Пасля вайны скончыў мясцовую сямігодку, затым Асавецкую сярэднюю школу



бет1/24
Дата20.06.2016
өлшемі2.54 Mb.
#148808
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   24
Автобиография

Нарадзіўся Анатоль Станіслававіч Кашэвіч 28 чэрвеня 1937 года ў вёсцы Крушнікі Мазырскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і калгасніка.

Да вайны бацька, Кашэвіч Станіслаў Людвігавіч, працаваў у калгасе кавалём, маці, Людміла Мікалаеўна, працавала пры школьнай гаспадарцы.

У першыя дні вайны бацьку прызвалі на фронт. Прайшоў амаль усю вайну, загінуў у снежані месяцы сорак чацвёртага года.

Маці са сваім бацькам, дзедам Міколікам, як маглі, выратоўвалі чатырох маленькіх дзяцей зімою і ўлетку на лясных куранях ад фашыстаў, ад голада і холада. Усіх не ўдалося захаваць – памерла гадавалая сястрычка.

Пасля вайны скончыў мясцовую сямігодку, затым Асавецкую сярэднюю школу.

3 верасня 1956 года быў прызваны на службу ваенна – марскога флоту ў горад Севастопаль. Праслужыў на караблях Чарнаморскага флоту ў якасці радыётэлеграфіста чатыры гады.

Скончыў Мазырскі, затым Мінскі педінстытут. Больш за сорак гадоў працаваў у школах настаўнікам, з іх большую палову гадоў – дырэктарам школы… Выдатнік адукацыі СССР і БССР, мае многа другіх узнагарод, сярод якіх і медаль Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 2 ліпеня 1987 года ’’ За выратаванне ўтапаючых .’’

Зараз на пенсіі, жыве ў вёсцы Чырвонабярэжжа Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці.

С М А Л А К У Р Н Я

( дакументальная аповесць )

Ад аўтара.

Мне раней і ў галаву нават не прыходзіла думка, што пабудаваў я сваю хату ў чароўным месцы ля самай ракі Ўбарці, дзе раней, гэтак гадоў каля двухсот таму назад, на ўсю сваю моц працавала славутая па тым часе смалакурня пана Ермаловіча, які прыехаў сюды з Польшчы са сваім сямействам і пасяліўся на доўгі час, каб больш у карыслівых мэтах выкарыстаць танную працу беглых сялян, якія хаваліся ў гэтых забалочаных мясцінах ад сваіх крыўдзіцеляў. У большай сваёй колькасці траплялі сюды сяляне з Расіі, уцякаючы ад сваіх прыгонных памешчыкаў, якія даводзілі іх да галечы. Так і з’явіліся на гэтай забытай у той час людзьмі і Богам балоцістай палескай зямлі Мішковы, Осіпавы, Цімохавы і іншыя. Крыху пазней з боку Украіны пачалі сюды прыходзіць Стасенкі, Неваднічэнкі, Чэчкі, Флёркі і другія.

Сяліліся яны на хутарах, за непраходнымі балотамі, у густым лесе, некаторыя па – над Убарцю. Даводзілася ім вельмі шмат працаваць, каб мець штосьці для сваёй гаспадаркі: карчавалі лес, рабілі палі, сеялі збажыну, займаліся паляваннем, рыбалоўствам. Асабліва займаліся яны ў той час бортніцтвам – разводзілі сем’і пчол, выкарыстоўвалі мёд дзікіх пчол – слепатаў. Іх вуллі – калодкі былі паўсюдна не толькі на дубах каля Ўбарці, але і па ўсім лесе. Можа ад слова ’’борці’’ і з’явілася ў іх у той час і сама назва нашай прыгожай ракі Ўбарці, хто ведае? А была яна ў той час многаводная, берагі яе нельга было акінуць нават вокам, глыбіня яе заставалася амаль увесь год вялікая. Безперашкодна ў той час заходзілі з боку Прыпяці невялікія судны з далёкіх краін, купцы вялі гандаль з мясцовымі жыхарамі. Больш за ўсё абменьвалі яны свае тавары на пушніну, мёд, сушаную рыбу. А рыбы ў рацэ было вельмі многа. На быстрынях, каля віроў, касякамі стаялі супраць цячэння таўстаспіныя язі, увесь час усплываючы на паверхню і ловячы апалых з дубоў вусеняў, жукоў. Каля карчоў лазняку на сонцапёку, замаскіраваўшыся ў падводнай траве, падрыхтаваны для нападу на сваю ахвяру пражэрлівы шчупак. Вось ён выскачыў з вады і б’е магутным хвастом па паверхні, глушачы малькпў і хапаючы напалоханых рыбак.

На дне глыбокіх плёсаў ціха – ціха спіць сом. Толькі на захадзе сонца ён прачынаецца і пад адчуваннем голаду выходзіць на мелі страшным начным разбойнікам. Усю ноч ён шумна гуляе па рацэ, даючы сабе знаць моцным плюханнем на мелкаводдзі. І толькі на світанні вяртаецца на старое месца каб добра выспацца.

Непрыкметнае жыццё вядзе ў рацэ лешч. Гэта мірная рыба любіць глыбокія з павольным цячэннем мясціны. А пад карэннямі, у затопленным галлі, бурна вядзе пад вадой сваё жыццё паласаты акунь. Ён не супраць паласавацца дажджавым чарвяком і маленькімі рыбкамі. Апрача ўсіх гэтых відаў рыб у нашай Убарці вадзілася ў той час шмат іншай рыбы, бо былі для гэтага вельмі спрыяльныя ўмовы для яе развіцця і чалавек, як і сама прырода, умелі захоўваць усе гэтыя каштоўныя багацці, як для сябе, так і для будучых нашчадкаў…

Робячы падмурак пад маю хату, рабочыя здзіўляліся, адкуль столькі смалы ў гэтай зямлі. Цэлыя пласты зацвярдзелых залежаў наўкола куды не капні рыдлёўкай, пласты зацвярдзелых вугальных залежаў. Даводзілася ўвесь час прабіваць зямлю толькі ломам, каб хоць крыху паглыбіцца, зрабіць хоць нейкі падмурак. І з вялікаю цяжкасцю рабочымі быў пабудаваны мой дом на тым месцы, дзе некалі даўно працавала славутая смалакурня пана Ермаловіча…
1
Пан Ермаловіч не зусім быў задаволены далёкімі гандлярамі, якія наведвалі гэтыя мясціны, у сялян выменьвалі на свае заморскія рэчы пушніну, сушаныя грыбы і ягады, мёд, мёд дзікіх пчол – слепатаў, якіх у лесе было зашмат, іншы раз плацілі сялянам за ўсё гэта нават грашыма, чаго не мог стрымаць ён, бо ведаў, што гэтыя грошы абавязкова трапяць у шынок да яўрэя Лайхмана, што перашкодзіць у нейкім сэнсе яго прадпрыемству на смалакурне. Шынок яўрэя Лайхмана стаяў якраз на раздарожжы непадалёку ад смалакурні, ля самай ракі Ўбарці. У вячэрні і начныя гадзіны туды часта заглядвалі яго рабочыя смалакурні, якія на наступную раніцу былі мала прадуктыўныя да працы. Але пан Ермаловіч з гэтым нічога не мог зрабіць, бо і так сялян у гэтай мясцовасці было няшмат, а яшчэ і жылі яны ў розных месцах гэтых непраходных мясцін, што перашкаджала мець сувязь з імі, сачыць за іхнімі заняткамі, паводзінамі. Ды і за свае промыслы яны мелі ад гандляроў занадта большы прыбытак, чым ад яго смалакурні. Усё гэта добра ведаў гаспадар смалакурні, пагэтаму ў такія дні і сваіх назіральнікаў ён папярэджваў, каб не вельмі здзекаваліся з іх, забараняў у такія дні прымяняць да сялян пакаранні праз канюшню. А калі ўжо заморскія гандляры ад’язджалі з гэтых мясцін і грошай ў кішэнях у сялян не вадзілася, тады пан Ермаловіч усё прыводзіў у парадак: сваім прыбліжаным даваў каманду пакараць тых, хто хоць крыху парушаў парадак у дні гандлю, дрэнна працаваў на смалакурні.

Іншы раз і сам пан Ермаловіч падыходзіў да гандляроў, каб купіць у іх нейкія абноўкі для сваіх дачок і жонкі. Ён доўга разглядаў розныя рэчы заморцаў, прымерваў на сябе рознае адзенне, абутак, разглядаў квяцістыя хусткі для сваіх дзяўчынак, жонкі, перакідаў з рукі на руку розныя ўпрыгожванні, прасіў аддаць іх танней для яго, а калі яны не пагаджаліся з ім, лажыў у кішэню, адтуль даставаў грошы, забіраў свае рэчы і нацянькі крочыў ад Убарці ў бок свайго дома, дзе яго чакалі ўжо ягоныя дзве дачкі і жонка Альжбета.

Малодшая дачка Ганка падоўгу не адыходзіла ад люстэрка, прымераючы і прымераючы свае абноўкі, імкнулася перамераць і ўсе абноўкі сваёй старэйшай сястры Ядвісі, якая была больш стрыманая і памяркоўная. Як казаў бацька – уся ў сваю маці.

За гэтым заняткам яны і не заўважылі, як з рачной пасудзіны зышоў на бераг малады рослы хлапец і нацянькі накіраваўся ў кантору іх бацькі, якая цяснілася амаль ля самой смалакурні.


Калі крочыў Андрыян ад Убарці да смалакурні, заўважыў чароўную восеньскую прыроду Палесся. Па лугу, між кустоўя, святліўся восенскі туман – нібыта павольная рака, якая знайшла сабе новыя берагі, затапіла ўсё навокал, нават невялічкі агарод, які туліўся непадалёку ад Убарці ў бок смалакурні, і плыве праз усё гэта ціха – ціха, амаль незаўважана. Вунь з туману, як усё роўна з вады, тырчаць верхавінкі невялічкіх дрэўцаў – іх усяго невялікая колькасць, стаяць нерухома, нібы напалоханыя чымсьці, пакрыты белымі хвалямі туману. Такога хараства прыроды малады інжынер у сябе на радзіме ніколі не бачыў. Але што яго пагнала ў гэтую палескую глухамань, пэўна, аднаму яму і вядома, што і застанецца з ім назаўсёды. Заўважыў, што сівая ад расы, бела – зялёная, ядраная лугавая атава распрасціралася вакол яго аж да самага туману, і ён асцярожна кранаў яе нагамі, рабіў за сабою ланцужковую дарогу ў напрамку смалакурні.

Нерашуча прыадчыніў Андрыян скрыпучыя дзверы канторы смалакурні і заўважыў за сталом вельмі нечым засяроджанага пана Ермаловіча, які спачатку нават не зірнуў у яго бок, а потым неяк нерашуча адарваў свае вочы ад паперчыны і запытаў:

-- Ты да мяне з якою справаю завітаў?

Андрыян асцярожна дастаў з кішэні паперчыну і падаў яе ў рукі пана Ермаловіча. Прачытаўшы, той адразу павесялеў, радасна сказаў:

-- Мне вельмі патрэбен на прадпрыемства спецыяліст, бо адзін я зусім не спраўляюся. Але ж можна пацікавіцца, якім шляхам Вы дабіліся да мяне? Не хочаце адказваць – не трэба. А працаваць пачнеце з заўтрашняга дня. Жыць будзеце ў бакавушцы майго дома, уваход асобны.

Ён падышоў да Андрыяна, паціснуў яму руку і праводзіў яго ў ягонае новае жыллё. Не забыў пры гэтым запрасіць яго ў свой дом на вячэру.

Паколькі да вечара ў маладога інжынера было часу зашмат, вырашыў ён прайсціся каля рэчкі, крыху паразважаць самім з сабою, яшчэ раз зазірнуць у чароўную прыроду восені, яшчэ і яшчэ раз вырашыць, ці правільна зрабіў ён, што ўцёк ад уладаў у гэты далёкі палескі край, дзе, пэўна, ноччу будзе чуць ён, як спяваюць свае нудныя песні ваўкі, ды наводзяць смутак на сэрца спевы пугачоў. Хоць ніколі яму і не даводзілася чуць і бачыць усё гэта, але ж чытаў ён у нейкай літаратуры, калі вучыўся ў тэхналагічным інстытуце ў Кіеве. Успаміны адзін за другім палезлі ў галаву: успомніліся хлопцы па інтэрнату, з якімі прайшлі гады вучобы ў інстытуце, паседжанні гуртоўцаў, якія заклікалі да звяржэння самадзяржаўя, тыя малаасэнсаваныя шляхі барацьбы з усім гэтым злом. І адзіны шлях, які быў выбраны імі, гэта шлях збліжэння з народам, уваход у народ… Яшчэ, пэўна, многія лезлі б думкі і ўспаміны яму ў галаву, каб не пачуў ён крыкі пералётных птушак, якія даносіліся з – за Ўбарці, а праз колькі хвілін заўважыў ён, як, чапляючыся крыллем за нізкія хмары, над ракою ляцелі ў вырай журавы. Яны спакойна, не спяшаючыся, махалі ў воблаках крыллем, на якое, здавалася, як павуціна, намотвалася прадкае хмаравінне, махалі, нібы развітваючыся з усім, што бачылі зверху, і неяк задумліва, нават крыху сумнавата, курлыкалі.

Жураўліны клін то крыху звужаўся, то, расшыраючыся, нават заломліваўся даўжэйшым канцом, але хутка выроўніваўся і ствараў новы клін. І гэты птушыны вырай шастаў крыллем над кустамі, вершалінамі дрэў увесь час прыгожа і настойліва – з важаком наперадзе.

Растанная жураўліная песня, як камячок тугі, качалася ў паветры, а потым з лёгкім пошумам крылаў павольна і амаль нячутна ападала на ўсё жывое, на людзей, якія сачылі за гэтым клінам, слухалі гэты тужлівы спеў жураўлёў.

Гэты жураўліны спеў наганяў нейкі смутак і на інжынера, бо ён неяк утаропіўся сваім позіркам у грэбнявую далячынь лесу, што стаяў за Ўбарцю і аб нечым усё думаў і думаў. А думкі яго зводзіліся ўсё да аднаго: ці правільна ён зрабіў, што па савету свайго дзядзькі, які жыве ў Мазыры і зрабіў яму ўсе неабходныя паперы для работы на смалакурні, з’яўляюцца станоўчымі. І ён яшчэ раіў яму, каб абавязкова ён бліжэй пазнаёміўся з яўрэем Лайхманам, які зможа яму ва многім дапамагчы…

Неяк незаўважана надыходзіў першы вечар у жыцці маладога інжынера вось тут на Палессі, сярод цемнаты і нейкай смутковай непрадсказальнасці. Неяк рэзка дыхнула прахалодаю, заімжэў нудны і золкі восенскі дожджык, пачала абступаць паўсюдна густая, тугая цемень, ды так шчыльна, што нават, здавалася, пачаў адчуваць Андрыян, як па лістах, што яшчэ не паспелі апасці, гулка сячэ дождж. Са свайго невялічкага акенца ён пачаў углядацца ў цемру, каб заўважыць хоць нейкія абрысы дрэва, каб неяк перабегчы колькі метраў да ганка, дзе быў уваход у кватэру пана Ермаловіча.

2
Ганка, як заўсёды, займалася перабранкаю са сваёю сястрою Ядвісяю. Ёй не падабалася, што тая заўсёды імкнулася ў свой бок адкінуць усё тое лепшае, што купіў ім іх бацька ў гандляроў. Іншы раз яны далёка за поўнач вялі між сабою сварку за тую ці іншую квяцістую хусцінку, хоць і былі яны з выгляду амаль аднолькавыя, гэтыя хусцінкі. Ну а калі ўжо даводзілася выбіраць штосьці цікавейшае з купленых рэчаў, дык без сваркі тут не абыходзілася. Ганка імкнулася абхітрыць сваю старэйшую сястру, неяк зусім незаўважана хавала невялічкую рэч у свае густыя кучаравыя белакурыя валасы, чаго ніяк не заўважала Ядвіся. А пазней у зручным выпадку даставала схованае і лажыла ў свае патаемнае месца. Вось так і у гэтым выпадку, калі да іх пастукалі ў дзверы, яны нават не звярнулі на гэты стук ніякай увагі. Андрыян нават было ўжо і разгубіўся, хацеў павярнуць назад, але ў гэты момант да яго слыху данеслася шорганне чыісціх ног і ён спыніўся. Дзверы адчыніла сама гаспадыня, пані Альжбета. Калі ад дамашняга святла крыху неяк асвяціўся твар госця, яна, быццам бы чагосці спалохалася, напачатку адхіснулася, а потым прыйшла ў сябе і ласкава запрасіла госця ў хату.

Андрыян не забыў падарыць гаспадыне букет прыгожых восеньскіх кветак, якіх старанна назбіраў надвячоркам на лузе, два астатніх, акуратна звязаных шаўковым шнурочкам, ён у пакоі падарыў дзяўчатам.

Ядвіся прыняла яго падарунак як належнае, а вось Ганка не абышлася без падкавырак. Яна панюхала кветкі і неяк звычайна надзмуўшы свае ружовыя губкі, бы тыя паспелыя памідоры, і голасна выгукнула:

-- А у нас такіх кветак на лузе хоць касою касі…

Усе пераглянуліся, маці неяк злосна паглядзела ў бок Ганкі, але тая не спынялася, працягвала нешта шчабятаць сваё, пакуль з бакавушкі не выйшаў гаспадар. Ён паглядзеў на Ганку і тая адразу змоўкла.

-- Калі ласка, прашу да стала, Андрыян Васільевіч, будзьце як дома.

Ён узяў яго за руку, каб зняць з яго нейку недарэчнасць, і праводзіў яго да стала. Сеў побач сам, пасадзіў непадалёку ад госця старэйшую дачку Ядвісю, а побач з ёю і Ганку. Маці папрасіў, каб тая падавала на стол пачастункі. Калі тая зрабіла ўсю сваю работу, запрасіў і яе прымасціцца ля дочак.

-- Я прапаную падняць кілішак за нашага госця, Андрыяна Васільевіча, інжынера нашай смалакурні. Спадзяюся, што ў нас справы на нашым прадпрыемстве пойдуць значна лепш, бо аднаму мне, ужо пажылому, пад час было спраўляцца цяжкавата – годы не тыя.

-- Чаго ж нас, татусь, не бярэш да сябе у дапаможнікі? – прашчабятала малодшая любіміца яго Ганка. – Мы б з Ядвісяю ого колькі дапамагалі б ва ўсім табе. Праўда, Ядвіся?

Тая толькі праз сілу ўсміхнулася, таўкнула яе рукою пад бок.

-- Ведаю я такіх памочнікаў у маёй справе. Лепш дапамагалі б вы сваёй маці ў яе хатніх справах, ды рэгулярна займаліся б самаадукацыяй, чыталі б больш мастацкай літаратуры. А Вы любіце мастацкую літаратуру?—ужо да інжынера звярнуўся пан Ермаловіч.

-- Люблю чытаць і мастацкую літаратуру, але больш за ўсё чытаю навуковую, што больш звязана з маёю спецыяльнасцю.

-- Гэта пахвальна, але ж ёсць ужо і нядрэнная класічная літаратура, якую я іншы раз чытаю з вялікім задавальненнем. Праўда, у нас тут не вельмі разгонішся ў гэтым напрамку, даводзіцца прывозіць з Мазыра, Турава.

-- У мяне ёсць некалькі кніжак мастацкай літаратуры, -- паціху сказаў Андрыян, -- магу даць пачытаць, калі хто пажадае.

-- Я абавязкова вазьму у Вас гэтыя кнігі пачытаць, -- першай азвалася Ганка. – А калі гэта магчыма зрабіць?

-- Заўтра зранку гэта магчыма будзе і зрабіць, -- удакладніў інжынер.

-- Гэта вельмі цудоўна! – запляскала у свае беленькія далонькі Ганка.

-- Ды зупакойся ты, чаго засакатала, як тая нясушка! – строга папярэдзіла маці.

-- Ужо і пагаварыць нельга, -- пакрыўдзілася Ганка і на нейкі момант змоўкла.

Усе некалькі хвілін маўчалі, старанна перажоўвалі ежу, пераглядаліся між сабою. Пакрыўджаная Ганка зноўку першай пачала размову.

-- Дык Вы вучыліся дзе, у якім горадзе?

-- Вучыўся я ў Кіеўскім тэхналагічным інстытуце на інжынера, скончыў яго ў мінулым годзе, крыху працаваў на прадпрыемстве, а затым вось прыехаў сюды, каб пабачыць цудоўную палескую прыроду, бліжэй пазнаёміцца з усім, акружаючым нас.

Пасля некалькіх кілішыкаў гарэлкі гаспадар хаты захмялеў, не раз прымушаў выпіць і госця. Але пабачыў, што той не вельмі ахвочы да гэтай справы, адчапіўся ад яго, больш сам сябе запрашаў і не адказваў сабе ў гэтым.

Калі засталіся яны з госцем адны, Ганка бліжэй падсела да Андрыяна і пачала сыпаць госцю адно пытанне за другім. Яе цікавіла вельмі многае з яго жыцця : ці цяжка было вучыцца ў горадзе, як там бавіць час моладзь, чым яна займаецца, ці ёсць у яго дзяўчына, хто ў яго дома застаўся і многа шматлікіх другіх пытанняў. А калі на ўсе свае пытанні атрымала станоўчыя адказы, вырашыла падсесці да яго бліжэй, нават крыху рукою адсунула Ядвісю ад яго.

Яе блакітныя вачаняты так і зыркалі на яго. Здавалася, што ў яе воччу можна проста ўтапіцца, а яе пульхенькія губкі, бы тыя спелыя памідоры, так і свецяцца ад полым’я свечак. Прыпаднятыя да верху яе грудзі так і хадзілі хадуном, калі яна смяялася з таго, што сама прыдумвала і гаварыла. Лёгкі дзявочы стан яе выгібаўся, калі яна бліжэй і бліжэй усё нахілялася, каб штосьці запытаць у яго новае. Яе завіткі ільяных кучаравых валасоў часта падалі на яе вельмі прыгожанькі лобік, яна іх раз – пораз белаю ручкаю скідвала, а яны, непаслухмяныя ўсё лезлі і лезлі на яе прыгожы дзявочы тварык.

Андрыян адчуў, што ўжо вельмі ж загледзеўся на гэтую зусім чароўную дзяўчынку і праз сілу адавёў ад яе позірк і звярнуўся да Ядвісі:

-- Чамусьці Вы ні аб чым у мяне не пытаеце? Ці Вас нічога не цікавіць?

-- Ды я проста слухаю, што ўвесь вечар тарабаніць мая сястра, бачу і адчуваю, як яна вам надакучае.

-- Хто, я тарабаню?

Яна схапіла Ядвісю за вопратку, каб далей адштурхнуць яе ад госця, але сарафанчык сястры лопнуў на грудзях і яна хуценька закрыла іх рукамі і выскачыла з – за стала.

У пакой з кухні заглянула гаспадыня, яна прыкрыкнула на Ганку, нешта нявыразнае сказала ў яе адрас і папрасіла ў яго прабачэння, пры гэтым дадала, што яны заўсёды жывуць так, як не родныя, і больш за ўсё вінаватая ў гэтым Ганка.

Андрыяну нічога больш не заставалася, як падзякаваць гаспадыню за вячэру, папрасіць прабачэнне за ўсё, у чым магчыма і ён вінаваты, нізка схіліў галаву перад ёю і зачыніў за сабою дзверы…

Спаць не хацелася. Ды і дожджык, які сыпаў з вечара, сціх, неба праяснілася, на небасхіле з’явілася поўня. Цяпер, падняўшыся ўгару, яна стала белай і яркай – святло яе лілося паўсюдна: і на платы. і на сад, які выглядзеў яшчэ з не зусім апалым лісцем. Да слыху данеслася нейкае стракатнае, як хто ваду пералівае, то далей, то бліжэй. Непадалёку ад хаты працякае рака Ўбарць, відаць, адтуль і чуецца гэтае стракатанне. І тое, што чуецца, яшчэ болей падкрэслівае ціш і веліч бледнаватага святла. Андрыян усё глядзеў на гэтую поўню, якая, падняўшыся ўгару, асвятляе ўсё наўкола нерухом стылым святлом, ад якога на душы і боязна і хораша. І мо таму яшчэ болей адчуваецца тое бяздоннае, з якога свяціла поўня, і мо таму зямля здавалася малой, як той шар, закінуты магутнай рукою ў гэтую чорную з мігаючымі зорамі бяздушную прорву, дзе адзіная радасць і суцяшэнне – святло поўні.

Яшчэ доўга хадзіў ён за агародамі, любаваўся начнымі палескімі краявідамі, углядаўся ў акрэслены начны цень дрэваў, што раслі непадалёку ад сядзібы, падыходзіў да Ўбарці, глядзеў, як палошчацца ў ёй поўня, як дыхае рака сваёю прахалодаю, удыхаў на поўныя грудзі гэтае вільготнае паветра і крочыў ад ракі ў напрамку смалакурні…

3

Раніцою прачнуўся інжынер, калі толькі восеньскае сонца пачало прабівацца да яго ў памяшканне. Ён прывёў сябе ў парадак і выйшаў праміком да смалакурні. Там ужо збіраліся рабочыя, якія ўважліва слухалі пана Ермаловіча. Пасля ўсяго таго, як гаспадар пазнаёміў яго з рабочымі, з яго абавязкамі, падкрэсліў, што падпарадкоўвацца павінны рабочыя яму ва ўсім, што прыкажа інжынер, ён спусціўся ў памяшканне смалакурні, пагутарыў з рабочымі, якія былі заняты непасрэднай работаю, занатаваў сабе для памяці некалькі заўваг і толькі тады падышоў да Ермаловіча, каб выказаць нейкія свае меркаванні. Ермаловіч уважліва выслухаў яго, крыху зморшчыў свой твар, але потым паабяцаў што – небудзь уладкаваць у яго прашэнні, бо і сам ведаў, што ад гэтага будзе яму толькі прыбытак.



Партыю апрацаванай смалы – жывіцы адправілі сёняшнім жа днём на Мазыр, дзёгаць, скіпідар і другія меншзначныя вырабы смалакурні спакавалі ў драўляны посуд і таксама праз колькі дзён адправілі заказчыкам. З гэтым таварам у Мазыр паехаў сам інжынер, каб атрымаць там новы варыўна чыгунны кацёл для смалакурні і жалезную тару, каб замяніць яе на драўляную, якою карысталіся да гэтага часу на прадпрыемстве і няслі адпаведныя страты.

Прыдбаць усё гэта для смалакурні за танны кошт дапамог Андрыяну яго дзядзька Моўша праз сваіх сяброў – яўрэяў. І калі інжынер усё гэта на падводах даставіў на смалакурню, пан Ермаловіч ад радасці быў на сёмым небе. Ён падыходзіў да бліскучых рэчаў, гладзіў іх рукамі, паціху пасміхаўся ў свае пшанічныя вусы, у думках быў вельмі удзячны свайму інжынеру. Нават з’явілася ў яго нейкая беглая думка наконт таго, каб неяк яго прыжаніць на адной са сваіх дочак, у далейшым зрабіць яго ўладальнікам смалакурні, бо ён ужо стараваты, каб спраўляцца з гэтай цяжкаватай для ягоных гадоў работай.

Рабочыя таксама разглядалі бліскучыя жалезныя рэчы, аб чымсці між сабою размаўлялі, ведалі, што ад прыбытку пана ім чакаць павышэння заробку не давядзецца, хіба толькі з прыходам інжынера на смалакурню што – небудзь зменіцца, бо відна адразу, што ён разумны і нядрэнны чалавек. Іван Мішкоў, які прыехаў на кані з – за балота, амаль голасна выгукнуў ўслых думку рабочых. За што і атрымаў адразу ж заўвагу панскага наглядчыка.

-- Ужо зарубцавалася твая спіна ад канюшні? – злосна выгукнуў той.

Іван паглядзеў на яго сярдзіта і нічога больш не сказаў, бо ведаў, што з гэтымі паганцамі лепш не звязвацца. У мінулы раз ён заступіўся быў за сваго хутараніна Цімохава, які ўслых выказаў сваю думку наконт малога свайго заробку, дык яго адразу ж і павялі на канюшню, а за ім следам і яго. Давялося з тыдзень праваляцца дома, залізваць адварам раны. А Васіля Карповіча з лугавога хутара дык на канюшні амаль да смерці не забілі толькі за тое, што са злосці наглядчыку паказаў дулю.

Калі пачыналі скардзіцца на свавольствы панскіх служак, ён толькі ўсміхаўся ў свае пшанічныя вусы, ды іншы раз палохаў сялян, што аддасць іх пад уладу іншага пана, а той будзе ведаць, што рабіць з уцекачамі ад царскай улады. Пасля такой размовы сяляне замаўкалі надоўга…

У гэтыя восеньскія дні патрэбна было нарыхтаваць шмат для смалакурні смаловых пнёў, бярозавай кары, сабраць у сасновым лесе астаткі ад падсочкі смалы – жывіцы. І ўсе гэтыя працаёмкія работы цяпер ужо амаль цалкам леглі на плечы інжынера. Ён з ранку да вечара мітусіўся сярод рабочых, даваў адпаведныя даручэнні, правяраў іх выкананне. Новае абсталяванне на смалакурні, разумны падыход рабочых да выканання яго даручэнняў, павышаныя разлікі ў налічэнні заробка рабочым ад усяго прыбытка прадпрыемства, далі свой плённы вынік. Значны прыбытак ад смалакурні атрымаў і пан Ермаловіч, ён быў вельмі задаволены работаю інжынера, даваў і яму нядрэнны заробак. Але ж пакуль ён ніяк не хацеў пагадзіцца з прапановаю інжынера, калі гаворка заходзіла аб непатрэбнасці трымання наглядчыкаў на смалакурні.

-- Лепш няхай бы працавалі яны па гаспадарцы, было б значна больш ад іх карысці, -- не раз запэўніваў інжынер пана Ермаловіча.

Але гаспадар смалакурні заўсёды стаяў на сваім – за ўсё жыццё ён быў зашмат напалоханы свавольствамі беглых сялян, якія не раз бунтавалі, браліся за вілы і сякеры. Пагэтаму ён лічыў, што яшчэ зусім рана сялянам даваць нейкую вольнасць пасля адмены прыгоннага права.

З кацельнай, якая ацяпляла смалакурню, дом пана Ермаловіча і службовыя памяшканні, вырывалася чырвонае полымя, выхопліваючы з цемені асобныя прадметы, адзінокага рабочага, які кідаў у печ вугаль. Побач, на ўслончыку сядзеў наглядальнік, які не зводзіў вачэй з рабочага чалавека.

-- І навошта ён тут патрэбен? – пра сябе падумаў Андрыян. – Толькі лішнія грошы яму плаці. Хіба сумленны рабочы, калі будзе ведаць, што за сваю работу атрымае ён нядрэнны заробак, пачне дрэнна працаваць, або шкодзіць гаспадару? Вядома, не. І ён вырашыў пагутарыць аб гэтым з рабочым Іванам Мішковым у прысутнасці нават наглядчыка. Але гаворка ў іх не атрымлівалася, бо рабочы адказваў на яго пытанні зусім неахвоча, часта зыркаў у бок прысутнага. Гэта зразумеў і інжынер, бо хутка пакінуў памяшканне кацельнай.



Достарыңызбен бөлісу:
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   24




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет