Біяграфія
1. Якія з ніжэйпрыведзеных гадоў жыцця беларускіх пісьменнікаў належаць Максіму Багдановічу?
а) 1882–1942; в) 1893–1943; д) 1893–1938;
б) 1887–1920; г) 1891–1917; е) 1900–1944.
2. З якой сям’і паходзіў паэт?
а) сялян; в) інтэлігентаў;
б) дробных рамеснікаў; г) збяднелай шляхты.
3. Чым вызначалася сям’я Багдановічаў, якімі жыла запатрабаваннямі?
а) Бацькі Максіма Багдановіча былі інтэлігентамі з шырокімі інтарэсамі, аднак у кожнага з ix былі свае захапленні, iм не было справы адзін да аднаго. Выхаваннем дзяцей займаліся няні.
б) Гэта была інтэлігентная сям’я, якую хвалявала грамадскае i культурнае жыццё народа. Бацька займаўся навуковай дзейнасцю, вывучаў этнаграфію i фальклор беларускага народа i напісаў працу па гэтай праблеме. Maці мела літаратурны талент. Яна нават апублікавала адно са сваіх апавяданняў.
в) Сям’я Багдановічаў жыла дружна i шчасліва. Бацька працаваў, маці займалася выхаваннем дзяцей. У доме любілі кнiгy, музыку. Адам Ягоравіч меў багатую бібліятэку;
г) Бацькі Максіма надавалі выключную ролю выхаванню дзяцей: шмат гулялі з iмi, чыталі кнігі, музіцыравалі, спявалі, рабілі праходкі.
4. Якія мясціны Беларусі i як звязаны з iмeм Максіма Багдановіча?
а) Орша. Тут нейкі час жыла сям’я Багдановічаў, калі Адам Ягоравіч працаваў у банку.
б) Мінск. У гэтым горадзе ў 1891 г. нарадзіўся паэт. Пасля заканчэння Яраслаўскага ліцэя ў 1916 г. Максім Багдановіч прыехаў у Мінск, каб быць са сваім народам у гады ваеннага ліхалецця, дапамагчы яму.
в) Гародня. Пазбаўлены магчымасці працаваць настаўнікам з-за хваробы горла, Адам Ягоравіч не змог уладкавацца ў Мінску. Сям’я пераехала ў Гародню. Бацька ўладкаваўся на працу ў Сялянскі банк. У гэтым горадзе памерлі Марыя Апанасаўна i сястрычка Ніначка.
г) Ракуцёўшчына на Маладзечаншчыне. Сюды ў 1911 г. да В. Лычкоўскага, дзядзькі братоў Луцкевічаў, прыязджаў адпачываць Максім Багдановіч;
д) Вёска Падстарынь на Берасцейшчыне. Тут Максім Багдановіч праводзіў летнія канікулы, калі вучыўся ў гімназіі і ліцэі.
е) Балачанка. Тут летам адпачывала сям’я Багдановічаў: сябравалі з сялянамі, хадзілі ў грыбы, ягады.
ж) Вяззе Асіповіцкага раёна. У гэтай вёсцы жыла сястра Марыі Апанасаўны. Сюды яна і прыязджала з дзецьмі на летні адпачынак.
з) У Карпілаўцы пад Мінскам, сядзібе Ядвігіна Ш. у час першай сусветнай вайны паэт наведаў дзіцячы прытулак.
5. Якія выпрабаванні выпалі на долю сям’і Багдановічаў да пераезду ў Расію?
а) Адам Ягоравіч і Марыя Апанасаўна страцілі сваіх бацькоў, якія дапамагалі ім матэрыяльна.
б) Захварэў Адам Ягоравіч, неабходна было мяняць працу. Яе для прагрэсіўна настроенага маладога чалавека ў Мінску не знайшлося. Давялося перабірацца ў Гародню.
в) На хуткацечныя сухоты захварэла Марыя Апанасаўна пасля родаў дзяўчынкі Ніначкі. Памерлі маці і дзіця.
г) Бацька, які адзін утрымліваў сям’ю, быў звольнены з працы. Сям’я апынулася ў складаным матэрыяльным становішчы.
6. Чаму Адам Ягоравіч пакінуў Беларусь і пераехаў у Ніжні Ноўгарад на Волзе?
а) Яго перавялі ў гэты рускі горад па службе і абяцалі больш высокія заробкі.
б) Адам Ягоравіч пераканаўся, што ў Гародні яму не зрабіць службовую кар’еру і не рэалізавацца як навукоўцу.
в) Сухоты на той час былі невылечнай хваробай і належалі да ліку спадчынных. Каб уратаваць дзяцей, Адам Ягоравіч пакідае Беларусь, дзе клімат спрыяе развіццю сухотаў, і пераязджае ў мясцовасць з сухім кліматам.
7. Якую адукацыю атрымаў паэт?
а) Ён закончыў Маскоўскі універсітэт.
б) Першапачатковую адукацыю Максім атрымаў дома. Яго, як і двух другіх братоў, вучыў сам бацька, далучаючы да сусветнага эпасу.
в) Аўтар «Вянка» вучыўся ў Ніжагародскай і Яраслаўскай гімназіях, пазней закончыў юрыдычны ліцэй у Яраслаўлі.
г) Максім Багдановіч паступіў вучыцца ў Пецярбургскі універсітэт, аднак не закончыў яго з-за хваробы.
8. Хто і што спрыяла таму, што, пакінуўшы Беларусь у пяцігадовым узросце, Максім Багдановіч ведаў родную мову, пісаў па-беларуску?
а) У Ніжнім Ноўгарадзе жыло шмат беларусаў. Яны арганізавалі прыватную беларускую школу, якую наведваў Максім.
б) Адам Ягоравіч выехаў у Ніжні Ноўгарад не адзін, а разам з сястрой Магдаленай. Яна і ў Расіі прытрымлівалася беларускіх звычаяў і абрадаў. У гэтай цёткі любіў бываць дзіцём Максім. Тут і прыахвоціўся да беларускай мовы і культуры.
в) З дзяцінства Багдановіча вабіў да сябе той далёкі край, дзе навечна ў зямлі засталася мама. Каб задаволіць сваю цікавасць, хлопчык чытаў усё пра Беларусь, што было ў бацькавай бібліятэцы. Па слоўніку І. Насовіча вывучыў мову.
г) Цягу да мовы і культуры продкаў культываваў у сям’і бацька. Ён у гэтым плане быў для Максіма сапраўдным настаўнікам.
д) Ніхто ў сям’і Багдановічаў не падтрымліваў цікавасці Максіма да Беларусі і ўсяго беларускага. Падзяляла погляды і разумела яго памкненні хіба што хросная Сёмава, хоць тая і жыла ў Пінску. Яна і выпісвала Максіму беларускія газеты.
9. Які год лічыцца пачаткам літаратурнай творчасці паэта? Які твор і ў якім выданні быў надрукаваны ўпершыню?
а) 1905 г., верш «Мужык», газета «Северо-Западный край»;
б) 1907 г., апавяданне «Музыка», газета «Наша Ніва»;
в) 1913 г., апавяданне «У лазні», газета «Наша Ніва».
10. Чаму не рэалізавалася памкненне Максіма Багдановіча вывучаць беларусіку ў Пецярбургскім універсітэце, куды запрашаў яго выдатны рускі вучоны А. Шахматаў?
а) Сябры адгаварылі паэта ехаць у Пецярбург, пераканаўшы, што ў Расіі наўрад ці можна атрымаць доступ да такіх першакрыніц, у якіх змешчана праўда пра гісторыю і культуру Беларусі.
б) Максіма не пусціў у Пецярбург бацька, які сваю адмову матываваў матэрыяльным становішчам сям’і, калі па-за домам трэба будзе вучыць двух сыноў. Ён выбраў Лёву, які меў бліскучыя матэматычныя здольнасці. Спасылаўся Адам Ягоравіч і на слабое здароўе сына, пераконваючы таго, што сыры клімат Пецярбурга не для хворых лёгкіх Максіма.
в) Галоўная прычына, аднак, заключалася ў тым, што Багдановіч-старэйшы не верыў у беларускую справу, не бачыў жыццёвай перспектывы для сына ў вывучэнні беларусікі і таму не пусціў яго на вучобу ў паўночную сталіцу Расіі.
11. Якую ролю ў жыцці і творчасці мастака слова адыграла яго паездка ў 1911 г. у Беларусь?
а) Паэт пазнаёміўся ў Вільні з супрацоўнікамі газеты «Наша Ніва», якіх ведаў толькі праз іх публікацыі і па перапісцы. Сяброўскія кантакты з аднадумцамі неабходныя кожнаму творчаму чалавеку.
б) У Ракуцёўшчыне юнак пазнаёміўся з Ганнай Какуевай, сваім самым моцным каханнем, якой адрасаваў шэраг выдатных твораў.
в) У Вільні, былой сталіцы Вялікага княства Літоўскага, Максім Багдановіч адкрыў для сябе багатую культуру свайго народа. У выніку гэтай паездкі былі напісаны цыклы вершаў «Старая Беларусь», «Згукі бацькаўшчыны».
г) У Ракуцёўшчыне пісьменнік падужэў, паздаравеў, набраўся сіл, адчуў, што яго творчасць патрэбна на радзіме. Таму тут Максіму Багдановічу і добра пісалася.
д) Аўтар «Вянка» сталым чалавекам упершыню трапіў у родную моўную стыхію, яму ўдалося папрысутнічаць на вясковых вяселлях, на кірмашах, адчуць душу свайго народа, а гэта вельмі патрэбна мастаку слова. Невыпадкова пасля паездкі ў Беларусь Багдановіч піша вершы беларускага складу.
12. Пасля заканчэння Яраслаўскага юрыдычнага ліцэя перад паэтам паўстала праблема жыццеўладкавання. Які ён робіць выбар?
а) Максім Багдановіч уладкоўваецца на працу юрыстам у Яраслаўлі.
б) Юнак вяртаецца ў Ніжні Ноўгарад, дзе засталося шмат сваякоў, якія абяцалі паэту падтрымку.
в) Паэт вырашае ехаць у Мінск, які на той час быў фактычна прыфрантавым горадам, каб дапамагаць тым, каго вайна выгнала з родных мясцінаў, хто меў патрэбу ў клопаце і падтрымцы.
13. Чым займаецца паэт у Мінску?
а) Асноўны яго клопат – літаратурная творчасць. Усё астатняе яго мала цікавіць.
б) Максім Багдановіч увесь быў у клопатах пра бежанцаў. Асабліва шмат увагі аддаваў дзецям, наведваў прытулкі, дабіваўся ім дапамогі. На творчасць заставаліся вечары ды ночы.
в) Аўтар «Вянка» ажыццяўляў шматлікія паездкі па гарадах Беларусі, падоўгу гасцяваў у шляхетных сядзібах, дзе весела і бесклапотна бавіў час.
г) Багдановіч у свой апошні прыезд у Мінск жыў клопатам пра адраджэнне Беларусі: сустракаўся з аднадумцамі, наведваў беларускія тэатральныя гурткі, цікавіўся тымі прытулкамі, дзе ўся праца вялася па-беларуску, вывучаў іх патрэбы, пісаў артыкулы на асветніцкія тэмы, распачаў працу па напісанні беларускага буквара.
14. Чаму Максім Багдановіч пакінуў Мінск і выехаў у Ялту?
а) З Беларусі паэта выгнала вайна. Немцы набліжаліся да горада. Жыхары ратаваліся ўцёкамі.
б) У Ялце знаходзіўся бацька. Ён патрабаваў, каб Максім абавязкова прыехаў у гэты курортны горад.
в) Абвастрыліся сухоты, паэт пачаў кашляць кроўю. Сябры сабралі грошы і выправілі яго на поўдзень са спадзяваннем, што гаючы крымскі клімат добра паўплывае на паэта і ён падужэе.
15. Дзе пахаваны паэт?
а) Магіла Максіма Багдановіча ў Мінску, дзе ён нарадзіўся.
б) Чужыя людзі аддалі паэта крымскай зямлі. Там і сёння яго прах.
в) Цела Максіма Багдановіча было перавезена ў Яраслаўль, дзе на той час жыў яго бацька.
Достарыңызбен бөлісу: |