Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі


§ 24. Агульныя правілы правапісу вялікай і



бет7/9
Дата17.06.2016
өлшемі0.66 Mb.
#143259
1   2   3   4   5   6   7   8   9
§ 24. Агульныя правілы правапісу вялікай і малой літар

1. З вялікай літары пішуцца: першае слова ў сказе: Былі пагодныя дні. З сонцам ад рання да вечара, з сінім небам (I. Мележ). Уцякай, мароз-дзядуля! Чуеш ты, стары, ці не? (Я. Колас). Усю дарогу праз лес мяне суправаджала нябачная птушка тоненькім жалобным плачам. Што яна страціла? Па чым плакала? (I. Шамякін). Найсмачнейшыя цяпер брусніцы - як вінныя яблыкі... Яны на пасецы растуць шышкамі. Як бабок на балоце (I. Пташнікаў);

першае слова пасля клічніка, якім выдзяляецца зваротак, а таксама выклічнік у пачатку сказа: Зямля Беларусі! Табой мы сагрэты, ніколі не сходзіш ты з нашых вачэй (П. Броўка). А-я-яй! Хто ж бы гэта мог падумаць! Гэтакі, здаецца, чалавек!.. (К. Крапіва);

першае слова ва ўстаўных сказах-рэмарках, якія падаюцца ў дужках у пачатку тэксту і пасля кропкі, клічніка, пытальніка і шматкроп'я ў канцы сказа: Гарлахвацкі. Не толькі сакрэт, а дзяржаўная тайна. (Ідзе ў свой кабінет.) (К. Крапіва). Я размяк. (Душа ў паэта чулая.) (П. Панчанка). Сымон. Калі пытаюся, то няхай кажа! (Да Данілкі.) Ну! Чуеш ці не? (Я. Купала). Сымон. А хто будаваў гэтай вось сякерай? (Трасе сякерай.) (Я. Купала). Данілка. Я ж табе, мама, казаў! Зоська пайшла... (Глянуўшы на матку, не дагаворвае.) (Я. Купала).

2. Па традыцыі з вялікай літары пачынаецца кожны новы радок (першае слова) у вершаваных тэкстах:



Дагарэў за брамай небакрай,

Месяц паміж воблачкаў плыве,

Выйду зноў, як у мінулы май,

Басанож прайдуся па траве.

(У. Караткевіч).

3. З вялікай літары пішацца першае слова пасля двукроп'я: у пачатку простай мовы: Ён падумаў: "Ніхто цябе не бачыць, ніхто не ведае, якая ты слаўная і мілая, - і дадаў: - Дурні яны!" (Я. Колас);

у пачатку цытаты, якая з'яўляецца самастойным сказам: П. Глебка з поўнай падставай пісаў: "Лірычную плынь унёс у нашу празаічную мову М. Лынькоў" (ЛіМ);

у сцвярджальнай частцы пастановы, рэзалюцыі, пратакола, акта і іншага рашэння.

Напрыклад:

Пастанавілі:

Зацвердзіць справаздачу рэвізійнай камісіі аб фінансавай дзейнасці прафкама (з пратакола прафсаюзнага сходу).

3 арыгіналам згодна:

Сакратар выканкама (подпіс) (з копіі дакумента).

4. Калі цытата ўключаецца ў просты ці складаны сказ у якасці яго граматычнай часткі, тады яна пачынаецца з малой літары: Якуб Колас справядліва ўказваў, што "родная мова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет" (ЛіМ). Паводле глыбокага пераканання Дубоўкі, моўныя скарбы - у народзе, "настаўнікаў, мудрэйшых, чым народ, не бывае" (Беларуская мова. Энцыклапедыя).

5. Пішуцца з малой літары:

першае слова пасля шматкроп'я, калі яно стаіць у сярэдзіне сказа і абазначае прыпыненне ў маўленні: Зямля... зямля... туды, туды, брат, будуй яе... ты дай ёй выгляд... (Я. Колас). Туляга. Толькі я хацеў запытацца ў вас, ці не будзе гэта. .. подласцю? (К. Крапіва). А што вы скажаце на крытыка, Іван Ант... выбачайце, Мацвеевіч? (З. Бядуля);

першае слова ў сярэдзіне сказа пасля шматкроп'я, якое абазначае, што частка гэтага сказа апушчана: З невялікай і чыстай крыніцы лірычнага пачуцця... пачынаецца раман-паэма аб жыцці беларускага простага люду (А. Адамовіч);

першае слова пасля клічніка, калі ён стаіць у сярэдзіне сказа: І кожны, хто мяне спытае, пачуе толькі адзін крык: што хоць мной кожны пагарджае, я буду жыць! - бо я мужык! (Я. Купала);

першае слова ў словах аўтара, якія ідуць пасля простай мовы з клічнікам, пытальнікам або шматкроп'ем: "Надзя! Надзейка!.." - кліча жалейка (П. Броўка). - У школу я больш не пайду!.. - Як гэта - не пайду? А куды ты пойдзеш? - абурыўся Сяргей (I. Шамякін);

першае слова ў рэмарках да слоў дзейнай асобы, калі рэмарцы не папярэднічаюць кропка, клічнік, пытальнік ці шматкроп'е: Гарлахвацкі. А можа, і праўда бландзінка. Значыць, яна гэтае самае (круціць рукой каля валасоў) пабландзінілася, а я і не заўважыў (К. Крапіва).


Каментарый. Сфармуляваныя ў гэтым параграфе правілы датычацца напісання вялікай літары ў пачатку сказа і іншых фрагментаў пісьмовага тэксту. Яны не залежаць ад лексіка-граматычных і тэматычных разрадаў лексікі беларускай мовы і з'яўляюцца фактычна універсальнымі.

У дадзеным выпадку важна цвёрда ўсвядоміць, што пасля знакаў прыпынку ў канцы сказа (кропкі, пытальніка, клічніка і шматкроп'я) незалежна ад часцінамоўнай прыналежнасці слова (назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, прыслоўе, прыназоўнік, часціца, выклічнік і г. д.), а таксама лексіка-граматычнага разраду назоўніка (агульны ці асабовы) заўсёды без выключения пішацца вялікая літара. Вялікая літара пішацца і ў абсалютным пачатку тэксту незалежна ад таго, які гэта тэкст: асобны сказ ці абзац, загаловак тэксту, шыльда і інш. Напрыклад: Халодным восеньскім днём вялікі лось выйшаў на ўскраек лесу каля вёскі. Праспект Незалежнасці. Вул. Замкавая. Магазін жаночага адзення. Рэстаран "Журавінка". Дзяржаўная навуковая ўстанова "Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" і г. д.

Ёсць пэўныя асаблівасці ўжывання вялікай і малой літар у паэтычных і драматургічных тэкстах, а таксама спецыяльных тэкстах, якія дакладна вызначаны ў § 24.
§ 25. Вялікая і малая літары ў асабовых назвах

1. З вялікай літары пішуцца:

імёны, імёны па бацьку, прозвішчы, псеўданімы, мянушкі, а таксама дадатковыя азначэнні пры гэтых назвах: Іван, Янка, Ясь, Яська, Ваня; Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (Якуб Колас), Іван Дамінікавіч Луцэвіч (Янка Купала), Алаіза Пашкевіч (Цётка), Сымон Якаўлевіч Баранаў (Сымон Баранавых); Алесь Булавешка, Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька, Казімір Чацвёрты Ягелончык, Іаан Багаслоў, Кірыла Тураўскі, Сімяон Полацкі; Віктор Гюго, Джэк Лондан, Вольфганг Амадэй Моцарт; Дон Кіхот, Дон Жуан, Нестар Летапісец;

кожнае імя ў састаўных імёнах і прозвішчах, калі яны пішуцца асобна або праз злучок: Эрых Марыя Рэмарк, Іаган Себасцьян Бах, Джон Ноэль, Ханс Крысціян Андэрсен, Джавані Джакома Казанова, Жак Іў Кусто; Марыя-Луіза-Жазэфіна, Вікенцій Дунін-Марцінкевіч, Марыя Складоўская-Кюры;

прозвішчы, а таксама імёны ў множным ліку, калі яны выступаюць як назва роду, групы асоб ці ўжываюцца ў значэнні агульнай назвы: Міцкевічы, браты Гарэцкія, маёнтак Тышкевічаў, род Радзівілаў, абодва Жукі, бязродныя Іваны; Гагарыны, Заслонавы;

часткі састаўных асабовых імён кітайцаў, карэйцаў, в'етнамцаў, бірманцаў, інданезійцаў, тайландцаў, цэйлонцаў, японцаў: Ань Лушань, Ван Янмінь, Сунь Ятсен, Тао Юаньмінь, Цзян Гуанцы (Кітай); Ан Чхан Хо, Чхве Чхі Вон, Пак Ін Но (Карэя); Нгуен Фук Ань, Нгуен Чай (В'етнам); Пі Маў Нін, Такін Кода Хмайн (Бірма); Сутан Такдыр Алішахбана, Прамудзья Ананта Тур, Утуі Тутанг Сантані (Інданезія); Кулаб Сайпрадыт, П'я Тасін (Тайланд); Карахара Карахіта (Японія);

пачатковыя часткі Ібн, Бен, Шах-, Мак-, Сан-, Сант-, Сен-, Сент-, Тэр- у іншамоўных асабовых імёнах, якія пішуцца асобна, разам або далучаюцца да іх праз злучок, а таксама пачатковыя О', Д', якія пішуцца праз апостраф: Ібн Сіна, Бен Алі, Шах-Джахак, Мак-Доўэл, Мак-Кінлі, Сан-Мартын, Сант-



Эліё, Сен-Жуст, Сент-Эцьен, Тэр-Петрасян, О'Генры, Д'Аламбер, Д'Артаньян;

клічкі жывёл, птушак і іншых істот: конь Баранок, карова Красуля, сабака Рэкс, кот Кузя, курыца Рабка, папугай Гоша;

прыналежныя прыметнікі, утвораныя ад асабовых імён і клічак жывёл, мянушак пры дапамозе суфіксаў -ое-, -оў (-ав-, -аў), -ёв-, -ёў (-ее-, -еў), -ын-, -ін-: Кузьмоў сусед, Скарынавы выданні, Багдановічаў верш, Міхасёвы прыгоды, Васілёў голас, Зосьчыны бацькі, Рагуліна малако;

адносныя прыметнікі, утвораныя ад імён і прозвішчаў, псеўданімаў, калі такія прыметнікі ўваходзяць у склад састаўных уласных назваў: Купалаўская прэмія (прэмія імя Янкі Купалы), Нобелеўская прэмія, Коласаўская стыпендыя (стыпендыя імя Якуба Коласа), Гарэцкія чытанні (чытанні, прысвечаныя Максіму Гарэцкаму), Варфаламееўская ноч (гістарычная падзея ў Парыжы ў ноч святога Варфаламея), Маркаўскія рады (тэрміналагічная назва ў матэматыцы).

2. З малой літары пішуцца:

агульныя назвы людзей, прадметаў, рэчываў і хімічных элементаў, адзінак вымярэння, якія ўтварыліся на аснове асабовых і геаграфічных назваў: донжуан (быў донжуанам), донкіхот (такі донкіхот), эскулап; бефстроганаў, браўнінг, дызель, кацюша, маўзер, маргарытка, наган, такай, форд, фрэнч, шавіёт; морфій, амерыцый, палоній, уран, фермій; ампер, вольт, джоўль, ом, рэнтген, фарада;

асабовыя назвы (прозвішчы, імёны і інш.) у форме множнага ліку, калі іх ужыванне выяўляе пагардлівыя, зневажальныя адносіны: гарлахвацкія, заблоцкія, кручковы, пісулькіны, тулягі;

назвы чалавека, утвораныя ад асабовых імён, якія ўказваюць на яго прыналежнасць або прыхільнасць да каго-, чаго-небудзь: гегельянец, купалавец, магаметанін, махновец, талстовец;

прыметнікі, утвораныя ад асабовых назваў, якія ўжываюцца ў складзе ўстойлівых спалучэнняў з назоўнікамі (фразеалагізмаў) або ў складзе састаўных агульных назваў са значэннем адпаведнай адноснай прыкметы: эзопаўская (эзопава) мова, пірава перамога, ахілесава пята, танталавы мукі, шамякаў суд, бальзакаўскі ўзрост, броўнаўскі рух, гегелеўская дыялектыка, купалаўскі верш, напалеонаўскія планы, дэголеўская Францыя, рэнтгенаўскі здымак, сідарава каза;

часткі ван, да, дзі, дзю, дон (донна), дэ, дэр, ла, ле, фон, эль і некаторыя іншыя ў іншамоўных асабовых назвах: Людвіг ван Бетховен, Леанарда да Вінчы, Кола дзі Рыенца, дзю Гар, дон Фердынанд, Лопэ дэ Вега, ле Карбюзье, Ота фон Шанхаўзен; але ў асабовых назвах літаратурных герояў (Дон Кіхот, Дон Хуан), а таксама ў некаторых выпадках у прозвішчах і імёнах пішуцца з вялікай літары: Дзі Віторыё, Дэ Лонг, Ван Гог, Эль Грэка, Ла Баэсі;

часткі ага, ад, ал, ас, ар, аш, бей, бек, задэ, аглы, уль, зуль, кызы, аль, паша, хан, шах, эд, эль і некаторыя іншыя ў іншамоўных асабовых назвах, якія падаюцца звычайна пасля назвы або перад ёй і пішуцца праз злучок: Ібрагім-ага, Амар аш-Шарыф, Ібрагім-бей, Амад-задэ, Турсун-задэ, Кёр-аглы, Мамед-аглы, Сейф уль-Іслам, Зульфія-кызы, Амад эд-Дзін, Седах зуль-Факар, Сулейман-паша, Махамед эль-Куні і інш.
Каментарыі: 1. Правапіс вялікай літары ў асабовых назвах (імёнах, імёнах па бацьку, прозвішчах, мянушках і г. д.) таксама носіць фактычна універсальны характар і не мае выключэнняў. Цяжкасці пры напісанні могуць узнікаць толькі ў некаторых трупах складаных імён іншамоўнага паходжання. Так, трэба запомніць часткі імён, што пішуцца з вялікай літары (Ібн, Бен, Шах-, Мак-, Сан-, Сант-, Сен-, Сент-, Тэр-), і часткі імён, што пішуцца з малой літары [ван, да, дзі, дзю, дон (донна), дэ, дэр, ла, ле, фон, эль]. Большасць частак імён, што пішуцца з малой літары, звычайна ўжываюцца ўнутры састаўнога асабовага наймення (Людвіг ван Бетховен, Леанарда да Вінчы, Кола дзі Рыенца, Лопэ дэ Вега) і толькі зрэдку выступаюць як першыя часткі (дзю Тар, дон Фердинанд, ле Карбюзье, а таксама ван Бетховен, да Вінчы, дзі Рыенца, дэ Вега). У апошнім выпадку неабходна адрозніваць ужыванне такіх імён у пачатку і ў сярэдзіне сказа. Напрыклад: Да Вінчы з'яўляецца выдатным прадстаўніком эпохі Адраджэння. Сярод найбольш вядомых прадстаўнікоў эпохі Адраджэння да Вінчы займае асобае месца. Дзю Тар належыць да найлепшых прадстаўнікоў французскіх пісьменнікаў XX стагоддзя. У французскай літаратуры XX стагоддзя творы дзю Тара вызначаюцца рэалістычнасцю адлюстравання падзей. Тое ж самае адносіцца і да частак імён, якія пішуцца з малой літары праз злучок і могуць знаходзіцца як у пачатку, так і ў канцы слова (аш, эд, бек, задэ, аглы, уль, зуль, кызы і інш.): Ібрагім-ага, Амар аш-Шарыф, Ібрагім-бей, Амад-задэ, Турсун-задэ, Кёр-аглы, Мамед-аглы, Седах зуль-Факар, Сулей-ман-паша, Махамед эль-Куні і інш.

2. Пэўныя цяжкасці можа выклікаць правапіс прыналежных і адносных прыметнікаў, утвораных ад асабовых імён, прозвішчаў і мянушак. Па-першае, у дадзеным выпадку неабходна выразна адрозніваць прыналежныя (Коласавы афарызмы) і адносныя (купалаўскі верш) прыметнікі, а таксама выкарыстанне такіх адносных прыметнікаў у складзе састаўных уласных назваў [Купалаўская прэмія (прэмія імя Янкі Купалы), Коласаўская стыпендыя (стыпендыя імя Якуба Коласа), Гарэцкія чытанні (чытанні, прысвечаныя Максіму Гарэцкаму)] і ўстойлівых словазлучэнняў (бальзакаўскі ўзрост, напалеонаўскія планы).

3. Трэба дакладна засвоіць напісанне малой літары ў агульных назвах людзей, прадметаў, рэчываў і хімічных элементаў, адзінак вымярэння, якія ўтварыліся на аснове асабовых і геаграфічных назваў (гл. пункт 2 параграфа). Гэта вельмі важна ў сферы навуковай тэрміналогіі, паколькі ў сучаснай пісьмовай практыцы часам назіраецца тэндэнцыя да напісання, напрыклад, падобных адзінак вымярэння з вялікай літары, што з'яўляецца арфаграфічнай памылкай.
Вяртаючыся да надрукаванага

Шаноўныя сябры! Вось ужо цэлы год на старонках часопіса "Роднае слова" друкуюцца матэрыялы па новай рэдакцыі правіл беларускага правапісу, у якіх даюцца тлумачэнні асноўных палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі", што ўступае ў дзеянне з 1 верасня 2010 г. На думку рэдакцыі часопіса і аўтараў каментарыяў, карысць гэтых матэрыялаў відавочная. Па-першае, чытачы часопіса, у першую чаргу настаўнікі беларускай мовы і вучні, атрымалі магчымасць больш дэталёва азнаёміцца з характарам і сутнасцю змен у сучасным беларускім правапісе. Па-другое, абмеркаванне надрукаваных матэрыялаў дазволіла ўдакладніць і некаторыя складаныя моманты, звязаныя з напісаннем паводле новага правапісу асобных слоў, напрыклад лічэбнікаў семдзесят і восемдзесят (гл.: Роднае слова, № 2, с. 90; № 6, с. 69).

Тое ж самае датычыць і рэкамендацый адносна ўжывання дзеясловаў з -ава-/-ява- і -ірава-/-ырава-, на выкарыстанне якіх у маўленні вельмі моцна ўплывае існуючая лексікаграфічная традыцыя (напрыклад, нарматыўны "Слоўнік беларускай мовы", Мінск, 1987). Вяртаючыся да надрукаваных у № 10 часопіса на с. 57 - 59 каментарыяў, удакладняем, што ў адпаведнасці з п. 1 параграфа 23 "Правіл..." толькі з -ава- неабходна ўжываць словы ангажаваць, бальзамаваць, дыскутаваць, дэградаваць, нармаваць, перафразаваць, прагназаваць, прафіляваць, фармуляваць. У адпаведнасці з п. 2 параграфа 23 паралельна могуць ужывацца дзве формы: базіраваць - базаваць, курсіраваць - курсаваць. У адпаведнасці з п. 2 параграфа 22 рэкамендуецца пісаць суарандатар.

Друкаванне каментарыяў да новай рэдакцыі "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" будзе працягнута і ў 2010 г. Аўтары з удзячнасцю прымуць усе заўвагі і прапановы, якія будуць садзейнічаць аднастайнаму і несупярэчліваму выкарыстанню Закона "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" ў пісьмовай практыцы.
§ 26. Вялікая і малая літары ў найменнях асоб, звязаных з рэлігіямі, назвах міфалагічных і казачных герояў

1. З вялікай літары пішуцца:

найменні найвышэйшых божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Саваоф, Алах, Яхве, Шыва, Вішну; Госпад (Гасподзь), Усявышні, Уладыка Нябесны, Усемагутны Бог, Святая Тройца, Бог Айцец, Бог Сын, Божы (Боскі) Сын, Бог Дух Святы, Святы Дух, Прасвятая Тройца, Божая (Боская) Маці, Прачыстая Уладычыца Нябесная, Прасвятая Дзева Марыя, Царыца Нябесная, Месія;

прыметнікі, утвораныя ад слова Бог: Божы (Боскі) суд, Божы (Боскі) храм, Божая (Боская) міласць;

асабовыя імёны (і ўсе словы ў састаўных асабовых назвах, акрамя агульных назваў) заснавальнікаў рэлігійных вучэнняў, а таксама біблейскіх асоб (апосталаў, прарокаў, святых і інш.): Ісус Хрыстос, Буда, Брахма; Іаан Хрысціцель, Святы Павел;

імёны легендарных і міфічных асоб, язычніцкіх багоў: Антэй, Зеўс, Тытан, Венера, Фурыя, Дажбог, Жыжаль, Пярун, Цмок, але як агульныя назвы: пярун - удар грому, іуда (юда) - здраднік, цмок - змей, тытан - волат, фурыя - злосная істота;

уласныя назвы ўяўных і казачных істот, герояў літаратурных твораў: Папялушка, Чырвоная Шапачка, Калабок, Снягурка, Дзед Мароз, Баба Яга, Пегас, Буцэфал, Атлант, але як агульныя назвы: дзед-мароз - ёлачнае ўпрыгожанне, баба-яга - агідная старая, буцэфал - стары конь, атлант - у архітэктуры;

агульныя назвы істот, а таксама з'яў і прадметаў, калі яны персаніфікуюцца, выступаюць у ролі імёнаў герояў літаратурных твораў (у казках, байках і інш.): Мядзведзь, Воўк, Ліса (Ліска), Заяц (Зайка), Асёл, Каза-дзераза, Коцік-варкоцік, Варона, Сарока-белабока, Воран, Певень, Бусел-клекатун, Карась-лежабок, Сонца, Праўда, Крыўда і інш.

2. З малой літары пішуцца:

слова бог (гасподзь) ва ўстойлівых выразах, звязаных з выказваннем розных пачуццяў у прастамоўі, а не са зваротам да Бога паводле рэлігійнай абраднасці і ўяўленняў: бог яго ведае, божа (божачка) ты мой, божа збаў, дай божа, крый бог (божа), не давядзі бог (божа, госпадзі), ратуй божа, дзякаваць (дзякуй) богу (табе, госпадзі), бог з табой ім, з вамі), алах з ім;

слова бог з агульным значэннем боства ў спалучэнні з асабовай назвай або з назоўнікам з агульным значэннем у родным склоне: старажытны славянскі бог Пярун, бог сонца Дажбог, Сварог - бог неба;

агульныя назвы ўяўных істот: архангел, анёл, херувім, фея, муза, дамавік, лясун, русалка, гном, троль, здань, хохлік і інш.


Каментарый. Параграф "Вялікая і малая літары ў найменнях асоб, звязаных з рэлігіямі, назвах міфалагічных і казачных герояў" уведзены ў правілы ўпершыню. Гэта зроблена з мэтай упарадкавання правапісу вялікай і малой літар у названай групе найменняў. Неабходнасць і мэтазгоднасць такога параграфа прадыктавана перш за ўсё зменамі ў сучаснай пісьмовай практыцы, дзе ў апошнія два дзесяцігоддзі шырока распаўсюдзілася напісанне вялікай літары ў словах Бог, Гасподзь, Усявышні, Царыца Нябесная і г. д. Таму нарматыўнае замацаванне такіх напісанняў цалкам заканамернае і апраўданае. Яно будзе садзейнічаць павышэнню аднастайнасці перадачы падобных напісанняў у сучаснай пісьмовай практыцы, а таксама паслужыць сведчаннем павагі да гэтай актуальнай для беларускага грамадства сферы духоўнага жыцця. Гэтым правілам рэгламентуецца правапіс вялікай і малой літар у назвах, звязаных з іншымі рэлігіямі, што складае асаблівую цяжкасць для карыстальнікаў беларускай мовы.

У § 26 таксама ўсталёўваецца напісанне вялікай і малой літар у найменнях легендарных і міфічных асоб, язычніцкіх багоў; уласных назвах уяўных і казачных істот, герояў літаратурных твораў; агульных назвах істот, а таксама з'яў і прадметаў, калі яны персаніфікуюцца, выступаюць у ролі імёнаў герояў літаратурных твораў (у казках, байках і інш.).

Пры вывучэнні гэтага правіла неабходна звярнуць увагу на наступныя моманты.

1. З вялікай літары пішуцца не толькіўсе найменні найвышэйшых бостваў ва ўсіх рэлігійных культах (Яхве, Шыва, Вішну, Гасподзь), але і ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя найменні (Бог Дух Святы, Прасвятая Троіца, Прачыстая Уладычыца Нябесная).



  1. Неабходна адрозніваць напісанне вялікай літары ў імёнах легендарных і міфічных асоб, язычніцкіх багоў (Антэй, Зеўс, Тытан, Венера, Пярун, Цмок) і малой літары ў адпаведных агульных назвах (пярун - удар грому, іуда / юда - здраднік, цмок - змей, тытан - волат, фурыя - злосная істота).

  2. Таксама адрозніваецца напісанне вялікай літары ва ўласных назвах уяўных і казачных істот, герояў літаратурных твораў (Дзед Мароз, Баба Яга, Буцэфал, Атлант) і малой літары ў аналагічных словах, калі яны ўжываюцца як агульныя назвы (дзед-мароз - ёлачнае ўпрыгожанне, баба-яга - агідная старая, буцэфал - стары конь, атлант - у архітэктуры).

  3. Пэўныя цяжкасці можа выклікаць напісанне малой літары ў назоўніках, якія з'яўляюцца агульнымі назвамі жывых істот і разнастайных з'яў і прадметаў (заяц, ліса, воўк, мядзведзь, дрэва, сонца, праўда), і вялікай літары, калі яны персаніфікуюцца, выступаюць у ролі імёнаў герояў літаратурных твораў (Заяц, Ліса, Воўк, Мядзведзь, Дрэва, Сонца, Праўда). Напрыклад: Праз дарогу перабег шэры заяц; Толькі ў вельмі рэдкіх выпадках воўк можа напасці на чалавека; але: Прыйшоў аднойчы Заяц да Мядзведзя і кожа: "Хадзем са мной на агарод капусту секчы". Тое ж самае датычыцца і пераносных вобразных назваў жывых істот: Рыжая (пра лісу), Касалапы (пра мядзведзя) і інш.

  4. Трэба цвёрда засвоіць, што з малой літары пішацца слова бог ва ўстойлівых выразах, не звязаных са зваротам да Бога паводле рэлігійнай абраднасці: бог яго ведае, бог з табой (з ім, з вамі).

Таксама з малой літары пішацца слова бог, калі яно ўжываецца ў спалучэнні з асабовай назвай: славянскі бог Пярун, бог сонца Дажбог. З малой літары пішацца слова бог у формах множнага ліку, а таксама ў значэнні аднаго з мноства багоў або ў пераносным: багі Парнаса, пантэон багоў, бог вайны.

  1. Агульныя назвы апостал, прарок, мучанік і іншыя перад асабовымі імёнамі пішуцца з малой літары: апостал Павел, прарок Ілья. Калі гэтыя словы стаяць пасля асабовых імёнаў, то яны могуць пісацца праз злучок (Ілья-прарок).

  2. Новымі правіламі ўстанаўліваецца напісанне вялікай літары ў словах, якія абазначаюць найважнейшыя для хрысціянскай традыцыі паняцці і ўжываюцца ў значэнні ўласных імёнаў: Слова (Спачатку было Слова), Крыж Гасподні, Страшны Суд, Святы Дух; але: святым духам невядома чым, нічым (жыць, існаваць).

8. З вялікай літары пішуцца прыметнікі, утвораныя ад слоў Бог, Госпад (Гасподзь): Гасподняя воля, Боская міласць, але: божая кароўка.
§ 27. Вялікая і малая літары ў геаграфічных і астранамічных назвах

1. 3 вялікай літары пішуцца:

уласныя назвы прыродных геаграфічных аб'ектаў: кантынентаў, гор, рэк, азёраў, лясоў, балот і інш.: Еўразія, Антарктыда, Аўстралія; Альпы, Кардыльеры; Монблан, Арарат; Везувій, Фудзіяма; Дняпро (Днепр), Нёман, Прыпяць; Вікторыя, Ківач; Нарач, Свіцязь; Гібралтар, Босфор; Тайвань, Готланд, Сахалін; Таймыр; Сахара, Гобі; Акіянія, Адрыятыка; Палессе, Панямонне, Задняпроўе; Струціна, Бель; Вялле, Ельня, Налібокі; Кручок, Альховец;

уласныя назвы краін, іх аб'яднанняў і частак, паселішчаў і іх частак, урочышчаў: Беларусь, Кітай; Бенілюкс, Антанта; Запарожжа, Сібір; Міншчына, Лепельшчына, Случчына, Навагрудчына; Мінск, Токіа, Мазыр, Орша; Вязынка, Мікалаеўшчына, Слабада; Вал, Падол, Зарэчча, Цэнтр; Усход, Вяснянка, Зялёны Луг; Ляды, Паддуб'е; Цагельня, Царковішча, Кальварыя; Ніўкі, Камяніца;

уласныя назвы астранамічных аб'ектаў: Андрамеда; Стажары, Валапас; Сонца, Вега; Зямля, Юпітэр; Месяц, Фобас;

назвы напрамкаў свету ў пераносным значэнні назваў адпаведнай групы краін або тэрыторыі: Захад (краіны заходняй часткі Еўропы разам з ЗША), Усход (азіяцкія краіны), народы Поўначы;

пачатковая службовая частка ў іншамоўных уласных геаграфічных назвах, якая пішацца з імі праз злучок: Дан-Лэры (горад), Дэ-Кастры (горад), Ла-Пампа (правінцыя), Ла-Манш (праліў), Лос-Анджэлес (горад);

іншамоўныя родавыя агульныя назвы ў складаных уласных геаграфічных назвах: Рыа-Грандэ



(рыа - рака), Лоб-Нор (нор - возера), Ісык-Куль (куль - возера), Пуэрта-Рыка (пуэрта - порт);

часткі складаных уласных геаграфічных назваў, што пішуцца праз злучок (назоўнікі, прыметнікі): Аўстра-Венгрыя, Эльзас-Латарынгія, Давыд-Гарадок, Брэст-Літоўскі, Буда-Кашалёва, Мінск-Мазавецкі, Картуз-Бяроза;

першае слова ў састаўных уласных геаграфічных і астранамічных назвах: Атлантычны акіян, Ціхі акіян, Паўночны полюс, Балтыйскае мора, Мінскае мора, Берынгаў праліў, Белае возера, Асіповіцкае вадасховішча, Лысая гара, Бярэзінскі біясферны запаведнік, Палярная зорка;

усе часткі складанага прыметніка ў састаўных уласных назвах, калі такія часткі пішуцца праз злучок: Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён, Мінска-Маладзечанскае ўзвышша, Дняпроўска-Бугскі канал, Паўночна-Заходні край;

усе знамянальныя словы ў афіцыйных уласных назвах дзяржаў і іх аб'яднанняў: Рэспубліка Беларусь, Садружнасць Незалежных Дзяржаў, Расійская Федэрацыя, Злучаныя Штаты Амерыкі, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Арабская Рэспубліка Егіпет, Кітайская Народная Рэспубліка, Дзяржава Кувейт, Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае;

усе знамянальныя словы ў вобразных састаўных уласных геаграфічных і астранамічных назвах, калі гэтыя уласныя назвы ўжываюцца без агульнай родавай назвы: Стары Свет (краіны Еўропы і Азіі), Блізкі Усход, Чорная Афрыка, Крайняя Поўнач, Старыя Дарогі (горад), Зямля Каралевы Мод, Дзікі Захад (у ЗША); у назоўным і родным склонах у спалучэнні з агульнай родавай назвай: туманнасць Конская Галава, бухта Залаты Рог, астравы Паўночная Зямля, праліў Матачкін Шар; мыс Добрай Надзеі, астравы Каралевы Шарлоты, заліў Святога Лаўрэнція.



2. З малой літары пішуцца:

агульныя родавыя назвы геаграфічных, астранамічных і іншых падобных аб'ектаў у складзе ўласных назваў: Афрыканскі кантынент, Атлантычны акіян, Уральскія горы, гара Казбек, рака Вілія, возера Свіцязь, пустыня Сахара, Белавежская пушча, зорка Венера, Лагойскі тракт, вуліца Касманаўтаў, проспект Незалежнасці, плошча Перамогі, Князь-возера, Сапун-гара;

службовыя часткі ў складзе састаўных уласных геаграфічных найменняў: Франкфурт-на-Майне, Рыа-дэ-Жанэйра, Па-дэ-Кале, Булонь-сэр-Мэр, Сьера-дэ-лас-Мінас, Дар-эс-Салам, Салам-і-Гомес.
Каментарый. У цэлым правілы правапісу вялікай і малой літар у геаграфічных і астранамічных назвах засталіся без змен. Разам з тым, вывучаючы іх, неабходна засяродзіць увагу на некаторых момантах, якія могуць выклікаць пэўныя цяжкасці.

1. Згодна з правілам, што "ўсе знамянальныя словы ў афіцыйных уласных назвах дзяржаў і іх аб'яднанняў" пішуцца з вялікай літары, будзе пісацца Вялікае Княства Літоўскае (поўная назва: Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае). Раней слова княства ў прыведзенай назве пісалася з малой літары.



  1. Варта звярнуць увагу на правапіс вялікай літары ў афіцыйных назвах дзяржаў і дзяржаўных аб'яднанняў: Рэспубліка Беларусь, Садружнасць Незалежных Дзяржаў, Расійская Федэрацыя.

  2. Асаблівая ўвага павінна быць звернута на правапіс вялікай літары:

а) у пачатковых службовых частках у складзе іншамоўных уласных геаграфічных назваў, якія пішуцца праз злучок: Ла-Пампа (правінцыя), Ла-Манш (праліў), Лос-Анджэлес (горад);

б) у іншамоўных родавых агульных назвах у складаных геаграфічных назвах: Рыа-Грандэ (рыа - рака), Лоб-Нор (нор - возера), Ісык-Куль (куль - возера), Пуэрта-Рыка (пуэрта - порт).

Параўнаем правапіс аналагічных частак у некаторых іншамоўных асабовых назвах: Людвіг ван Бетховен, Леанарда да Вінчы, Кола дзі Рыенца, дзю Тар, дон Фердынанд, Лопэ дэ Вега, ле Корбюзье; Ібрагім-ага, Амар аш-Шарыф, Ібрагім-бей, Амад-задэ, Турсун-задэ, Кёр-аглы, Мамед-аглы, Сейф уль-Іслам, Зульфія-кызы, Амад эд-Дзін, Седах зуль-Факар, Сулейман-паша, Махамед эль-Куні і інш.


  1. Важна цвёрда засвоіць, што з вялікай літары пішуцца абедзве часткі складаных геаграфічных назваў, якія пішуцца праз злучок: Аўстра-Венгрыя, Эльзас-Латарынгія, Давыд-Гарадок, Брэст-Літоўскі, Буда-Кашалёва і інш. Аналагічна з вялікай літары пішуцца абедзве часткі складаных прыметнікаў у складзе састаўных геаграфічных назваў: Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён, Мінска-Маладзечанскае ўзвышша, Дняпроўска-Бугскі канал.

  2. У адпаведнасці з новымі правіламі з вялікай літары пішуцца назвы частак дзяржаў і кантынентаў, якія маюць тэрміналагічны характар: Усходняя (Заходняя) Беларусь, Правабярэжная Украіна, Паўночная Італія, Сярэдняя Азія, Цэнтральная Амерыка.

У адпаведнасці са сфармуляванымі ў гэтым параграфе правіламі, з вялікай літары пішуцца вобразныя геаграфічныя назвы: Белакаменная (пра Маскву). У састаўных вобразных геаграфічных назвах з вялікай літары пішуцца першыя словы: Краіна белых буслоў, Краіна блакітных азёраў (пра Беларусь), Паднябесная імперыя (пра Кітай), Краіна ўзыходзячага сонца (пра Японію), Вечны горад (пра Рым), Краіна цюльпанаў (пра Галандыю).



Достарыңызбен бөлісу:
1   2   3   4   5   6   7   8   9




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет