ботамі па звонкім срэбры, бо ж, вядома, настаў ужо час хадзіць гэтай дарогай часцей, чым хацелася б.
У яго не было на руках папераў, а без іх абвяшчэнне заручынаў не магло адбыцца. А ўсё таму, што мінулым разам ён уцёк ад сваёй нявесты. Прайшоў пэўны час, перш чым пастар напісаў у кансісторыю наконт яго і выпрасіў яму дазвол узяць новы шлюб.
А пакуль доўжылася чаканне, стары Матсан цягаўся ў горад на кожны прыём. Ён сядаў каля пастарскіх дзвярэй і марудзіў, чакаючы, пакуль усе абмяркуюць свае справы. Потым падымаўся і пытаў, ці ёсць у пастара навіны для яго. Не, навінаў не было.
Пастар дзівіўся той волі, якой надзяліла гэтага старога ўсёпераможнае каханне. Апрануты ў тоўсты вязаны швэдар з воўны, высокія рыбацкія боты і падраную зюйдвестку [1], з вострым, разумным тварам, сівымі доўгімі валасамі, лоцман сядзеў там і чакаў дазволу на шлюб. Гэтае шчырае чаканне падавалася пастару дзіўным.
– Матсан спяшаецца з гэтым шлюбам, – казаў пастар.
– Так-так, лепей бы зрабіць гэта як мага хутчэй.
– А можа, Матсан змог бы адмовіцца ад усяго гэтага? Матсан ужо немалады.
Так, канечне, Матсан быў занадта стары, але пастар не здзіўляўся б так моцна, калі б ведаў, што той вымушаны ажаніцца і нічога не можа з гэтым зрабіць.
І так рыбак прыходзіў штотыдзень, пакуль праз паўгоду не атрымаў нарэшце дазвол.
За гэты час Матсан зусім змучыўся. Вакол зялёнай пляцоўкі з развешанымі на прасушку бурымі сеткамі, уздоўж цэментных сценаў, што абгароджвалі гавань, ля базарных сталоў, дзе прадавалі траску і крабаў, і далёка ў праліве, дзе праплывалі касякі селядцоў, шумеў скептычны і насмешлівы шторм.
– Вунь як, ён ажаніцца надумаў, гэты Матсан, што збег са свайго ўласнага вяселля!”
Ні жаніха, ні нявесты не шкадавалі.
Але горш за ўсё для яго было тое, што ніхто не мог смяяцца з усяго гэтага больш, чым ён сам. Нікому гэта не падавалася настолькі забаўным. Партрэт маці даводзіў яго да адчаю.
* * *
Настаў першы дзень абвяшчэння заручынаў. Стары Матсан, як заўсёды, змучаны і загнаны, пайшоў уздоўж партовага мола далёка, да пабеленага маяка, каб пабыць аднаму. Там ён сустрэў нявесту. Яна сядзела і ліла слёзы.
Ён спытаў, ці не хацела яна пайсці замуж за кагосьці іншага. Тая спачатку нічога не адказала, адно моўчкі выкалупвала з сцяны маяка кавалачкі вапняку і шпурляла іх у ваду.
– Табе, мабыць, падабаўся нехта?
– Не-не, што вы.
Ля маяка прыгожа. Вакол бруіць чыстая вада праліву. Пляскаты бераг, акуратныя рыбацкія дамочкі і далёкі горад – над усім ззяла ягонае вечнае хараство. З мяккай смугі, што часта ахінае далягляд на захадзе, калі-нікалі выплывае, імчыць і адважна кіруе да прыстані рыбацкі човен. Вада весела шуміць ля носа, калі лодка ўваходзіць у вузенькія партовыя вароты, і ў той самы момант ветразі спадаюць. Рыбакі весела вітаюць лодку і махаюць капелюшамі, а на дне чоўна зіхціць заваяваная здабыча.
Пакуль Матссан стаяў каля маяка, у гавань увайшоў човен. Малады хлопец, што сядзеў за штурвалам, прыўзняў капялюш і кіўнуў дзяўчыне. Стары заўважыў, як засвяціліся ейныя вочы.
– Бач ты! – падумаў ён. – Узяла, значыць, і закахалася ў самага статнага мужыка з вёскі. Не, з гэтым у цябе нічога не атрымаецца. Не дачакаешся ты яго, пойдзеш за мяне замуж.
Ён не мог знайсці ніякага паратунку ад матчынага партрэта. Калі б дзяўчына ўпадабала кагосьці такога, хто сапраўды згадзіўся б стаць яе мужам, у Матсана была б добрая падстава кінуць усю гэтую авантуру. Але пакуль ніякай прычыны даць дзяўчыне свабоду не было.
* * *
Праз два тыдні адбылося вяселле, а яшчэ праз некалькі дзён абрынуўся вялікі лістападаўскі шторм.
Адну з рыбацкіх лодак знесла ў праліў. На ёй не засталося ні штурвала, ні мачтаў, так што кіраваць ёй было нельга. У лодцы былі стары Матсан і яшчэ пяцёра; яны дрэйфавалі без ежы два дні. Калі іх выратавалі, яны ўжо дашчэнту стаміліся і змерзлі. Усё ў лодцы пакрылася лёдам, і ад вострага холаду іхная вопратка таксама пачала застываць. Стары Матсан прастудзіўся і так і не змог паправіцца. Два гады праляжаў ён хворы, пакуль яго не напаткала смерць.
Многія лічылі дзіўным, што ён надумаў ажаніцца акурат перад гэтым няшчасным выпадкам, бо гэтая маленькая жанчына стала яму добрай сядзелкай. Што б з ім сталася, каб ён застаўся самотны і ляжаў вось так без аніякай дапамогі? Увесь пасёлак прызнаў цяпер, што ажаніцца было самым разумным яго рашэннем. Жанчыну ўсе вельмі шанавалі за тую пяшчоту, з якой яна клапацілася пра свайго мужа.
– Ёй будзе няцяжка знайсці сабе новага мужа, – казалі пра яе.
Штодня хворы Матсан расказваў жонцы пра партрэт.
– Ён застанецца табе пасля маёй смерці, як і ўсё астатняе, што мне належыць, – казаў ён.
– Не кажы пра гэта!
– І сачы за партрэтам, калі да цябе будуць сватацца. Хіба ёсць у цэлым нашым пасёлку той, хто разбіраецца ў шлюбных справах лепш, чым ён?
[1] Зюйдвестка – капялюш з шырокімі палямі, які ахоўвае ад дажджу.
пераклад са шведскай – Алеся Башарымава
© Алеся Башарымава. пераклад, 2010
prajdzisvet.org
Достарыңызбен бөлісу: |