Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны” зацвярджаю



бет11/23
Дата12.07.2016
өлшемі1.11 Mb.
#194802
1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   ...   23

8.9. ЛУКАШ КАЛЮГА


(1909—1937)

Лукаш Калюга (Канстанцін Пятровіч Вашына) — адзін з найбольш таленавітых беларускіх празаікаў 20—30-х гг. Біяграфія пісьменніка, яго надзвычай кароткі і трагічны творчы лес. Проза Л. Калюгі як прыклад найбольш плённага філасофска-сацыяльнага паглыблення традыцый мастацкага адлюстравання нацыянальнага быцця і смелага рэфарміравання нормаў беларускай літаратурнай мовы.

Навелістыка Л. Калюгі як узор так званай нораваапісальнай прозы. Праграмнасць творчасці пісьменніка, наўмысная засяроджанасць аўтарскай увагі на каларытнасці жыцця і характараў беларускай вёскі ў эпоху паэтызацыі “сталёвых машын” і погляду на сялянства як адсталы, кансерватыўны сацыяльны пласт (“Баркаўцы — добрая вёска і баркаўчане — вясёлыя людзі”, “Краўцы і чаляднікі”, “Як Міхалюку Баркаўцы даліся ў знакі”, “Іллюк-даследчык”, “Трахім — штучны чалавек”, “Тахвілін швагер”). Паэтызацыя “нефункцыянальнага чалавека” ў эпоху паэтызацыі функцыянальнасці (“Лук’ян — капераціўскі сабака”, 1928). Дэманстрацыя выяўленчых магчымасцей мовы пісьменніка з дапамогай выкарыстання дыялектных і рэгіянальных слоў і фразеалагізмаў. Стыхія народнага смеху, гумару і жарту ў навелістыцы Л. Калюгі. Узвышэнскія эстэтычныя прынцыпы, іх рэалізацыя ў творах пісьменніка. Арыентацыя на народнае жыццё і народную мараль, іх паэтызацыя і свядомае адстойванне самакаштоўнасці вясковага жыцця.

Глыбокі аналіз сацыяльных і псіхалагічных працэсаў грамадства ў аповесці “Ні госць, ні гаспадар” (1928). Эпічнасць аповеду і звязаная з ёй некаторая сюжэтна-кампазіцыйная аморфнасць аповесці. Прадчуванне разбурэння эканамічных і маральных асноў быцця беларускай вёскі. Чысціня памкненняў і рамантызм светаўспрымання маладога пакалення, трагічная раздвоенасць іх унутранага свету, выкліканая імкненнем балансаваць паміж традыцыйным жыццём “гаспадароў на зямлі” і жаданнем вырвацца за звыклы круг, у новае жыццё, прывабнае, але незразумелае. Лірычныя фрагменты аповесці, іх мастацкае значэнне. Асаблівасці мовы і стылю (лексічныя наватворы, аўтарскія фразеалагізмы, майстэрства дэталі, інш.).

Развіццё тэмы крызісу вёскі ў апавяданні “Цеснаватая куртачка”.

Мастацкія прынцыпы паказу народнага жыцця ў аповесці “Нядоля Заблоцкіх” (1931). Зварот аўтара да свету народных паданняў, забабонаў звычаяў, прыкмет, мастацкая мэтазгоднасць такога звароту. Праекцыя жыцця дарэвалюцыйнага сялянства на сучасную пісьменніку рэчаіснасць. Падтэкставасць твора, элементы філасофскай прыпавесці ў “Нядолі Заблоцкіх”. Багацце чалавечых тыпаў і характараў, адлюстраваных у аповесці. Гумар у творы, моўныя сродкі камізму (іронія, каламбур, параўнанні, інш.).

Незавершаныя творы Лукаша Калюгі, напісаныя ім у турме і ссылцы (раман “Пустадомкі”, аповесці “Дзе косці мелюць”, “Зэнка малы ніколі не быў”, “Зоры вам вядомага горада”).

Празаічны накірунак, створаны Лукашом Калюгам, і яго далейшы лёс у беларускай літаратуры.

Проза Л. Калюгі ў кантэксце нацыянальнай і сусветнай літаратуры (Я. Колас, К. Чорны, М. Зарэцкі, А. Мрый, М. Гогаль, Я. Гашак, Р. Ралан, інш.). Ацэнка яго асобы і творчасці К. Чорным, М. Гарэцкім, Я. Скрыганам, М. Лужаніным, іншымі пісьменнікамі і літаратуразнаўцамі.
8.10. ЯНКА МАЎР

(1883—1971)

Жыццё і творчы шлях Янкі Маўра (Івана Міхайлавіча Фёдарава).

Янка Маўр — адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры. Стварэнне ім новых жанраў — прыгодніцкага рамана, прыгодніцкай аповесці, навукова-фантастычнай аповесці.

Устаноўка пісьменніка ў аповесці “Чалавек ідзе” (1927) на пазнаваўча-прыгодніцкі характар твора. Паказ сапіентацыі першабытнага чалавека ў першай аповесці пісьменніка. Мадэляванне яго пачуццяў і думак. Услаўленне чалавека — адкрывальніка свету, творцы культуры.

Экзатычны матэрыял аповесцей “У краіне райскай птушкі”, “Сын вады” (1928). Тэматыка твораў як раскрыццё псеўданіма аўтара — Маўр. Выкарыстанне унікальных мемуараў выдатнага рускага падарожніка і вучонага М. Міклухі-Маклая ў працэсе стварэння аповесці “У краіне райскай птушкі” (1928). Гуманістычная і ярка выяўленая класавая пазіцыя пісьменніка ў творы, палкае адмаўленне каланіялізму і буржуазнай маралі. Фарміраванне ў аповесці асаблівасцей творчай манеры Я. Маўра. Удалы сінтэз традыцый сусветнай прыгодніцкай класікі: таямнічасць, загадкавасць як спружына канфлікту, дынамізм дзеяння, выкарыстанне рэтраспекцыі. Шырокае прыцягненне пазнавальнага матэрыялу: апісанне флоры і фауны экзатычных краін, абрадаў і звычаяў туземных народаў.

“Сын вады” (1928) — найбольш дарагі для самога аўтара твор. Змяшчэнне акцэнтаў з сацыяльнага ў маральны план. Белыя людзі — носьбіты буржуазнай маралі — і мараль туземцаў-фуіджынцаў. Рысы характару Манга як дзіцяці прыроды, не сапсаванага выдаткамі цывілізацыі. Аўтарская іронія ў дачыненні да міс Грэт. Апісанні экзатычнай прыроды, з аднаго боку, і Лондана, з другога, — як фон дзеяння аповесці. Арганічнае спалучэнне прыгодніцтва і пазнавальнасці ў творы. Цэласнасць яго кампазіцыі.

Рэальная аснова сюжэта рамана “Амок” (1930), насычанасць твора жыццёва-канкрэтным матэрыялам (барацьба інданезійскага народа) і ў той жа час шматлікімі прыгодніцкімі элементамі: трансфармацыямі раманнага часу, пераўвасабленнямі, паядынкамі, пагонямі, цудамі. Надзённасць твора ў плане паказу ўзаемаадносін белых уладароў краін і абарыгенаў краін так званага “трэцяга свету”. Імкненне да псіхалагічнай нюансіроўкі персанажаў у рамане. Яркая публіцыстычнасць твора. Лінія Піпа, праз якую рэалізуецца пазнавальны характар твора. Складаная структура рамана.

Сацыяльнасць і высокі гуманізм апавяданняў “Слёзы Тубі”, “Незвычайная прынада”, “Лацароні” (1930).

“Палескія рабінзоны” (1930) — новы крок у авалоданні навукова-прыгодніцкім жанрам. Класічная сусветная літаратурная традыцыя як аснова твора. Надзённасць аповесці ў плане праблематыкі “чалавек — прырода”. Жыццё прыроды як мера гармоніі, жыццё людзей — увасабленне хаосу. Магчымасць выхавання на матэрыяле твора патрыятычных пачуццяў і экалагічнай свядомасці чытачоў.

Педагагічнае і мастацкае наватарства аповесці “ТВТ” (1934): ліквідацыя хаосу, неўпарадкаванасці і ўстанаўленне гармоніі праз гульню, праз ініцыятыву саміх дзяцей. Рысы часу ў аповесці. Камічнае ў творы. Актуальнасць аповесці ў сцвярджэнні законаў калектывізму і сяброўства паміж дзецьмі.

Мініяцюра “Шчасце” (1954) аб узаемадачыненнях свету дарослых і свету дзяцей, аб паразуменні паміж пакаленнямі. Тонкі псіхалагізм твора, увага да дзіцяці як да асобы.

Праца Я. Маўра над кнігай успамінаў дзяцей аб Вялікай Айчыннай вайне “Ніколі не забудзем” (1948).

Навукова-фантастычны твор “Фантамабіль прафесара Цылякоўскага” (1954). Арыгінальнасць творчай ідэі — магчымасць выкарыстання энергіі чалавечай думкі. Традыцыі сусветнай фантастычнай літаратуры ў творы. Найбагацейшая фантазія аўтара, яго прадбачанні. Правамернасць памфлетнага паказу ЗША.

Аўтабіяграфічная трылогія Я. Маўра “Шлях з цемры” (1971) — працяг традыцый аўтабіяграфічнай прозы ў сусветнай і беларускай літаратуры. Чалавек і гісторыя ў творы. Лірызм, іронія і самаіронія, гумар, дакладнае апісанне рэалій жыцця канца ХІХ — пачатку 20 ст.

Значэнне Я. Маўра: стваральнік дзіцячай беларускай літаратуры, заснавальнік новых жанраў, першаадкрывальнік новых тэм, які значна пашырыў часава-прасторавыя абсягі беларускай літаратуры; творчы прадаўжальнік сусветных літаратурных традыцый і адначасова наватар, прадказальнік.
РАЗДЗЕЛ 9. БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА
ДРУГОЙ ПАЛОВЫ 50-Х — 60-Х ГАДОЎ

Сярэдзіна 50-х гг. у гісторыі літаратуры і культуры як пачатак якасна новага перыяду развіцця. Уплыў грамадскай “адлігі” на абнаўленне мастацтва слова. Адыход літаратуры ад ілюстрацыйнасці, догмаў і схематызму.

Аднаўленне гістарычнай панарамы беларускай літаратуры. Рэабілітацыя рэпрэсаваных пісьменнікаў (Ц. Гартны, М. Гарэцкі, М. Чарот, Т. Кляшторны, У. Хадыка, М. Зарэцкі і інш.). Вяртанне да творчай дзейнасці У. Дубоўкі, Я. Скрыгана, А. Звонака, Я. Пушчы, С. Грахоўскага, М. Хведаровіча і інш. Спавядальныя матывы ў творах гэтых пісьменнікаў.

Ваенны вопыт і яго роля ў фарміраванні светапогляду, ідэйна-эстэтычных падыходаў І. Шамякіна, А. Кулакоўскага, А. Адамовіча, В. Быкава, І. Навуменкі, інш. Вайна ў жыцці і лёсах пісьменнікаў, на дзяцінства якіх прыпала вайна: В. Казько, Р. Барадулін, Б. Сачанка, В. Адамчык, А. Вярцінскі, Е. Лось, У. Лісіцын, інш.

Сацыялістычны рэалізм як асноўны творчы метад, яго ўплыў на літаратурную практыку. Ідэйна-эстэтычныя пошукі беларускіх пісьменнікаў, іх выхад за межы патрабаванняў крытыкаў-дагматыкаў. Экзістэнцыяльнае разуменне чалавека і свету. Мадэрнізацыя мастацкага мыслення.

Разгортванне літаратурнага працэсу ў 60-я гг., яго шматвектарнасць. Прыход у літаратуру новага пісьменніцкага пакалення — “філалагічнага” (І. Навуменка, У. Караткевіч, І. Чыгрынаў, Р. Барадулін, В. Адамчык, С. Гаўрусёў, У. Дамашэвіч, І. Пташнікаў, Е. Лось, М. Стральцоў, Я. Сіпакоў, А. Вярцінскі, П. Макаль, Н. Гілевіч, В. Зуёнак і інш.). “Шасцідзесятніцтва” як літаратурна-грамадскі рух і яго ўплыў на А. Адамовіча, В. Быкава і інш.

Светапогляднае абнаўленне беларускай літаратуры другой паловы 50-х — 60-х гг. Пераасэнсаванне жыцця, выяўленне сацыяльнага крытыцызму, арыентацыя на гуманізм як асноватворны прынцып грамадскага ўладкавання. Узвышэнне ў літаратуры народных ідэалаў праўды, сумленнасці і справядлівасці. Матывы адказнасці перад гісторыяй і будучыняй, пафас сцвярджэння высокіх маральна-духоўных каштоўнасцей.

Складанасці ў развіцці беларускай літаратуры канца 50-х — 60-х гг. Праявы лакіроўкі і схематызму. Пэўнае абмежаванне творчай свабоды, ацэнка афіцыйнай крытыкай некаторых твораў А. Кулакоўскага, В. Быкава, А. Макаёнка, А. Наўроцкага і інш.

Эстэтычнае абнаўленне беларускай паэзіі. Наватарская адметнасць “Новай кнігі” (1964) А. Куляшова і вершаванага зборніка “Акно” (1967) П. Макаля, іх шырокі рэзананс. Пашырэнне кола матываў, напаўненне новым зместам многіх тэм. Крытычны і сатырычны пафас, публіцыстычная завостранасць слова ў грамадзянскай паэзіі. Маральныя імператывы часу, спалучэнне асабістага і грамадскага, сацыяльнага і гуманістычнага, надзённага і вечнага. Асабовасць і філасофская значнасць паэтычнай думкі ў творах П. Панчанкі, М. Танка, А. Куляшова, П. Макаля, А. Вярцінскага, А. Наўроцкага і інш.

Арыгінальнасць светаўспрымання, псіхалагізм аўтарскага пачуцця, раскаванасць рытмікі ў тагачаснай лірычнай паэзіі. Жанрава-стылёвая дынаміка паэзіі, яе ідэйна-філасофскія пошукі і эстэтычныя адкрыцці ў кантэксце творчых дасягненняў іншых нацыянальных літаратурах (М. Забалоцкі, Я. Смелякоў, Л. Мартынаў, Б. Слуцкі, А. Вазнясенскі, Я. Еўтушэнка, Э. Межэлайціс, К. Куліеў, Р. Гамзатаў, І. Драч, Р. Лубкіўскі, Б. Алейнік, М. Вінграноўскі, інш.). Актыўнае мастацкае развіццё інтымнай і пейзажнай лірыкі (П. Броўка, А. Вялюгін, Р. Барадулін, інш.). Асэнсаванне ў паэзіі анталагічных філасофскіх праблем, важных пытанняў духоўнага існавання народа. Раскаванасць асацыятыўнага і метафарычнага мыслення.

Глыбока драматычнае гучанне ў паэзіі ваенных матываў (П. Панчанка, Н. Гілевіч, А. Пысін, С. Гаўрусёў, А. Вярцінскі, Р. Барадулін, інш.).

Адраджэнне цікавасці да мінуўшчыны, актуалізацыя праблемы гістарычнай памяці. Рамантызацыя беларускай даўніны. Чалавек, гісторыя, культура ў кнігах У. Караткевіча “Матчына душа” (1958), “Вячэрнія ветразі” (1960), “Мая Іліяда” (1969). Пафас узнёслай паэтызацыі мінулага, услаўлення патрыятызму, чалавечнасці і дабрыні. Выяўленне беларускай душы, беларускага характару ў творах У. Караткевіча.

Шматграннае жанрава-тэматычнае і стылёвае развіццё прозы. Аднаўленне чалавеказнаўчай сутнасці слоўнага мастацтва. Узмацненне аналітыка-даследчыцкіх магчымасцей беларускай прозы. Паглыбленне мастацка-псіхалагічнага аналізу ў творах Я. Брыля, І. Мележа, І. Шамякіна, В. Быкава, А. Кулакоўскага, В. Адамчыка, М. Стральцова і інш. Зварот празаікаў да рэальных праблем часу, жыццёвых канфліктаў.

Росквіт беларускага рамана (І. Мележ, І. Шамякін, Я. Брыль, У. Караткевіч, М. Лобан, І. Пташнікаў і інш.). Раманны эпас як сведчанне маштабнасці мастацкай думкі, яе здольнасці спасцігаць глыбінныя пласты жыцця, маральна-духоўны і гістарычны вопыт народа. Хранікальна-эпічныя карціны рэчаіснасці. Шматграннасць адлюстравання жыцця ў творах І. Шамякіна (“Крыніцы”, “Трывожнае шчасце”, “Сэрца на далоні”, “Снежныя зімы”. Свет Палесся, беларускі менталітэт і нацыянальны характар у раманах І. Мележа (“Людзі на балоце”, “Подых навальніцы”). Эпічнае адлюстраванне падзей, чалавек і гісторыя ў гэтых творах. Аналітычная глыбіня ў выяўленні псіхалогіі герояў. Адметнасць моўнага майстэрства І. Мележа. Філасофія гісторыі ў прозе У. Караткевіча (“Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”).

Мастацкія набыткі ў жанры аповесці (І. Шамякін, В. Быкаў, А. Кулакоўскі, Я. Брыль, І. Пташнікаў, А. Карпюк, У. Дамашэвіч, І. Навуменка, А. Асіпенка, Б. Сачанка, інш.). Аналітызм прозы. Рост сюжэтнага майстэрства. Рамантычная версія мінулага ў творах У. Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Сівая легенда”. Беларуская аповесць: дынаміка мастацкіх структур, іх ускладненасць.

Багацце мастацкай навелістыкі. Эстэтычная арыгінальнасць апавяданняў (І. Шамякін, Я. Брыль, Б. Сачанка, І. Навуменка, М. Стральцоў, В. Адамчык, І. Чыгрынаў, інш.). Лірызацыя прозы, суб’ектывізаваны стыль пісьма (рэфлексіі, плынь свядомасці, рэтраспекцыі і інш.). Пашырэнне моўна-выяўленчых магчымасцей беларускай прозы.

Жанр мініяцюры ў творчасці Я. Брыля (зборнікі “Жменя сонечных промняў”, “Свае старонкі”). Эмацыянальна-філасофская глыбіня светабачання. Тыпалогія брылёўскай лірычнай прозы (З. Бядуля, А. Чэхаў, І. Тургенеў, А. Купрын, У. Салаухін і інш.).

Вайна і вёска як дзве вядучыя ідэйна-тэматычныя лініі ў беларускай прозе. Выпакутаваная праўда пра чалавека на вайне. Гераічнае і трагічнае, філасофія гуманізму. Сюжэтныя сітуацыі, характары, маральная завостранасць канфліктаў у прозе пра вайну. Узмацненне рэалістычна-псіхалагічных асноў ваеннай прозы. Адлюстраванне партызанскага і падпольнага руху, выяўленне патрыятычна-вызваленчага духу беларускага народа.

Народнае жыццё, чалавек і зямля ў вясковай прозе. Паэтызацыя душэўнага хараства вяскоўцаў, сялянскай працы, беларускай прыроды. Выяўленне глыбіняў нацыянальнага менталітэту. Сацыяльныя аспекты вясковай рэчаіснасці. Катэгорыі народнай маралі як кодэкс чалавечага быцця. Народная моўная стыхія ў творах І. Мележа, В. Адамчыка, І. Пташнікава, інш.

Якасна новая ступень гістарызму. Аўтарскія канцэпцыі мінулага. Роля У. Караткевіча ў развіцці гістарычнага жанру. Рамантычнае і рэалістычнае, сацыяльнае і агульначалавечае ў мастацкай сістэме твораў пісьменніка.

Выхад беларускай драматургіі на новы эстэтычны ўзровень. Пераадоленне негатыўнага ўплыву тэорыі бесканфліктнасці. Актуалізацыя надзённых праблем развіцця драматургіі (артыкулы К. Крапівы “Аб сатырычнай камедыі”, “Канфлікт — аснова п’есы”). Вострапраблемны характар п’есы А. Макаёнка “Выбачайце, калі ласка!” (1953). Узмацненне дзейcнасці сатыры. Паглыбленне канфліктнага дзеяння.

Праблемна-тэматычныя і жанравыя абсягі драматургіі другой паловы 50-х — 60-х гг. Драматызм падзей, праўда пра лёс чалавека на вайне ў п’есах К. Крапівы, К. Губарэвіча, інш. Гісторыка-рэвалюцыйная і грамадска-палітычная тэматыка ў драматургічнай творчасці: феномен часу, тыпалогія, асаблівасці (К. Губарэвіч, А. Маўзон, П. Васілеўскі, Я. Рамановіч, інш.). Сямейна-бытавая драма і бытавая камедыя. Маральна-этычная праблема чалавечых узаемаадносінаў у п’есах І. Мележа “Пакуль вы маладыя” (1957), А. Дзялендзіка “Выклік багам” (1965), “Грэшная любоў” (1967), А. Макаёнка “Зацюканы апостал” (1969) і інш. Развіццё беларускай камедыяграфіі (А. Макаёнак, І. Шамякін, І. Козел, А. Дзялендзік, інш.).





Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   ...   23




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет