Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны” зацвярджаю



бет8/23
Дата12.07.2016
өлшемі1.11 Mb.
#194802
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   23

7.9. АЛЕСЬ ГАРУН


(1887—1920)

Алесь Гарун (Аляксандр Уладзіміравіч Прушынскі) як адзін з пачынальнікаў навейшай беларускай літаратуры. Біяграфія паэта.

А. Гарун і беларускае Адраджэнне. Газеты “Наша ніва” і “Bielarus” (“Беларус”) у творчым лёсе паэта. Вобразная адметнасць вершаў “Януку Купале” і “Начныя думкі” (абодва — 1908).

Зборнік “Матчын дар” (1918). Творчая гісторыя, структура, канцэптасфера. Асноўныя матывы і вобразы. Тварэнне паэтам нацыянальнага міфа. Канцэпцыя Беларусі, народа і яго лёсу. Думкі пра волю, народнае шчасце, сэнс быцця, будучыню. Асэнсаванне паэтам праблемы роднай мовы. Патрыятычны і сацыяльна-філасофскі змест вершаў “Чаму з маленства, з ураджэнства...”, “Як надарыцца мінута...”, “Ты мой брат, каго зваць Беларусам...”, “Юдам”, “Матчын дар”, інш. Пранікнёны лірызм, глыбокая рэфлексія, публіцыстычнасць, трагізм паэзіі А. Гаруна, яе сувязь з фальклорам. Жанравая і рытміка-інтанацыйная разнастайнасць яго лірыкі: верш-роздум, верш-зварот, гімн, элегія, малітва, песня, інш. “Лёгкасць і мілазычнасць верша, рупная шліфоўка яго, новае і вельмі пекнае счэпліванне рыфм” (М. Багдановіч).

Пачуццё грамадзянскага абавязку і адказнасці перад народам, часам, будучыняй. Энергія паэтычнага радка, заклікальныя і запытальныя інтанацыі. Вершы А. Гаруна 1917—1920 гг. “Народ”, “Брацця, к агульнаму шчасцю...”, інш. Разнастайнасць вобразна-выяўленчых сродкаў і формаў у яго паэзіі. Біблейска-хрысціянскія вобразы і матывы (“Мае Коляды”, “Самсон”, інш.). Гумар, іронія, сатыра ў вершах і байках паэта (“Мяцеліца”, “Галасуюць”, “Апякун”, “Кліч”, інш.).

Праблематыка і мастацкія асаблівасці апавяданняў А. Гаруна “Першы снег”, “Пан Шабуневіч”, “П’ера і Каламбіна” і інш. Нацыянальнае і агульначалавечае ў творах. Наватарства празаіка. Асаблівасці аўтарскага стылю.

П’есы для дзяцей А. Гаруна з яго зборніка “Жывыя казкі” (1920): “Хлопчык у лесе”, “Шчаслівы чырвонец”, “Дзіўны лапаць, або Не ўсё тое порах, што ў пораху ляжыць”. Іх вобразы, праблематыка і эстэтычная адметнасць.

Творчасць паэта ў славянскім і сусветным літаратурным кантэксце (М. Лермантаў, В. Брусаў, А. Блок, Т. Шаўчэнка, І. Франко, У. Б. Йейтс, інш.).

Публіцыстыка А. Гаруна (“Одгукі”, “Увагі да нацыянальнага руху”).

Бібліяграфія выданняў А. Гаруна.

Ацэнка творчасці А. Гаруна ў крытыцы і літаратуразнаўстве.


7.10. ВАЦЛАЎ ЛАСТОЎСКІ


(1883—1938)

Вацлаў Ластоўскі — адзін з пачынальнікаў і лідэраў беларускага нацыянальнага Адраджэння пачатку 20 ст. Біяграфія пісьменніка. Яго грамадска-палітычная, літаратурная, навуковая і выдавецкая дзейнасць.

Эстэтычныя пошукі В. Ластоўскага, наватарскі характар яго творчасці. Зварот да мінуўшчыны, распрацоўка гістарычных сюжэтаў. Стварэнне пісьменнікам літаратурна-гістарычнага міфа. Вобразы і падзеі мінулага, іх асэнсаванне. Выкарыстанне фальклорна-міфалагічнага летапіснага матэрыялу. Праблематыка, жанрава-стылёвая разнастайнасць, сімвалізм у апавяданнях, абразках, легендах, казках і прыпавесцях “Лебядзіная песня”, “Прывід”, “Дзень ружавай кветкі”, “Каменная труна”, “Сож і Няпро”, “Беларускі радавод”, “Князёўна Рагнеда”, “Вітаўт і Ягайла”, інш. Ацэнка М. Багдановічам апавяданняў В. Ластоўскага.

Мастацкая адметнасць аповесці “Прыгоды Тараса і Панаса” (1912).

Аповесць “Лабірынты” (1923). Элементы дэтэктыва, фантастычнай і прыгодніцкай літаратуры, прыкметы містэрыі і утопіі ў творы. Спецыфіка мастацка-філасофскага ўвасаблення ідэі беларускага нацыянальнага быцця ў “Лабірынтах”. Вобраз Крывіі ў светапогляднай і эстэтычнай сістэме пісьменніка і ў кантэксце беларускай літаратуры 20 ст.

Паэзія В. Ластоўскага. Патрыятычная тэматыка, філасофска-інтэлектуальны змест, разнастайнасць формаў (“Наперад, змагарна наперад!”, “О, Крыўская зямля”, “Чала я не хіліў прад сілай”).

Роля В. Ластоўскага ў станаўленні нацыянальнай крытыкі і публіцыстыкі, сцвярджэнні думкі пра эстэтычнае развіццё і ўзвышэнне беларускай літаратуры. Рэцэнзіі на зборнікі “Васількі” Ядвігіна Ш., “Родныя з’явы” Т. Гушчы (Я. Коласа), “Рунь” М. Гарэцкага, артыкулы “Сплачывайце доўг”, “Па сваім шляху!” і інш.

Навуковая дзейнасць. Значэнне “Кароткай гісторыі Беларусі” (1910), “Падручнага расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка” (1924), “Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі” (1926) у абгрунтаванні беларускай нацыянальнай ідэі.

Пераклады пісьменнікам твораў іншамоўных аўтараў — Э. Ажэшкі, Р. Кіплінга, А. К. Талстога, інш.

В. Ластоўскі як мемуарыст. Каштоўнасць яго ўспамінаў пра М. Багдановіча і Я. Купалу.

Творчасць В. Ластоўскага ў кантэксце беларускай і еўрапейскай літаратур (Я. Купала, М. Багдановіч, Х. К. Андэрсен).

РАЗДЗЕЛ 8. БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА
30-Х — ПЕРШАЙ ПАЛОВЫ 50-Х ГАДОЎ


а) Даваенная літаратура ў Савецкай Беларусі

Беларуская літаратура 30-х гг. як каштоўны матэрыял для разумення і асэнсавання гісторыі. Адлюстраванне ў ёй стану грамадства, атмасферы часу. Багацце фактаграфізму. Арыентацыя на станоўчы ідэал жыцця. Рамантычныя памкненні маладога пакалення, прага “вучыцца, жыць, спяваць, расці...” (П. Броўка). “Сацыялістычны аптымізм”: пафас грандыёзных пераўтварэнняў, калгаснага будаўніцтва, мара пра дасягненне вялікіх мэт і ўсеагульнае шчасце, услаўленне жыцця. Празмерная ідэалізацыя рэчаіснасці, замоўчванне складаных грамадскіх праблем.

Літаратурныя спрэчкі і дыскусіі. Дзейнасць на пачатку 30-х гг. БелАПП (Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў). Вульгарна-сацыялагічная крытыка (Л. Бэндэ, А. Кучар, інш.). Дзяржаўна-партыйнае кіраўніцтва літаратурай і культурай. Рэарганізацыя літаратурна-творчага жыцця ў святле пастановы ЦК ВКП(б) “Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый” (1932). Першы Усебеларускі з’езд пісьменнікаў (1934), выступленні на ім вядомых літаратараў. Стварэнне Саюза пісьменнікаў БССР (1934), яго роля і значэнне для літаратуры. ІІІ Пленум праўлення ССП СССР у Мінску (1936), даклады і выступленні М. Клімковіча, А. Александровіча, Б. Пастарнака, А. Суркова, інш.

Лёс беларускага пісьменніцтва ў 30-я. Сутыкненне веры, ілюзій і жорсткай рэальнасці. 29 кастрычніка 1937 г. як трагічны дзень для літаратуры і культуры Беларусі: расстрэл 20 беларускіх і яўрэйскіх пісьменнікаў (М. Чарот, А. Дудар, А. Вольны, П. Галавач, М. Зарэцкі, В. Каваль, В. Маракоў, І. Харык і інш.). Абвінавачванні пісьменнікаў у “нацдэмаўскай контррэвалюцыі”, “буржуазным нацыяналізме”, “абароне кулацтва”, “упадніцтве і эстэцтве”. Спроба самагубства Я. Купалы, яго пакаяльны ліст. Матэрыялы допытаў пісьменнікаў як трагічныя дакументы часу. Рэпрэсаваныя літаратары, іх творчая спадчына.

Ідэйна-светапоглядныя змены ў беларускай літаратуры 30-х гг. Савецкая ідэалогія і яе адбітак на мастацкай свядомасці. Сацыялістычны рэалізм у беларускай і літаратурах савецкіх рэспублік, краін Еўропы, яго нарматывы: класавы падыход да разумення чалавека і грамадства, прынцып партыйнасці, паказ жыцця ў рэвалюцыйным развіцці, інш. Суадносіны авангарду і сацрэалізму, традыцыйнага і наватарскага, ідэалагічнага і эстэтычнага. Прычыны замаруджанага развіцця мастацтва слова. 30-я гг. у гісторыі літаратуры як час, калі “дэфармуецца само паняцце прыгожага пісьменства” (М. Мушынскі). Выкрыццё “ворагаў народа”, “шкоднікаў”, “паслугачоў фашыстаў”, “дыверсантаў”, “шпіёнаў”, культывацыя гневу і жорсткасці (“Мала іх павесіць...” Я. Купалы, “Паэма пра ворага” А. Александровіча, “Пагібель воўка” Э. Самуйлёнка, “Згублены сшытак” П. Левановіча, інш.). Уніфікацыя, аднатыпная трактоўка героя новага часу. Тэндэнцыйнасць, спрошчанасць у паказе падзей. Культаўскія твоы, прысвечаная Сталіну. Праблема станаўлення пісьменніцкай індывідуальнасці ва ўмовах даваеннага часу. Духоўнае супраціўленне літаратуры ўціску і гвалту над ёй.

Паэзія 30-х гг.: пафас, вобразы, рытмы і настроі. Ідэйна-эстэтычныя пошукі, выпрацоўка формаў мастацкага мыслення. Паэтычная ідылія жыцця ў “Ляўкоўскім цыкле” (1935) Я. Купалы. Усталяванне канона паэзіі аптымістычнай, услаўляльнай, святочнай. Урачыстыя оды і гімны. Творчая арыентацыя на У. Маякоўскага, рускіх канструктывістаў. Маладнякоўскія традыцыі і іх уплыў на паэтычнае светабачанне, мову, стыль. Асаблівасці версіфікацыі і паэтыкі П. Броўкі, М. Лужаніна, А. Александровіча, П. Глебкі, У. Хадыкі, З. Астапенкі і інш. Утылітарнае разуменне прызначэння мастацтва. Палымяная публіцыстыка, яе скіраванасць на надзённыя патрэбы дня. Паэтычны рэпартаж, верш-прамова, верш-заклік і верш-лозунг. Статус паэта як грамадзяніна, змагара, трыбуна. Суадносіны грамадскага і асабістага. Недаацэнка любоўнай лірыкі, інтымнага самавыяўлення.

Якасныя эстэтычныя зрухі ў развіцці беларускай паэзіі другой паловы 30-х гг. Вяртанне да класічных нацыянальных традыцый. Арыентацыя на паэтыку і рэалістычны стыль Я. Коласа. Сувязь паэзіі з народна-песеннай творчасцю. Станаўленне індывідуальных стыляў пад уплывам традыцый рускай класікі ХІХ ст. Ідэйна-эстэтычныя пошукі тагачасных маладых паэтаў у святле творчых узораў і вопыту Я. Купалы, М. Багдановіча, С. Ясеніна, А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага і інш. Паглыбленне суб’ектыўна-выяўленчага пачатку, псіхалагічных асноў паэзіі, абнаўленне мастацкай тропікі, вершаванай тэхнікі. Гарманічнасць светаадчування ў лірыцы прыроды і кахання П. Броўкі, П. Панчанкі, інш. Узмацненне ўвагі да адзінкавага, непаўторнага, мастацкай дэталі. Эстэтычны феномен вершаванага цыкла А. Куляшова “Юнацкі свет” (1938—1940). Узбагачэнне сістэмы паэтычнага мыслення, рост культуры творчасці Ю. Таўбіна, Ю. Лявоннага, А. Коршака, інш.

Паэтычны эпас 30-х гг., яго жанравыя мадыфікацыі. Пошукі эпічных сродкаў адлюстравання А. Куляшовым у паэмах “Крыўда” (1930), “Аманал” (1931). Арыентацыя на эстэтычную традыцыю У. Дубоўкі ў паэме С. Астрэйкі “Смарагды кроз” (1931). Суб’ектывацыя вершаванага стылю ў паэме П. Броўкі “Праз горы і стэп” (1932). Казачна-фантастычны сюжэт і спецыфіка смеху ў паэме К. Крапівы “Хвядос — Чырвоны нос” (1931). Тыповае і адметнае ў творах М. Багуна “Крокі ў вяках” (1930), Ю. Таўбіна “Таўрыда” (1932), А. Куляшова “Антон Шандабыла” (1933, першапачатковая назва “Гарбун”), “Баранаў Васіль” (1937), “Песня аб разведчыках” (1938), “У зялёнай дуброве” (1938—1939), Я. Купалы “Над ракою Арэсай” (1933), “Барысаў” (1934), П. Броўкі “Кацярына” (1937—1938), П. Глебкі “Мужнасць” (1934—1938), інш. Раскрыццё драматычных момантаў біяграфіі Тараса Шаўчэнкі ў паэме Я. Купалы “Тарасова доля” (1939). Рытміка-інтанацыйны лад паэмы А. Жаўрука “Крывёю сэрца” (1938) як выяўленне пафасу барацьбы з фашызмам у Іспаніі. Патрыятычныя і антываенныя матывы ў паэме А. Куляшова “Хлопцы апошняй вайны” (1940), спалучэнне ў ёй публіцыстычнасці і лірызму.

Ідэйна-тэматычны змест беларускай прозы 30-х гг. Паказ вясковай рэчаіснасці, калектывізацыі, класавай барацьбы, сацыяльных змен у жыцці. Чалавек на фоне грандыёзных пераўтварэнняў, у кантэксце руху гісторыі. Падзеі, сітуацыі, канфлікты: рэальнае і ідылічнае, класавае і гуманістычнае. Грамадства і чалавек як аб’ект адлюстравання ў аповесцях Э. Самуйлёнка “Тэорыя Каленбурн” (1933), Б. Мікуліча “Дужасць” (1932—1934), П. Галавача “Носьбіты нянавісці” (1935—1936), “Яны не пройдуць” (1936—1937), інш. Герой як носьбіт грамадскіх ідэй. Асноўныя тыпы герояў у прозе Я. Коласа, К. Чорнага, М. Гарэцкага, М. Лынькова, М. Зарэцкага, Р. Мурашкі. Статыка і дынаміка ў паказе характараў. Гуманістычная канцэптуальнасць думкі ў аповесці К. Чорнага “Люба Лук’янская” (1936). Чалавек, час і абставіны ў рамане Л. Калюгі “Пустадомкі” (1933—1935). Спавядальны пафас аповесці М. Гарэцкага “Лявонікус Задумекус” (1931—1932), яе наватарскі характар.

Канцэпцыя беларускага селяніна і сялянства. Выяўленне пісьменнікамі сутнасных асноў нацыянальнага менталітэту. Сутыкненне старога і новага, драматызацыя эпасу. Стылёва-эстэтычная адметнасць аповесці К. Чорнага “Вясна” (1930). Эпічнае адлюстраванне жыцця беларускай вёскі ў рамане К. Крапівы “Мядзведзічы” (1932). Чалавек на зямлі і ўлада зямлі над чалавекам у “Бацькаўшчыне” (1931) К. Чорнага. Аўтарская трактоўка падзей калектывізацыі ў рамане М. Зарэцкага “Вязьмо” (1932). Змястоўна-сэнсавыя сюжэтныя лініі рамана М. Лынькова “На чырвоных лядах” (1933). Ідэйная скіраванасць і сюжэтна-падзейная аснова аповесцей Я. Коласа “Адшчапенец” (1930—1931), П. Галавача “Спалох на загонах” (1930, 1931), С. Баранавых “Межы” (1929—1930), Б. Мікуліча “Чорная вірня” (1931), інш. Суадносіны аб’ектывізаванага і суб’ектызаванага пачаткаў пісьма ў гэтых творах.

Устаноўка на адлюстраванне ў літаратуры індустрыяльнай і працоўнай тэматыкі, рабочага асяродку. Чалавек і калектыў у аповесцях З. Бядулі “Таварыш Мінкін” (1930), П. Броўкі “Каландры” (1931), Х. Шынклера “Запіскі інструктара Томана” (1934), Б. Мікуліча “Ускраіна” (1932), інш. Абмалёўка вобразаў рабочых, паказ гарадской рэчаіснасці.

Адметнасць формаў і прыёмаў мастацкага мыслення ў прозе старэйшых на той час пісьменнікаў. Легендарна-гераічнае ўвасабленне вобраза дзеда Талаша ў аповесці Я. Коласа “Дрыгва” (1932—1933). Этнаграфічныя малюнкі, пейзаж, рэальнае і фантастычнае ў аповесцях З. Бядулі “Набліжэнне” (1934), “У дрымучых лясах” (1937—1938). Мастацкі алегарызм і гуманістычны пафас яго аповесці-казкі “Сярэбраная табакерка” (1940).

Раманны эпас, яго ідэйна-мастацкія асаблівасці. Чалавеказнаўчая культура думкі на старонках буйных эпічных твораў. Цыкл раманаў К. Чорнага “Бацькаўшчына” (1931), “Трыццаць год” (1934), “Трэцяе пакаленне” (1935): маштабнасць творчай задумы, праблемна-тэматычны змест, элементы тэндэнцыйнасці і схематызму. Сацыяльна-гістарычнае асэнсаванне народнага жыцця ў раманах М. Гарэцкага “Віленскія камунары” (1931—1933) і “Камароўская хроніка” (1930—1932, 1937), іх хранатыпічныя мадэлі.

Сацыяльная і палітычная заангажаванасць пісьменніцкага мыслення, звужэнне аналітыка-псіхалагічных межаў тагачаснай прозы. Антаганізм герояў, іх сацыяльна-класавая дыферэнцыяцыя ў раманах П. Галавача “Праз гады” (1934—1935, 1937), З. Бядулі “Язэп Крушынскі”, 1932, 2-я кніга), Р. Мурашкі “Салаўі святога Палікара” (1933—1939), інш. Пашырэнне жанрава-эстэтычных магчымасцей эпічнай прозы ў раманах Э. Самуйлёнка “Будучыня” (1936—1938), С. Баранавых “Калі ўзыходзіла сонца” (1935—1936), інш. Мастацкія вартасці буйных эпічных твораў і іх недахопы. Эстэтычная эвалюцыя беларускага апавядання, яго сувязь з традыцыямі псіхалагізму і лірызму.

Працяг і развіццё традыцый у беларускай літаратуры для дзяцей. Жанры апавядання, літаратурнай казкі, прыгодніцкай аповесці. Выхаваўчая накіраванасць твораў Я. Маўра, М. Лынькова, В. Вольскага, П. Левановіча і інш. Анімалістычныя вобразы ў дзіцячай паэзіі і прозе. Гераізацыя як аснова адлюстравання падзей і жыцця. Зададзенасць сітуацый і спрошчанасць характараў у асобных творах.

Стан беларускай драматургіі і тэатральны рэпертуар у 30-я гг. Аб’ектыўныя цяжкасці ў эстэтычным асваенні сучаснасці і мінулага. Погляды К. Чорнага, М. Зарэцкага, В. Вольскага на развіццё драматургіі. Ідэйна-творчыя пошукі К. Крапівы, К. Чорнага, В. Шашалевіча, М. Клімковіча і інш. Найбольш значныя п’есы таго часу: “Сымон Карызна” (1933) М. Зарэцкага, “Сімфонія гневу” (1935) В. Шашалевіча, “Канец дружбы” (1934), “Партызаны” (1937) і “Хто смяецца апошнім” (1939) К. Крапівы, “Цудоўная дудка” (1939) і “Несцерка” (1940) В. Вольскага, інш. Значэнне твораў К. Крапівы ва ўзбагачэнні традыцый сатырычнай камедыі і псіхалагічнай драмы. Стварэнне п’ес пісьменнікамі паводле сваіх раманаў і аповесцей (Я. Колас, К. Чорны, М. Зарэцкі, З. Бядуля, інш.). Індустрыяльна-рабочая (Я. Рамановіч, Р. Кобец, У. Галубок, І. Гурскі, інш.) і антыфашысцкая (Б. Мікуліч, В. Сташэўскі, Э. Самуйлёнак, інш.) скіраванасць тэматыкі. Паказ калектывізацыі і пераўтварэнняў на вёсцы (В. Гарбацэвіч, В. Сташэўскі, У. Краўчанка, І. Гурскі, інш.), барацьбы са шкодніцтвам (Э. Самуйлёнак, І. Гурскі, Е. Міровіч, інш.). Адлюстраванне жыцця ў памежжы, заходнебеларускай рэчаіснасці (К. Чорны, Я. Маўр, М. Паслядовіч, інш.). Зварот да мінулага і асаблівасці яго інтэрпрэтацыі ў драматургічных творах З. Бядулі, М. Клімковіча, інш.

Сапраўднае і штучнае, класавае і агульначалавечае ў тагачасных п’есах. Ідэалагічная нарматыўнасць, схематызм вобразаў, ідылічныя карціны рэчаіснасці. Звужэнне гуманістычнай ролі драматургічнага мастацтва, яго функцый. Заканамернасці і тэндэнцыі развіцця беларускай п’есы ў кантэксце тагачаснай савецкай літаратуры.

б) Літаратура Заходняй Беларусі

Гiстарычныя абставiны фармiравання заходнебеларускай лiтаратуры, храналагiчныя межы яе iснавання. Трагiчнасць лёсу беларускага народа, падзеленага па Рыжскiм дагаворы (1921) памiж дзвюма краiнамi. Заходняя i Савецкая Беларусь: узровень узаемаўплыву i ўзаемапрыцягнення.

Пiсьменнiкi-“нашанiўцы” i iх роля ў фармiраваннi традыцый паэзii, прозы, драматургii, публiцыстыкi ў лiтаратуры Заходняй Беларусi 20-х гг. (М. Гарэцкi, Л. Родзевiч, У. Самойла, Ф. Аляхновiч, I. Канчэўскi, Ядвiгiн Ш., інш.). Дамiнаванне публiцыстыкi на першым этапе iснавання заходнебеларускай лiтаратуры. Лiтаратурна-фiласофскае эсэ І. Абдзiраловiча (І. Канчэўскага) “Адвечным шляхам” (1921) i яго ўплыў на фармiраванне iдэйна-эстэтычных арыенцiраў заходнебеларускай лiтаратуры. Беларускi перыядычны друк таго часу як асноўная сфера функцыянавання мастацкага слова, багацце выданняў першай паловы 20-х i прычыны кароткатэрмiновага існавання многiх з iх (“Беларускае слова”, “Беларускi звон”, “Наша будучыня”, “Сялянская праўда”, “Голас беларуса” i iнш.). Разнастайнасць часопісных выданняў у Заходняй Беларусі (“Беларускі летапіс”, “Шлях моладзі”, “Хрысціянская думка” і інш.). “Калоссе” як узор “тоўстага” лiтаратурнага часопiса, на старонках якога друкавалiся iдэйныя антаганiсты.

Прыход новай генерацыi лiтаратараў у сярэдзiне 20-х гг. (А. Салагуб, М. Машара, М. Васiлёк, П. Пестрак, В. Таўлай, Н. Арсеннева, Х. Ілляшэвiч, інш.). Актывiзацыя i палiтызацыя грамадскага жыцця. Дзейнасць Беларускай сялянска-работнiцкай грамады як каталiзатар развiцця лiтаратурнага руху Заходняй Беларусi. Паступовая палярызацыя лiтаратурных выданняў, лiтаратурных накiрункаў. Камунiстычная партыя Заходняй Беларусi (КПЗБ) i партыя хрысцiянскiх дэмакратаў (БХД) як iдэалагiчныя цэнтры, вакол якiх канцэнтраваліся галоўныя лiтаратурныя сiлы. Аб’яднанасць на першы погляд палярных палiтычных сiл iдэяй служэння Беларусi.

Дамiнаванне паэзii ў перыяд з сярэдзiны 20-х да 1939 г. Багацце кiрункаў, формаў, iдэй, эстэтычных канцэпцый (паэзiя М. Танка, У. Жылкi, Н. Арсенневай, М. Краўцова, П. Пестрака, Х. Ілляшэвiча, А. Салагуба, В. Таўлая, М. Машары, К. Сваяка, А. Зязюлі, А. Іверса, М. Засiма, А. Мілюця, Н. Тарас, інш.). Жанрава-эстэтычная разнастайнасць паэтычнага эпасу М. Танка 30-х гг. (“Нарач”, “Журавінавы цвет”, “Сказ пра Вяля”, “Кастусь Каліноўскі”).

Заходнебеларуская драматургiя як працяг традыцый драматургii нашанiўскай. Л. Родзевiч i яго аднаактовыя п’есы, драматычныя абразкi (“На каляды”, “Досвiткi”, “Кавалi”). Ф. Аляхновiч як вядучы драматург заходнебеларускай лiтаратуры (“Няскончаная драма”, “Заручыны Паўлiнкi”, “Пан мiнiстр” i iнш.). Жанравая разнастайнасць яго п’ес. Ф. Аляхновіч і “новая драма” (Г. Ібсен, С. Пшыбышэўскі, А. Чэхаў і інш.). Значэнне кнігі Ф. Аляхновіча “Беларускі тэатр” (1924) для беларускага тэатразнаўства. Сцэнiчны лёс твораў заходнебеларускiх драматургаў.

Крытычныя i лiтаратуразнаўчыя працы ў заходнебеларускай лiтаратуры. Наватарства і адметнасць “Гісторыі беларускае літаратуры” (1920) М. Гарэцкага, сістэматызацыя ім мастацкіх тэкстаў у “Хрэстаматыі беларускае літаратуры: ХІ век — 1905 год” (1922). І. Дварчанiн i яго “Хрэстаматыя новай беларускай лiтаратуры” (1927). Артыкулы А. Навiны (А. Луцкевіча), У. Самойлы, інш.

в) Літаратура часу Вялікай Айчыннай вайны

Геапалітычная праграма Гітлера, накіраваная на вынішчэнне славянскіх народаў. Лёс Беларусі на пачатку Другой сусветнай вайны. Абарона Брэсцкай крэпасці. Баі на тэрыторыі Беларусі. Гераізм савецкіх людзей. Уздым патрыятызму. Акупацыйны рэжым у Беларусі, знішчэнне беларускіх вёсак, рабаванне германскай арміяй мірнага насельніцтва; лёс яўрэяў. Партызанскі рух. Усенароднае антыфашысцкае Супраціўленне. Знішчэнне акупантамі культурных каштоўнасцей. Вынікі вайны для беларускага народа.

Вайна і літаратура. Пісьменнікі-франтавікі: А. Куляшоў, П. Панчанка, М. Танк, М. Лынькоў, Я. Брыль, К. Кірэенка, А. Вялюгін, М. Аўрамчык, А. Бачыла, М. Лужанін, М. Калачынскі, М. Лобан, інш. Удзел беларускіх пісьменнікаў у падпольным і партызанскім руху: А. Астрэйка, А. Бялевіч, У. Карпаў, Р. Мурашка, В. Таўлай, Н. Тарас, А. Іверс, інш. Пісьменнікі, што загінулі падчас вайны (46 літаратараў Беларусі паводле кнігі “Скрыжалі памяці”, 2005): З. Астапенка, З. Барсук, Я. Бобрык, Л. Гаўрылаў, А Гейнэ, А. Дубровіч, Р. Жалязняк, А. Жаўрук, Б. Іофе, У. Кандраценя, А. Коршак, С. Крывец, П. Левановіч, А. Мілюць, Р. Мурашка, М. Нікановіч, А. Пруднікаў, Р. Суніца, М. Сурначоў, М. Сямашка, Л. Талалай, А. Ушакоў, В. Харужая, Г. Шведзік, Х. Шынклер, інш.

Складанасць ваенных падзей і калізій. Праблема выбару ва ўмовах акупацыі. Ілюзіі наконт новай улады часткі беларускай творчай інтэлігенцыі. Калабаранты і іх лёс.

Франтавы і партызанскі друк, выданне газет “Савецкая Беларусь”, “За Савецкую Беларусь”, “За свабодную Беларусь”, “Звязда”, газет-плакатаў “Раздавім фашысцкую гадзіну”, “Партызанская дубінка”, часопіса “Беларусь” і інш. Праца беларускіх пісьменнікаў у гэтых і іншых выданнях часу вайны. Пісьменніцкія выступленні на радыёстанцыі “Савецкая Беларусь”. Публіцыстыка, яе патрыятычны, антываенны і антыфашысцкі пафас (Я. Купала, К. Чорны, інш.). Агітацыйна-прамоўніцкія інтанацыі. Палымяныя звароты, заклікі, пасланні. Трывога пісьменнікаў за будучыню народа, лёс духоўных каштоўнасцей. Франтавыя рэпартажы, карэспандэнцыі. Эпісталярый пісьменнікаў, якія загінулі ў гады вайны.

Вострая сатыра, скіраваная супраць Гітлера і фашысцкіх захопнікаў (К. Крапіва, П. Глебка, П. Панчанка, інш.). Сатырычны верш, фельетон, памфлет і іншыя жанры. Зборнік фельетонаў К. Чорнага “Кат у белай манішцы” (1942).

Фальклор ваеннага часу: прымаўкі, крылатыя словы, прыпеўкі, песні (“Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны”, 1961; “Лясныя песні”, 1970, інш.). Масавая паэзія і яе асноўныя ідэйна-мастацкія асаблівасці.

Патрыятычная лірыка. Вобраз беларускай зямлі ў паэзіі ваеннага часу. Услаўленне гераізму і змагарніцкага духу народа. Матывы балючага расстання з радзімай, свабоды і волі, гневу і помсты, расплаты і пакарання, духоўнай нязломнасці, веры ў перамогу (Я. Купала, М. Танк, П. Панчанка, П. Броўка, інш.). Рэаліі ваеннага часу ў лірыцы. Сумяшчэнне розных часавых плыняў у творах, зварот у іх да гісторыі, хрысціянскіх каштоўнасцей.

Сувязь паэзіі з традыцыямі старажытнай літаратуры (“Слова аб палку Ігаравым”, інш.), народнай песняй, плачамі і галашэннямі. Пераасэнсаванне традыцыйных фальклорных вобразаў касьбы, жніва, нівы, сяўбы і інш.

Унікальнасць паэтычнай кнігі А. Астрэйкі “Слуцкі пояс” (1943). Гісторыя яе стварэння, пафас, асноўныя матывы. Сістэма сродкаў паэтычнага выяўлення і ўздзеяння на ўнутраны свет чалавека.

Гераічнае і трагічнае ў баладах ваеннага часу А. Куляшова, П. Панчанкі, М. Танка, М. Сурначова, А. Вялюгіна, інш. Зварот да рамантычна-легендарнага і гераічнага матэрыялу, вобразаў Кастуся Каліноўскага, Усяслава Чарадзея, Рагнеды і інш. Ідэйна-тэматычная навізна цыкла вершаў П. Панчанкі “Іранскі дзённік” (1944). Спалучэнне інтымна-псіхалагічнага і публіцыстычнага пачаткаў у паэзіі. Выяўленне ўнутранага стану чалавека ў лірычных вершах Я. Коласа, А. Куляшова, В. Віткі, П. Глебкі, А. Коршака, М. Аўрамчыка, А. Бачылы, А. Моркаўкі і інш. Канкрэтна-асабовы характар пачуццяў і перажыванняў, выкліканы душэўным болем і пакутамі. Элегічна-драматычны і спавядальны пафас вершаў лірычнага складу. Матывы кахання, любові і вернасці ў творах ваеннага часу. Мастацка-вобразныя сродкі ў выяўленні чалавечай і народнай трагедыі. Узбагачэнне культуры верша.

Беларускі паэтычны эпас ваеннага часу. Дакументальная аснова многіх твораў. Разгорнутае, шматпланавае адлюстраванне вайны, паказ суровай рэчаіснасці, складаных калізій, народнай бяды і гора. Раскрыццё маральна-псіхалагічнага свету чалавека. Роздум пра лёс народа і яго будучыню. Абагульнена-філасофскі характар думкі ў паэтычным эпасе. Жанравая сінтэтычнасць беларускай паэмы часу вайны. Спалучэнне эпасу, лірыкі і драмы. Жанравыя асаблівасці і архітэктоніка паэм А. Куляшова “Сцяг брыгады” (1942), “Прыгоды цымбал” (1944), “Дом № 24” (1944), П. Броўкі “Паэма пра Смалячкова” (1942), “Беларусь” (1943), “Ясны кут” (1944), М. Танка “Янук Сяліба” (1943), Я. Коласа “Суд у лесе” (1942), “Адплата” (1944), З. Астапенкі “Эдэм” (1944), П. Панчанкі “Маладосць у паходзе” (1945) і інш. Узбагачэнне паэмнага мыслення, навізна стылёва-выяўленчых сродкаў пісьма.

Тыпалогія паэтыкі ў творах часу вайны паэтаў Беларусі і славянскага свету, еўрапейскіх краін (А. Суркоў, А. Пракоф’еў, А. Твардоўскі, В. Інбер, М. Ціханаў, М. Ісакоўскі, К. Сіманаў, М. Матусоўскі, Т. Бароўскі, І. Кавачыч, К. Бачыньскі, М. Вапцараў, П. Элюар, інш.). Агульнасць поглядаў, сугучнасць матываў, трагічнае выяўленне часу і чалавека ў ваенных абставінах. Жыццесцвярджальны і гуманістычны пафас антываеннай паэзіі.

Проза часу Вялікай Айчыннай вайны, яе ідэйна-мастацкае абнаўленне. Запачаткаванне ваеннай тэмы ў “малых” жанравых формах (апавяданне, нарыс, навела). Зборнікі апавяданняў М. Лынькова “Астап” (1944), К. Чорнага “Вялікае сэрца” (1945), іх стылёва-выяўленчая адметнасць. Адбітак уласна ўбачанага і перажытага ў творах “Дзіцячы башмачок” М. Лынькова і “Маленькая жанчына” К. Чорнага. Драматычна-трагічны паказ вобразаў дзяцей. Майстэрства тыпізацыі, псіхалагізм лепшых апавяданняў гэтых празаікаў, Раманы “Пошукі будучыні” (1943) і “Млечны шлях’” (1944) К. Чорнага як вяршыннае дасягненне беларускай мастацкай прозы часу вайны. Філасофскае асэнсаванне пісьменнікам глабальных пытанняў быцця, псіхалагічны аналітызм у даследаванні чалавека, нацыянальнага характару. Актыўная праца К. Чорнага, глыбінны гуманізм яго мыслення, наватарскі змест творчасці. Проза часу вайны Р. Мурашкі (“Таварышы”, “Смерць маткі”, інш.), Х. Шынклера (“Пульс жыцця”, інш.). Пачатак творчасці І. Мележа, І. Шамякіна, Я. Брыля і інш. Мемуарная проза (“Першая кніга” І. Мележа, дзённік К. Чорнага і інш.).

Эстэтычная нераўнацэннасць твораў пра вайну. Спрошчанасць, аблегчанасць, схематызм у паказе падзей і канфліктаў.

Дзейнасць беларускіх тэатраў у эвакуацыі. Драматургія часу вайны, праблемы яе развіцця. Нешматлікасць драматургічных твораў. Маральна-этычныя ўзаемаадносіны герояў у п’есе “Проба агнём” (1943) К. Крапівы. Творы пра партызанскую барацьбу Я. Рамановіча “Палешукі” і “Таварыш Андрэй” (абедзве — 1944), А. Кучара “Заложнікі” (1944). П’есы беларускіх драматургаў як яскравыя мастацкія дакументы свайго часу.

Літаратурны мемарыял: зборнікі творчай спадчыны пісьменнікаў Беларусі, якія загінулі ў гады вайны “Мы іх не забудзем” (1949), “Крывёю сэрца” (1967), “Скрыжалі памяці” (2005).

г) Літаратура пасляваеннага дзесяцігоддзя (1945—1955)

Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне і паэтычныя водгукі на гэтую падзею П. Панчанкі, М. Танка, А. Вялюгіна, К. Кірэенкі, М. Лужаніна, інш. Веліч, драматызм і цяжкасці часу. Аднаўленне народнай гаспадаркі, разбураных гарадоў і вёсак. Уключэнне пісьменнікаў у працэс мірнага жыцця. Плённасць творчай дзейнасці М. Лынькова, А. Куляшова, М. Танка, П. Панчанкі, П. Броўкі і іншых вядомых пісьменнікаў яшчэ з даваеннага часу. Станаўленне ў пасляваенны час творчых індывідуальнасцей І. Мележа, І. Шамякіна, Я. Брыля, А. Кулакоўскага, А. Чарнышэвіча, А. Макаёнка, М. Лупсякова, А. Вялюгіна, М. Аўрамчыка, А. Пысіна, С. Гаўрусёва, А. Русецкага, інш. Патрыятычны і жыццялюбны пафас творчасці, абумоўлены заканчэннем вайны, мірным будаўніцтвам. Уплыў вайны на развіццё літаратуры першых пасляваенных гадоў.

Літаратура і ідэалогія. Пастановы ЦК ВКП(б) “Аб часопісах “Звезда” і “Лениград” (1946), “Аб рэпертуары драматычных тэатраў і мерах па яго паляпшэнні” (1946) і інш. Пастанова ЦК КП(б)Б (1947) аб рабоце Саюза пісьменнікаў, літаратурна-мастацкіх часопісаў і газеты “Літаратура і мастацтва”. Сацыялістычны рэалізм і яго ўздзеянне на развіццё тагачаснай літаратуры. Адбітак тэорыі бесканфліктнасці на творчай практыцы пісьменнікаў.

Грамадзянскае гучанне тагачаснай паэзіі. Матывы радасці і ўслаўлення стваральнай працы. Сцвярджэнне ідэі міру і антываенны пафас. Высокая ўзнёсласць і ўрачыстасць прамаўлення як выяўленне агульнага грамадскага настрою. Паэтызацыя гераічнага подзвігу народа ў гады вайны. Раскрыццё ўражанняў той пары, зведанага і перажытага, паглыблены роздум пра страты, суровыя выпрабаванні. Суадносіны ў творчасці грамадскага і асабістага. Ідэйна-эстэтычны змест зборнікаў М. Танка “Каб ведалі” (1948), “На камні, жалезе і золаце” (1951), “У дарозе” (1954), А. Куляшова “Камуністы” (1949), П. Панчанкі “Прысяга” (1949), “За шчасце, за мір!” (1950), “Шырокі свет” (1955), П. Броўкі “У роднай хаце” (1946), “Сонечнымі днямі” (1950), “Цвёрдымі крокамі” (1954), А. Вялюгіна “Салют у Мінску” (1947), “Негарэльская арка” (1949), “На подступах” (1952), К. Кірэенкі “Пасля навальніцы” (1947), “Мая рэспубліка” (1949), “Маякі” (1952), інш. Чалавек, час, эпоха ў гэтых кнігах. Паэтычныя прамова, верш-зварот, верш-заклік. Імкненне да прыгожага ўладкавання жыцця. Ідэалізацыя рэчаіснасці, адбітак ідэалагічнага мыслення ў вершах на патрэбу дня. Выдаткі паэтычнай публіцыстыкі: агульшчына, рыторыка, дэкларатыўнасць, стэрэатыпнасць вобразаў. “Тып сюжэтнага верша, нешта накшталт міні-вытворчага рамана” (А. Лойка). Каштоўнасць лірызму ў паглыбленні асабовага пачатку і эстэтыкі ўсёй паэзіі. Праявы неарамантызму і імажынізму (М. Танк, А. Вялюгін, інш.). Выяўленне ўласнага жыццёвага вопыту. Лірычнае самараскрыццё, адухаўленне свету прыроды і яркая метафарычнасць у пейзажнай лірыцы. Паэтызацыя зямных каштоўнасцей (хлеб, колас, зерне, інш.), сялянскай працы. Паэтыка песеннай лірыкі А. Русака (“Лясная песня”, “Ціхі вечар”, “Толькі з табою”, інш.). Узбагачэнне вобразнага складу мыслення, мастацка-выяўленчай сістэмы ў лепшых вершах пасляваеннага часу.

Паэмны эпас, яго мастацкія вартасці і складанасці развіцця. Вайна і пасляваенная рэчаіснасць у тагачаснай вершаванай эпіцы. Адлюстраванне народнага лёсу, жыццяпіс свайго часу, зварот да мінулага. Праўда жыцця і свет ідэальнага, віртуальнага. Сюжэтны лад і стылёвыя асаблівасці паэм М. Танка “Люцыян Таполя” (1946), П. Броўкі “Хлеб” (1946), А. Бялевіча “Сям’я” (1946), Я. Коласа “Рыбакова хата” (1947), А. Куляшова “Новае рэчышча” (1948), “Толькі ўперад” (1950), “Грозная пушча” (1952—1956), А. Зарыцкага “Аповесць пра залатое дно” (1953), інш. Жанравая разнастайнасць паэм таго часу: лірычныя, ліра-эпічныя, эпічныя. Тагачасныя творы ў кантэксце нацыянальнай мастацкай традыцыі. Эвалюцыя эпічнага тыпу мыслення, яго абнаўленне (кінематаграфічны прынцып мантажу, лірызм, заглыбленне сюжэтна-мастацкага драматызму, філасафізм думкі).

Вайна як галоўная ідэйна-тэматычная дамінанта беларускай прозы 1945—1955 гг. Батальны план, трагічныя абставіны і канфлікты ў творах пра франтавыя падзеі. Аўтабіяграфічны пачатак і яго роля ў мастацкім асэнсаванні ваеннай рэчаіснасці. Наватарскі характар аповесці І. Шамякіна “Помста” (1945). Псіхалагізм ваенных апавяданняў І. Мележа, І. Шамякіна, Я. Брыля, інш. Спроба стварэння эпапеі пра Вялікую Айчынную вайну. Панарамны, маштабны паказ ваенных падзей у раманах М. Лынькова “Векапомныя дні” (кн. 1, 1948—1951), І. Мележа “Мінскі напрамак” (1952). Канцэпцыя партызанскага руху як усенароднай барацьбы з фашызмам у рамане “Глыбокая плынь” (1949). Значэнне гэтага твора для далейшай распрацоўкі партызанскай тэмы ў ваеннай літаратуры. Асэнсаванне духоўнага подзвігу і трагедыі беларускага народа ў раманах М. Ткачова “Згуртаванасць” (1951), А. Кулакоўскага “Расстаёмся ненадоўга” (1952—1954), І. Гурскага “У агні” (1952) і інш. Раскрыццё псіхалогіі чалавека на вайне, яго духоўна-маральнай сутнасці.

Развіццё мастацкай дакументалістыкі і мемуарыстыкі. Кнігі В. Лівенцава “Партызанскі край” (1950), Г. Шчарбатава “Партызанскія агні” (1950), В. Казлова “Людзі асобага складу” (1952), інш. Падключэнне беларускіх пісьменнікаў да працы над мемуарамі ўдзельнікаў вайны. Час, падзеі і факты ў дакументальнай прозе. Пасляваенны нарыс, яго ідэйна-стылёвыя асаблівасці (“Нёманскія казакі”, “Дзеля сапраўднай радасці” Я. Брыля, інш.). Унікальнасць кнігі “Ніколі не забудзем” (1948). Дакументальная аснова аповесцей У. Шахаўца “Дняпроўскія хвалі” (1946), У. Карпава “Без нейтральнай паласы” (1950), інш. Жыццёва-аўтабіяграфічны матэрыял, яго роля і функцыі.

Беларуская вёска ў тагачаснай прозе. Калгасная рэчаіснасць, пасляваеннае жыццё вачыма А. Кулакоўскага (апавяданне “Сад”, 1945), М. Паслядовіча (раман “Святло над Ліпскам”, 1950), І. Шамякіна “У добры час” (1952), Я. Брыля (аповесці “У Забалоцці днее”, 1950, “На Быстранцы”, 1955) і іншых пісьменнікаў. Паказ сялянскай працы, паэтызацыя роднай прыроды. Выяўленне чалавечых эмоцый і настрояў. Станоўчы герой як эталон жыцця і паводзін. Згладжванне канфліктаў, лакіроўка, ілюстрацыйнасць як вынік развіцця літаратуры ў складаных грамадскіх абставінах. Раманы А. Стаховіча “Пад мірным небам” (1948), “Шырокія гарызонты” (1954), аповесці У. Краўчанкі “Станаўленне” (1947), М. Паслядовіча “Цёплае дыханне” (1948), “Т. Хадкевіча “Вяснянка” (1949) у кантэксце свайго часу і з пазіцый сучаснасці.

Паступовае пашырэнне тэматычных аспектаў і стылёва-выяўленчых магчымасцей беларускай прозы. Мастацкае ўзнаўленне жыцця і падзей у Заходняй Беларусі. Паказ народнага змагання ў рамане-хроніцы П. Пестрака “Сустрэнемся на барыкадах” (1952). Андрэй Касцевіч як псіхалагічна распрацаваны і пераканальны вобраз-тып. Заходнебеларуская рэчаіснасць ва ўспрыманні і асэнсаванні Я. Брыля. Маральна-духоўныя пошукі яго герояў (“Сірочы хлеб”, “Галя”, “У сям’і”, інш.). Экспрэсія тропаў у творах Я. Брыля. Сінтэз лірызму і філасафізму, інтэлектуальная напоўненасць трэцяй часткі Я. Коласа “На ростанях” (1949—1954). Горад у творах І. Мележа, А. Кулакоўскага, інш. Навукова-фантастычная аповесць Я. Маўра “Фантамабіль прафесара Цылякоўскага” (1954).

Жанравая разнапланавасць драматургіі пасляваеннага часу: гераічная драма, трагедыя, псіхалагічная і гістарычная драма, лірычная і сатырычная камедыі. Найбольш значныя п’есы пра вайну А. Маўзона (“Канстанцін Заслонаў”, 1947), К. Крапівы (“З народам”, 1948), К. Губарэвіча (“Брэсцкая крэпасць”, першапачатковая назва — “Цытадэль славы”, 1952), суадносіны ў іх гераічнага і трагічнага. П’еса А. Кучара “Гэта было ў Мінску” (1950): аўтарская трактоўка падзей, недастатковая распрацаванасць канфлікту і асобных вобразаў, сюжэтна-кампазіцыйная недаведзенасць.

Сатырычны пафас і праблемная скіраванасць п’есы К. Крапівы “Мілы чалавек” (1945). Ацэнка гэтага твора ў тагачаснай крытыцы. Лёс п’есы. Лірычная камедыя К. Крапівы “Пяюць жаваранкі” (1950), яе сцэнічны поспех. Гумар, фальклорная стыхія ў гэтым творы. Усведамленне аўтарам мастацкіх пралікаў у п’есе “Зацікаўленая асоба” (1953), актуалізацыя ім надзённых задач у развіцці драматургіі на Пленуме Саюза пісьменнікаў (1946) і праблемных артыкулах.

Прычыны творчых няўдач аўтараў вытворчых п’ес, драматычных твораў пра калгасную рэчаіснасць, пасляваеннае жыццё. Бесканфліктнасць, ілюстрацыйнасць, зададзенасць у тагачасных п’есах Ю. Рудзько, В. Палескага, К. Губарэвіча, В. Віткі, інш.

Узнаўленне падзей і вобразаў гістарычнага мінулага ў драматычнай трылогіі М. Клімковіча “Георгій Скарына” (1946—1955), п’есе В. Вольскага “Машэка” (1946).

Уваходзіны ў драматургічнае мастацтва А. Макаёнка, яго творчы плён у другой палове 40-х — першай палове 50-х гг. (“Добра, калі добра канчаецца”, “Перад сустрэчай”, інш.), роля ў развіцці беларускай сатыры і нацыянальнага тэатра.

Грамадства і літаратура напярэдадні перамен пасля смерці Сталіна (1953).



Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   23




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет