Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі



бет6/9
Дата17.06.2016
өлшемі0.66 Mb.
#143259
1   2   3   4   5   6   7   8   9
§ 23. Суфіксы

  1. Пераважная большасць запазычаных дзеясловаў ужываецца з суфіксам -ава- (-ява-): дэградаваць, фальсіфікаваць, арыентаваць, прагназаваць, балансаваць, цытаваць, аналізаваць, іранізаваць, культываваць, кантактаваць, планаваць, групаваць, нацыяналізаваць, прыватызаваць, дэклараваць, ліквідаваць, акліматызаваць, перафразаваць, кваліфікаваць, інфармаваць, урбанізаваць, каталізаваць, функцыянаваць, ваенізаваць, кантраляваць, тыпізаваць, паразітаваць, фінансаваць, тыражаваць, ігнараваць, рэагаваць, кансультаваць, прафіляваць, ангажаваць, нерваваць, абстрагаваць, імпартаваць, дэбатаваць, дэбютаваць, інспектаваць, экспартаваць, рэканструяваць, дыскутаваць, правакаваць, фінішаваць.

  2. Дзеяслоўны суфікс -ірава- (-ырава-) ужываецца:

калі без гэтага суфікса ўзнікае аманімія дзеясловаў з дзеясловамі з суфіксам -ава- (-ява-): буксіраваць - буксаваць, парадзіраваць - парадаваць, візіраваць - візаваць, будзіраваць - будаваць, газіраваць - газаваць, камандзіраваць - камандаваць, пазіраваць - пазаваць, пасіраваць - пасаваць, тушыраваць - тушаваць, парыраваць - параваць, паніраваць - панаваць, фарміраваць - фармаваць, апаніраваць - апанаваць;

калі дзеяслоў без -ір- (-ыр-) губляе сваю фармальную і семантычную акрэсленасць: шакіраваць, бісіраваць, бравіраваць, гарманіраваць, драпіраваць, лабіраваць, грасіраваць, курыраваць, лавіраваць, дэкарыраваць, сервіраваць, фантазіраваць, лакіраваць, штудзіраваць, мусіраваць, татуіраваць і інш.;

калі дзеяслоў мае вузкатэрміналагічнае значэнне: манціраваць, пасівіраваць, аксідзіраваць, зандзіраваць, дэкаціраваць, сталіраваць, дэмпфіраваць, юзіраваць, юсціраваць, парафіраваць, дыфундзіраваць.

У некаторых выпадках паралельна ўжываюцца дзве формы: дэмаскіраваць - дэмаскаваць, акупіраваць - акупаваць, курсіраваць - курсаваць, калькіраваць - калькаваць, базіраваць - базаваць.



  1. Суфікс -ава- (-ява-) пішацца ў неазначальнай форме і формах прошлага часу тых дзеясловаў, якія ў першай асобе адзіночнага ліку губляюць гэты суфікс і заканчваюцца на -ую (-юю): галасую - галасаваць, галасаваў, галасавала, галасавалі, начую - начаваць, чаргую - чаргаваць, малюю - маляваць, камандую - камандаваць, пакутую - пакутаваць, даследую - даследаваць, будую - будаваць, рэкамендую - рэкамендаваць, характарызую - характарызаваць.

  2. Суфікс -іва- (-ыва-) пішацца ў неазначальнай форме і асабовых формах цяперашняга часу дзеяслова, а таксама ў формах прошлага часу незакончанага трывання пасля збегу зычных, апошні з якіх р, л або н: падкрэсліваць, падкрэсліваю, падкрэсліваў, падкрэслівалі; падтрымліваць, адыгрываць, выветрываць, запэўніваць, адрозніваць.

  3. Суфікс -ва- пішацца ў астатніх выпадках: выконваць, выконваю, выконваў, выконвалі; адказваць, вымешваць, адмерваць, заканчваць, загадваць, адорваць, разбэшчваць, падстрэльваць, раздумваць, заваёўваць, зацярушваць, дагульваць, размяркоўваць, забінтоўваць, распілоўваць.

У дзеясловах выйграваць і прайграваць пішацца суфікс -ава-.

  1. Калі неазначальная форма дзеяслова закончанага трывання заканчваецца на -іць або -яць з папярэдняй галоснай, то ў незакончаным трыванні перад суфіксам -ва- пішацца й: утаіць - утойваць, супакоіць - супакойваць, засвоіць - засвойваць, узброіць - узбройваць, напаіць - напойваць, склеіць - склейваць, абнадзеіць - абнадзейваць; засеяць - засейваць, абсмяяць - абсмейваць, запаяць - запайваць, настаяць - настойваць.

  1. Суфікс -ен- пішацца ў дзеепрыметніках, утвораных ад дзеясловаў на -іць, -ці: адчынены, выбелены, згублены, супакоены, споены, накормлены, куплены, спаганены, скрыўлены, запылены, дазволены, зроблены, пазнаёмлены, асілены, заклеены, спалены, схілены, разяўлены, прастрэлены; звезены, прынесены, растрэсены, заведзены, спрадзены, пакрадзены, аплецены, мецены.

  2. Пры чаргаванні ў аснове дзеяслова [с'] -[ш], [з'] - [ж], [ц'] - [ч], [дз'] - [дж] у дзеепрыметніках пішацца суфікс -ан-: насіць - ношаны, уразіць - уражаны, запрасіць - запрошаны, круціць - кручаны, апярэдзіць - апярэджаны.

  3. Спалучэнне галоснай я дзеяслоўнай асновы з суфіксам дзеепрыметнікаў -н- пішацца ў тых дзеепрыметніках, якія ўтвораны ад дзеясловаў на -яць: пасеяны, развеяны, змуляны, аблаяны, абстраляны, павыдумляны, абмяняны (ад абмяняць).


Каментарыі. 1. Пункты 1-2 параграфа ўстанаўліваюць правілы ўжывання дзеясловаў пераважна іншамоўнага паходжання з элементамі -ава-/-ява- і -ірава-/-ырава-, а таксама вытворных ад іх назоўнікаў і прыметнікаў (дзеепрыметнікаў). Гэтыя правілы не адносяцца да ўласна арфаграфічных, а датычацца асаблівасцей нарматыўнага словаўжывання варыянтных форм асобных груп беларускай лексікі з асновамі іншамоўнага паходжання. У значнай ступені пункты 1-2 маюць рэкамендацыйны характар, г. зн. адносяцца да дынамічнай нястрогай нормы. У адных выпадках магчымы толькі адзін варыянт з тым ці іншым суфіксальным элементам, у другіх - сучасны узус дапускае абодва варыянты, у трэціх - выбар таго ці іншага варыянта залежыць ад значэння лексемы. Таму ў спрэчных выпадках неабходна звяртацца да слоўнікаў беларускай мовы.

Ніжэй прыводзіцца спіс дзеясловаў беларускай мовы, якія рэкамендуецца пісаць з суфіксамі -ірава-/-ырава-: абаніраваць (і адпаведна вытворныя ад гэтага дзеяслова: абаніравацца, абаніраванне і г. д.), абмундзіраваць (а таксама абмундзіровачны, абмундзіроўвацца, абмундзіроўваць, абмундзіроўка), адбуксіраваць (а таксама адбуксіраваны, адбуксіравацца, адбуксіроўвацца, адбуксіроўваць, адбуксіроўка), адкалібраваць, адлакіраваць, адмаршыраваць, адпаліраваць, адрэпеціраваць адрэпетаваць), адсарбіраваць, акамадзіраваць, акампаніраваць акампанаваць), аксідзіраваць аксідаваць), актаіраваць, акуліраваць, акумуліраваць акумуляваць), аку-піраваць акупаваць), амнісціраваць, анатаміраваць, ангажыраваць ангажаваць), анексіраваць, анестэзіраваць, аперцыпіраваць, апладзіраваць, аранжыраваць, асацыіраваць, асісціраваць, атрафіраваць, афішыраваць афішаваць), базіраваць, баксіраваць, балаціравацца, бальзаміраваць бальзамаваць), бамбардзіраваць, бітумініраваць, блакіраваць, бланшыраваць, бліндзіраваць, бравіраваць, браніраваць (замаўляць месца ў гасцініцы, білет на паездку), браніраваць (пакрываць бранёю), буксіраваць (але буксаваць), вар'іраваць (але вар'явацца), ваціраваць, веніраваць, вентыліраваць, вібрыраваць, візіраваць, віражыраваць, вірыраваць, газіраваць (але газаваць), генерыраваць, гідрыраваць, глісіраваць, градуіраваць, грасіраваць, грыміраваць, гудраніраваць, дазіраваць, дамініраваць дамінаваць), драпіраваць, драселіраваць, дрэніраваць, дрэсіраваць, дубліраваць, дыскусіраваць і дыскуціраваць дыскутаваць), дыферэнцыраваць, дэблакіраваць, дэгазіраваць, дэградзіраваць, дэдуцыраваць, дэзавуіраваць, дэзерціраваць, дэзынфіцыраваць, дэкадзіраваць, дэманціраваць дэмантаваць), дэпаніраваць, дэфібрыраваць, зандзіраваць, інакуліраваць, інвесціраваць інвеставаць), індэксіраваць індэксаваць), інсцэніраваць, інтэрв'юіраваць, інтэрніраваць, інтэрпаліраваць інтэрпаляваць), інтэрпеліраваць інтэрпеляваць), інфіцыраваць, кадзіраваць, кальцыніраваць, камандзіраваць (але камандаваць), каменціраваць каментаваць), кампасціраваць (але кампаставаць), камуфліраваць, канваіраваць, кандыцыяніраваць, канкурыраваць, канстытуіраваць, капеліраваць, капіраваць, капуліраваць, карыгіраваць, карэкціраваць, кастрыраваць, кракіраваць, курсіраваць, лагарыфміраваць лагарыфмаваць), лакіраваць, легіраваць, легітыміраваць легітымізаваць), лесіраваць, лідзіраваць, мадэліраваць мадэляваць), манціраваць, масіраваць, маскіраваць, мігрыраваць, мініраваць, нарміраваць нармаваць), нівеліраваць, нікеліраваць нікеляваць), пазіраваць (але пазаваць), панціраваць, парадзіраваць, парафіраваць, перафразіраваць перафразаваць), пасівіраваць, пастуліраваць, пацініраваць, прафіліраваць, перцыпіраваць, планіраваць (але планаваць), прабіраваць (але прабаваць), прагназіраваць прагназаваць), праграміраваць праграмаваць), пратакаліраваць, прэміраваць, прэпарыраваць прэпараваць), рэпеціраваць, рацыяніраваць, раяніраваць, рэжысіраваць, рэзецыраваць, рэпатрыіраваць, рэпрэсіраваць рэпрэсаваць), рэстаўрыраваць рэстаўраваць), рэферыраваць, сарціраваць сартаваць), сацініраваць, сервіраваць, сінкапіраваць, скандзіраваць, сканіраваць сканаваць), суб'ектывіраваць, субсідзіраваць, субстантывіраваць субстантываваць), суспензіраваць, таніраваць, тарыраваць, траверсіраваць, травесціраваць, транскрыбіраваць, трансліраваць, транслітарыраваць, трасіраваць, траўміраваць, трэніраваць, трэціраваць, факусіраваць, фантазіраваць, фарміраваць (але фармаваць), фармуліраваць фармуляваць), фаршыраваць, штудзіраваць, эвакуіраваць, эмігрыраваць і інш.

Такім чынам, правапіс названых суфіксаў не змяніўся, аднак адбылася істотная карэкціроўка дзеясловаў у бок пашырэння ўжывання суфіксаў -aвa-/-ява- за кошт дзеясловаў з суфіксамі -ipaвa-/-ырава-.


Вяртаючыся да надрукаванага (РС-12-09)

Тое ж самае датычыць і рэкамендацый адносна ўжывання дзеясловаў з -ава-/-ява- і -ірава-/-ырава-, на выкарыстанне якіх у маўленні вельмі моцна ўплывае існуючая лексікаграфічная традыцыя (напрыклад, нарматыўны "Слоўнік беларускай мовы", Мінск, 1987). Вяртаючыся да надрукаваных у № 10 часопіса на с. 57 - 59 каментарыяў, удакладняем, што ў адпаведнасці з п. 1 параграфа 23 "Правіл..." толькі з -ава- неабходна ўжываць словы ангажаваць, бальзамаваць, дыскутаваць, дэградаваць, нармаваць, перафразаваць, прагназаваць, прафіляваць, фармуляваць. У адпаведнасці з п. 2 параграфа 23 паралельна могуць ужывацца дзве формы: базіраваць - базаваць, курсіраваць - курсаваць.
2. Пункты 3-4 параграфа ўстанаўліваюць правілы правапісу дзеяслоўных суфіксаў -ава-/-ява- і -ыва-/-іва-. Пры гэтым асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на сувязь ужывання суфік-саў -ава-/-ява- і -ыва-/-іва- з асаблівасцямі словазмянення (спражэння) адпаведных дзеяслоўных лексем. Таму правапіс гэтых дзеясловаў павінен вывучацца паралельна з вывучэннем асаблівасцей іх спражэння. Фактычна ужыванне гэтых суфіксаў суадносіцца з падзелам дзеясловаў першага спражэння на словазмяняльныя класы.

Параўн.:


словазмяняльная мадэль -ава(ць) - -у(ю) [-yj(y)]: арандаваць (арандаваў, арандавала, арандавалі) - арандую (арандуеш, арандуе, арандуем, арандуеце, арандуюць), арганізаваць - арганізую, бедаваць - бядую, будаваць - будую, вандраваць - вандрую, варагаваць - варагую, векаваць - вякую, гадаваць - гадую, ганьбаваць - ганьбую, дэлегаваць - дэлегую, іншрыгаваць - іншрыгую, інфармаваць - інфармую, іранізаваць - іранізую, існаваць - існую, кананізаваць - кананізую, канкрэтызаваць - канкрэтызую, ладкаваць - ладкую, ліквідаваць - ліквідую, мабілізаваць - мабілізую, мітынгаваць - митингую, начаваць - начую, панікаваць - панікую, парадкаваць - парадкую, радаваць - радую, расходаваць - расходую, рэдагаваць - рэдагую, святкаваць - святкую, сердаваць - сярдую, смакаваць - смакую, смуткаваць - смуткую, спрабаваць - спрабую, трамбаваць - трамбую, турбаваць - турбую, фарбаваць - фарбую, характарызаваць - характарызую, чаргаваць -чаргую, шкадаваць - шкадую, шпігаваць - шпігую, шчыраваць - шчырую і г. д. Гэтым правілам адпавядае напісанне і словазмяненне дзеясловаў з суфіксамі -ірава-/-ырава- (камуфліраваць - камуфлірую, канкурыраваць - канкурырую);

словазмяняльная мадэль -іва(ць)/-ыва(ць) -іва)/-ыва(ю) [-іва;(у)/-ыва)(у)]: абліваць (абліваў, аблівала, аблівалі) - абліваю (абліваеш, аблівае, абліваем, абліваеце, абліваюць), аздобліваць - аздобліваю, абцярэбліваць - абцярэбліваю, ахопліваць - ахопліваю, выкрэсліваць - выкрэсліваю, выломліваць - выломліваю, злепліваць - злепліваю, надломліваць - надломліваю, насупліваць - насупліваю, падтрымліваць - падтрымліваю, счэпліваць - счэпліваю і г. д. Суфіксы -іва-/-ыва- пішуцца ў абмежаванай колькасці дзеясловаў першага спражэння, што абумоўлена іх выкарыстаннем толькі пасля спецыфічнага збегу зычных, апошні з якіх р, л або н. Да гэтага ж правапіснага і словазмяняльнага тыпу адносяцца і дзеясловы, у якіх элементы -іва-/-ыва- суфіксамі не з'яўляюцца: збрываць - збрываю, змываць - змываю, зрываць - зрываю і інш. (параўн. брыць, мыць, рваць).



  1. У беларускай мове пераважная большасць прыставачных дзеясловаў незакончанага трывання пішацца з суфіксам -ва- і не ўтварае правапісных цяжкасцей. Аднак у дадзеным выпадку трэба ўлічваць уплыў рускай мовы, у якой адпаведныя дзеясловы ўжываюцца, як правіла, з суфіксамі -ива-/-ыва-, напрыклад, пританцовывать (бел. прытанцоўваць), уговаривать (бел. угаворваць), заканчивать (бел. заканчваць), приказывать (бел. загадваць), раздумывать (бел. раздумваць), завоёвывать (бел. заваёўваць), перебинтовывать (бел. перабінтоўваць) і г. д. У сучаснай моўнай сітуацыі, калі руская мова рэальна пераважае ва ўсіх сферах ужытку і паралельна выкладаецца ў школе, названая акалічнасць істотна ўплывае на правільнасць напісання гэтай шматлікай групы дзеясловаў у беларускай мове.

  2. У пункце 6 параграфа звяртаецца ўвага на асаблівасці правапісу суфікса -ва- дзеясловаў незакончанага трывання, якія суадносяцца з дзеясловамі закончанага трывання на -іць або -яць з папярэдняй галоснай: абнадзеіць - абнадзейваць, засвоіць - засвойваць, выкраіць - выкройваць, наклеіць - наклейваць, напаіць - напойваць, супакоіць - супакойваць, склеіць - склейваць, узброіць - узбройваць, утаіць - утойваць; абсмяяць - абсмейваць, высмеяць - высмейваць, запаяць - запайваць, засеяць - засейваць, настаяць - настойваць, прасеяць - прасейваць і г. д. Цяжкасці ў напісанні гэтых дзеясловаў у беларускай мове таксама звязаны з уплывам рускай мовы, у якой адпаведныя адзінкі пішуцца з -ива- (выкраивать, наклеивать, настаивать, осмеивать, просеивать, склеивать, усваивать, успокаивать, утаивать).

  3. У пунктах 7-9 параграфа ўстанаўліваюцца правілы напісання дзеепрыметнікаў з суфіксамі -ан-, -ян-, -ен-. Правілы правапісу -ан-, -ян-, -ен- у дзеепрыметніках засталіся без змен.

Такім чынам, як можна бачыць, у беларускай мове правапіс дзеясловаў і іх форм, а таксама дзеепрыметнікаў звязаны з асаблівасцямі іх утварэння і словазмянення. Гэта абумоўлівае мэтазгоднасць звяртання да правапісу дзеясловаў пры іх вывучэнні як часціны мовы ў раздзеле "Марфалогія".

  1. Суфікс -ец- (-ац-) пішацца ў назоўніках мужчынскага роду. Пры змяненні слова галосны выпадае: акраец, індыец, разец, ісцец (родны склон істца), плывец, мсцівец, вясковец, кармілец, удалец, баец, бельгіец, незнаёмец, канькабежац, аварац, запарожац.

  2. Суфікс -іц- (-ыц-) пішацца ў назоўніках жаночага роду і беглага галоснага не мае: ваколіца, патыліца, спадарожніца, мсцівіца, карміліца, розніца, кірыліца, кніжыца.

  3. Памяншальна-ласкальны суфіксальны комплекс -ічк- (-ычк-) пішацца ў назоўніках жаночага роду, якія ўтварыліся ад слоў з фіналлю -іц- (-ыц-): лесвічка, крынічка, сунічка, завушнічка, запальнічка, палічка (ад паліца), сястрычка.

У астатніх выпадках пішацца памяншальна-ласкальны суфіксальны комплекс -ечк- (-ачк-): дзядзечка, бутэлечка, лялечка, цётачка, галовачка, булачка, палачка (ад палка), рэчачка, курачка (ад курка), качачка, божачка, вушачка, Сонечка, Волечка, Ванечка, Жэнечка, Сцёпачка, Наташачка, Ганначка.

  1. Суфікс -ак- (-ек-) пішацца не пад націскам у назоўніках, якія ва ўскосных склонах губляюць суфіксальнае а ці е: сшытак - сшытка, пасынак - пасынка, каласочак - каласочка, дожджычак - дожджычку, прыцемак - прыцемку, аловак - алоўка, перашыек - перашыйка.

  2. Суфіксы -ік- (-ык-), -нік-, -чык- пішуцца нязменна ва ўсіх формах слоў: конік - коніка, столік - століка, хлопчык - хлопчыка, дожджык -дожджыку, вожык - вожыка, тэарэтык - тэарэтыка, спадарожнік - спадарожніка, пеўнік - пеўніка, дарадчык - дарадчыка.

  3. Суфікс -ень- (-ань-) ва ўскосных склонах у адных назоўніках захоўвае галосны, у другіх яго губляе: вусень - вусеня, прамень - праменя; але: вучань - вучня, шчэбень - шчэбню, валасень - валасня. Часам дапускаюцца абедзве формы: кіпень - кіпеню і кіпню.

16. Суфіксы -чык- (-чыц-) і -шчык- (-шчыц-) ужываюцца пры ўтварэнні назоўнікаў, якія называюць людзей паводле заняткаў.

Суфікс -чык- (-чыц-) пішацца:

калі ўтваральная аснова заканчваецца на пярэднеязычныя д, т, з, с: аб'ездчык, дакладчык, дарадчыца, наладчык, ракетчик, пераплётчыца, лётчык, грузчык, возчык, рэзчык, перапісчык, перапісчыца (а таксама ў адпаведных прыметніках: дарадчыцкі, перапісчыцкі і інш.);

калі ў канцы ўтваральнай асновы адбываецца чаргаванне [г] - [ж]: перабягаць - перабежчык, перабежчыца, перабежчыцкі, нябога - нябожчык, абцягваць - абцяжчыца.

Суфікс -шчык- (-шчыц-) пішацца:

калі аснова заканчваецца на санорныя р, л, м, н, й: зваршчык, наборшчыца, вугальшчык, мадэльшчык, прыбіральшчыца, атамшчык, паромшчык, бетоншчыца, згоншчык, мыйшчык, пайшчык, пайшчыца, забойшчык (а таксама ў адпаведных прыметніках: наборшчыцкі, пайшчыцкі і інш.);

пасля спалучэнняў тых жа санорных з наступнымі т, г утваральнай асновы: працэнт - працэнтшчыца, аліменты - аліментшчык, аліментшчыца, кобальт - кобальтшчык, цюбінг - цюбінгшчык;

калі ўтваральная аснова заканчваецца на губныя зычныя б, п, м, ф і ў в): рубшчык, гардэробшчыца, апалубшчык, падкопшчык, скупшчык, скупшчыца, паромшчык, літаграфшчык, бунтаўшчык, нарыхтоўшчык, палясоўшчык, забудоўшчык.

17. 3 дапамогай суфіксаў -чын- і -шчын- утвараюцца дзве семантычна розныя групы назоўнікаў: назоўнікі са значэннем пэўнай грамадскай з'явы і назоўнікі са значэннем рэгіёна, абшару.

Суфікс -чын- пішацца пасля ўтваральных асноў, што заканчваюцца на д - т, з - с, ж - ш, дж -ч: складчына (склад-), спадчына (спад-), азіятчына (азіят-), салдатчына (салдат-), братчына (брат-), старасветчына (-свет-), казаччына (казак-/казач-), рэкрутчына (рэкрут-); Валагодчына (валагод-), Брэстчына (брэст-), Навагрудчына (навагруд-), Ноўгарадчына (ноўгарад-), Суражчына (сураж-), Добрушчына (добруш-), Нямеччына (нямец-/нямеч-), Турэччына (турэц-/турэч-), Дабружчына (дабруж-), Глушчына (Глуск: глух-/глуш-), Грэшчына (Грэск: грэс-/грэш-), Полаччына (Полацк: полат-/полац-/noлач-), Случчына (Слуцк: слуц-/случ-).

Суфікс -шчын- пішацца пасля ўтваральных асноў, што заканчваюцца на губныя б, п, м, ф, в або санорныя н, р, л, й, а таксама ў (з в або л): скупшчына (скуп-), здзельшчына (здзель-), нелегальшчына (нелегаль-), партызаншчына (партызан-), мінуўшчына (мінул-/мінуў-), суб'ектыўшчына (суб'ектыв-/ суб'ектыў-), літаратуршчына (літаратур-), ваеншчына (ваен-), кампанейшчына (кампаней-), тарабаршчына (тарабар-), татаршчына (татар-), канцыляршчына (канцыляр-), папоўшчына (папов-/папоў-), хаваншчына (хаван-), мітынгоўшчына (мітынгов-/мітынгоў-), цыганшчына (цыган-); Браслаўшчына (браслаў-), Гомельшчына (гомель-), Гуцульшчына (гуцуль-), Гродзеншчына (гродзен-), Смаленшчына (смален-), Міншчына (мін-), Бабруйшчына (бабруй-), Зэльвеншчына (зэльвен-), Магілёўшчына (магілёў-), Віцебшчына (віцеб-).

Суфікс -шчын- пішацца і тады, калі ўтваральная аснова заканчваецца зычным з папярэднім санорным: інтэлігентшчына (інтэлігент-), эмігрантшчына (эмігрант-), Самаркандшчына (Самарканд).

18. У прыметніках і прыслоўях з ласкальным значэннем:

пасля мяккіх зычных незалежна ад месца націску пішацца суфікс -еньк-: круценькі, маленькі, ціхенька, паўнюсенька, утульненькі, нізенькі, беленькі, борздзенькі, хуценька;

пасля цвёрдых зычных пад націскам пішацца суфікс -эньк-, а не пад націскам -аньк-: даражэнькі, старэнькі, харошанькі, свежанькі, добранькі, гарачанькі.

  1. Падвоенае нн пішацца ў суфіксальнай марфеме -энн- (-енн-) у прыметніках з павелічальным значэннем (страшэнны, здаравенны, таўсценны, худзенны, высачэнны), у прыметніках з якасна-адносным значэннем (дратвенны, брытвенны, дарэформенны, абедзенны, свяшчэнны, вогненны).

  2. Падвоенае нн пішацца на стыку ўтваральнай асновы і суфікса паміж галоснымі:

калі ўтваральная аснова заканчваецца на н, а суфікс пачынаецца з гэтай жа літары: дзённік, імяніннік, сяннік, маліннік, выгнаннік, дзянніца, абранніца, падаконнік, коннік, конны, сасоннік, карцінны, дывізіённы, гартанны, глыбінны, вінны, летуценны, паддонны, ваенны, вясенні, няспынны, бяссонны, айчынны, бязвінны, незаменны, прасцінны, дрэнны, дабрачынны, параённы;

калі аснова слова заканчваецца на нн, а суфікс пачынаецца зычным н: ванны (набор), манныя (крупы);

у прыметніках, утвораных ад назоўнікаў на -мя: іменны, імянны, пайменны, племянны, страмянны, цемянны.

Выключэнне: палымяны.

21. Суфіксы -ск- і -ств- пішуцца:

калі ўтваральная аснова заканчваецца на с, то на пісьме спалучэнне сс перадаецца адной літарай: матроскі, рускі, беларускі хакаскі, папуаскі, тунгускі лаоскі гандураскі, уэльскі, адэскі, арзамаскі, вільнюскі, чавускі, копыскі, палескі, залескі, прускі, тбіліскі, кутаіскі, туніскі, эскімоскі, індускі, пелапанескі;

калі ўтваральная аснова заканчваецца на д, з, то спалучэнне іх з суфіксальным с падаецца як дс, зс: горад - гарадскі, люд - людскі, грамада - грамадства, сусед - суседскі, пароход - пароходства, бяда - бедства, Бесядзь - бесядскі; француз -французскі, Каўказ - каўказскі, Сілезія - сілезскі;

у словах, вытворных ад асноў славянскага паходжання на к, спалучэнне к з суфіксальным с на пісьме перадаецца як ц: лясніцтва, мастацтва, сваяцтва, спаборніцтва, гарняцкі, казацкі, крыжацкі, сакавіцкі, асветніцкі, наглядальніцкі, славацкі, гарадоцкі, беластоцкі, уладзівастоцкі, чашніцкі;

у словах, утвораных ад асноў на к неславянскага паходжання, на пісьме захоўваецца спалучэнне кс: арынокскі, нью-ёркскі, бангкокскі, бузулукскі, цюркскі, каракскі, каракалпакскі, квебекскі, таджыкскі, узбекскі;

у прыметніках, утвораных ад геаграфічных назваў на -ка, -кі, зычны к (калі перад ім ёсць іншы зычны) у канцы слова перад суфіксам -ск- знікае: крупскі (Крупкі), дудзінскі (Дудзінка), церахоўскі (Церахоўка), ямайскі (Ямайка), вяцкі (Вятка); але: касабланкскі;

калі ўтваральны назоўнік заканчваецца на літары -ск, то суфікс -ск- зліваецца з імі: Пінск - пінскі, Глуск - глускі, Новасібірск - новасібірскі, Дамаск - дамаскі, этруск - этрускі; але: баск - баскскі;

калі ўтваральная аснова слова заканчваецца на т, ц, ч, а суфікс пачынаецца зычным с, то спалучэнні тс, цс, чс на пісьме перадаюцца праз ц згодна з вымаўленнем: агенцтва, балцкі, брацкі, адвакацкі, салдацкі, лабаранцкі, парламенцкі, брэсцкі, бейруцкі, пa-фармалісцку, па-інтэлігенцку, выдавецтва, кравецкі, івянецкі, прыпяцкі, суэцкі, па-спажывецку, пa-купецку, ткацкі, баранавіцкі, парыцкі, грэцкі (арэх), скрыпацкі, чытацкі, па-дзявоцку;

калі ўтваральная аснова слова заканчваецца на ж, ш, х (у тым ліку і пры чаргаванні [г] - [ж], [х] - [ш]), а суфікс пачынаецца зычным с, то спалучэнні жс, шс у агульных назвах перадаюцца толькі адным с: таварыш - таварыства, харошы - хараство, мног/множ - мноства, убог/убож - убоства, бог/бож - боскі, птах/пташ - птаства, наш - наскі, а таксама княжыць - княства. У некаторых выпадках напісанне такіх слоў вызначаецца па слоўніку, чаргаванне [г] - [ж], [х] - [ш] адсутнічае: Буг - бугскі, Гаага - гаагскі Катанга - катангскі, казах - казахскі, Цюрих - цюрыхскі, Карабах – карабахскі, фелах - фелахскі, шах – шахскі, ніўх - ніўхскі, Пецярбург - пецярбургскі;

у прыметніках, утвораных ад уласных назваў і назваў народаў, спалучэнні жс, шс перадаюцца нязменна: Нясвіж - нясвіжскі, Сураж - суражскі, Парыж - парыжскі, Балхаш - балхашскі, латыш - латышскі, чуваш - чувашскі, Волг/ Волж - волжскі, чэх/чэш - чэшскі, Праг/Праж - пражскі, вараг/вараж - варажскі.

22. Падвоенае цц пішацца:

у інфінітыве зваротных дзеясловаў: змагацца, брацца, купацца, вучыцца, прасіцца, імчацца;

у трэцяй асобе адзіночнага і множнага ліку зваротных дзеясловаў: змагаецца, змагаюцца, бярэцца, бяруцца, купаецца, купаюцца, вучыцца, вучацца, просіцца, просяцца, імчыцца, імчацца;

у лічэбніках адзінаццаць - дваццаць, трыццаць і вытворных ад іх: адзінаццаты, дваццатка, пятнаццацігадовы.
Каментарыі. Правілы правапісу суфіксаў і суфіксальных комплексаў -ец- (-ац-), -іц- (-ыц-), -ічк- (-ычк-), -ечк- (-ачк-), -ак- (-ек-), -ік- (-ык-), -нік-, -чык-, -ень- (-ань-), -чык- (-чыц-) і -шчык-(-шчыц-), -чын- (-шчын-), -еньк- (-эньк-, -аньк-), -энн- (-енн-), -ск-, -ств-, а таксама падвоеных зычных -нн- і -цц- на стыку марфем засталіся без змен. Аднак пры засваенні правіл правапісу гэтых суфіксаў і суфіксальных комплексаў (фактычна спалучэнняў асобных суфіксаў) неабходна мець на ўвазе некаторыя моманты, звязаныя з асаблівасцямі скланення некаторых груп назоўнікаў, а таксама з асаблівасцямі правапісу спалучэнняў зычных на стыку суфіксаў і каранёвых марфем.

1. Пры скланенні назоўнікаў мужчынскага роду з суфіксам -ец- (-ац-) ва ўскосных склонах адбываецца чаргаванне суфіксальных галосных е і я з нулём гука: кармілец - кармільца, тапелец - тапельца, удалец - удальца, баец - байца, бельгіец - бельгійца, незнаёмец - незнаёмца. Гэтая з'ява мае універсальны характар незалежна ад месца націску ва ўскосных склонах дадзеных назоўнікаў. На гэтую асаблівасць ужывання суфіксаў -ец- (-ац-) неабходна звяртаць пільную ўвагу па той прычыне, што пры скланенні назоўнікаў жаночага роду з суфіксамі -іц- (-ыц-) падобнае чаргаванне не назіраецца: спадарожніца - спадарожніцы, мсцівіца - мсцівіцы, кар-міліца - карміліцы.

2. Аналагічнае чаргаванне ўласціва і ўскосным склонавым формам назоўнікаў мужчынскага роду з суфіксамі -ак- (-ек-) не пад націскам: сшытак - сшытка, пасынак - пасынка, каласочак - каласочка. Для суфіксаўжа -ік- (-ык-), -нік-, -чык- такое чаргаванне не характэрна: конік - коніка, столік - століка, хлопчик - хлопчыка.

3. Пэўныя цяжкасці ўяўляе правапіс назоўнікаў мужчынскага роду з суфіксам -ень- (-ань-), паколькі ва ўскосных склонах чаргаванне суфіксальных галосных е і а з нулём гука адбываецца непаслядоўна: вусень - вусеня, прамень - праменя, але: вучань - вучня, шчэбень - шчэбню, валасень - валасня. У некаторых выпадках літаратурная норма дапускае ўжыванне форм з чаргаваннем і без чаргавання: кіпень - кіпеню і кіпню Параўнаем яшчэ прыклады: чэрвень - чэрвеня, студзень - студзеня, ліпень - ліпеня, скрыпень - скрыпеню; лежат - лежня, снежань - снежня, дурань - дурня, зазубень - зазубня, галавень - галаўня, плавень - плаўня (заал.), певень - пеўня, бівень - біўня, жнівень - жніўня, вязень - вязня.

Аналагічным чынам паводзяць сябе і назоўнікі мужчынскага роду, у якіх гукавыя элементы -ень- (-ань-) наогул не з'яўляюцца суфіксамі ці выяўляюцца толькі этымалагічна: корань - кораня, рэвень - рэвеню, камень - каменя, струмень - струменя, ячмень - ячменю; сажань - сажня, стрыжань - стрыжня, поршань - поршня, шэршань - шэршня, клубень - клубня, шчэбень -шчэбню, слівень - сліўня, узровень - узроўню, дзень - дня, авадзень - авадня, пярэдадзень - пярэдадня, поўдзень - поўдня, злыдзень - злыдня, тыдзень - тыдня, брэдзень - брэдня.

У аналагічных назоўніках жаночага роду суфіксальныя галосныя е і а пры скланенні паслядоўна захоўваюцца: ростань - ростані, прыстань - прыстані, печань - печані, чырвань - чырвані, а таксама здань - здані і інш.

4. Правапіс суфіксаў -чык- (-чыц-) і -шчык- (-шчыц-), -чин- (-шчын-) рэгламентуецца наступнымі правіламі: "На пісьме неабходна адрозніваць суфіксы з пачатковым ч (-чык-, -чыц(й), -чын-) ад суфіксаў з пачатковым шч (-шчын-, -шчыц(а), -шчын-).

1. Суфіксы з пачатковым ч пішуцца:

а) калі ўтваральная аснова канчаецца на пярэднеязычныя д, т, з, с, ж, ч: дакладчык, складчина, перакладчык, загадчык, летчык, пераплётчык, мінамётчык, возчык, грузчык, перапісчык, перабежчык. Калі ж перад канцавымі д або т утваральнай асновы стаіць п, м, н або й, тады замест пачатковага суфіксальнага ч пішацца шч: брыльянтшчык, рамонтшчык, флейтшчык;

б) калі ўтваральная аснова канчаецца зычнымі к або ц, прычым апошнія перад суфіксальным ч пераходзяць у ч: картатэка - картатэччык.



2. Суфіксы з пачатковым шч пішуцца ў тым выпадку, калі ўтваральная аснова канчаецца на губныя б,п,ф і в (якое чаргуецца з ў) або санорныя м, н, р, л(ь) і й: бетоншчык, зборшчык, перакупшчык, забойшчык, пайшчыца, закройшчыца, мадэльшчык, здзельшчына" (Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. Мінск, 1959, с. 38).

  1. Пры вывучэнні правапісу прыметнікаў і прыслоўяў з ласкальным значэннем з суфіксам -аньк- неабходна звярнуць увагу на магчымы інтэрферэнцыйны ўплыў рускай мовы, у якой аналагічныя лексічныя адзінкі пішуцца з суфіксам -еньк-: харошанькі (рус. хорошенький), свежанькі (рус. свеженький), добранькі (рус. добренький).

  2. На засваенне правапісу слоў з суфіксамі -ск- і -ств- пасля асноў на т, ц, ч таксама можа ўплываць руская мова. Параўн.: агенцтва (рус. агентство), балцкі (рус. балтский), брацкі (рус. братский), брацтва (рус. братство), адвакацкі (рус. адвокатский), салдацкі (рус. солдатский), лабаранцкі (рус. лаборантский), парламенцкі (рус. парламентский), брэсцкі (рус. брестский), бейруцкі (рус. бейрутский), па-фармалісцку (рус. по-формалистски), па-інтэлігенцку (рус. по-интеллигентски) і г. д.

  3. Пры вывучэнні правілаў правапісу падвойнага цц у дзеясловах і лічэбніках таксама неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на магчымы інтэрферэнцыйны ўплыў рускай мовы, у якой аналагічныя словы пішуцца па-іншаму (беларускаму спалучэнню зычных цц адпавядаюць рускія спалучэнні зычных тс і дц):

у інфінітыве зваротных дзеясловаў: брацца (рус. браться), купацца (рус. купаться), вучыцца (рус. учиться);

у трэцяй асобе адзіночнага і множнага ліку зваротных дзеясловаў: купаецца (рус. купается), купаюцца (рус. купаются), вучыцца (рус. учится), вучацца (рус. учатся);

у лічэбніках адзінаццаць (рус. одиннадцать), дванаццаць (рус. двенадцать), чатырнаццаць (рус. четырнадцать), дваццаць (рус. двадцать), трыццаць (рус тридцать), адзінаццаты (рус. одиннадцатый), дваццатка (рус. двадцатка), пятнаццацігадовы (рус. пятнадцатилетний).
ПРАВАПІС ВЯЛІКАЙ І МАЛОЙ ЛІТАР
Каментарый. Правілы правапісу вялікай і малой літар адносяцца да ліку найбольш складаных у сучаснай беларускай арфаграфіі. Па-першае, правапіс вялікай і малой літар абумоўлены не асаблівасцямі гукавога ладу беларускай мовы, а толькі традыцыяй выкарыстання пісьмовай мовы. Таму сфармуляваныя ў главе 6 ("Правапіс вялікай і малой літар") правілы адносяцца да разраду традыцыйных. Зразумела, што напісанні паводле традыцыі звычайна вельмі цяжка паддаюцца сістэматызацыі і уніфікацыі, часта бываюць недастаткова сістэмнымі і нават непаслядоўнымі, залежаць ад спецыфікі ўжывання лексічных адзінак і г. д. Па-другое, правілы правапісу вялікай і малой літар датычацца не толькі асобных лексічных адзінак, але і вялікай колькасці неаднаслоўных найменняў, у якіх часта складана пераплятаюцца правілы напісання вялікай і малой літар першага і астатніх кампанентаў такіх неаднаслоўных назваў. Па-трэцяе, аднаслоўныя і неаднаслоўныя найменні, якіх датычацца правілы правапісу вялікай і малой літар, уяўляюць сабой вельмі рухомы і зменлівы пласт намінатыўных адзінак мовы. У практыцы сучаснага маўлення пастаянна з'яўляюцца новыя назвы, якія патрабуюць рэгламентацыі адносна напісання вялікай ці малой літары, і часта гэтая моўная праблема вырашаецца асобна ў кожным канкрэтным выпадку Нарэшце, у моўнай практыцы функцыянуюць цэлыя групы найменняў, у якіх напісанне вялікай ці малой літары дыктуецца не столькі агульнапрынятымі і нарматыўна замацаванымі правіламі, колькі прагматычнымі аспектамі самога маўленчага акта, патрабаваннямі дыпламатычнага этыкету і палітычнай карэктнасці.

Відавочна, што фармулёўка правіл правапісу вялікай і малой літар у беларускай мове з'яўляецца складанай справай, а самі правілы часта маюць не універсальны, а толькі рэкамендацыйны характар. Пры іх падрыхтоўцы распрацоўшчыкі імкнуліся таксама, каб гэтыя правілы мінімальна адрозніваліся ад адпаведных правіл правапісу вялікай і малой літар у рускай мове, што апраўдана сучаснай моўнай сітуацыяй і практычнымі патрэбамі школьнага навучання.

Усё адзначанае робіць актуальным падрыхтоўку адпаведных нарматыўных слоўнікаў, якія павінны забяспечыць правільнае выкарыстанне вялікай і малой літар у пісьмовых тэкстах самых розных жанраў. Звяртанне да такіх слоўнікаў абавязковае пры вывучэнні як саміх правіл правапісу, так і пры стварэнні пісьмовых тэкстаў.



Достарыңызбен бөлісу:
1   2   3   4   5   6   7   8   9




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет