Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)



бет22/32
Дата18.07.2016
өлшемі3.81 Mb.
#207146
1   ...   18   19   20   21   22   23   24   25   ...   32
Іван Мележ (1921–1976)
Радзіма І. Мележа  надпрыпяцкае Палессе, тая яго частка, якая сён­ня ляжыць непадалёку ад ракі ў межах Калінкавіцкага і Хойніцкага раёнаў. У палескіх раманах І. Мележа даволі дакладна захавана геаграфія родных мясцін пісьменніка, прычым назвы некаторых паселішчаў пададзены без змен – Глінішчы, Ламачы, Тульчавічы, Юравічы; другія крыху перайнача­ны  Курані, Алешнікі. Сёння гэта край, які мяжуе з адселенай і неадселе­най зонай Чарнобыльскай АЭС.

Іван Паўлавіч Мележ нарадзіўся 8 лютага 1921 г. у вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна ў беднай сялянскай сям’і. Зямлі было мала. Дзеці змалку ўцягваліся ў работу. Будучы пісьменнік з пяці гадоў пасвіў свіней. Яго, ка­лі можна сказаць так, пастухоўскі ранг павышаўся: пасля свіней пасвіў аве­чак, цялят, карову, пазней вадзіў у начное каня. Вучыўся ён у трох школах: у пачатковай – у родным Глінішчы, у сямігодцы  у Алексічах, заканчваў дзесяцігодку ў Хойніках. Міжволі прыходзіць думка: даволі ранняе незда­роўе пісьменніка, можа, і тлумачыцца ранняй адарванасцю ад роднай сям’і, хаты, нерэгулярным, выпадковым харчаваннем.

Жывучы ў Хойніках, І. Мележ захапляецца літаратурай: у мястэчку хапала добрых бібліятэк. Ён увогуле вядзе актыўнае жыццё. Удзельнічае ў школьных спектаклях, піша вершы, гуляе ў валейбол, футбол і вучыцца старанна: канчае дзесяцігодку з атэстатам выдатніка. Пасля заканчэння ся­рэдняй школы пасылае дакументы ў Маскоўскі ІФЛІ (Інстытут гісторыі, філасофіі, літаратуры), і хоць выдатнікаў мусілі прымаць без экзаменаў, І. Мележ нават выклік з інстытута не атрымаў. Год пасля гэтага ён працуе загадчыкам аддзела піянераў у Хойніцкім райкаме камсамола. Для будучай пісьменніцкай работы гэта значыла многае. Паездкі па вёсках пашыралі жыццёвы далягляд юнака, узбагачалі ўражаннямі.

Восенню 1939 г. І. Мележ становіцца студэнтам ІФЛІ імя М.Г. Чар­нышэўскага. З першага курса будучага пісьменніка прызываюць у войска. Пачынаў служыць у Данбасе, у Арцёмаўску. Затым трапляе ў артылерый­скі полк, у Карпаты. У 1940 г. ён прымаў удзел у вызваленні Паўночнай Букавіны. У хуткім часе пачалася вайна. Яна застала I. Мележа на самай мяжы. Варта сказаць: ужо тады ён збіраўся стаць пісьменнікам. Вёў дзённік. Частку дзённікаў закапаў на месцы дыслакацыі палка, частку завёз у роднае Глінішча, калі прыязджаў у водпуск. На жаль, хата бацькоў І. Меле­жа згарэла, згарэлі і дзённікі, а тыя, якія закапаў, адшукаць не ўдалося. За­сталася толькі частка: дзённікі, якія вёў у час адступлення. Цяжка перааца­ніць тое, што здзейсніў пісьменнік. Дарэчы, весці якія-небудзь запісы пад­час вайны строга забаранялася. Насуперак суровым вайсковым прадпісан­ням, І. Мележ вёў дзённік, абыходзячы ў ім найбольш вострыя вуглы. Шлях адступлення і баёў артылерыйскага палка, у якім служыў І. Мележ, ляжаў праз Збруч, Умань, Новую Адэсу, Нікалаеў, Іларыёнаўку. Пісьмен­нік удзельнічаў восенню 1941 г. і зімой 1942 г. у адваяванні ад немцаў Рас­това, Лазавой, Барвенкава. Летам 1942 г. пісьменніка цяжка параніла. «Пра­вае плячо было разбіта асколкам бомбы. Рука, якую ледзь не адрэзалі, як нежывая вісела на падвязачцы з марлі, рана зажывала марудна», – успамі­наў пісьменнік. Лячыўся І. Мележ у растоўскім, затым у тбіліскім шпіталях.

У Растове І. Мележу ў рукі трапіў «Ціхі Дон» М. Шолахава, яго за­ключная кніга, надрукаваная ў часопісе «Новый мир». Кніга гэтая стала на­стольнай для будучага пісьменніка, можна сказаць, ягонай Бібліяй. Шкада, што да апошняга часу не праведзена даследаванне, у якім прасочвалася б мастацкая сувязь паміж «Ціхім Донам» М. Шолахава і «Палескай хронікай» І. Мележа. М. Шолахаў і І. Мележ – пісьменнікі з рознай, непадобнай ма­нерай пісьма. Але яднае гэтыя дзве кнігі вернасць жыццёвай праўдзе, хро­ніка сямейнага жыцця, звязаная з падзеямі сусветна-гістарычнага значэння.

Шмат якія калізіі запазычыў І. Мележ з «Ціхага Дона». Але усё гэта прыйдзе пазней, калі пісьменнік стане на ўласныя ногі. Пакуль жа будзе толькі захапляцца М. Шолахавым, параўноўваць растоўскія стэпы са сваім родным, лясным і балотным, палескім краем. Ужо ішла бітва за Сталін­град. У вайне нібыта намячаўся пералом да лепшага. Паступовае выздараў­ленне, радасныя весткі з фронту прымусілі І.  Мележа ўзяцца за пяро. Ён ужо спрабаваў свае сілы ў літаратуры. Яшчэ да вайны друкаваў вершы, якія змяшчаліся ў мазырскай абласной газеце «Бальшавік Палесся», а так­сама ў некаторых мінскіх газетах. Але вершы вершамі, а проза, у прыват­насці, першае апавяданне «Сустрэча», давалася пісьменніку з вялікімі цяж­касцямі.

У кастрычніку 1942 г. І.  Мележу выдалі пасведчанне аб інваліднасці і спісалі з арміі. Ён напачатку не ведаў, куды ехаць і як жыць далей. Але ў ціхмянага, спакойнага палескага хлопца аказалася ўчэпістая хватка, цвёр­дая натура. Гэта значыла: ні ў якіх жыццёвых вірах і акалічнасцях ён не пра­падзе. Цягніком ён дабіраецца да Баку, адтуль на параходзе да Гур’ева. I вось мы бачым І. Мележа ў Бугуруслане. Там працаваў эвакуіраваны з Мал­давіі педінстытут, выходзіла мясцовая газета «Бугурусланская правда». У хуткім часе І. Мележ стаў студэнтам-завочнікам і адначасова выкладчыкам ваеннай падрыхтоўкі гэтага інстытута. Час быў ваенны, цяжкі, трэба было неяк жыць. Тым болей, што пісьменнік ажаніўся. У «Правде» I. Мележ вы­чытвае, што на станцыі Сходня пад Масквой пачынае работу Беларускі дзяр­жаўны універсітэт. У кастрычніку 1943 г. ён ужо там. Як і раней, вучыцца ва універсітэце і выкладае ваенную падрыхтоўку, а пазней нават узначаль­вае ваенную кафедру.

Фашысцкіх захопнікаў гоняць на Захад. Ужо вызвалены Мінск. I. Ме­леж заканчвае БДУ, і ў гэтым годзе заканчваецца Айчынная вайна. Тады ж яго залічваюць у аспірантуру, ён чытае лекцыі студэнтам. Варта сказаць, што яшчэ ў час знаходжання I. Мележа на Сходні яго апавяданні трапілі да К. Чорнага. Хворы пісьменнік знайшоў час прачытаць іх. К. Чорны, можна сказаць, не толькі падбадзёрыў маладога аўтара, але і адкрыў яму дарогу ў літаратуру.

Сваё першае апавяданне І. Мележ напісаў, лежачы на ложку ваеннага шпіталя ў 1942 г. У пасляваенныя гады выходзяць зборнікі апавяданняў тады яшчэ маладога пісьменніка «У завіруху» (1946) і «Гарачы жнівень» (1948). Ужо ў гэтых дзвюх невялікіх кніжках праявіліся асаблівасці твор­чай манеры аўтара: уменне ў звычайнай будзённай з’яве знайсці праяўлен­не чалавечага характару, заглянуць у яго душэўны свет. Апавяданні падкуп­лялі чытача сваёй непасрэднасцю, шчодрасцю, дакладнасцю жыццёвых дэ­таляў. За невялікім выключэннем, пабудаваны яны не на вострых сутыкнен­нях, а ўяўляюць сабой кавалкі па-мастацку асэнсаванага будзённага жыцця. І. Мележ па характару таленту – традыцыяналіст-бытапісальнік. Яго стыль характарызуецца апавядальнай інтанацыяй, прадметнасцю, «рэчавасцю» ба­чання навакольнага свету, дакладнымі дэталямі. Відаць, не без уплыву ўдум­лівага чытання М. Шолахава, дзе шырока захоўваецца каларыт данской, ка­зацкай гаворкі, пісьменнік у «Палескай хроніцы» шырока ўжывае дыялек­тызмы Палесся, усе гэтыя «кеб», «було», «ето».

Творчасць І. Мележа – праўдзівая эпапея самапазнання душы бела­рускага народа на пераломных рубяжах «суровага і трагічнага XX ст.» па выразу М. Гарэцкага. Некаторыя з напісаных І. Мележам апавяданняў з’яў­ляюцца як бы эскізамі да тых карцін і персанажаў, што паўстануць са ста­ронак яго рамана «Мінскі напрамак». Напрыклад, апавяданне «У завіру­ху», прысвечанае К. Чорнаму і напісанае яшчэ ў 1944 г. У аснове яго добра вядомы аўтару матэрыял, падзеі, можна сказаць, асабіста перажытыя. Рана пісьменнік адчуў, што вайна не толькі справа гераічная, якая патрабуе ад чалавека воінскага подзвігу, мужнасці, адвагі, але і цяжкая паўсядзённая работа. Герой апавядання Мікалай Засмужац якраз і ёсць нястомны пра­цаўнік вайны. Ён пасыльны штаба. І. Мележ піша: «Засмужац не спаў дру­гія суткі. На світанні ён ішоў па гэтай дарозе насустрач, у штаб арміі, з да­нясеннем ад камандзіра кавалерыйскай брыгады. Да штаба арміі было кіла­метраў дваццаць ці крыху болей. Але ўсе дарогі і сцяжынкі былі так закіда­ны снегам, што дабрацца да яго ўдалося толькі за шэсць гадзін, дашчэнту змучыўшы каня і сябе. У штабе затрымалі нядоўга, не далі спачыць. Відаць, пісьмо было важнае, бо праз паўгадзіны яму ўручылі новы пакет і загадалі неадкладна ехаць назад. Калі ён выязджаў з сяла, ад стомы і бяссонніцы адчуваў сябе змарнела. У давяршэнне да ўсяго звечара разлютавалася заві­руха». Засмужац разлічваў адпачыць, сагрэцца, пад’есці, але ўсе яго спа­дзяванні аказаліся марнымі. Трэба было зноў збірацца: везці новае даня­сенне, бо напарнікі, што маглі яго замяніць, аказаліся забітымі. I зноў абяс­сілены, зняможаны салдат рушыў у далёкую дарогу...

Адным з твораў, які, можна сказаць, самым непасрэдным чынам ля­жыць ля вытокаў рамана «Мінскі напрамак», з’яўляецца нарыс «Дарогі на ўсход і захад». І. Мележ ведаў вайну і зведаў самыя горкія яе старонкі: ад­ступленне сорак першага года ад Заходняй граніцы Карпат да Данбаса, на­ступленне восенню і зімой 1941–1942 гг. на Растоў, Барвенкава, станцыю Лазавую. Недзе ў душы пісьменніка жыла горыч, што ён пакінуў армію, не дачакаўшыся пераможных салютаў, не вызваляў гарадоў, сёл, пакінутых ворагу ў сорак першым годзе.



У 1946 г. выходзіць зборнік «У завіруху», змест якога складаюць творы, напісаныя ў вайну. Другі зборнік I. Мележа ўбачыў свет у 1948 г. На кароткі час у першы пасляваенны год пісьменнік прыехаў у роднае Глі­нішча. Убачыў зруйнаваную вёску, пабыў на папялішчы роднай хаты, ква­таруючы ў чужой, напісаў апавяданне «Гарачы жнівень». Пазней пісьмен­нік назаве гэты твор аповесцю. Са скарачэннямі яна друкавалася у часопісе «Полымя». У гэтай аповесці, авеянай мяккай, лагоднай паэтычнасцю, до­сыць выразна ўгадваюцца творчыя якасці І. Мележа як аўтара, якія зной­дуць найбольшае ўвасабленне ў «Палескай хроніцы»: нетаропкую інтана­цыю, дакладнае сваёй прадметнасцю, рэчаўнасцю апісання, увогуле добрую мову. «Гарачы жнівень» у пэўным сэнсе можна мазваць метафарай. Лета было вельмі засушлівым. Усё навакол гарэла. Але на гэта пісьменнік най­менш звяртае ўвагу. Галоўнае для яго – спаборніцтва дзвюх брыгад, адну з якіх узначальвае Алена, другую ганарыстая, трохі самаўпраўная Насця. Менавіта Насця захапіла жняярку, на гэты дзень выдзеленую Алене. Паміж імі ўзнікае гарачае спаборніцтва. Апавяданне пісалася ў той час, калі ў лі­таратуры ва ўсю моц панавала тэорыя бесканфліктнасці. І. Мележ – тале­навіты пісьменнік, які пасля цяжкай, нават трагічнай для яго лёсу вайны, прыехаў на радзіму, пра якую дзень і ноч трызніў у доўгія гады разлукі. Няма нічога дзіўнага, што нягледзячы на разруху, разбурэнне, шмат што ён убачыў праз ружовыя акуляры. Ды, мабыць, галоўнае было не гэта. Вый­гралі такую вайну, адолелі такога магутнага, каварнага ворага, вызвалілі народы Еўропы ад фашызму, то з мірнымі справамі, з аднаўленнем разбу­ранай гаспадаркі як-небудзь справімся. Так, відаць, думаў кожны воін, які, страціўшы на крывавах дарогах вайны нямала сяброў-таварышаў, адолеў невымерныя пакуты, дажыўшы да мірных дзён.

У 1947 г. І. Мележ друкуе апавяданне «Павел прыехаў», якое з’яў­ляецца як бы працягам «Гарачага жніўня». Міжволі ўзнікае думка: чаму ў тыя, першыя пасляваенныя гады І. Мележ не ўзяўся за напісанне «Людзей на балоце». Ён быў на роднай зямлі, пра якую марыў доўгія гады, бачыў герояў, якія стваралі калгас, былі тут добрымі гаспадарамі і дамагаліся не­благіх поспехаў. Аднак не мог пісьменнік пачаць «Палескую хроніку» ў гэты час. Ён яшчэ жыў вайной. Аўтар піша шэраг апавяданняў – «Тавары­шы», «Незнаёмы» (абодва 1947), п’есу-аднаактоўку «Хто прыйшоў уночы» (1945).



І. Мележ у першае дзесяцігоддзе творчай работы як бы толькі пры­глядаецца да жыцця, намацвае свой шлях у літаратуру. У 1947 г. ён пачы­нае работу над раманам «Мінскі напрамак». Ужо адно тое, што пісьменнік узняўся ад невялікага апавядання, замалёўкі да шырокага эпічнага палатна, дзе перакрыжоўваюцца лёсы дзесяткаў герояў, асэнсаваны буйныя, можна сказаць, гістарычныя пласты рэчаіснасці, заслугоўвае глыбокай увагі і па­вагі. Пісьменнік адчуваў у сабе патэнцыяльныя творчыя сілы і стараўся здзей­сніць іх. Раман «Мінскі напрамак» прысвечаны велічнай падзеі ў жыцці бе­ларускага народа – заключнаму этапу Айчыннай вайны ў вызваленні Бела­русі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Не трэба забываць і пра тое, што менавіта на беларускай зямлі Савецкая Армія, можа, нават з яшчэ боль­шым размахам, ажыццявіла тое, што зрабілі з нашай арміяй немцы ў 1941 г. Савецкія франты нанеслі некалькі маланкавых удараў, загналі нямецкія ды­візіі ў некалькі буйных «катлоў», у якія трапілі дзесяткі тысяч гітлераўцаў. Нездарма летам 1944 г. па галоўнай вуліцы Масквы – тады яна насіла імя М. Горкага – правялі пяцідзесяцітысячную калону ваеннапалонных, якраз з тых часцей, якія былі нацэлены на ўсход і намераваліся ўзяць у 1941 г. Маскву.

У беларускай прозе да часу напісання «Мінскага напрамку» з’явілася нямала твораў, якія паказвалі партызанскую вайну на захопленай ворагам савецкай зямлі. Значна менш быў абмаляваны воін-беларус, франтавік, які прайшоў цяжкай ваеннай дарогай ад сцен Масквы і Сталінграда да Прыпя­ці, Беразіны і Нёмана, несучы вызваленне народу. Вядомым і бясспрэчным з’яўляецца той факт, што за Беларусь змагаліся не толькі партызаны, а і сотні воінаў-беларусаў, увесь савецкі народ. І. Мележ паставіў творчай за­дачай паказаць у мастацкіх вобразах бітву за Беларусь, бітву, якая адна­часна ішла і на франтавых дарогах, і ў глыбокім варожым тыле. Кніга з такім шырокім ахопам падзей, дзе сюжэт разгортваецца ў двух планах, дзе адначасова паказваецца і партызанская барацьба, і баі, што вяла Савецкая Армія, з’явілася першай падобнай спробай у беларускай літаратуры, і таму натуральна перад аўтарам стаялі вялікія цяжкасці. Пісьменнік намаляваў у рамане цэлую галерэю вобразаў савецкіх людзей, горача аддадзеных сваёй Радзіме, гатовых ахвяраваць за яе свабоду і шчасце ўласным жыццём.

Сімпатычнымі, жыццёва праўдзівымі фарбамі намаляваны, напрык­лад, камісар партызанскай брыгады Туравец, чалавек шчыры, сумленны: ён адзін з тых кіраўнікоў, якія і ў мірны час, і ў дні вайны з’яўляюцца ду­шой усякай справы. Тысячы такіх людзей, як Туравец, падняліся з гушчы народа. Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю партызанскай брыгады, дзе камісарам быў Туравец. Напярэдадні бітвы за Беларусь гітлераўцы прыкла­далі ўсе намаганні, каб знішчыць, разграміць партызанскі рух, забяспечыць устойлівасць свайго бліжняга тылу. Варта адзначыць, што пісьменніку шмат у чым удалося па-мастацку перадаць складанасць той абстаноўкі, якая бы­ла характэрнай для шэрагу партызанскіх злучэнняў напярэдадні вызвален­ня беларускай зямлі. Не ўсё дасканала ў паказе партызанскіх кіраўнікоў. Часам яны нагадваюць людзей з плаката, на вуснах якіх зычныя лозунгі, агульныя словы. Але і ўдачы ёсць. Добра, глыбока псіхалагічна намалява­ны вобразы партызанкі-разведчыцы Ніны Лагуновіч, падрыўніка Шашуры, маладога партызана Васі Крайко. Шашура, напрыклад, шмат пабачыў у жыцці, ён бывалы чалавек, жартаўнік, трохі авантурыст і адчайна любіць бачныя ўсім феерверкі на чыгунцы. Сярод вобразаў воінаў асноўную на­грузку нясе камандзір танкавай роты, затым батальёна Аляксей Лагуновіч. Менш удаліся пісьменніку вобразы іншых воінаў – капітана Маскаленкі, падпалкоўніка Сяміжона, танкістаў Сонцава, Быстрова. Намаляваны яны ў многім схематычна, іх роля ў рамане падчас толькі службовая. Асноўная ўдача раманіста – вобраз камандуючага II Беларускім фронтам генерала Чарняхоўскага, над якім І. Мележ шмат і упарта працаваў, збіраў архіўныя матэрыялы, уносячы змены ў кожнае новае выданне.

«Мінскі напрамак» быў завершаны ў 1952 г. І. Мележ многа разоў вяртаўся да яго дапрацоўкі. Пісьменнік часта падмяняў учынкі герояў іх голым апісаннем, якое ніколі не заменіць мастацкіх карцін. Гэта робіць ха­рактары герояў статычнымі, пазбаўляе іх дынамікі развіцця. Таму нават такія героі, як Туравец, Ніна Лагуновіч, здаюцца нам нязменнымі, аднолькавымі на працягу ўсёй кнігі. І.  Мележа можна яшчэ папракнуць вось у чым: усе героі «Мінскага напрамку», за выключэннем хіба аднаго Шашуры, – людзі надзвычай «сур’ёзныя», яны амаль ніколі не смяюцца. У рамане вельмі ма­ла гумару: ні ў простым паказе з’яў, ні ў аўтарскім ацэначным слове. Пісь­меннік сам адчуваў недахопы рамана. Ён некалькі разоў браўся за дапра­цоўку, удасканаленне свайго твора. У нейкай ступені гэта яму ўдалося. Ра­ман стаў больш кампактным, можна сказаць, набылі мастацкае жыццё мно­гія героі твора. Больш стройнай, зладжанай стала кампазіцыя. Можна ска­заць, што «Мінскі напрамак» стаў падрыхтоўчым этапам да напісання «Лю­дзей на балоце» і астатніх твораў «Палескай хронікі».

«Пасля «Мінскага мапрамку», – прызнаваўся I. Мележ, – я апынуўся нібы на ростанях. Цяжкая праца так выматала мяне, што я адчуваў сябе не ў стане ўзяцца за значную кнігу. Каля трох гадоў я не пісаў буйных рэчаў. Надрукаваў некалькі апавяданняў, дзве маленькія аповесці «Блізкае і нябліз­кае» («Зямля, якую любіш», «Край, які любіш») і «Дом пад сонцам» (абе­дзве 1954), дзве п’есы «Пакуль мы маладыя» (1955) і «Дзень нараджэння» (1957). У названых рэчах яшчэ адчуваецца інерцыя «Мінскага напрамку». Як і ў наступных апавяданнях «На рацэ» (1953), «Блізкае і далёкае», «На скрыжаванні» (абодва 1954), «Што ён за чалавек» (1955), у нейкай меры «Дом пад сонцам» (1954–1955).

Наступныя апавяданні «У гарах дажджы», «Спатканне за горадам» (абодва 1955) як бы азначаюць пачатак новага этапа ў творчасці пісьмен­ніка, набліжаючыся сваёй паэтыкай да «Палескай хронікі». У апавяданні «У гарах дажджы» упершыню як бы глыбока паядналіся творчы вопыт пісь­менніка і жыццёвы матэрыял. Так, сам І. Мележ служыў у Карпатах. Не выключана, што некаторыя асабістыя якасці ён аддае салдату Макоўчыку, марудліваму, маларухаваму, які ў час ваенных заняткаў «апошнім злазіць з каня, апошнім цягнецца да гарматы».



Апавяданне «Спатканне за горадам» уяўляе сабой як бы прэлюдыю да трэцяй кнігі «Палескай хронікі» – «Завеі, снежань». Пісьменнік выразна даказвае, што яму па плячы пісаць творы, выяўляючы далікатныя, інтэлі­гентныя пачуцці, уласцівыя людзям іншага, чым сялянскае, асяроддзя. Пас­ля XX з’езда КПСС, з 1956 г. І. Мележ пачынае працаваць над першай кнігай «Палескай хронікі» – «Людзі на балоце», якую завяршыў у 1961 г. Можна сказаць, што, напісаўшы палескія раманы, І.  Мележ паўстаў перад чытачом у новым творчым абліччы. Эстэтыка новых раманаў карэнным чынам адрозніваецца ад творчых прынцыпаў, якімі кіраваўся пісьменнік да гэтага часу. I справа не толькі ў тым, што пасля XX з’езда партыі змянілася духоўная атмасфера жыцця. І. Мележ, чуйны да перамен у творчым жыцці, не мог не заўважыць, што маладзейшыя пісьменнікі, якія ўліліся ў літара­туру ў другой палове 1950-х гадоў, сталі глыбей, праўдзівей, разнастайней пісаць пра жыццё.

І. Мележ знайшоў у душы сілы, што дазволілі другімі вачамі пагля­дзець на акаляючае жыццё, адкінуць схемы, догмы, паводле якіх ён буда­ваў ранейшыя творы. А жыццёвы вопыт аўтар меў, бясспрэчна, больш грун­тоўны, чым маладзейшыя пісьменнікі. І. Мележ – пісьменнік-бытапісальнік. Ён выпрацаваў трохі кансерватыўны, але дакладны жыццёвымі дэталямі, моўнай фактурай стыль, у якім пераважаюць жывапісныя, прадметна-рэча­выя элементы. На фоне паспешлівай, узнёсла-песеннай лірычнай прозы не­каторых маладзейшых пісьменнікаў стыль гэты прыкметна вылучаўся сва­ёй грунтоўнасцю, манументальнасцю. Напісаў І. Мележ раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» ў добрай манеры сацыяльна-бытавой бела­рускай прозы, і яны загучалі вельмі па-сучаснаму. Не было сярод мала­дзейшых пісьменнікаў аўтара, які б, як І. Мележ, ведаў палескую вёску ся­рэдзіны і канца 1920-х гадоў як цэльны, яшчэ не разарваны, эпічны асяродак жыцця з яго векавымі традыцыямі, запаветамі, нават забабонамі і панявер­камі. Значнасць мастацкага твора вызначаецца перш за ўсе адкрыццём ты­пу, характару, бо толькі аб’ёмны, пададзены ў адзінстве асабістага і грамад­скага характар забяспечвае твору мастацкае даўгалецце.

У раманах І. Мележа ва ўвесь сацыяльны, чалавечы рост паўсталі Ва­сіль Дзяцел, Ганна Чарнушка, Яўхім Глушак, яго бацька Халімон Глушак, вясковы актывіст, дэмабілізаваны чырвонаармеец Міканор, старшыня вал­выканкама Апейка, сакратар райкама Башлыкоў і іншыя героі. А колькі вобразаў так званага другога і трэцяга планаў, якія запамінаюцца, бо і яны абмаляваны глыбока, паўнакроўна, і роля іх далёка не дзяжурная. Мастац­каму твору можна выносіць прысуд, мяркуючы па тым, што ў ім напісана. Трэба сказаць, што ў творах такога размаху, маштабу, як мележаўскія ра­маны, сацыяльнае, філасофскае дно магло быць глыбейшае. Рушэнне ста­рога сялянскага свету пачалося задоўга да Кастрычніцкай рэвалюцыі. У ча­сы калектывізацыі прыйшлося развязваць вузлы, якія за два-тры стагоддзі да яе завязала гісторыя.

Адзін з прыкметных герояў «Палескай хронікі» старшыня валвыкан­кама Апейка, вядома, не мог не ведаць пра гэтыя вузлы. Прыгоннае права ў Расіі было адменена толькі ў 1861 г. Тая зямля, якая дасталася сялянам па­сля адмены прыгону, ва ўмовах неразвітай прамысловасці, за нейкае паў­стагоддзе шляхам яе падзелу пабілася на вузкія палоскі, прывёўшы такім шляхам вёску да беззямелля. Калектывізацыя праводзілася паспешліва, без элементарнай падрыхтоўкі, без уліку сялянскай псіхалогіі. На такім гіста­рычным разрыве, найвялікшым драматычным і нават трагічным матэрыяле досыць натуральным было з’яўленне значнага мастацкага твора і значнага пісьменніка. «Палеская хроніка» І. Мележа нарадзілася менавіта на такім матэрыяле.



Пра герояў мележаўскіх раманаў многа і справядліва пісалі крытыкі, літаратуразнаўцы. Прысвечаныя жыццю беларускай вёскі далёкіх двацца­тых гадоў, кнігі гэтыя гучаць тым не меней вельмі сучасна, бо яны закра­наюць інтарэсы, думкі, пачуцці людзей, па лініі галоўных пытанняў жыцця перагукваюцца з нашымі днямі. Значнасць буйнога твора вызначаецца ад­крыццём тыпу, характару, бо толькі аб’ёмны, пададзены ў адзінстве асабіс­тага і грамадскага характар нясе ў сабе вобраз часу, з’яўляецца сапраўд­ным мастацкім адкрыццём. Колькі такіх характараў адкрыў І. Мележ! Пра Беларусь, пра Палессе бытавала думка як пра край цёмны, забіты, з пакор­лівымі, баязлівымі людзьмі. Пісьменнік разбівае такі погляд. Беларусы-па­лешукі жывуць на беднай балотнай і пясчанай зямлі, але яны людзі воль­ныя, свабодалюбівыя, з высокім пачуццём уласнай годнасці. Людзі гэтыя па сваіх чалавечых якасцях ніколькі не саступаюць, скажам, героям А. Бальзака, Г. Флабера, М. Горкага, М. Гогаля, М. Шолахава і іншых славутых пісьмен­нікаў.

І. Мележ намаляваў невялікую, нічым асабліва не прыкметную вёску Курані, як цэлую дзяржаву. Тут ёсць самабытныя палітыкі і філосафы, як, напрыклад, Андрэй Руды, Нібыто-Ігнат, дэмабілізаваны чырвонаармеец Мі­канор, неўгамонны жартаўнік Хоня, самадзейныя сказіцелі-паэткі, што да кожнага жыццёвага выпадку падбяруць адпаведнае выслоўе і нават рыфму – такой намалявана ўдава Сарока. Нават эпізадычныя героі маюць свой воб­лік і запамінаюцца: лясны, зацяты, як звер, Хрол, вечна п’яны ляснік Міця, прамы, як аршын, бясстрашны міліцыянер Шабета, швачка Голда, хітрава­ты гандляр Нохім, дурнаваты Бугай, маўклівы цяжкадум Пракоп, які стаў сваяком Васіля Дзятла, малодшы сын Халімона Глушака Сцяпан, які ім­кнецца да навукі.

Падзеі раманаў адбываюцца ў гады так званага «вялікага пералому», у часы рашучых, рэвалюцыйных пераўтварэнняў, і пісьменнік шырока па­казвае ўмовы, абставіны таго часу, які пазней назвалі часам культу асобы і таталітарызму. Да ліку сумленных дзеячаў, якія ўзяліся будаваць новы свет у межах воласці ці раёна, адносіцца прамы, як штык, начальнік міліцыі Харчаў, былы актыўны ўдзельнік грамадзянскай вайны, сакратар райкама Башлыкоў, двудушны старшыня сельсавета Дубадзел, малады кар’ерыст Кудравец. Былы ўдзельнік грамадзянскай вайны «крывароты» старшыня сельсавета Дубадзел проста беспрынцыпны, хцівы махляр, без ніякіх ад­знак сумлення: можа і хабар узяць, і напіцца на вяселлі чалавека, «класава варожага» савецкай уладзе, і, пагражаючы палітычнымі абвінавачваннямі, прагне залучыць да сябе ў якасці каханкі Ганну Чарнушка, былую жонку ку­лацкага сына Яўхіма Глушака. Пісьменнік па-вясковаму мудра дыферэнцы­руе куранёўскіх жыхароў па іх маральных якасцях. Вёска ведае ўсё і ўсіх. У ёй ні ад чаго не схаваешся.

У другім рамане – «Подых навальніцы» і асабліва ў трэцім – «Завеі, снежань» І. Мележ пераносіць дзеянне з глухаватых Куранёў у раённыя Юравічы і нават у сталічны Мінск, малюючы ў поўны рост старшыню рай­выканкама Апейку, сакратара райкама Башлыкова, іншых герояў, характа­ры якіх асабліва праявіліся ў час чысткі. Белы, старшыня камісіі, работнік парткалегіі ЦК партыі Беларусі, «вельмі худы Галенчык», прафсаюзны дзе­яч з Мінска, і чыгуначнік Беразоўскі. Калі Белы праяўляе сябе ўдумлівым чалавекам і прынцыповым камуністам, то Галенчык і сакратар райкама камсамола Кудравец – тыповыя кар’ерысты і выскачкі.

Ёсць яшчэ адзін цікавы вобраз у рамане – сакратар валасной партя­чэйкі латыш Гайліс, які асеў на жыццё ў Палессі. Гэта чалавек справядлі­вы, сумленны партыец. Калі падводзіць баланс, то кіраўнікоў прынцыпо­вых у раённым звяне аказваецца не менш, чым тых, хто не забыў яшчэ ата­кі грамадзянскай вайны і ваенныя метады вырашэння пытанняў мірнага часу.

Асноўны канфлікт пралягае паміж Апейкам і Башлыковым. Башлы­коў лічыць Апейку гнілым лібералам, які не бачыць складанасці класавай барацьбы: аднавіў у настаўніках былога царскага афіцэра Гарошку, мае брата кулака; адным словам, бракуе старшыні райвыканкама бальшавіцкай прынцыповасці, у яго шмат дабраты да людзей, якія нібыта спагады не варты, напрыклад, да папа, які даў абяцанне агітаваць супроць рэлігіі, або кулацкага сынка Сцяпана Глушака, якому Апейка дазволіў працаваць у камуне.

У 1960–1970-я гады кнігі І. Мележа «Людзі на балоце» і «Подых на­вальніцы» былі, бадай, найбольш дыскусійныя. Аб іх многа пісалі, пісь­меннік даваў бясконцыя інтэрв’ю розным выданням, раманы гэтыя чыталі нават тыя, хто быў абыякавым да беларускай літаратуры. Што ж, пісьмен­нік вёў гаворку пра галоўныя пытанні жыцця. У памяці людзей былі яшчэ «свежыя» факты аб нядаўніх драматычных падзеях: аб гулагу, беспадстаў­на абвінавачаных, несправядлівых адносінах да ваеннапалонных і ўвогуле многіх людзей, якія знаходзіліся на акупіраванай тэрыторыі.



Для напісання рамана «Подых навальніцы» спатрэбілася чатыры га­ды. Ён унутрана завершаны, у пэўным сэнсе з’яўляецца па-мастацку цэль­ным творам. Спачатку дзеянне новага рамана як бы запавольваецца. Пісь­меннік як бы паўтарае тое, што вядома чытачу з першага рамана. Гэта зноў малюнак сенажаці, грэбля, перакінутая праз дрыгву, з двара выязджае Ва­сіль Дзятлік з сямействам, Глушакі едуць, Андрэй Руды з жонкай, удава Сарока, непаседлівы Зайчык з тузінам дзяцей. Так ледзь не палову рамана «Подых навальніцы» пісьменнік як бы топчацца на месцы, нічога асабліва новага чытачу не паведамляючы. Тая ж прывязанасць да сваіх надзелаў, тыя ж думкі-страхі пра тое, што ўсё можна страціць, што старое жыццё мо­жа скончыцца. Зноў карціны мінулага, якім спрадвеку жылі дзяды, прадзе­ды, прашчуры. Што наперадзе – невядома. «Гуртавое-чартавое», – гавораць тыя самыя палешукі.

Пісьменнік не проста паўтарае тое, што сказаў у першай кнізе, у «Лю­дзях на балоце». Ён як бы нанава высвечвае былое жыццё, выяўляючы яго асноўныя вартасці. І. Мележ як бы глыбей адчувае, што ён піша эпас. Эпа­сам раней называлі гераічную песню, перамогу якога-небудзь народа, які, дзякуючы мужнасці, адвазе, выключнай храбрасці, перамог ворагаў і зама­цаваўся на зямлі.

Раманы І. Мележа «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» таксама своеасаблівы эпас. Дрыгвяны паўвостраў, на якім размясцілася вёска Кура­ні, як бы нагадвае поле бою. Колькі людзям спатрэбілася сіл, намаганняў, поту, працы, каб замацавацца на ім дзеля жыцця, прыстасаваць балота, баг­ну пад месца для поля і агарода. На гэтым кавалку зямлі ішла барацьба за жыццё, праўдзівей, за існаванне на зямлі: напрыклад, эпізод, калі куранёў­цы мосцяць гаць праз балота, ладзячы дарогу, каб вясной і восенню мець магчымасць пайсці ці паехаць у іншыя вёскі.

Эпас у старым значэнні слова заключаецца і ў тым, што пры рознасці надзелаў, неаднолькавых гумнах, агародах, хатах людзі жылі адзіным жыц­цём. Кожны паасобку, але ў адзін час выязджалі на касавіцу, на жніво; гук цапоў восенню, зімой даносіўся з кожнага гумна. Вёска калядавала, спраў­ляла вяселлі, хавала на могілках сваіх нябожчыкаў – гэты заведзены з неза­памятнай даўніны строгі круг жыцця нязменна паўтараўся.

У другім рамане на сенажаці паяўляецца Апейка, косіць разам з вяс­коўцамі, паказваючы, што ён таксама сялянскі сын, агітуе за калгас. Але нават не гэта галоўнае. Пачынаюць дзейнічаць спружыны, закладзеныя ў першым рамане. Пісьменнік паказвае: нават у такой вёсцы, як Курані, дзе хаты, гумны, хлявы большасці вяскоўцаў мала адрозніваюцца між сабой, расце пачуццё асобы. Тым часам рост гэтага пачуцця разбурае патрыяр­хальную вёску. Перастае дзейнічаць запавет: «Сцерпіцца-злюбіцца».



Ганна адчувае сябе ў доме Карчоў няўтульна. Мала таго, што яна не любіць Яўхіма, яна штогадзінна, штохвілінна ловіць на сабе злавесныя по­зіркі сямейнікаў: ты, галячка, прыйшла ў нашу хату, нічога з сабой не пры­нёсшы, то цані шчасце, якое табе выпала. Падобнае адчуванне вярэдзіць Ганніну душу, яна адчувае сябе глыбока няшчаснай. А тут на сенажаці за­хварэла яе дачка Верачка. Стары Корч, вядома, каня не дае, каб адвезці дзіцё ў бальніцу. Верачка памірае. У гэтым моманце паваротны пункт ра­мана. Ганна не можа трываць у карчоўскім доме. Яна зноў збліжаецца з Васілём. Адбываюцца іх тайныя спатканні. Тым часам няма нічога тайнага, што б не стала яўным. Дарэчы, гэты сюжэтны ход падобны на эпізод з «Ціхага Дона» М. Шолахава, калі Аксіння ўгаворвае Грыгорыя Мелехава пакінуць станіцу і падацца ў свет.

Не ўсюды былі такія кіраўнікі, як Апейка. Нездарма ў дыскусіях, рэ­цэнзіях, аўтарскіх інтэрв’ю, якімі адносна «Палескай хронікі» былі запоў­нены старонкі вельмі многіх выданняў, на першы план выступаў Апейка. Знакавы момант! Уздымаючы Апейку, яго разважлівасць, гуманізм, дэмак­ратызм, многія крытыкі, пісьменнікі асуджалі з’явы, якія дагэтуль мелі мес­ца ў савецкім жыцці. Тую ж насільную калектывізацыю, высылку кулакоў у неабжытыя, дзікія мясціны, увогуле неабгрунтаваныя рэпрэсіі, жорсткасць нават у адносінах да працоўнага чалавека ставілі на першы план тыя, хто пісаў пра раман.

На старонках твора пісьменнік расказвае, як «распаўзаецца» вёска, баючыся прымусовага абагульнення. Адзін з сельскіх бедакоў на станцыі Жлобін расказвае пра нейкага Ярашчука, вельмі падобнага да «крыварота­га» Дубадзела, старшыню Алешніцкага сельсавета. Ярашчук пагражае ся­лянам высылкай: «Ты што ж, не верыш Савецкай уладзе?». I абкладае нават беднякоў цвёрдым заданнем, прыбягае да іншых жорсткіх пакаранняў. Ку­ранёўцы таксама тояць страх у душы перад насільнай калектывізацыяй.

Міканор, перадавы ў вёсцы актывіст, дэмабілізаваны чырвонаармеец, таксама часта раздражняецца нявер’ем куранёўцаў у тое, што ў калгасе яны зажывуць лепей. Аргументы, бадай, тыя самыя, што і ў Ярашчука, пра яко­га Апейка пачуў на станцыі ў Жлобіне. Той, хто не ідзе ў калгас, выступае «супроць народа і мерапрыемстваў Савецкай улады». Лінія аж залішне прос­тая: сярэдзіны няма. Або ты калгаснік, або «кулацкі элемент», варожы пад­пявала. Міканор, нягледзячы на «цвёрдакаменны» характар, часам вагаецца і хістаецца. А вось Башлыкоў, прысланы з Гомеля рабочы, які становіцца сакратаром райкама, нягледзячы на тое, што не ўмее ні араць, ні касіць, ніякіх хістанняў, ваганняў не мае. Для яго, фанабэрыстага, самазакаханага, стопрацэнтная калектывізацыя – найпершы закон. Ён баіцца, каб па тэмпах калектывізацыі яго раён не абагналі іншыя. Чымсьці падобны да Башлыко­ва кіраўнік раённай міліцыі, а пазней ГПУ, Харчаў. Ён дзейнічае пераваж­на шляхам запалохвання. На кожным кроку яму мрояцца ворагі, хоць пад носам у яго дзейнічае белы афіцэр, эсэр Зубрыч. У Башлыкова, як і ў Хар­чава, якога ставяць кіраўніком райземаддзела, гэты мацёры стоены вораг атрымлівае поўнае давер’е.

У паводзінах Башлыкова, Харчава, іх маладзейшых памагатых Гален­чыка, Кудраўца праглядваюць намаганні бачыць партыю як нейкі закрыты, абасоблены ордэн, куды дапускаюцца толькі людзі асобай катэгорыі, загар­тоўкі, накшталт езуітаў або ўдзельнікаў сярэдневяковых крыжовых паходаў. Каб ні сучка ні задзірынкі на чалавеку, каб ён не толькі гаварыў, але і ду­маў лозунгамі. Апейка нібы ў процівагу ўсім гэтым носьбітам дагматычнай ідэі акумуліруе найлепшыя этычныя, маральныя якасці, якія народ выпра­цоўваў стагоддзямі і без якіх немагчыма будаваць новае жыццё.

З прыемнасцю працуючы над раманамі «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», нарэшце закончыўшы іх, І. Мележ задумаўся: куды пойдзе дзеянне? Што пісаць далей? Распачаты ў 1958 г. і закончаны ў 1961–1965 гг. раман «Подых навальніцы» не хутка атрымаў свой працяг. Пісьменнік доў­га раздумваў над далейшым лёсам «Палескай хронікі, бо наступная кніга, пазначаная «З палескай хронікі», атрымала назву «Завеі, снежань» і вый­­шла ў 1978 г.

Пісьменнік рана адчуў сваю хваробу. Сцяўшы зубы, пераадольваючы боль, слабасць, ён працаваў. Пасля завяршэння «Подыху навальніцы» (1965) І. Мележ доўга не пісаў. Удасканальваў раман «Мінскі напрамак», перакла­даў яго на рускую мову. Трэцяя кніга «Палескай хронікі» між тым чакала. Чаму пісьменнік не садзіўся за яе? Тут пачынаецца паласа фантазій і здага­дак. Пісьменнік мог толькі паставіць сваіх герояў у новы падзейны рад, нічога не дадаючы да іх унутранага свету, духоўнага вобліку. Калгасы ўжо існавалі, калі І. Мележ садзіўся за трэцюю кнігу, без малога пяцьдзесят га­доў, іх дадатныя і адмоўныя бакі былі ўсім добра вядомы. У многіх калгасах вельмі мала давалі або зусім нічога не давалі на працадзень. Але ж за вель­мі кароткі час краіна стала індустрыяльнай, вытрымала крывавы, смяротны паядынак з фашысцкай Германіяй, на якую працавала прамысловасць ледзь не ўсёй Еўропы. Малодшы палітрук І. Мележ усё гэта ведаў, бо не раз пра­водзіў на такую тэму палітгутаркі з байцамі. Ён доўга шукаў працягу «Па­лескай хронікі», якая б налічвала пяць або шэсць раманаў. Нават умоўныя назвы былі: «За асакою бераг», «Звер сочыць з зарасніку».

Некаторыя крытыкі, дарваўшыся да архіва пісьменніка, расцягнулі яго па частках і нават асобныя накіды-эпізоды пачалі друкаваць. Вось Ва­сіль Дзяцел сядзіць у акопе, марыць пра Курані, вярнуўшыся ў вёску, за­стае руіны і папялішчы. Падавалася асобнымі аўтарамі карціна раскулач­вання старога Карча. Ён ідзе па вёсцы, кланяецца людзям, просячы ў іх прабачэння. Нічога гэтага ў кананічным тэксце надрукаванай «Палескай хро­нікі» няма. Сцэны, загатоўкі, накіды ў разлік можна не браць. У кожнага пісь­менніка яны ёсць, і кожны не абавязкова іх выкарыстоўвае. Інтуіцыя пад­казала выдатнаму беларускаму пісьменніку І. Мележу выйсце са становіш­ча. Менавіта раман «Завеі, снежань».

Эпапеі з задумы І. Мележа не атрымалася. Эпапея – толькі дзве пер­шыя кнігі. Сама эпоха пераводзіла эпапейнае жыццё калгаснай вёскі ў штось­ці новае: у тое, што мы бачым у сённяшняй вёсцы. Вёска пацягнулася за горадам, у многім пераняла формы яго жыцця, працы, паводзін, самую жыц­цёвую філасофію. Стары дзедаўскі закон, запаветы рушыліся, разам з ім рушылася патрыярхальная вёска. «Завеі, снежань» – сагрэты глыбокай лі­рыкай твор. У цэнтры рамана сакратар райкама Башлыкоў, які ў папярэд­ніх творах займаў другараднае месца.

Кінуўшы Яўхіма Глушака, Ганна спадзявалася наладзіць адносіны з каханым Васілём Дзятлам. Толькі не мог Васіль кінуць набытак: новую ха­ту, каня, пакінуць бязбацькавічам сына. Праз непрацяглы час мы бачым Ган­ну з Башлыковым. Хоць ён дагматык, кар’ерыст, але здолеў разгледзець незвычайную прыгажосць, прывабнасць, нават розум, дасціпнасць гэтай па­лескай кветкі. Толькі не можа Башлыкоў звязаць свой лёс з лёсам Ганны, якая была замужам за сынам кулака. Ён з пароды людзей, якія моцна звя­заны з класавай псіхалогіяй, з тым замкнутым, калі можна сказаць так, ор­дэнам, які прапускае ў свае шэрагі толькі «прававерных» людзей паводле прынцыпу строгага класавага адбору.

І. Мележ – пісьменнік, які выпрацаваў уласны стыль, уласную мане­ру весці апавяданне. Па прыродзе таленту ён эпік. Яго фраза ёмістая, як бы ахоплівае матэрыяльнае, рэчыўнае багацце наваколля, дае яго пластычны вобраз. Шырокае выкарыстанне «палескіх» дыялектызмаў у «Палескай хро­ніцы» цалкам апраўдана, яно дапамагае больш рэльефна і адчувальна нама­ляваць і герояў, і іх жыццё.
Андрэй Макаёнак (1920–1982)
Пакаленню беларусаў, якое прыйшло ў жыццё ў першай палове 1920-х гадоў XX ст., лёс вызначыў трагічнае наканаванне. Яго прадстаўнікам да­вялося жыць у надзвычай супярэчлівы перыяд гісторыі Беларусі, калі по­бач суседнічалі святое і грэшнае, святло і цемра, самаахвярнасць і эгаізм, ге­роіка і подласць, стварэнне і разбурэнне. Апроч усяго іншага, менавіта гэта пакаленне заплаціла найбольшую цану за перамогу над фашызмам, таму яго іншы раз называюць забітым пакаленнем. А. Макаёнку пашчасціла вяр­нуцца з вайны жывым. Вярнуцца, каб здзейсніць творчы і грамадзянскі подзвіг драматурга-наватара.

Нарадзіўся Андрэй Ягоравіч Макаёнак 12 лістапада 1920 г. у сялян­скай сям’і. Яго родная вёска Борхаў, якая ў той час адміністрацыйна нале­жала Журавіцкаму раёну, а зараз уваходзіць у Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці, ніколі асаблівымі цывілізацыйнымі адметнасцямі не славілася. Прынамсі пачатковая школа тут адкрылася толькі ў 1927 г., куды і накіра­валіся мясцовыя дзеці ў паход па веды. Накіраваліся на зайздрасць Анд­рэю, якому да сямі гадоў не хапіла пару месяцаў. Не жадаючы адставаць ад сяброў, упарты хлапчук днямі праседжваў пад вокнамі школы, пакуль на­стаўніца з наступленнем халадоў не злітасцівілася ды не ўпусціла яго ў клас. З умовай: справішся з праграмай 



Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   18   19   20   21   22   23   24   25   ...   32




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет