Сашко Ушкалаў (Сашко Ушкалов) (нар. 1983) Нарадзіўся ў Харкаве. Паэт, драматург, перакладчык. Аўтар кнігі вершаў "Перипатетика-блюз" (2002), зборніка абсурдных п'ес "esc"
Сашко Ушкалаў (Сашко Ушкалов) (нар. 1983) Нарадзіўся ў Харкаве. Паэт, драматург, перакладчык. Аўтар кнігі вершаў "Перипатетика-блюз" (2002), зборніка абсурдных п'ес "ESC" (2006), раману “БЖД” (2007), укладальнік анталогій "Харків FOREVER", "Сьоме око", электроннае ўкраінска-нямецкае анталогіі "10 ЄВРОпейців". Раман "БЖД" уваходзіў у пяцёрку фіналістаў конкурсу “Книжка року Бі-Бі-Сі 2007”.
БЖД
(БЖД)
Урывак з рамана Акурат поўнач. Толькі што вымкнулі асвятленне на вуліцах. Я стаяў перад плотам гарадское лякарні, дзе мінулай ноччу бачыўся з Анжэлік. Пад пахаю ў мяне быў Мяўдзэдун, усярэдзіне мяне – перагар, а на душы паражнеча. Знікла нават адчуванне, што за мною нехта сочыць. Наадварот, я быў упэўнены ў тым, што мяне перастаў пасці Крышна, бо яго ўжо мусіла задзяўбці гэтае рэаліці-шоў з гэтакім прыдуркам, як я, у галоўнай ролі. Я б на ягоным месцы ўжо даўно пераключыўся на іншы канал, спартыўны або прынамсі парнаграфічны.
Падумаўшы пра гэта, я кінуў Мяўдзэдуна паўз краты на вільготны газон, і ён прыхіліўся ў траве, быццам разведчык на варожай тэрыторыі. Пасля гэтага я пералез праз плот і, падабраўшы свайго кашака, паплёўся да чорнага ўваходу, які, як і ў папярэднюю ноч, выявіўся адчыненым. Прыслухоўваючыся да гучнае цішыні пустых калідораў, я стаў падымацца па сходах на чацверты паверх. Не ведаю чаму, але маё сэрца шалёна калацілася. Сход – удар, сход – удар, два сходы за раз – падвойны ўдар. Ледзьве дабраўшыся дагары, я зноў увайшоў у дрэнна асветлены чатырохкутнік з тэлефонам і тумбачкаю перад калідорам. На тумбачцы драмала бясформеннае цела. У нейкі момант мне пачало здавацца, што “ўчора” – гэта насамрэч “сёння”, альбо наадварот – “сёння” гэта “ўчора”… Але гэта не мае значэння. Галоўнае тое, што мне здавалася, быццам я нікуды адсюль не сыходзіў. Я зрабіў крок наперад, потым яшчэ адзін… Санітарка падняла галаву толькі тады, калі я апынуўся каля яе. Яна зірнула каламутнымі вачыма спачатку на мяне, потым на Мяўдзэдуна, потым яшчэ на мяне і на яго, потым на яго і на мяне… А далей спакойна паклала галаву сабе на рукі і захрапла… Відаць, таму, – з палёгкаю падумаў я, – што ў яе няма халату і тапак для майго кацяры.
Калідор нагадваў гіганцкую марскую ракаўку, бо ўвесь час закручваўся ўсярэдзіну, хаця, у адрозненні ад ракаўкі, у ім было злавесна і ціха. І вось па гэтым калідоры мы з маім кацярам і сунуліся. Цяпер у мяне застаўся толькі кацяра, гарэлка скончылася. Прысвечваючы запальнічкаю, я знайшоў патрэбную палату і нерашуча сумеўся перад дзвярыма – у канцы калідора, на акне, сёння нікога не было, і ў яго заглядала пагоднае вяснова-летняе неба, абсыпанае мірыядамі зорак, пра існаванне якіх я раней нават не здагадваўся, хаця, зрэшты, яны пра маё, мабыць, таксама.
Я глыбока ўцягнуў ў сябе паветра, быццам збіраўся даць нырца ў глыбокую ваду, і прачыніў дзверы. Некалькінаццаць секунд вочы прыстасоўваліся да суцэльнае цемры. Здавалася, яна выцякае скрозь дзвярны прахон, як вада са старое чыгуннае ванны. Праз імгненне я ўжо мог разгледзець цэлую казарму, восем ложкаў – па чатыры ля кожнае сцяны, чатыры з іх былі пустыя. Я падышоў да першага і адразу ж адскочыў – на ім спала нейкая таўстуха ў расцягнутай майцы, з-пад брэтэлек якое вывальваліся вялізныя бясформенныя грудзі, якія нагадвалі цеста. Не ведаю чаму, але такія грудзі мяне заўжды палохалі. Мяўдзэдуну яны, падобна, таксама не надта спадабаліся, бо ён нервова закруціўся ў мяне пад рукой. На наступным ложку, мяркуючы па моцных скулах і раскосых шчылінах вачэй, была нейкая казашка, а можа татарка, а можа… Яшчэ на адным нехта спаў, утуліўшыся тварам у падушку, але валасы, валасы былі не такія, як у Анжэлік, дакладней іх, валасоў, амаль не было. Хутчэй за ўсё, перада мною спала нейкая прыпанкаваная нефармалка і бачыла свае нефармальныя панкаўскія сны. І толькі на апошняй койцы, якая стаяла ля самага акна, была яна, Анжэлік з тэлефоннае службы даверу.
Я хацеў абудзіць яе неяк прыгожа, скажам, пацалункам, але своечасова схамянуўся, зразумеўшы, што ад мяне зараз мусіць дзіка шманіць перагарам. Тады я пасадзіў Мяўдзэдуна на падваконне, усеўся побач з ім і пачаў чакаць, пакуль Анжэлік прачнецца сама. Калі мне стала нудна, я зірнуў у акно. Там былі зусім іншыя нябёсы, прынамсі зусім не такія, якія бачыў я за акном калідора. Гэтыя нябёсы закрывалі цяжкія магутныя хмары, таму здавалася, што па-над гэнаю факанаю лякарняй ажно некалькі нябесных плёсаў, і я не мог толкам зразумець, добра гэта ці дрэнна, бо калі іх некалькі, то як адсюль, з зямлі, можна вызначыць – які з іх сапраўдны, а які фальшывы? І калі табе на вочы трапіць святло фальшывых зор, дык ці не наробіць табе гэта якое-небудзь шкоды?
– Слухай, – нечакана спыталася ў мяне Анжэлік шэптам, – толькі не кажы, што твой кот не мог заснуць без маіх грудзяў і ты прыцягнуў яго сюды.
– Не, – запярэчыў я, – мой кот так рана не кладзецца, мой кот сава, – дадаў невядома нашто ў канцы, хаця не надта ўяўляў, як кот можа быць савою…
– Добра, – кіўнула яна ў цемры, – а перагарам, перагарам ад каго так шманіць, ад цябе ці ад яго?
Я наогул не разумеў, навошта яна пра гэта пытаецца, мне было не пад сілу даўмецца сэнсу пытанняў, на якія існуе відавочны адказ, я не хацеў задумвацца над гэтым. Навошта яна пытаецца ў мяне пра тое, што й так ведае… Чамусьці шалёна захацелася адзіноты…
– Гэта ад яе, ад татаркі, – пацепнуў плячыма я і паказаў на татарку, – а мы з Мяўдзэдунам не п’ем, нам нельга, мы закадаваныя… цыганкай адной… па фатаздымку…
– Яна не татарка... – прашаптала Анжэлік.
– А хто ж яна?
– Казашка...
– Дзіўна, я чамусьці адразу так і падумаў...
– Хадзі сюды, – сказала Анжэлік і паказала на ўскрайчык ложка.
Я сеў, спружыны пад маім задам зарыпелі так гучна, што казашка пачала пераварочвацца з боку на бок.
– Вось блін... – пачаў было я, аднак Анжэлік уляпіла мне шалёнага пацалунка. Яе вусны пахлі нейкімі дзіўнымі ляснымі травамі… Яны выбухалі ў маім мозгу, выбухалі сотні, мільёны траваў, яны прарасталі, працінаючы сваімі гнуткімі сцяблінамі мае закатаныя ў асфальт мазгі, яны расквіталі і спляталіся ў хімерныя гербарыі… Здавалася, гэты пацалунак мог цягнуцца вечна, калі б татарка, то бок казашка, якая ляжала праз ложак, не пачала размаўляць у сне....
Анжэлік адштурхнула мяне ад сябе, а я ўсё стаяў і глядзеў на яе і не мог нічога зразумець...
– Што ты вылупіўся? – прашаптала яна.
– У цябе вусны пахнуць травамі, – ледзьве выціснуў я.
– А ў цябе ўсё-ткі перагарам…
– Добра, – згадзіўся я, – прызнаюся, я бухаў, ... але гэтыя травы… вас тут што, травою гадуюць? Калі так, дык я таксама хачу тут жыць…
– Ды ніякая гэта не трава, гэта проста зубная паста, – патлумачыла Анжэлік, – такая зубная паста, дзе бабёр на пачцы…
– З калодаю? – толькі й заставалася спытацца мне.
– Так. А што?
– Чуеш, ты, галоўнае, не каўтай яе, маленькая, – папрасіў я.
– Каго, пачку? – захіхікала яна.
– Не, – запярэчыў я, – пасту, пасту не каўтай.
– А гэта яшчэ чаму?
– Бо, калі з табою што-небудзь здарыцца, мне давядзецца разбамбаваць іхны офіс і забіць агента...
– Якога агента? – амаль спалохана зірнула на мяне Анжэлік.
– У іх там ёсць адмысловы агент, агент-дэгустатар, які каўтае пасту…
– Служба патрэбіцелей, – завучана сказала казашка расійскаю, – 050009, Алматы, вул. Ільіча, 41, абаненцкій яшчык 66.
Нечакана высветлілася, што, акрамя халаціка, у Анжэлік больш нічога няма, яе папік, як яна казала, кончаны… тут мы доўга падшуквалі тэрмін, якім можна назваць чалавека, які дзіка баіцца чым-небудзь захварэць і жарэ штодня купу таблетак… Але так і не знайшлі, таму спыніліся на тым, што папік проста кончаны… Дык вось, кожны дзень ён жэр таблеткі, да таго ж жэр значна больш, чым НАРМАЛЬНАЕ ежы, потым запарваў сабе лясны рамонак і тыбецкія гарбаты, пасля паласкаў дзясны шалфеем і ставіў на ноч антыгемараідальныя свечкі (здаецца, я нічога не блытаю), а на гэтыя свечкі ў яго была алергія, і ў яго нешта там высыпала, таму даводзілася глытаць антыалергены, праз якія падвышаўся ўнутрычарапны ціск і г.д… дык вось, яе прыбацаны папік вельмі баяўся, што ў Анжэлік скончыцца цярпенне і яна ўцячэ з лякарні, не далячыўшы свае некалькі, вы толькі паслухайце, НЕКАЛЬКІ СІНЯКОЎ І РАНАК! Анжэлік і праўда ўцякла б...
Тады ён папросту забраў з лякарні яе адзенне, пакінуўшы ў адным халаціку. Прынамсі так мне патлумачыла сама Анжэлік.
– Ну, – сказаў тады я, – давай сцібрым вопратку ў казашкі... яе ўсё адно не хутка выпішуць, яна вунь меле абы-што, быў бы я лекарам, нізашто б такую не выпісаў …
– Ты расіст, – пахітала галавою Анжэлік, – да таго ж вопратка ў яе амаль што дзіцячая...
– А тапкі, тапкі з мядзведзяняткамі часам не яе? – чамусьці спытаўся я.
– Канечне не, – адказала Анжэлік.
– Мог бы й здагадацца...
– Што здагадацца?
– Ну, мядзведзяняткі і Казахстан... Дзіўная нейкая камбінацыя...
А я вось уяўляю сабе сапраўднае каханне неяк так: ноч, цемра, адна з цэнтральных вуліц горада, свабодная ад машын, адзінокія таксаматоры з заспанымі шафёрамі, пра чыё існаванне ты здагадваешся толькі па агеньчыку цыгарэты… І вось, па ўзбочыне ідуць яны… Ён у расцягнутай футболцы, пад адной рукой у яго мірна вісіць стары аблезлы кот. Свабоднай рукой ён трымае за руку яе, а яна ідзе па бардзюры, ідзе ў халаціку фіялкавага колеру, у шлапаках і махровых цёплых шкарпэтках. Што ў яе пад халацікам – застаецца загадкай. Потым яны спыняюцца і доўга-доўга цалуюцца, кату пры гэтым крыху ніякавата, бо, як не круці, ён трэці, то бок лішні, але падзецца яму асабліва няма куды… Яны могуць дазволіць сабе цалавацца пасярод начное вуліцы, акурат пасярод шырокае шасціпалоснае трасы, акурат на раздзяляльнай лініі, якая, папраўдзе кажучы, ім да сракі, бо хоць яна і раздзяляльная, але паспрабуй раз’яднай іх цяпер, забяры ў іх адно аднаго. Яны цалуюцца з паўгадзіны, ажно пакуль не пачынаюць балець вусны, і ім глыбока чхаць, хто і што пра іх думае… Хаця, калі цвяроза разабрацца, хто тут зараз можа думаць? Хіба што Крышна або, на скрайняк, няўдачнік Біл Даўн, або таксісты, калі апошнія, вядома, умеюць думаць… І ім, гэтым шалёна закаханым істотам, глыбока да сракі нават тое, што яны пакуль што думаюць самі пра сябе… Бо цяпер, у прынцыпе, не трэба думаць, бо губляць ім, у прынцыпе, няма чаго… Ды й што гэта будзе за любоў, калі ты думаеш? Сука-любоў будзе...
Але думкі ўсё ж вярталіся. Мы йшлі да неандэртальскіх ускраін гораду, і я разумеў, што цяпер у мяне ёсць не проста аператарка тэлефоннае службы даверу, цяпер у мяне ёсць жанчына, якую прыемна трымаць за руку, не звяртаючы ўвагу нават на тое, што яна ў халаціку, шлапаках і махровых шкарпэтках. Ад такое думкі рабілася цёпла… Але адразу пасля чамусьці пачынала здавацца, што мы лішнія на ўсёй планеце, на вялізарнай ЗЯМЛІ, па якой сноўдаецца куча вырадкаў, а нам тут папросту няма месца, ніводнага, блядзь, квадратнага метру, ніводнага кубаметру паветра… І ад думкі пра гэта рабілася неймаверна галіма. Тады я насамрэч пачаў усведамляць, што ўвесь сэнс жыцця, адказ на пытанне “нахера ты жывеш?” з’яўляецца, зрэшты, даволі простым і відавочным – для таго, каб адваёўваць свае метры і кубаметры паветра, адваёўваць іх у нейкага невідочнага праціўніка, ворага, якога ты напраўду не бачыш і не адчуваеш, але які, аднак, існуе і патрошку-патрошку бярэ цябе ў аблогу… І ніякага замірэння з ім не падпішаш. І насраць яму на твой белы сцяг, зроблены з апошняе футболкі, і на твае пацыфісцкія замарочкі…Вось для чаго ў школе ўсё-такі вучаць кідаць гранату…
Так мы дабраліся ажно да майго дому і падняліся на шаснаццаты паверх. Я без усялякае задняе думкі доўга корпаўся ў дзвярах ключом, потым прачыніў іх і ўвайшоў у нашую з Ікарусам халасцяцкую кватэру. Усё нібыта было на месцы, ніякага пагрому, ніякіх галаварэзаў на нашых метрах і кубаметрах, за якія хутка трэба было плаціць бабкі старому алкашу Рулерту. Мы спакойна прынялі душ, я хацеў знайсці што пажэрці, але адразу зразумеў, што гэта марная справа. Тады мы з Анжэлік проста дапілі каньяк, і ўсе нашыя невідочныя ворагі на пэўны час прыпынілі свой грэбаны наступ...
– А вось яшчэ адзін, – Анжэлік паказала мне сіняк пад грудкамі, там, злева, дзе мусіла быць сэрца.
Я нахіліўся і пяшчотна пацалаваў яе ў тое месца. Мы валяліся ўсярэдзіне нашага адзінага пакою на маім надзіманым матрацы. Далей я апусціўся крыху ніжэй і пачаў цалаваць яе пупочак… Анжэлік неяк нервова пагладжвала маю раскудлачаную галаву сваімі доўгімі пальцамі, і гэтая нервовасць пачала перадавацца мне… Яна замінала не думаць, яе пальцы проста перадавалі ў мой мозг нейкія стрэмныя і напружна-дэпрэсіўныя імпульсы, праз гэта нараджаліся новыя і новыя думкі, настолькі шмат думак, што я проста не паспяваў іх думаць. Далей я пачаў спускацца пацалункамі яшчэ ніжэй і стаў зубамі сцягваць гумку майтачак… І раптам мяне прабіла… раптам я зразумеў тое, чаго мне, мабыць, зусім не варта было разумець… “Ну якая нахер машына? – круцілася ў маёй галаве. – Чаму яна сказала мне, што яе зачапіла машынай? Чаму я такі лузер, што ўзяў і паверыў? Чуеш, чувак? Як жа ты да гэтага недапетрыў?”
– Чаму ён гэта робіць? – спытаў я нечакана і ўсеўся побач з Анжэлік на падлозе, паспрабаваўшы скласці ногі ў позу лотаці.
Анжэлік неяк зацкавана зыркнула на мяне і прыкрыла грудкі маёй футболкай.
– Хто і што робіць?
– Ну, твой кончаны папік, чаму ён цябе б’е?
Яна парывіста ўскочыла і ўляпіла мне такую аплявуху, што мяне ажно развярнула, а ўжо ў наступнае імгненне ўпала на матрац, закрыла далонямі твар і заплакала.
Я падыбаў на кухню варыць каву.
Надзімаць матрац не зусім маленькага памеру, спадзеючыся толькі на лёгкія, асабліва на ўласныя лёгкія, справа вельмі няўдзячная. Літаральна на другой хвіліне табе пачынае здавацца, што матрац насамрэч ніякі не матрац, а нейкая загадкавая жывая істота, якая намагаецца высмактаць з цябе начыста ўвесь кісларод, а куды ж ты без яго, без кіслароду? Усвядоміўшы гэта, ты на імгненне спыняешся, і тады загадкавая істота наадварот пачынае цябе надзімаць, раздзімаючы табе шчокі – і так паўтараецца з добрыя некалькі дзясяткаў разоў.
Я вырашыў, што мы спацьмем на даху, я хоць такім чынам хацеў супакоіць Анжэлік, таму выпер матрац наверх і ўсё ж яго надзьмуў. Пасля гэтага я яшчэ некалькі хвілін сядзеў на цёплай смале даху, намагаючыся зразумець, якія зоркі навокал мяне сапраўдныя, а якія не зусім, то бок такія, што існуюць адно ў маіх вачах ад недахопу кіслароду. Хаця мне, калі чэсна, было да сракі – я не збіраўся чакаць, пакуль адна з іх упадзе, каб загадаць жаданне, бо іх у мяне папросту не было, я не збіраўся арыентавацца па гэтых зорках, бо ведаў, што ззаду мяне ёсць металёвыя сходы на шаснаццаты паверх, што там ёсць кватэра, якую мы здымаем з Ікарусам у старога алканаўта Рулерта, а ў той кватэры ёсць бялявая Анжэлік з тэлефоннае службы даверу, і на душы ў яе поўнае лайно. Таму пра якія нафіг зоркі можа ісці гаворка?
– Ну й якое халеры ты мне ўламіла? – буркнуў я. Мы сядзелі на матрацы на даху і глядзелі на начны горад, які нагадваў гіганцкую лятучую талерку, што напаролася на тэлевежу і цяпер ляжала каля яе падножжа.
– Я? – падсунулася да мяне бліжэй Анжэлік. – Сказаць праўду?
– Паспрабуй прынамсі...
– А я не памятаю, халера...
– Ахуець можна... – я ў шоку пахітаў галавой. На нас клалася жоўтае месяцовае святло, і мне ў нейкі момант пачало здавацца, што мы першыя людзі, злепленыя ўсявышнім з гліны, і што ўсявышні закінуў нас на дах гэтае высоткі са словамі “ну, любыя мае, вы сабе забаўляйцеся”, а сам пайшоў у бліжэйшы паб. І вось толькі ён пакінуў нас без нагляду, як мы ўляпаліся ва ўсе магчымыя і немагчымыя няшчасці…
– І наогул не кажы так, – дадала яна праз нейкае імгненне.
– Як гэта так?
– Ну... “ахуець можна”...
– А чаму я не павінен казаць “ахуець можна”, калі сапраўды можна ахуець?
– Няўжо так цяжка ахуець і не сказаць пра гэта?
– Ну, – пацепнуў я плячыма, – увогуле, цяжка, у мяне гэта выпадкова... Вось я лаюся, і матуля мая лаялася, і бабуля, мабыць, таксама…
– І мой кончаны...
– Не, ты не разумееш, я змалку лаюся, з шасці гадоў… У мяне тады дзіка балеў зуб, матуля прывяла мяне ў паліклініку, а на дзвярах у стаматолага вісела паперка “прінімает практікант”. Я тады даволі дрэнна ўяўляў, хто такія практыканты… І вось мама сказала: любы, можа пацерпіш да заўтра? Гэта ж ПРАКТЫКАНТ, туды яго налева! А я толькі адмоўна пахітаў галавой і сапраўды сеў у крэсла да практыканта. Мама, аперуючы фразамі “туды яго налева”, “сраны зуб”, “асцярожна, маць тваю, зразумеў? Бо трыбухі выпушчу!”, патлумачыла яму што да чаго, а потым невядома навошта дадала, што я вельмі нервовае дзіця, вельмі-вельмі нервовае дзіця і часам нават небяспечнае… Практыкант неяк загадкава ўсміхнуўся і дастаў свае садысцкія шчыпцы, якія праз імгненне апынуліся ў мяне ў роце. І тут я адчуў, разумееш, адчуў, што гэты ёлупень трымае не той зуб, які трэба, а суседні, я хацеў яму пра гэта сказаць, я намагаўся, але ў мяне выйшла толькі “вэўаввуэ!!!”. “Так-так, – пахітаў галавой практыкант, – мяне папярэдзілі, што ты вельмі нервовае дзіця, вельмі-вельмі нервовае і часам нават небяспечнае… Толькі не ўздумай кусацца…” Пасля гэтага ён рэзкім рухам выдзер мне здаровы зуб… некалькі хвілін я быў у аўце, потым сяк-так злез з крэсла. Практыкант акурат падваліў да мяне і паказаўшы мне выдзерты зуб, спытаўся: ну як, балбес ты нервова-небяспечны, балюча было? “Ябанае ты чмо,” – адказаў я і штосілы ўваліў яму з нагі па яйцах… Мне тады было шэсць, і ў прынцыпе я ні пра што не шкадую...
Расказаўшы гэтую кранальную гісторыю да канца, я зірнуў на Анжэлік, але яна ўжо спала ці прынамсі рабіла выгляд, што спіць, прытуліўшыся да мяне пад бокам. Я паклаў яе на матрац і накрыў пледам, які абачліва захапіў з кватэры. А потым яшчэ доўга ляжаў побач з ёй, утыркаючы на глыбокае-глыбокае неба, якое пачало мне здавацца празрыстаю вадой з безліччу пярлінаў. І я ведаў, што ў ніводнага ныральніка не хопіць кіслароду, каб іх дастаць. Я думаў пра гэта і чамусьці лавіў такі кайф, быццам у мяне былі тоны золата ва ўсіх найбуйнейшых банках свету.