-- Чаму ж, ім даюць адпачынак: паўгадзіны раніцай на снеданне і гадзіну на абед, а ў нязначныя святочныя дні іх праца працягваецца дзесяць гадзін. А ў Вялікія святочныя дні яны вызваляюцца ад працы на заводзе… Цімафей Чэчка крыху памаўчаў, і пачаў працягваць далей: ’’Праца на заводзе не адбываецца ва ўсе нядзелі і наступныя святочныя дні: Новы год, Богаяўленне гасподняе, Стрэчанне гасподняе, Звеставанне прасвятой Багародзіцы, святых апосталаў Пятра і Паўла, Ператварэнне гасподняе, Прачыстая, Нараджэнне прасвятое Багародзіцы, Узвіжанне жыватворнага крыжа гасподняга, Увядзенне ў храм прасвятое Багародзцы, Нараджэння Хрыстовага ( два дні – 25 і 26 снежня ), пятніца і субота перадвелікоднага тыдня, панядзелак і аўторак Велікоднага тыдня, Узнясенне гасподняе, другі дзень Ушэсця.’’
-- І адкуль гэта ты, Цімох, ведаеш? – здзівіліся мужчыны. – Расказаў нам як па – пісанаму.
-- Ды, мужыкі, хацеў было ў свой час і я ўладкоўвацца на гэты вось завод, але потым перадумаў – вельмі ўжо зашмат абяцанак на ім. А такую паперчыну тады было мне выдалі на рукі і я яе завучыў.
-- Да, абяцанак тут зашмат, -- пагадзіўся з гэтым Сідар Неваднічэнка. –Гаварыў я з рабочымі завода, не цукарна ім тут працуецца. Вельмі многа наглядальнікі даносяць усяго ўсякага на іх за месяц працы. І ўсё гэта ўлічваецца, і пры выдаткаванні ім заробку – усё вылічваецца. Застаецца з заробка не так ужо і многа, як абяцаюць начальнікі…
-- Да, цяжкавата ім там даводзіцца,-- быццам падводзіць усяму вынік Цімох Чэчка. – Маліць Богу нам патрэбна за нашага інжынера Андрыяна Васілевіча. Каб не ён, дык і цяпер яшчэ б не адвязаліся б ад нас дармаеды – наглядальнікі.
-- Ацэбо – ацэб, ацэбо ацэб! – пачалі падганяць сваіх валоў зладзінцы і мужыкі з хутароў, каб неяк да змяркання прыехаць да сваёй хаты. А восеньскае сонца ўжо схавалася за небасхілам, адтуль толькі віднелася невялікае зарыва, якое сведчыла аб тым, што, пэўна, можа зранку і пакрыць усё наўкола марозным інеем. Бо час ужо коціцца да зімы, і рабочыя ўжо загадзя падрыхтавалі санкі з падсанкамі, каб зручней па снягу было вазіць бярвенні на лесапільны завод. Заробак, як і абяцалі, атрымоўваецца нядрэнным, калі б не абкладала падаткамі яго пані Ізабэла Маркварт. Апрача гэтага, яшчэ патрэбна было плаціць падатак са сваёй сялянскай гаспадаркі, на якой працавалі з ранку і да змяркання ўсёй сям’ёю. Добра хоць, што рабочыя і сяляне, якія працавалі ў пана Ермаловіча, не выконвалі дзесяціну на карысць пані.
Падводы пад’ехалі да смалакурні, дзе іх чакаў ужо інжынер. Хлопцы Мішковы – Васіль і Панас прымасціліся на паркане і чакалі свайго бацьку Івана, каб разам ехаць за балота на хутар. Чатырохкласнае вучылішча яны скончылі пераросткамі і цяпер сябе лічылі амаль ужо дарослымі: дапамагалі бацьку весці дамашнюю гаспадарку, хадзілі з ім іншы раз на паляванне, радаваліся, калі ім шанцавала на дзікага вепрука, якіх было ў лесе зашмат. Іншы раз яны спустошвалі іх пасевы, якія цягнуліся ўскрайкам балота і хлопцы самастойна выходзілі з дубальтоўкамі, залазілі на дрэвы і чакалі, калі ў цемнаце з лесу на іх пасевы выйдуць дзікія вепрукі. Здалёк чулі яны, як статак дзікіх свіней набліжаўся да засеянай паляны. Чуліся пісклівыя галасы парасят, рохканне старых свіней і паўсюдны трэск ламачча пад іх нагамі. Тут ужо прамаргаць нельга было, і хлопцы прыцэльваліся, амаль адначасова спускалі куркі са сваіх стрэльбаў і чакалі, калі спалоханы статак знікне ў гушчар, а тады паціху злазілі са сваіх сховішчаў і асцярожна ішлі ў цемнаце правяраць вынікі свайго палявання. Вельмі радаваліся, калі траплялі на забітага вепрука. Беглі адразу да хаты, будзілі бацьку, малодшага брата, запрагалі каня і ехалі гуртам па дабычу. Успаміналі хлопцы часта, як аднойчы сядзелі яны ноччу ў засадзе на вепрукоў, а іх чамусці вельмі доўга не было. І, стомленыя за дзень, хлопцы прыдрамнулі на сваіх сасёнках, пачалі бачыць нават сны, дзе яны ўдзвюх на вясковых танцульках запрашаюць дзяўчат, а тыя ўпарцяцца, не жадаюць з малалеткамі танцаваць. Тады Васіль з усяе сілы цягне на круг Алену Осіпаву, а тая упарціцца, адпіхвае яго ад сябе і так моцна піханула, што ён не ўтрымаўся і паляцеў на зямлю. А Панас, спрасонку, як трымаў на кручку сваю дубальтоўку, так і бабахнуў. Апамятаўся на зямлі Васіль, аклікнуў брата, які ў цемры ўжо ішоў яму насустрач. На гэтым іх начное паляванне і закончылася, яны паціху пакрочылі ў напрамку сваёй хаты.
Бацька штосьці затрымліваецца каля смалакурні, слухае парады інжынера, які гаворыць, што пан Ермаловіч раіць налічваць хлопцам меншыя грошы за работу, бо яны выконваюць яе на панскіх конях. Бацька пагаджаецца з гэтым і павольна ідзе да падводы, дзе хлопцы ўжо прымасціліся на вазу. Ззаду іх на вазу едзе на гэты ж хутар за балота Змітро Цімохаў са сваім сынам, таксама пераросткам, Данілам. Хлопцы сябруюць між сабою, дапамагаюць адзін аднаму нагружаць вазы бярвеннямі, на лесапільным заводзе іх выгружаць. Заўсёды разам прыходзяць са свайго хутара ў вёску па суботах і застольных святах на вясковыя гулянні, пачынаюць выглядаць прыгожых дзяўчат, імкнуцца праводзіць іх да хаты. А потым апоўначы пераклікваюцца па ўсім Зладзіне, каб сыйсціся і гуртам ісці да свайго хутара за балота. Дзяўчат сваіх з хутара хлопцы на гулянкі не звалі, бо з імі толькі былі клопаты: то іх пачакай, бо хлапец за катораю ўчапіўся, то яшчэ не сабраліся ўсе гуртам, а то яшчэ што – небудзь з імі здаралася. Пагэтаму між імі было вырашана: не зваць іх з сабою на вечарынкі ў Зладзін. Хіба толькі ў нейкія вялікія святы ў дзённы час яны збіраліся і ішлі ў вёску, каб пабачыць людзей, пабываць на танцульках. А потым гуртам, іншы раз з хлопцамі, вярталіся яны на свой хутар. А ў буднія дні, пасля таго, як добра ўтомляцца ў лесе за ягадамі ці грыбамі, або на сваіх кавалках зямлі, збіраліся яны ў адной хаце на вячоркі: пралі кужаль, вышывалі сурветкі, хусцінкі, сваім суджаным рубашкі – вышыванкі. І так дзень з дня, год ад года, пакуль не высватаюць і не пераедзе яна на новае месца жыхарства. Пагэтаму ў святочныя дні дзяўчаты з хутароў і збіраліся ў вёску, дзе больш было моладзі, дзе можна было і людзей пабачыць і сябе паказаць.
Так і ў гэты дзень у хаце Мікалая Осіпава сабралася шмат моладзі з навакольных хутароў і чакалі музыкаў. Дзівіліся як хутарская моладзь, так і мясцовая: чаму яшчэ ў хаце стаяць вучнёўскія парты да гэтага часу? А калі пабачылі, што з бакавушкі выйшла настаўніца і яшчэ незнаёмая з ёю дзяўчына, здагадаліся, яны будуць іх у чымсьці агітаваць. Так яно і атрымалася. Алена Міхайлаўна пачала з таго, што не пашкодзіла б мець нейкія веды і даросламу насельніцтву. Яна згодна нейкі час працаваць па вечарах з моладдзю, каб навучыць іх пісаць і чытаць. Пачулася хіхіканне сярод хлопцаў і дзяўчат. А калі настаўніца сказала, што далей будзе вельмі цяжка жыць неадукаванаму чалавеку, бо такі чалавек, што сляпы сярод людзей у горадзе – не ведае, куды яму ісці…
Больш уважліва слухалі хлопцы і дзяўчаты Маргарыту, бо яна ўжо на прыкладах прывяла некалькі доказаў, дзе ў з’яўленні хваробы павінны самі людзі, як можна пазбегнуць усяго гэтага. Яна паабяцала ў вячэрнія часы правесці некалькі гутарак на гэтую тэматыку і пачала адразу ж расказваць пра ўсё тое, што так з’яўляецца неабходным ведаць людзям, каб менш хварэць, якія прыродныя і такія лекі патрэбна выкарыстоўваць пры неабходнасці. Усе вельмі ўважліва слухалі яе. А калі ў канцы сваёй гутаркі яна яшчэ і паабяцала, што калі – небудзь з дзяўчатамі яна пагутарыць асобна, усе пагадзіліся з ёю. А Змітро Чэчка нават выкрыкнуў:
-- А мне можна будзе папрысутнічаць сярод дзяўчат?
Усе засмяяліся, пачалі варушыцца, зносіць школьныя парты ў адзін вугал, Цімох Чэчка расцягнуў мяхі гармоніка і пачаліся вясковыя музыкі. Спачатку заіграў ён падыспан, каб неяк разшавяліць моладзь, затым усе закружыліся ў лёгкім меладычным вальсе, а потым выслізнула з ягонага гармоніка вясёлая полька, ад якой нельга было ўстаяць на месцы. І хлопцы ў такт гармоніка і бубена выбівалі абцасамі чаравік усемагчымыя выкуртасы; паглядалі адзін на аднаго, скідвалі з потных твараў доўгія валасы, якія так і лезлі на вочы. А ўспацелыя дзяўчаты чуць што паспявалі за хлопцамі – танцорамі, перакідваючы свае ’’румынкі’’ праз іхнія чаравікі. Пасля такой полькі, у хлапцоў былі кашулі, хоць ты іх выкручвай. Яны выбягалі на вуліцу, цяжка дыхалі, круцілі самакруткі і зацягваліся дымам. Жарты ў іхнім натоўпе не сціхалі. Вялі паціху размову, каб не чулі дзяўчаты, хто каго сёння будзе праводзіць да хаты. Калі здаралася так, што адна з дзяўчын падабалася двум – тром хлопцам, тады адыходзілі яны за паркан і пачыналі вырашаць усё станоўча. Так і здарылася з выбарам Маргарыты, калі да яе вечарам падышлі адразу тры хлапцы, каб прыгласіць яе на танец. Нейкую хвіліну яна вагалася, а затым працягнула рукі да Змітра Чэчкі, бо ён ёй паказаўся больш сталым і больш – менш прывабным сярод другіх хлопцаў. Так яны пратанцавалі амаль увесь вечар, а затым ён яе праводзіў да хаты.
А ў той вечар хоць і цягнула прахалодаю з боку Ўбарці, але яны рашылі прайсціся па новым мосце на той бераг ракі, падыйсці да ўжо забытага парома і, пасля хуткасных полек, крыху адпачыць на лавачцы. Маргарыта многае расказвала пра Мазыр, пра жыццё ў горадзе, як яна вучылася ў школе, на медыцынскіх курсах, чаму прыехала сюды… Змітрок усё слухаў яе, рэдка ўстаўляў сваё слова, іншы раз зусім неўпапад. Тады яна спыняла сваю размову і нераспеў гаварыла:
-- Не хвалюйся ты гэтак! Я рахманая, не бойся мяне…
Ад усяго гэтага яму рабілася яшчэ горш, і ён крыху адступаўся ад яе, пачынаў гаварыць, як вазілі яны сёння бярвенні на лесапільны завод, што ён чуў там ад рабочых, у якіх умовах яны там працуюць… Яна неяк зусім няўважліва яго слухала, пазірала на рачныя хвалі, якія спяшаліся пад мост, каб схавацца там у цемнаце, а потым выскачыць на светлую ад месяца паверхню і паімчацца па цячэнню наперагонкі аж да самае Прыпяці, а затым па бурлівай вадзе і да самага Мазыра. Яна паспяшыла вылезці з парома і павольна па масту накіравалася да сваёй хаты, дзе яе чакаў бацька.
18
Пан Ермаловіч адчуваў сябе кепска. Моцна балела галава, дрэнна было і з сэрцам. Іншы раз раніцою яно чуць было не выскаквала з сярэдзіны, каб вырвацца на свежае паветра і не пампаваць больш алкагольную масу, якая ўвесь час паступала і паступала ў кроў. Ужо не раз па выкліку прыходзіла да яго Маргарыта, прыносіла яму нейкія лекі, прасіла яго, Альжбэту Генрыхаўну і Ганку, каб прыгледзелі за бацькам, бо можа здарыцца непапраўнае. Але ён нікога больш не хацеў слухаць, працягваў сваю справу. Калі заставаліся з жонкаю адны, часта ўспамінаў, як яны на вялікія сваты на сваёй карэце выязджалі ў Петрыкаўскі касцёл, вабілі там час. Бо ў той час ніводнага касцёла наўкола не было. Толькі ў пачатку дваццатага стагоддзя, калі выйшаў указ цара Мікалая ІІ ад 1905 года, які дазваляў свабоднае вызнанне каталіцкай рэлігіі, уладальнік Лельчыцкага маёнтка граф Тышкевіч пачаў будаваць касцёл. А дагэтуль усе каталіцкія вернікі задавальнялі свае духоўныя патрэбы ў касцёле ў Петрыкаве. Гэта была вельмі вялікая адлегласць і не кожны з каталіцкіх вернікаў мог пабываць у касцёле. Дбаючы пра дабро люду, бачачы яго духоўнае запушчэнне, набожны граф Фелікс Тышкевіч, які добра памятаў традыцыі сваіх дзядоў, пачаў будаваць сваім коштам касцёл.
Праз тры гады ў мястэчку Лельчыцы быў пабудаваны касцёл. На яго адкрыцці прысутнічаў і пан Ермаловіч з жонкаю. Ён дзівіўся, што амаль у цэнтры мястэчка вырас вялікі і прыгожы будынак. Быў ён драўляны, з адной вежай збоку, абшаляваны дошкамі, унутры пабелены – стаў як помнік набожных традыцый высакароднай сям’і, як крыніца ласкі Божай.
Альжбэта Генрыхаўна доўга ўглядалася ў будынак, накладвала раз – пораз крыж на сябе, паціху гаварыла Яцэку Осіпавічу, што столькі гадоў чакала яна, што з’явіцца паблізу іх божы касцёл і не патрэбна будзе ехаць аж у Петрыкаў—туды часта не будзеш ездзіць…
Будынак меў каля дзесяці метраў даўжыні, драўляны, падмурак з каменю. На званіцы і касцёле былі пазалочаныя крыжы. Вокны вялікія, пастаўлены былі вельмі высока, мелі толькі белыя шыбы. Па правым баку было шэсць акон, бо з левага была вежа і два акны меншыя. З правага боку было тры вялікія акны і адно малое ў прэсвітэрыю. З правага боку быў уваход на хор з паветранымі арганамі. Пры уваходзе ў касцёл стаяў вялікі крыж, на якім віднеўся распяты Ісус. Пад сподам была місачка на свянцовую ваду. Алтар быў зроблены з усходу, да яго вялі дзве ступені. Быў ён абгароджаны баляскамі, дзе быў пазалачоны рушнічок. Прэсвітэрыя была выслана дыванамі ручной работы. Балюстрада была фігурнай. У вялікім алтары быў пасярэдзіне каўчаг для святых і абраз сэрца Ісуса ў пазалочаных рамках. Над алтаром распяты Дух Святы Голуб, а побач былі анёлы. З левага боку быў таксама алтарык з фігурай св. Антонія, а з правага боку алтарык з Ісусам.
У сярэдзіне касцёла з двух бакоў стаялі лаўкі – для мужчын і жанчын асобна, а пасярэдзіне быў прасторны праход. На гэтых лаўках і прымасціліся пан Ермаловіч з жонкаю Альжбэтаю. Разглядалі хараство касцёла да таго часу, пакуль не пачаў правіць службу стары Ёзэф.
Альжбэта ўсё ўздыхала, па яе твары каціліся слёзы, яна бачыла перад вачыма сваю Ядвісю, якая не дажыла да гэтага часу. Яна паціху паднялася, падышла і паставіла свечку ў памяць аб дачцэ Ядвісі. Пан Ермаловіч маўчаў, сачыў за дзеяннямі жонкі. А яна падышла да пана Юзэфа і папрасіла яго пасля службы спавядацца. Расказаць яму аб тым, як без дазволу свайго бацькі ўцяклі яны Яцэкам з родных польскіх мясцінаў у гэты неабжыты людзьмі палескі край, як яна не перашкодзіла сваёй дачцэ Ядвісі пайсці ад іх назаўсёды, чаму яна ніводнага разу не паведаміла сваім бацькам аб тым, дзе яна знаходзіцца, ведала, што яе абавязкова забралі б адгэтуль. І многія, многія пытанні яшчэ яе турбавалі, праз якія яна і пажадала правесці сповед перад ксяндзом.
Дамоў ехалі моўчкі, пан Ермаловіч не хацеў надакучаць ёй сваімі пытаннямі, ведаў, што яна яму нічога не скажа, аб чым гутарыла на сповядзі яна ў ксяндза Ёзэфа.
Ехалі нацянькі праз Ліпляны, любаваліся квітнеючымі ліпамі, якія наўкола абступалі невялічкія драўляныя хацінкі, цягнуліся ўздоўж панскага маёнтка. Быў пачатак ліпеня і ліпнёвыя дрэвы аж зіхацелі ад сваёй квецені. Пан Ермаловіч, седзячы ў сваёй какрэце, пачаў углядацца ў ліпнёвыя дрэвы, у іх квітнеючыя кароны. На бліжэйшай ліпе, сярод густа – зялёнай лістоты, як зеленавата – жоўты накіп, пеніўся малады цвет. І раптам погляд яго наткнуўся на недарэчны сярод усёй гэтай маладой сакаўной зеляніны жоўты колер. Ён нават прыпыніў каня, прыгледзеўся лепш і ўбачыў, што гэта жаўцеюць на ліпах ніжнія лісточкі. Частка іх ужо апала і начнымі светлячкамі свяціліся на сонцы ў густой сакавітай траве. І гэта ўсё на яго павеяла нейкім сумам, неяк адразу пахаладзела ў сярэдзіне, на твары з’явіўся халодны пот. Ён хацеў злезці з карэты, каб зламаць некалькі галінак ліпы, але не змог…
Альжбэта прывезла яго дамоў амаль у непрытомнасці, баялася, што можа здарыцца з ім у дарозе непапраўнае. Блага было, што ў ягонай кішэні яна адшукала лекі, якія яму прыносіла Маргарыта і ўвесь час давала яму смактаць.
Пан Ермаловіч пасля ўсяго гэтага злёг на доўга. Нават калі ў сярэдзіне жніўня ў час палескай візітацыі арцыбіскупа Вінцэнта Клучынскага, які быў родам з ім з адной мясцовасці, з невялічкага польскага гарадка Бяла – Падляску, і даведаўся той пра яго ў петрыкаўскага ксяндза, бо ён з жонкаю лічыліся наведавальнікамі храма, не змог ён падняцца з ложка, каб стрэць свайго земляка. А ехаў арцыбіскуп Вінцэнт Клучынскі з Петрыкава, дзе ён наведваў касцёл. каб пабыць у новым Лельчыцкім касцёле, паглядзець, як праходзіць там служба, падзякаваць сыноў пакойнага графа Тышкевіча, якія таксама не былі ў баку, калі будаваўся гэты храм. А ў графа Тышкевіча было пяць сыноў і тры дачкі, якія і засталіся пасля яго смерці ўладальнікамі ўсіх яго зямель і маёнткаў.
Арцыбіскуп Вінцэнт Клучынскі з Петрыкава ехаў у Лельчыцы на пароме праз Прыпяць, затым яму дарогу паказалі на Астражанку. Ён вельмі скардзіўся пану Ермаловічу на зусім дрэнную дарогу, дзе рэдка калі праязджала тут карэта. Больш ездзілі сяляне валамі па гразі і карэннях, абміноўваючы паваленыя дрэвы, брады і азёры. А месцамі карэта не магла праехаць па вялікіх сыпучых пясках, коні стаміліся, адзін з іх, пэўна, захварэў.
Пачуўшы гэта, пан Ермаловіч, паглядзеў на Андрыяна і той зразумеў, што патрэбна каня замяніць.
Больш усіх радавалася высокаму госцю Альжбэта і Ганка, якія амаль не адыходзілі ад арцыбіскупа, усё надакучалі і надакучалі яго сваімі пытаннямі. Не забыла Альжбэта і папытаць у яго пра сваіх бацьку і маці, сваіх чатырох сясцёр і брата. Ён ахвотна расказваў усё як пра яе блізкіх, так і пра бацькоў пана Ермаловіча. Адзначыў, што бацькоў іх у жывых нікога ўжо няма, браты і сёстры многія раз’ехаліся, а некаторыя яшчэ і там жывуць. Ваш брат Уладзіслаў разам са мною вучыўся ў духоўнай семінарыі, зараз працуе ў Мінску.
-- У Мінску?! – амаль ускрыкнула Альжбэта. Патрэбна абавязкова яго бачыць!...
-- Я яму абавязкова перадам, што адшукаў вас – уцекачоў і ён абавязкова наведае вас. Ну, а калі хто з вас будзе там, дык адшукаць яго будзе вельмі проста – духоўная семінарыя.
Аляксей і Андрэй таксама вельмі цікавіліся знатным вяльможаю, трапілі, калі ў гутарцы з’явілася нейкая невялікая паўза, запыталі:
-- Мы ўжо скончылі наша мясцовае вучылішча, ці маглі б мы паступіць вучыцца ў духоўную семінарыю?
-- Чаму ж не. Магчыма, але для гэтага патрэбна будзе скончыць поўную школу і затым паступіць у духоўную семінарыю. Думаю, ваш дзядуля, які жыве ў Мінску, аб гэтым паклапоціцца…
Хлопцы абрадваліся, больш не надакучалі вялікаму госцю сваімі пытаннямі. А арцыбіскуп Вінцэнт Клучынскі працягваў сваю размову з панам Ермаловічам далей:
-- У графа Юзафа Тышкевіча ( царства яму нябеснае) маецца пяць сыноў і тры дачкі, якія між сабою пасля яго смерці не вельмі пачалі ладзіць, вось я і прыехаў, каб выявіць усю гэтую прычыну, бо многае пачало сказвацца на духоўным богаслужэнні касцёлаў. У спадчыну яго дзецям дасталося велізарнае багацце: Аляксандр атрымаў Крэтынгу і на Палессі Астражанку, Уладзіслаў – адпаведна Ландвараў і Маневічы, Антон – Койраны, млын у Вільні і Асавец, Фелікс – Палангу і Лельчыцы, Юзаф – Затрочы. Атрымалі адпаведную спадчыну і яго дочкі, але штосьці ў іх не ладзіцца з гэтым, наведваюць свае мясціны вельмі рэдка, а падаткі ад царквы і касцёлаў патрабуюць вялікія. Вось я хочу з гэтым і разабрацца…
-- Зразумела,-- неяк зусім паціху прагаварыў гаспадар дома. Відна было, што на гэты раз хвароба яго вельмі ахутала, моцна прыліпла да яго, невядома, ці зможа ён цяпер ад яе пазбавіцца. А тым часам арцыбіскуп Вінцэнт Клучынскі пачаў збірацца ў дарогу, каб неяк да цемнаты яшчэ дабрацца да Лельчыцкага касцёла.
Са сваёй карэты ён назіраў за хараством летняй палескай прыроды, кідаў вока на вершаліны высачэзных і таўшчэзных дубоў, якія, здавалася, паціху шэпчуцца з воблакамі, а многія схіліліся да Ўбарці, каб напіцца адтуль свежай крынічнай вады, уталіць жнівеньскую смагу. Возчык, які сядзеў наперадзе карэты, таксама не зводзіў вачэй з хараства лясной прыроды, відаць было, што ў Мінску такога ён не пабачыць, бо там заўсёды шумны натоўп людзей, якія ўвесь час усё кудысці спяшаюцца, нічога не хочуць заўважаць на сваім шляху. А калі што і стрэнецца прыгожае на шляху, то на яго няма ніякага часу, каб пацікавіцца ім.
Сонца ўжо хілілася да захаду, але свяціла яшчэ ярка і горача. Лёгенькі вецярок прыемна лашчыў успацелае цела арцыбіскупа Вінцэнта Клучынскага, які выглядваў са сваёй карэты, час ад часу саступаючы месца густой хвалі вязкай паўднёвай духаты. Калі карэта пад’ехала да алеі ліпнёвых дрэў, пацягнула нейкай прыемнай прахалодаю, стала лягчэй дыхаць, цені ліпаў схавалі карэту ад яркіх променяў сонца. І ў гэты момант арцыбіскуп падумаў, што вельмі штосьці дрэннае адбываецца з панам Ермаловічам, яго жыццёвыя сілы амаль пакідаюць яго:’’Абавязкова патрэбна будзе зноў заехаць да яго на зваротным шляху…’’
А ў гэты час пан Ермаловіч траціў прытомнасць. Каля яго ўвесь час круцілася Маргарыта, давала яму нейкія лекі, папрасіла, каб Андрыян хуценька адправіў каго ў лельчыцкую бальніцу за лекарам.
Але час нястомна працаваў не на карысць пана Ермаловіча. Ён пазіраў на ўсіх прысутных нейкім сваім засмучаным позіркам і нікога ўжо не пазнаваў, а потым у нейкую, для яго смяротную, хвілінку, спачатку закрыў вочы, а потым іх расплюснуў, павадзіў імі па прысутных, як бы развітваючыся з імі, ды так і застаўся ляжаць нерухома. Ганка і Альжбэта ўпалі на яго грудзі, пачалі праз плач крычаць, але праз хвіліну – другую зразумелі, што яго ўжо няма…
Пахаванне арганізавалі Пана Ермаловіча праз дзень. На ім прысутнічалі: вяльможная пані маёнтка Буйнавічы Ізабэла Маркварт са сваім мужам Альфрэдам і арцыбіскуп Вінцэнт Клучынскі, які даведаўся аб гэтым ад бальнічнага лекара, якога выклікалі з Лельчыцкай бальніцы да хворага, а таксама быў на пахаванні пана Ермаловіча і ксёндз Лельчыцкага касцёла Ян Жаўрыд з гаспадыняй касцёла, ягонай сястрою, Рэгінай, якая прывезла з сабою пеўчых.
У Зладзінскай капліцы, куды было дастаўлена цела Пана Ермаловіча, доўга праходзіла царамонія Лельчыцкага ксяндза і арцыбіскупа Вінцэнта Клучынскага, якім увесь час дапамагалі Рэгіна са сваімі пеўчымі. Альжбэта і Ганка праз плач выкрыквалі развітальныя словы, трацілі прытомнасць. Ад іх ні на крок не адыходзіла Маргарыта, падносіла да іх твару нейкую вадкасць, якая на нейкі момант прыводзіла іх да свядомасці. Асабліва было нясцерпна глядзець, як пакутвалі блізкія пана, калі пачалі яго на ручніках апускаць у глыбокую магілу, якая была выкапаная на Зладзінскіх могілках на паўночным баку. Вялізны смутак на ўсіх наводзілі галасы пеўчых касцёла, якімі кіравала гаспадыня Рэгіна. Андрыян стаяў каля Ганкі і ўвесь час трымаў яе за руку, змахваў з яе твару хусцінкаю слёзы, плакаў сам. І калі жвір пяску зрабіў магілку, ён падышоў да крыжа, паправіў на ім ленты і пра сябе прачытаў: ’’ Ермаловіч Яцэк Осіпавіч. 1850 – 1913 г.г.’’
Арцыбіскуп Вінцэнт Клучынскі яшчэ нейкі час пажыў у доме пані Альжбэты, каб канчаткова супакоіць яе, дапамагчы сваімі парадамі, як жыць ёй у далейшым, паабяцаў, што абавязкова раскажа аб усім гэтым яе брату ў Мінску і той іх непрыменна наведае ў бліжэйшы час. І ён накіраваў сваю карэту па крыху лепшай дарозе ў напрамку Мазыра…
19
Адчувалася ўжо восень. Дрэвы былі ў жоўтай і чырвонай лістоце. Паветра ўзнімалася ад зямлі густое, цяжкае, насычанае вільгаццю. Пацямнела і паніжэла неба, усё часцей вецер ганяў па зямлі лісце, спачатку вогненна – чырвонае, а затым і пацямнелае. Лісце часта падымалася ўгару і доўга кружылася ў чыстым вымытым частымі зацяжнымі дажджамі паветры. Дарогі паўсюдна сталі гразкімі, амаль не прасыхалі. І Андрыяна гэта вельмі непакоіла, бо даводзілася па гэтых дарогах штодзённа на валах і конях вазіць лес на лесапільны завод у Буду – Сафіеўку. Спазняцца нельга было, бо завод працаваў безперапынна і асноўную дрывасіну пастаўляў іменна ён са сваімі рабочымі. Добра што дамовіўся ён і нарыхтоўвалі лесаматэрыял па дарозе да Буйнавіч – бліжэй было вазіць лес на лесапільны завод.
Без пана Ермаловіча было яму працаваць крыху цяжэй. Шмат у восенскі час было работы па нарыхтоўцы сыравіны для смалакурні на ўсю зіму: патрэбна было нарыхтаваць на ўвесь час шмат смаловых каранёў, якаснай бяросты, сабраць усю падсочку смалы і яшчэ шмат іншых выканаць работ у падрыхтоўцы да зімовага часу. Пагэтаму, гаспадару смалакурні даводзілася штодзённа круціцца, як вавёрцы ў коле. Пагэтаму ён вылучае ў свае памочнікі маладога хлапца, сына Змітрака Цімохава, Данілу. Па гадах ён хоць і малады, але быў ва ўсіх справах хуткім, памяркоўным і надзейным, як і ўсе амаль вясковыя хлапчукі, нядрэнна скончыў пачатковую школу, меў нядрэнную характарыстыку ад настаўніцы. Андрыян даручыў яму кіраваць у зборы жывіцы, якую патрэбна было сабраць і даставіць да смалакурні ў кароткі тэрмін, паколькі могуць быць хуткія замаразкі, а гэтая работа ў такія часы не робіцца. На вывазцы лесу да лесапільнага завода, як і ў ранейшы час, быў Міхал Флёрка за старэйшага. На смалакурні па ранейшаму быў адказны за ўсе справы Іван Мішкоў. Яны ні ў якім разе не замянялі ранейшых назіральнікаў, пра якіх, з паяўленнем Андрыяна, пачалі ўжо ўсе забываць. Пагэтаму Андрыян смела мог не заўсёды ўмешвацца ў справы сваіх падначаленых; умешваўся ён толькі тады, калі ў гэтым мелася нейкая неабходнасць, або калі патрэбна было падказаць яшчэ зусім маладому Данілу Цімохаву. А той ганарыўся ўсім гэтым, працаваў з рабочымі на падсочцы ўвесь дзень з цямна і да цямна. І толькі надвячоркам, калі вярталіся з падсочкі за балота на свой хутар, разам са сваім сябрам Іванам Осіпавым заходзілі да яго, каб крыху адпачыць, пагутарыць аб чым – небудзь маладым, пажартаваць, бо маладыя сілы, як яны лічылі, у лесе не таміліся. Тут Даніла заўсёды кідаў нязначны позірк на сястру Івана Таццянку, дзяўчынку – падростка, якая была вельмі прывабненькай і прыгожанькай. Яна з імі жартавала, паказвала язык ім, калі што ёй не падабалася, або чым – небудзь яе крыўдзілі. Іван махаў у яе бок кулаком, спрабаваў злавіць яе, але яна, як тая вавёрка, выслізгвала з яго рук і бегла з хаты на падворак. Даніла сачыў за іх гульнёю, а калі ішоў ад іхняй хаты, ўвесь час назіраў за зграбнай яе постаццю, пакуль і не падыходзіў да сваёй хаціны, што стаяла непадалёку, на ўскрайку балота.
Достарыңызбен бөлісу: |