§ 10. Зычныя літары
-
Для абазначэння зычных гукаў у беларускай мове выкарыстоўваецца 21 літара: б, в, г, д, ж, з, й, к, л, м, н, п, р, с, т, ў, ф, х, ц, ч, ш.
-
Асобныя гукі не маюць спецыяльных літар: афрыкаты [дж], [дз] і мяккі [дз'] перадаюцца на пісьме адпаведна спалучэннямі літар д і ж, д і з: хаджу, ваджу, ксяндзы, пэндзаль, хадзіў, вадзіў, дзюны, дзеці, дзіва.
-
Гук [й] перадаецца або літарай й (на канцы склада пасля галосных: рэйка, май), або літарамі е, ё, і, ю, я, якія адпаведна абазначаюць спалучэнні гукаў [йэ], [йо], [йі], [йу], [йа] ў пачатку слова, пасля галосных, апострафа, раздзяляльнага мяккага знака і ў (у нескладовага): яма, ёмкі, ехаць, іней, юшка, маянэз, аб'ява, пад'ём, пад'ехаць, раз’юшаны, уецца, уюн, маёр, медальён, салаўі, салью, альянс, саўю.
Каментарыі: Дадзенае правіла тлумачыць асноўныя заканамернасці выкарыстання літар беларускага алфавіта для абазначэння зычных гукаў. Тут трэба звярнуць увагу на некалькі момантаў.
-
У беларускім алфавіце зычных літар значна менш, чым зычных гукаў. Таму адна літара звычайна выкарыстоўваецца для абазначэння як цвёрдых, так і мяккіх зычных. Адлюстраванне на пісьме цвёрдасці і мяккасці зычных забяспечваецца складовым прынцыпам беларускай графікі (на цвёрдасць ці мяккасць зычнага ўказвае спалучэнне адпаведнай зычнай літары з ётаванай ці няётаванай галоснай літарай і мяккім знакам).
-
У беларускім алфавіце адсутнічаюць спецыяльныя літары для абазначэння на пісьме афрыкат [дж], [дз] і [дз']. Яны перадаюцца спалучэннямі літар д і ж, д і з: дзень, дзіва, дзверы, дзікі, ксёндз, пэндзаль, ураджай, джала і інш. Варта звярнуць увагу на тое, што цвёрды [дз] у беларускай мове сустракаецца вельмі рэдка, фактычна толькі ў запазычаных словах ксёндз і пэндзаль (і вытворных ад іх), а таксама ў дзеяслове дзынкаць, утвораным ад гукапераймання дзынь-дзынь. У дадзеным выпадку важна помніць, што дыграфы (спалучэнні літар) дж і дз не з'яўляюцца асобнымі літарамі, і гэта абумоўлівае асаблівасці скарачэння слоў з пачатковымі Дж і Дз, напрыклад, Дзянісаў Дзмітрый Дзям'янавіч (Дзянісаў Д.Д.).
-
У беларускім алфавіце ёсць спецыфічная літара ў, якая адрознівае яго ад іншых нацыянальных кірылічных славянскіх алфавітаў. Правілы правапісу гэтай літары сфармуляваны ў § 15.
-
Пэўную спецыфіку мае ўжыванне ў беларускай пісьмовай мове літары й, якая абазначае гук [й]. Літара й выкарыстоўваецца для абазначэння гука [й] толькі ў сярэдзіне слова і ў канцы. Гэта азначае, што літара Й (вялікае) на пісьме фактычна не ўжываецца. Яна можа выкарыстоўвацца толькі ў тых выпадках, калі ўсё слова ці выраз пішуцца вялікімі літарамі, напрыклад: АРГАНІЗАЦЫЯ АБ'ЯДНАНЫХ НАЦЫЙ, КРАІНА МАЙГО ДЗЯЦІНСТВА.
§11. Правапіс звонкіх і глухіх зычных
-
Чаргаванне звонкіх і глухіх зычных (акрамя прыставачнага з) на пісьме не адлюстроўваецца. Для праверкі правільнасці напісання звонкіх і глухіх зычных трэба змяніць слова ці падабраць іншае аднакаранёвае слова, каб пасля зычнага, які патрабуе праверкі, быў галосны або зычныя р, л, м, н, в: рыбка - рыба, магчы - магу, кладка - кладак, даведка - даведацца, дзядзька -дзядзечка, хадзьба - хадзіць, казка - казаць, важкі - важыць, просьба - прасіць, касьба - касіць, носьбіт - насіць, малацьба - малаціць, рубчык - рубец, паўзці - паўзу, малодшы - малады; хлеб - хлеба, рог - рога, дзед - дзеда, поезд - поезда, роўнядзь -роўнядзі, сядзь - сядзі, нож - нажа, маж - мажаш, лістаж - лістажу, воз - воза, мазь - мазі, дождж - дажджу, рэж - рэжу, а таксама розаг - розгі, мозг - мазгі, лязг - лязгаць, грыб - грыбны, грыбніца, бег - беглы, бегма, загадка - загадны, загадваць, ножка - нажны. Словы лязг, лязгаць маюць варыянты ляск, ляскаць.
-
Правапіс уласнабеларускіх і запазычаных слоў, у якіх напісанне звонкіх і глухіх зычных нельга праверыць, вызначаецца па слоўніку: футбол, баскетбол, вакзал, айсберг, струбцына, экзамен, Афганістан.
Каментарыі: Гэтае правіла засталося без змен. У ім сфармуляваны прынцыпы нязменнага правапісу глухіх і звонкіх зычных (акрамя прыставачнага з) незалежна ад пазіцыі і вымаўлення. Фактычна пацвярджаецца марфалагічны прынцып правапісу зычных літар у беларускай мове. Для таго каб вызначыць, якую літару трэба пісаць, неабходна падабраць такое роднаснае слова (ці форму слова), каб дадзены гук знаходзіўся ў моцнай пазіцыі. Менавіта па гэтай пазіцыі і вызначаецца правільнае напісанне. Напрыклад, у слове казка (вымаўляецца [каска]) пішацца літара з, таму што ў словах казаць, казачны выразна вымаўляецца гук [з]. Наадварот, у слове коска 'малая каса' пішацца с, таму што ў словах каса, касавіца, касіць, касец выразна вымаўляецца гук [с].
Цяжкасць у гэтых адносінах выклікаюць словы, у якіх правапіс звонкіх і глухіх зычных не правяраецца. Напісанне такіх слоў, a іх у сучаснай беларускай мове даволі шмат, правяраецца па слоўніку.
Напрыклад: абсалютны (а таксама аднакарэнныя абсалютызм, абсалютаваць, абсалютызацыя і інш.), абсарбент, абсерваторыя, абскурант, абстрагаванне, абстрактны, абстракцыянізм, абструкцыя, абсурд, абсурдны, абсцэс, абцас, абцугі, абшлаг, айсберг, афганец, баскетбол, бейсбол, вакзал, віндсёрфінг, гангстар, дысгармонія, ландкарта, ландшафт, субкантынент, субклетачны, субсідыя, субстантыўнасць, субстантыўны, субстрат, субтропікі, субцітр, фісгармонія, футбол, экзабіялогія, экзаменаваць, экзаменатар, экзатычны, экзістэнцыяльны і інш.
Заўвага: Прыстаўка іншамоўнага паходжання дыс- пішацца нязменна, незалежна ад наступнай літары. Параўн.: дыскваліфікацыя, дысгармонія, але: распілаваць, разбіць.
§ 12. Зычныя д, т і дз, ц
-
Чаргаванне цвёрдых зычных гукаў [д], [т] з мяккімі [дз'], [ц'] (дзеканне і цеканне) адлюстроўваецца на пісьме: замест д, т перад е, ё, і, ю, я пішуцца адпаведна дз, ц: гарады - у горадзе, народы - у народзе, сады - у садзе, іду - ідзём, вяду - вядзі, вада - вадзяны, грудны - грудзі, люду -людзі, варта - на варце, хата - у хаце, чысты -чысцюткі, выток - выцякаць, карта - на карце, катлы - кацёл, тру - церці, шосты - шэсць, пяты - пяць, латынь - лацінка.
-
Чаргаванне [д], [т] з [дз'], [ц'] адбываецца перад мяккім [в']: два - дзве, дзвесце,рута -руцвяны, мёртвы - мярцвяк, чатыры - чацвёрты, чэрствы - счарсцвелы.
Літара ц і афрыката дз перад мяккім [в'] пішуцца згодна з вымаўленнем у словах: дзверы, мядзведзь, бацвінне, цвёрды, цвярозы, цвік, цвілы, цвісці, ліцвін, ліцвінка, яцвяг, Мацвей, Мацвеенка, Бацвіннік і інш. Выключэнне: твіст.
3. Гукі [д] у канцы прыстаўкі і [т] у складзе суфікса перад мяккім [в'] захоўваюцца нязменна і на пісьме перадаюцца адпаведна літарамі д і т: адвезці, у таварыстве, у агенцтве, у выдавецтве, аб прыродазнаўстве, у грамадстве, у братэрстве.
Гук [т] вымаўляецца нязменна і на пісьме перадаецца літарай т перад мяккім [в'] у аддзеяслоўных назоўніках і ў словах, вытворных ад іх: бітва - у бітве, брытва - брытве, брытвенны, клятва - клятве, клятвенны, пітво - у пітве, паства - у пастве. Літары д i m пішуцца таксама ў некаторых іншых словах: мардва - мардве, мардвін, Мардвінаў, Літва - у Літве.
-
У запазычаных словах (а таксама ў вытворных ад іх) цвёрдыя д, т, як правіла, пішуцца нязменна: рэйсфедар, дэлегат, дэманстрацыя, медыцына, апладысменты, індык, літаратура, майстар, матэрыял, універсітэт, кватэра, тэхніка, тыраж, скептык, ерэтык, пластык, тэарэтык, авантура, дыктатура.
-
Перад суфіксамі і спалучэннямі суфіксальнага паходжання -ін-, -ір-, -ік-, -ёр-, -еец-, -ейск-у словах іншамоўнага паходжання, а таксама ў словах, вытворных ад іх, [д] і [т] чаргуюцца з [дз'], [ц'], што і адлюстроўваецца на пісьме: сульфіды - сульфідзін, каманда - камандзір, індзеец, індзейскі (але: Індыя - індыец, індыйскі, індыйцы), гвардыя - гвардзеец, гвардзейскі, мантаж - манцёр, манціроўка, манціровачны, білет - білецёр, білецік, эпізод - эпізодзік, жакет - жакецік.
-
Зычныя дз, ц пішуцца ў некаторых словах, правапіс якіх вызначаецца па слоўніку: мундзір, гетэрадзін, дзюна, дзюшэс, бардзюр, арцель, арцішок, цір, цітр, эцюд, цюль, нацюрморт, уверцюра, накцюрн, цюркскі, цюльпан, каранцін.
-
Зычныя д, т або дз, ц пішуцца ў адпаведнасці з беларускім літаратурным вымаўленнем ва ўласных імёнах: Дадэ, Дэфо, дэ Бальзак, Дэтройт, Тэлаві, Атэла, Тэвасян, Тэкля, Тэкерэй, Тэрэза, Шаптыцкі, "Юманітэ", Дзяніс, Гарыбальдзі, Дзвіна, Дзясна, Барадзіно, Уладзівасток, Градзянка, Плоўдзіў, Хрысціна, Цютчаў, Кацюбінскі, Вучэціч, Целяханы, Цімкавічы, Ціхвін, Быцень, Церак, Цюмень, Цюрынгія, Гаіці, Палесціна, Поці, Таіці і інш. Правапіс такіх слоў вызначаецца па слоўніку.
Каментарыі: Правіла фактычна застаецца без змен. Яно рэгламентуе правапіс зычных [д], [т] і [дз'], [ц'] і звязана з адлюстраваннем на пісьме такой спецыфічнай асаблівасці беларускага вымаўлення, як дзеканне і цеканне. Правіла адносіцца да найбольш складаных у сучасным беларускім правапісе, паколькі па-рознаму выкарыстоўваецца ў адносінах да розных груп (паводле паходжання і структуры) слоў. Гэта звязана з тым, што чаргаванне [д], [т] з мяккімі [дз'], [ц'] у беларускай мове не адносіцца да універсальных фанетычных з'яў і паслядоўна праяўляецца толькі пры словазмяненні і словаўтварэнні новых слоў ад спрадвечнабеларускіх: вада - вадзе, вадзяны, вадзіца; хата - хаце, хацінка, мост - на мосце, мосцік, масціць; гняздо - у гняздзе, гняздзечка, гняздзіцца і інш. У некаторых трупах слоў, у прыватнасці іншамоўнага паходжання, гэтая фанетычная з'ява праяўляецца непаслядоўна. Таму правапіс большасці слоў з літарамі д і т вызначаецца па слоўніку.
У пунктах 1 і 2 § 12 сфармуляваны асноўныя прынцыпы адлюстравання на пісьме чаргаванняў цвёрдых зычных гукаў [д], [т] з мяккімі [дз'], [ц'] у аднакарэнных словах (вада - вадзяны, чысты - чысцюткі) і пры іх словазмяненні (вада - у вадзе, хата - у хаце, вяду - вядзе, варта - на варце), а таксама перад мяккім [в'].
Параўн.: ацвярдзенне, ачарсцвелы, ачарсцвенне, ачарсцвець, бацвінне, жаўтацвет, зацверджаны, зацвердзіць, зацвердзяваць, зацвісці, зацвітанне, зацвярджаць, зацвярджэнне, зацвярдзелы, зацвярдзенне, зачарсцвеласць, зачарсцвелы, зачарсцвець, здранцвеласць, здранцвець, лісцвяны, мярцвяк, падзвіжнік, падзвіжніца, падзвіжніцкі, падзвіжніцтва, пацвельвацца, пацвельваць, пацверджаны, пацвердзіць, сцвердзіць, сцвярджэнне, сцвярдзелы, сцвярдзець, цвёрды, цвік, цвінтар, цвісці, цвіценне, чарсцвець, чацвер, чацвертаваць, чацвёра.
Наступныя пункты (3 - 7) гэтага правіла фактычна датычацца асаблівасцей адлюстравання дзекання і цекання ў асобных трупах слоў:
а) у словах з прыстаўкамі пад-, ад- і суфіксам -ств- чаргавання [д], [т] з мяккімі [дз'], [ц'] не адбываецца, што знаходзіць сваё адлюстраванне на пісьме. Гл. пункт 3 правіла. Правапіс такіх слоў правяраецца па слоўніку. Напрыклад: адвезці, адвесці, падвезці, падвесці, падвесіць, аб дойлідстве, у справаводстве, аб высакародстве, у ваяводстве, аб вынаходстве;
б) у адпаведнасці з літаратурным вымаўленнем у пераважнай большасці слоў іншамоўнага паходжання вымаўляюцца цвёрдыя [д] і [т], што знаходзіць адлюстраванне ў напісанні. Гл. пункт 4 правіла. Напрыклад: акадэмік, акадэмічны, акрэдытыў, актывіст, актыўны, актыўнасць, артылерыйскі, артылерыст, артыст, артышок, артэкаўскі, артэрыя, асістэнт, атэізм, аўтарытэт, гіпатэнуза, гіпотэза, граматыка, дызайн, дыктант, дыктар, дыктарскі, дылі,
дыпламат, дыпламант, дыпламатыя, дырыжор, дысананс, дыскабол, дысертацыя, дэкада,
дэкаданс, дэкальтэ, дэканат, дэкор, дэлегат, дэрматыт, стэнаграма, стэнд, традыцыя, тыльда, тып, тытул, тэарэма, факультэт, фанетыка, фарватар, фестываль, фіктыўны;
в) у пункце 5 сфармуляваны правілы правапicy слоў са спалучэннямі -ін-, -ір-, -ёр-, -еец-, -ейск- у словах іншамоўнага паходжання (і вытворных ад іх), перад якімі [д] і [т] чаргуюцца з [дз'], [ц'], што і адлюстроўваецца на пісьме: акрыдзін, акцін, амплідзін, астацін, бландзін, вацін, гасцінец, гасцініца, дэрмацін, дэрмацінавы, карацін, леваміцэцін, нейтрадзін, панкрэацін, пекцін, пласціна, пласціністы, сацін, серпанцін, амнісціраваць, арыенціроўка, балаціравацца, бамбардзіроўка, брыгадзір, брыгадзірства, інвесціраваць, камандзір, камандзіроўка, каменціраваць, карэкціроўшчык, манціроўка, скандзіраваць, складзіраваць, штудзіраваць, акцёр, акцёрскі, бронетранспарцёр, бузацёр, гімнасцёрка, грэнадзёр, імпарцёр, кінаакцёр, марадзёр, мушкецёр, парламенцёр, парламенцёрства, рэпарцёрскі, транспарцёр, белагвардзеец, белагвардзейскі, гвардзеец, гвардзейскі, індзеец, індзейскі.
Заўвага: Трэба памятаць, што чаргаванне [д], [т] з мяккімі [дз'], [ц'] паслядоўна адбываецца толькі перад суфіксам -ік- з памяншальна-ласкальным значэннем (мост - мосцік, кот - коцік, год - годзік, хвост - хвосцік, куст - кусцік, агарод - агародзік, завод - заводзік). У іншых выпадках зычныя [д], [т] з мяккімі [дз'], [ц'] звычайна не чаргуюцца і пішуцца нязменна: ерэтык, граматыка, матэматыка, прагматыка, эстэтыка, аналітык, астматык, генетык, дыябетык, дыялектык, паралітык, прагматык, рамантык, скептык, фанатык, эпілептык. Але: масціка, лунацік.
Не чаргуюцца [д], [т] з мяккімі [дз'], [ц'] у словах з суфіксамі ~іст-/-ыст, -інг-/-ынг, -ізм-/-ызм: артыст, граматыст, флейтыст, шахматыст, парадыст, парашутыст, статыст; мітынг, маркетынг, кастынг, картынг, рэйтынг, фартынг, холдынг; меладызм, мюрыдызм, будызм, фрэйдызм, гігантызм, драматызм, дагматызм, дэспатызм, магнетызм, прагматызм, фанатызм;
г) у адпаведнасці з традыцыяй і літаратурным вымаўленнем у шэрагу слоў іншамоўнага паходжання пішуцца дз, ц: карцеч, карцечны, касцюм, касцюмерны, цітла, цітр, цір, дзіда, дзюбель, дзюдо, дзюна, дзюралюміній, дзюшэс, цюбік, цюбінг, цюк, цюль, цюльпан, цюфяк і інш.
ПРАВАПІС ЗЫЧНЫХ
§ 13. Некаторыя спалучэнні зычных
1. У асобных словах адбылося спрашчэнне груп зычных: гістарычныя спалучэнні здн, згн, стн, скн, стл, рдн вымаўляюцца як зн, сн, сл, рн, што і адлюстроўваецца на пісьме:
здн - зн: праязны, выязны (параўн.: приезд, выезд), позна, спазніцца, Познышаў;
згн - зн: бразнуць (параўн.: бразгаць);
стн - сн: бязлітасны (параўн.: літасць), пачэс-ны (параўн.: чэсцъ), ненавісны (параўн.: нянавісць), існаваць (параўн.: істота), скарасны (параўн.: скорасць), колькасны (параўн.: колькасць), абласны (параўн.: вобласць), капусны (параўн.: капуста), посны (параўн.: пост), гуснуць (параўн: густы, гусцець), абвесны (параўн.: абвестка, абвясціць), месны (параўн.: змястоўны, месца); тое ж у запазычаннях: кантрасны (параўн.: кантраст), кампосны (параўн.: компост), фарпосны (параўн.: фарпост);
скн - сн: бліснуць (параўн.: бліскаць, бліскавіца, бляск), пырснуць (параўн.: пырскаць), пляснуць (параўн.: пляскаць), ляснуць (параўн.: ляскаць), трэснуць (параўн.: трэскаць); але: віскнуць, націскны;
стл - сл: жаласлівы (параўн.: жаласць), шчаслівы (параўн.: шчасце), карыслівы (параўн.: карысць), няўрымслівы (параўн.: урымсціцца), помслівы (параўн.: помста), паслаць (параўн.: пасцялю, пасцель);
рдн - рн: міласэрны, міласэрнасць (параўн.: сардэчны).
-
Спалучэнні зычных ск, cm, с'ц' на канцы кораня слова могуць чаргавацца з шч, што і перадаецца на пісьме: воск - вашчыць, густы -гушчар, хрысціць - хрышчоны. Калі каранёвае с стаіць побач з суфіксальным к, якое можа чаргавацца з ч, то спалучэнне гукаў [c] і [ч] (у вымаўленні - [шч]) перадаецца як сч. Напісанне сч захоўваецца і ва ўсіх вытворных словах: пясчынка, пясчанік, супясчаны, супясчанік, брусчатка.
-
Спалучэнне зычных дт на канцы слоў іншамоўнага паходжання перадаецца праз т: Гумбальт, Кранштат, Брант, Рэмбрант, Шміт, Клот, фарштат.
Каментарыі: 1. Правіла ў цэлым засталося без змен. Яно адлюстроўвае асаблівасці напісання некаторых спалучэнняў зычных у адпаведнасці з літаратурным вымаўленнем. Увядзенне гэтага правіла абумоўлена, галоўным чынам, тым, каб адрозніць адпаведныя напісанні ў беларускай і рускай мовах, у якой большасць падобных спалучэнняў зычных пішацца нязменна незалежна ад вымаўлення. Параўн.: бел. проезд - праязны, выезд - выязны, капуста - капусны; рус. проезд - проездной, выезд - выездной, капуста - капустный. Акрамя таго, гэтае правіла распаўсюджваецца і на тыя выпадкі, калі ў беларускай мове спалучэнні зычных, што не вымаўляюцца, нельга праверыць. Напрыклад, позні, спазніцца, спазненне (гіст. по[здн]і, спа[здн]іцца, спа[зда]енне; параўн.: рус. поздний, опоздать, опоздание).
-
У новых правілах такая норма распаўсюджваецца і на шэраг слоў іншамоўнага паходжання, якія раней былі выключэннямі: кампосны (параўн.: кампост), кантрасны (параўн.: кантраст), фарпосны (параўн.: фарпост), баласны (параўн.: баласт), аванпосны (параўн.: аванпост).
-
Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на правапіс слоў іншамоўнага паходжання з канцавымі спалучэннямі зычных дт, якія ў адпаведнасці з беларускім літаратурным вымаўленнем перадаюцца праз т: Гумбальт, Кранштат, Брант, Рэмбрант, Шміт, Клот, фарштат. Гэтае правіла важна з пункту погляду адрознення правапісу гэтых слоў у беларускай і рускай мовах. Параўн.: рус. Гумбольдт, Кронштадт, Брандт, Рембрандт, Шмидт, Клодт, форштадт.
§ 14. Прыстаўныя і ўстаўныя зычныя
1. Прыстаўная літара в пішацца перад націскным о:
у пачатку слоў: возера, вольха, восень, воспа, вось, вокны, вотчына, войкаць, вобад, ворыва, воблака, вобласць, востраў, Вогненная Зямля, Вольга і інш., у вытворных ад іх словах пасля прыставак: абвостраны, адворваць, павойкаць, увосень; але: окаць (і вытворныя ад яго), одум. Пры змене месца націску о пераходзіць у a і прыстаўная в у гэтых словах не пішацца: абады, азёрны, асённі;
перад прыстаўкамі о-, об-, од- (от-): вокіс, вокісел, воклік, вокліч, вокрык, вопыт, вопіс, вобземлю, вобмацкам, вобыск, водгалас, водгук, воддаль, водзыў, водпаведзь, водпуск, водсвет, водступ, вотруб'е і інш., а таксама навобмацак, наводдалек, паводле, наводшыбе і інш.;
у запазычаных словах: вохра, воцат і вытворных ад іх: вохрыць, павохрыць, воцатнакіслы і інш.
-
У словах вока, востры, восем, вакол і вытворных ад іх прыстаўная в захоўваецца незалежна ад месца націску: вачэй, вачамі, завочны, увачавідкі, уваччў; вастрыць, вастрыня, завастрэнне; васьмёра; ваколіца, наваколле, ваколічны.
-
Перад націскным о у сярэдзіне некаторых слоў пішацца ўстаўная літара в: ніводзін, Лявон, Лявончанка, Радзівонаў і інш.
-
Прыстаўная літара в не пішацца ў запазычаных словах і некаторых уласных імёнах і назвах перад пачатковым націскным [о]: опера, оперны, ода, ордэн, офіс, Оксфард, Ом, Омск, Орша і інш.
-
Прыстаўная літара в пішацца:
перад каранёвым у ў пачатку слоў: вугал, вуда, вугаль, вуж, вузел, вузы, вуліца, вунь, вус, вусны, вуха, вучань, а таксама ў вытворных ад іх словах незалежна ад месца націску: абвуглены, каменнавугальны, чатырохвугольнік, завулак, навудзіць, вудзільна, вузлы, вузлаваты, вусаты, чарнавусы, вусач, вучыцца, навука, навучальны, педвучылішча, вушэй, вушамі, завушніцы, лапавухі, залатавуст і інш.;
перад націскнымі прыстаўкамі у-, уз- (ус-): вупраж, вузгалаўе, вусцілка, вусціш, вусцішна.
-
Устаўная літара в пішацца ў сярэдзіне слоў:
перад націскным у: павук, цівун, каравул, есавул, а таксама ў вытворных ад іх словах незалежна ад месца націску: павукі, павуцінне, павучбк; цівундм; каравульны; есавульскі;
перад у ва ўласных імёнах і геаграфічных назвах: Матэвуш, Навум, Навумаўка, Тадэвуш.
7. Прыстаўная літара в не пішацца перад націскным пачатковым у:
у запазычаных словах: ультра, ультрафіялетавы, унтэр, унікум, унія, урна; але: вустрыца;
ва ўласных імёнах і назвах: Ульяна, Ула, Умань, Уздзенскі раён, Узда, Урал, Узбекистан, Украіна, Ушачы, Уэльс і інш.
8. Прыстаўная літара г пішацца ў займенніках гэты, гэтакі, гэтулькі і ў прыслоўях гэтак,гэтаксама, дагэтуль, адгэтуль.
З прыстаўной літарай г пішуцца выклічнікі: гэй, го, га.
Каментарыі: 1. Правілы правапісу прыстаўных і ўстаўных зычных засталіся практычна без змен. У дадзеным выпадку важна засвоіць спісы слоў, у якіх прыстаўное (устаўное) в пішацца ва ўсіх выпадках без выключэння (напрыклад, вока, востры, восем, вакол; вугал, вуда, вугаль, вуж, вузел, вузы, вуліца, вунь, вус, вусны, вуха, вучань), і спісы слоў, у якіх правапіс прыстаўнога в залежыць ад месца націску (возера, вольха, восень, вокны, ворыва, воблака, вобласць, востраў; але: азёры, альховы, асенні, аканіцы, араць, абласны, астраўны).
2. Згодна з новымі правіламі ўстаўное в пішацца ў словах есавул, есавульскі, якія раней пісаліся без устаўнога в. Такім чынам, правапіс прыстаўнога і ўстаўнога в становіцца больш паслядоўным і адлюстроўвае асаблівасці сучаснага літаратурнага вымаўлення.
3. Дадатковай увагі патрабуе правапіс прыстаўнога в у складаных словах вогнеахова, вогнеахоўны, вогнезасцерагальны, вогненебяспечны, вогнепаклонства, вогнетушьцель, вогнетрывалы, вогнеўстойлівы, востравугольны, вострадэфіцытны, востраінфекцыйны, востраканечнік, востраканцовы, вострасатырычны, вострасюжэтны. Ва ўсіх гэтых словах націск у другой частцы знаходзіцца не на першым складзе. Таму згодна з правіламі правапicy о (гл. п. 2 § 5) у першай частцы захоўваецца напісанне о і прыстаўнога в перад ім.
§ 15. Нескладовае ў і у складовае
1. Нескладовае ў пішацца згодна з беларускім літаратурным вымаўленнем пасля галосных:
пры чаргаванні [у] з [ў]:
у пачатку слова (калі гэта слова не пачынае сказ і перад ім няма знакаў прыпынку): на ўвесь дзен’ (ад усіх), моцны ўдар (ад удару), хацела ўзяць (хацеў узяць), сонца ўзімку (месяц узімку), крыкі "ўра" (крык "ура"), для ўніята (з уніятам), ва ўніверсітэце (перад універсітэтам), на ўзвей-вецер (сцяг узвіўся), ледзьве ўчуў (раптам учуў);
у сярэдзіне слова пасля галосных перад зычным!: аўдыенцыя, саўна, фаўна, аўдыякасета, аўра, даўн, джоўль, каўчук, маўзер, маўр, паўза, раўнд; але: траур;
пры чаргаванні [л] з [ў]: даў, мыў, казаў, змоўклі, воўк, шоўк, шчоўк, поўны, коўзкі, моўчкі, паўметра, боўтаць; але: палка, памылка, сеялка, Алдан, Алжыр, Албанія, Волга, Валдай, Балгарыя;
пры чаргаванні [в] з [ў]: лаўка (лава), крыўда (крывы), зноўку (новы), аўса (авёс), бацькаў (бацькавы), кроў (крыві), любоў (любові), кароў (карова), гатоў (гатовы), аўчына, аўторак, каўбой, аўгур, Аўстрыя, Аўдоцця, Аўрора, Каўказ, Боўш, Роўда, аўгіевы стайні; але: краіна В'етнам, рака Влтава, армія В'етконга, змаганне за В'енцьян.
У канцы запазычаных слоў ненаціскное у не скарачаецца: фрау, Шоу, Ландау, Каратау, Дахау, Цеміртау, ток-шоу, ноу-хау.
-
Гук [у] пад націскам не чаргуецца з [ў]: да урны, Брэсцкая унія, групоўка ультра, норма і узус, насілі унты, чулася уханне, аул, баул, аукаць, у выклічніках у (у, нягоднікі!), ух (ух ты!), уй (уй, які смешны!).
-
Гук [у] не чаргуецца з [у] у запазычаных словах, якія заканчваюцца на -ум, -ус: прэзідыум, кансіліум, радыус, страус, соус і вытворных ад іх.
-
Гук [у] на пачатку ўласных імён і назваў заўсёды перадаецца вялікай літарай У складовае без надрадковага значка: ва Узбекистан (для ўзбекаў), на Уральскіх гарах (на ўральскіх дарогах), на Украіне (за ўкраінцаў), за Уладзіміра, каля Уладзіслава, да Усяслава.
Каментарыі: 1. Правілы правапісу ў нескладовага засталіся тыя ж, аднак іх дзеянне істотна пашыраецца на вялікую колькасць слоў іншамоўнага паходжання, якія, паводле дзеючых правіл, былі выключэннямі.
Так, згодна з новымі правіламі адбываецца чаргаванне [у] з [ў] у названай пазіцыі і ў словах іншамоўнага паходжання, у якіх раней гэтае чаргаванне не назіралася: для ўніята, ва ўніверсітэце, ва ўніверсаме, на ўнікальным матэрыяле, пасля ўрагану, да ўролага, здаць ва ўтыль, гэтая ўтопія і інш.
Згодна з новымі правіламі адбываецца чаргаванне [у] з [ў] пасля галосных і ў словах іншамоўнага паходжання, у якіх раней гэтае чаргаванне не назіралася, а таксама ў новых запазычаннях, правапіс якіх яшчэ не знайшоў замацавання ў нарматыўных слоўніках беларускай мовы: раўнд, даўн, фаўна, андэграўнд, саўна, клоўн, шоўмен, ноўтбук, джоўль, ноўмен (наўмен), пакгаўз, каўзалгія, каўлепра, лакаўт, раўт, трэшкоўт, чаўш, скаўт і інш.
Такім чынам, правілы правапісу ў (нескладовага) у сучаснай беларускай мове становяцца фактычна універсальнымі.
2. У адпаведнасці з новымі правіламі застаецца нязменным напісанне у складовага:
а) пад націскам: да урны, Брэсцкая унія, групоўка ультра, норма і узус, насілі унты, чулася уханне, аул, баул, аукаць;
б) у запазычаных словах, якія заканчваюцца на -ум, -ус (а таксама вытворных ад іх): прэзідыум, кансіліум, акварыум, лінолеум, калёквіум, калёгіум, сімпозіум, опіум, мёдыум, кампендыум, фузарыум, тэрарыум, соцыум, кансорцыум; анчоус, радыус, страус, соус, архіварыус, натарыус, харыус;
в) на канцы запазычаных слоў: фрау, Шоу, Ландау, Каратау, Дахау, Цеміртау, ток-шоу, ноу-хау. Гэтае новае палажэнне ўведзена для рэгламентацыі аднастайнага напісання у ў канцы запазычаных слоў, у тым ліку складаных слоў, якія пішуцца праз злучок. Параўн.: ток-шоу, ноу-хау; але: шоўмен.
-
Нязменным засталося напісанне у на пачатку ўласных назваў, якое заўсёды перадаецца вялікай літарай У складовае без надрадковага значка Гэтая норма распаўсюджваецца на напісанне асабовых імёнаў, імёнаў па бацьку і прозвішчаў і ў тых выпадках, калі ўвесь тэкст напісаны вялікімі літарамі. Напрыклад: ВІНШУЕМ 3 ДНЁМ НАРАДЖЭННЯ ШАНОЎНАГА УЛАДЗІМІРА УЛАДЗІСЛАВАВІЧА УРБАНОВІЧА. Ва ўсіх астатніх выпадках у тэкстах, напісаных вялікімі літарамі, дзейнічаюць агульныя правілы правапісу у складовага і ў (нескладовага): ВІНШУЕМ УДЗЕЛЬНІКАЎ МІЖНА-РОДНЫХ СПАБОРНІЦТВАЎ; ЗАПРАШАЕМ НА ЎРАЧЫСТЫ СХОД, ПРЫСВЕЧАНЫ ДНЮ ПЕРАМОГІ; ВІТАЕМ УДЗЕЛЬНІКАЎ ПЕРШАГА ЎСЕБЕЛАРУСКАГА З'ЕЗДА НАСТАЎНІКАЎ
-
Згодна з правіламі у не скарачаецца пасля знакаў прыпынку (коскі, працяжніка і г. д.): Усе палешукі, у тым ліку і стараста, пісаць не ўмелі (Я. Колас); Стрэлы чутны толькі недзе далека – у лесе (Я. Скрыган).
У сувязі з гэтай нормай неабходна цвёрда адрозніваць знакі прыпынку і іншыя графічныя знакі, якія знакамі прыпынку не з'яўляюцца. Так, не з'яўляюцца знакамі прыпынку ў беларускай мове двукоссе і злучок, таму пасля іх ў нескладовае пішацца ў адпаведнасці з агульным правілам: пачулася гучнае "ўра", прыслоўе "ўночы" ўтварылася ад назоўніка ноч, расці-ўмацоўвайся, мастакі-ўмельцы, жанчына-ўрач.
Усе віды дужак у беларускай мове з'яўляюцца знакамі прыпынку, таму пасля іх у не скарачаецца. Не лічацца знакам прыпынку толькі квадратныя дужкі, што выкарыстоўваюцца для запісу гукаў у транскрыпцыі. Напрыклад:... (у нескладовае) ужываецца ў адпаведнасці з агульным правіламі правапісу...; ...перадача на пісьме [э] ў іншых запазычаных словах...
-
Не скарачаецца у у літарных абрэвіятурах: РУУС - раённае ўпраўленне ўнутраных спраў.
-
У вершаваных тэкстах для захавання рыфмы замест у складовага можа пісацца ў нескладовае (і наадварот): Ў добры час, на улонні вясковым, дзе вадзіца крынічная б'е, навучыўся я матчынай мове і задуманых песняў яе (Л. Гаўрылкін).
-
У навуковых лінгвістычных тэкстах назіраецца спецыфічнае выкарыстанне літар у складовае і ў нескладовае для абазначэння адпаведных гукаў і літар беларускага алфавіта. Напрыклад: Нескладовае ў і у складовае; Не з'яўляюцца знакамі прыпынку ў беларускай мове двукоссе і злучок, таму пасля іх ў нескладовае пішацца ў адпаведнасці з агульным правілам;.. .згодна з новымі правіламі адбываецца чаргаванне [у] з [у] у названай пазіцыі і ў словах іншамоўнага паходжання...; У адпаведнасці з новымі правіламі застаецца нязменным напісанне у складовага; Нязменным засталося напісанне у на пачатку ўласных назваў, якое заўсёды перадаецца вялікай літарай У складовае без надрадковага значка; Згодна з правіламі у не скарачаецца пасля знакаў прыпынку; Не скарачаецца у ў літарных абрэвіятурах.
-
Не скарачаецца у ў словах, якія з'яўляюцца іншамоўнымі ўкрапленнямі (не запазычаннямі!) у беларускіх тэкстах. Напрыклад: Я нашу ў сваім сэрцы сапраўдную жалобу ці, па-руску кажучы, "траур" па няздзейсненых марах свайго юнацтва.
Достарыңызбен бөлісу: |