Таму ў другой палове ХVІІ ст. у гарадскім жыцці пачаўся эканамічны і культурны заняпад. Адбывалася аграрызацыя краю. Практычна ўсе гарадскія рамеснікі-хрысціяне падчас вайны 1654–1667 гг. былі вывезеныя ў Масковію, бо там цэхавага навучання рамяству не існавала. У Маскве з беларускіх палонных узнікла цэлая Мяшчанская слабада. Ацалелыя гараджане ВКЛ перасяляліся ў вёскі, дзе засталіся свабодныя хаты і шмат пустой зямлі, за карыстанне якой памешчыкі вызвалялі перасяленцаў ад усіх падаткаў і павіннасцяў на 5–15 гадоў. Канфесійны склад гарадскіх жыхароў рэзка змяніўся. Калі да сярэдзіны ХVІІ ст. сярод іх пераважалі хрысціяне, то пазней – іудзеі, якія не мелі права працаваць на зямлі і карыстацца ільготамі. Магістраты па сваім складзе станавіліся каталіцкімі. У 1699 г. праваслаўным увогуле забаранялася займаць выбарныя магістрацкія пасады. Аўстрыйскі пасол Ёган Георг Корб, які ў 1698 г. ехаў праз Беларусь у Маскву, бачыў у Барысаве гараджанаў, прыбітых за языкі цвікамі да дзвярэй за тое, што адмаўляліся плаціць феадальныя паборы.
Такім чынам, у другой палове ХVІІ ст. ліцвінскі горад стаў па складзе насельніцтва яўрэйскім, магістраты трапілі ў рукі спаланізаваных гараджанаў, а аўтахтонны этнас пачаў атаясамляцца толькі з сялянствам.
Потым была Паўночная вайна (1700–1721), падчас якой насельніцтва беларускіх земляў паменела на траціну. У выніку ваенных дзеянняў і чумы, што віравала паміж 1708 і 1717 г., гарады зноў панеслі вялікія страты. Так, самы магутны гандлёвы цэнтр верхняга Падняпроўя Магілёў быў разбураны шведскай арміяй, а пазней, у верасні 1708 г., поўнасцю спалены на загад Пятра І. Нават у сярэдзіне ХVІІІ ст. з 467 гарадоў і мястэчак, што існавалі сто гадоў таму, заставалася толькі 228. У 1780 г. у Полацку заставалася каля 1000 жыхароў, у Менску – 1830, Берасці – 1800, Гародні – 2200. Колькасць гараджанаў скарацілася настолькі, што ў некаторых прыватнаўласніцкіх гарадах мяшчане, як і даўней, адбывалі памешчыцкія павіннасці сумесна з жыхарамі воласці: выканаць гэтыя павіннасці ў адзіночку яны былі няздольныя.
Зніжалася ўраджайнасць беларускіх палёў. Прусія апярэджвала ВКЛ па вытворчасці збожжа ўжо з той прычыны, што ў 1777 г. у каралеўскіх маёнтках усходнегерманскай дзяржавы быў адменены прыгон. А вось у ВКЛ крывавыя войны, прыгон і канцэнтрацыя багаццяў у маёнтках, якія вялі міжнародны гандаль, падрывалі сельскую гаспадарку – важную эканамічную базу для росту гарадоў. Эканамічнае развіццё гарадскіх паселішчаў, у параўнанні з Захадам, запавольвалася.
Да пачатку ХVІІІ ст. эканамічны крызіс у ВКЛ усё ж быў пераадолены і яго гаспадарка дасягнула даваеннага ўзроўню. У другой палове ХVІІІ ст. у гарадах ВКЛ пачалі распаўсюджвацца ідэі Асветніцтва – ідэалогіі новага класа прадпрымальнікаў. Ды і ўсе іншыя новаўвядзенні гарадской цывілізацыі пашыраліся ў буйных гарадах ВКЛ амаль у той самы час, як і ў гарадах Заходняй Еўропы, хоць гарадскія паселішчы адбудоўваліся марудна.
Адным з найважнейшых цэнтраў эканамічнага, палітычнага і культурнага жыцця ў ВКЛ стала Гародня. Яшчэ з 1673 г. там праходзіў кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай, для чаго ў 1737–1742 гг. быў узведзены новы каралеўскі палац. А сейм, вядома, ажыўляў эканамічнае жыццё горада, ператвараючы яго ў суцэльны кірмаш. Такі самы эфект мелі і павятовыя сеймікі, якія збіраліся ў павятовых гарадах. У Гародні праходзілі пасяджэнні Скарбавай камісіі, што займалася эканомікай дзяржавы, знаходзілася рэзідэнцыя каралеўскай партыі ў ВКЛ. І нарэшце, Гародня стала цэнтрам эканамічных рэформаў Антонія Тызенгаўза. У 1777 г. на 16 гарадзенскіх каралеўскіх мануфактурах, заснаваных кіраўніком маёмасці караля, працавалі больш як 3000 рабочых. У горадзе былі створаныя першыя ў ВКЛ батанічны сад, тэатр, аптэка, пачала выдавацца газета.
Вялікую вядомасць набыў Слуцк дзякуючы шырокаму попыту на вырабы адкрытай у 1751 г. мануфактуры слуцкіх паясоў, якія вызначаліся якасцю і прыгажосцю. Сярод іншых гарадоў вылучаўся сваёй прамысловасцю Брэст. Аднак у гарадах мануфактур было мала. Іх заводзілі буйныя землеўладальнікі ва ўласных мястэчках, тым больш што закон 1775 г. скасаваў забарону шляхце займацца камерцыйнай дзейнасцю. Мяшчане, дарэчы, паводле гэтага закону атрымалі магчымасць пераходзіць у шляхецкае саслоўе.
І ўсё ж ліцвінскі горад не атрымаў належнай дзяржаўнай падтрымкі. У другой палове ХVIII cт., каралеўскі двор выступіў ініцыятарам наступу на правы гараджанаў. Гэта выявілася ва ўзмацненні падаткавага ціску на жыхароў каралеўскіх (княжацкіх) гарадскіх цэнтраў, адабранні ў іх земляў, памежных з дзяржаўнымі фальваркамі, і спробах пераводу мяшчанаў-хрысціянаў на паншчыну нароўні з прыгоннымі сялянамі. Адбывалася гэта не без ініцыятывы Антонія Тызенгаўза, які імкнуўся павялічыць прыбыткі каралеўскай казны, але, як бачым, старымі феадальнымі сродкамі. Наступ манархаў на гарадскія паселішчы адбываўся і ў заходнім свеце, але з пазіцый новых буржуазных парадкаў, што мела вынікам уземавыгоднае эканамічнае супрацоўніцтва горада і дзяржавы.
Кансервацыя феадальных парадкаў і феадалізацыя гарадоў ВКЛ у значнай ступені тлумачыліся новым уздымам гандлю збожжам з Заходняй Еўропай праз Гданьск і Крулявец у другой палове ХVIII ст. Цэны на зерне на Захадзе тады зноў узняліся, як гэта было на пачатку ХVI ст.
У ХVIII cт. на тэрыторыі ВКЛ мелася каля паўсотні гарадоў, палова з якіх былі прыватнаўласніцкія. Зразумела, што іх уладальнікі, памешчыкі, працягвалі дзейнічаць у такім самым кірунку, што і каралеўскія эканоміі. Існавалі шматлікія паборы з гараджанаў. Прапінацыйнае права забяспечвала вотчыннікам манаполію на выраб і продаж гарэлкі. Аслабленне гарадскіх паселішчаў прывяло да таго, што ў канцы ХVІІІ ст. каля паловы іх трапіла пад уладу феадалаў, якія стваралі ўсё новыя і новыя юрыдыкі. Гарадскія паселішчы ператвараліся ў крыніцу фінансавання прыбытковай сельскай гаспадаркі. Ратуючыся ад невыносных умоў жыцця, мяшчане-хрысціяне перасяляліся ў магдэбургскія гарады.
Культура гарадоў развівалася ў складаных умовах і ў вялікай ступені залежала ад сродкаў феадалаў. На мяжы ХVII і ХVIII ст. пашыралася тэатральнае мастацтва. Самадзейныя тэатры з’яўляліся пры езуіцкіх навучальных установах, якія знаходзіліся пераважна ў гарадскіх паселішчах. Тамсама існаваў народны лялечны тэатр – батлейка. Аднак толькі ў прыватнаўласніцкіх гарадах магнатаў тэатральнае мастацтва ўзнімалася да еўрапейскага прафесійнага ўзроўню. Гэта прыгонны тэатр Радзівілаў у Нясвіжы, слонімскі тэатр Агінскіх.
Распаўсюджвалася барочнае палацава-сядзібнае будаўніцтва (комплексы ў Нясвіжы, Слоніме, Гродне, Воўчыне, а таксама Гальшанскі палац ды Ляхавіцкі, Смалянскі, Любчанскі замкі). У ХVIII ст. канчаткова сфармаваўся адметны мясцовы барочны стыль у архітэктуры – віленскае барока. Ён дапаўняўся новым – лёгкім і вытанчаным – стылем ракако (Новы замак у Гродне, Нясвіжскі замак). У стылі ракако ў 1738–1750 гг. быў перабудаваны Сафійскі сабор у Полацку.
Публічных бібліятэк было мала, тым не менш горад павялічваў свой інтэлектуальны патэнцыял. Гэтаму спрыла пачатае ў другой палове ХVIII ст. выданне газет, часопісаў, мясцовых календароў, узнікненне гарадскіх друкарняў. Гараджане былі білінгвамі: побач з польскай мовай добра ведалі беларускую.
Для тагачасных беларускіх гарадоў было характэрнае існаванне двух цэнтраў – рэзідэнцыі феадала і гарадской плошчы як гандлёвага, адміністрацыйнага, культурнага асяродка гарадской абшчыны. Напрыканцы ХVIII ст. у Мінску гарадская плошча займала 2, 75 гектараў, у Магілёве – 2, 72, у Полацку – 1, 93, у Старым Быхаве – 1, 88. У Віцебску, Слуцку, Мінску акрамя галоўнай была яшчэ адна плошча, а ў Нясвіжы і Крычаве – некалькі. Як і ў краінах Захаду, тут віравала грамадскае жыццё. Часам адбываліся і сутычкі на маёмаснай ці канфесійнай глебе. Праходзілі ўрачыстыя сустрэчы манархаў (Станіслава Панятоўскага ў Нясвіжы, Пятра І у Магілёве і Оршы), а таксама біскупаў. Узводзіліся трыумфальныя брамы, палілі з пушак і нават наладжваўся феерверк. На плошчу збягаліся гараджане ў час небяспекі, пра якую абвяшчаў звон. Там праводзіліся публічныя пакаранні. Пазбаўленне жыцця за чараўніцтва практыкавалася да апошняй чвэрці ХVIII ст. У Быхаве, напрыклад, у 1688 г. былі спаленыя каля дзесятка такіх чараўнікоў. Кобрынскую мяшчанку за пралюбадзейства ў 1709 г. прыгаварылі да трохдзённага стаяння ў жалезным ашыйніку, прымацаваным да сцяны ратушы, тутэйшай сялянцы Улляне нанеслі 300 удараў розгамі за забойства незаконнанароджанага дзіця.
Грамадскіх паркаў зусім не існавала. Прагульвацца ўночы было небяспечна, бо вуліцы заставаліся пераважна незабрукаванымі і неасветленымі.
У інтэр’еры жылых дамоў выкарыстоўваліся скураныя папяровыя шпалеры, запазычаныя ў Кітая. Сцены часам аздабляліся чорным, чырвоным, зялёным сукном ці атласам. Прываблівы выгляд мелі печы з паліванай кафлі або каляровага фаянсу. У вялікіх парадных памяшканнях выкарыстоўваліся прымацаваныя да столі ланцугамі ліхтары і люстры ў форме галоў дзікіх звяроў. Пад уплывам стылю ракако палацы пачалі ўпрыгожваць вазамі і люстэркамі. Побач з параднымі заламі рабілі невялікія ўтульныя пакоі, гасцінныя. Нагадаем, што ў той час сялянскія хаты былі курныя.
Грамадскія будынкі ў гарадах былі прадстаўлены ратушамі, гандлёвымі радамі, гасціннымі дварамі, корчмамі, заезнымі дамамі, а з ХVIII ст. і гатэлямі, тэатральнымі будынкамі (Нясвіж, Слуцк, Слонім, Гродна, Паставы). Корчмы выступалі своеасаблівымі камунікацыйнымі цэнтрамі. Там бавілі свой час і вырашалі дзелавыя справы гараджане нізкага і сярэдняга дастатку, але таксама ўносілі шмат п’янага разладу ў асабістае і грамадскае жыццё гараджанаў.
У Рэчы Паспалітай, дзе, у адрозненне ад Захаду, не існавала гета, яўрэі мелі ўплыў на культуру і архітэктуру горада. Паўсюль узводзіліся сінагогі і ішыботы (рэлігійныя школы), яўрэйскія корчмы і дамы-камяніцы для жыцця. Яўрэі змаглі захаваць у беларускіх гарадах сваю артадаксальную культуру. Вельмі паказальна, што 90% яўрэяў свету маюць карані ў Рэчы Паспалітай – сённяшніх Беларусі, Літве, Польшчы, Украіне.
Як бачым, у другой палове ХVIII ст. гарадское жыццё адраджалася і развівалася ў агульнаеўрапейскім рэчышышчы, хоць гэты працэс і меў супярэчлівы характар. На канвакацыйным сойме 1764 г. ішла размова пра паляпшэнне становішча гарадоў. Спецыяльнай пастановай сойма былі адменены кватэрныя павіннасці на карысць службовых асобаў, забаронена манастырам займацца гандлем нароўні з гараджанамі, узята пад ахову гарадская нерухомая маёмасць.
Для захавання незалежнасці Рэчы Паспалітай Чатырохгадовы, ці Вялікі, сойм (1788–1792 гг.) прыступіў да мадэрнізацыі грамадскага ладу. Паводле Канстытуцыі, прынятай на гэтым сойме 3 мая 1791 г., грамадзяне каралеўскіх гарадоў атрымалі выбарнае права. У тым самым годзе мінскія мяшчане ўпершыню былі дапушчаныя на шляхецкі баль. Паступова закладваўся падмурак для ўзаемавыгоднага эканамічнага супрацоўніцтва гарадоў і дзяржавы, як гэта рабілася на Захадзе.
Аднак гэтых захадаў не ставала, і рабілі іх запозна. Працэс фармавання закрытага, эканамічна самадастатковага і свабоднага горада так і застаўся незавершаным, а працэс падпарадкавання горада дзяржаве толькі пачынаўся. У выніку гарады ВКЛ так і не змаглі ўзняцца пасля “крывавага патопу” сярэдзіны ХVII ст. і Паўночнай вайны пачатку ХVIII ст., не паспелі назапасіць дастатковай эканамічнай магутнасці і багаццяў, каб абараніць літоўска-беларускія землі ад ваяўнічых расейцаў, агрэсіўных немцаў, сквапных аўстрыйцаў. Напрыканцы ХVIII ст. толькі ў 11 гарадах з 42 насельніцтва перавышала 2 тысячы чалавек. Адным з найбуйнейшых гарадоў быў Віцебск – звыш 10 тысяч чалавек. Але гэта вельмі мала ў параўнанні з гарадскімі гігантамі Захаду. Полацк ужо ў ХІ ст. меў столькі ж жыхароў. У той час як заходнееўрапейскія гарады на працягу ХVIII ст. няўхільна набліжаліся да індустрыялізацыі, ліцвінскія перманентна разбураліся войнамі і ўнутрыпалітычнымі канфліктамі. Страта гарадской інфраструктуры падарвала магутнасць Вялікага Княства Літоўскага. Стабільнасць еўрапейскіх краінаў абумоўлівалася эканамічнай сілай іх гарадоў. Беларускія гарадскія паселішчы не паспелі мадэрнізавацца. Як аслабленне гарадоў Кіеўскай Русі папярэднічала яе распаду, так і аслабленне гарадоў Рэчы Паспалітай папярэднічала яе падзелу. У канцы ХVIII ст. Рэч Паспалітая была падзеленая паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Беларускія землі сталі часткай Расійскай імперыі.
Горады позняга Новага і Найноўшага часу.
Канец XVIII – XX ст.
План
1. У эпоху індустрыялізацыі. Канец XVIII – пачатак XX ст.
1.1. Гарады Еўропы.
1.2. Гарады Азіі, Амерыкі, Афрыкі.
1.3. Гарады Беларусі.
2. У Найноўшы час. Ад пачатку ХХ ст.
2.1 Калейдаскоп гарадскога жыцця на Захадзе.
2.3. Гарады Беларусі.
1. У эпоху індустрыялізацыі. Канец XVIII – пачатак XX ст.
1.1. Гарады Еўропы
Імклівы рост насельніцтва ў другой палове ХVІІІ ст. выклікаў сацыяльную напружанасць. У маштабах Еўропы насельніцтва павялічылася з 68–84 мільёнаў да 104–115 мільёнаў чалавек. Асноўны дэмаграфічны ўдар прыйшоўся на гарады. Рост цэнаў на харчаванне і недахоп працы пашыралі да непамерных маштабаў жабрацтва. Бруд, хваробы, крымінал сталі неад’емнай часткай гарадскога жыцця. Публічныя пакаранні злачынцаў, якія праводзіліся на гарадскіх плошчах дзеля застрашвання іншых, не мелі стрымвальнага эфекту. Палітыка манархічных урадаў не адпавядала інтарэсам горада. Гэта выяўлялася ў тым, што яна не спрыяла развіццю прамысловасці. Меркантылісты ва ўладзе жорстка рэгулявалі эканоміку (напрыклад, Кольбер – міністр фінансаў у Людовіка ХІV), фізіякраты выступалі за свабоду прадпрымальніцтва, але аддавалі перавагу сельскай гаспадарцы.
У такой напружанай сітуацыі англійскі эканаміст Мальтус пачаў біць трывогу. Ён звяртаў увагу на небяспеку наступлення на Зямлі калапсу, бо рост насельніцтва перавышаў тэмпы росту вытворчасці працы. Адзіным выйсцем вучоны лічыў рэгуляванне нараджальнасці. І, відаць, не выпадкова яго прапанова (вядомая як тэорыя Мальтуса) супала па часе з вынаходніцтвам у 1798 г. празерватыва. Гэтае вынаходніцтва адбылося ў Францыі і стала, так бы мовіць, адной з заваёваў Французкай рэвалюцыі 1789–1994 гг.
Аднак чалавецтва ўратавалі не прэзерватывы (дарэчы, вельмі недасканалыя, бо рабіліся з мачавога пузыра авечак і коз). Яго і гарадскую цывілізацыю ўратавала прамысловая рэвалюцыя, якая выбухнула ў канцы ХVІІІ ст. Адкрывалася эпоха індустрыялізацыі. Што такое індустрыялізацыя? Гэта пераход ад гандлёвага да прамысловага капіталізму, пераход ад вырабу прадметаў ужытку да вырабу машынаў, пераход ад ручнога да аўтаматычна-машыннай вытворчасці, пераход ад аграрнага да індустрыяльнага грамадства і, нарэшце, пераход ад вясковай да гарадской цывілізацыі. Такім чынам, пры індустрыялізацыі перамены закранаюць не толькі прамысловасць, але і ўсе сферы вытворчай дзейнасці людзей, а таксама і іх побыт.
Для індустрыялізацыі патрабаваліся два найважнейшыя ноўніцтвы: 1) наяўнасць шырокага рынку ці масавага попыту; 2) наяўнасць умоў для арганізацыі ў адказ масавай вытворчасці. Рамесныя і мануфактурныя майстэрні з гэтым не спраўляліся. А для арганізацыі фабрычна-заводскай вытворчасці, масавай па сваёй сутнасці, былі неабходныя тры ўмовы: 1) наяўнасць капіталаў; 2) наяўнасць на рынку вольнанаёмных рабочых; 3) наяўнасць адпаведнага тэхнічнага прагрэсу. Усе гэтыя ўмовы найперш складваліся ў гарадах, а дакладней, у гарадах Заходняй Еўропы. Таму ў ХІХ ст. заходнееўрапейскія гарады сталі асяродкамі далейшага прагрэсу: паглыблення рыначных адносінаў, тэхнічных пераўтварэнняў і індустрыялізацыі. Яны стваралі мадэль рынкавай эканомікі, мадэль індустрыяльнага грамадства.
Індустрыялізацыя, у сваю чаргу, выклікала імклівы рост гарадоў. Іх крапасныя сцены не ўмяшчалі жадаючых стаць гараджанамі. Пасля прамысловай рэвалюцыі ХІХ ст. развіццё гарадоў шматкроць паскорылася. Са з’яўленнем чыгуначнага транспарту і пачаткам выкарыстання ў вытворчасці электрычнай энергіі і рухавікоў унутранага згарання пашырылася геаграфія гарадоў. Яны ўжо не прывязваліся да рэк ці да марскіх берагоў. Фармаваліся прамысловыя гарады, напоўненыя рабочым людам. У сувязі з заменай парусных караблёў на параходы мадэрнізаваліся марскія порты.
Пачалася інтэнсіўная урбанізацыя. Урбанізацыя (ад лац. urbis горад) у дэмаграфічным сэнсе – гэта павелічэнне неземляробчага насельніцтва коштам земляробчага, з’яўленне новых гарадоў і ўзрастанне існых. На думку французкага гісторыка Бродэля, які вывучаў сусветную эканоміку, пры наяўнасці 10% гараджанаў ад агульнай колькасці насельніцтва адбываецца трансфармацыя феадалізму, а пры 40–50% – усталёўванне інустрыяльных грамадстваў. Можна гаварыць пра урбанізацыю побыту, урбанізацыю мыслення, у выніку чаго ўзнікае гарадская ментальнасць. Урэшце, урбанізацыя – гэта гістарычны працэс павышэння ролі гарадоў у развіцці грамадства.
Наперадзе урбанізацыі ішла Англія. Там на пачатку ХХ ст. доля гараджанаў склала 75% насельніцтва. Насельніцтва Лондана павялічылася за 20 апошніх гадоў ХІХ ст. з 900 тысяч да 4,7 мільёнаў чалавек, Парыжа – з 600 тысяч да 3, 6 мільёнаў, Берліна – з 170 тысяч да 2,7 мільёнаў.
Ужо ў ХІХ ст. у Англіі фармуецца сістэма гарадскога рассялення, блізкая да сучаснай. Побач з сталіцай узнікаюць прамысловыя гарады Ліверпуль, Манчэстэр, Бірмінгем. Яны ўяўлялі з сябе шэраг прамысловых прадпрыемстваў, вакол якіх вырасталі рабочыя кварталы. Прамысловыя комплексы асобных гарадоў слаба звязваліся паміж сабой і не мелі адзінага гарадскога цэнтра. Акрамя прамысловых цэнтраў існавалі гарады-порты, ваенныя базы, курорты, універсітэцкія гарадкі.
Узрослыя гарады ўжо не месціліся ў кішэнях зямельных арыстакратаў і нават каралёў. Утрымліваць такіх гігантаў без падтрымкі трэцяга саслоўя не здолела і дваранская супольнасць. Гарады ператвараліся з прыватных і каралеўскіх у грамадскія, бо ніхто, акрамя грамадства гараджанаў, не мог займацца спецыфічнымі праблемамі жылля, транспарту, экалогіі, злачыннасці, добраўпарадкавання, а таксама клапаціцца пра паляпшэнне санітарыі і медыцынскага абслугоўвання. Узнік нават новы кірунак у эканоміцы і прадпрымальніцтве – гарадская гаспадарка, што абслугоўваў побыт гараджанаў і іх гандлёва-прамысловую дзейнасць.
На пачатку ХІХ ст. сталі шырока праводзіць каналiзацыю. З 1830-х гг. на гарадскіх вуліцах з’явілася электраасвятленне. У 1860 г. на парыжскую брукаванку выехаў першы аўтамабіль Ленуара. У 1876 г. у Лондане запрацаваў першы штучны каток, а ў Парыжы ў 1896 г. – першы кінатэатр братоў Лумьер. З 1879 г. у гарадскіх кватэрах для асвятлення пачаў выкарыстоўвацца прыродны газ. Але толькі напрыканцы ХІХ ст. – з пашырэннем забрукаваных вуліц, стварэннем водаправодаў, распаўсюджваннем гарадскога асвятлення, увядзеннем будаўнічага кантролю – матэрыяльнае становішча гараджанаў палепшылася.
Існавала чатыры асноўныя фактары, якія ўплывалі на змены ў знешнім выглядзе гарадоў. Па-першае, індустрыялізацыя. Панарасталі гмахі фабрык, заводаў, чыгуначных вакзалаў. Новыя матэрыялы – шкло, сталь і бетон – выклікалі рэвалюцыю ў архітэктуры гарадскіх дамоў. У 1894 г. Анатоль дэ Бадо пабудаваў у Францыі першую царкву з жалезабетону. Памножыліся шматкватэрныя пяціпавярховыя дамы. Першы хмарачос – 10-павярховы будынак, у якім месцілася будаўнічая кампанія, з’явіўся ў 1885 г. у амерыканскім Чыкага. Каркас быў зроблены са сталі, а не з цэглы. Запрацаваў першы ліфт.
Па-другое, на характар забудовы гарадоў паўплываў рамантызм, які прапаведваў індывідуалізм і культ пачуццяў. Яго росквіт прыпаў на 20–30-я гг. ХІХ ст. У архітэктуры рамантызм заявіў пра сябе адкрыццём готыкі. Гэта быў разрыў з антычнасцю, што панавала з ХІV ст. Неаготыка стала толькі першым крокам да бясконцых “неа-неа”. Калі класіцызм трымаўся на шанаванні ўзораў мінуўшчыны, то рамантызм першай паловы ХІХ ст. узрос на ідэалах Асветніцтва і вылучаўся ідэалізацыяй сучаснасці. Ён заклаў падмурак мадэрнізму, росквіт якога прыйшоўся на 1880–1905 гг. Слова “мадэрн” з’явілася ў лексіконе французкай крытыкі ў другой палове ХІХ ст. Яно паядноўвае паняцці “сучаснае” і “новае”. Пад уплывам мадэрнізму, абумоўленым індустрыялізацыяй, уваходзілі ў моду стандартныя праекты, тыповыя будынкі. Рацыяналізм мадэрнізму вёў ажно да спрошчанасці і банальнасці ў архітэктуры.
Па-трэцяе, з’яўленне беднага і бяздомнага гарадскога пралетарыяту абвастрыла праблему жылля. Гэта выклікала павелічэнне колькасці шматпавярховых даходных дамоў з іх невыноснымі ўмовамі для жыцця. З боку вуліцы яны мелі прыстойны выгляд, а знутры з-за дарагавізны зямлі шчыльна забудоўваліся флігелямі. Узнікалі двары-калодзежы з дамамі, дзе арэндаваліся не кватэры і не пакоі, а толькі ложкі, і тое на некалькі гадзінаў для сну. Каб неяк змякчыць праблему, улады многіх гарадоў прымалі і выконвалі мясцовыя праграмы будаўніцтва стандартнага таннага жылля. Англійскі прамысловы горад бязлітасна крытыкавалі Маркс і Энгельс, робячы выснову, што змяніць становішча можна толькі шляхам рэвалюцыйнага пераўтварэння грамадства. Існавалі і адэпты новага горада.
Па-чацвёртае, пашырэнне правоў гараджанаў і ўзмацненне прыватнай ініцыятывы парадзілі хаатычнасць забудовы, а мадэрнізацыя гарадскога жыцця вяла да разбурэння старога горада. Гарадскія сцены з вежамі і даўнія валы поўнасцю страчвалі сваё значэнне і ў большасці выпадкаў руйнаваліся або замяняліся бульварамі, а калі і захоўваліся, то выключна як гістарычныя помнікі. Шырокія вуліцы прабіваліся праз гістарычныя цэнтры і тым знішчалі іх. Парушалася пераемнасць новага горада са старым. Асабліва вызначыўся ў разбурэнні старога Парыжа яго прэфект Гаўсман (Осман). Пашырэнне парыжскіх вуліц ён тлумачыў неабходнасцю паляпшэння санітарыі і ўмоў для руху транспарту, у тым ліку і вайсковага. Практыка Французкай рэвалюцыі паказала, што вузкія вулачкі лёгка пакрываліся барыкадамі і станавіліся недаступнымі для вялікіх вайсковых злучэнняў. Імя Гаўсмана стала хадзячай назвай. Пратэсты супраць “гаўсманізацыі”, што ахапілі ўсе заходнееўрапейскія краіны, урэшце прымусілі захоўваць помнікі гісторыі, якія ўяўлялі з сябе прыклады розных архітэктурных стыляў, сталі сімваламі гарадоў і сведкамі важных гістарычных падзей. Але былое штодзённае атачэнне гараджанаў страчвалася. І гэта ўспрымалася трагічна. Бальзак, Флабэр, Гюго, Дыкенс, Ганкурт, Прудон не прымалі зменаў.
Рытмы гарадскога жыцця ў канцы ХІХ ст. непараўнальна паскорыліся. Па вуліцах замільгацелі веласіпеды (з 1890-х гг.), загрукаталі трамваі, загудзелі аўтамабілі.
Гарады ХІХ ст. узрасталі на эканамічнай глебе, але заўсёды выклікалі рэвалюцыйныя змены ў палітыцы і ў грамадстве. Яны сталі апорай буржуазных рэвалюцый 1831 і 1848 гг. Падчас рэвалюцыйных пераўтварэнняў узмацнялася інтэрвенцыя кіраўніцтва краінаў Захаду ў гарадскія справы. Адбывалася далейшае ўзмацненне падпарадкавання гарадоў дзяржаве. Але калі дзяржаўныя чыноўнікі парушалі гарадское права, асабліва на прыватную ўласнасць, гараджане адказвалі пратэстамі.
Унутры гарадскіх паселішчаў абвастралася барацьба за падзел публічнай і прыватнай прасторы. Неабходнасць росту індустрыяльнага горада паступова ўваходзіла ў супярэчнасць з правам уласнасці на зямлю. Патрабаваліся новыя землі для грамадскага карыстання – пад гарадскія вуліцы, плошчы, паркі. Але большасць гарадоў размяшчалася на прыватнаўласніцкіх землях. Пашырэнне публічнай тэрыторыі патрабавала ад горада сродкаў. Горад набываў такія ўчасткі ці атрымліваў у дар ад уласнікаў. Уводзіўся і прымусовы выкуп. Адбывалася муніцыпалізацыя зямлі. Узрастала і зямельныя спекуляцыя.
Узмацніліся індывідуалізм гараджанаў і памкненне схавацца ад гарадской мітусні ва ўласным доме. Грамадскіх памяшканняў станавілася недастаткова для ўзрослай колькасці гараджанаў. (Нагадаем, што ў Афінах тэатр Дыянісія ўмяшчаў амаль усіх гараджанаў.) Узнік велізарны кантраст паміж домам і вуліцай. Заможныя гараджане стараліся адгарадзіцца ад вуліцы пасамі невялічкіх садоў. З’явіліся дзве мадэлі забудовы вуліц: будынкі або ставіліся ўздоўж вуліцы, або вольна размяшчаліся на прылеглай да іх тэрыторыі.
Змены не маглі не закрануць вялікіх гарадоў Еўропы.
К пачатку ХХ ст. насельніцтва Лондана ўзрасло да 4,7 мільёнаў чалавек. Ён стаў найбуйнейшым горадам, які калі-небудзь існаваў у свеце. Жыццё ў ім не было салодкім. Асабліва цярпелі ірландскія і яўрэйскія імігранты: супраць іх скіроўваліся самыя пачварныя праявы народнага гневу.
Вуліцы горада поўніліся амнібусамі і карэтамі. Стаяў вар’яцкі грукат ад сталёвых колавых абадоў, што каціліся па бруку. Штодня на вуліцах заставалася 100 тон гною. У вільготнай краіне на ацяпленне вялікага дома трацілася да тоны вугалю ў дзень. Неба цямнела ад дыму. Кабеты ішлі ў оперу ў белых капелюшах, а вярталіся ў брудных. На ўсіх тагачасных фотаздымках – завешаныя вокны. Ніхто не хадзіў без галаўнога ўбору. Такія наступствы мела цывілізацыя каменнага вугалю, якая замяніла паноўную ў ХVIII ст. цывiлiзацыю дрэва. З забруджанасцю горада нейкім чынам ужывалася імперская веліч лонданскіх дамоў. Толькі ва ўтульных лонданскіх кватэрах багачоў можна было схавацца ад усіх нязручнасцяў вуліцы. Інтэр’ер кватэраў запаўняліся дробязі, у тым ліку розныя прадметы каланіяльнага паходжання. Напрыканцы ХІХ ст. панавала мода на ўсё японскае. Мой дом – мая крэпасць – так любілі паўтараць англічане. Звесткі пра Лондан канца ХІХ – пачатку ХХ ст. можна знайсці ў творах Конан Дойля.
Достарыңызбен бөлісу: |