Белорусское общественное объединение преподавателей русского языка и литературы


Маральна-выхаваўчая накіраванасць КНІГІ В. ЛУКШЫ «ЖАЎРУКОВА ПЕСНЯ»



бет13/19
Дата04.07.2016
өлшемі1.48 Mb.
#176592
түріСборник
1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   ...   19

Маральна-выхаваўчая накіраванасць КНІГІ В. ЛУКШЫ «ЖАЎРУКОВА ПЕСНЯ»
Вершаваныя казкі, прытчы і паданні з кнігі вядомага беларускага паэта В. Лукшы «Жаўрукова песня» напісаны ў значнай ступені пад уплывам беларускага, а таксама іншанацыянальнага фальклору. Для сучаснага майстра слова адной з галоўных крыніц натхнення стала мудрасць продкаў, тыя вечныя маральныя ісціны і каштоўнасці, якія былі здабыты шматлікімі пакаленнямі людзей шляхам неабходнага для кожнага чалавека спасціжэння дабра і зла праз штодзённыя справы і паводзіны. Паэтызацыя мудрасці, маральна-дыдактычны пачатак з’яўляюцца найважнейшымі рысамі твораў з кнігі «Жаўрукова песня». У казках, прытчах і паданнях, якія ўвайшлі ў яе, сцвярджаюцца непахісныя этычныя прынцыпы і каштоўнасці, у займальнай форме раскрываецца сутнасць розных маральных недахопаў, сцвярджаецца сіла практычнага розуму і духоўнасці чалавека ў барацьбе са злом. Паэт імкнецца далучыць сучаснікаў да перакананасці продкаў у тым, што злачынствы, парушэнні маральных межаў не застаюцца беспакаранымі.

Персанажы вершаваных казак і прытчаў – часцей за ўсё шматлікія прадстаўнікі флоры і фауны. Асобную групу складаюць фантастычныя істоты («Жывы агонь», «Лясное рэха») і чараўнікі, якія ў адпаведнасці з дыдактычнай мэтай твораў выконваюць ролю маральных суддзяў простых людзей, парушальнікаў забароны («Пра род савіны», «Певень – чырвоны грэбень», «Чалавек-пярэварацень»). Вобразы чараўнікоў звязаны з матывам метамарфозы, заснаваным «на светапоглядным феномене старажытнага чалавека, веры яго ў здольнасць пераўвасаблення адных сутнасцей у іншыя» [1, с. 137]. У казцы «Пра род савіны» чараўнік ператварае бессардэчнага і да крайнасці скупога чалавека ў саву. У казцы «Певень – чырвоны грэбень» метамарфоза ў птушку – кара за ляноту і фанабэрыстасць. Увагу сучаснага паэта прыцягвае перш за ўсё павучальны змест ператварэння чалавека ў неразумную істоту. У гэтай сувязі дарэчы прывесці меркаванні Гегеля, выказаныя адносна метамарфозы ў «Эстэтыцы». З філасофска-эстэтычнага пункту погляду міфы генетычна звязаны метамарфозай, яна выяўляе сэнс проціпастаўлення духоўнага і прыроднага пачаткаў. Гегель заўважае: «Природно существующие предметы – скала, животное, цветок, источник – представляются здесь как деградация и наказание, которому подвергаются духовные существа. Филомела, например, Пиэриды, Нарцисс, Аретуза вследствие ложного шага, страсти, преступления впадают в бесконечно великую вину или испытывают бесконечно великие страдания, теряют свободу духовной жизни и превращаются только в природные существа» [2, с. 103].

Зло мае звышнатуральныя крыніцы і паўстае ў абліччы варажбіткі ці бесцялесных істот, духаў («Жывы агонь»). Яно з’яўляецца вельмі магутнай сілай, але дабро заўсёды знаходзіцца ў барацьбе з цёмнымі і антыдухоўнымі з’явамі, і таму зло не бязмежнае. Глыбокі этычны сэнс змяшчае ў сабе, напрыклад, паданне «Нарачанская чайка», у якім сцвярджаецца вера ў перамогу светлага пачатку жыцця над цёмным. У адрозненне ад казак «Пра род савіны», «Певень – чырвоны грэбень», дзе метамарфоза паўстае як расплата за злачынствы і адхіленне ад забароны, у гэтым творы ператварэнне дзяўчынкі Алёнкі ў чайку – знак чысціні яе душы. Аналагічную ідэйна-дыдактычную функцыю выконвае матыў метамарфозы ў паданні «Белыя лілеі», у якім кветкі сімвалізуюць дзявочую прыгажосць і нявіннасць.

Паэт актуалізуе дыдактычную ролю слова, раскрываючы значнасць маральнай свядомасці ў грамадскім і прыватным жыцці людзей. Менавіта прытчы, байкі, казкі поруч з прымаўкамі былі спрадвеку жанравым выяўленнем духоўна-маральнага вопыту, універсальнай скарбніцай мудрасці. У павучальных творах з кнігі «Жаўрукова песня» ў адпаведнасці са шматвяковай дыдактычнай традыцыяй, сутнаснае ядро якой і складае сцвярджэнне унікальнай каштоўнасці мудрасці, звяры, птушкі, расліны выступаюць у якасці маралістаў. Яны даюць карысныя ў духоўным і практычным сэнсе павучанні, добрыя парады, асуджаюць неабдуманыя ўчынкі і найбольш тыповыя чалавечыя заганы: самалюбства і саманадзейнасць («Качыная школа», «Саманадзейны Дзьмухавец», «Заяц і Курапатка»), зайздрасць («Царыца ночы», «Бакас-зайздроснік»), эгаізм («Дубок і Грыб», «Слёзы зязюлі»), ганарыстасць («Ганарыстая варона», «Мянтуз і Лісіца», «Паўлін і Журавель»), сквапнасць («Сквапны Ўдод», «Пра род савіны», «Жабрак і Шчасце», «Кара за прагнасць», «Барсук і Куніца»), ляноту («Чырвоная вада»).

Павучальнасць з’яўляецца адной з галоўных рыс, якія характарызуюць змест вершаваных прытчаў і казак В. Лукшы. Таму нярэдка аўтарская маральная выснова ў іх набывае незалежную ад кантэксту твораў ідэйна-мастацкую каштоўнасць («Каго козы баяцца», «Хто даўжэй жыве на свеце», «Царыца ночы», «Самы каштоўны плод», «Мядзведзь і Камар», «Золата і хлеб», «Чырвоная вада», «Заяц і Курапатка»). Казкі «Заяц і Курапатка», «Каго козы баяцца», напрыклад, змяшчаюць у сабе наступныя непарушныя правілы жыццёвай мудрасці:
Хто сам назваўся мудрым –

Дурнем будзе! [3, с. 87].

Дзе многа гучных слоў,

Там справы –

Пуста [3, с. 262].
У творах «Чырвоная вада», «Самы каштоўны плод», «Золата і хлеб» мараль таксама мае бясспрэчную практычную значнасць:
З лянотай хто сваю заручыць долю –

Не будзе ведаць шчасця аніколі [3, с. 120].

Бо чалавек заўжды павінен ведаць:

Пладоў няма каштоўнейшых,

Чым веды [3, с. 166].

– Хлеб – самае каштоўнае на свеце, –

Зноў паўтарыў Бядняк. –

Што варажыць…

Ёсць хлеб – і бесклапотна спіцца дзецям,

З ім,


Нібы з песняй,

Можна шчасна жыць…[3, с. 300].


Ставячы акцэнт на паэтызацыі сілы чалавечага розуму («надзелены ім Богам чалавек») і мудрасці, В. Лукша звяртаецца да мінулага, да свайго маленства, калі ўпершыню былі ім пачуты «захаваныя памяццю часоў» «даўнія-даўнія казкі». Гэты зварот да родных вытокаў змяшчае ў сабе і духоўна-павучальны сэнс. У аўтабіяграфіі паэт заўважыў: «Кожнае вяртанне на зямлю бацькоў – гэта вяртанне да старонак даўно прачытанай кнігі, да радкоў, мудрасць прастаты якіх спасцігаеш праз доўгія гады і дзесяцігоддзі» [4, с. 211].

Жыватворны ўплыў згадак дзяцінства і юнацтва відавочны ва ўсіх без выключэння казках, паданнях і прытчах, якія склалі кнігу «Жаўрукова песня». Гэтыя творы маюць бясспрэчнае выхаваўчае значэнне, і таму менавіта многія з іх пад агульнай назвай «Казкі майго дзяцінства» ўвайшлі ў свой час у аўтарскі паэтычны зборнік «Батлейка», адрасаваны чытачам сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Дарэчы, В. Лукша – адзін з найбольш вядомых дзіцячых пісьменнікаў. Яго творы, у тым ліку і вершаваныя казкі, – гэта састаўная частка сучаснай беларускай паэзіі для дзяцей, сярод адметных тэндэнцый развіцця якой даследчыкі вызначаюць «выкарыстанне фальклорных набыткаў, звернутасць да навучальна-выхаваўчага працэсу» [5, с. 510]. Зварот В. Лукшы да народнай мудрасці, яе мастацкае асэнсаванне і паэтызацыя характарызуюць ідэйную скіраванасць казак і прытчаў з кніг «Батлейка» і «Жаўрукова песня». Мудрасць у свядомасці сучаснага творцы знітавана не толькі з жыццёвай спрактыкаванасцю, але і з дабрачыннасцю, пачуццём меры, асцярожнасцю, імкненнем не парушыць спрадвечныя маральныя забароны. Менавіта зямная, практычная мудрасць, адшліфаваная шматвяковым вопытам штодзённых чалавечых назіранняў і учынкаў, спраў і клопатаў асабліва цікавіць паэта. Рэлігійна-дыдактычныя матывы, хрысціянская мараль амаль што адсутнічаюць у яго вершаваных казках і прытчах.

В. Лукша засяроджвае ўвагу на паэтызацыі разважлівасці, замацаванай у народнай маральнай свядомасці ў якасці сапраўднай каштоўнасці («Як Ліса гусей рассудзіла», «Ліса і Шулячок», «Чаму Сарока – белабока», «Мядзведзь і Камар», «Салаўіная мелодыя», «Роўны з роўных», «Вугор і Карась», «Жаба і Слон», «Як Свіння прыдбала крылы», «Буйвал і Чапля», «Пярсцёнак Каршуна»). Сярод вядомых твораў сусветнай дыдактычнай славеснасці скарбніцай практычнай мудрасці з’яўляецца, напрыклад, старажытнаіндыйская «Панчатантра», дзе ў іншасказальна-займальнай форме выкладзена дасканалае веданне «навукі» жыцця і правіл этычных паводзін.

У розуме – моц чалавека, захаванне ім сваёй годнасці і дабрабыту («Як пчолы прыйшлі да чалавека», «Мудрая Малпа, або Чаму ў Кіта вялізны рот», «Сакрэт Селяніна, або Чаму Тыгр паласаты», «Усемагутны Ліс»). Перавага чалавека над неразумнымі істотамі найбольш выразна апаэтызавана ў казцы «Сакрэт Селяніна, або Чаму Тыгр паласаты». Грозны Тыгр, «закон якога – драць жывёлу», на пытанне, чаму моцны Буйвал скарыўся «двухногаму» «без кіпцюроў драпежных і зубоў», атрымаў наступны адказ:


Сакрэт у тым,

Што ў Селяніна –

Розум…

Надзелены ім Богам чалавек [3, с. 236].


У адпаведнасці з навукай жыццёвай мудрасці легкавернасць, саманадзейнасць, неасцярожнасць прыводзяць да ўчынкаў, якія абарочваюцца для чалавека парушэннем душэўнай раўнавагі, стратай маральнай годнасці і аўтарытэту, пакутамі («Саманадзейны Дзьмухавец», «Салаўіная мелодыя», «Ліса і Шулячок», «Усемагутны Ліс»). Любыя справы, калі яны не маюць разумнай асновы, з’яўляюцца дарэмнымі і бяссэнсавымі («Буйвал і Чапля»). Людзі адрозніваюцца сілай розуму і сваімі магчымасцямі («Усемагутны Ліс», «Як Свіння прыдбала крылы»), але кожны з іх можа заслужыць павагу («З радні Ўладара Неба»).

Простыя ісціны зямной мудрасці выказаны ў прытчы «Грані Лёсу». Добрым чалавечым лёсам сапраўды можна лічыць той, у якім спалучаюцца Здароўе, Шчасце і Каханне:


Як хораша, што з Лёсам на спатканне

Пайшлі


Здароўе,

Шчасце


І Каханне!..

Пайшлі, каб разам

Цэлы век трымацца,

Са злыбядой і чорным днём

Не знацца [3,с. 296].
На сучасным этапе літаратурнага развіцця В. Лукша працягвае старажытную сусветную і нацыянальную традыцыю дыдактычнага славеснага мастацтва. Сваёй канцэнтраванай павучальнасцю, паэтызацыяй жыццёвай мудрасці, дабра і маралі вершаваныя казкі, прытчы і паданні з кнігі «Жаўрукова песня» маюць асобае значэнне сярод твораў выхаваўча-дыдактычнага кірунку ў сучаснай беларускай паэзіі для дзяцей, займаюць у ёй адметнае месца.

______________________-

1. Цітавец, А. В. Метамарфоза / А. В. Цітавец // Беларускі фальклор: энцыклапедыя: у 2 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш]. – Мінск, 2006. – Т. 2: Лабараторыя традыцыйнага мастацтва. – «Яшчур» – С. 137—138.

2. Гегель, Г. В. / Г. В. Гегель // Эстетика: в 4 т. – М.: Искусство, 1969. — Т. 2: Развитие идеала в особенные формы прекрасного в искусстве.

3. Лукша, В. Жаўрукова песня: казкі, паданні, прытчы / В. Лукша. — Мінск, 2007.

4. Лукша, В. З берагоў Дзвіны-матухны / В. А. Лукша // З росных сцяжын: аўтабіяграфіі пісьменнікаў Беларусі / уклад. М. Мінзер. – Мінск, 2009. – С. 211—215.

5. Беларуская дзіцячая літаратура: вучэб. дапам. / А. М. Макарэвіч [і інш.]; пад агул. рэд. А. М. Макарэвіча, М. Б. Яфімавай. — Мінск, 2008.


В. А. Мандзік (Мінск)
ЦЫТАТА Ў ПАЭЗІІ В. ШНІПА
Асаблівасці паэзіі Віктара Шніпа вызначаюцца яе функцыянаваннем у семантычнай прасторы інтэртэксту, які фарміруецца міжтэкставымі сувязямі вершаў з цэлым шэрагам твораў (як празаічных, так і вершаваных) пераважна беларускай і рускай літаратур. Адным з асноўных тыпаў адсылак да прэцэдэнтных тэкстаў у аўтара з]яўляецца цытата.

Аб'ём паняцця цытаты ў літаратуразнаўстве вызначаецца па-рознаму. Сучасныя даследчыкі схільны разглядаць яго як родавае, агульнае; у гэтым выпадку яно ўключае ў сябе ўласна цытату, алюзію і рэмінісцэнцыю. “Такім чынам, цытатай — у шырокім сэнсе — можна лічыць любы элемент чужога тэксту, уключаны ў аўтарскі (“свій”) тэкст” [1, с. 497]. Як бачым, увага акцэнтуецца на тым, што важная не дакладнасць цытавання, але пазнавальнасць цытаты. Калі ж дадаць да вызначэння гэтага тэрміна крытэрый дакладнасці, то адпаведна аб’ём паняцця звузіцца да даслоўнага ўзнаўлення якога-небудзь тэксту. Прычым тут істотная і такая характарыстыка, як выдзеленасць чужога тэксту — графічна, пунктуацыйна або сінтаксічна. Гэтая фармальная прыкмета з’яўляецца вызначальнай для адрознення паняцця цытаты ў вузкім сэнсе ад тэрмінаў, якія з ёй карэлююць, але ўяўляюць сабой аб’ект асобнага даследавання (алюзія і рэмінісцэнцыя). Пры наяўнасці агульнай для трох гэтых паняццяў фукнкцыі — ствараць “на малой плошчы аўтарскага тэксту вялікае сэнсавае напружанне” [1, с. 503] - уласна цытата мае адметныя задачы, звязаныя з яе асаблівасцямі (дакладнасцю, выдзеленасцю). “Калі цытата незалежна ад ступені сваёй дакладнасці фармальна выдзелена, г.зн. указвае на сваю чужароднасць у адносінах да дадзенага тэксту і, асабліва, на сваё паходжанне (эпіграф), то яна арыентавана на інтэлект чытача, бо прымушае яго не да пазнавання, а да тлумачэння сваёй ролі” [2, с. 303]. Сапраўды, алюзія і рэмінісцэнцыя, асабліва ўзятыя з літаратурных твораў, маюць больш асацыятыўны патэнцыял, але часта скіроўваюць мысліцельную дзейнасць чытача на пазнаванне крыніцы. Цытата ж пазбаўляе ад такой неабходнасці і тым самым дазваляе засяродзіцца на яе зместава-ідэйнай сутнасці, аднесенасці да дадзенага тэксту.

Акрамя адзначаных вышэй фармальных характарыстык, цытата мае некалькі анталагічных прыкмет: двухпланавасць, літаральнасць і дыскрэтнасць [3, с. 23—30]. Двухпланавасць цытаты прадвызначаецца яе асаблівай прыродай — здольнасцю адначасова належаць двум семантычным планам: тэксту-крыніцы і новаму тэксту. Літаральнасць цытаты, натуральна, карэлюе з паняццямі “дакладнасці/недакладнасці” цытавання. Гэтая прыкмета часта служыць падставай для размежавання цытаты і рэмінісцэнцыі. Вышэй гаварылася, што цытата ўяўляе сабой даслоўную перадачу тэксту-крыніцы. Але часам аўтар нязначна змяняе яго структуру ці змест (верш В. Шніпа “Бывай, пакінутая ў сэрцы, дарагая…”, першы радок якога з'яўляецца недакладанай цытатай з верша А. Куляшова). Такое скажэнне цытаванага фрагменту можа быць свядомым (тады гаворка ідзе пра ўласна цытату) або несвядомым, неспецыяльным (а гэта ўжо ўласцівасць рэмінісцэнцыі). Нарэшце, прыкмета дыскрэтнасці заключаецца ў перарванасці аўтарскага тэксту чужародным элементам. Але дыскрэтнасць цытаты не адмяняе звязнасці тэксту, а, наадварот, выступае як умова яго цэласнасці.

Функцыя цытаты напрамую залежыць ад яе пазіцыі ў тэксце. Умоўна можна абазначыць тры асноўныя пазіцыі: пачатак, фінал, “паміж пачаткам і фіналам” [1, с. 503—504]. Пачатак і фінал — гэта моцныя пазіцыі. Пад пачаткам трэба разумець загаловак, эпіграф, прысвячэнне і першы радок вершаванага тэксту, пад фіналам — апошні радок верша.

Цытата ў пачатку падключае ўвесь аўтарскі тэкст да крыніцы і адразу ж вызначае ўстаноўку на ўспрыманне, разуменне ўсяго наступнага пад пэўным вуглом бачання. Звернемся да верша В. Шніпа “Колькі прызнанняў у шчырым каханні…”, змешчанага ў зборніку “На рэштках Храма”. Эпіграфам да твора аўтар абраў радкі з верша Ларысы Геніюш: “Слова “кахаю” — то слабае слова. // Мужнае слова — абараню”. Такое паняцце, як патрыятызм, можна са значнай доляй упэўненасці аднесці да грамадзянскай пазіцыі любога беларускага мастака слова. Але жыццё і творчасць Л. Геніюш найбольш ярка рэпрэзентуюць гэтую важную для кожнага з нас катэгорыю. Двума радкамі сфармулявана ключавая ідэя, якую паэтэса даносіла многімі вершамі: любоў да Радзімы праяўляецца не на словах, а на справе і мае дзейнасны, актыўны пачатак. Такім чынам, эпіграф адразу, яшчэ да прачытання верша, дазваляе чытачу ўсвядоміць агульную ідэйную скіраванасць творчасці Л. Геніюш і на аснове гэтага падрыхтавацца да правільнага разумення аўтарскага тэксту. Што цікава — ні Геніюш, ні Шніп не выкарыстоўваюць у дадзенай сітуацыі заклікавых інтанацый. У вершы В. Шніпа адбываецца канстатацыя фактаў — крыўдных і нават абуральных — і толькі, але няма ніякага пабуджэння:
Покуль гаворым, руйнуюцца замкі,

Песні ў нябыт адыходзяць з людзьмі.

Часта гаворкі — выгодныя лямкі, —

Раз ухапіўся — цягні і цягні [4, с. 97].


Абыякавасць да руйнавання гістарычных каштоўнасцей, атрафіраванасць нацыянальна-культурнай свядомасці — ці можна гэта перамагчы? Відаць, адказ на такое пытанне трэба шукаць у апошняй страфе верша. Аўтар двума апошнімі радкамі яшчэ раз цытуе словы эпіграфа, зноў ставячы іх у моцную пазіцыю — толькі ўжо фінала. Гэта прымушае чытача ўспрыняць дадзеныя словы на свой рахунак, што няяўным, апасродкаваным чынам заклікае да дзеяння. Так падвойнае цытаванне ў вершы “Колькі прызнанняў у шчырым каханні…” дазволіла аўтару з дапамогай аднаго і таго ж сродку стварыць розныя сэнсы, пашырыць і паглыбіць семантычнае поле цытаваных радкоў.

Такі прыём “падвойнай цытацыі” аўтар выкарыстоўвае даволі часта. У кнізе В. Шніпа “Страла кахання, любові крыж” змешчана аповесць у вершах і прозе “Першы папяровы снег”. Герой аповесці складае інтымныя вершы дзяўчыне, у якую закахаўся. У адным з такіх вершаў аўтар звяртаецца да знакамітага гімна каханню — верша А. Куляшова “Бывай”. Нават непадрыхтаваны чытач ведае гэты праграмны паэтычны твор, разумее асноўную яго ідэю: смутак лірычнага героя з прычыны немагчымасці быць побач са смуглявай Алесяй. Таму эпіграф да верша В. Шніпа, якім паслужыў першы радок куляшоўскага твора (“Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая...”) адразу падключае ўвесь аўтарскі тэкст да крыніцы, рыхтуе чытача да ўспрымання і асэнсавання дадзенага верша. Сапраўды, паэтычны твор Шніпа мае тую ж мінорную танальнасць, заключае ў сабе тую ж ідэю, што і верш Куляшова. Моцную пазіцыю цытаты-эпіграфа аўтар яшчэ болып узмацняе, зрабіўшы яе першым радком свайго вершаванага твора. Праўда, цытаванне тут недакладнае:


Бывай, пакінутая ў сэрцы, дарагая. Ніколі болей разам нам не быць з табой [5, с. 84].
Замена словазлучэння “абуджаная сэрцам” на “пакінутая ў сэрцы” бачыцца не выпадковай. Так падкрэсліваецца трываласць і працягласць лірычнага перажывання: тое, што пакінута ў сэрцы, застаецца ў ім назаўжды.

Цытата — гэта магчымасць дыялогу з іншымі тэкстамі, дыялогу, які ўзбагачае аўтарскае выказванне коштам цытаванага тэксту. Дыялог з паэтамі, што пісалі вершы інтымнай лірыкі, В. Шніп у вышэйзгаданай аповесці працягвае творам “А ў вашым голасе жывуць анёлы...”. Тут таксама ў якасці эпіграфа выкарыстаны першы радок верша прызнанага майстра інтымнай лірыкі Леаніда Дранько-Майсюка “у Вашым голасе квітнеюць астры...”. Як вядома, гэты твор уваходзіць у склад цэлага вершаванага цыкла пад назвай “Вершы для А.”. Традыцыя напісання вершаваных цыклаў, прысвечаных жанчыне, у літаратуры далёка не новая (узгадаем хаця б блокаўскія “Стихи к прекрасной даме”). В. Шніп ідзе не зусім традыцыйным шляхам — чаргуе вершы, якія, па сутнасці, таксама ўяўляюць сабой цыкл, з лістамі ў празаічнай форме ўсё да той жа Цудоўнай і Непаўторнай. Такім чынам, падабраная паэтам цытата адсылае нас не толькі да канкрэтнага верша, але і да цэлага цыклу.

Паколькі эпіграф — асноўны від цытавання ў В. Шніпа, варта болып падрабязна разгледзець функцыі эпіграфа ў вершаванай спадчыне гэтага мастака слова. Н. А. Кузьміна называе дзве асноўныя функцыі —інфарматыўную і формаўтваральную [6, с. 148]. Інфармацыя, якая ўводзіцца эпіграфам, можа быць двух тыпаў: інфармацыя пра аўтара (творчага суб'екта), які выбірае эпіграф, і інфармацыя пра тэкст, які размяшчаецца пад эпіграфам. Так, напрыклад, аналізуючы эпіграфы В. Шніпа, няцяжка заўважыць, што паэт цытуе, як правіла, вядомыя больш-менш шырокаму колу чытачоў творы класікаў беларускай літаратуры. Гэта дазваляе выказаць адпаведныя меркаванні пра літаратурныя густы паэта.

Эпіграф як пэўная інфармацыя пра аўтарскі тэкст выконвае ў адносінах да яго неаднолькавыя функцыі. Ён можа заключаць у сабе зместава-фактуальную інфармацыю, задаючы тэму, якая будзе раскрыта наступным тэкстам. Такую функцыю выконвае, напрыклад, эпіграф да “Балады Алеся Пісьмянкова” (зборнік “Балада камянёў”): “Ведайце: калі мяне не стане — // Я ў сваю дывізію пайшоў (Аляксей Пысін)” [7, с. 33]. Гэтыя радкі раскрываюць тэму вялікай душэўнай страты, якую адчувае кожны з нас, губляючы блізкага чалавека, сябра і паплечніка. В. Шніпу пашчасціла з Пісьмянковым сябраваць, працаваць у газеце “ЛіМ”, выступаць на літаратурных вечарынах... Думаючы пра А. Пісьмянкова, паэт уяўляе, што той пайшоў у дывізію А. Пысіна — свайго земляка: і на тым свеце сябры павінны быць побач...

Часам эпіграф утрымлівае зместава-канцэптуальную інфармацыю, выяўляючы ідэю, канцэпцыю твора. Возьмем эпіграф да "Балады Турава": "На Беларусі Бог жыве (Уладзімір Караткевіч)" [7, с. 17]. Гэтымі радкамі сцвярджаецца, з аднаго боку, ідэя богаабранасці нашай краіны, з другога — яе неўміручасці: Бог ёсць любоў і Бог ёсць вечнасць.

Зместава-падтэкставая інфармацыя сустракаецца ў эпіграфах даволі рэдка. Да верша са зборніка “Беларускае мора” пад назвай “Выкраданне Беларусі” В. Шніп абраў наступны эпіграф: “О Беларусь, мая шыпшына, // зялёны ліст, чырвоны цвет! (Уладзімір Дубоўка)”. У. Дубоўка ўспрымае лёс Радзімы ў цэлым аптымістычна, верачы, што ёй не страшны ні дзікі вецер, ні густы чарнобыль. Пры гэтым настрой верша В. Шніпа мінорны, калі не сказаць песімістычны: ствараецца адчуванне разгубленасці і бездапаможнасці: // Над морам зжаўцелым травы Шыпшыны лісточак зялёны Вятрамі на злом галавы Падхоплены ў неба шалёна [8, с. 74]. Такая неадпаведнасць зместу эпіграфа і аўтарскага тэксту здаецца нам не выпадковай. Паколькі эпіграф мае моцную пазіцыю пачатку твора, то аўтар пакідае за ім права на прэваліруючую сэнсаўтваральную ролю і прызнае заключаны ў яго падтэксце аптымістычны пачатак.

У якасці тэксту-крыніцы часта выкарыстоўваюцца творы, што адыгрываюць важную ролю ў станаўленні нацыянальнай культуры. Для нас адным з такіх твораў з’яўляецца паэма Якуба Коласа “Новая зямля”, першае двухрадкоўе якой стала не проста крылатым выслоўем, а сімвалам адданасці і любові да Бацькаўшчыны. В. Шніп цытуе гэтыя словы неаднаразова, устаўляе іх у розныя кантэксты ў залежнасці ад аўтарскай ідэі і сэнсавай нагрузкі. У “Баладзе Міхася Стральцова” дадзеная цытата мае экзістэнцыяльную афарбоўку, падкрэсліваючы марнасць і хуткаплыннасць жыцця. Паэт жыве, гарыць, аддае ўсяго сябе вершам, каб пасля пераўтварыцца ў палын-траву... I хоць яго сэрца б'ецца ў вершах -ці можна тое ж самае сказаць пра яго суайчыннікаў? // I я стаю каля тваёй магілы, // Як ля ўзарванае стаю царквы. // Шапчу:”Мой родны кут, як ты мне мілы...” // I шэпат чуецца палын-травы...” [7, с. 29]. Па сваёй спецыфіцы лірыка ўвогуле і лірыка В. Шніпа ў прыватнасці адлюстроўвае ў першую чаргу стан чалавечай свядомасці. Свядомая арыентацыя В. Шніпа на творчую спадчыну сваіх папярэднікаў і сучаснікаў, з аднаго боку, вызначае светапоглядныя арыенціры мастака слова, з другога — дазваляе ўзбагаціць аўтарскі тэкст новымі сэнсамі. Такая найбольш агульная роля інтэртэкстаў у паэзіі В. Шніпа.

__________________________



  1. Фоменко, И. В. Цитата / И. В. Фоменко // Введение в литературоведение. Литературное произведение: основные понятия и термины: учеб. пособие / под ред. Л. В. Чернец. — М., 1999. — С. 496—505.

  2. Тамарченко, Н. Д. Скрытая цитата как отсылка к жанровой традиции / Н. Д. Тамарченко // Искусство поэтики — искусство поэзии. К 70-летию И. В. Фоменко: сб. науч. тр. — Тверь, 2007. — С. 303—321.

  3. Семенова, Н. В. Цитата в художественной прозе (на материале произведений В. Набокова): Монография / Н. В. Семенова. — Тверь, 2002.

  4. Шніп, В. А. На рэштках Храма: Вершы / В. А. Шніп. — Мінск, 1994.

  5. Шніп, В. А. Страла кахання, любові крыж: паэзія і проза / В. А. Шніп. — Мінск,, 2008.

  6. Кузьміна, Н. А. Ннтертекст н его роль в процессах эволюции поэтического языка / Н. А. Кузьмина — М., 2004.

  7. Шніп, В. Балада камянёў: паэзія і проза / В. Шніп. — Мінск, 2006.

  8. Шніп, В. Беларускае мора: Вершы / Віктар Шніп. — Мінск, 2004.


А. Ю. Гарбачоў (Мінск)
ПАЭЗІЯ В. ГАДУЛЬКІ
Творчасць мастака з’яўляецца вобразным увасабленнем яго светапогляду. Форма, праз якую перадаецца светапогляд творцы, адлюстроўвае яго псіхалагічны стан, або, дакладней кажучы, якасць яго светаадчування. Светаадчуванне Васіля Гадулькі, калі гаварыць пра яго без канкрэтызуючых нюансаў, было трагічным. У беларускай літаратуры Гадулька з яго амаль нязменнай і чыстай нотай роспачы існуе паасобку. Ён адзінокі тут, якім быў і пры жыцці. І першае памкненне даследчыка – паспачуваць гаротнаму паэту. Без гэтага нельга: сапраўдны даследчык не бывае бяздушным, але нельга і абмяжоўвацца пачатковым крокам, каб не патрапіць у пастку усепаглынальнага і таму бяздумнага трагізму, куды нас міжволі запрашае Гадулькава лірыка.

Паэзія ёсць стыхія пачуццяў, у якой сэнсу ніколі не адводзіцца галоўная роля. Аднак сказанае не азначае, быццам паэзія наогул пазбаўлена змястоўнасці. Не, гаворка ідзе толькі пра меру наяўнасці сэнсу ў лірычным тэксце, меру, якая ў кожнага творцы свая, індывідуальная. Гэтая заканамернасць вымушае нас звярнуць увагу на тое значэнне, якое надае сэнсаваму складніку паэзіі менавіта Васіль Гадулька. У яго лірыцы прысутнічае яскрава выражаны філасофскі аспект. Так, у вершы «Годзе мудраваць: дачка хлусні...» паэта абурае «канчатковай ісціны бясспрэчнасць» [1, с. 103], таму ён скептычна ставіцца да розуму і магчымасцяў пазнання: «Розум! Ён жа першы б’е ў званы: // адкрыццё зрабіў. А гэта значыць – // цудаў стала менш. Але ж яны // побач з ім! Ды розум іх не бачыць» [тамсама].

Звужаючы пазнавальны рэсурс да ўзроўню лакальных адкрыццяў, Гадулька разам з тым прыпісвае розуму гнасеалагічную блізарукасць. Што ж – у разнастайных формах (ад тактоўна-адхіленай да сатырычнай або горка-іранічнай, як у нашым выпадку) трэціраваць пазнанне і яго інструмент сярод паэтаў заўсёды хапала ахвотнікаў. Але асаблівую цікавасць выклікае пытанне аб іх канструктыўнай праграме, аб альтэрнатыве, якую яны супрацьпастаўляюць відавочнай для іх недасканаласці розуму і пазнання.

Гадулькава версія строга містычная і паэтычная; яна добра знаёмая і не прэтэндуе на філасофскую вышыню: «Праўду знаюць толькі камяні. // Ім аб ёй напамінае Вечнасць» [тамсама]. Акрамя таго, сфармуляваная гэтая максіма так, што незразумела, хто валодае праўдай: камяні ці Вечнасць? паасобку ці разам? А вось яе ўдакладняючы працяг: «Мозг у чалавека не такі: // згустак болю – кожная ў ім жылка» [тамсама].

У прыведзеных радках выразна вызначана светапоглядная пазіцыя В. Гадулькі: чалавек не ведае праўды, ён гнасеалагічна бяссільны, ён – перш-наперш істота для перажывання пакуты. У цэлым такую пазіцыю можна ахарактарызаваць як экзістэнцыялісцкую, але гэтая выснова ўсё ж даволі павярхоўная, бо яна дазваляе выявіць спецыфіку гадулькаўскай творчасці толькі ў самых агульных рысах.

Дададзім яшчэ адзін штрых, які тычыцца стаўлення мастакоў да гнасеалагічнай праблематыкі. Якасць гэтага стаўлення з’яўляецца фундаментальнай, бо ёю ўрэшцерэшт вызначаецца мастацкая вартасць творчасці. За пагарджанне «праклятымі пытаннямі» і за недастаткова глыбокія адказы на іх паэт плаціць тым, дзеля чаго піша, і роўна ў той меры, у якой яго светапогляд недасканалы.

Васіль Гадулька лічыць выратавальным ірацыянальны спосаб існавання і пераканана адстойвае яго гегемонію: «Няведанне ратуе нас – // дае нам жыць і спадзявацца...» [1, с. 88]. Такім чынам сродкамі культуры – арсеналам паэзіі і разважаннямі на філасофскія тэмы – аснова культуры адсоўваецца на перыферыю чалавечага быцця. А што ўзамен? На гэтае пытанне дае адказ ужо працытаваны верш «Чорная госця». У ім аўтар, выкарыстаўшы фабульную канву балады амерыканскага паэта Эдгара По «Крумкач», прыходзіць да ўласнай высновы: «...няма куды дзявацца // ад жудаснага адкрыцця, // калі знянацку – таямнічы // ў тваіх вачах – падман жыцця // ў пачварным паўстае абліччы» [тамсама]. Тут праўда паэта лакальная, таму што пазнанне звязана з адкрыццём не толькі змрочных, але і светлых бакоў быцця. Аднак Гадульку мала цікавяць апошнія; ён – пясняр роспачы і носьбіт апакаліптычнага светаўспрымання.

Гадулька бліскуча валодае майстэрствам увасаблення трагічнага зместу, і ў гэтым яму дапамагае крыштальная шчырасць інтанацыі. Для яго «Памяць сэрца – крыніца пакут невычэрпных, // успамінаў аб страчаным шчасці нясцерпных» [1, с. 91]. І нават калі паэт пачынае распавядаць пра штосьці светлае, кожны, хто знаёмы з яго творчасцю, ужо чакае пераходу да адценняў цемры і амаль ніколі не памыляецца. Верш «Люба мне, калі ў прыціхлым садзе...», у якім чуецца адгалосак ясенінскага смутку, – паказальны прыклад лірычных разважанняў В. Гадулькі. Пачатак – урачыста-элегічны. Такая інтанацыя характэрна для стылю паэта, ёю прасякнута лепшае з яго творчай спадчыны: «Люба мне, калі ў прыціхлым садзе // ў кронах дрэў не згас яшчэ агонь. // Ліст пажоўклы прыляціць і сядзе // матыльком на золкую далонь» [1, с. 49].

Аднак у другой страфе адбываецца інтанацыйны пералом і змена настрою. Аўтар уздымаецца да паэтычнага абагульнення, у якім выяўляецца прыхільнасць да апакаліптычнага светаўспрымання: «Ветрык з ім свае спыняе гульні... // Ці не для таго, каб нагадаць: // усяго жывога лёс агульны – // пакрысе мярцвець і ападаць?» [тамсама]. «Ласкавае» слова «ветрык» узмацняе сэнсавы кантраст паміж зместам пачатковай і наступных строфаў. Нельга сказаць, што Гадулька радыкальна не заўважае светлых фарбаў жыцця, але з яго пункту гледжання «час цвіцення – лічаныя дні» [тамсама] і ніяк інакш. На такой падставе ў вершы праводзіцца паралель паміж знікненнем апалых лісцяў («...пад гоман маладой лістоты // леташняй не ўспомняць карані» [тамсама]) і незайздроснай будучыняй лірычнага героя («я ў сваіх нашчадках не ўваскрэсну: // кожны з нас – апошні на Зямлі» [тамсама]). Праніклівая афарыстычнасць – яшчэ адна грань таленту паэта – узмацняе эмацыйнае ўздзеянне яго меркаванняў.

Творчае крэда В. Гадулькі, канешне ж, паходзіць ад яго светапогляду і таксама абумоўлена песімізмам (у паэта і пейзаж – пераважна начны і асенні). Нават прыгожы верш з аднайменнага твора «...ўспыхнуў і згарэў // феерверкам асляпляльных промняў // і нікому сэрца не сагрэў, // і ніхто нічога не запомніў» [1, с. 122]. Тут відавочна расчараванне рамантыка ў неабходнасці паэзіі. Прыгажосць, якая паводле Шылера павінна была ратаваць свет, у Гадулькі марна знікае ў агні. Вядома, што рамантык – гэта зачараваны цынік, а цынік – расчараваны рамантык. Але Гадулька пры ўсіх яго расчараваннях ніколі не спакушаецца ступіць на тэрыторыю цынізму. І гэта ратуе душу паэта ад самавынішчэння і дорыць яго лірыцы непадробленую празрыстасць. Але да яе Гадулька рухаецца складанымі шляхамі.

У вершы «Да крытыкаў» заклік да аб’ектыўнасці («Не дагаджайце. Патрабуйце, // каб песня песняю была...» [1, с. 48]) змяняе затоеная скарга на нялёгкую долю паэта, якая гучыць быццам «А вы могли бы?» Маякоўскага на беларускі лад: «А лепей самі паспрабуйце // вырошчваць кветкі – без святла» [тамсама]. Варта ўвагі тое, што ў гэтых словах перададзены не толькі вядомая і чаканая аўтарская ўстаноўка на творчае пакутніцва, але і пратэст супраць цемры. Нават жывучы ў змроку, паэт не згодзен ні на які іншы занятак, апроч культывавання прыгажосці. Трагічная муза Васіля Гадулькі імкнецца да святла.

Насамрэч гадулькаўская трагедыйнасць, нягледзячы на яе распаўсюджанасць, не з’яўляецца інфернальнай. Яе зброя – ваяўнічасць і інвектыўнасць – прымяняецца не вельмі часта, хаця і трапна. Гадулька ўражвае і сваёй магутнай роспаччу, і сваімі выпадамі супраць вяршыцеляў зла. Ім ён адмаўляе калі не ў праве «людзьмі звацца», то ва ўласнай паэтычнай прыхільнасці (верш «Неспакой»): «Мне б свой край апяваць. // Ад Заходняй Дзвіны і да Брэстчыны // мне б прайсці і з надзеяй // заглянуць у кожны куток, // а я бачу вялізны натоўп // прагавітых, нахабных, разбэшчаных // і ласкавага слова для іх не знайду // і не ўцісну ў радок» [1, с. 60]. У вершаванай алегорыі «Шахматы і жыццё», відавочна напісанай Гадулькам пад уражаннем песень Высоцкага «Честь шахматной короны» і «Баллады о короткой шее», берасцейскі паэт бязлітасна ганіць злыдняў, жыццёвая тактыка якіх нагадвае яму зігзагі шахматнага каня. Гэты персанаж «...заўжды гатовы // па загаду з пенай на губе // і сягаць наўпрост цераз галовы, // і таптаць слабейшых за сябе» [1, с. 107].

Аднак часам гадулькаўская інвектыўнасць амаль губляе мяжу паміж дабром і злом, і тады паэт рызыкуе скаціцца ў небяспечную бездань. У вершы «Самагубцы» ён, на першы погляд, дыскрэдытуе прагу да жыцця і ўсхваляе смерць як збавіцельку ад пакут: «У проціборстве сіл дабра і зла // тупы інстынкт цярплівасці жывёльнай // не спрацаваў – душа перамагла, // і суджана ёй стаць, як птушцы, вольнай» [1, с. 106]. Сімптаматычна, што ў прыведзеных радках перамога душы (мацнейшай аказалася яна, а не нібыта абмежваны розум) не становіцца перамогай дабра. Але зыходны аўтарскі намер не быў злавесным, і Гадулька пацвярждае гэта фінальнымі радкамі, у якіх дасягаецца галоўная мэта верша, аснова яго мастацкай сілы, – рамантызацыя пакутнікаў лёсу: «Уцеклых не ў выратавальны сон, // а ў Вечнасць, у якой свае законы, // іх возьме Ноч пад зорны парасон // і зберажэ ад глуму іх імёны» [тамсама].

Матыў спачування ахвярам людзей і лёсу – скразны ў творчасці Гадулькі і спалучаецца з уласцівым мастаку пачуццём справядлівасці («…не для ўсіх прыносіць радасць сонца, // калі яно ўзыходзіць не для ўсіх» («Ранак у лесе») [1, с. 101]), а таксама з той наіўнасцю светапогляду, якая характарызуе людзей чулых і незласлівых. Паэт спачувае жывым істотам («Чорны кот», «Смерць») і нават «...звычайнай пешцы, // што заўжды трапляе ў лік ахвяр...» («Шахматы і жыццё») [1, с. 107]. Але ўсё гэта – праекцыя адносін да людзей, бо праз сэрца паэта праходзіць усё чалавечы боль. І такая ўспрымальнасць часта выклікае трагічныя наступствы. Вострае перажыванне паўсюднай несправядлівасці адмоўна ўплывае на настрой паэта. Таму не дзіўна, што стан спліну вельмі добра знаёмы паэзіі Гадулькі («Крытычны ўзрост», «Вецер вішчыць, як паранены вепр...», «Зноў з-за хмаркі выплыў месяц...»). Іншы раз нават пейзажныя замалёўкі ў яго становяцца змрочна-пагрознымі. Месяц, які выпраменьвае халоднае святло, успрымаецца паэтам як сімвал сусветнай адчужанасці і таму выклікае жахлівае параўнанне («Начны трыпціх»): «Месяц угары – нібы тапелец, // што з глыбокай чорнай прорвы выплыў» [1, с. 52].

У цяжкія хвіліны жыцця лірычны герой В. Гадулькі горка наракае на сваю долю, аднак пры гэтым нікому не пасылае папрок («Зноў душу апякае ўспамінам...»): «...маю тут свой куток і ў кутку тым // мушу, сын шматпакутнай зямлі, // зноў і зноў заставацца – прыкуты // лёсам продкаў да чорнай раллі» [1, с. 81]. Вельмі важныя для разумення трагедыйнасці гадулькаўскага светаадчування матывы нездзяйсняльнасці і падманлівасці кахання, ключавыя ў інтымнай лірыцы паэта («Рака», «Не выдумляй, што для цябе я не памру...», «Ноч пакінула цёмны закутак...», «Вэртумн і Памона», «Гамер і Гелена», «Зорка радасці»). Ён лічыць: «Каханне – гэта светлы сон душы» («Санет II») [1, с. 96] – і пераносіць сваю мару аб гэтым пачуцці ў трансцэндэнтную сферу («Сустрэнемся мы ў іншым тым жыцці, // дзе нас з табой нішто ўжо не разлучыць» («Развітанне») [1, с. 51]). І ўсё ж паэтава душа жыве надзеяй на каханне («На хвалях пяшчоты...», «Усміхніся»), а яго прага пульсуе ў хвалююча-эратычным вершы «Спёка».

Магістральную сувязь з жыццём самотны лірычны герой Гадулькі падтрымлівае праз любоў да Радзімы. Ён не афішуе свае патрыятычныя пачуцці, а проста жыве на роднай зямлі і дыхае родным паветрам. Пра многае сведчаць арганічная злітнасць яго душы з беларускай прыродай і клапатлівая дэталёвасць, з якой у Гадулькавых вершах абмаляваны лясны і раўнінны берасцейскі пейзаж. Пра запаветнае – пра сваю непарыўную сувязь з Радзімай – паэт гаворыць у звыклай для сябе алегарычнай манеры: «...хай кропелькай сонца згублюся ў траве – // мне ў памяці жыць, покуль дрэва жыве» («Роднае дрэва») [1, с. 50]. І хаця ён расчараваны ў магчымасці асабістага шчасця, аднак верыць у годную будучыню свайго народа: «Пачакай: яшчэ сонца выгляне. // Сонца выгляне – будзем жыць» («Па-над хатамі, па-над гумнамі...») [1, с. 51].

Безумоўна, у лірыцы Васіля Гадулькі ёсць і недахопы. У яго крыху прамалінейна і прастадушна ўвасобленыя грамадзянскія матывы («Голас», «Па-над хатамі, па-над гумнамі…», «Неспакой»), не заўсёды ўдалым бачыцца пераасэнсаванне «вечных тэм» і вядомых сюжэтаў («Вертэр, Ева і Дон Жуан», «Ранкам клён зялёны на маім падворку…»). Не на вышыні свайго таленту паэт і ў творы буйнага жанру – «Паэме без назвы». Аднак пералічаныя хібы не фатальныя. Яны – знакі неўсталяванасці паэтычнага майстэрства, а не творчай нямогласці. Няма сэнсу засяроджвацца і на недасканаласці стылю некаторых вершаў Гадулькі: гэта не столькі індывідуальны, колькі аб’ектыўны недахоп, бо ў прыватнасці такім чынам на літаратуры адбіваецца незавершанасць станаўлення мовы і нацыі.

Што ж тычыцца песімізму, эмацыйнай квінтэсенцыі Гадулькавай паэзіі, то ён – таксама з’ява пераважна агульнага плана, дакладней, характарыстыка самаадчування беларуса. Дарэчы, цёзка берасцейскага паэта Быкаў – чалавек і пісьменнік сонечнай душы, якога тым не менш цяжка назваць аптымістам. Але галоўнае, што аб’ядноўвае такіх розных творцаў – празаіка Васіля Быкава і паэта Васіля Гадульку – гэта тое, што, кожны па-свойму, яны прыкмецілі ў беларускім менталітэце яго станоўчую рысу: глыбока затоеную («партызанскую») цягу да святла ва ўмовах навакольнага змроку. Своеасабліва гэты момант адлюстраваны ў вершы «Увосень», адным з лепшых узораў Гадулькавай лірыкі. Абраны аўтарам энергічна-працяжны пяцістопны анапест дакладна адпавядае высокаму ладу паэзіі. Гарманічны па зместу і форме, верш «Увосень» вылучаецца сваёй пранікнёнай канцоўкай: «Крывяню сабе вусны // калінавай ягадай спелаю. // П’ю ляснога паветра // духмяны смалісты настой. // І ўплятае мне восень // яшчэ адну нітачку белую – // урачыстага смутку – // у мой жураўліны настрой» [1, с. 105].

Ёсць такое імя ў беларускай літаратуры – Васіль Гадулька. І яно – адметнае. Творчасць паэта кранае чулае сэрца, а беларусам, акрамя іншага, нагадвае пра іх духоўную непаўторнасць. У айчыннай паэзіі застанецца каштоўны здабытак Гадулькавай музы – светлая ўрачыста-элегічная нота, прысвечаная любай Радзіме.

______________________________

1. Гадулька, В. Голас / В. Гадулька; уклад. Л. М. Голубовіча. – Мінск, 2004.
О. А  Маркитантова (Минск)



Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   ...   19




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет