Міхась Зарэцкі (1901–1937)
Міхась Яўхімавіч Касянкоў нарадзіўся 20 лістапада 1901 г. у сяле Высокі Гарадзец Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Талачынскі раён Віцебскай вобласці) у сям’і вясковага дзяка Яўхіма Ануфрыевіча і Пелагеі Лявонцьеўны Касянковых. Дзіцячыя гады прайшлі ў вёсцы Зарэчча пад Шкловам, куды былі пераведзены бацькі. У дзесяцігадовым узросце Міхася аддалі ў Аршанскае вучылішча, праз чатыры гады – у Магілёўскую духоўную семінарыю, дзе ён правучыўся толькі два гады. З пачаткам рэвалюцыйных падзей М. Зарэцкі працаваў у вайсковай частцы перапішчыкам.
З 1919 г. М. Зарэцкі настаўнічае ў пачатковай школе на Магілёўшчыне, узначальвае Шклоўскі валасны аддзел народнай асветы. Далейшы жыццёвы шлях М. Зарэцкага звязаны з Чырвонай Арміяй: з 1920 па 1927 гг. ён знаходзіцца на пасадзе палітработніка. Літаратурная дзейнасць М. Зарэцкага пачалася ў 1921 г. Працэс станаўлення індывідуальнасці маладога пісьменніка ішоў даволі плённа: з-пад яго пяра выходзіла шмат апавяданняў, якія пазней склалі асобныя зборнікі – «У віры жыцця», «Пела вясна» (абодва 1925), «Пад сонцам», «42 дакументы і Двое Жвіроўскіх» (абодва 1926). Змешчаныя тут творы атрымалі высокую ацэнку крытыкі і былі прыхільна сустрэты чытацкай аўдыторыяй. У тым жа 1926 г. аўтар піша аповесць «Голы звер», а ў 1927 – на старонках «Полымя» друкуе раман «Сцежкі-дарожкі».
Ранняя творчасць пісьменніка пачыналася ў рэчышчы традыцыйнай рэалістычна-бытавой прозы. У дадзеных творах нямала паасобных праўдзівых сцэн, эпізодаў, замалёвак, якія не зліваюцца ў сюжэтна-вобразнае адзінства. Пісьменнік аказваўся ў палоне натуралістычнай апісальнасці, таму характары герояў глыбока не раскрыты, псіхалагічна не вытлумачаны матывы іх паводзін («Цішка Бабыль» (1922), «Як гэтым часам трапляецца», «З нашых дзён», «Ноччу» – усе 1923).
Але і ў ранні перыяд М. Зарэцкі дасягаў поспеху, калі пасіўна не капіраваў рэчаіснасць, а пераўтвараў яе па законах прыгожага. Рэалістычныя апавяданні «У Саўках» (1922), «У віры жыцця», «Чаплюк», «Мар’я» (усе 1923) прасякнуты верай у чалавека, у перамогу добрых і светлых пачаткаў над цёмнымі, эгаістычнымі.
М. Зарэцкі не ідэалізуе паслякастрычніцкую рэчаіснасць, а смела заглыбляецца ў сацыяльныя супярэчнасці жыцця, закранае вострыя і надзённыя тэмы. Адной з такіх была тэма драматычнага лёсу прадстаўнікоў таго класа, каго рэвалюцыя пазбавіла ранейшых прывілеяў (апавяданні «Ворагі» (1923), «Адна партыя ў шашкі» (1924), «Кветка пажоўклая», «Двое Жвіроўскіх» (абодва 1926). Ва ўмовах панавання ідэі класавага падыходу і класавай барацьбы творы пра «былых» выглядалі вельмі гуманна.
Асаблівую цікавасць выклікала ў аўтара тэма духоўнага станаўлення чалавека, моладзі, кахання, шлюбу, складванне новай маралі, новых узаемаадносін паміж людзьмі. Але тут поспехі М. Зарэцкага аказаліся не такімі значнымі. Некаторыя апавяданні – «Спакуса» (1923), «Гануля» (1924), «Камсамолка», «У велікодную ноч», «Як Настулька камсамолкай зрабілася», «Пела вясна» (усе 1925) – не ўздымаюцца вышэй за газетныя публікацыі. Трэба, аднак, сказаць, што не гэтыя творы вызначалі галоўны кірунак ідэйна-мастацкіх пошукаў аўтара ў другой палове 1920-х гадоў, не яны сталі візітнай карткай пісьменніка.
Больш важкімі аказаліся ідэйна-мастацкія пошукі аўтара ў апавяданнях «Бель» (1924), «Дзіўная», «Пра майго прыяцеля» (1925), «Радасць» (1926), «Паэма пра чорныя вочы» (1927), «Ракавыя жаронцы», «Максімаліст» (абодва 1928), «Ой, ляцелі гусі...» (1929). Прыгаданыя творы дэманструюць рост майстэрства аўтара, вастрыню яго сацыяльнага адлюстравання з’яў. Пісьменнік ацэньвае нігілістычныя погляды на сям’ю, шлюб з крытычных пазіцый.
У 1926 г. М. Зарэцкі друкуе аповесць «Голы звер». Адметнасцю твора з’яўляецца знаходжанне ў яго цэнтры адмоўнага персанажа і людзей, унутрана яму блізкіх. Выбарам героя пісьменнік недвухсэнсоўна выказаў свой погляд на мэты і задачы мастацтва. Ён не наводзіў глянец на рэчаіснасць новага часу, а казаў праўду пра негатыўныя з’явы новага жыцця і небяспеку, якую неслі з сабой людзі тыпу Віктара Яроцкага. Характар галоўнага героя раскрыты па-мастацку пераканаўча і доказна. Каштоўнасць аповесці заключаецца яшчэ і ў майстэрстве, з якім пісьменнік раскрыў вытокі жывучасці героя як сацыяльнага тыпу. Прыкметнае месца ў вобразнай сістэме аповесці займаюць персанажы, якія воляю лёсу апынуліся на сацыяльным дне. М. Зарэцкі выступіў тут першаадкрывальнікам, бо на такую катэгорыю людзей беларуская дакастрычніцкая літаратура не звяртала ўвагі.
Твор «Сцежкі-дарожкі» з’яўляецца надзвычай перспектыўнай жанравай мадэллю рамана, дзе герой і абставіны існуюць у агранічнай узаемасувязі, а характар героя выяўляецца ў дзеянні, у працэсе грамадскай крытыкі і адначасова – праз рэфлексію, роздум, сумненні, перажыванні, праз самапазнанне. У рамане шырока выкарыстоўваецца форма дыялогу, тут шмат спрэчак, палемікі, вострых інтэлектуальных сутыкненняў.
Пасля завяршэння рамана М. Зарэцкі засяродзіўся на драматычнай форме. Пяру аўтара належаць п’есы: «Віхор на балоце» (1928) (цікавая ў жанрава-стылявых адносінах) і «Белыя ружы» (1928–1929), якія да нашага часу недастаткова вядромыя грамадскасці, бо не ставіліся на прафесійнай сцэне. Гэтыя творы каштоўныя шырынёй пастаноўкі актуальных праблем часу, смелым, наватарскім падыходам да іх вырашэння.
Выказаныя ў прыгаданых п’есах сумненні наконт магчымасці ажыццявіць абвешчаныя рэвалюцыяй высокія гуманістычныя мэты паступова перараслі ў трывогу мастака за лёс народа і будучыню роднага краю. Трывога была народжана канкрэтнымі грамадска-палітычнымі ўмовамі канца 1920 – пачатку 1930-х гадоў, калі зрухі ў свядомасці М. Зарэцкага прывялі яго да напісання нарыса сацыяльна-філасофскага плану «Падарожжа на Новую Зямлю» (1928) і пачатку рамана «Крывічы» (1929).
Пісьменніку ўласціва прыроджанае памкненне да праўды і справядлівасці, што дае падставу меркаваць пра творчыя поспехі аўтара і яго рамана «Вязьмо» (1932). Твор доўгі час недаацэньваўся крытыкай, бо яго глыбокі сэнс не быў досыць поўна спасцігнуты. І нават пасля рэабілітацыі М. Зарэцкага (1957) у трактоўках рамана адчувалася спрошчанасць, павярхоўнае разуменне аўтарскай задумы. У сапраўднасці галоўная вартасць рамана не толькі ў тым, што аўтар з гуманістычных пазіцый выкрываў небяспеку незаконнага высялення вяскоўцаў. Логікай сюжэтнага развіцця М. Зарэцкі паставіў пад сумненне неабходнасць суцэльнай калектывізацыі і паказаў, якімі трагедыямі і маральнымі стратамі яна суправаджалася.
Апошні перыяд жыцця і дзейнасці М. Зарэцкага храналагічна прыпадае на 1933–1937 гг. Апавяданні гэтага часу «Пачатак шчасця», «Петрык і Пятрусь» (абодва 1932), «Навела пра каханне» (1935) сваім зместам і мастацкім узроўнем саступаюць творам 1920-х гадоў. У іх няма ні вострага канфлікту, ні смелага павароту ў раскрыцці тэмы.
Працягваючы працу ў традыцыйных жанравых формах, аўтар напісаў п’есу «Ная» (1936) – дынамічны, вострасюжэтны твор, прысвечаны новай для беларускай літаратуры тэме цыганоў. П’еса не стала значным мастацкім здабыткам, бо аўтар у ёй не пазбавіўся агітацыйнасці, акцэнтуацыі на адмоўных момантах цыганскага існавання. Да несумненных каштоўнасцей твора трэба аднесці матыў абароны маленькага чалавека, які выступае тут у абліччы дзяўчынкі Наі. Аўтар таксама ўстрымаўся ў п’есе ад выкарыстання ружовых фарбаў пры абмалёўцы калгаснай рэчаіснасці.
Жыццёвы і творчы шлях М. Зарэцкага абарваўся заўчасна і трагічна: у лістападзе 1936 г. па ілжывым даносе ён быў арыштаваны, а 28 кастрычніка 1937 г. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага Суда СССР прыгавораны да выключнай меры пакарання. Расстраляны 29 кастрычніка 1937 г.
Уладзімір Дубоўка (1900–1976)
Уладзімір Мікалаевіч Дубоўка нарадзіўся ў вёсцы Агароднікі Вілейскага павета Вілейскай губерні. Паэт быў адарваны ад родных мясцін з 1914 г., наведаўшы маленькую радзіму толькі праз 44 гады. Пасля школы ў 1912–1914 гг. вучыўся ў Мядзельскім двухкласным вучылішчы. Будучы паэт выпісваў «Нашу Ніву», далучаючыся праз яе да творчасці славутых майстроў беларускай і сусветнай літаратуры. У 1914–1918 гг. вучыўся ў Нова-Вілейскай настаўніцкай семінарыі, але пасля пачатку вайны лёс закінуў яго ў Маскву. У канцы 1918 г. паехаў настаўнічаць на Тульшчыну, з 1920 па 1921 гг. быў у Чырвонай Армі. Пасля вяртання з войска працаваў у пастаянным прадстаўніцтве БССР пры ўрадзе СССР, лектарам у Камуністычным універсітэце народаў Захаду, у Крамлі – рэдактарам беларускага тэксту Збору законаў СССР. Наведваў літаратурныя вечары з удзелам У. Маякоўскага, С. Ясеніна, В. Каменскага, М. Асеева. Быў адным з вядомых і аўтарытэтных лідэраў «Маладняка».
Першы апублікаваны верш у «Савецкай Беларусі» 28 мая 1921 г. меў назву «Сонца Беларусі». І гэты верш, і першы зборнік паэта «Строма» (Вільня, 1923) маюць шмат зыходных матываў ад паэзіі Я. Купалы, С. Ясеніна, А. Блока, В. Брусава. Мяккасцю і лірызмам прасякнуты вершы аўтара: «Ноч праплакалі бярозы», «Вецер! Мой вольны браточак ты, вецер!»
Трохі пазней у творчасці аўтара пяшчота набыла глыбіню гістарычнага вымярэння, выключную дасканаласць, строгасць формы, што адлюстравалася ў вядомым шэдэўры патрыятычнай лірыкі «О Беларусь, мая шыпшына» (1925).
Малады паэт быў своеасаблівым прарокам свайго часу, інтуітыўна ўгадваючы небяспечныя моманты і падзеі таталітарнага грамадства. Не дзіўна, што ў перыяд «маладнякоўства», калі адна за другой выходзілі ў свет кнігі аўтарскай паэзіі «Там, дзе кіпарысы», «Трысцё» (абедзве 1925), «Сredo» (1926), «Наля» (1927), цэнзура з недаверам ставілася да У. Дубоўкі. Паэт заўсёды пісаў пра тое, што ляжала на сэрцы. Да спраўджвання прароцтва заставалася нядоўга. У вершы «Паляжам мы» (1925) праяўляецца самая моцная грань таленту паэта:
Паляжам мы, і вецер нашы косці
Паточыць, пылам над лясамі растрасе.
А ўсё ж ткі мы шукаем прыгажосці,
Штодзённа кленчым мы сваёй красе.
Лірычныя паэмы «Студэнт» (1924), «Кляновыя лісты» (пазнейшая назва «Камсамолка Ганна»), «Наля», «Там, дзе кіпарысы» (усе 1925), «Плач навальніцы» (1926), напісаныя ў маладнякоўскі час, засведчылі адметны тып ліра-эпічнага мыслення У. Дубоўкі. Гэта былі своеасаблівыя творы лірычнага эпасу, заснаваныя не на падзейнай сюжэтнасці, а на імпульсавым адлюстраванні жыцця. Яны нагадваюць цыклы «мелодый»-вершаў.
Перыяд прыналежнасці У. Дубоўкі да «Узвышша» (1926–1930) самы выдатны ў адносінах да яго творчага ўзыходжання. Дубоўкава паэма «Кругі» (1927) мае прысвячэнне А. Бабарэку. Майстэрства паэта раскрывалася ў выкарыстанні алегарычнай інтэрпрэтацыі – уменні не толькі «падрабіцца» пад народнае (пры дапамозе звароту да казак і прыпавесцей), але і адлюстраваць самыя актуальныя праблемы сучаснасці.
Неўзабаве ў паэта ўзніклі немалыя цяжкасці, народжаныя нарастаннем рэпрэсіўных судзілішч таго часу. Справа ў тым, што ў паэме «Кругі» была ўжыта форма ўласнай аўтарскай інтэрпрэтацыі казачнасці, што дало магчымасць крытыцы знайсці прычыны для беспадстаўнага абвінавачвання аўтара. Давялося пайсці на невялікую «хітрасць»: адмовіцца ад непасрэднага аўтарскага звароту да фальклору і даручыць гэтую эстэтычную ролю аб’ектывізаваным героям твораў. У паэмах «І пурпуровых ветразей узвівы», «Штурмуйце будучыні аванпосты!» (абедзве 1929), што з’яўляюцца своеасаблівым працягам паэмы «Кругі», аўтар выводзіць на першы план, на новыя ліра-эпічныя «кругі», ужо аб’ектыўных персанажаў, даверыўшы ім усю складанасць роздуму пра час. У аўтарскую паэзію прыйшла вострадраматычная форма дыялогаў і маналогаў рэзка размежаваных апанентаў: Лірыка і Матэматыка («І пурпуровых ветразей узвівы»), Пасажыра і Кандуктара («Штурмуйце будучыні аванпосты!»). Зразумела, што гэта былі персаніфікаваныя супрацьлеглыя пазіцыі і ідэі, спрэчкі выразнікаў асобных сацыяльных груп. У. Дубоўка нярэдка адмяжоўваўся ад пазіцый сваіх герояў. Такі акт быў вымушаным на той час тактычным ходам, аўтарскія заявы нельга ўспрымаць ліратальна, як часта робяць крытыкі.
Наватарскія шуканні падказалі паэту жанравае абазначэнне адной з яго апошніх паэм – «Камбайн». Крытыка акцэнтавала ўвагу на эксперыментальнасці жанравай формы паэмы. Новыя структурныя ўвядзенні казак, нататак, лістоў, перакладаў класічных твораў (напрыклад, А. Пушкіна, Дж. Байрана) дэфарміравалі строга эпічны жанравы канон паэмы. Гэтыя элементы ўваходзілі ў кампазіцыйнае адзінства твора надзвычай арганічна: ён з’яўляецца своеасаблівай трылогіяй паэм, структурна асэнсаванай на адзіных, удала знойдзеных наватарскіх прынцыпах формабудовы – камбінаванай паэмы.
З 1930 па 1958 гг. у жыцці паэта настала вымушанае творчае маўчанне, звязанае з рэпрэсіямі, якое цяжка адбілася на аўтарскай псіхалогіі. Пасля рэабілітацыі паэт піша творы, у якіх не здраджвае свайму сумленню і індывідуальнасці («Палеская рапсодыя», 1959 – творчы плён свайго падарожжа па Палессі). Да прасветленага матыву «рапсодыі» належаць, па сутнасці, і аўтарскія паэмы, балады, напісаныя пасля вызвалення з лагераў: «Перад іменем Любові», «Закладалі падмурак дзяржавы сваёй...» (1958), «Беларуская Арыядна» (1960) – у іх лёсы канкрэтных людзей, іх незвычайная мужнасць і споведзь.
Такім чынам, ад творчага выкарыстання формаўтваральных спосабаў лірычнага самавыяўлення, калі часам не на карысць ішла адцягненасць сімволікі (раннія паэмы), У. Дубоўка ўзняўся да асацыятыўнай напоўненасці і сэнсавай ушчыльненасці шматзначнага вобраза-персанажа. Паэт авалодаў сінтэзам такога тыпу майстэрства, якое аб’ядноўвала ўсю складаную сукупнасць зместу і формы.
Пятрусь Броўка (1905–1980)
Пётр Усцінавіч Броўка нарадзіўся 25 чэрвеня 1905 г. у вёсцы Пуцілкавічы Ушацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вельмі рана далучыўся да актыўнай грамадзянскай дзейнасці – трынаццацігадовым падлеткам працаваў у валасным камісарыяце, затым – справаводам у валвыканкаме, рахункаводам у саўгасах Вялікія і Малыя Дольцы. У 18 гадоў будучы паэт становіцца сакратаром камсамольскай ячэйкі, а праз год – старшынёй Маладолецкага сельсавета. Піша вершы ў акруговую газету «Чырвоная Полаччына», дзе яны былі ўпершыню надрукаваны ў 1926 г.
П. Броўка быў на камсамольскай працы ў Полацку, вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, у гады вайны працаваў у армейскім друку. Быў старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, шмат намаганняў прыкладаў для адкрыцця выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя ў дваццаці тамах». Паэт быў лаўрэатам Ленінскай прэміі за кнігу паэзіі «А дні ідуць...» (1962), лаўрэатам Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, героем Сацыялістычнай Працы, акадэмікам АН Беларусі, дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і БССР, заслужаным дзеячам навукі БССР, Ганаровым грамадзянінам Мінска.
Станаўленне творчай індывідуальнасці П. Броўкі прыпадае на даваенны час. У выніку часта адбывалася раздваенне пісьменніцкай асобы, што адлюстроўвалася ў ніжэйшых па ўзроўню, паспешліва напісаных вершах. Гэтыя творы з’яўляліся здрадай паэтычнаму слову і гістарычнай праўдзе. Паэт шукаў шляхі паказу чалавека ў трагедыйных абставінах, аднак нярэдка пранікаў толькі ў верхні пласт жыцця, недастаткова задумваючыся над яго філасофскай сутнасцю. Вершы, што ўвайшлі ў зборнікі «Гады, як шторм», «Прамова фактамі» (абодва 1930), «Цэхавыя будні» (1931), уяўляюць сабой патрыятычную паэзію, пазбаўленую сапраўднай аб’ектыўнасці, агульную і апісальную, крыклівую. Большасць ранніх твораў паэта пабудавана на сюжэце супрацьпастаўлення мінулага і чакання светлай будучыні. Аўтар перадае абстрактныя ўяўленні пра свет. Занадта многа ў вершах гэтага часу рыторыкі, агульных выказванняў; у выніку ранняя паэзія П. Броўкі носіць уяўна масштабны характар, а пафас грамадзянскасці здаецца не зусім натуральным.
Агульнымі і дэкларатыўнымі атрымаліся вершы «Дарагое» (1929), «Гады, як шторм», «Вясновая размова» (абодва 1930) і нават хрэстаматыйны ўзнёслы верш «Радзіме» (1934). Даволі абстрактнай, агульнай па задуме была і незакончаная паэма «Прамова фактамі» (1930) – пра выспяванне рэвалюцыйных падзей у краіне, пра барацьбу народа за сацыяльнае вызваленне. Такія ж недахопы ўласцівыя і паэме «Цэхавыя будні» (1930). Характэрна, што верш «Памяці Паўлюка Труса» стаў адным з нямногіх аўтарскіх твораў дадзенай пары, дзе ставяцца філасофскія пытанні, хоць і не даецца на іх паэтычнага адказу.
У сярэдзіне 1930-х гадоў у лірыцы паэта адбываюцца значныя якасныя змены – надышла пара ўдумлівага, філасофскага стаўлення да рэчаіснасці, да асабістых пачуццяў, звычайных з’яў. Агульнае «мы» замяняецца на непаўторнае і адзінае «я». Зборнікі вершаў «Прыход героя» (1935), «Вясна радзімы» (1937), «Шляхамі баравымі» (1940) становяцца прыкметнай з’явай беларускай літаратуры. Разнастайныя па тэматыцы, вершы гэтага зборніка маюць шмат агульнага: характарызуюцца вялікай душэўнай самааддачай, непасрэднасцю і шчырасцю лірычнага перажывання, імкненнем за дробным убачыць большае, істотнае, характэрнае. Адсутнасць дэкларатыўнасці і абстрактнага рытарызму ў лепшых творах П. Броўкі цалкам мяняе славесна-вобразную сістэму яго паэзіі, робіць яе надзвычай афарыстычнай і выяўленча-выразнай, зрокавай. Пачуццё і думка цяпер матэрыялізуюцца не ў лозунгах і фразах, а ў дэталях, рытміцы, інтанацыі, удала знойдзеных тропах. У гэтым плане вельмі характэрны верш «Мяцеліца».
З паэм даваеннага часу («Прамова фактамі», 1930; «Праз горы і стэп», 1932; «1914», 1933; «Кацярына», 1938) вылучаецца твор «Праз горы і стэп». Паэма прысвечана грамадзянскай вайне, што асвятлялася ў мастацкай літаратуры таго часу праз мажорную танальнасць. Твор жа П. Броўкі вызначаецца праўдзівым паказам вайны з усімі яе жахамі і трагедыямі.
У даваенны час аўтар спрабуе сябе і ў прозе. Вытворчай тэме ў перыяд калектывізацыі прысвечана яго аповесць «Каландры»6 (1931). Пісьменнік выбраў традыцыйны канфлікт, абумоўлены паказам дзейнасці «шкоднікаў», «шпіёнаў», у сувязі з чым вызначаюцца і іншыя недахопы твора – ілюстрацыйнасць, апісальнасць, акцэнтуацыя ўвагі чытача на вытворчых сцэнах, а не на псіхалагічных характарыстыках герояў. Абставіны поўнасцю пераважаюць над характарамі, прадметам адлюстравання становіцца не ачалавечаная рэчаіснасць, а рэчаіснасць сама па сабе. Напісаная ў манеры лірычнай прозы, аповесць складаецца са шматлікіх, часам не звязаных паміж сабой мазаічных сцэн. Твор гэты яшчэ шмат у чым вучнёўскі.
Вершы П. Броўкі, напісаныя ў першыя дні і месяцы Вялікай Айчыннай вайны, поўняцца заклікам да барацьбы і помсты. Захопнікі імянуюцца самымі знішчальнымі метафарычнымі азначэннямі: «звяры», «драпежнікі шалёныя», «вырадкі-псы», «падлюгі». Для вершаў усіх паэтаў, у тым ліку і П. Броўкі, характэрна пачуццё веры ў абавязковую перамогу над ворагам.
Асаблівасцю паэзіі аўтара першапачатковага перыяду Вялікай Айчыннай вайны, як і ўсёй паэзіі, стала шырокая распаўсюджанасць і ўмацаванне жанру балады («Партызан Бумажкоў», 1941; «Пастух», 1941; «Дахаты», 1942). Гэта тлумачыцца тым, што жыццё народа ў гады вайны набыло эпічную масштабнасць. Паэзія адрэагавала на гэта ўзмацненнем жанравай эпічнасці ў форме балады. Наогул балады паэта падзяляюцца на некалькі разнавіднасцей: балада-рэквіем («Надзя-Надзейка», 1943), балада-легенда («Кастусь Каліноўскі», 1943), балада-элегія («Магіла байца», 1943). Паэт таленавіта выкарыстаў і іх набыткі фальклору.
У гады вайны пошукі П. Броўкі ў паэтычным эпасе ішлі паралельна з пошукамі ў лірыцы і былі даволі плённыя. За гэты час аўтар напісаў «Паэму пра Смалячкова» (1942), паэмы «Беларусь» (1943), «Ясны кут» (1944), «Паланянка» (1945). Агульнае для іх – патрыятычны пафас, вера ў гарманічны пачатак жыцця, сыноўя любоў да Радзімы.
У пасляваеннае дзесяцігоддзе творчасць паэта развівалася нераўнамерна: спрабаваў свае сілы ў лірыцы, эпічнай паэме і рамане. У лепшых яго творах пасляваеннага дзесяцігоддзя – паэме «Хлеб» (1946), вершах «Шпак» і «Дзяўчына з Палесся» (абодва 1947), «Ківач» (1948), «Сонца грэе» (1949) – сцвярджаецца гуманістычная думка пра тое, што народныя ахвяры ў часы вайны з’яўляюцца залогам лепшага, мірнага жыцця, асновай існавання. У вершах і паэмах на так званую вытворчую тэматыку паэт здраджваў сябе ранейшаму: пачаў пісаць рэпартажы пра тое, як па раёне ездзіць і натхняе людзей на працу чыноўнік («Добры друг», 1949), як непакояцца пра лёс народа партыйныя слугі (паэмы «Родныя берагі» (1948), «Чырвон-Гарадок» (1950). Многія радкі з твораў пасляваеннага дзесяцігоддзя – так-сяк зрыфмаваныя інтанацыі пра чарговыя дасягненні хлебаробаў і рабочых. Некаторыя з іх сёння могуць успрымацца як пародыя на сапраўдную паэзію, як узор мастацтва, якое служыла кан’юнктуры свайго часу, афіцыйна падтрымлівалася з-за фармальнай ідэйнасці і павярхоўнай надзённасці.
Лепшы твор П. Броўкі пасляваеннага дзесяцігоддзя – паэма «Хлеб» (1946). Тэма працы – цэнтральная ў паэме. Лірычная, рамантычна-ўзнёслая інтэрпрэтацыя яе дыктуе адпаведныя мастацкія сродкі. Па жанравых адзінках паэма – лірычны твор, разам з тым у ім выяўляюцца адзнакі балады: такое ж імкненне да абагульнення падзей, прага тыпізацыі канкрэтнага, арыентацыя на рамантычную дэталь, на трапнае выкарыстанне прынцыпу кантрасту пры апісанні з’яў. У паэме выяўляецца адна з лепшых адзнак манеры паэтычнага пісьма П. Броўкі – уменне па-майстэрску ўжывацца ў сістэму акрыленых, эмацыянальна-экспрэсіўных вобразаў (як адзін са спосабаў выказвання радасных пачуццяў, гарманічнага, светлага і святочнага настрою).
У пасляваенныя гады П. Броўка працуе над раманам «Калі зліваюцца рэкі» (1952–1956). Твор быў станоўча ацэнены крытыкай за сучаснасць тэматыкі. У цэнтры ўвагі пісьменніка – аднаўленчая праца, будаўніцтва гідраэлектрастанцыі на возеры Дрысвяты трыма калгасамі-суседзямі: беларускім, літоўскім і латышскім. Можна зазначыць, што толькі адны лірычныя сцэны і аказаліся найбольш мастацкімі: малюнкі прыроды, побытавыя сітуацыі. Больш-менш удаліся і рамантызаваныя характары Алеся Іванюты, яго маці Агаты, Анежкі. Адмоўныя літаратурныя моманты рамана: не раскрыта складанасць пасляваеннага жыцця, не зроблена спроба разабрацца ў прычынах драмы, якую перажыў народ-пераможца. У пэўнай ступені раман можна назваць эксперыментальным па сваіх ідэйна-мастацкіх вартасцях; гэта быў схематычны водгук на распаўсюджаны лозунг «дружбы народаў».
Апошнія два з паловай дзесяцігоддзі склалі ў творчасці паэта новы этап, які засведчыў паглыбленне ідэйна-тэматычных і жанравых асноў яго паэзіі. З другой паловы 1950-х гадоў творчасць аўтара стала больш даверлівай і шчырай, пазбавілася штучнай напышчанасці і афектнасці. Зборнікі вершаў дадзенага часу: «Пахне чабор» (1959), «Далёка ад дому» (1960), «Высокія хвалі» (1962), «Між чырвоных рабін» (1969), «Калі ласка» (1972), «І ўдзень і ўночы...» (1974), «Што сэрца праспявала» (1979). У зборнікі ўваходзяць паэмы «Заўсёды з Леніным» (1956), «Голас сэрца» (1960), «Кірыл Пракопавіч» (1964), «Дума аб бессмяротнасці» (1970), «Марат Казей» (1976). Талент паэта набыў да гэтага часу адзнакі сапраўднага лірызму.
Вельмі характэрныя для новага перыяду творчасці П. Броўкі вершы «Сэрца», «Як ліст дубовы» (абодва 1956), «Праца», «Журавы», «Пахне чабор» (усе 1957). Кожны з іх уяўляе сабой лірычны маналог, прасякнуты роздумам над праблемамі жыцця. П. Броўка не збіваецца на рыторыку, канстатацыю фактаў, яму важна разабрацца ў гаме складаных унутраных перажыванняў, суаднесеных з трывогамі эпохі.
У творчай біяграфіі паэта нямала вершаў, прысвечаных праблемам літаратуры, якія з’яўляюцца эстэтычным крэда («Паэзія», «Аб крытыцы» абодва 1958; «Ля помніка Райнісу», 1960; «Я любіў за ўсё найболей», 1962; «Усё апісалі паэты», 1963; «Слава», «Радок габлюеш і стругаеш...», абодва 1964; «Паэт, часоў сваіх дазорца...», 1967; «Першы верш», 1971; «Відаць, што доля ўжо такая», 1974; «Калі з глыбінь яе напіцца...», 1975) і інш. Позняя лірыка песняра чытаецца як споведзь чалавека, захопленага прыгажосцю жыцця. Тэматычна яна вельмі разнастайная: дзяцінства, прырода, каханне, праца, паэтычная творчасць, уражанні ад замежжа. Вершы «Слёзы» і «Пачатак» (абодва 1959) прыгадваюць часы дзяцінства, прасякнуты ўнутранай дабрынёй і засяроджанасцю на асабістым.
Юнацтву і маладосці П. Броўка прысвячае сваю прозу гэтага перыяду: апавяданні «Пачатак» (1960), «Спакуса» (1971), «Разам з камісарам», «З драўляным сажнем», «Перапыненая вечарынка», «Вінчэсцер», «Анэтка» (1972), «Кантрабандысты» (1974), «Чырвоны аловак», «Зайздрасць і заспакаенне» (абодва 1973); аповесць «Донька-Даніэль» (1972). Творы зборніка прозы «Разам з камісарам» (1974) прасякнуты жыццярадасным насторем, напоўнены гумарам, гуманістычныя па змесце, простыя па кампазіцыі. У іх аснове ляжыць маральна-этычная праблематыка. Мова твораў каларытная, блізкая да жывой гутарковай. У аснову кожнага апавядання пакладзены канкрэтныя жыццёвыя выпадкі і эпізоды.
У позняй паэзіі П. Броўкі значна паглыбілася раскрыццё маральна-этычнай праблематыкі. Пошук сацыяльнай праўды становіцца вядучым у яго паэзіі. Аўтар звяртаецца да сваіх унутраных перажыванняў («Вернасць», 1967; «Наперакор», 1968; «І нехта ўспомніць пра мяне», 1969; «Зялёным полымем шугае…», 1971; «Дабро», 1972; «Роздум», 1973; «Споведь сабе самому», 1975. Паэзія аўтара ў іх актыўная, бескампрамісная, адкрытая падзеям веку. У вершах паэта філасафічнага зместу асаблівае месца займае праблема «чалавек і час», якая звязана з уласным жыццём і самакрытызмам.
Такім чынам, тыповыя асаблівасці творчасці П. Броўкі як свядома накіраванага савецкага паэта выявіліся ў яго, бадай, з найбольшай адкрытасцю і паслядоўнасцю.
Кандрат Крапіва (1896–1991)
Нарадзіўся Кандрат Кандратавіч Атраховіч 5 сакавіка 1896 г. у вёсцы Нізок на Уздзеншчыне Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Калі будучы пісьменнік скончыў царкоўнапрыходскую школу, нечакана памерла маці. Год Кандрат вучыўся ў Уздзенскім народным вучылішчы; паступіў у чатырохкласнае гарадское вучылішча ў Стоўбцах, з якога праз два гады перавёўся ў Койданава, бо там была лепшая бібліятэка. У 1913 г. вучоба была паспяхова скончана. Пазычыўшы ў суседа тры рублі, Кандрат едзе ў Мінск, дзе экстэрнам здае экзамены на званне народнага настаўніка. У жніўні 1915 г. будучага пісьменніка мабілізавалі ў царскае войска. Ваенную падрыхтоўку праходзіў у Гатчынскай школе прапаршчыкаў. У кастрычніку 1916 г. усё закончылася маршавай ротай і Румынскім фронтам. Цяжкія баі. Захворванне на брушны тыф. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. Праблема выбару, якая не была простай. Да гэтага часу ён быў камандзірам роты, даслужыўся да звання капітана. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі вярнуўся ў Нізок, працаваў у Каменскай пачатковай школе на Уздзеншчыне. Мабілізаваны ў жніўні 1920 г. у Чырвоную Армію. Пачаў друкавацца, за кароткі час зрабіўшыся ледзь не самым папулярным паэтам Беларусі. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў ваенным журналістам франтавых газет «Красноармейская правда» і «За Савецкую Беларусь», адказным рэдактарам газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну».
У пасляваенны час працоўная дзейнасць К. Крапівы была звязана ў асноўным з Акадэміяй навук БССР. Загадчык сектара, дырэктар Інстытута мовазнаўства, віцэ-прэзідэнт. Герой Сацыялістычнай Працы, народны пісьменнік Беларусі, доктар філалагічных навук, акадэмік Акадэміі навук БССР, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР некалькіх скліканняў, лаўрэат дзяржаўных прэмій СССР і БССР, кавалер чатырох ордэнаў Леніна, ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 1 ступені і г.д.
Пісаць вершы К. Капіва пачаў падчас вучобы ў Койданаўскім гарадскім вучылішчы. Пісьменнік стаў адным з самых актыўных аўтараў газеты «Савецкая Беларусь», дзе быў надрукаваны яго першы вершаваны фельетон «Сваты» (1922). У 1925 г. К. Крапіва піша верш «Я не пясняр», што нагадвае палемічныя купалаўскія радкі «Я не паэта». Часцей за ўсё пад абстрэл аўтарскай сатыры трапляла пустазвонства («Плеткары», 1922), лянота («Год Сцяпана-лайдака», 1923), хабарніцтва («Дай ды дай», 1922), бескультур’е («Грышча», 1922), забабоны («Дзве кумы», 1923) і інш.
К. Крапіва пісаў і антырэлігійныя творы, выкарыстоўваючы ў іх бурлескнае прыпадабненне («Новая екценія», 1922; «Малітвы па-беларуску», 1923 і інш.). Выстаўляюць рэлігію ў якасці анахранізму і безнадзейна тупіковага вучэння наступныя аўтарскія творы: «Дабяромся і да неба» (1922), «Поп Мікітка і залатая світка» (1922), «Няма дурных на небе» (1923), «Годзе слухаць байкі!» (1923), «Кармлю ўсё словам божым» (1923), «Царкоўная расколіна» (1923), «Калядная размова» (1923) і інш.
Выступленні ворагаў беларушчыны аўтар успрымаў балюча і абвострана. Узорам рэакцыі на іх выпады можа лічыцца верш «Дзе ж яна, галоўная самая?» (1931). Для адлюстравання праблемы згортвання беларусізацыі паэт абірае жанр байкі («Казёл», 1925) – з’едлівая сатыра на прыезджых спецыялістаў, якія прынцыпова не жадалі вывучаць беларускую мову.
Творчыя пытанні К. Крапіва закранаў таксама ў вершах «Муза падвяла» (1923) і «Прашу прабачэння» (1923). Найбольш поўна ён сфармуліраваў сваё бачанне літаратурных падыходаў у памфлеце «Аб «буры і націску». Да літаратурных спрэчак» (1923) і ў фельетоне «Ці то здольны пясняр, ці то модны пляткар?» (1925). У творах праводзіцца наступная думка: трэба ўзяцца за працу, а не разводзіць дэбаты.
З сярэдзіны 1930-х гадоў тэматыка вершаў К. Крапівы істотна мяняецца. Яго па-ранейшаму цікавіць жыццё савецкіх людзей, не перастае змагацца ён і з сацыяльнымі недахопамі ва ўсіх праяўленнях. Але побач з гэтым усё часцей погляд паэта затрымліваецца на знешнепалітычных аспектах жыцця краіны. У час Вялікай Айчыннай вайны аўтар усю сваю творчую энергію пераключыў на сатырычнае выкрыццё фашысцкай ідэалогіі. Сярод франтавікоў і партызан вялікай папулярнасцю карысталіся вершы «Лісі хвост і воўчы клык» (1941), «Развітанне сына» (1941), «Зброю к бою» (1941), «Фрыцавы трафеі» (1941), «Біблія людаеда» (1942), «Гебельс брэша – вецер носіць» (1943), «Янка і Карла» (1944), «Гітлер Марце пагражае, чаму Марта не раджае» (1944).
У пасляваенны час паэтычная творчасць К. Крапівы рэалізавалася ў жанры байкі, у якім ён дасягнуў вялікага поспеху. Першая байка «Воўк і ягнюк» (1922) лічыцца вучнёўскай. Перыяд вучнёўства, аднак, не зацягнуўся, і адна за другой з’явіліся наступныя байкі: «Вол і авадзень» (1923) і «Сука ў збане» (1925). Да намінацыі «палітычная сатыра» могуць падыходзіць не ўсе байкі К. Крапівы: «Сава, Асёл ды Сонца» (1927), «Жаба ў каляіне» (1927), «Нянька» (1927), «Мядзведзі» (1927), «Лётчык і блыха» (1949), «Поп і папугай» (1949), «Генетычны ход, або Асёл у палоску» (1931). К. Крапіва быў смелым рэфарматарам байкі, аднак новыя элементы ўводзіліся ў канкрэтны твор у такой меры, каб гэта не разбурала яго жанравай структуры. Пры напісанні сваіх баек – асабліва ранніх – аўтар дбаў перш за ўсё пра паўнату эмацыянальнага і інтэлектуальнага ўздзеяння на чытача. Дзеля гэтага К. Крапіва выпрацаваў цэлую сістэму правілаў. Сапраўднага эфекту, паводле аўтара, можна дасягнуць тады, калі аб’ект асмяяння будзе абмаляваны з найбольшай выразнасцю. Вобразы павінны быць канкрэтныя; супастаўляюцца не абстрактныя паняцці, а рэчы і з’явы. Арыентуючыся ў даваенны час на простанародную чытацкую аўдыторыю, байкапісец браў для разгляду канкрэтныя вобразы і з’явы з прыроднага наваколля і грамадскага асяроддзя: «Дзед і Баба» (1925), «Мандат» (1925), «Каршун і Цецярук» (1926), «Угоднікі-маўчальнікі» (1926), «Дыпламаваны Баран» (1926), «Чорт» (1927), «Саманадзейны Конь» (1927), «Зубы» (1927), «Махальнік Іваноў» (1928), «Кувада» (1929), «Тата-Заяц» (1935) і інш. Ідэйныя перакананні паэта мяняліся, глыбокім філасофскім падтэкстам і пастаноўкай вечных маральна-этычных праблем вызначаліся наступныя байкі апошняга перыяду творчасці: «Асёл Ісуса Хрыста» (1966), «Шляхі да ісціны» (1966), «Астрыжаны Вожык» (1981), «Дыялектычная супярэчнасць» (1981), «Канструктар і Робат» (1986).
К. Крапіва ствараў паэмы ў сатырычным ключы. Асаблівы поспех выпаў на долю «Бібліі» (1926). Твор пісаўся па заказе пэўнага часу, у атмасферы татальнага адмаўлення рэлігіі, але гэта не радавая сатырычная паэма, а паэма-бурлеска травесційнага плану. У ёй камічны эфект дасягаецца шляхам гумарыстычнага зніжэння высокага стылю біблейскіх тэкстаў. У лепшых традыцыях «Энеіды навыварат» і «Тараса на Парнасе» аўтар малюе біблейскіх персанажаў звычайнымі зямнымі людзьмі з іх заганамі і недахопамі. Багаты арсенал выяўленчых сродкаў: трапных эпітэтаў, гумару, сатыры, сарказму, гіпербал.
У 1928 г. К. Крапіва напісаў прыгодніцкую па змесце і гумарыстычную па танальнасці паэму «Шкірута», прысвечаную падзеям грамадзянскай вайны. У творы аўтар зашыфраваў шмат палемічных выпадаў супраць былых сваіх сяброў па літаратурнаму аб’яднанню «Маладняк». У наступнай сваёй паэме «Хвядос – Чырвоны нос», напісанай у канцы 1930 г., аўтар абвастрае градус такой крытыкі. Ідэйная барацьба паміж літаратурнымі групоўкамі ў дадзены час абвастраецца. Былыя маладнякоўцы не адмовіліся ад многіх сваіх традыцый, узмацнілася крытыка «адступнікаў» з «Узвышша», у тым ліку і самога К. Крапівы. Ён жа быў не з тых, хто мог сцярпець любую абразу. У галоўным персанажы Хвядосе без цяжкасцей пазнаецца прататып – літаратурныя праціўнікі аўтара. Але звышзадача ў К. Крапівы была іншая: паразважаць пра свой час, памарыць пра будучае. Паэма вызначаецца шматпраблемнасцю, багаццем падзейнага матэрыялу, ускладненасцю ідэйна-маральных вывадаў. Адметная і сюжэтна-кампазіцыйная будова твора: умоўны прыём перанясення падзей у розныя часавыя вымярэнні. Аднак сустракаюцца ў паэме і мастацкія хібы: не ўсе сатырычныя выпады, якія рабіў аўтар у адрас канкрэтных людзей, аказаліся справядлівымі. Будучыня Беларусі і перспектывы яе развіцця ў творы падаюцца без аптымізму.
Прозу К. Крапіва пачаў пісаць адначасова з паэзіяй. Апавяданне «Вясна» (1922) напісана ў час з’яўлення першых паэтычных публікацый. Празаічны зборнік «Апавяданні» і паэтычны «Асцё» выйшлі з інтэрвалам у два месяцы ў 1925 г. Характэрна тое, што аўтар выявіў сябе ў прозе большым лірыкам, чым у ранняй паэзіі, так што многія яго апавяданні па сваіх формавыяўленчых адзінках толькі ўмоўна могуць быць аднесены да прозы. Паэзія адчуваецца ў аўтарскіх апавяданнях: «Вясна» (нагадвае лірычную міні-паэму), «Пад грукат колаў» (1926), «Падарожнае» (1926), «Ліха яго разбярэ» (1927), «Снег ідзе» (1927) (можа лічыцца адным з самых тыповых аўтарскіх твораў малой празаічнай формы), «Гарэлік і яго жонка» (1928). Паказальна, што ў ранніх апавяданнях пісьменніка «Здаў экзамінт» (1923), «Каровін мужык» (1923), «Як ён стаў бязбожнікам» (1924) пераважае гумарыстычная, а не сатырычная форма адлюстравання.
Выбіраючы герояў сваіх апавяданняў, К. Крапіва падкрэсліваў іх звычайнасць. Зусім невыпадкова самы салідны па аб’ёму зборнік апавяданняў аўтар назваў «Людзі-суседзі» (1928) (людзі грэшныя і смешныя; часам цяжка адрозніць, дзе іх віна, а дзе бяда).
У 1930-я гады жанр апавядання ўсё радзей прыцягвае ўвагу К. Крапівы. Ён надрукаваў некалькі апавяданняў, фельетонаў і нарысаў: «Каб кнігам ды ногі!» (1933), «Пачатак шчасця» (1935), «З новым шчасцем» (1935), «Дзяніс Сырамаха» (1936), «Каб весела было» (1936), «Жывыя і мёртвыя» (1936), але яны не вызначаюцца вялікай мастацкай дасканаласцю.
Несумненным лідэрам празаічнага мастацтва К. Крапівы 1930-х гадоў з’яўляецца раман «Мядзведзічы». Друкаваўся твор у часопісе «Полымя рэвалюцыі» (1932–1933). У канцы 1932 г. выйшаў з паметкай «Кніга першая». Пісьменнік надаваў вялікае значэнне працы над гэтым творам, пра што пісаў у артыкуле «Слова да малодшых»: «Першая кніга рамана ўжо выйшла з друку. Яна ахапляе аднаўленчы перыяд, які супадае з першым перыядам маёй творчасці, і хоць часткова папаўняе прабел у адлюстраванні мною класавага змагання на вёсцы. Другая кніга будзе прысвечана арганізацыйнаму і гаспадарчаму ўмацаванню калгасаў...»7. Раман, аднак, не быў напісаны аўтарам поўнасцю, бо асноўнай прычынай стала ўзмацненне рэпрэсіўных мер і абвастрэнне палітычнага клімату ў краіне. Трэба было выжываць, таму першая кніга рамана «Мядзведзічы» стала кнігай апошняй. У аўтара твора не было ніякіх ілюзій наконт аб’ектыўных, рэальных масштабаў працэсу калектывізацыі, які па драматызму не саступаў гадам грамадзянскай вайны. У рамане К. Крапіва паказаў сябе выдатным майстрам псіхалагічнай характарыстыкі вобразаў герояў, якая спалучалася з іх партрэтнай абмалёўкай. Усе персанажы, нават эпізадычныя, маюць свой індывідуальны воблік. У рамане няма галоўнага героя, аднак ён вызначаецца зладжанасцю кампазіцыйнай будовы. К. Крапіва не быў першаадкрывальнікам сялянскай тэматыкі ў беларускай літаратуры, заснавальнікам яе «вясковай» прозы, але раман уражвае багаццем фактычнага матэрыялу. Занатоўка ў яркіх вобразах карціны жыцця на пэўным этапе – стала задачай для пісьменніка, якая насіла першасны характар. Пакутлівыя дысанансы жыцця, жорсткасць, падседжванні, зайздрасць – усё гэта пісьменнік паказваў з бязлітаснай адкрытасцю, але без зласлівасці. Раман таксама ўражвае багаццем моўна-выяўленчых сродкаў.
Прыход К. Крапівы ў драматургію – з’ява заканамерная. Першым драматургічным творам аўтара лічыцца п’еса «Канец дружбы», адзначаная на ўсебеларускім конкурсе 1933 г. другой прэміяй. У творы асноўную ўвагу аўтар надаў паказу як пэўных сацыяльна значных падзей, так і мастацкаму даследаванню дыялектычна супярэчлівых стасункаў паміж пачуццём грамадскага абавязку і асабістымі амбіцыямі. «Канец дружбы» – самая загадкавая п’еса ў творчасці аўтара; ёй пашанцавала на самыя розныя ўзаемавыключныя трактоўкі і ацэнкі. У пэўным сэнсе «Канец дружбы» можна разглядаць як другую частку рамана «Мядзведзічы». П’еса была ўспрынята крытыкай як твор наватарскі. Праўда, кампазіцыйна-сюжэтная будова яго ніякай арыгінальнасцю не вызначалася. У творы адсутнічае ўменне будаваць кампазіцыю. Мае месца пэўны схематызм, неразгорнутасць некаторых вобразаў, але ўсе адмоўныя рысы вычэрпваюцца высокай культурай сюжэта. Праблема сюжэта, заснаванага на асэнсаванні рэвалюцыйных падзей або героіка-рэвалюцыйных здзяйсненняў стаяла ў беларускай драматургіі даволі востра. Заключалася яна ў тым, што п’есы дадзенай тэматыкі найчасцей набывалі жанравыя адзнакі, далёкія ад драматургічных. Са сцэны гучала дыялагічная проза, элементамі якой былі: схематызм, агульшчына і павярхоўнасць. К. Крапіве ўдалося напісаць твор, які ўдала даносіць асаблівасці ідэйна-палітычнай атмасферы часу, аб’ектыўныя ўмовы нараджэння новых узаемаадносін паміж людзьмі.
Драма «Партызаны» (1937) была напісана і прымеркавана да дваццатай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Драматург беспамылкова перавёў канфліктныя сутыкненні ў рэчышча такіх маральных калізій, якія ў творчасці папярэднікаў амаль не сустракаліся, таму паказ барацьбы беларускага народа супраць белапольскіх акупантаў атрымаўся яркім і пераканальным, а большасць характараў п’есы атрымала дакладную псіхалагічную характарыстыку. Сцэнічны лёс твора склаўся вельмі ўдала, бо і сёння ён з поспехам ставіцца на тэатральных падмостках.
Як і ўсе выдатныя творы, камедыя К. Крапівы «Хто смяецца апошнім» (1939) была сустрэта неадназначна, аднак высокія ідэйныя і мастацкія вартасці твора не маглі аспрэчыць нават самыя зацятыя яго праціўнікі. У жанравым плане твор гэты камедыйна-сатырычны, з элементамі карыкатуры і нават гратэску: часам шарж з яго гіпертрафіраваным падкрэсліваннем адной нейкай характэрнай рысы гаворыць пра чалавека больш за аб’ектыўную фатаграфію.
Сюжэт камедыі шматпластовы, з багатым падтэкстам. Дзея будуецца на кантрастах рознага плана. У грамадстве 1930-х гадоў найлепш прыстасоўваліся паклёпнікі, кар’ерысты, падхалімы, людзі тыпу Зёлкіна. Драматург, добра ведаючы дадзеную небяспеку, узняў свой голас супраць заган грамадства. Майстэрства К. Крапівы яскрава выявілася ў выбары персанажаў. Кожны з іх не проста дапаўняе адзін аднаго, але і абумоўлівае манеру паводзін. У 1941 г. спектакль па гэтай п’есе быў адзначаны дзяржаўнай прэміяй СССР. Камедыя ўвайшла ў залаты фонд беларускай драматургіі.
3 чэрвеня 1943 г. ва Уральску адбылася прэм’ера спектакля «Проба агнём». У творы аўтар адмовіўся ад простага сцэнічнага паказу гераізму савецкіх людзей, паставіўшы перад сабой задачу раскрыць не батальную барацьбу людзей з фашызмам, а маральную, духоўную прыроду іх подзвігу. Меншы творчы поспех чакаў драматурга пры напісанні аднаактавай драмы «Валодзеў гальштук» (1943), прысвечанай паказу барацьбы беларускіх падпольшчыкаў і партызан з нямецкімі акупантамі. Затое сатырычная камедыя «Мілы чалавек» (1945) стала выдатнай з’явай не толькі беларускай, але і ўсёй савецкай камедыяграфіі. Арыгінальная камедыя па сваёй форме: сцэнічная ўмоўнасць даведзена драматургам да самага высокага ўзроўню – гледачы прысутнічаюць пры непасрэдным стварэнні камедыі, калі аўтар вуснамі аднаго з галоўных герояў абмяркоўвае з імі і персанажамі далейшае развіццё дзеі.
Менш плённымі аказаліся драматургічныя вышукі К. Крапівы ў пасляваенны час. Сам аўтар да сваіх творчых няўдач адносіў драмы: «З народам» (1948) – паслядоўнае пазбяганне батальных сцэн, засяроджванне ўвагі на маральных калізіях; «Зацікаўленая асоба» (1953) – схематызм вобразаў; «Людзі і д’яблы» (1958) – драма без асобых перашкод трапіла на сцэну, бо карціна ўсенароднага супраціўлення фашызму была паказана без залішняй патэтыкі.
Лірычная камедыя «Пяюць жаваранкі» (1950) з усіх пасляваенных твораў аўтара прыцягнула да сябе найбольшую ўвагу. У 1951 г. яе адзначылі Дзяржаўнай прэміяй СССР, больш за 50 тэатраў СССР уключылі яе ў свой рэпертуар, ставілася яна і ў замежных тэатрах. Гэта адзін з самых светлых, жыццярадасных драматургічных твораў К. Крапівы. Канфлікт п’есы заснаваны на сутыкненні розных поглядаў на шчасце чалавека, на стратэгію арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, таксама не быў надуманым. Майстэрства К. Крапівы выявілася ў раскрыцці характараў, багацці гумарыстычных сітуацый, трапнай экспрэсіўнай мове з багатай народнай фразеалогіяй. Усе сцэны – з першай да апошняй – прасякнуты светлым лірызмам, які прыцягваў увагу чытача і гледача.
У 1972 г. К. Крапіва закончыў напісанне фантастычнай камедыі «Брама неўміручасці», якая стала вынікам усёй папярэдняй яго творчасці. Драма ўразіла сваім касмізмам і глабальнасцю праблематыкі. Разам з тым, гэта твор абсалютна беларускай ментальнасці, з цеснай прывязкай да айчынных клопатаў. Цікава вырашаны канфлікт твора: ён разгортваецца не так паміж адмоўнымі і станоўчымі персанажамі, як паміж прыхільнікамі і праціўнікамі адкрыцця неўміручасці і яе ўкараненнем у рэчаіснасць. Твор стаў для К. Крапівы п’есай-пераадоленнем ранейшай творчай манеры, звыклых выяўленчых прыёмаў.
Апошнюю сваю псіхалагічную драму «На вастрыі» аўтар завяршыў у 1982 г. Твор атрымаўся шматпраблемным, з вострай інтрыгай, цікавымі вобразамі персанажаў. Прысвечаная адлюстраванню жыцця сучаснікаў з іх вялікімі і малымі клопатамі, п’еса прываблівае жывой увагай пісьменніка да ўнутранага свету герояў і павеваў часу. У творы спалучаецца мудрасць і гарэзлівасць, павучальнасць і займальнасць; назіраецца багацце выяўленчай палітры.
За сваё доўгае жыццё К. Крапіва зрабіў вельмі шмат: стварыў высокамастацкія творы ў жанры сатырычнай паэзіі, байкі, апавядання. Творы аўтара перакладзены на многія мовы свету. Сам пісьменік перакладаў А. Чэхава, М. Гогаля, І. Крылова, М. Някрасава, У. Маякоўскага, А. Твардоўскага, А. Міцкевіча, Т. Шаўчэнку, Я. Гашака, Ш. Руставелі і інш.
Шматлікая публіцыстычная спадчына К. Крапівы. З пачатку 1950-х гадоў аўтар шмат увагі надаваў навуковай дзейнасці. Пад яго рэдакцыяй выйшлі многія навуковыя працы, а таксама слоўнікі: «Арфаграфічны слоўнік» – Мінск, 1961; «Белорусско-русский словарь» – Мінск, 1962; «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы»: У 5 т. – Мінск, 1977–1984; «Русско-белорусский словарь»: У 2 т. – Мінск, 1982; «Беларуска-рускі слоўнік»: У 2 т. – Мінск, 1988.
3. Слоўнік паняццяў
Інтэлектуальная літаратура
|
(лац. «intellectus» – розум) – разумовая проза, выяўляецца ў ідэйна-стылёвых асаблівасцях літаратурнага твора: філасофскім пачатку, частым выкарыстанні жанру прыпавесці і інш.
|
Літаратурная апазіцыя
|
(лац. «oppositio» – супрацьпастаўленне) – супрацьдзеянне ва ўскоснай форме поглядам існуючай дзяржаўнай і культурнай палітыкі.
|
Сатыра
|
(лац. «satira») – від мастацкай літаратуры, які едка высмейвае адмоўныя з’явы рэчаіснасці, асуджае іх.
|
4. Матэрыялы, выкарыстаныя ў працэсе навучання і кантролю
4.1 Матэрыялы да лекцыі
План лекцыі:
1. Асаблівасці прозы З. Бядулі.
2. Літаратурны шлях К. Чорнага як аднаго з заснавальнікаў беларускага рамана.
3. М. Лынькоў і дзіцячая літаратура.
4. Праблема калектывізацыі ў творчасці М. Зарэцкага.
5. Інтэлектуалізм паэзіі У. Дубоўкі.
6. Спалучэнне лірычнага і эпічнага пачатку ў творчасці П. Броўкі.
7. Разнапланавасць літаратурнага таленту К. Крапівы.
4.2 Пытанні і заданні да лекцыі
1. Вызначыць асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускай літаратуры дадзенага перыяду.
2. Акрэсліць ідэйна-тэматычныя і стылёвыя асаблівасці творчасці адзначаных аўтараў.
3. Знайсці адзнакі інтэлектуалізму ў творчасці У. Дубоўкі і К. Чорнага.
4.3 Матэрыялы да практыкума «Беларуская літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны»
План практыкума:
1. Грамадска-палітычная атмасфера пачатку вайны (трагедыя 1941 г., ваенныя дарогі беларускіх пісьменнікаў).
2. Абарваныя вайной жыцці (26 літаратараў Беларусі паводле кнігі «Скрыжалі памяці» (2005): М. Сурначоў, З. Астапенка, Л. Гаўрылаў, Р. Мурашка, А. Пруднікаў. Х. Шынклер, М. Сямашка і інш.).
3. Праблема выбару беларускай творчай інтэлігенцыі: калабаранты і іх лёс.
4.4 Пытанні і заданні да практыкума «Беларуская літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны»
1. Паэтычны зварот Я. Купалы да беларускага народа (верш «Беларускім партызанам»).
2. Мастацкая характарыстыка зборніка фельетонаў К. Чорнага «Кат у белай манішцы» (1942).
3. Гісторыя стварэння, пафас, матывы паэтычнай кнігі А. Астрэйкі «Слуцкі пояс» (1943).
4. Мастацкае адлюстраванне ваеннай рэчаіснасці праз жанр балады: А. Куляшоў «Ліст з палону», А. Вялюгін «Уральскі танк», П. Броўка «Рана», П. Панчанка «Герой».
5. Адлюстраванне гістарычнага мінулага і вобраза Беларусі ў ваеннай лірыцы (П. Панчанка «Курганы», П. Броўка «Кастусь Каліноўскі», М. Сурначоў «У стоптаным жыце»).
6. Фальклорныя матывы ваеннай паэзіі (М. Танк «Родная мова», П. Броўка «Будзем сеяць, беларусы!», П. Глебка «Родны хлеб», А. Куляшоў «Над брацкай магілай»).
7. Характарыстыка беларускага паэтычнага эпасу вайсковага часу: паэмы А. Куляшова «Сцяг брыгады» (1942), «Прыгоды цымбал» (1944); П. Броўкі «Паэма пра Смалячкова» (1942), «Беларусь» (1943); М. Танка «Янук Сяліба» (1943); Я. Коласа «Суд у лесе» (1942), «Адплата» (1944); П. Панчанкі «Маладосць у паходзе» (1945).
8. Эпічныя і драматычныя творы ваеннага перыяду. Паказ гераізму і патрыятызму чалавека: К. Чорны «Маленькая жанчына», «Вялікае сэрца»; М. Лынькоў «Ірына», «Астап», «Васількі», «Салют».
9. Маральна-этычныя адносіны герояў у п’есе К. Крапівы «Проба агнём» (1943).
10. Своеасаблівасць узнаўлення вайны ў прозе К. Чорнага («Пошукі будучыні», «Млечны шлях»).
5. Тэсты і заданні для кантролю за вынікамі навучання
1. Які ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне прымалі беларускія пісьменнікі?
а) Многія з іх былі прызваныя ў войска і ваявалі на розных франтах вайны ці змагаліся ў партызанскіх атрадах: І. Мележ, І. Шамякін, М. Аўрамчык, Я. Брыль, В. Таўлай і інш.
б) Больш за 20 мастакоў слова заплацілі сваім жыццём за вызваленне радзімы ад гітлераўскіх галаварэзаў: М. Сурначоў, З. Астапенка, С. Кравец, А. Гейне і інш.
в) Значная частка беларускіх пісьменнікаў ніякага ўдзелу ў вайне не прымала. Яны жылі па перакананні старажытных: «Калі гавораць гарматы, музы маўчаць».
г) Беларускія пісьменнікі працавалі ў франтавым і партызанскім друку. Адны, як А. Куляшоў, П. Панчанка і інш. былі журналістамі ў газетах, другія выдавалі газеты і часопісы ў Маскве (К. Чорны, М. Танк і інш.).
2. Якія беларускія перыядычныя выданні выходзілі ў гэты час?
а) «Літаратура і мастацтва»; д) «Полымя»;
б) «Раздавім фашысцкую гадзіну»; е) «Вожык»;
в) «Партызанская дубінка»; ж) «Першацвет»;
г) «Савецкая Беларусь»; з) «Беларусь».
3. Якія з мастацкіх жанраў найбольш плённа развіваліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны?
а) паэзія;
б) драматургія;
в) проза.
4. Якія асноўныя тэмы і матывы беларускай ваеннай паэзіі?
а) прырода Беларусі; г) захапленне маладосцю;
б) радасць мірнага жыцця; д) услаўленне подзвігу народа;
в) паэтызацыя гісторыі краю; е) раскрыццё здзекаў фашыстаў.
5. У чым жанрава-стылёвая адметнасць беларускай ваеннай паэзіі?
а) вершы-маналогі; ж) сатырычныя вершы;
б) вершы-пасланні; з) вершы-заклікі;
в) санеты; і) балады;
г) публіцыстычныя вершы; к) рамантычныя творы;
д) паэмы; л) рэалістычныя вершы;
е) байкі; м) актавы.
6. Ваенная проза была прадстаўлена:
а) публіцыстычнымі артыкуламі; в) раманамі;
б) аповесцямі; г) апавяданнямі.
7. Якія зборнікі апавяданняў, раманы былі створаны ў гады ваеннага ліхалецця?
а) М. Лынькоў «Астап»; е) К. Чорны «Пошукі будучыні»;
б) К. Чорны «Вялікае сэрца»; ж) Я. Брыль «Апавяданні»;
в) І. Мележ «У завіруху»; з) К. Чорны «Вялікі дзень»;
г) Я. Колас «Казкі жыцця»; і) М. Лупсякоў «Першая атака».
Літаратура
1. Баршчэўскі, Л.П. Беларуская літаратура і свет / Л.П. Баршчэўскі, П.В. Васючэнка, М.А. Тычына; пад рэд. Л.П. Баршчэўскага. – Мінск: Радыёла-плюс, 2006. – 576 с.
2. Беларускія пісьменнікі: Бібліяграфічны слоўнік: у 6 т. / рэдкал.: Б. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БЭ імя Броўкі, 1992–1995. – 6 т.
3. Гісторыя беларускай літаратуры: у 4 т. / рэдкал.: У.В. Гніламёдаў (гал. рэд.) [і інш.]. – 2003. – 583 с.
4. Грамадчанка, Т.К. Беларуская літаратура: Школьныя творы: Кароткі змест і аналіз / Т.К. Грамадчанка. – Мінск: Аверсэв, 1999. – 543 с.
5. Лазарук, М.А. Гісторыя беларускай літаратуры: ХХ стагоддзе (20–50-я гады) / М.А. Лазарук, А.А. Семяновіч; пад рэд. М.А. Лазарука. – Мінск: Выш. шк., 2000. – 511 с.
6. Мішчанчук, М.І. Беларуская літаратура ХХ ст.: Вучэбны дапаможнік / М.І. Мішчанчук, І.С. Шпакоўскі. – Мінск: Выш. шк., 2001. – 352 c.
7. Старычонак, В.Д. Беларуская літаратура / В.Д. Старычонак. – Мінск: Выш. шк., 1998. – 350 с.
8. Янушкевіч, Я.Я. За архіўным парогам: Беларуская літаратура ХІХ–ХХ стст. у святле архіўных пошукаў / Я.Я. Янушкевіч. – Мінск: Маст. літ., 2002. – 381 с.
Модуль 8
ВЫТОКІ СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ
(НА ПРЫКЛАДЗЕ ТВОРЧАСЦІ А. КУЛЯШОВА, П. ПАНЧАНКІ, М. ТАНКА, І. МЕЛЕЖА, А. МАКАЁНКА, І. ШАМЯКІНА, Я. БРЫЛЯ, В. БЫКАВА, І. НАВУМЕНКІ, У. КАРАТКЕВІЧА, А. АДАМОВІЧА)
Уводзіны
Творчасць класікаў з’явілася падмуркам для развіцця сучаснай беларускай літаратуры. Беларускія пісьменнікі паспрыялі ўдасканаленню літаратурных жанраў: лірычнай прозы, рамана, драмы, якія паспяхова працягваюць сваё існаванне і на сучасным этапе.
У працэсе вывучэння тэмы студэнты павінны:
1. Засвоіць паняцці:
– драма; – паралелізм;
– «лірычная проза»; – умоўна-асацыятыўны вобраз.
2. Характарызаваць з’яву:
– адметнасці развіцця творчасці ўзгаданых аўтараў у галіне лірычнай прозы, рамана, драмы.
3. Аналізаваць і інтэрпрэціраваць працэсы:
– месца і ролі творчасці адзначаных аўтараў ў кантэксце развіцця беларускай літаратуры.
4. Фарміраваць уменні:
– супастаўлення і характарыстыкі асобных аўтарскіх твораў;
– разгляду творчасці беларускіх аўтараў у дачыненні да сусветных літаратурных працэсаў.
1. Схема вывучэння матэрыялу
(вучэбна-інфармацыйны блок)
№
|
Тэма заняткаў
|
Тып заняткаў
|
Від заняткаў
|
Колькасць гадзін
|
1.
|
Вытокі сучаснай беларускай літаратуры (на прыкладзе творчасці А. Куляшова, П. Панчанкі, М. Танка, І. Мележа, А. Макаёнка, І. Шамякіна, Я. Брыля, В. Быкава, І. Навуменкі, У. Караткевіча, А. Адамовіча).
|
Засваенне новых ведаў
|
Лекцыя
|
7
|
2.
|
Беларуская літаратура ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе.
|
Паглыбленне
і сістэматызацыя ведаў
|
Практыкум
|
1
|
3.
|
Беларуская літаратура другой паловы 1950–1970-я гады
ХХ ст.
|
Паглыбленне
і сістэматызацыя ведаў
|
Семінар-практыкум
|
2
|
4.
|
Кантроль узроўню ведаў і ўменняў.
|
Выніковы кантроль
|
Пісьмовы залік
|
2
|
2. Асновы навукова-тэарэтычных ведаў па модулі
«Вытокі сучаснай беларускай літаратуры (на прыкладзе творчасці А. Куляшова, П. Панчанкі, М. Танка, І. Мележа, А. Макаёнка, І. Шамякіна, Я. Брыля, В. Быкава, І. Навуменкі, У. Караткевіча, А. Адамовіча)»8
Достарыңызбен бөлісу: |