-
Гончарова-Грабовская, С.Я. Пьеса П. Пряжко «Урожай» в контексте европейской драмы абсурда / С.Я. Гончарова-Грабовская // Русскоязычная литература Беларуси конца ХХ – начала ХХI века. – Минск: РИВШ, 2010. – С. 193 – 197.
-
Пряжко, П. Урожай / П. Пряжко // Современная драматургия. – 2009. – № 1. – С. 89 – 101.
А.М. Пісарэнка (Мінск, БДУКМ)
Вобразнасць і выразнасць
як маўленчая адметнасць мастацкага тэксту
Выразнасць – камунікатыўная якасць маўлення, пры дапамозе якой аўтар тэксту падтрымлівае ўвагу чытача або слухача, прымушае задумацца над зместам выказвання, кранае думкі і пачуцці, не пакідае раўнадушным. Часам у мовазнаўчай літаратуры атаясамляюць паняцці вобразнасць і выразнасць; аднак вобразнасць заўсёды звязана з пераносным значэннем слова, з ужываннем слова ў кантэксце, у той час як для стварэння выразнасці (экспрэсіўнасці) могуць ужывацца словы і з прамым значэннем. Несумненна адно: і вобразнасць, і выразнасць упрыгожваюць маўленне. Яшчэ Дыяген Вавілонскі пісаў: «Прыгажосць ёсць выказванне, якое дазваляе пазбегнуць паўсядзённасці». З усяго сказанага вышэй вынікае: паняцце выразнасці больш шырокае за паняцце вобразнасці, гэтыя два паняцці рэалізуюць эстэтычную функцыю мовы, а значыць, яны найбольш запатрабаваныя ў мастацкім стылі.
Як вядома, маўленчая выразнасць залежыць ад многіх прычын: ад ступені асэнсаванасці аўтарам прадмета гутаркі, ад стаўлення да тэмы і зместу выказвання, ад наяўнасці / адсутнасці псіхалагічнага кантакту паміж адрасатам і адрасантам. Аднак веданне мовы, моўнае чуццё – гэта перадумова стварэння экспрэсіўнага тэксту. Важна ўсвядоміць, што выразнасць дэманструе неардынарнасць мыслення, спецыфічнасць светаўспрымання і выяўляецца на ўсіх моўных узроўнях: фанетычным, лексічным, фразеалагічным, словаўтваральным, граматычным і экстралінгвістычным (нямоўным).
Гукапіс як крыніца выразнасці мовы прапаноўвае шэраг фанетычных прыёмаў, якія найчасцей функцыянуюць у мастацкім стылі – у мове паэзіі ці лірычнай прозы. Нельга не пагадзіцца з тым, што высокамастацкі твор, пры ўспрыманні якога чытач (слухач) атрымлівае задавальненне, – гэта гармонія гукавой і вобразнай прыроды слова. Гукавыя паўторы (алітарацыя і асананс) выкарыстоўваюцца пісьменнікамі з рознай мэтай, таму ролю гэтых сродкаў трэба разглядаць у кантэксце: Ні самалёта, ні сініцы, Стаяць бярозы, нібы ў сне, Пакуль ламанай бліскавіцай Па небасхіле паласне, Пакуль дрымотна забуркоча, З-за хмары выкаціцца гром, Загрукае пустою бочкай І разаб’ецца за бугром (Г. Бураўкін). Як відаць, праз паўтор свісцячых [с] – [с’], [з] – [з’], галоснага [і] аўтар «малюе» цішу, якая змяняецца раскатамі грому, а ён у вершы грукоча не толькі дзякуючы параўнанню (як пустая бочка), метафары (разаб’ецца за бугром), але і дзякуючы паўтору вібранта [р], галоснага [о].
У выніку шматлікіх гукавых паўтораў пісьменнікі ствараюць гукавобразы – вобразы, у аснове якіх гукавыя асацыяцыі індывідуальнага, аказіянальнага характару. У сучаснай беларускай літаратуры незвычайнай экспрэсіяй валодаюць арыгінальныя гукавобразы Алеся Разанава. Слова, якое з’яўляецца назвай, потым вытлумачваецца на працягу ўсяго верша, раскрываючы самыя нечаканыя бакі прадмета асэнсавання. Прааналізуем урывак з твора «Дождж»: Дождж [дошч] доўгачаканы, доўгажаданы. Ён «доіцца» з неба і дагаджае атожылкам руні, дрэвам, усёй зямлі – ён іхні заўсёдны добраахвотны даўжнік. Дождж прыходзіць як боскі адказ на стараславянскую – старасялянскую – малітву: «Хлеб наш насущный даждь нам днесь». Дождж добры, дождж дужы, калі ён у меру, у дозу, у «досыць» і калі ў пару – у сяўбу, а не ў жніво і ў дажынкі. Нанізванне слоў з гукамі [ж], [ш], [ч] стварае гукавы малюнак ціхага, шапаткога дажджу; паўтор [о] «малюе» дождж працяглы, доўгі; жыццядайная, жыццесцвярджальная сіла дажджу – у паўторы звонкіх [д], [дж].
Сугучча слоў (роднасных і няроднасных) – гэта крыніца стварэння дакладнай рыфмы, каламбураў, скорагаворак, якія заўсёды ўражваюць трапнасцю словаўжывання, вастрынёй думкі, падтэкстам: Такая цішыня… Здаецца, клёны слухаюць І хочуць адгадаць, якой дарогай, дзе З сібернымі вятрамі, з завірухамі У ботах ледзяных зіма ідзе (П. Панчанка) – на сугучныя канцавыя лексемы прыпадае сэнсавая нагрузка, паэт акцэнтуе ўвагу на прыбліжэнні вясны. У сваю чаргу каламбуры, заснаваныя на сугуччы слоў, – гэта і сродак рытмізацыі і рыфмізацыі паэтычнай мовы, праз лексемы з гукавым падабенствам дасціпна супастаўляюцца (супрацьпастаўляюцца) з’явы, прадметы, іх дзеянні і ўласцівасці. Аўтары нібы «гуляюць» са словамі, не пакідаючы абыякавымі чытачоў, слухачоў: Цяпер – Ці ў радасці згары, Ці счахні ад адчаю, Адчуй адно: ідзеш з гары. Твой смутак залачае…; Мне ўцямна, нарэшце, зрабілася, Што значыць утопія – Багата ў Вашых вачох утапілася, утоп і я … (Р. Барадулін).
Пры стварэнні скорагаворак наўмысна сутыкаюцца сугучныя словы: хуткі тэмп ускладняе іх вымаўленне, а гэта, акрамя захапляльнасці, пэўнай маўленчай гульнёвасці, дапамагае выпрацоўваць дыкцыю: У бабра торба дабра, Добра бабру: Торба дабра ў бабра; Ніхто не рады такому граду, Груды граду выбілі грады (А. Клышка).
Да фанетычных сродкаў выразнасці мовы адносіцца складападзел; падзел слова на склады дазваляе графічна і інтанацыйна вылучыць сэнсава важкае слова – тое, якому аўтар надае асаблівае значэнне і якое з’яўляецца важным для раскрыцця ідэйнага зместу твора: Ад першай кулі гінуць, Ад апошняй. Не па-мі-рай-це!.. Хлопчыкі мае (Я. Янішчыц); – Імяніны – свята святаў, – Мне з усмешкай Кажа тата. Падарыў сягоння Ён Дзіва-цацку – Тэ-ле-фон (В. Лукша).
Як фанетычны сродак прыцягнення ўвагі выкарыстоўваецца даўжыня слова, сказа, радка (як правіла, у паэтычным радку). Кароткія словы, сказы, радкі ствараюць дынамізм малюнка, адлюстроўваюць інтэнсіўнасць дзеяння, а словы са складанай рытмічнай структурай, у тым ліку большасць складаных слоў, наадварот, дапамагаюць паказаць плаўныя, запаволеныя працэсы або статычныя малюнкі. Напрыклад: Сюды забіраюцца, чуючы веі шалёныя, На шост скоўзаны, слізкі, Цыбулі вянкі залачоныя, Баравікоў чорна-белыя нізкі. Да іх падсядаюць паважна пукі часнаку, Чырвонага перцу струкі ганарлівыя… (М. Мятліцкі). У прыведзеным урыўку з верша «Запечак» гаворыцца пра ўпарадкаванае жыццё ў гэтай частцы хаты: можна ўявіць, з якой любоўю гаспадыня чапляе на шост вянкі цыбулі, нізкі баравікоў, пукі часнаку, струкі перцу. Адметнае і тое, што кожны прадмет ці з’ява, названыя аўтарам, маюць пры сабе эпітэты, вынесеныя ў постпазіцыю да паяснёнага слова, а гэта таксама запавольвае рытма-мелодыку радка.
Звернем увагу на даўжыню радка ў вершы П. Панчанкі «Кабінеты»: Колькі дуба, Колькі лаку, Колькі бляску… Хто вы – Дзе вы Ні на міг не забывайце. Ваша справа? Гэта дробязь. Калі ласка – Пасядзелі, Паглядзелі, Паглядзелі – І бывайце! Як відаць, і словы, і радкі ў вершы кароткія, а гэта якраз пацвярджае, што ўвага, якую чалавек атрымлівае ў кабінетах, мізэрная.
Нельга не ўзгадаць словы, якія сваім гучаннем нагадваюць дзеянні, рухі, уласцівасці прадметаў, з’яў навакольнай рэчаіснасці. Найчасцей яны ўтвараюцца ад выклічнікаў, гукапераймальных слоў па ўжо вядомых у мове мадэлях, увагу прыцягваюць менавіта незвычайным гучаннем і называюцца анаматапеі: Вербалоз толькі што распушыў свае каткі, на ім бзынкалі першыя смелыя чмялі (У. Дамашэвіч); У сараканожкі забалела ножка: Можа, застраміла ці аб камень збіла? Прыйшла яна да доктара – войкае і вохкае (І. Муравейка); Вясна гудзе, і зумкае, і крэхча – На доле, у паветры, на вадзе… (Н. Гілевіч).
На лексічным узроўні маўленчая выразнасць забяспечваецца, як ужо адзначалася, словамі з пераносным значэннем (тропамі) і словамі з прамым значэннем (сродкамі стварэння слоўнай выразнасці). Найбольш ужывальнымі тропамі з’яўляюцца эпітэт, метафара, параўнанне, перыфраза, гіпербала, літота. Эпітэт характарызуецца багаццем структурна-граматычнага выражэння; чым большай колькасцю відаў ён прадстаўлены ў тэкстах, тым больш экспрэсіўнай і багатай будзе іх мова. У ролі вобразнага азначэння могуць выступаць як простыя, так і складаныя (злітны эпітэт) прыметнікі, дзеепрыметнікі; яны ўжываюцца з прамым (народна-паэтычны эпітэт) ці пераносным (метафарычны эпітэт) значэннем: Толькі веяў вецер на прыволлі Ды снягі маўклівыя ляжалі (М. Танк); Падстаўляй далоні вадаспаду, Слова цёплае сябрам скажы… (А. Вялюгін); Елкі цемнагрывыя намоклі, Сушаць вербы пасмы жоўтых кос (П. Панчанка); Карычнева-жоўта-паласаты і тоўсты, як цукерка-падушачка, чмель (Я. Брыль); Якая дзіўнасць… Аж неверагодна… Схмялелы ліпень, чабаровы свет… (Н. Мацяш). Адметным экспрэсіўным сродкам з’яўляецца эпітэт-прыдатак, які выражаецца назоўнікам. Лаканічны па форме, ён запатрабаваны, як правіла, паэтычнай мовай: А лісічак набраў каля сцежкі-вяртухі (М. Танк); Там, дзе арэшнік развесіў гронкі вочак-арэхаў, – Заблудзілася ў лесе зялёнае рэха (К. Кірэенка).
Метафара як адзін з прадуктыўных сродкаў экспрэсіўнасці мовы рэалізуе свае магчымасці праз пераносна-вобразнае ўжыванне назоўнікаў і дзеясловаў: …гарыць усход, Вось-вось зазвоніць сонца бубен (Л. Дайнека); А вецер енчыць, а мора вые, Кульгае лодка на два вяслы (Я. Сіпакоў); Не заходзь, маё сонца, за хмары маўчання (Я. Янішчыц); Пазяхае раніца ветрыкам нявыспаным (Л. Геніюш). У выпадку, калі аўтары атаясамляюць з’явы прыроды, прадметы з чалавекам, надзяляюць іх тымі самымі магчымасцямі, узнікае такі стылістычны прыём, як увасабленне. Параўн.: лодка кульгае – чалавек кульгае, раніца пазяхае – чалавек пазяхае і г. д.
Сродкамі дасягнення маўленчай выразнасці з’яўляюцца таксама метанімія і сінекдаха. Разгледзім прыклады сінекдахі: Пахла пераспелымі брусніцамі, прэлай саломай, прыхвачаным першым замаразкам грыбам (М. Лынькоў); Ніхто не мучыцца дакорам, Ніхто не думае пра грэх, І ўжо не стане ягад скора, Звядуцца жолуд і арэх (Н. Гілевіч). Як відаць, індывідуальныя разнавіднасці названых тропаў заўсёды экспрэсіўныя, арыгінальныя.
Параўнанне – вобразны сродак, які ўзнікае ў выніку супастаўлення падобных (у аўтарскіх асацыяцыях) прадметаў, іх прыкмет, дзеянняў: З неба асенняга ноччу Неасцярожная зорка, як светлячок, заляціць (М. Танк); Сузор’і віснуць выспелай рабінаю (Р. Барадулін); І месяц, як антонаўка, жоўты і тугі. І жнівеньскія зоры, пахучы, як дыні, Сінія, нібыта верасы… (Г. Бураўкін); І снег, і снег, як спозненая ласка!.. І гэтак жа, як ласка, растае; Я маўчу, як зерне ў баразне (Н. Мацяш). Параўнанне мае наступныя віды: субстантыўнае (вытлумачвае назоўнік), ад’ектыўнае (паясняе прыметнік), вербальнае (удакладняе дзеяслоў). Параўнанне ўводзіцца ў тэкст злучнікавым ці бяззлучнікавым (творны параўнання) спосабам.
Экспрэсіўным сродкам мовы выступае аўтарская перыфраза, якая ў адпаведным кантэксце найчасцей можа быць сінанімічнай з назоўнікам ці дзеясловам (у лінгвістычнай літаратуры яна і кваліфікуецца як кантэкстуальны сінонім да названых часцін мовы): Сонца – сланечнік на сіняй градзе (М. Стральцоў); Ліпа – белая мядуння – як мадонна ля плятня! Яна пчолам – цётка Дуня, іх найпершая радня (А. Сыс); І ўночы ж трактар піша барозны на палях (А. Астрэйка).
Незвычайнымі, экспрэсіўнымі вобразнымі выразамі з’яўляюцца гіпербала і літота; гэтыя супрацьлеглыя па значэнні маўленчыя адзінкі ствараюць нечаканыя, рэдкасныя вобразы: Усё вакол знаёмае да болю: Збягаюць незабудкі да вады, Сядае бусел важна на таполю, Ад ластавак абвіслі правады (Г. Бураўкін); Драбнюткія, проста з мачыну, кнігі (В. Лукша); Пазнасіў снапы, мой ты добры муж, З нашай постаці – што на жабін скок (Я. Сіпакоў).
У залежнасці ад ступені злітнасці кампанентаў амаль усе вобразныя сродкі падзяляюцца на традыцыйныя, агульнамоўныя і аказіянальныя. Традыцыйныя тропы, як правіла, не валодаюць экспрэсіяй, выконваюць намінатыўную функцыю (спінка крэсла, цягнік ідзе); іх экспрэсія з-за частаты ўжывання сцёрлася, у выніку вобразныя выразы сталі ўспрымацца як штампы, гатовыя формулы (людзі ў белых халатах, браць слова). Агульнамоўныя і асабліва аказіянальныя тропы забяспечваюць выказванню відочнасць, а створаным вобразам – яркасць, арыгінальнасць.
Сродкі стварэння слоўнай выразнасці – сінонімы, амонімы, антонімы, паронімы – утвараюць шэраг стылістычных прыёмаў, якія надаюць тэкстам незвычайнае гучанне, глыбокі падтэкст і тым самым забяспечваюць экспрэсіўнасць радка. Так, сінонімы, утвараючы сінанімічныя рады, ампліфікуюцца: Рашучасць, з якой я выходзіў з дому, аслабела. Яна мякчэла, аціхала, нікла (Ф. Янкоўскі); …абдуванчык, дзьмухавец, малачаінка сонцагаловая (Н. Мацяш). У мастацкім стылі сінанімічныя рады могуць папаўняцца за кошт фактаў маўлення – неалагізмаў, аказіянальных перыфраз, як напрыклад, у вершы Н. Мацяш. Ампліфікацыя тоесных па значэнні слоў адлюстроўвае зменлівасць настрою, глыбіню пачуцця, удакладняе характарыстыкі вобразаў і інш.
Амонімы і іх віды (амафоны, амографы, амаформы) з’яўляюцца адметнай крыніцай экспрэсіі менавіта мастацкай мовы, радзей – публіцыстычнай, размоўнай. Ужыванне сугучных адзінак з розным значэннем кваліфікуецца як стылістычны прыём – антанаклаза, разнавіднасць яе – аманімічная рыфма: Трэба нам і захады, і меры, Каб між светлых беларускіх рос Зноў расцвіў чаравічок венерын І званочак сіні ў лесе рос (П. Панчанка); А паром на прывязі – Толькі крыкні: прывязі (Р. Барадулін). Аманімічныя адзінкі шырока ўжываюцца ў творах для дзяцей, дзе яны часта выкарыстоўваюцца як сродак стварэння каламбураў; «гульня» сугучных слоў часта мае пазнавальны характар: Янка бэзу тры галінкі Ранкам зрэзаў для Галінкі (У. Мацвеенка); Выцягваюць моркаўку козкі за коскі (М. Чарняўскі). Разнавіднасцю экспрэсіўнай амафаніі паэтычнай мовы з’яўляецца супадзенне гучання слова і словаспалучэння: Зацікавіўся Цімошка: Мурашка лётае ці мошка? (У. Мазго); Прахаплюся я [дзяцел] са сну І на елку ці сасну На світанні зноў лячу, Дрэва кожнае лячу… (С. Грахоўскі).
Актыўны сродак стварэння стылістычных прыёмаў у мастацкіх і публіцыстычных тэкстах – антнімы, з іх дапамогай утвараюцца антытэза і аксюмаран: Ранняе сонца ўстае, Позняе сонца садзіцца. Добрыя людзі мае, Сцежкамі б тут нахадзіцца (М. Мятліцкі); Якія жудасна шчаслівыя гады і дні нашай любві, дружбы, і як жа часта мы марнуем іх на пустое (Я. Брыль). Часта ў ролі антытэзы ўжываюцца кантэкстуальныя антонімы, што яшчэ больш узмацняе экспрэсіўнасць мовы: Ранет, наліты золатам, – табе! А мне на шызым моху журавіны (М. Мятліцкі); Сівеюць валуны і завірухі, Сівеюць Млечны і нявечны шлях (Р. Барадулін). Разнавіднасцю антытэзы прынята лічыць антанагогу, сутнасць якой у тым, што адмоўная характарыстыка вобраза ўраўнаважваецца станоўчай: Калючы асот – але вунь, глядзі: пчала з ім сябруе (А. Разанаў). Думаецца, выразы такой структуры ўжывальныя і ў нязмушаным маўленні, а значыць, могуць функцыянаваць і ў некаторых публіцыстычных жанрах, і ў размоўным стылі.
Паранімія як моўная з’ява таксама з’яўляецца крыніцай экспрэсіі: сугучныя роднасныя словы ў кантэксце збліжаюцца і выяўляюць глыбіню аўтарскіх пачуццяў, часам нават супярэчлівых: Як многа ў нас прабачлівасці! Як мала ў нас прадбачлівасці! (Г. Бураўкін); Знаць, трэба было быць больш стойкім, Больш чулым, і чуйным, І зоркім (М. Танк). З параніміяй нельга блытаць такі стылістычны прыём, як паранамазія (заснавана на ўжыванні сугучных, але не роднасных слоў): Ён часта напрошваўся ў госці І зручных знаёмстваў шукаў, Хлусіў і ашукваў кагосьці, А ўрэшце сябе ашукаў (С. Грахоўскі); Гадавалі агонь, І ён гадаваў, І свяціў, І свянціў, Грэў, карміў, гатаваў (Р. Барадулін).
На фразеалагічным узроўні выразнасць ствараецца дзякуючы ўстойлівым выразам, якія, як ужо адзначалася, з’яўляюцца яркім, каларытным сродкам мовы. Фраземы, прыказкі, крылатыя выслоўі надаюць мове эмацыянальнасць, забяспечваюць дакладныя характарыстыкі і ацэнку вобразаў, а значыць, выражаюць адабрэнне, захапленне ці асуджэнне, іронію і іншыя эмоцыі. Там, дзе вобразнасць, – там і ацэнка, а пры адпаведным моўным напаўненні – экспрэсія: Усе чакалі дажджу. І ён недзе пад абед, нарэшце, зашумеў… Потым чохнуў як з вядра (Я. Сіпакоў); Нашто было сталець так марна і станавіцца на крыло; Цёткі ў брамах – рукі ў бокі (М. Мятліцкі); І яшчэ табе, сыне, Зычу я, мой харошы: Каб і ноша – па сіле, Каб і сіла – па ношы (А. Грачанікаў).
Прыказкі ў кантэксце мастацкага стылю – гэта яшчэ і сродак стылізацыі мовы персанажаў; але ў любым выпадку яны дэманструюць як багацце мовы твораў пэўнага аўтара, так і багацце беларускай мовы. Шмат дасціпных выразаў мы «чуем» з вуснаў персанажаў Янкі Брыля: Крычаць не крычаць, а мы з табою, бабо, едзьмо; Што не даямо, тое дапеямо; Не любіш дроў калоць – і не наколеш; Не нацешыўся, дык павесіўся б.
Асаблівай экспрэсіяй валодаюць устойлівыя іншамоўныя выразы, якія падаюцца ў пісьмовай мове графічнымі сродкамі мовы-крыніцы: Veni, vidi, vici (лац.) – ‘прыйшоў, убачыў, перамог’; Per aspera ad astra (лац.) – ‘праз церніі да зорак’. У мастацкіх тэкстах яны выкарыстоўваюцца як сродак стылізацыі мовы персанажаў: Калі Вітэліус нарэшце наблізіўся, лоўчага ужо атачылі дамы, яны нешта ўзахапы шчабяталі свайму ратавальніку, і Эразм пачуў, як той смела сказаў камусьці на добрай лаціне: «Аut Caesar aut nihil» (лац.) ‘ці пан, ці прапаў’) (У. Арлоў). Запатрабаваны такія выразы і мовай паэзіі, як правіла, для таго, каб больш ярка і пераканальна выказаць асноўную думку вершаваных твораў. Напрыклад, А. Сыс сцвярджае, што ісціна ў каханні, а не ў віне (лац. In vina veritas – ‘ісціна ў віне’); Разанаўскі сумёт, ранішне-белы і вечарова-сцямнелы, усім аб’яўляе: «Sum» (лац. «Я ёсць»); В. Шымборская, спасылаючыся на Гарацыя, піша: «Non omnis moriar (лац. ‘не ўвесь я памру’) – заўчасная турбота». Гэтую тэму можна доўжыць радкамі з твораў Р. Барадуліна, М. Танка, Н. Мацяш, А. Пісьмянкова і г. д.
Суб’ектыўна-ацэначныя фарманты ўзмацняюць выразнасць мовы мастацкага, публіцыстычнага і размоўнага тэксту на словаўтваральным узроўні. Прычым ацэнка, заключаная ў суфіксе, можа не супадаць з ацэнкай у корані слова. Напрыклад, фальклорным тэкстам уласцівыя прыметнікі тыпу дурненькі, ліхенькі (муж): у корані негатыўная ацэнка, а суфікс -еньк- мае памяншальна-ласкальнае значэнне. Канкрэтызаваць ацэнку заўсёды дапамагае кантэкст, напрыклад: У ручках маленькіх Перац дрыжыць: У жменях і жменьках зброя ляжыць (Я. Сіпакоў) – эмоцыямі жалю з аднаго боку і гневу з другога прасякнуты прыведзеныя радкі адной з балад кнігі «Веча славянскіх балад».
На марфалагічным узроўні экспрэсіўнасць ствараецца часцінамі мовы, якія ўзмацняюць экспрэсіўнасць радка нават пры звычайным паўторы; такая моўная з’ява называецца рэдуплікацыяй: Блакітная-блакітная сон-трава ў маладосці (І. Пташнікаў); А ўвосень надта падабалася, як высока-высока плавалі буслы (І. Грамовіч); Не відно на полі следу, А я еду, еду, еду (С. Грахоўскі); І бярозкі, бярозкі, бярозкі Узнімаліся ў неба (Г. Бураўкін). Паўтор кожнай часціны мовы адыгрывае пэўную ролю: акцэнтуючы ўвагу слухача (чытача) на сэнсава важкім слове, паўтор прыметніка і прыслоўя ўзмацняе якасныя характарыстыкі, паўтор назоўніка – колькасныя, паўтор дзеяслова паказвае на інтэнсіўнасць або паўтаральнасць дзеяння, паўтор асабовых займеннікаў звяртае ўвагу на значнасць пэўнай асобы, яе ролі ў канкрэтнай сітуацыі: І казаў ён, што многія чэхі гавораць ужо напалову па-свойму, а напалову па-нямецку. І казаў ён, што ўладары павінны гаварыць з народам на ягонай мове… (У. Арлоў). Экспрэсія радкоў узмацняецца за кошт сінтаксічнай анафары, якая дапамагае падкрэсліць значнасць асобы, што так і не названа – ён, магістар Геранім, яго ведаў Францыск Скарына.
Назоўнік звычайна выкарыстоўваецца як галоўны сродак адлюстравання статычных з’яў рэчаіснасці, ён «канстатуе» іх наяўнасць, а мы пры чытанні «спыняем свой позірк» на кожнай з іх: Восень… І холад… І слота … Дождж (Я. Сіпакоў); Раніца … Раса … Сонца – мёду міса (У. Карызна).
Дзеяслоў – галоўны сродак выражэння руху, зменлівасці, змянення; тэксты, насычаныя імі, «жывыя», малюнкі і вобразы, створаныя з іх дапамогай, дынамічныя: Сядзе пчолка на верасовую галінку, гайдаецца, пасля нахіне яе аж да самай зямлі, абдыме ножкамі, перагнецца ўся, адтапырыць крылцы і лезе з галоўкай у маленькую кветачку (І. Пташнікаў); Адбалела. Прайшло. Адплыло. Не пакінула нават суму (Г. Бураўкін).
Прыметнік забяспечвае ацэнку-характарыстыку чалавека і ўсяго, што яго акаляе; дзякуючы гэтай часціне мовы мы «расквечваем» малюнкі колерамі і гукамі. Мастацкаму маўленню ўласцівы прыём канцэнтрацыі прыметнікаў, пры якім кожны ці амаль кожны назоўнік, узгаданы ў тэксце, мае пры сабе эпітэт: Высока ў сінім бязвоблачным небе плыве яркае сонца, шчодра лье на зямлю сваю цеплыню і святло, а ўлагоджаная і сагрэтая яго ласкай зямля адказвае хмельным буяннем жыцця (І. Навуменка).
Лічэбнік можа таксама ўзмацніць выразнасць, калі, напрыклад, уваходзіць у склад фразем або колькаснай гіпербалы: Да саменькага дня не стоміцца гасціна. Нам выпала адна Не доля – а хвіліна (Я. Янішчыц); Лес не нямы: і ў лісточку, і ў кволенькай жылцы мова тчэцца лясная з мільярдаў лясных галасоў (А. Сыс).
Займеннік, як ужо адзначалася, можа надаваць экспрэсію выказванню праз паўтор, праз нелітаратурныя суб’ектыўна-ацэначныя формы і праз графічнае вылучэнне з дапамогай вялікай літары: О мне б хапіла Ласкавага слова, Калі б Яго Сказаў Аднойчы Ты! (Я. Янішчыц).
Сінтаксічны ўзровень таксама мае значную колькасць экспрэсіўных сродкаў, найперш – гэта прыёмы сінтаксічнай арганізацыі маўлення, сутнасць якіх ва ўзмацненні, падкрэсліванні асобных слоў, словазлучэнняў, сказаў. Як вядома, у залежнасці ад месца ў радку, сказе, чатырохрадкоўі, абзацы сінтаксічныя прыёмы падзяляюцца на анафару, эпіфару, паралелізм, градацыю, кальцо страфы, кампазіцыйны стык, рытарычнае пытанне і некаторыя іншыя.
Спынімся на экспрэсіўным вылучэнні членаў сказа: сэнсава ці эмацыянальна важнае слова «адрываецца» ад асноўнай часткі выказвання і выносіцца ў прэпазіцыю ці постпазіцыю да яе. Разгледзім на прыкладах.
Акацыі… Які гарачы вецер Сцякае ўніз з раскрыленых галін…; Зямля… Твая зямля, якой не стаць маёю Ні побач, ні здаля, хоць я жывая ёю (Т. Бондар); Вада, вада – як кінуць вокам… Стаю ля светлых рэк вытокаў, Бяру яе ў далоні, п’ю (Л. Дайнека) – пры сегментацыі (аддзяленні) той член сказа, які выносіцца ў прэпазіцыю, задае тэму выказвання, акцэнтуе ўвагу чытача ці слухача на прадмеце гутаркі, а паўза, на якую паказвае шматкроп’е або працяжнік, дае магчымасць задумацца і ўявіць узгаданую з’яву.
А пшаніца, якая пшаніца навокал. Густая, чыстая, высокая; А скрыпка спявае. Сардэчна і шумна!; Падперла кулачкамі твар і зажмурылася. Такія сур’ёзныя вочы. А губкі так умеюць пацешна надзімацца. Не злосна, ад клопату (Я. Брыль) – далучэнне (парцэляцыя) акцэнтуе ўвагу на змесце тых членаў сказа, якія парцэлююцца: інфармацыя ўзгадваецца як бы на хаду, што стварае ўражанне нязмушанасці маўлення.
Сястра Косцікава – Волечка – гэта ж любіў ён яе (А. Макаёнак) – анакалуф утварае канструкцыі, у якіх структура пачатку сказа разыходзіцца са структурай яго канца.
Экспрэсіўнымі сродкамі сінтаксічнага ўзроўню з’яўляюцца таксама пытальныя і клічныя сказы: з іх дапамогай перадаюцца разнастайныя эмоцыі апавядальніка ці персанажа (здзіўленне, радасць, захапленне, спачуванне і інш.): Ці бачылі вы, як хаваецца сонца ў агністыя падушкі? (І. Грамовіч); І хто можа сказаць мне, што я не ведаў радасці? (Я. Сіпакоў); Ці не жнівеньскія туманы наліваюць воскам жыты? (І. Пташнікаў); О, як гэтыя воблакі збіраюцца! Як плывуць і растуць у сіняве! Не наглядзецца, не налюбавацца! (І. Грамовіч) – сказы з такой інтанацыяй абуджаюць думкі, эмоцыі слухача, чытача.
Пры ўмелым карыстанні моўнымі і нямоўнымі сродкамі стварэння экспрэсіі іх сінтэз спрыяе індывідуалізацыі маўлення, а гэта прыводзіць да зацікаўленасці асобай, узмацняе ўвагу да зместу выказвання. І наадварот: тыя сродкі выразнасці, якія не маюць эстэтычнай вартасці, скажаюць змест тэксту і выклікаюць непажаданы стылістычны эфект: І купал рынка, велічны ды лысы, Бы той гарбуз, шчэ не прыбраны; Вярба на донца грузкае спусціла ногі мляўкія… Яе лісточкі вузкія Я блытаю з маляўкамі І часам нават з… п’яўкамі; Жалоба вострым рогам пора, Пераварочвае нутро; … Толькі дрэвы не ўнімуць дрыжыкаў. Кроў з вушэй паказалася ў рыжыкаў. Як відаць, створаныя вобразы выклікаюць неразуменне і ўсмешку.
Па-рознаму праяўляецца выразнасць маўлення ў функцыянальных стылях. Натуральна, што самую большую неабходнасць ва «ўпрыгожванні» мовы (аздабленні яе вобразнымі сродкамі, устойлівымі выразамі рознай структуры і паходжання, словамі з эмацыянальна-ацэначнымі фармантамі і інш.) мае мастац-кі стыль, затым – публіцыстычны і размоўны. Адна з задач кожнага з названых стыляў – паўплываць на пачуцці адрасата, а без адпаведных сродкаў стварэння экспрэсіі гэта складана. Што да стылю навуковага, то ўжо даказана: ён мае патрэбу ў вобразнасці (асабліва яго навукова-папулярная разнавіднасць). Пры апісанні разнастайных фактаў гуманітарных навук нельга абысціся без ацэначнасці, а значыць, без вобразнасці, без маўленчай выразнасці. Афіцыйна-справавы стыль не патрабуе ніякай экспрэсіі; выкарыстанне ў ім парцэляцыі, слоў з пераносна-вобразным значэннем, памяншальна-ласкальных форм слоў кваліфікуецца як памылка – змяшэнне стыляў. Аднак у вуснай форме гэтага стылю дапускаецца «сціплая» выразнасць кампліментарнага характару (эпітэты, устойлівыя выразы, словы з ацэначным значэннем тыпу паважаны, шаноўны, хвіліна маўчання, працоўная вахта, месца пад сонцам і інш.).
Сравнительное литературоведение
Е.А. Леонова (Минск, БГУ)
Достарыңызбен бөлісу: |