Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)



бет28/32
Дата18.07.2016
өлшемі3.81 Mb.
1   ...   24   25   26   27   28   29   30   31   32
Васіль Быкаў (1924–2003)
З імем В. Быкава звязваецца ўяўленне пра пісьменніка, які некалькі дзесяцігоддзяў адкрываў свету праўду пра тое, што такое сучасная вайна ў яе сапраўдным абліччы. Разам з калегамі па пяру, якіх назвалі шасцідзесят­нікамі, аўтар выкрываў таталітарызм у яго шматколерных варыяцыях і абу­джаў у грамадстве думку пра неабходнасць радыкальных змен у жыцці. Бе­ларуская «ваенная», а дакладней, антываенная, проза была выведзена ім на еўрапейскую арэну, аб чым заўсёды марылі яго славутыя літаратурныя па­пярэднікі, ад Я. Купалы і Я. Коласа да М. Гарэцкага і К. Чорнага. У тым, што мы жывем у час, калі надзвычай пашырыўся «сектар свабоды», павялі­чылася сама інфармацыйная прастора, што мы адчуваем сябе не толькі бе­ларусамі, але і жыхарамі планеты Зямля, ёсць вялікая заслуга менавіта гэ­тага выдатнага мастака слова, якога можна з поўным правам назваць ад­ным з прадвеснікаў новага духоўнага Адраджэння, адным з яго галоўных ідэолагаў.

В. Быкаў – гэта унікальная эстэтычная з’ява ў айчыннай і сусветнай літаратуры, гэта і найвялікшая ступень мастацкай праўдзівасці, глыбіня пра­нікнення ў таямніцы народнай і чалавечай псіхалогіі, рэдкасная вастрыня і рэчыўнасць вобразнага бачання свету, фенаменальная своечасовасць боль­шасці публікацый, небывалая ўдзельная вага вобразнага і публіцыстычнага слова, прытчавая шматзначнасць і прарочасць.

Васіль Уладзіміравіч Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 г. у вёсцы Быч­кі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці ў беднай сялянскай сям’і. Пра сваё дзяцінства ўспамінаў рэдка і неахвотна. Памяць В. Быкава глыбока траў­міраваная ўбачаным у гады дзяцінства, якое выпала на час «абвастрэння класавай барацьбы», перажытым у перыяд вайны з фашызмам. Будучы мас­так слова як бы існаваў у аўтары ва ўсе гады яго жыцця. У час навучання ў вясковай школе хлопец шукаў выратаванне ў харастве навакольнай прыро­ды, у мнагазначнасці праяў людскога існавання, у фантазіі, абуджанай чы­таннем кніг, якія можна было дастаць у небагатай школьнай бібліятэцы, у сяброў і суседзяў. Чытанне было не толькі вучобай, але і пошукам назваў для абуджаных пачуццяў і думак, для адкрытых душою навакольных прадметаў і з’яў. Спачатку – перанятых у класікаў.

Перажытае, перадуманае падштурхоўвала да мастацкай творчасці, але думка не адразу змагла сумясціць разнапланавасць жыццёвай рэальнасці і мары пра лепшае. Вырашыў усё, як часам бывае, выпадак: у душы адгук­нулася здатнасць да малявання, і падлетак паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, у сценах якога яшчэ жылі ўспаміны пра бурнае творчае жыццё першых двух дзесяцігоддзяў XX ст., калі тварылі Ю. Пэн, М. Шагал, К. Ма­левіч. У прозе аўтара гэты дар адгукнуўся ў асаблівай рэчыўнасці і прад­метнасці светабачання, якая стала прыкметай творчага стылю празаіка і значна павышала ўзровень мастацкасці. Затым была школа «фэзэо», праца бетоншчыкам у Шостцы на Украіне. Пісьменніка чакала будучыня такіх жа хлопцаў, што папаўнялі «працоўныя рэзервы». Але пачалася вайна, на якой пакаленне 1922–1924 гг. нараджэння панесла найбольшыя страты і якое В. Быкаў пазней назваў «забітым пакаленнем». Шчаслівы лёс захаваў В. Быкава, будучы літасцівым да яго тады, калі ён капаў супрацьтанкавыя равы, калі нёс службу ў інжынерным батальёне, дзе было «на дзесяць ча­лавек па дзве старыя вінтоўкі», калі пяхотнае вучылішча, якое ён скончыў малодшым лейтэнантам, кінулі пад Сталінград, але на паўшляху чамусьці вярнулі назад. Неўзабаве 19-гадовы юнак трапіў на фронт, у самае пекла: бліжэй да ворага за «саракапятчыкаў» (ад назвы супрацьтанкавай гарматы, якая атрымала мянушку «Бывай, Радзіма!») была толькі пяхота. З 80-ці вы­пускнікоў Саратаўскага вучылішча з вайны вярнулася толькі чацвёра. Па дакументах і сам Васіль Уладзіміравіч Быкаў «забіты і пахаваны» у брац­кай магіле каля вёскі Севярынаўка на Кіраваградчыне, што на Украіне, а яго маці Ганна Рыгораўна атрымала пахавальную і аплакала сына.

Дэмабілізаваўшыся ў 1955 г. з арміі ў званні маёра запасу, жыў у Гродне, працаваў літаратурным супрацоўнікам і кансультантам у газеце «Гродненская правда». У абласным і рэспубліканскім друку публікаваў жур­налісцкія замалёўкі, нарысы, фельетоны, часткова ўключаныя ў зборнік «Ход канём», які выйшаў у 1960 г. у «Бібліятэцы «Вожыка». Гэта быў час напру­жаных пошукаў самога сябе, свайго творчага шляху ў літаратуру. Школа «чыстага» журналізму, пачатая з публікацыі ў 1947 г. у часопісе «Вожык» сатырычнага апавядання «Дапякло», была непрацяглай. Пасляваеннае жыц­цё сучаснікаў, працоўныя ўзаемадачыненні, праблемы побыту, вядома, ці­кавілі В. Быкава, але апісаныя самі па сабе, без падключэння асабістага аў­тарскага вопыту, усяго перажытага ў перыяд ваеннага ліхалецця, не мелі вялікага вобразнага значэння і былі цікавыя толькі як першыя спробы пяра будучага майстра слова.

Пачаткам сваёй літаратурнай творчасці В. Быкаў лічыць 1951 г., калі ён на Курылах напісаў апавяданні «Смерць чалавека» і «Абознік» (надру­каваныя толькі ў 1957 г.). Аднак ужо ў апавяданні «У першым баі», надру­каваным у 1949 г. у «Гродненскай правде», выявіўся ўласна быкаўскі па­дыход да паказу ваенных падзей. Лейтэнант Мікалай Беражны, які стаіць у пачатку доўгага шэрагу тыповых аўтарскіх герояў, з нецярпенням чакае бою, уяўляючы, як ён здзейсніць самаахвярны подзвіг. Але ў ход падзей умяшаўся выпадак, і ніхто не ўбачыў, як лейтэнант падарваў танк і гераіч­на загінуў. «Тут, – пісаў крытык І. Дзядкоў, – ужо дзейнічае тое, што паз­ней В. Быкаў назаве «сляпой уладай выпадку». Тут ёсць страх невядомасці, адчай асуджанага чалавека, крыўда на несправядлівасць лёсу і гераічнае рашэнне. Пазначанае ў апавяданні «У першым баі» стала аб’ектам пісьмен­ніцкай увагі ў апавяданні «Смерць чалавека»: пакуты свядомасці і душы героя ў момант трагічнага выбару паміж жыццём і смерцю, калі ўсё – боль, смерць сяброў, напружанне бою, стогны і крыкі параненых – канцэнтруец­ца ў думках чалавека, які становіцца чытачу блізкім. Герой апавядання, чалавек дзеяння, бачыць вайну праз боль, праз тыя перажыванні, думкі і ўчынкі, якія нараджаюцца ў яго істоце менавіта ў дадзенае імгненне. Так пісьменнік знаходзіць падзеям чалавечае вымярэнне, адзіна вартае таго, каб па-сапраўднаму глыбока і дакладна ацаніць маральную сутнасць героя. У апавяданнях «Дваццаты», «Фруза», у аповесці «Апошні баец» так званы «маральны максімалізм», высокая этычная патрабавальнасць пісьменніка знаходзілі сваё далейшае пацвярджэнне і развіццё. Гераічны подзвіг Чала­века (з вялікай літары) ацэньваецца В. Быкавым у святле рамантычнай кан­цэпцыі, выпрацаванай яго папярэднікамі ў літаратуры.

У іншых апавяданнях 1950-х гадоў В. Быкаў паказвае, як сцвярджае герой у сабе пачуццё уласнай годнасці, як пакутліва дастаецца яму «ма­ленькая перамога» над сабой, што стаіць за гераічным выбарам. Апавядан­ні «Страта» (1956), «Паядынак», «Эстафета», «На ўсходзе сонца» (усе 1959), «Чацвёртая няўдача» (1961) – гэта пакуль што асобныя фрагменты, зама­лёўкі, накіды будучай грандыёзнай панарамы вайны, якую створыць В. Бы­каў у сваіх аповесцях. Малады празаік у гэтых творах палемізуе з распаў­сюджанымі поглядамі на прыроду подзвігу, на франтавыя будні і акопны побыт, на самыя «тыповыя абставіны», без праўдзівага і дакладнага ўзнаў­лення якіх цяжка адчуць сапраўдны кошт гераізму на вайне. Ужо ў назва­ных вышэй апавяданнях складваўся творчы стыль празаіка, эканомны, су­хавата-стрыманы, лаканічны, аскетычная мастацкая форма, пачуццё ме­ры. Аднак канчатковы выбар свайго шляху ў літаратуры зроблены В. Бы­кавым у аповесці «Жураўліны крык» (1959) – ён будзе «мысліць апо­весць», а апавяданні застануцца ў якасці дапаможнага жанру працяглы час.

Спробы ў жанры апавядання пераканалі В. Быкава: для таго каб па­казаць вайну ў яе сапраўдным абліччы, патрэбна праўда. Праўдзівая літа­ратура, на думку празаіка, стваралася ўжо ў гады вайны. Вытокі «новай літаратуры» ён знаходзіў у кнігах А. Бека, К. Сіманава, В. Гросмана, А. Ган­чара, А. Твардоўскага, Э. Казакевіча, К. Чорнага. Мастацкім адкрыццём была аповесць В. Някрасава «У акопах Сталінграда». Прагу да праўдзівай літаратуры пра вайну ўзмацняла прачытанае ў класікаў, сярод якіх В. Бы­каў згадвае перш за ўсё імёны Л. Талстога і Ф. Дастаеўскага. Руху да твор­чай сталасці садзейнічала захапленне надзвычай папулярнымі ў 1950-я га­ды раманамі Э.М. Рэмарка і Э. Хэмінгуэя. Асабліва чула адгукнулася душа былога франтавіка на аповесці яго аднагодкаў – рускіх празаікаў Ю. Бон­дарава «Батальёны просяць агню», апублікаванай у 1957 г., а праз год і Р. Бакланава «Пядзя зямлі». Прачытаўшы бакланаўскую аповесць «На поў­дзень ад галоўнага ўдару», В. Быкаў заўважыў, што менавіта тады зразу­меў, «як трэба пісаць пра вайну» і пісаць «з вычарпальнай праўдзівасцю і глыбінёй».



Сам аўтар аповесць «Жураўліны крык» вызначаў як «першую, даволі нерашучую спробу» ў напрамку праўдзівага ўзнаўлення мінулай вайны, у імкненні «пакончыць з сачыніцельскай прыгажосцю, эфектнасцю, бескан­фліктнасцю». Творчы вопыт папярэднікаў (К. Чорнага, М. Лынькова, І. Ме­лежа) пераканаўча сведчыў супраць псіхалагічна паслабленай эпапейнасці і панарамнасці ў паказе ваенных падзей. В. Быкаў абраў аптымальны вары­янт рэалізацыі сваёй задумы, паставіўшы ў цэнтры сюжэта «радавога вялі­кай бітвы» і абмежаваўшы падзейнасць адным не самым вялікім у машта­бах вайны эпізодам. Тым самым ён вярнуў беларускую прозу ў класічнае рэчышча, бо Васіль Глечык, герой «Жураўлінага крыку», генетычна і гіс­тарычна звязаны з купалаўска-коласаўскім «мужыком-беларусам» і з чор­наўска-гарэцкаўскім інтэлігентам «у сярмязе». Кожны з шасці герояў апо­весці змагаецца за сябе і сваё жыццё, але тым самым і за жыццё сваіх сяб­роў па зброі, і за Радзіму.

У «Жураўліным крыку» падрабязна ўзнаўляецца франтавы побыт сал­дата, яго эмацыянальна-напружаны стан у час бою, ствараецца вобраз вай­ны, якім ён запомніўся шараговаму ўдзельніку. У простым байцы аўтар шу­каў непаўторную асобу, якой знаёмыя зямныя страсці, у тым ліку і ін­стынкт самазахавання. Ён выказваў сваё ўяўленне пра подзвіг, але не як ад­намомантны прарыў, а як штохвіліннае змаганне са страхам смерці. Выраз­на абмаляваны постаці герояў: звычайна іх у творах В. Быкава няшмат, але ў кожнага сваё аблічча, асабістае ўспрыняцце падзей, арыгінальны харак­тар, непаўторная мова і інтанацыя. У душы кожнага з шасцярых байцоў, пакінутых на «звычайным чыгуначным пераездзе, якіх нямала параскідана на сталёвых шляхах зямлі», ідзе цяжкая барацьба паміж прагай самазаха­вання і немагчымасцю выжыць ва ўмовах жорсткага бою з узброеным да зубоў ворагам. Як толькі баец паддаецца страху за сваё жыццё або пачынае наракаць на ўласны лёс, дык ён адразу тым самым аддзяляе сябе ад астат­ніх, шукае апраўдання сваім намерам і ўчынкам, усё больш схіляецца да думкі аб здрадзе. Так здарылася з Іванам Пшанічным, героем, які спачатку выклікае спачуванне да сябе: непаваротлівы, ён мае падставы скардзіцца на несправядлівы лёс, бо яго бацькі нізавошта раскулачаны і высланы ў Сі­бір. Аднак яго намер здабыць сабе жыццё за кошт сяброў, якіх Іван пакідае ў самы цяжкі момант, каб здацца ворагу, завяршаецца драматычна: немцы таксама не шануюць здраднікаў. Прычыны паводзін герояў празаік шукае ў мінулым жыцці, а таму робіць адступленні ў перадгісторыю кожнага паасоб­ку, што часам выглядае не зусім натуральна ў сюжэце, які з кожнай старон­кай набывае напружанне. Так, «чарнявы, прыгожы» Алік Аўсееў у мірны час, як сам кажа, пасмакаваў «гарадскога» жыцця, а таму высакамерна ста­віцца да іншых: яны здаюцца яму лішне праставатымі, «няўклюднымі му­жычкамі, калгаснікамі, з якімі ні паразважаць, ні ўспомніць». Яшчэ ў дзя­цінстве ў ім знаходзілі тысячы талентаў, і ён прывык лічыць сябе абраным. Адпаведна паводзіць сябе Аўсееў у момант небяспекі, уцёкшы з поля бою. Зусім іншы старшына Карпенка, мужны, рашучы камандзір вайсковай адзін­кі, «сам для сябе зразумелы і без усякіх ваганняў і сумненняў». Ён адказвае за даручаную справу, за жыццё сваіх падначаленых і мужна вытрымлівае ўсе выпрабаванні, гінучы на баявым пасту. А мастацтвазнаўца Барыс Фі­шар, спецыяліст па італьянскай скульптуры ў мірныя часы, несамавіты кніж­нік, «няўмека», які перажываў, што праставаты і малапісьменны старшына лепш за яго разбіраецца ў вайсковых абставінах, паводзіць сябе ўпэўнена і мужна, у адказную хвіліну не здрэйфіў, не здрадзіў сябрам і сваім стрэлам па ворагу папярэдзіў сяброў аб небяспецы. У Фішара і ў яго захапленні вы­сокім мастацтвам нямала аўтабіяграфічнага, узятага з жыцця самога В. Бы­кава. Аднак яшчэ больш блізкі аўтару аповесці вобраз Васіля Глечыка, у характары і светаадчуванні якога В. Быкаў знаходзіць выяўленне беларус­кага характару, цэнтральнага ў творчасці празаіка. Глечык, пасля Фішара, на погляд старшыны, «другі няўдака», «салага», «зусім дзіця зялёнае, паслух­мяны, але як трэба не абстраляны, баязлівы, з такім не дужа весела ў баі». Аднак менавіта ён, адзін з шасцярых, вытрымлівае выпрабаванне мужна, да апошняга свайго імгнення. У памяці Глечыка, у яго душы таксама, як і ў іншых, ёсць места для састарэлых крыўдаў і помслівых памкненняў, але ў рашучы момант усё дробязнае і зласлівае выветрываецца з яго істоты, бо думае юнак пра сяброў па зброі, пра блізкіх і родных людзей, што засталіся на далёкай Радзіме, у Беларусі. Жураўліны крык у небе – гэта крык душы юнака па заўчасна абарваным жыцці, што надае аповесці В. Быкава лірыч­на-шчымлівае гучанне рэквіема па ўсіх, хто загінуў у гады вайны. У апо­весці «Жураўліны крык» пазначаны важны для В. Быкава момант, які пры­сутнічае ў розных варыянтах, паўтараецца, узмацняецца, асэнсоўваецца ў наступных яго творах. Глечык адносіцца да падзей і паводзіць сябе ў бая­вых абставінах сціпла і мужна менавіта таму, што за плячыма героя, у яго памяці шматпакутная гісторыя народа, які не паспеў атрэсці з сябе ўспамі­ны пра першую сусветную бойню, як зноўку вымушаны быў абараняць свой нацыянальны гонар і дзяржаўную незалежнасць.

Звычайнае – франтавы побыт, згадкі герояў пра мінулае, размовы, спрэчкі – у аповесці «Жураўліны крык» напоўнена сапраўдным драматыз­мам, бо хавае ў сабе высокі духоўны сэнс жыцця простага чалавека, гума­ніста і патрыёта. Сам В. Быкаў паказваў пазней на крыніцу творчага нат­хнення: «Усю вайну і яшчэ дзесяць год пасля яе я быў далёкі ад Беларусі, але светлы вобраз роднага краю мацярынскай пяшчотай жыў у маім сэрцы. Радзіма клікала ў снах, трывожыла ў марах, напамінала аб сабе паўзабытай матчынай мовай». У творах празаіка выявіла сябе спроба мастацкага дасле­давання рухаў чалавечай душы, маральнай падасновы ўчынкаў яго герояў. Да вострых сітуацый, якія крытыка ахрысціла «памежнымі», В. Быкаў вяр­таўся ў многіх сваіх аповесцях, ніколі пры гэтым не паўтараючыся, а толь­кі ўдакладняючы знаёмыя абставіны, паказваючы змены ў людскіх харак­тарах, выяўляючы новыя грані і розныя ўзроўні ваенных падзей. У гэтым ён быў, як ніхто з пісьменнікаў, паслядоўны, мэтанакіраваны і засяроджа­ны, менавіта гэтае імкненне ў глыбіню гісторыі і складала пафас яго твор­часці. Акрамя мужнай праўды, глыбокага лірызму, прыкметнага аўтабія­графізму, знаёмага чытачу «лейтэнанцкай прозы», у ваеннай творчасці В. Бы­кава заўважалася нешта індывідуальнае, уласцівае толькі яму аднаму. В. Быкава цікавіць найперш чалавек, яго характар, паводзіны ў экстрэмаль­най сітуацыі, калі размова ідзе пра жыццё і смерць. Звычайна ён шукае вы­токі характару ў мінулым героя, выяўляе зноў і зноў складаную залеж­насць героя і абставін, якія заўсёды складваюцца так, што ад самога чала­века амаль нічога не залежыць, – застаецца вельмі вузкі выбар, па сутнасці, альтэрнатыва «быць альбо не быць». Менавіта ў гэты момант выяўляецца сапраўдная духоўная сутнасць гэтага ці іншага чалавека. У ход падзей у творах В. Быкава вельмі часта ўмешваецца выпадак, які рэдка бывае шчас­лівым і нагадвае пра народную мудрасць, выказаную ў прымаўцы: «Чала­век плануе, а Бог выракуе».

Героі аповесці «Здрада» (1960) трапляюць менавіта ў такую сітуа­цыю, калі адбываецца праверка чалавека на маральную моц і духоўную сталасць. Вонкава сюжэт новай аповесці В. Быкава нагадвае сюжэт папя­рэдняй – аповесці «Жураўліны крык»: адступленне, нямецкія танкі, якія пра­рвалі абарону, жменька байцоў, якая шукае шлях да сваіх, не спісваючы ўсё на цяжкія акалічнасці і не ўхіляючыся ад выканання свайго абавязку. Аднак дзеянне адбываецца ўжо не ў 1941, а ў 1945 г., у канцы вайны, калі цана чалавечага жыцця напярэдадні міру непамерна ўзрасла і кожны баец гэта востра адчувае, міжволі прагнучы паратунку. Аўтара на гэты раз ціка­вяць матывы паводзін у час смяротнай небяспекі, драматычны канфлікт па­між людзьмі, у якіх, здаецца, шмат агульнага. Шараговы салдат Цімошкін і штабны пісар Блішчынскі – абодва беларусы, нават землякі, з адной вёскі, былыя аднакласнікі. Трапіўшы ў пераплёт, калі выхаду няма, Цімошкін шукае маральную апору найперш у пачуцці «франтавога сяброўства». Ён больш думае пра іншых, чым пра сябе, і ў гэтых адносінах мае шмат агуль­нага з ездавым Здабудзькам і наводчыкам гарматы Іванам Шчарбаком. Здабудзька, «проста харошы дзядзька», загінуў, у апошні міг папярэдзіўшы сяброў аб небяспецы. Шчарбак, «ладны, камлюкаваты, дужы», нязменна браў на сябе больш за ўсіх: валок рэчмяшок з гарматным клінам, бо так дыктуе загад, затым нёс параненага камандзіра, пакінутага Блішчынскім, які ратаваўся сам... Бачачы безвыходнасць свайго становішча, ён вырата­ваў уласнай смерцю і Цімошкіна, адцягваючы тым самым на сябе ўсю ўва­гу немцаў.

У вайну ішло змаганне не толькі з ворагам, які яшчэ і ў 1945 г. здат­ны наносіць адчувальныя страты, выкарыстоўваючы нечаканы манеўр і рэй­ды ў тыл Чырвонай Арміі, але і з тымі, хто да пары да часу прыкідваўся «сваім», выходзіў разам з акружэння, таксама баяўся нямецкага палону і марыў пра перамогу, каб увайсці ў мірнае жыццё і зрабіць кар’еру. Мена­віта такі ў аповесці Грышка Блішчынскі, для якога няма розніцы паміж дабром і злом і які ўласны цынізм хавае за заслонай ваяўнічай дэмагогіі. Блішчынскі небяспечны не толькі таму, што здатны на драду, подласць, хлусню, але перш за ўсе таму, што пасля вайны пастараецца ўладкавацца з максімальным камфортам і ўрэшце прыватызуе вынікі агульнай перамогі. Блішчынскі «самараскрываецца», бо разам з Валодзем Цімошкіным пастаў­лены ў такія ўмовы, што мусіць казаць праўду, каб уратавацца, бо Цімош­кін – яго зямляк, аднагодак, якога варта паспрабаваць перахрысціць у сваю веру.

Шырокая вядомасць, рэспубліканская і ўсесаюзная, прыйшла да В. Бы­кава пасля публікацыі аповесці «Трэцяя ракета» (1961), трагічнай гісторыі аб пагібелі артылерыйскага разліку. За гэты твор празаік атрымаў Літара­турную прэмію імя Я. Коласа (1964), пра яго шмат пісалі ў крытыцы. Тым не менш разуменне таго, што аповесці В. Быкава ўзнікаюць адна за адной невыпадкова, цесна звязаны паміж сабой у змястоўным плане, ствараюць пэўную ідэйна-мастацкую сістэму, прыйшло значна пазней. Але ўжо ў «Трэцяй ракеце» адгукнуліся і знайшлі свой лагічны працяг многія прабле­мы, матывы, ідэі, якія займалі творчае ўяўленне празаіка і раней. Калі Ці­мошкін яшчэ шкадуе, што не адважыўся сам пакараць нягодніка, то Лаз­няк, герой-апавядальнік «Трэцяй ракеты», ужо сам, сваёй рукой вынесе спра­вядлівы прысуд Лёшку Задарожнаму, віна якога ў пагібелі сяброў відавоч­ная і не патрабуе асобнага разбіральніцтва. Знаёмая ўжо чытачу праблема маральнага выбару ставіцца В. Быкавым у новым творы інакш і рашэнне прапануецца іншае. У «Трэцяй ракеце» на пярэднім плане знаходзіцца адзін галоўны герой, замковы Лазняк, ад імя якога ідзе апавяданне. Чалавек, які любіць свой край так, як Лазняк, добра разумее і іншага, з яго пачуццямі прыхільнасці да свайго роднага кутка. У кожнага героя «Трэцяй ракеты» свае асабістыя рахункі з ворагам. Жаўтых хоча разлічыцца з вайною раз і назаўсёды, гатовы да самаахвяравання, каб толькі яго дзеці і ўнукі больш ніколі не зведалі гэтага ліха. Яго трывожьшь думка, што старшаму сыну вось-вось споўніцца васемнаццаць і давядзецца ісці на фронт. У Жаўтых чыста сялянскія адносіны да ўсяго на свеце. Ён ведае цану працы на зямлі, адчувае ўсюды сябе гаспадаром: у акопе, у час бою. Зямля для яго – радзі­ма яго продкаў. Лазняк, слухаючы камандзіра, пажылога і мудрага чалаве­ка, моўчкі з ім згаджаецца: ён мяркуе аб людзях па тым, як яны адносяцца да сваёй «малой радзімы». Адпаведныя дыскусіі ў творы ўзнікаюць раз-по­раз, бо душа кожнага байца цягнецца міжволі туды, дзе было добра. Вост­рае адчуванне ўласнай віны і адказнасці, сваёй далучанасці да людской грамады, уласцівае Лазняку, міжволі вылучае героя на пярэдні край вяліка­га змагання з бесчалавечнасцю ў самых розных яе разнавіднасцях. I да бою Лазняк рыхтуецца крыху інакш, чым астатнія: «Я набраўся трывання, за­цяў у сабе мой боль і цярпліва чакаў, верачы, што мой час прыйдзе». Па­кутліва памірае, перажываючы за даручаную справу, Жаўтых, гіне разваж­лівы Папоў і нервова ўзрушаны Лук’янаў; самае страшнае, самае горшае не мінула ні Крывёнка, ні Люсю, вялікі чалавечы патэнцыял якой так і не раскрыўся да канца. Менавіта прысутнасць гэтай цудоўнай дзяўчыны на вайне, дзе смерць і кроў на кожным кроку, абвастрае адчуванне недарэч­насці ўсяго, што адбываецца.

Вайна і сама па сабе з’яўляецца «памежнай сітуацыяй», у якой вы­ступае на паверхню істотнае ў чалавеку. Аднак у час вайны здаралася шмат падзей, калі чалавек па волі лёсу апынаўся ў надзвычайных акалічнасцях, і яго духоўная сутнасць раскрывалася з асаблівай нагляднасцю і глыбінёй. Для В. Быкава як пісьменніка-псіхолага і філосафа мінулая вайна, удзель­нікам якой ён быў, была ўдзячным матэрыялам, каб здзейсніць задуманае. З кожным новым творам у поле зроку празаіка ўваходзілі новыя з’явы і ба­кі такой грандыёзнай гістарычнай падзеі, якой была ў жыцці чалавецтва вайна з фашызмам. Ужо ў «Трэцяй ракеце» асобнае месца ў сюжэце займае эпізод, калі нядаўнія ворагі, савецкі воін і немец, сутыкаюцца твар у твар і ў іх істоце выяўляецца глыбіннае, уласна чалавечае, калі становіцца відавоч­ным, у якой ступені захаваў герой у сабе асабістую годнасць і гуманнасць.

У апавяданні «Адна ноч» (1961) тая ж самая сюжэтная сітуацыя, але распрацавана яна В. Быкавым ужо больш глыбока і ўважліва. «Адна ноч», – адзначаў А. Адамовіч, – як бы ўспамін беларускай літаратуры пра самую сябе – пра «Рускага». Хоць Быкаў, пішучы, калі і помніў каго, дык хутчэй Талстога, Рэмарка, Хэмінгуэя, а не Гарэцкага...». Блізкасць ідэйных пазіцый, гуманістычных адносін відавочная, што выяўляе творчую арыентацыю празаіка на класічныя традыцыі. В. Быкаў свядома паставіў сваіх герояў у «крайнія ўмовы», пры якіх усё, што перашкаджае «чысціні эксперымента», або выключана, або падаўлена. Але пры гэтым ён меў на мэце паказаць, што перашкаджае годнасці і жыццю чалавека і чалавецтва. У паказе вайны беларуская літаратура разам з гэтым творам В. Быкава зрабіла яшчэ адзін крок па шляху эстэтычнай эвалюцыі.

Наступны крок у гэтым напрамку быў зроблены ў «Пастцы» (1962), якую аўтар назваў «маленькай аповесцю». Пастка, у якой неспадзявана апы­нуўся лейтэнант Клімчанка, падрыхтоўвалася не толькі ў выніку збегу аб­ставін, што на вайне здаралася тут і там. Яна – вынік падступства ворага, лавушка Шварца-Чарнова, у якога свой рахунак да Саветаў, але адначасова гэта працяг той палітыкі недаверу і падазронасці, якую культывавалі яшчэ да вайны Сталін і яго каманда. Клімчанка стаў міжволі ахвярай тупіковай сітуацыі, калі ад яго асабістай волі ўжо нічога не залежыць, а на яго долю застаецца толькі маральная пакута, вечны дакор сумлення. Клімчанку «пад­ставілі», і апраўдання яму ў вачах яго аднапалчан, а тым больш карных ор­ганаў у абліччы капітана Петухова, няма.

Недаацэненай здаецца наступная аповесць Быкава «Альпійская бала­да» (1963), якая здалася крытыцы легкаважнай і «рамантычнай». Сам аўтар у пэўнай ступені згаджаўся з тым, што ў гэтым творы зашмат «упрыгожан­няў» і «сканструяваных» сітуацый. Пазней В. Быкаў, маючы на ўвазе і «Аль­пійскую баладу», і некаторыя іншыя свае «выдуманыя» рэчы, і наогул схільнасць у літаратуры да «сачыніцельства», строга заўважаў: «Вайна – справа надта сур’ёзная, каб на яе матэрыяле канструяваць святочнае «чціва» для бесклапотных чытачоў. Апроч таго, я перакананы, што найбольш праў­дзіва расказаць аб ёй можна толькі сродкамі рэалізму. Усякая знарочыстая рамантызацыя, вольная або нявольная эстэтызацыя гэтага народнага бедст­ва, на мой погляд, з’яўляецца кашчунствам у адносінах да яе жывых удзель­нікаў і ў адносінах да памяці дваццаці мільёнаў забітых». Гэта, на думку В. Быкава, і ёсць «катэгарычны імператыў» сучаснага мастацтва, ад якога залежыць усё астатняе ў творы.

У «Альпійскай баладзе», акрамя рамантыкі і паэтычнасці, якія не пры­няла крытыка, ёсць яшчэ і глыбокая філасофская думка пра эпоху, што рас­стаўляе там і тут «пасткі» для чалавека. Гэты трагічны антураж «тыповых умоў» узнікае з успамінаў і размоў Івана і Джуліі пра калгасы, рэпрэсіі, ад­сутнасць свабоды у Савецкім Саюзе, пра атмасферу гвалту над асобай у «цывілізаванай» Еўропе, акупіраванай фашысцкай Германіяй і Італіяй. Італь­янка Джулія чула, што ў краіне Саветаў, адкуль родам яе Іван, не ўсе доб­ра, але Іван неахвотна згадвае пра ўласныя беды: і не час, і дзяўчына не га­товая пачуць «усю праўду», і сам юнак не ўсё ведае.

Катэгорыя будучыні пачынае займаць усё большае месца ў роздуме В. Быкава пра ваеннае мінулае. Аповесць «Мёртвым не баліць» (1965) у асаб­лівай ступені звернута да таго комплексу чалавечых і грамадскіх адносін, якія моцна ўплываюць на жыццё наступных пакаленняў. Паказ мінулага мя­жуе, перакрыжоўваецца з паказам пасляваеннай сучаснасці. Аўтара аповес­ці «Мёртвым не баліць» папракалі ў знарочыстым згушчэнні фарбаў, у празмерным нагнятанні трагічнага гучання, у прыземленасці паказу і дэге­раізацыі персанажаў, у адсутнасці савецкага патрыятызму і інш. Так неча­кана выявілася паўвекавая адарванасць літаратуры сацрэалізму ад вялікай класічнай традыцыі, якая заўсёды лічыла праўду мэтай рэалістычнага мас­тацтва. Адгукнулася і высакамерна-чыноўніцкае разуменне мастацкай лі­таратуры як звычайнай партыйнай прапаганды вобразнымі сродкамі ілюст­рацыі. В. Быкаў жа сваёй аповесцю сцвярджаў элементарнае: што пісь­меннік глядзіць на свет праз прызму чалавечай душы і што пагібель аднаго чалавека азначае катастрофу сусветнага значэння.

Назва аповесці «Мёртвым не баліць» утрымлівае ў сабе і працяг: «ба­ліць жывым». Вельмі баліць душа малодшага лейтэнанта Васілевіча, які вы­жыў, але не забыў пра найгоршае. што запомніў у вайну. Размова не пра во­рага. Залпы аўтарскага абурэння накіраваны ў постаць «антыгероя», які раз­дваіўся ў вачах і ўспамінах Васілевіча на Сахно і Гарбацюка.

У розных выпадках герой В. Быкава сутыкаецца з поўнай бязглуздзі­цай, растлумачыць якую немагчыма, бо ён жыве і дзейнічае ў свеце абсур­ду. Аднак калі Васілевіч намагаецца нейк адолець навакольны абсурд і ўтай­маваць стыхію хаосу, што цалкам адпавядае яго чалавечай натуры і светла­му розуму, то Сахно, не ўсведамляючы сваёй разбуральнай, дэструктыўнай ролі ў свеце, здаецца, робіць усё дзеля таго, каб павялічыць энтрапію і па­скорыць працэс распаду чалавечай асобы. Аповесць «Мёртвым не баліць» нагадвала, як цяжка адбываецца ў свеце накапленне чалавечнасці і як шпар­ка можа быць зруйнавана дасягнутае крывавай цаной. В. Быкаў піша: «Во­ля і мір – занадта кволыя дрэўцы, каб іх можна было вырасціць без усеа­гульнага клопату ўсёй трохмільярднай сям’і. Занядбанне гэтым урокам каш­тавала б зямной катастрофы». У пасляваенным роздуме Васілевіча шмат пу­бліцыстычнага пафасу і страсці сцвярджэння гуманістычных каштоўнас­цей. У аповесці «Мёртвым не баліць» яе аўтар, прыхільнік строгага рэаліз­му, які сам называе «бесстароннім», «непрадузятым», наблізіўся да разгад­кі мінулых трагедый, бед і паражэнняў. Не зважаючы на негатыўную рэак­цыю літаратурнага чыноўніцтва на публікацыю гэтага твора, ён рабіў сваю справу, бо «свет, што раздзіраецца паміж дабром і злом, чакае не элегічных песнапенняў, а лекара і выратоўцы». Ва ўмовах, калі літаратурная крытыка не магла выконваць як належыць сваю вытлумачальную функцыю і адкры­та ўступаць у спрэчку з многімі дагматычнымі ўяўленнямі, В. Быкаў адчуў неабходнасць у публіцыстычным слове. У артыкулах, успамінах, развагах, інтэрв’ю ён цярпліва тлумачыў сэнс і мэту сваіх творчых задум, а ў дакла­дзе на V з’ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзе апалагеты «партыйнай літаратуры» планавалі «даць бой» абаронцам гуманізму і дэмакратыі, ужо адкрыта і страсна выявіў сваю пісьменніцкую пазіцыю: «нашая літаратура перажывае крызіс», «усе беды тут – ад непісьменнасці, нізкай эстэтычнай культуры, а то і дыпламаванага абскурантызму тых, хто прыстаўлены кіра­ваць літаратурай», «дзіўны і незразумелы гэты ўзаконены недавер да та­ленту, недавер, які абразлівы сам па сабе для кожнага літаратара і прыні­жае літаратуру». В. Быкаў няўмольны, як само наканаванне: «Выбар у нас невялікі: або літаратура, або нелітаратура. Сярэдзіны – няма». У ліхі для празаіка час яго падтрымаў рускі паэт і грамадскі дзеяч А. Твардоўскі, які ў лісце да аўтара аповесцей «Мёртвым не баліць», «Праклятая вышыня», «Круглянскі мост» нагадаў пра народную прымаўку: «Усё мінецца, адна праўда застанецца».

Аповесць «Праклятая вышыня» (1968) уваходзіць у шэраг так званых франтавых аповесцей В. Быкава, з якімі ў яе шмат агульнага. Гэта твор пра франтавое жыццё, якое ўражвае сваёй побытавай канкрэтнасцю і даклад­насцю, высокім напалам «эмацыянальнай памяці». У ім шмат аўтабіяграфіч­нага, асабіста перажытага. Тут блізкая да «Пасткі» і «Мёртвым не баліць» праблематыка і сюжэтная сітуацыя, калі ў герояў не застаецца ніякага выбару, «рэмаркізм» у паказе герояў і ў самой манеры пісьма. Але на гэты раз усё бачыцца вачыма маладзенькага салдата Васюкова, ардынарца ка­мандзіра роты Ананьева. Васюкоў не ўсё разумее, што адбываецца паміж яго камандзірам і нампалітам Грыневічам, але душой чуе нейкую невыка­заную правату Ананьева, у характары і лёсе якога, на думку А. Адамовіча, «сабраны, развіты, паглыблены і трагічна завостраны» ўсе тыя якасці, што былі ўласцівы Карпенку, Шчарбаку, Арлаўцу. Ананьеў, малодшы каман­дзір, які мала чым адрозніваецца ад звычайнага салдата, аднак многае ўспры­мае інакш, глыбей і драматычней: ён адчувае сябе паміж ворагам, якога па­вінен біць, пакуль ён знаходзіцца на нашай зямлі, і ўласным начальствам, якога ён баіцца больш за ўзброенага да зубоў ворага. Гэта добра бачаць яго падначаленыя. «Начальства», «сістэма», «рэжым», «дыктатура» – гэта і ёсць тая «праклятая вышыня», якую не можа адолець Ананьеў, ахвяруючы жыц­цямі сваіх байцоў, уласнага жыцця не шкадуе, разумеючы, што тым самым павялічвае і без таго жахлівую лічбу ахвяр на шляху да Перамогі.

Мастацкая творчасць В. Быкава з часам пачынала ўспрымацца і са­мім аўтарам, і яго крытыкамі як цэласная сістэма, якая мае сваю логіку ру­ху і развіцця. З кожным новым творам празаік паглыбляўся ў сутнасць па­дзей, знаходзіў адказы на безліч пытанняў, якія ставіў перад сучаснікамі час.

Не адразу належным чынам было ўспрынята імкненне В. Быкава па­шырыць матэрыял мастацкага даследавання ў аповесці «Круглянскі мост» (1968). В. Быкаў, пачынаючы з другой паловы 1960-х гадоў, прыйшоў да высновы, што на фронце, дзе моцная сістэма загадаў і вайсковых прадпі­санняў, у чалавека менш магчымасцей для таго, каб зрабіць маральны вы­бар. Да ўласнага франтавога вопыту празаік звяртаўся яшчэ не раз, тым не менш мастацкая ўмоўнасць і творчая свабода з часам пачынала займаць боль­шае месца ў сістэме яго эстэтычных прыярытэтаў. Не апошнюю ролю ў творчай эвалюцыі празаіка адыграла і тое, што пасля дэмабілізацыі ён пра­цяглы час жыў на зямлі, дзе ўсё дыхала ўспамінамі пра вайну, яе героіку і яе трагедыю, дзе стваралася адна з самых багатых літаратур у свеце пра Беларускае Супраціўленне акупантам. В. Быкаў вельмі хутка ўсвядоміў, якія вялікія вобразныя магчымасці тоіць у сабе гэты матэрыял. Як мастака, фі­лосафа і асобу В. Быкава асабліва цікавіла праблема выбару, шматстайнасць жыцця, супярэчлівасць характараў, нарэшце, «элемент трагічнага». Бытаа­пісанне, прыкметы якога відавочныя ў яго творах папярэдняга перыяду, і апісанне наогул не дазваляла па-сапраўднаму паўнакроўна выявіць машта­бы трагедыі народа на акупіраванай зямлі. «Тут патрэбны, – сцвярджаў пра­заік, – зусім іншыя фарбы і страсці маштабу шэкспіраўскіх».

У мінулым В. Быкаў шукаў агульны «філасофскі корань» з сучаснас­цю. Вайна давала для гэтых пошукаў надзвычай багаты матэрыял, бо выяў­ляла духоўныя і фізічныя магчымасці чалавека, узровень яго чалавечнасці. Менавіта апошняе найперш цікавіла празаіка: на што здатны сучасны чала­век у мірны час, калі не было вайны, але супрацьстаянне дабра і зла пра­цягвалася? Якія маральныя каштоўнасці маюць для яго цану? Што такое ў час навукі і тэхнікі сумленне, пачуццё годнасці, маральная чысціня? I Тоў­кач, і Брытвін – абодва змагаліся з ворагам. Аднак чым кіраваліся яны, калі бралі ў рукі зброю і ішлі ў лес да партызан? Адказ на гэта пытанне ў кож­ным выпадку іншы. Сцёпка Тоўкач, амаль падлетак, але адначасова самы «стары» ў атрадзе партызан, прагнуў адпомсціць акупанту за ўсе злачынст­вы, відавочцам якіх быў. Па сутнасці, герой аповесці звяртаецца да чытача, які павінен яго «зразумець» і адказаць на пастаўленае ў творы маральнае пытанне: хто мае рацыю ў тым, што адбылося каля Круглянскага маста? Сцёпка, які хоча, каб усё было «па совесці», ці Брытвін, для якога «розныя там прынцыпы» – пусты гук. Ці апраўдвае «вялікая мэта» амаральныя срод­кі яе дасягнення? Вялікая праблема агульначалавечага існавання – суадно­сіны мэты і сродкаў – у аповесці «Круглянскі мост» вырашаецца на матэ­рыяле партызанскай вайны. Спецыфіка гэтай вайны ў тым, што партызаны абапіраліся на маральную і матэрыяльную падтрымку мірнага насельніцт­ва. У дасягненні сваіх вайсковых мэт яны павінны былі ўлічваць і інтарэсы гэтага насельніцтва, думаць пра магчымыя вынікі сваіх учынкаў, не злоў­жываць даверам людзей. Аўтар аповесці сутыкае ў сюжэце два супраць­леглыя погляды на спосабы барацьбы, увасобленыя ў паводзінах Тоўкача і Брытвіна. Аўтар, вядома, бачыць больш далёка і глыбока, чым яго герой, партызан Сцёпка Тоўкач.

У аповесці «Круглянскі мост» важную сюжэтную функцыю выконва­юць «устаўныя апавяданні», па сутнасці, прытчы, якія, як часта ў В. Быка­ва бывае, узбагачаюць думку і шмат што тлумачаць. Гэта згадка Маслакова пра камбрыга Прэабражэнскага, які, ратуючы гаспадароў хаты і іх дзяцей, што далі яму прытулак, дабравольна здаецца ў палон. Аповесць «Круглян­скі мост» выклікала вялікую колькасць крытычных публікацый. З В. Быка­вым спрачаліся аўтары калектыўнага ліста ў часопіс «Огонёк. Але галоў­нае заключалася ў маральнай ацэнцы сітуацыі, якая лягла ў аснову сюжэта гэтага твора: у канцы 1960 – пачатку 1970-х гадоў адбывалася зацятае зма­ганне двух супрацьлеглых пунктаў гледжання на гуманізм, «сацыялістыч­ны» і «буржуазны», «абстрактны».



У наступнай аповесці «Сотнікаў» (1970) з’яўляюцца новыя, больш пераканальныя аргументы празаіка, па сутнасці, у той жа спрэчцы гуманіс­таў і прагматыкаў. Яго цікавяць не сама вайна, не франтавы ці партызанскі побыт, не тэхналогія змагання за перамогу над ворагам, але «галоўным чы­нам унутраны свет чалавека, магчымасці яго духу». У «Сотнікаве» гэта праблема пастаўлена яшчэ больш востра і гучыць як маральны імператыў: «Што такое чалавек перад знішчальнаю сілай бесчалавечных абставін? На што ён здольны, калі магчымасці абараніць жыццё вычарпаны ім да канца і прадухіліць смерць немагчыма?» У вобразе Ляховіча з аповесці «Круглян­скі мост» выразна выяўляюцца некаторыя рысы характару Сотнікава, а ў вобразе Брытвіна ёсць шмат агульнага з Рыбаком. Пакуль акалічнасці не вымагалі ад Рыбака катэгарычнага выбару паміж жыццём і смерцю, усё ішло належным чынам: «прагматык» Рыбак быў ва ўсіх сітуацыях вяду­чым, выяўляў кемлівасць і пэўную адвагу, нават самаахвярнасць. Аднак Ры­бак, у адрозненне ад Брытвіна, з уласцівым для таго жорсткім разлікам і бяздушшам, дзейнічае ў адпаведнасці з сітуацыяй, спадзяецца не на іншых, а на ўласны спрыт і ўдачлівасць. Аднак усё крута змянілася, калі Рыбак зра­зумеў, што яго славутая партызанская тактыка ўжо не спрацоўвае, што ўлас­цівая ўдачлівасць пакінула яго і што тыя «тонкасці», на якія ён не зважаў, бо яны былі абсалютна бескарысныя, калі трэба было дзейнічаць, а не раз­важаць. Пакуль умовы былі звыклыя, яму шанцавала, але як толькі сітуа­цыя ўскладнілася, Рыбака пачалі адольваць незнаёмыя раней думкі, сум­ненні, роспач. Выявілася, што яго надзея на ўцёкі ад праследавання палі­цаяў была беспадстаўнай. Духоўныя магчымасці Рыбака былі, як выявіла­ся, абмежаванымі. Запасаў трываласці ў нявыкрутнай сітуацыі хапіла ў ге­роя ненадоўга. Выніковую ацэнку паводзінам Рыбака ў аповесці дае яго баявы сябра Сотнікаў: «Мабыць, ён быў неблагі партызан, умелы малодшы камандзір у войску, ды вось аказалася, што як чалавек і грамадзянін, безу­моўна, недабраў чагосьці». Гэта ацэнка амаль цалкам супадае з аўтарскай: «Мне думаецца, – пісаў В. Выкаў, – што прычына падзення Рыбака – у яго душэўнай усяяднасці, яго маральнай несфармаванасці. Ён прымітыўны праг­матык, які зусім не суадносіць мэты са сродкамі». Аўтар аповесці дае слова то Рыбаку, то Сотнікаву, стараючыся прадаставіць чытачу самую поўную інфармацыю пра кожнага з герояў, каб той нарэшце сам зрабіў канчатковы выбар і вынес свой строгі вердыкт. Узростам яны абодва амаль аднагодкі, але Рыбак перапоўнены прагай жыць, інстынкт самазахавання заглушае ў ім голас сумлення, дыктуючы стыль паводзін, вымушаючы рабіць тое, што раней ён сам бы рашуча асудзіў. Сотнікаў жа, нагледзеўшыся за вайну на столькі смерцяў, што і ўласная пагібель не здавалася нечым незвычайным, усё ж верыў у «неабвержнасць не новага ўжо меркавання, што адзіная рэальная каштоўнасць у чалавека на свеце – яго жыццё». В. Быкаў яму пе­радае, па сутнасці, уласныя развагі пра свет і чалавека: «Калі-небудзь у да­сканалым людскім грамадстве яно (жыццё) стане катэгорыяй-абсалютам, мерай і цаною ўсяго. Кожнае такое жыццё, з’яўляючыся галоўным сэнсам чалавечага існавання, зробіцца не меншай каштоўнасцю для ўсяго грамад­ства наогул, сіла і гармонія якога будуць вызначацца шчасцем кожнага яго члена. А смерць, што ж – смерці не мінуць нікому. Важна толькі пазбыцца гвалтоўных смерцяў, даць чалавеку магчымасць разумна і добра выкарыс­таць і без таго не надта вялікі час у гэтым свеце. Пры ўсёй сваёй невера­годнай магутнасці над прыродай чалавек, напэўна, доўга яшчэ астанецца ўсё такім жа абмежаваным у сваіх фізічных магчымасцях, калі самага ма­ленькага кавалачка металу даволі на тое, каб назаўсёды адабраць адзінае і такое дарагое для кожнага жыццё». Жывое жыццё як «катэгорыя-абсалют», як «мера і цана ўсяго» ва ўяўленні «ідэаліста» і «рамантыка» Сотнікава іс­нуе ў якасці недасяжнай мэты, бо ўсе магчымасці для выратавання ўжо вычарпаны і застаецца толькі вытрымаць апошнія фізічныя і маральныя пакуты, каб затым годна, з узнятай галавой, прыняць смерць. Ва ўнутра­ных маналогах, якія часам пачынаюць нагадваць «плынь свядомасці» героя аповесці, аб’ектам цяжкага роздуму становіцца чалавек і яго магчымасці. У поле зроку Сотнікава паступова ўваходзіць і вялікая гісторыя чалавецт­ва, якое час ад часу трапляе ў пастку невырашальных праблем. «З часоў Ісу­са Хрыста», якога згадвае Сотнікаў у сваім паўсне-трызненні, чалавецтва змушана ахвяраваць сваімі лепшымі сынамі, каб захаваць хісткі баланс паміж дабром і злом.

Пра аповесць «Сотнікаў» В. Быкава пісалі больш за якія іншыя. Га­лоўнае, што цікавіла крытыку, гэта творчая індывідуальнасць празаіка, эс­тэтычныя законы, паводле якіх будуюцца яго творы, своеасаблівасць ідэй­на-мастацкай структуры. Асабліва плённай была спрэчка пра жанр прытчы (прыпавесці) і прытчападабенства быкаўскіх аповесцей (завостранасць ма­ральных вывадаў, імкненне да абсалютных ацэнак, шматзначнасць сітуацый і вобразаў). Быкаўскія аповесці А. Адамовіч адносіць да другой разнавід­насці прытчы, якая захоўвае перавагі першай, але застаецца ўважлівай і да жыццёвай канкрэтыкі. Нагляднасць, фізічная адчувальнасць, рэчыўная вы­разнасць сітуацый у прозе В. Быкава спалучаецца заўсёды з абвостранай цікавасцю да самых «праклятых пытанняў», якія ставіла перад чалавекам XX стагоддзе.

В. Быкаў «мысліць аповесцямі», такімі прытчападобнымі, як «Пастка», «Здрада», «Круглянскі мост», «Сотнікаў», але ахвотна выкарыстоўвае і маг­чымасці «адкрытага выказвання» сваіх ацэнак і думак. Так, у аповесці «Абе­ліск» (1971) ён прама ўмешваецца ў спрэчкі, якія ішлі ў гэты час вакол яго твораў, узнятых у іх праблем. Лірычны герой гэтай аповесці, журналіст, уважліва выслухоўвае абодва бакі, даючы кожнаму магчымасць выказацца, прывесці на карысць свайго разумення ўсе аргументы і абвергнуць супраць­леглы погляд на факты і падзеі часоў вайны, каб у фінале звярнуцца да чы­тача. Сапраўдны настаўнік, якім быў Мароз, далучаў сваіх вучняў да вяр­шыняў сусветнай культуры, і не мог зрабіць інакш. Якая цана яго словам? Настаўнік Мароз думаў не толькі пра сённяшні дзень, але і пра будучыню. Адказ лірычнага героя, за вобразам якога блізка стаіць сам аўтар, гучыць амаль афарыстычна: «У тым, што мы ёсць цяпер як нацыя і грамадзяне, – найпершая заслуга сельскіх настаўнікаў».

У аповесці «Дажыць да світання» (1972) аўтар свядома выбірае той перыяд вайны, калі кожны сумленны чалавек быў гатовы да самаахвяра­вання, каб спыніць ворага, калі сіла духу і воля да супраціўлення былі вель­мі высокія. Менавіта ва ўмовах, калі вораг падыходзіў да Масквы і да пара­жэння было асабліва блізка, «людзі, падобныя да лейтэнанта Іваноўскага, спрабавалі гэта (недахоп воінскага майстэрства, ваеннай тэхнікі) кампенса­ваць самаадданасцю, гатоўнасцю ахвяраваць сабой, каб хоць якой цаной за­трымаць ворага. В. Быкаў як бы вяртаецца на зыходную пазіцыю, пазнача­ную ў аповесці «Мёртвым не баліць», каб яшчэ раз асэнсаваць праблему гераічнага на вайне, давёўшы ход асэнсавання да лагічнага канца. Перад на­мі выпадак, калі ініцыятарам вайсковай аперацыі выступае сам выканаўца, лейтэнант Іваноўскі, і яго ініцыятыва завяршаецца поўным фіяска. Герой апо­весці «Дажыць да світання» сам выбраў свой лёс, таму што ўсведамляў сваю адказнасць за ход падзей, і ў гэтым выявілася яго высокая чалавечая мараль. Ён хацеў здзейсніць подзвіг, але ў выніку неспрыяльных акалічнас­цей змог зрабіць вельмі мала.

Ланцуговая рэакцыя, якая ўзнікла ў выніку паглыблення В. Быкава ў сутнасць падзей, выклікала ў творчым уяўленні празаіка новыя і новыя сі­туацыі, вобразы, метафары быцця. Аповесць «Воўчая зграя» (1974) вастрэй, чым папярэднія творы, ставіць праблему будучыні. Партызан Ляўчук пра бу­дучыню думае ўжо ў час вайны, калі ратуе немаўля, рызыкуючы ўласным жыццём, бо інакш не можа, бо так разумее сэнс свайго зямнога існавання. Паводзіны Ляўчука вымяраюцца аўтарам «вышэйшым кодэксам чалавеч­насці»: яго адзінаборства са злой сілай неспрыяльных акалічнасцей набы­вае духоўнае значэнне, якое і дазваляе здзейсніць немагчымае («на другі раз у яго проста не хапіла б пораху»). У выніку атрымалася, што Ляўчук ра­таваў немаўля, у якога і імя яшчэ не было, а немаўля, у сваю чаргу, ратава­ла яго ад смяротнай зморы, знясілення і абыякавасці да ўласнага жыцця: ге­рой адчуў сябе часцінкай чагосьці большага, этнаса, чалавецтва, будучыні, а ў яго душы абудзілася «нейкае новае, яшчэ не зведанае ці забытае ім па­чуццё далучэння да звычайнага людскога жыцця, якому няма ніякае спра­вы да іх вайны».

У 1974 г. В. Быкаву была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР за аповесці «Абеліск» і «Дажыць да світання», а ў 1978 г. – Дзяржаўная прэ­мія БССР імя Я. Коласа за аповесці «Воўчая зграя» і «Яго батальён» (1975). Знаходзіць свой працяг і развіццё роздум пісьменніка над праблемай узае­масувязі чалавека і народа, калі адкрываецца «усведамленне маральнай не­магчымасці, ганебнасці асобнага, абранага існавання па-за агульным лё­сам, агульнай бядой». Гэта адлюстравалася ўжо ў назве твора: для капітана Валошына батальён – не проста вайсковая адзінка, ад якой засталося менш за чвэрць складу, а 76 байцоў, няпоўная рота, «яго» батальён, дзе ён ведае амаль кожнага асабіста. У аповесці адсутнічае знаёмы па ранейшых творах драматызм, які звычайна з’яўляецца абавязковай умовай пастаноўкі мараль­на-філасофскай праблематыкі: складаныя ўзаемаадносіны камбата Валошы­на з начальнікам штаба батальёна Маркіным і камандзірам палка Гунько трымаюцца ў межах патрабаванняў вайсковай іерархіі. Галоўнае – тое, што адбываецца ў душы героя, яго цяжкі, блізкі адчаю роздум пра батальён, пра тое, як захаваць яго ў баі за ўмацаваную немцамі вышыню. У аповесці «Яго батальён» выявілася настальгія В. Быкава па эпасу, па Чалавеку, са­грэтая выразным аўтабіяграфізмам: крытыка ўжо заўважыла невыпадковую пераклічку імён і прозвішчаў некаторых быкаўскіх герояў – Васіль Глечык, Васілевіч, Васюкоў, Валошын (валошка – васілёк).

Калі аповесць «Яго батальён» завяршыла цыкл «франтавых аповес­цей» В. Быкава, то аповесць «Пайсці і не вярнуцца» (1978) стала апошняй у яго «партызанскім цыкле». Тут у цэнтр увагі пастаўлены яшчэ адзін тып чалавечых паводзін на вайне, які цікавіў празаіка і раней. В. Быкаў працяг­вае ў новым творы лінію на аб’ектыўнасць: як і ў «Сотнікаве», і ў «Абеліс­ку» чуюцца, па чарзе, два «галасы», два маналогі» герояў – Антона Галубі­на і Зосі Нарэйка. Праблема «свае супроць сваіх» пастаўлена ў дадзеным выпадку настолькі востра, што крытыка паспяшыла заявіць пра крутыя змены ў пазіцыі самога аўтара: «Быкаў супроць Быкава». В. Быкаў выра­шае ў аповесці «Пайсці і не вярнуцца» складаную праблему дачыненняў чалавека і часу. Час, гісторыя набывае ў яго творы асаблівае значэнне, та­кое ж самастойнае і лёсавызначальнае, як і катэгорыя свабоды выбару.

У 1978 г. В. Быкаў пакідае Гродна, дзе з 1972 г. працаваў сакратаром абласнога аддзялення СП БССР, і пераязджае на пастаяннае месца жыхар­ства ў Мінск. З гэтага часу ён мае магчымасць цалкам аддацца творчай працы. Аўтар удзельнічае ў рабоце Саюза пісьменнікаў СССР і БССР, час­та выступае ў друку з артыкуламі, водгукамі на кнігі калег па пяру, дае ін­тэрв’ю, сустракаецца з чытачамі. Менавіта ў гэты крызісны для краіны час, які пазней атрымае назву «эпоха застою», В. Быкаў звяртаецца да пісьмен­нікаў з пытаннем: «Дык што ж мы можам?»

Аповесць «Знак бяды» (1982) распачынае новы этап у творчасці В. Бы­кава. Яго думка, мастацкая і філасофская, накіравана на сцвярджэнне каш­тоўнасцяў не толькі нацыянальных, але і агульначалавечых. Акцэнт пры гэ­тым робіцца на ідэі самакаштоўнасці і унікальнасці чалавечага жыцця. В. Бы­каў вастрэй, чым раней, адчувае сувязь часу і пакаленняў, узаемазалеж­насць такіх падзей, як рэвалюцыя, калектывізацыя і вайна з фашызмам, ду­хоўны стан цэлай нацыі на зломе эпох. Маштабны і адначасова трагічны вобраз часу ствараецца ўжо ва ўступе да твора: разбуранае гняздо, дзе за­сталіся рэшткі былога жыцця, а цяпер усё скорана тленам і небыццём, з’яў­ляецца знакам бяды, якая дае магчымасць уявіць маштабы народнай траге­дыі, зразумець яе прычыны і вынікі. А далей узнаўляецца штодзённы по­быт на хутары Яхімоўшчына, такі знаёмы, на першы погляд, па творах кла­сікаў беларускай прозы, хіба толькі намаляваны па-быкаўску рэльефна, стро­га і лаканічна. Аднак атмасфера, якая акружае звычайнае жыццё звычай­ных людзей, Петрака і Сцепаніды Багацькаў, гаспадароў хутара, надзвычай трывожная: над усім навісае прывід бяды, якая блукае ўжо непадалёк, чу­ецца ў пагрозлівым гуку нямецкага грузавіка, у прарэзліва-гартанным кры­ку пастушка...

Пачатак аповесці ўражвае натуральнасцю інтанацыі, паслядоўнасцю ў развіцці сюжэта, уважлівасцю да падрабязнасцей: аўтара цікавяць чалаве­чыя маштабы вымярэння падзей, якія раптам абрынуліся ўсім сваім цяжа­рам на герояў. І Пятрок, і Сцепаніда Багацькі, і Янка Ганчарык, нямы пас­тушок з выселак, і іншыя персанажы твора не выходзяць за межы традыцый­нага сялянскага светапогляду. В. Быкаў у сваім новым творы з нязвыклай для яго стараннасцю, з нейкім асаблівым замілаваннем апісвае падрабяз­насці няхітрага вясковага побыту, стварае вобразы людзей, да якіх у яго душы жыве нязбытнае пачуццё віны, бо, здаецца, сама доля насмяялася з тых жа Багацькаў, падаўшы такое прозвішча, паманіўшы магчымасцю «воль­най працы на вольнай зямлі». Так адгукнулася ў яго творчасці тое, што ад­бывалася ў беларускай літаратуры 1960–1980-х гадоў, найперш у вясковай і ваеннай прозе: на месца аўтабіяграфізму і лірызму, уласцівых творам пе­рыяду «адлігі», прыйшлі эпічнасць і драматызм, а з імі разам у літаратуру вярнуўся народны погляд на падзеі, які так глыбока ўмелі выяўляць у часы «нашаніўства» класікі. У «Знаку бяды» навідавоку мастацкі сінтэз вядучых у беларускай прозе ідэйных і стылявых пачаткаў, што выразна сведчыла аб зменах у светапоглядзе В. Быкава. На фоне грандыёзнай, шэкспіраўскага маштабу, драмы, якая разыгралася на хутары Яхімоўшчына, усё, нават са­мае дробязнае, напоўнілася надзвычайным сэнсам. А за некаторымі падра­бязнасцямі жыцця на хутары адкрываецца далячынь біблейскай гісторыі: дубовы крыж на ўзгорку, празваным вяскоўцамі Галгофай, які паставіў Пят­рок, а ў часы калектывізацыі спілавалі няўрымслівыя камсамольцы. На ўзгорку адбываецца драма, якая адгукаецца ў гістарычнай памяці народа: гіне сялянскі род-«гняздо». За знаёмымі з літаратурнай класікі аксесуарамі вясковага і хутаранскага побыту, за гаспадарчымі клопатамі рахманага му­жыка-беларуса В. Быкаў адкрывае свет вялікіх страсцей, вартых, на думку празаіка, шэкспіраўскага пяра.

Многае ў паводзінах герояў аповесці залежыць ад грамадскіх умоў, і ў гэтым В. Быкаў згодны з літаратурнай традыцыяй еўрапейскіх рэалістаў, якія з кнігі ў кнігу пераносілі і паглыблялі думку пра «тыповыя характары ў тыповых абставінах» (Ф. Энгельс). Не было б гвалтоўнай калектывізацыі ў вёсцы, то не было б і даносчыка-«селькора» Каландзёнка, не ўзненаві­дзеў бы ўвесь свет сын «кулака» Гуж, не застрэліўся б Васіль Ганчарык, які свята верыў у савецкую ўладу, а яна яго прымусіла адпраўляць у Сібір сям’ю каханай дзяўчыны Анюты, не анямеў бы ад перажытага шоку яго малодшы брат Янка... I вайна з немцамі, якая, як само наканаванне, на­сцігла Багацькаў, зруйнавала іх сямейнае гняздо, калі б усё рабілася інакш, з думкай пра чалавека, з любоўю і даверам да яго, была б, хутчэй за ўсё, іншай, менш жорсткай і менш стратнай. Філасофскі роздум пра сувязь уся­го з усім неадступна вяртае герояў «Знака бяды» да аднаго і таго ж – мар­нага, запозненага жадання «перапісаць гісторыю. Жыццё, якое шпарка змя­няе гістарычнае рэчышча, прымушае герояў аповесці нязвыкла шмат раз­важаць, успамінаць, аналізаваць і рабіць належныя высновы, якія часта вы­казваюцца ў форме філасофскіх сентэнцый і афарызмаў. В. Быкаў з асаблі­вай павагай збірае крупінкі народнай мудрасці, бо выразна ўсведамляе над­звычайную каштоўнасць яе ў век грозных катаклізмаў. Тым больш што гіс­тарычны вопыт беларусаў, якія першымі зведалі ў вайну тое, чаго астатні цывілізаваны свет і блізка не ведаў, нагадвае людзям, што чакае іх, калі бу­дуць занядбаныя гуманныя першаасновы зямнога жыцця.

Пятрок і Сцепаніда Багацькі – сапраўды народныя характары, якія на­туральна працягваюць і развіваюць лепшыя якасці іншых быкаўскіх геро­яў. Асаблівай розніцы паміж Глечыкам, прадстаўніком «пралетарыяту вай­ны», пяхоты, Лазняком, артылерыстам-«саракапятчыкам», і сялянамі-хута­ранцамі, а пазней і калгаснікамі, Багацькамі няма, бо каранямі сваімі і ад­ны і другія трымаюцца ў простанароднай масе, на плечы якой звычайна кла­дзецца асноўны цяжар падзей.

Пераасэнсаванне мінулага стала галоўным напрамкам, па якім руха­лася і паглыблялася быкаўская думка ў 1980-я гады. У рамане «Кар’ер» (1985), рамане хутчэй па аб’ёму, чым па жанравых прыкметах, актуалізуец­ца ўжо знаёмая па «Круглянскім масце» сюжэтная сітуацыя. Старшы лей­тэнант Агееў, галоўны герой твора, згадзіўся з прапановай Марыі, яго ка­ханай дзяўчыны, аднесці на станцыю тол, бо гэта, на думку абодвух, адзі­ная магчымасць выканаць заданне. Самаахвярнасць Марыі зразумелая: яна не ўяўляе сябе, сваё шчасце без каханага і справядліва лічыць, што ёй як жанчыне пранесці небяспечны груз праз пост лягчэй бо Агееў адразу вык­ліча падазрэнне. Агееў жа звыкла спадзяецца на ўдачу; невідушчым і нера­зумным яго робіць уласнае жаданне апраўдацца ў вачах падпольшчыкаў. У яго ўчынку няма непрыхаванага цынізму Брытвіна, аднак і разумення каш­тоўнасці непаўторнага чалавечага жыцця няма таксама, бо нельга назваць мудрасцю яго апраўданне: «Ненаедная яна, гэта вайна, такой яшчэ не было».

Чалавек, які страціў усе духоўныя сувязі з традыцыямі хрысціянскага свету, зайшоў у сваім руху ў тупік, а гісторыя, не справіўшыся з невыра­шальнымі супярэчнасцямі, перажывае адзін з самых страшных крызісаў. Свае развагі на гэты конт В. Быкаў трансфармуе ў разгорнутых сюжэтах новых і новых твораў. Калі Агееў сваю памылку зразумеў і як след асэнса­ваў позна, то Сушчэня, герой аповесці «У тумане» (1988), трапіўшы ў тупі­ковую сітуацыю, у якую «яго загналі немцы, вайна і жыццё», узяў адказ­насць на сябе: «Сумленна, як усе, на роўных правах з людзьмі жыць ён не мог, а несумленна не хацеў... Што ж яму яшчэ засталося?.. Чалавек не ўсё можа». У новай гістарычнай і літаратурнай сітуацыі 1980-х гадоў мы ба­чым «Быкава супраць Быкава»: пісьменнік, чула ўспрымаючы і дакладна ацэньваючы змены ў сусветным «паралелаграме сіл», пераасэнсоўвае і прык­метна ўдакладняе многае з таго, што ўпэўнена сцвярджаў у сваіх творах. У яго творах сапраўды паменшала «аскетычнага рытарызму» часоў ваеннага супрацьстаяння і пабольшала чулай увагі да чалавечай асобы, якую не заў­сёды можна судзіць паводле патрабаванняў «маральнага катэгарычнага ім­ператыву».

Аповесць «Аблава» (1989) узнікла як спроба адказаць на пытанне, наколькі чалавек з’яўляецца разумнай, свабоднай і цывілізаванай істотай і якой маральнай мераю яго можна судзіць. Аповесць В. Быкава, калі параў­ноўваць яе з папярэднімі творамі, сведчыць аб далейшым паглыбленні пра­заіка ў беларускую гісторыю, аб яго імкненні адказаць на многія пытанні, перад якімі спыняецца ў непаразуменні сучаснік. У Хведара Роўбы, галоў­нага героя «Аблавы», які ўцёк з высылкі, каб апошні раз пабачыць родную сялібу, і за якім палююць, наладзіўшы сапраўдную аблаву, нкусаўцы, а ся­род іх і яго родны сын Міколка, гэта роспачнае, як малітва: «О, людзі, лю­дзі! За што ж вы так?.. Людзі...». Пытанне «За што?» хвалявала ў свой час Я. Купалу і М. Гарэцкага, у якіх ёсць нават творы з такой назвай. Але ў В. Быкава гэтае пытанне выяўляе не толькі роспач чалавека, які не разумее логікі сваіх забойцаў, але і выклікае шэраг іншых пытанняў, звернутых ужо хутчэй да нашчадкаў, чым сучаснікаў: «А можа, гэта яму пакаранне за Бо­га? За абразы, якія ён маўкліва дазволіў Міколку вынесці з хаты?.. Людцы, завошта вы так?.. Што я зрабіў кепскае вам?.. Ці ж я хацеў каму кепскага? Ці сабе многа ўзяў? Я ж аддаў усё вам – бярыце. Толькі завошта ж мяне так люта? Людцы, адумайцеся!..» У час, калі стваралася аповесць, адбыва­лася «перабудова» і скончылася дзеянне прычын, якімі тлумачыліся многія нядаўнія трагедыі, але на першы план пачалі выходзіць пабочныя вынікі мінулых падзей, «вынікі вынікаў» (Б. Пастарнак). Адказаў на пастаўленыя пытанні аўтар не дае, спадзеючыся на актыўную працу розуму і памяці чы­тача, бо Роўба, схаваўшыся ў балоце, «ужо быў для іх недасяжны» (для тых, хто яго праследаваў), а «багна спрадвеку ўмела хаваць свае таямніцы». Хве­дар Роўба ахвяруе сабой, і гэта здольнасць да самазнішчэння ў імя чагосьці вышэйшага ў свеце, таго, на чым ён трымаецца, сведчыць аб яго душэўнай цэласнасці, а таксама аб яго вернасці «старой маралі». Яго сын Міколка лёг­ка паверыў у перавагу «новай маралі», якая адмаўляла галоўныя пастулаты хрысціянства, адрокся ад уласнага бацькі і, па сутнасці, абарваў усе чала­вечыя сувязі асобы з вялікім светам, перайшоў на бок сусветнага зла. Ме­навіта ў такіх, глабальных, усечалавечых маштабах бачыць В. Быкаў свай­го героя, у якога няма іншага выбару, акрамя гераічнага стаіцызму або, на­адварот, адкрытай здрады.

Ягор Азевіч, галоўны герой аповесці «Сцюжа» (1969, 1991), як і Мі­колка, паквапіўся на абяцанкі лёгкага жыцця ў мястэчку, пры райвыканка­ме, захоплена слухаў узнёслыя прамовы старшыні Зарубы і сам не заўва­жыў, як стаў лёгкай здабычай галавы раённага аддзела ГПУ Мілавана, які змусіў яго да супрацоўніцтва. Чым далей, тым больш заблытваўся Ягор у хітрыках мясцовых палітыканаў: перспектыва стаць сапраўдным «бальша­віком-сталінцам» моцна вабіла яго да сябе. Дзеля камсамольскай кар’еры давялося многім ахвяраваць: адмовіцца ад каханай Настачкі, данесці на свай­го «патрона» Зарубу, выконваць усе загады і распараджэнні, у тым ліку і такія бязглуздыя, як знішчэнне па вёсках жорнаў. Рэшткі сумлення, што дасталіся Ягору ад бацькоў-сялян, стрымлівалі яго ад учынкаў, за якія яму было б сорамна. Распятая «на крыжах» беларуская гісторыя, на думку аў­тара аповесці, вымагае ад сучаснікаў больш дбайных адносін да мінулага. А грамадства, якое столькі часу адно патрабавала ад чалавека немагчыма­га, павінна нарэшце павярнуцца тварам да яго ўласных праблем.

У перыяд перабудовы і галоснасці В. Быкаў актыўна ўключыўся ў працэс вяртання краіны да дэмакратычных каштоўнасцей цывілізаванага свету, да духоўна-культурнага Адраджэння беларускай нацыі, рэабілітацыі «выкрасленых» з гісторыі імён, публікацыі забароненых кніг, надання бе­ларускай мове статусу дзяржаўнай. Уласным аўтарытэтам, пяром і словам ён спрыяў дэмакратычнаму руху ў Беларусі, абараняў ад нападкаў спадчы­ну М. Шагала, заступаўся за А. Карпюка і А. Адамовіча, за ўсіх, хто меў патрэбу ў яго абароне ў часы ідэалагічнай вайны, ініцыяванай і развязанай тымі, хто жыў настальгіяй па бальшавіцкаму мінуламу. Народны пісьмен­нік БССР (1980), Герой Сацыялістычнай Працы (1984), лаўрэат Ленінскай прэміі (1986, за аповесць «Знак бяды»), В. Быкаў стаў духоўным лідэрам беларускай нацыі, бо вастрэй за сучаснікаў разумеў, што краіна перажывае важны, лёсаносны перыяд сваёй гісторыі, калі вызначаецца яе шлях у бу­дучыню. У ліпені 1988 г. В. Быкаў увайшоў у склад створанага «Мартыра­лога Беларусі» і адначасова стаў сябрам Рады БНФ. У чэрвені 1989 г. ён быў абраны народным дэпутатам ад СП БССР і ўдзельнічаў у працы з’ездаў Са­вета народных дэпутатаў СССР.

Выступленні, артыкулы, інтэрв’ю В. Быкава часоў перабудовы змеш­чаны ў кнізе «На крыжах» (1992) – назва сімвалічная, якая нагадвае многія вядомыя творы беларускай класікі, дзе вобраз крыжа (раскрыжавання, рос­тані, раздарожжа) сустракаецца вельмі часта. I ў новы перыяд сваёй шмат­пакутнай гісторыі Беларусь зноў апынулася на раскрыжаванні, распятая па­між Захадам і Усходам, каталіцтвам і праваслаўем, будучыняй і мінулым. У публіцыстыцы празаіка, страснай, мэтанакіраванай, багатай на аргумен­тацыю і назіранні, часта па-сапраўднаму мудрай і праніклівай, адлюстрава­лася гісторыя вяртання краіны ў еўрапейскі кантэкст. Ёсць у кнізе і спроба прагнозаў, як часта ў В. Быкава, маласуцяшальных і невясёлых: у якасці пе­сімістычнага аптыміста, як ён жартам называе сябе, пісьменнік не хоча ні­кога падманваць ілюзіямі пра хуткае развітанне з цяжкім мінулым і плён­ны рух наперад. Адкрытае змаганне з нашчадкамі сталіншчыны вылілася ў шматлікія пазіцыйныя баі, і амаль штораз патрабавалася ўмяшанне В. Бы­кава, каб паставіць многае на сваё месца. Гэта і бясслаўнай памяці «дыску­сія» з ідэалагічнымі рупліўцамі і дыпламаванымі абскурантамі, якія актыў­на адстойвалі дыскрэдытаваныя часам таталітарныя ідэі і погляды ў калек­тыўным лісце ў «Вечерний Минск» пад назвай «Пена на волнах перестрой­ки». Гэта і абвяржэнне публічнага паклёпу на нацыянальна-патрыятычныя рухі, суполкі, грамадскія акцыі, беларускую творчую інтэлігенцыю... Гнеў­ны голас выдатнага, сусветна вядомага пісьменніка, аўтара многіх кніг пра змаганне з таталітарызмам гучаў нярэдка як само наканаванне: «Поспех усёй нашай справы будзе залежыць ад ступені палітычнай і нацыянальнай свя­домасці народа Беларусі. Таму за справу, за працу!».

В. Быкаў першым узяўся за справу выкарчоўвання таталітарнай ідэа­логіі ў свядомасці сучаснікаў. На ўзбраенне ён бярэ апавяданне – самы ма­більны і змястоўны жанр літаратуры, які раней знаходзіўся на перыферыі яго ўвагі. «На чорных лядах», «Бедныя людзі» (абодва 1994), «Жоўты пя­сочак», «Зенітчыца», «Палкаводзец», «Палітрук Каламіец», «Падоранае жыц­цё» (усе 1995) – эпізод за эпізодам, падзея за падзеяй узнаўляюць у мастац­кіх вобразах трагічную гісторыю беларусаў, пачынаючы ад Слуцкага паў­стання 1920 г. і заканчваючы вайной з фашызмам. Глыбінны сэнс свайго творчага пошуку В. Быкаў тлумачыць наступным чынам: «Вечнасць, як ні круці, цалкам складаецца з мімалётных момантаў, крута замешаных на вар­тай пагарды бруднай палітыцы, грэху, пакутах і болю... Будучыню нікому не дадзена ўгадаць – ні яснабачцам, ні экстрасэнсам... Затое несумненны капітал сучаснікаў – іх мінулае. Важна толькі яго ведаць. Здабываць з яго ўрокі. Не забываючы пры гэтым песімістычныя сентэнцыі папярэднікаў, улічваючы даўно вымаўленыя ісціны наконт таго, што было, тое і будзе, што вецер заўжды вяртаецца на кругі свае».

Апавяданне «На чорных лядах» менавіта пра ўрокі мінулага, пра па­мылкі і няўдачы беларускага вызваленчага руху, асабістыя трагедыі яго ак­тыўных удзельнікаў. Адна з галоўных прычын паражэння: пасіўныя паво­дзіны маўклівай народнай большасці. Так, «чырвоныя» ляды (ад назвы не­завершанага рамана М. Лынькова пачатку 1930-х гадоў «На чырвоных ля­дах») нечакана ператварыліся ў «чорныя»: апавяданне завяршаецца трагіч­ным фіналам, калі гінуць амаль усе ўдзельнікі разгромленага бальшавікамі паўстання. Несумненная прывязка сюжэта твора да праблем і рэалій сучас­насці, бо ўрокі мінулага так і засталіся незасвоенымі і неасэнсаванымі. Абыякавасцю да гістарычнага вопыту тлумачацца і дзіўныя паводзіны ге­рояў апавядання «Жоўты пясочак», якіх вязуць на расстрэл у Курапаты, а яны не толькі не пратэстуюць, але і дапамагаюць сваім катам выбавіць гру­завік, што засеў у пяску.

Аповесць «Пакахай мяне, салдацік» (1996) тэматычна звязана з цык­лам «ваенных» апавяданняў, якія ў сваёй сукупнасці дапаўняюць раней створаную празаікам панараму народнага супраціўлення акупантам. Уз­ноўленыя ў творах асобныя эпізоды вайны не маглі быць апублікаваны ў часы ўладарання партыйнай цэнзуры: яны нагадвалі пра жорсткасць не толькі ворага, але і «сваіх» – ваеначальнікаў, камандзіраў, палітработнікаў, смершаўцаў. Менавіта жорсткасць, бязлітаснасць і лютая непрымірымасць змагання, калі пераможцы міжволі пераймаюць нялюдскую логіку паво­дзін акупантаў, забываючы пра сваю высокую вызваленчую місію, уражвае ў аповесці «Пакахай мяне, салдацік». У апошнія дні вайны чыніцца гвалт над беларускай дзяўчынай Франяй і яе састарэлымі нямецкімі гаспадарамі, звычайнымі бюргерамі, якія не маюць ніякага дачынення ні да фюрэра, ні да яго злачынстваў у час вайны. Неспатоленая прага помсты і крыві, свядо­ма абуджаная ў народзе таталітарнымі ідэолагамі, яшчэ доўга будзе шу­каць свае ахвяры. У выніку руйнуецца светлае першае пачуццё кахання юнака-салдата і дзяўчыны, якія спрабавалі ратавацца разам ад жорсткасці навакольнага свету, і знікла, не займеўшы працягу, адна з галінак вялікага Дрэва чалавецтва.

Яшчэ адна іпастась пісьменніка – сучасны В. Быкаў, аўтар «баек жыц­ця» з філасофска-алегарычным зместам: «Музыка», «Народныя мсціўцы» (абодва 1997), «Ваўчыная яма», «Мальбара», «Тры нявымаўленых словы», «Труба» (усе 1998), «Галоўны крыгсман», «Хутаранцы», «Апалагетыка «на­гана», «Кошка і мышка» (усе 1999). Аўтар штораз дае ім вонкава адрознае жанравае абазначэнне («прыпавесць», «памфлет», «хрэстаматыйная казач­ка для маленькіх»), аднак у фармальных адносінах усе гэтыя творы блізкія да філасофскай прозы, у пачатку якой знаходзяцца «Казкі жыцця» Я. Ко­ласа. Яны як бы не прэтэндуюць на вялікія мастацкія адкрыцці, часам на­ват паўтараюць вядомыя ўжо сюжэты, але глыбокія па свайму зместу, на­поўненыя шматзначнымі алегорыямі, сімволікай, палітычнымі і літаратур­нымі алюзіямі і намёкамі, якія лёгка распазнаюцца дасведчаным у жыццё­вых рэаліях чытачом. Прытча «Музыка», напрыклад, працягвае шэраг кла­січных твораў, прысвечаных беларускім песнярам, пачынаючы ад паэм Я. Купалы «Курган», Я. Коласа «Сымон-музыка» і да апавяданняў М. Баг­дановіча «Музыка», М. Гарэцкага «Страшная музыкава песня» і інш. Калі гісторыя беларускага руху пачатку XX ст., якая завяршылася трагедыяй, усё ж мела сваё апраўданне, то сучаснасць, падзеі канца гэтага ж стагоддзя часцей за ўсё жорстка расчароўвалі пісьменніка, які заслужыў права на пуб­лічнае адабрэнне або неадабрэнне таго, што адбывалася навокал. Прытча «Музыка» сваім зместам і ідэйнай накіраванасцю якраз і звяртаецца да на­цыянальнай інтэлігенцыі з напамінам пра яе сапраўдную гістарычную мі­сію, а іншасказанне дапамагае аўтару зрабіць гэта з адчуваннем мастацкай меры і маральнага такту. Прытча «Сцяна» (1995) ад гістарычных рэалій нацыянальна-беларускага жыцця вядзе «на глыбіню» разваг пра «чалавечую сітуацыю»: аўтар свядома бярэ вядомы сюжэт апавядання «Мур» француз­скага пісьменніка Ж.П. Сартра і ўносіць свае змястоўныя карэктывы ў мас­тацкую распрацоўку экзістэнцыяльнай праблемы выбару, блізкай В. Быка­ву здаўна.

Прытчавасць, іншасказанне, пэўны дыдактызм быкаўскай прозы і ра­ней прываблівалі ўвагу даследчыкаў. Узнікалі нават літаратурныя спрэчкі аб прыродзе гэтага жанру, яго адносінах з рэальным жыццём, з іншымі жан­рамі, такімі, як філасофская проза, эсэістыка, публіцыстычная белетрысты­ка. В. Быкаву імпануе універсальнасць прытчы, яе «павучальнасць», змяс­тоўная блізкасць да хрысціянскай пропаведзі, да скарынаўскіх прыпавес­цей і коласаўскіх «казак жыцця», а таксама яе унікальная здольнасць пра­ма, непасрэдна ўплываць на ўяўленне чытача, нарэшце, яе шматзначнасць. Пісьменнік напружана шукае абагульнены вобраз, які мог бы сканцэнтра­ваць у сабе сутнасць сучасных размытых падзей і з’яў, пераадолець тэн­дэнцыю да хаасу і абсурду быцця.

Экзістэнцыяльная праблема маральнага выбару, якая займае надзвы­чайнае месца ў творах В. Быкава, у апошнія часы паглыбляецца: з’яўляец­ца «яснасць бачання» – катэгорыя, якая таксама заўсёды цікавіла пісьмен­нікаў-экзістэнцыялістаў. Героі апавяданняў В. Быкава знаходзяца ў стане пошуку адказаў на шматлікія пытанні, якія ставіць перад імі эпоха, аднак сам аўтар гэтых апавяданняў, як ніколі раней, выразна ўяўляў той адрэзак гісторыі, які адольваюць яго героі-беларусы, глыбока разумеў ўнутраны сэнс падзей, а значыць, меў магчымасць прапанаваць варыянты далейшага развіцця беларускага грамадства. Адказы пісьменніка не заўсёды аптыміс­тычныя: многае ў жыцці яго насцярожвае, заклікае да паслядоўнай развагі, абуджае пачуццё сумнай іроніі.

На баку В. Быкава класічная традыцыя, моц мастацкага дару, глыбі­ня думкі, вялікі творчы вопыт. В. Быкаў у сваім працяглым і пераменлівым змаганні з часам не здаваўся, а на пытанне «Дык што ж мы можам?» – упэўнена адказваў: «Мы можам тое, што мы ўмеем: пісаць...»

Памёр В. Быкаў 22 чэрвеня 2003 г.


Каталог: bitstream -> 123456789
123456789 -> Химия. Экология. Медицина
123456789 -> Стб 1185-99 государственный стандарт республики беларусь
123456789 -> Московский государственный
123456789 -> Тортуга цитадель флибустьеров (1630 – 1692 гг.)
123456789 -> Учебно-методическое пособие для студентов минск 2010 ббк утверждено на заседании
123456789 -> А. Ю. Смирнов традиции литературной антиутопии в романе в. Войновича «москва 2042»
123456789 -> Виктория Смеюха
123456789 -> О реальности вида и его роли в палеонтологическом обосновании стратиграфии плейстоценовых отложений


Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   24   25   26   27   28   29   30   31   32


©dereksiz.org 2019
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет