§ 28. Вялікая і малая літары ў назвах дзяржаўных органаў і іншых арганізацый
1. З вялікай літары пішуцца:
усе словы ў найменнях вышэйшых органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады Рэспублікі Беларусь і іншых краін: Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўная Дума Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі, Нацыянальны Кангрэс (у Злучаных Штатах Амерыкі), Усекітайскі Сход Народных Прадстаўнікоў; але: Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
першае слова ў найменнях рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый: Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь (Мінэканомікі), Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь (Белтэлерадыёкампанія), Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Мінскі абласны (гарадскі, раённы) выканаўчы камітэт, Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча, Новалукомская дзяржаўная раённая электрастанцыя, Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь, Еўрапейскі саюз (Еўрасаюз), Сусветны паштовы саюз, Міжнародны алімпійскі камітэт, Міжнародная авіяцыйная федэрацыя;
простыя і састаўныя ўласныя назвы ў складзе ўласных найменняў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый: Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр балета Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, Парламенцкая асамблея Савета Еўропы, Таварыства Чырвонага Крыжа, Савет Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН), Міжнародны суд Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТА);
слова Савет у значэнні органа ўлады: Мінскі абласны Савет дэпутатаў, сельскі Савет дэпутатаў; але: сельсавет;
словы Дом, Палац, якія пачынаюць найменне ўстановы: Дом культуры, Дом народнай творчасці, Палац спорту, Палац мастацтваў; але: Зімовы палац, дом адпачынку.
2. З малой літары пішуцца найменні аддзелаў і іншых падраздзяленняў навуковых і адукацыйных устаноў, іх органаў кіравання, а таксама словы тыпу калегія, вучоны савет, навукова-метадычны савет, савет па абароне дысертацый, факультэт, аддзяленне, сектар, група: вучоны савет факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, савет па абароне дысертацый, калегія Міністэрства культуры, кафедра беларускай мовы; але: Агульны сход Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Аддзяленне аграрных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Каментарыі. 1. Правілы правапісу вялікай і малой літар у назвах дзяржаўных органаў і іншых арганізацый (устаноў, таварыстваў, партый) адносяцца да найбольш складаных. Гэта звязана з неабходнасцю адрознення найменняў вышэйшых органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады Рэспублікі Беларусь і іншых краін, а таксама найменняў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый. У першым выпадку з вялікай літары пішуцца ўсе словы ў складзе найменняў (Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь), у другім - толькі першае слова ў складзе састаўных найменняў [Мінскі абласны (гарадскі, раённы) выканаўчы камітэт, Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча]. Акрамя таго, трэба адначасова ўлічваць, што ў склад такіх састаўных найменняў могуць уключацца іншыя ўласныя назвы, якія таксама пішуцца з вялікай літары: Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (слова Беларусь з’яўляецца ўласнай назвай у складзе састаўнога наймення і таму таксама пішацца з вялікай літары), Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь (найменне Рэспубліка Беларусь з’яўляецца афіцыйнай уласнай назвай у складзе іншага састаўнога наймення і таму пішацца з вялікай літары), Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (уласная назва Савет Еўропы ў складзе іншай састаўной назвы пішацца з вялікай літары).
З гэтага агульнага правіла ёсць выключэнні, якія абумоўлены пісьмовай традыцыяй і іншымі момантамі, такімі, як, напрыклад, фіксацыя асобных найменняў у дзяржаўных дакументах: Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь [напісанне слоў сход (сходу) і прадстаўнікоў з малой літары абумоўлена менавіта такім іх напісаннем у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь].
2. Традыцыйна з вялікай літары пішуцца ўсе словы ў назвах некаторых міжнародных арганізацый: Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, Савет Бяспекі ААН, Таварыства Чырвонага Крыжа.
3. З вялікай літары пішуцца ўсе словы, акрамя родавай назвы, у найменнях замежных інфармацыйных агенцтваў: агенцтва Франс Прэс, агенцтва Прэс Інтэрнэйшнл.
-
Асаблівую ўвагу трэба звяртаць на словы музей, дом і палац, у якіх напісанне вялікай ці малой літары залежыць ад месца гэтых слоў у складзе састаўных найменняў: Музей народнай творчасці, Дом культуры, Дом народнай творчасці, Палац спорту, Палац мастацтваў; але: Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, Зімовы палац.
-
У адпаведнасці з гэтым параграфам з вялікай літары пішацца першае слова ў назвах вышэйшых органаў царкоўнай улады, напрыклад: Усяленскі сабор, Свяшчэнны сінод (у аднаслоўным найменні - Сабор, Сінод).
-
У назвах храмаў, манастыроў, ікон з вялікай літары пішуцца ўсе словы, акрамя родавых найменняў (царква, касцёл, храм, сабор, лаўра, семінарыя, ікона), напрыклад: храм Усіх Святых, касцёл Святых Сымона і Алены.
-
Так, як і ў рускай мове, з вялікай літары пішуцца абедзве часткі слова ў назвах устаноў, арганізацый, якія пачынаюцца з геаграфічных азначэнняў з першымі кампанентамі Паўночна-, Паўднёва-, Усходне-, Заходне-, Цэнтральна-, а таксама з прыметнікаў, што ўтвораны ад складаных геаграфічных назваў, у якіх абедзве часткі пішуцца з вялікай літары: Заходне-Сібірскі металургічны камбінат, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт, Нью-Ёркскі філарманічны аркестр.
8. З малой літары пішуцца назвы органаў улады, устаноў і г. д., калі яны ўжываюцца ў множным ліку: галіновыя міністэрствы Беларусі і Расіі, камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
§ 29. Вялікая і малая літары ў найменнях пасад і званняў, ветлівых зваротах і спецыяльных абазначэннях
З вялікай літары пішуцца:
словы або спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца афіцыйнымі назвамі асобы па вышэйшых дзяржаўных і рэлігійных пасадах: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь, Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Кароль Іарданіі, Каралева Аб’яднанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Імператар Японіі, Папа Рымскі, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі, Далай-Лама. У неафіцыйным ужыванні словы прэзідэнт, старшыня, кароль, імператар пішуцца з малой літары: візіт прэзідэнта, выступление старшыні, прыём у караля, загад імператара; але: выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
словы або спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца назвамі асобы па вышэйшых дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь і іншых краін (акрамя слова кавалер): Герой Беларуси Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер ордэна Ганаровага Легіёна;
у розных афіцыйных пасланнях, лістах займеннік Вы як форма ветлівага звароту да адной асобы;
у высокім стылістычным ужыванні такія агульныя назвы, як Радзіма, Айчына, Бацькаўшчына, Чалавек, Маці, Настаўнік, Майстар і інш.;
словы ў назвах бакоў у пагадненнях, кантрактах і іншых дагаворах: Высокія Дагаворныя Бакі, Аўтар і Выдавецтва, Заказчык і Выканаўца.
Каментарыі. 1. Згодна з гэтым правілам рэгламентуецца напісанне вялікай і малой літар у назвах вышэйшых дзяржаўных пасад і тытулаў. Складанасць у дадзеным выпадку можа ствараць размежаванне афіцыйнага і неафіцыйнага ўжывання гэтых назваў.
2. З малой літары пішуцца наступныя назвы пасад, званняў і тытулаў: заслужаны дзеяч, лаўрэат, пасол, аташэ, дырэктар, генеральны дырэктар, акадэмік, член-карэспандэнт, доктар (кандыдат) навук, прафесар (дацэнт), генерал (генерал-маёр), загадчык аддзела і інш.
3. Упершыню правілам рэгламентуецца напісанне назваў асоб па вышэйшых рэлігійных пасадах: Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Папа Рымскі, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі, Далай-Лама. У неафіцыйных тэкстах найменні гэтых асоб (звычайна няпоўныя) пішуцца з малой літары, напрыклад: бласлаўленне патрыярха Кірыла, приём у патрыярха, рэзідэнцыя папы (ці папы рымскага). Найменні іншых царкоўных званняў і пасад таксама пішуцца з малой літары, напрыклад: архіепіскап, кардынал, архімандрыт, архірэй, епіскап, ігумен, дыякан.
§ 30. Вялікая літара ў назвах дзяржаўных і нацыянальных сімвалаў, рэліквій, дзяржаўных узнагарод, прэмій, грамат, прызоў
З вялікай літары пішуцца:
усе словы ў назвах дзяржаўных і нацыянальных, ваенных і культурных рэліквій: Сцяг Перамогі, Крыж Ефрасінні Полацкай, Курган Славы, Курган Бессмяротнасці, Востраў Слёз, Помнік Перамогі;
усе словы ў поўных назвах ордэнаў і медалёў (акрамя слоў медаль, ордэн і ступень): медаль "Залатая Зорка" Героя Савецкага Саюза, медаль "Залатая Зорка" Героя Сацыялістычнай Працы, ордэн Айчыны I (II, III) ступені, ордэн Маці, ордэн Пашаны, ордэн Францыска Скарыны, ордэн Ганаровага Легіёна (Францыя), Георгіеўскі Крыж; але: ордэн Дружбы народаў;
першае слова ў назвах дзяржаўных сімвалаў, дзяржаўных і міжнародных прэмій, грамат, прызоў і інш.: Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь, Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міжнародная прэмія Міру, Нобелеўская прэмія, Кубак свету, Кубак федэрацыі, Каралеўскі кубак.
Каментарыі. Правілы правапісу вялікай літары ў назвах дзяржаўных і нацыянальных сімвалаў, рэліквій, дзяржаўных узнагарод, прэмій, грамат, прызоў засталіся ў цэлым традыцыйнымі. Толькі ў якасці прыкладаў у параграфе прыведзены асноўныя сучасныя назвы беларускіх дзяржаўных і нацыянальных, ваенных і культурных рэліквій (Сцяг Перамогі, Крыж Ефрасінні Полацкай, Курган Славы), беларускіх дзяржаўных сімвалаў, прэмій, грамат, прызоў і інш. (Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь, Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь), а таксама назвы ордэнаў і медалёў (ордэн Францыска Скарыны).
З вялікай літары пішуцца ўсе словы ў такіх назвах мемарыяльных збудаванняў, як Магіла Невядомага Салдата, Курган Бессмяротнасці, Курган Славы.
З вялікай літары рэкамендуецца пісаць: Кніга Памяці, Вялікая Кітайская сцяна; (першае слова) Эйфелева вежа, Траецкае прадмесце, Вечны агонь і інш.
§ 31. Вялікая і малая літары ў назвах дакументаў,
іх зводаў, унікальных прадметаў, твораў
-
З вялікай літары пішуцца:
аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах важнейшых дзяржаўных і міжнародных дакументаў, пагадненняў, актаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, іх зводаў: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Закон Рэспублікі Беларусь "Аб адукацыі", Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб узнагароджанні мнагадзетных маці ордэнам Маці", Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Статут Вялікага Княства Літоўскага, Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, Літоўская метрыка; але: распараджэнне (пратакол даручэнняў) Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах прадметаў мастацтва і іншых адзінкавых і ўнікальных прадметаў, твораў, іх зводаў: Дзявятая сімфонія Бетховена, Венера Мілоская, Янтарны пакой, Алмазны фонд, Біблія, Стары Запавет, Каран, Талмуд.
2. З малой літары пішуцца агульныя назвы стыляў у мастацтве і архітэктуры: барока, ракако, готыка, ампір, мадэрн.
Каментарыі. Агульныя правілы напісання вялікай і малой літар у гэтай групе найменняў у асноўным не змяняюцца. Аднак могуць быць некаторыя ўдакладненні ў напісанні асобных найменняў, асабліва тых, якія тычацца новых рэалій Рэспублікі Беларусь. У такіх выпадках неабходна арыентавацца на адпаведныя нарматыўныя дакументы і спецыяльныя слоўнікі.
З вялікай літары трэба пісаць назвы культавых кніг: Евангелле, Псалтыр, а таксама назвы помнікаў пісьменнасці, напрыклад: Слуцкае Евангелле, Аршанскае Евангелле. У пераносным сэнсе такія словы, як біблія (галоўная кніга для каго-н.), евангелле (правілы паводзін, кніга з такімі правіламі), талмуд (вялікі рукапіс, кніга), псалтыр (зборнік псалмоў), пішуцца з малой літары.
§ 32. Вялікая і малая літары ў назвах знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох, святаў
-
З вялікай літары пішуцца:
аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова
ў састаўных назвах знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох: Варфаламееўская ноч, Адраджэнне, Рэфармацыя, Крыжовыя паходы, Лядовае пабоішча, Крычаўскае паўстанне, Супраціўленне, Першая сусветная вайна, Другая сусветная вайна;
аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах дзяржаўных, традыцыйных і рэлігійных святаў: Дзень Конституции Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі), Новы год, Дзень жанчын, Свята працы, Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, Нараджэнне Хрыстова, Дзень памяці, Дзень бепарускай навукі, Дзень ведаў, Ушэсце Гасподняе, Уваскрэсенне Хрыстова, Вялікая субота, Таццянін дзень, Радаўніца, Вялікдзень, Каляды, Купалле, Дабравешчанне, Наўроз, Рамадан.
2. З малой літары пішуцца назвы родаў і відаў знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох, асобных гадоў, дзён і інш.: імперыялістычная вайна, лютаўская рэвалюцыя, паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, кайназойская эра, неаліт, эпоха феадалізму, капіталістычная фармация, перыяд аднаўлення, залаты век, высакосны год, дзень адчыненых дзвярэй, санітарны дзень, месячнік дарожнай бяспекі.
Каментарыі. 1. Правіла замацоўвае паслядоўнае напісанне вялікай літары ў першым слове такіх састаўных назваў, як Першая сусветная вайна, Другая сусветная вайна. У сучаснай пісьмовай практыцы правапіс вялікай і малой літар у гэтых назвах не вызначаецца паслядоўнасцю.
-
У адпаведнасці з традыцыяй у некаторых састаўных назвах гэтай групы з вялікай літары пішацца не толькі першае, але і другое слова: Дзень Перамогі, Вялікая Айчынная вайна.
-
У назвах святаў, якія пачынаюцца з лічбы, назва месяца пішацца з вялікай літары: 1 Мая, 8 Сакавіка.
-
У назвах з'ездаў, канферэнцый, фестываляў і інш., якія пачынаюцца парадкавымі лічэбнікамі, словы Міжнародны, Сусветны і падобныя пішуцца з вялікай літары незалежна ад таго, лічбай ці словам абазначаецца парадкавы нумар: І (Першы) Усебеларускі з'езд вучоных, XIV (Чатырнаццаты) Міжнародны з'езд славістаў, VI (Шосты) Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў. З вялікай літары таксама пішуцца два першыя словы ў назвах франтоў: I (Першы) Беларускі фронт, II (Другі) Украінскі фронт.
-
У адпаведнасці з сучаснай моўнай практыкай устанаўліваюцца адзіныя правілы напісання вялікай і малой літар для назваў традыцыйных і рэлігійных святаў, а таксама назваў некаторых дзён і перыядаў, звязаных з царкоўным календаром, назваў пастоў і асобных дзён, што адносяцца да іх: Ушэсце Гасподняе, Уваскрэсенне Христова, Вялікая субота, Вялікі пост, Пятроўскі пост, Чысты чацвер, Чырвоная субота, Таццянін дзень, Радаўніца, Вялікдзень, Каляды, Купалле, Масленіца, Яблычны Спас, Дабравешчанне, Наўроз, Рамадан.
-
З вялікай літары пішуцца першыя словы ў назвах палітычных, культурных, спартыўных і іншых мерапрыемстваў, якія маюць агульнадзяржаўнае ці міжнароднае значэнне: Дзень пісьменства, Сусветны эканамічны форум, Марш міру, Гульні добрай волі, Белая алімпіяда. Аднак назвы мерапрыемстваў, якія праводзяцца рэгулярна, пішуцца з малой літары: суботнік, дзень адчыненых дзвярэй.
-
У назвах гістарычных падзей з першым словам, якое з'яўляецца прыметнікам, утвораным ад геаграфічнай назвы (геаграфічных назваў), і пішацца праз дэфіс, з вялікай літары пішуцца абедзве часткі гэтага прыметніка: Брэст-Літоўскі мірны дагавор, Вісла-Одэрская аперацыя.
§ 33. Вялікая літара ў назвах з двукоссем
З вялікай літары пішуцца ў двукоссі: аднаслоўныя назвы і першае слова ў састаўных назвах арганізацый: адкрытае акцыянернае таварыства "Камунарка", рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Мінскі трактарны завод", установа "Рэдакцыя газеты "Рэспубліка", кінатэатр "Перамога", гасцініца "Юбілейная", рэстаран "Журавінка", кафэ "Світанак", кандытарскі магазін "Ласунак", кнігарня "Слова", рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Выдавецтва "Адукацыя і выхаванне", спарткомплекс "Раўбічы", санаторый "Крыніца", турбаза "Дняпро", медыцынская служба "Хуткая дапамога", Беларускі рэспубліканскі фонд "Узаемаразуменне і прымірэнне", студыя "Сябры", установа адукацыі "Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імяМаксіма Танка";
аднаслоўныя назвы і першае слова ў састаўных назвах перыядычных выданняў, кніг, атласаў, карт і інш.: часопіс "Полымя", газета "Звязда", вілейская раённая газета "Шлях Перамогі", інфармацыйны бюлетэнь "Беларусіка", летапіс "Хроніка Быхаўца", даведнік "Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі", кніга "Літоўскі статут", перыядычнае даведачнае выданне "Летапіс друку", карта "Рэспубліка Беларусь";
аднаслоўныя назвы і першае слова ў састаўных назвах літаратурных, публіцыстычных, навуковых твораў, твораў розных галін мастацтва і інш.: паэма Якуба Коласа "Новая зямля", камедыя Янкі Купалы "Паўлінка", верш М. Багдановіча "Слуцкія ткачыхі", песня "Ой, рэчанька", кінафільм Э. Клімава "Ідзі і глядзі", карціна В. К. Бялыніцкага-Бірулі "Зазелянелі беларускія бярозкі", габелен Г. Ю. Юзеевай-Шаблоўскай "Жанчыны Палесся", акварэль М. Л. Тарасікава "Букет бэзу", операА. В. Багатырова "У пушчах Палесся", танец "Лявоніха", казка "Сцяпан - вялікі пан";
аднаслоўныя назвы і першае слова ў састаўных назвах прадметаў побыту, прамысловых і прадуктовых тавараў: набор мэблі "Вязынка", зубная паста "Лясная", пральны парашок "Ветразь", хлеб "Водар", сыр "Нарач", цукеркі "Крыжачок";
назвы вытворчых марак тэхнічных вырабаў (машын, механізмаў, прылад, збудаванняў і інш.) бяруцца ў двукоссе і пішуцца з вялікай літары: аўтамабіль "Жыгулі", камбайн "Ніва", трактар "Беларус", тэлевізар "Гарызонт", іанізатар "Аніён-40Т", радыёпрыёмнік "Селена-403".
Назвы саміх вырабаў (акрамя назваў, што супадаюць з асабовымі і геаграфічнымі назвамі) пішуцца ў двукоссі з малой літары: "масквіч", "вольва", "боінг" (самалёт), "гарызонт" (тэлевізар), але: "Мінск" (халадзільнік), "Волга" (аўтамабіль).
Каментарыі. 1. Правілы правапісу вялікай і малой літар у назвах з двукоссем засталіся фактычна без змен. Аднак трэба звярнуць увагу на асаблівасці напісання вялікай і малой літар некаторых назваў тэхнічных вырабаў. Напісанне вялікай або малой літары ў гэтых словах зале-ыць ад таго, якое слова паслужыла назвай для пэўнага вырабу. Калі для назвы вырабу выкарыстоўваецца агульны назоўнік, то і назва вырабу ў двукоссі таксама пішацца з малой літары: "масквіч", "вольва", "боінг", "гарызонт". Аднак калі ў якасці назвы выкарыстоўваецца ўласнае найменне, якое пішацца з вялікай літары (Мінск, Волга), то і назва вырабу ў двукоссі таксама пішацца з вялікай літары: "Мінск" (халадзільнік), "Волга" (аўтамабіль). У побытавым выкарыстанні назвы сродкаў перамяшчэння могуць ужывацца і без двукосся: прыехаў на масквічы.
-
Трэба таксама адрозніваць напісанні назваў гатункаў він, мінеральных вод і інш., якія сталі агульнымі назвамі і пішуцца з малой літары і без двукосся. Напрыклад: партвейн, кагор, шампанскае, кока-кола, фанта; але: віно "Кагор", напой "Фанта". Таксама з малой літары і без двукосся пішуцца назвы харчовых і іншых тавараў у побытавым ужыванні: купіў кобрынскі сыр і малочныя сасіскі; але: сасіскі "Малочныя", сыр "Кобрынскі".
-
З малой літары пішуцца ў двукоссі назвы відаў і гатункаў сельскагаспадарчых культур, гародніны, кветак і іншыя: маліны "мальбара", бульба "журавінка", агуркі "зязюля", цюльпан "чорны прынц". Не выдзяляюцца двукоссем і пішуцца з малой літары агульнавядомыя назвы раслін і іх гатункаў: вяргіня, белы наліў, антонаўка.
Достарыңызбен бөлісу: |