Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны” зацвярджаю



бет10/23
Дата12.07.2016
өлшемі1.11 Mb.
#194802
1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   ...   23

8.2. КАНДРАТ КРАПІВА


(1896—1991)

Кандрат Крапіва (Кандрат Кандратавіч Атраховіч) — адзін са стваральнікаў беларускай сатырычнай прозы, паэзіі і драматургіі, родапачынальнік беларускай байкі, арыгінальны раманіст. Публіцыстычная спадчына пісьменніка. Дзейнасць К. Крапівы як вучонага-мовазнаўцы.

Далучанасць лёсу пісьменніка да трагічных калізій у XX стагоддзі. Чатыры вайны К. Крапівы (афіцэр царскай арміі ў Першую сусветную, камандзір чырвонаармейскага ўзвода ў грамадзянскую вайну, камандзір стралковай і кулямётнай роты ў заходнебеларускай кампаніі і фінскай вайне, ваенны карэспандэнт у Вялікую Айчынную вайну).

Удзел пісьменніка ў “Маладняку”. К. Крапіва як адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў “Узвышша”.

Зборнікі сатыры і гумару “Асцё” (1925), “Крапіва” (1925), “Біблія” (1926), “Байкі” (1927), “Ухабы на дарозе” (1930) і інш. Раннія (1922—1926) творы К. Крапівы як тыповы узор максімалісцкай у сваіх ацэнках і сродках, дзёрзкай, шмат у чым нігілістычнай паэзіі “Маладняка”. Знешняя антысялянскасць ранняй сатырычнай паэзіі, публіцыстычнасць, лозунгавасць, спроба тварыць пад сацыяльны заказ (“Будуйце лазні”, “Прамова рагулі да свайго гаспадара”, “На таку”, “Грышча”, “Год Сцяпана-лайдака” і інш.) Шырыня тэматычнага спектра ранняй сатырычнай паэзіі (палітычная сатыра, падзеі і асобы літаратурнага і культурнага жыцця, побыт беларускай вёскі і горада 20-х гг.). Маладнякоўская тэндэнцыйнасць у асвятленні гэтых тэм у спалучэнні з бліскучай народнай вобразнасцю і гумарам, сялянскім светабачаннем, рэалістычнай манерай пісьма (“Гаагская каробачка”, “Прагулка на Парнас”, “Балет”, “На менскім скверы”, “Дзяльба сенакосу”, “Кулак”, інш.).

Змена аб’ектаў сатырычнага адлюстравання ва ўзвышэнскай паэзіі, дамінаванне выяўленчых, падтэкставых мастацкіх прыёмаў над дыдактычнымі, публіцыстычнымі, лозунгавымі.

Стыхія народнага гумару і смеху ў крапівінскіх байках. Сялянская мараль, здаровы сэнс як эстэтычная аснова баек К. Крапівы. Народны смехавы свет як крыніца вобразнасці. Каларытнасць, прадметнасць крапівінскай байкі ў спалучэнні з незвычайнай сатырычнай завостранасцю, прывязанасцю да канкрэтных падзей і з’яў. Эвалюцыя байкі К. Крапівы як адлюстраванне эвалюцыі светапогляду пісьменніка; інтэлектуалізацыя позніх баек К. Крапівы, пастаноўка ў іх вечных маральна-этычных праблем (“Махальнік Іваноў”, “Чорт”, “Каршун і Цецярук”, “Дэкрэт”, “Саманадзейны Конь”, “Поп і Папугай”, “Асёл Іісуса Хрыста”, “Шляхі да ісціны”, “Філосаф і рака”, інш.).

Сатырычныя паэмы К. Крапівы, працяг і развіццё ў іх ідэйна-эстэтычных прынцыпаў малой сатырычнай паэзіі. Паэма “Біблія” (1926) — не вульгарызацыя тэкстаў Свяшчэннага Пісання, а спроба перадаць тыпова сялянскі погляд на біблейскіх персанажаў, біблейскія сюжэты і калізіі.

Павярхоўная “бязбожнасць” паэмы, адлюстраванне ў ёй спрадвечнага парадоксу ўзаемадзеяння высокай ідэі і звычайнай, будзённай рэальнасці. Працяг аўтарам традыцый травесційных паэм “Тарас на Парнасе” і “Энеіда навыварат”.

Дэгераізацыя вайны, вобразаў “чырвоных камандзіраў”, матываў іх учынкаў і паводзін, іранічна-рэалістычнае асвятленне тэмы гераічнага подзвігу ў паэме “Шкірута” (1928). Тыпалагічнае падабенства канцэпцыі салдацкага жыцця ў паэме з падобнымі канцэпцыямі ў творах Я. Гашака, Э. М. Рэмарка, А. Барбюса. Парадзіраванне гераічнай паэмы маладнякоўцаў у сюжэце і вобразах “Шкіруты”.

Апісанне літаратурнага жыцця 30-х гадоў, літаратурная палеміка ў паэме “Хвядос — Чырвоны нос” (1930). Тэндэнцыйныя ацэнкі як праявы тэндэнцыйнасці эпохі у ранніх рэдакцыях паэмы.

Адлюстраванне і ацэнка побыту, маралі, падзей 20—30-х гадоў у сатырычных апавяданнях К. Крапівы. Высмейванне прафанацыі высокіх (і часткова абстрактных) ідэй рэвалюцыі, падмена іх рэвалюцыйнай па форме і стылі, але абывацельскай па сутнасці мараллю. Адчужанасць, ізаляванасць сялянскай Беларусі ад тых працэсаў, што ідуць у краіне, недавер і насцярожанасць селяніна да “новага жыцця” (“Недарэчная штука”, “Вось тут і пішы”, “Певень”, “Мой сусед”, “Падарожнае”, “Кляса”, “Ідэі”, “Людзі-суседзі”). Рэалістычная манера адлюстравання жыцця вёскі і горада і іх насельнікаў. Прычыны адсутнасці многіх апавяданняў К. Крапівы ў прыжыццёвых перавыданнях яго твораў.

Раман “Мядзведзічы” (1932). Жыццяздольнасць мастацкіх прынцыпаў, выкарыстаных аўтарам, для далейшага асваення нацыянальнай, сялянскай тэматыкі. Аб’ектывізавана-прадметная манера пісьма, жанравае сумежжа (сацыяльна-бытавога і сацыяльна-псіхалагічнага рамана), узвядзенне бытапісальніцтва ў ранг мастацкай канцэпцыі для вырашэння пытання: што ж такое беларуская вёска 20-х і ці патрэбны ёй “вялікі пералом”, ці, можа, яна здольная жыць і развівацца сама? Навелістычная кампазіцыя рамана як сродак стварэння панарамы жыцця беларускай вёскі ад грамадзянскай вайны да калектывізацыі праз фрагменты, без эпапейнасці. Багацце вобразаў і тыпаў, каларытнасць і падтэкставасць персанажаў. Традыцыі “Мядзведзічаў” у пасляваеннай беларускай прозе (“Палеская хроніка” І. Мележа). Раман “Мядзведзічы” як завяршэнне шляху К. Крапівы-празаіка. Прычыны звароту пісьменніка да драматургіі.

Суровыя рэаліі эпохі калектывізацыі ў п’есе “Канец дружбы” (1934). Выкарыстанне празаічнага вопыту прадметнага аб’ектыўнага апісання для стварэння пераканаўчага малюнка часу, тыповых яго калізій (тэма здрады спрадвечным чалавечым ідэалам у імя ідэй часу) і персанажаў.

Драма “Партызаны” (1937) і яе важнасць для станаўлення К. Крапівы-драматурга. Дваістасць мастацкай задачы аўтара: пошук тэмы, якая б дазваляла не закранаць небяспечныя падзеі бягучага дня і стварыць разнастайную галерэю пераканаўчых драматургічных персанажаў у праўдзівым кантэксце супраціўлення польскай акупацыі Беларусі 1920 г.

Сатырычная камедыя “Хто смяецца апошнім” (1939) як выяўленне мужнай грамадзянскай пазіцыі аўтара. Яркасць і злабадзённасць персанажаў, элементы карыкатурнасці ў іх, выкрыццё недарэчнасці эпохі ўсеагульнага страху, падазронасці, пошукаў шкоднікаў, паказ таго, як гэтая атмасфера спрыяе працвітанню ідэйных на словах прайдзісветаў, махляроў пры навуцы. Маральныя прынцыпы эпохі і іх ацэнка ў падтэксце п’есы.

Сатырычная паэзія К. Крапівы перыяду Вялікай Айчыннай вайны як узор хлёсткай, фельетоннай, утылітарнай паэзіі, што цалкам адпавядала бягучым патрэбам дня. Драматычныя творы К. Крапівы “Проба агнём”, “Валодзеў гальштук” (абедзве — 1943) як спроба аўтара асэнсаваць маральна-этычныя праблемы, народжаныя ваенным часам. Некаторы схематызм драматычных твораў гэтага перыяду і яго прычыны.

Камедыя “Мілы чалавек” (1945) — рэанімацыя напаўзабытай у беларускай савецкай літаратуры сатыры глыбокіх грамадскіх абагульненняў. Прайдзісвет Жлукта — тып, народжаны канкрэтнымі грамадска-палітычнымі абставінамі. Глыбокае разуменне ім прыроды таго грамадства, у якім ён жыве. Выкрыццё “жлуктаўшчыны” — непазбежнасць ці выпадковасць? Філасофскі падтэкст вобраза Язвы. Няўдалы тэатральны лёс п’есы.

Драматургія К. Крапівы 40—50-х гадоў (“З народам”, “Зацікаўленая асоба”, “Людзі і д’яблы”). Уплыў “тэорыі бесканфліктнасці” на мастацкую канцэпцыю гэтых твораў. Майстэрства аўтара ў стварэнні яркіх характараў, багацце сродкаў і прыёмаў драматурга.

Фантастычная камедыя “Брама неўміручасці” (1972). Галоўныя праблемы грамадства таго часу ў асэнсаванні драматурга. Філасофскі падтэкст твора, аналіз грамадскіх нораваў і маралі, праблема героя — носьбіта спрадвечных чалавечых якасцяў.

П’еса “На вастрыі” (1982) — спроба стварэння шматпланавай і шматпраблемнай карціны сучаснасці.

К. Крапіва — перакладчык твораў А. Чэхава, М. Гогаля, І. Крылова, Я. Гашака, У. Шэкспіра і інш.

Традыцыі К. Крапівы ў сучаснай паэзіі, прозе, драматургіі.
8.3. МІХАСЬ ЛЫНЬКОЎ

(1899—1975)

Біяграфія пісьменніка. Сацыяльны асяродак, дзяцінства і юнацтва. Агульная і прафесійная адукацыя. Роля працы ў друку. Станаўленне творчага таленту.

Праблематыка і мастацкія асаблівасці зборнікаў “Апавяданні” (1927), “Гой” (1929). Адлюстраванне грамадска-палітычных падзей пачатку 20 ст., героіка Кастрычніка, вызначэнне трагізму грамадзянскай вайны, фарміраванне гуманістычных асноў грамадства (“Гой”, “Радо”, “Крот”, “Чыгунныя песні”, “Над Бугам”, інш.). Асаблівасці мастацкага стылю твораў 20-х гадоў. Інверсійная пабудова сюжэта, каментарыі лірычнага героя, рамантычная падсветка гераічнага, асаблівасці арнаментальнай прозы.

Творчасць 30-х гадоў. Усталяванне ў грамадстве новай эканамічнай палітыкі, падзеі калектывізацыі сельскай гаспадаркі, вынікі і страты (“Саўка-агіцірнік”, “На вялікай хвалі”, “Світка”). Дзейнасць М. Лынькова на пасадзе рэдактара газеты “Камуніст”, творчыя набыткі гэтага перыяду. Аўтарская пазіцыя ў выкрыцці бюракратызму, лакіроўкі рэчаіснасці, парушэння законнасці і праяў таталітарызму ў грамадстве (“Світка”, “Саўка-агіцірнік”, “Салавей-разбойнік”, “Баян”, “На вялікай хвалі”).

Раман “На чырвоных лядах” (1934). Беларуская вёска дакастрычніцкага часу, падзеі Першай сусветнай вайны, пярэдадзень Кастрычніка ў адлюстраванні пісьменніка. Пошукі каранёў хвароб грамадства 30-х гадоў. Аптымістычнае святло будучыні. Значэнне рамана для развіцця эпічных тэндэнцый у творчасці пісьменніка.

Апавяданне “Андрэй Лятун” (1930) — сведчанне мастацкага ўвасаблення новага часу. Вобраз Андрэя. Адносіны да працы. Гераізм у час грамадзянскай вайны. Дабрата, чалавечнасць, душэўная спагадлівасць героя. Паэтызацыя чыгункі і ўслаўленне працы чыгуначнікаў, высокай прафесіянальнай годнасці, грамадзянскага калектывізму. Сродкі тыпізацыі ў творы. Рознабаковае выкарыстанне гумару для вызначэння індывідуальных асаблівасцей характараў, лірычнай афарбоўкі твора, вобраза лірычнага героя.

Аповесць “Міколка-паравоз” (1937). Гістарычныя падзеі ў творы. Паказ вызваленчай барацьбы народа. Вобраз Міколкі. Уплыў падзей на станаўленне яго светапогляду. Адлюстраванне побыту і працы чыгуначнікаў. Аўтабіяграфічныя элементы твора. Аповесць — класічны твор беларускай літаратуры. Дзіцячыя творы “Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў” (1937), “Янка-парашутыст” (1947). Сродкі псіхалагічнага аналізу ў раскрыцці вобраза падлетка.

Удзел М. Лынькова ў 1939 годзе ў паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Рэдактар газеты “Беларуская звязда”. Публіцыстычныя допісы і апавяданні пра жыццё беларусаў у буржуазнай Польшчы. Паказ нацыянальна-вызваленчага руху і чалавечых лёсаў ва ўмовах санацыйнага рэжыму (“Тры злоты”, “Капля малака”, “Ядвісін дуб”, “Тонкая сітуацыя”).

Аповесць “Сустрэчы” (1939). Час і гістарычныя абставіны барацьбы Захара Крымянца за свабоду працоўнага люду, незалежнасць роднага краю, справядлівасць у грамадстве, высокую годнасць асобы. Моладзь — прадаўжальніца гераічных традыцый бацькоў. Стаўленне тагачаснай улады Польшчы да носьбітаў рэвалюцыйнага нацыянальна-вызваленчага руху беларусаў. Сюжэт, кампазіцыйная пабудова, роля мастацкай дэталі, партрэта, пейзажу ў раскрыцці ідэі твора і характарыстыцы персанажаў. Прататыпы герояў твора. Гістарычныя калізіі ў пабудове сюжэта.

М. Ц. Лынькоў — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Лёс пісьменніка-вайскоўца. Праца ў франтавым друку. Публіцыстыка часу вайны. Зборнік апавяданняў “Астап” (1944). Адлюстраванне ўсенароднай барацьбы ў Беларусі з фашысцкімі захопнікамі. Вобраз савецкага грамадзяніна-ваяра, самаахвярнага змагара за свабоду Радзімы, за сваю незалежнасць, за будучыню дзяцей і ўнукаў (“Астап”, “Недапетыя песні”, “Пацалунак”, інш.). Трагічныя выпрабаванні, гераічны подзвіг, маральная непарушнасць народа. Беларусь у час фашысцкай акупацыі, палітычная і маральная аснова партызанскага руху, барацьба падпольшчыкаў (“Салют”, “Ірына”, “Пацалунак”, “Кавалак хлеба”, “Васількі”, інш.). Трагедыя растаптанага фашызмам дзяцінства.

Раман “Векапомныя дні” (1958). Творчая гісторыя. Нарысы аб будучых яго героях. Мастацкая трансфармацыя гістарычных фактаў у рамане. Эпічны характар народнай вайны супраць фашыстаў. Вобраз камуністаў — арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага і падпольнага руху (Саколіч, Слышэня, Мірон Іванавіч і інш.). Эстэтычная пераканальнасць, псіхалагічная грунтоўнасць вобраза Канстанціна Заслонава. Вобразы савецкіх патрыётаў, партызанаў і падпольшчыкаў. Прататыпы герояў твора. Элементы рамантызацыі ў паказе станоўчых герояў. Моўная індывідуальнасць, асаблівасці партрэтнай паэтыкі, пейзажнага жывапісу, сатырычныя сродкі тыпізацыі здраднікаў народа і выкрыццё чалавеканенавісніцкай філасофіі фашызму, шматфарбнасць аўтарскага аповеду ў рамане. Гераічнае, трагічнае і гумарыстычнае ў раскрыцці ідэі твора. Лірызм і адкрытая паэтызацыя ў мастацкім стылі рамана.

Творчая і грамадская дзейнасць у пасляваенныя гады. Высокая ацэнка літаратурнай працы М. Лынькова: народны пісьменнік БССР (1962), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1968).

Паездкі ў ЗША ў якасці члена ўрадавай дэлегацыі БССР на Генеральную Асамблею ААН. Зварот да распрацоўкі дыпламатычнай тэматыкі ў беларускай прозе, публіцыстычныя замежныя нататкі. Праблематыка апавяданняў зборніка “За акіянам” (1962). Методыка арганізацыі працы ўдзельнікаў сесіі ААН, вырашэння палітычных, рэгіянальных праблем на пасяджэннях. Рэакцыя далёкага замежжа на выступленні пераможцаў фашызму — грамадзян СССР — у Другой сусветнай вайне (“Кацюша”, “У акіяне”, “У булачнай”, “Прыгоды з чамаданам”). Знаёмства з законамі дэмакратыі ў ЗША (“Сабака на мосце”, “Бізнесмены”, інш.). Пісьменнік і яго час.

Крытычныя і літаратуразнаўчыя працы пісьменніка, іх роля ў развіцці эстэтычнай думкі ў Беларусі. Лынькоўскія традыцыі ў сучаснай беларускай прозе. Пераклады твораў пісьменніка на замежныя мовы. М. Лынькоў у ацэнцы крытыкі і літаратуразнаўства.


8.4. УЛАДЗІМІР ДУБОЎКА

(1900—1976)

У. Дубоўка як выдатны паэт 20 стагоддзя.

Жыццёвы і творчы шлях. Традыцыі Я. Купалы, М. Багдановіча, Т. Шаўчэнкі, С. Ясеніна, А. Блока, В. Брусава і беларускага фальклору ў яго паэзіі. У. Дубоўка — адзін з лідэраў згуртавання “Узвышша”. Эстэтычныя погляды пісьменніка.

“Маладнякоўскія” паэмы У. Дубоўкі, лірыка 20-х гадоў (кнігі “Строма”, 1923; “Там, дзе кіпарысы”, 1925; “Трысцё”, 1925; “Credo”, 1926; “Наля”, 1927). У. Дубоўка як тонкі лірык і паэт-рамантык. Пранікнёны адраджэнскі пафас, сімволіка, прыватнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў вершах паэта “О Беларусь, мая шыпшына”, “На ўшанаванне новага падзелу беларускай зямлі (“За ўсе краі, за ўсе народы свету...”), “Ніколі праўда не ўмірае”). Праблема красы. Адметнасць мастацкіх пошукаў і адкрыццяў. Прыкметы імажынізму, канструктывізму, эстэтыкі “Узвышша” ў лірыцы У. Дубоўкі. Высокая культура творчасці, інтэлектуальнасць, вытанчанасць стылю і надзвычайная меладычнасць. Самакаштоўнасць і разнастайнасць асацыятыўнай вобразнасці, метафары і рытмікі, аквітызм у паэзіі У. Дубоўкі. Інтымная і пейзажная лірыка. Элегічнасць, летуценнасць, жыццесцвярджальнасць лірыкі У. Дубоўкі першай паловы 20-х гг. і ўзмацненне трагічных адчуванняў паэта ў другой палове 20-х гг.

Пошукі і адкрыцці У. Дубоўкі ў нізцы “Крыху восені і жменька кляновых лістоў”.

Наватарства У. Дубоўкі ў распрацоўцы паэтычнага эпасу (паэмы “Кругі”, 1927; “І пурпуровых ветразей узвівы”, 1929; “Штурмуйце будучыні аванпосты!”, 1929). Творчая гісторыя. Арганічная цэласнасць паэтычнай трылогіі. Маштабнасць паэтычнага мыслення аўтара. Лірычна-філасофскае асэнсаванне паэтам сутнасці мастацтва і быцця, яго погляд на беларускую рэчаіснасць 20-х гг. Плённае выкарыстанне У. Дубоўкам набыткаў фальклору і літаратурнай спадчыны. Сцвярджэнне думкі пра іх мастацкую каштоўнасць. Развагі пра шляхі развіцця і спецыфіку мастацтва, складанасці і супярэчнасці жыцця. Палемічнасць і эксперыментальнасць паэм. Арыгінальнасць іх сюжэтна-кампазіцыйнай структуры (аўтарскія адступленні, рэмаркі і каментарыі, устаўныя апрацоўкі народных казак, выкарыстанне перакладаў з А. Пушкіна, Дж. Байрана). Алегарычная вобразнасць і сімволіка ў творах. Гуманістычны і патрыятычны змест. Вызначэнне У. Дубоўкам жанру паэм і іх праблематыкі.

Лірычна-эпічны лад і драматызм зместу ў паэмах пра мінуўшчыну “Крычаўская спакуса” (1925) і “Браніслава” (1929). Творчая гісторыя.

Значная роля У. Дубоўкі ў беларускім літаратурным і грамадска-культурным жыцці 20-х гг. Мастацкая і навуковая каштоўнасць яго крытычных і тэарэтычных публікацый па пытаннях літаратуры, мовы, фальклору і мастацтва.

Уплыў творчасці У. Дубоўкі на тагачасных беларускіх пісьменнікаў.

Лёс паэта і яго твораў у перыяд зняволення і высылкі. Рэабілітацыя У. Дубоўкі. Прыгажосць роднай зямлі, духоўнае хараство чалавека, свет чыстай красы, роздумнасць і праявы ідэалагічных канонаў у яго паэзіі канца 50—60-х гадоў (вершаваныя нізкі “Чакае ля берагу човен мяне”, 1958; “Палеская рапсодыя”, 1959; “Светлыя ўспаміны”, 1957—1961; “Дактылічныя рытмы”, 1966). Трагізм Вялікай Айчыннай вайны, духоўная веліч і мужнасць жанчыны ў паэмах “Перад іменем Любові” (1958) і “Беларуская Арыядна” (1960).

Мастацкая дасканаласць у апрацоўцы фальклору (кнігі казак “Цудоўная знаходка”, 1960; “Кветкі — сонцавы дзеткі”, 1963; “Залатыя зярняты”, 1975 і інш.)

Навукова-прыгодніцкія аповесці для дзяцей “Жоўтая акацыя” (1967) і “Ганна Алелька” (1969). Выяўленне ў іх думкі пра важнасць даследніцкай працы, гаспадарскага стаўлення да зямлі і любові да радзімы.

Кніга апавяданняў-абразкоў “Пялёсткі” (1973): аўтабіяграфізм, патрыятычны пафас, маральная чысціня і духоўная прыгажосць асобы пісьменніка, разнастайнасць вобразна-выяўленчых сродкаў.

Пераклады твораў У. Шэкспіра (“Санеты”, 1964), Дж. Байрана (вершы, паэмы “Шыльёнскі вязень”, “Бронзавы век”, містэрыя “Каін”). Іх роля ў мастацкім самавыяўленні паэта.

Значэнне творчасці У. Дубоўкі ў гісторыі беларускай літаратуры і культуры. Выданні твораў паэта на беларускай мове. Асэнсаванне яго постаці ў крытыцы і літаратуразнаўстве.
8.5. МІХАСЬ ЗАРЭЦКІ

(1901—1937)

Міхась Зарэцкі (Міхаіл Яўхімавіч Касянкоў) як адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў рамантычнага кірунку ў беларускай прозе 20-х гг. Біяграфія пісьменніка. Яго актыўны ўдзел у літаратурна-грамадскім жыцці.

Праблематыка, вобразы і мастацкія асаблівасці апавяданняў “У віры жыцця”, “Адкупіўся”, “Ворагі”, “Адна партыя ў шашкі”, “Бель”, “Дзіўная”, “Кветка пажоўклая”, “Ракавыя жаронцы”. Пранікнёны погляд на рэчаіснасць і глыбокая цікавасць да псіхалогіі чалавека на пераломе гістарычных эпох. Гуманістычны пафас. Маральна-этычныя праблемы. Загадкавасць і таямнічасць кахання ў творах. Узнёслая апавядальнасць. Драматызм і трагізм зместу. Востры дынамічны сюжэт, элементы дэтэктыва. Адметнасць вобразна-выяўленчай палітры ў апавяданнях.

Аповесць “Голы звер” (1926). Раскрыццё ў вобразе Яроцкага праяў філасофіі эгаізму, індывідуалізму. Неадназначнасць, жывучасць і тыповасць гэтага вобраза. Прыёмы эмацыянальна-лірычнага і сатырычна-іранічнага пісьма ў творы.

Раман “Сцежкі-дарожкі” (1927). Лёс і пакутлівыя духоўныя пошукі інтэлігенцыі ў перыяд Першай сусветнай вайны і замежнай інтэрвенцыі, яе адносіны да рэвалюцыйных метадаў і формаў грамадскага ўладкавання. Асэнсаванне складанасці і супярэчлівасці тагачаснай рэчаіснасці. Праблемы рэвалюцыі і інтэлігенцыі, рэвалюцыі і гуманізму. Вобраз Васіля Лясніцкага, яго псіхалагічная адметнасць. Каханне ў творы. Івобразы Андрэя Матруніна, Халімы. Шырыня і дакладнасць у перадачы грамадскай атмасферы, духу і каларыту эпохі. Дасканаласць сюжэтна-кампазіцыйнай структуры. Майстэрства ў раскрыцці характараў і адносін паміж людзьмі, у выкарыстанні выяўленчых сродкаў.

Эстэтычная і грамадзянская пазіцыя пісьменніка ў артыкулах “Два экзамены (Да пытання аб тэатральнай крытыцы)”, “Чым пагражае нам Белдзяржкіно” (1928), нарысе “Падарожжа на новую зямлю” (1928). Нападкі вульгарызатарскай крытыкі ў канцы 20-х — пачатку 30-х гг. на М. Зарэцкага. Лёс рамана “Крывічы” і гістарычнай драмы “Рагнеда”.

Драматургія М. Зарэцкага: “Віхор на балоце” (1928), “Белыя ружы” (1928—1929), “Ная” (1936) і інш. Праблематыка і мастацкія асаблівасці гэтых п’ес. Ацэнка М. Зарэцкім стану тагачаснай драматургіі, усведамленне ім ролі тэатра ў культурным жыцці грамадства.

Раман “Вязьмо” (1932). Глыбіня ў паказе трагізму масавай калектывізацыі і гуманістычнае гучанне твора. Псіхалагічная змястоўнасць вобраза Карызны. Вобраз Пацяроба як “страшнага калектывізатара”, прыхільніка гвалтоўных, камандна-адміністрацыйных метадаў кіравання. Сэнсавая напоўненасць вобраза Галілея (Ахрэма Пунціка). Праўдзівае ўзнаўленне часу і падзей. Праблема асабістага і грамадскага ў рамане. Філасафічнасць твора. Вобраз вязьма, думка пра сілу грамадскіх абставін, фатальную наканаванасць, лёс чалавека. Складаны свет інтымных пачуццяў. Адметнасць лірычна-рамантычнага стылю. Канцэпцыя “пазітыўнага” рамантызму. Тыпалогія рамана з творамі пра падзеі “вялікага пералому” (П. Галавач, Я. Колас, С. Баранавых, Б. Мікуліч, інш.).

Бібліяграфія арыгінальных выданняў М. Зарэцкага. Крытычныя і літаратуразнаўчыя працы пра яго творчасць.
8.6. ЯЗЭП ПУШЧА

(1902—1964)

Язэп Пушча (Іосіф Паўлавіч Плашчынскі) і яго значэнне ў гісторыі беларускай літаратуры. Ацэнка асобы паэта ў крытыцы і літаратуразнаўстве 20—30-х гг. Сям’я пісьменніка. Ранняя далучанасць да сялянскай працы. Гады вучобы ў Мінску (у рэальным вучылішчы, на педфаку БДУ), сяброўства з А. Бабарэкам, М. Чаротам, К. Чорным і іншымі пісьменнікамі. Творчы шлях і лёс паэта.

Я. Пушча як адзін з арганізатараў літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша”. Паэт у тагачасным літаратурным асяродку. Раннія вершы Я. Пушчы (“Рэчанька не спіць”, “Я раніцы кланяўся ў пояс”, “Раніцу шчэбет пільнуе” і інш.), адлюстраванне ў іх свету прыроды і чалавечых пачуццяў. Зборнік “Раніца рыкае” (1925), яго наватарская адметнасць. Маладнякоўскі аптымізм, вера паэта ў будучыню. Арыгінальнасць і экстравагантнасць аўтарскага выяўлення. Арыентацыя на паэтыку імажынізму. Ускладнены метафарызм, незвычайная вобразная асацыятыўнасць і парадаксальнасць думкі. Паэтычныя тропы і рытміка-інтанацыйная структура вершаў “Раніца рыкае”, “Мне чупрыны не хочацца звесіць” і інш. Асаблівасці стылю: рамантызацыя, арнаментальнасць і квяцістасць, элементы парадыйнасці. Вёска і горад у паэтычным адлюстраванні Я. Пушчы. Абвінавачванні вульгарызатарскай крытыкі ў “ясеніншчыне” і “багемнасці”. Зборнік “Vіtа” (1926) як працяг авангардна-эксперыментальных пошукаў. Суб’ектыўна-выяўленчы характар творчасці. Спалучэнне ў светаадчуванні паэта рамантычнага і рэалістычнага, высокага і нізкага, светлага і змрочнага. Філасофскі самааналіз і драматызацыя лірычнага пачуцця (“Вечар асенні, вечар маўклівы”, “Не сядзець мне з хлапцамі...” і інш.). Хрысціянскія матывы і біблейская сімволіка (церні, крыж, укрыжаванне і інш.). Паглыбленне вобразна-выяўленчых магчымасцей у паэзіі Я. Пушчы “ўзвышэнскага” перыяду: арфейны пачатак (музыка-напеўны гукапіс), эмацыянальная сугестыўнасць, пачуццёвы дынамізм, кантрастнасць вобразаў, сімвалічнасць і інш. Узрастанне элегізму і трагічнага пафасу ў зборніках “Дні вясны” (1927) і “Песні на руінах” (1929). Экзістэнцыяльныя матывы разгубленасці, зняверанасці, адзіноты, суму, тугі, змрочныя вобразы і мінорныя інтанацыі. Трагічныя прадчуванні і прароцтвы паэта ў цыклах вершаў “Лісты да сабакі” і “Асеннія песні” (1927), паэмах “Цень Консула” (1928), “Крывавы плакат” (пазнейшая назва “Крывавы год”, 1930), “Сады вятроў” (1930) і інш. Вобразныя асацыяцыі, алегорыі, сімвалы, якія выяўляюць аўтарскую канцэпцыю рэчаіснасці. Грамадзянская пазіцыя паэта, асэнсаванне ім вострых праблем часу. Трывога пра лёс Беларусі і народа. Паэт у духоўным супрацьстаянні творчай несвабодзе, канфармізму, неспрыяльным грамадскім абставінам. Усхваляванасць, публіцыстычная страснасць прамаўлення. Маральна-філасофскія разважанні, сэнсавая глыбіня і афарыстычнасць абагульненняў. Жанравая і кампазіцыйная адметнасць паэм Я. Пушчы.

Лёс часткі творчай спадчыны паэта (зборнікі “Мой маніфест”, “Грэшная кніга”). Спавядальныя матывы ў творах часу высылкі: “Ліст першы”, “На свеце боль і смутак ёсць”, “На этапе”, “Суровы лёс”, “Шумі, уральская тайга”, “Іду і падаю пад крыжам” і інш. Водгук падзей вайны ў паэзіі Я. Пушчы (“Дамоклаў меч”, “Плач сіротак” і інш.). Зварот да фальклорных паданняў і вобразаў, іх мастацкае пераасэнсаванне.

Рэабілітацыя Я. Пушчы (1956), вяртанне пісьменніка да літаратурнай творчасці. Выхад паэтычных зборнікаў “Вершы і паэмы” (1960), “Пачатак легенды” (1963). Ідэйна-тэматычная і жанравая характарыстыка паэзіі 50-х — першай паловы 60-х гг. Услаўленне Радзімы, паэтызацыя яе красы, выяўленне ўсхваляваных пачуццяў любові да роднай зямлі (“Пад родным небам”, “На сонечнай зямлі” і інш.). Песенная танальнасць, аптымістычна-радасная настраёвасць многіх твораў (“Песня”, “Музыка вясны”, “Ты — як песня тая” і інш.). Даніна паэта тагачаснай ідэалогіі, вымушаная скіраванасць на апяванне шчаслівага жыцця. Матывы зведанага і перажытага, выяўленне ўнутранага стану паэта ў вершах “Крытыку”, “Не паднімаў я каменя на брата...”. Майстэрства паэтычнага слова ў пейзажнай лірыцы (“Кіпарысы”, “Лета”, “Восень” і інш.). Паэмы пра ваеннае мінулае “Бор шуміць” (1957) і “Людвіся” (1959), іх мастацка-стылёвыя асаблівасці. Эстэтычная сувязь паэта з традыцыямі нацыянальнай класікі.

Пасмяротнае выданне творчай спадчыны паэта ў двухтомным “Зборы твораў” (1993—1994). Роля Я. Пушчы ў развіцці беларускай паэзіі. Творчая рэалізацыя паэта, няспраўджанасць яго значных патэнцыяльных магчымасцей. Язэп Пушча ва ўспамінах беларускіх пісьменнікаў і жонкі Станіславы Плашчынскай (“З дзён далёкіх і блізкіх”).


8.7. АНДРЭЙ МРЫЙ

(1893—1943)

Андрэй Мрый (Андрэй Антонавіч Шашалевіч) — выдатны беларускі празаік, аўтар адзінага ў айчыннай літаратуры сатырычнага рамана. Трагічны жыццёвы лёс пісьменніка, кароткасць і абарванасць яго творчай біяграфіі.

Ранняя творчасць празаіка (1924—1926 гг.). Нарысы, абразкі, замалёўкі, навелы як мастацкая школа стварэння яркіх, каларытных характараў, незвычайных сюжэтаў і калізій.

А. Мрый і “Узвышша” — адзінае ў гісторыі беларускай літаратуры літаб’яднанне, у якім сатыра развіваецца як паўнацэнны літаратурны напрамак. Уплыў узвышэнскіх творчых прынцыпаў на фарміраванне эстэтычных прынцыпаў маладога сатырыка.

Эпоха 20-х гадоў, “новае жыццё” і “новы герой” у сатырычных апавяданнях А. Мрыя. Вастрыня сатырычнага зроку, трапнасць вобразаў, майстэрства моўных характарыстык. Сказ і камічны сказ у навелістыцы і рамане А. Мрыя, прычыны звароту да яго як дадатнага сродку стварэння вобразаў і мастацкіх канцэпцый.

Палеміка з рамантызацыяй “скураной курткі” маладнякоўцамі ў апавяданні “Камандзір” (1927). Разуменне А. Мрыем небяспечнасці абсалютызацыі і бяздумнай рамантызацыі “выхадца з нізоў”.

Рэвалюцыйная ява без ружовых акуляраў у апавяданні “Гармонія ў ружовым” (1927). Паказ тагачасных нораваў: абывацельшчына, голая фізіялогія і пошасць.

Вёска і горад 20-х гг. праз прызму бачання “культурнага” чалавека (“Няпросты чалавек”, 1927). “Дзіўнае” супадзенне афіцыйнага погляду на вясковае жыццё з перакананнямі лёкая-абывацеля.

Крывадушша і распуста як хвароба эпохі, што закранае нават тых, хто павінен супрацьстаяць ім (“Рабін”, 1929).

Сатырычнае выкрыццё абывацельшчыны і правінцыялізму ў рамане «Запіскі Самсона Самасуя» (1929). Сувязь аўтарскай канцэпцыі з традыцыямі М. Гогаля, сатырычнымі апавяданнямі Я. Коласа (“Пісаравы імяніны”, “Хаім Рыбс”, К. Чорнага (“Мяшчане ў густой пары”, “Не пі густога чаю”), К. Крапівы. Новая савецкая бюракратыя, яе ўзровень, мараль, побыт, норавы, жыццёвыя памкненні. Адсутнасць у яе асяроддзі альтэрнатывы гратэскнаму і пачварнаму вобразу Самсона Самасуя. Высмейванне прынцыпу “бядняцка-пралетарскага паходжання” як галоўнай умовы трывалага сацыяльнага становішча і службовага росту. “Самасуеўшчына” — з’ява, з’яўленне і рост якой у якасці дэнацыяналізаваных, бяздумных, паслухмяных “калёсікаў і вінцікаў” рэвалюцыі стымулюецца ідэалагічнай машынай. Універсальнасць смеху, разнастайнасць мастацкіх прыёмаў і сродкаў аўтарскага пісьма: гратэск, карыкатура, парадзіраванне, іронія, парадокс і інш. Негатыўныя ацэнкі рамана тагачаснай крытыкай і паплечнікамі па “пісьменніцкаму цэху” і яе прычыны.

Творчасць А. Мрыя ў нацыянальным і сусветным літаратурным кантэксце (“Прамова Мялешкі”, К. Крапіва, Ф. Рабле, М. Салтыкоў-Шчадрын, М. Булгакаў, І. Ільф і Я. Пятроў, М. Зошчанка, А. Платонаў і інш.).

Традыцыі А. Мрыя ў пазнейшай беларускай прозе.


8.8. УЛАДЗІМІР ЖЫЛКА

(1900—1933)

Яркасць і непаўторнасць творчай індывідуальнасці У. Жылкі. Асоба паэта і яго лёс. Біяграфія.

Адметнасць паэтычнай манеры пісьма. Выданне паэмы “Уяўленне” (1923), зборніка вершаў “На ростані” (1924) у Вільні. Сімвалізм, гукапіс, рытмічныя кантрасты ў паэзіі, эмацыянальнасць і настраёвасць у творах. Своеасаблівасць эсхаталогіі, містыкі, “недагаворанасць” у паэтычнай споведзі. Спалучэнне мадэрнісцкіх, постмадэрнісцкіх і рэалістычных тэндэнцый у творчасці.

У. Жылка — паэт еўрапейскага ўзроўню па вобразна-выяўленчым ладзе вершаў, эстэтычнай дасканаласці твораў. Вучоба ў Карлавым універсітэце ў Празе. Удзел у нацыянальна-адраджэнскім руху. Пераезд у Мінск. Грамадская актыўнасць паэта.

Зборнік “З палёў Заходняй Беларусі” (1927). Наватарства паэзіі У. Жылкі.

Адзінства разумення слова і рэальнасці жыцця, таленту як “далучэння да Бога” (Я. Баратынскі). Думкі пра сваё, інтымнае, запаветнае, пра радзіму, лёс народа, бацькоў, горад і вёску. Стылёвая адметнасць твораў. Ускладненасць, філасафізм паэтычнага мыслення. Вострая ранімасць і боль у паэтычных пасланнях апошніх гадоў жыцця ў выгнанні перад смерцю ў “Хрыстовым узросце”. Маляўнічасць, мілагучнасць, багацце інструментоўкі ў вершах паэта. Хараство і непаўторнасць паэзіі У. Жылкі.

“Тастамент” — своеасаблівы творчы запавет паэта. Выяўленне асабістых пачуццяў, ідэйна-мастацкая характарыстыка твора.

Паэзія У. Жылкі ў нацыянальным і еўрапейскім літаратурным кантэксце (М. Багдановіч, У. Дубоўка, П. Верлен, І. Волькер, О. Уайльд, Ш. Бадлер, А. Блок, інш.).

Выступленні паэта ў публіцыстыцы, крытыцы, прозе. Эпісталярый.

Роля У. Жылкі ў жанрава-стылёвым узбагачэнні беларускай паэзіі і ўзмацненні яе сувязей з еўрапейскай сусветнай паэтычнай традыцыяй.

Ацэнка паэзіі У. Жылкі ў беларускай крытыцы і літаратуразнаўстве. Месца паэта ў гісторыі беларускай літаратуры.



Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   ...   23




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет