А агародная // Franciszkańska, am Kloster str., Огородная Агародная №2 — Касцёл Маці Боскай Анёльскай I манастыр францысканцаў



бет9/23
Дата01.07.2016
өлшемі1.94 Mb.
#169612
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   23

Замкавая № 2 Палац тэкстыльшчыкаў ( Гл. Плошча Савецкая ).

На гэтым месцы знаходзіўся гэтак званы Замкавы двор, пабудаваны каля 1540 г. Уяўляў вялікую трохпавярховую рэзідэнцыю ў стылі рэнесансу. 3 гэтым разабраным пасля вайны будынкам дагэтуль існуе пэўная блытаніна. Яго часта блытаюць з так званай "Батароўкай" - цяпер корпус медінстытута на Савецкай плошчы. Справа ў тым, што ў часы С.Баторыя на месцы "Батароўкі" стаяла прыгожая каменная прыватная рэзыдэнцыя. На думку прафесара Фішэнгера і прафесара Ежы Лілейкі яна была збудавана па праекту таленавітага архітэктара Санці Гуччы. Аднак кароль С.Баторый ня меў да яе ніякага дачынення і не жыў у ёй. Пасля таго, як у 1586 годзе кароль памер у толькі што перабудаваным гродзенскім замку, яго цела было перанесена з спальні замка (пакой гэты захаваўся ў Старым замку) ва ўзгаданы вышэй "Замкавы двор", дзе і адбылося першае ў гісторыі Усхоняй Еўропы навуковае анатамічнае ўскрыццё. Адбывалася гэта ў прысутнасці двух каралеўскіх лекараў - Бландраты і Сімоні, Ускрыццё праводзіў каралеўскі цырульнік, а каментарыі лекараў выслухоўвалі епіскапы, канцлер, польны гетман і іншыя магнаты. На наступны дзень цела караля было "перанесена праз вуліцу ў касцёл іезуітаў, дзе было ўстаноўлена для агляду". Гэта фраза з гістарычнага дакумента і менавіта яна стала прычынай блытаніны.

Польскі гісторык, які апублікаваў гэты дакумент напачатку XIX ст., не ведаў, што каралём быў пабудаваны і амаль скончаны ў 1586 годзе касцёл для іезуітаў, ад якога тыя пазней адмовіліся. Свой касцёл у Гродне іезуіты пабудавалі толькі напрыканцы ХVІІ - пачатку ХVІІІ ст.. Пераблытаўшы касцёлы, гісторык назаўсёды ўвязаў назву "Батароўка" з будынкам, да якога на самай справе С.Баторый не меў ніякага дачынення.

На пачатак ХХ ст. тут знаходзіліся камянцы Палюты і Лапіна, стаяў дом Генрыха Замкоўскага. На 1928 г. тут працавалі крамы Зельмана Біргера, Самуэля Дразніна ды цырульня Мовшы Абрамовіча [ДАГВ Ф. 17. – Воп. 1. – Спр. 177. –105 зв.].



Замкавая № 3 — Дом Сафійскага брацтва на месцы плябаніі; Дом кафедральнага Сафійскага сабора; тут жа – Дом чыноў урадавых устаноў Гродзенскай губерніі; “Брацкая лаўка”; 1-е царкоўна-прыхадское вучылішча; брацкая мужская і жаночая царкоўна-прыхадскія школы імя гр. Мураўёва. Пабудаваны ў 1903 г. Эклектыка. На пачатак ХХ ст. тут адбываўся рознічны продаж газет. На 1928 г. працавала спажывецка-каланіяльная крама Рахель Захары, крама дрожжаў Таўбы Троп, спажывецкая крама Пракседы Парай [ДАГВ Ф. 17. – Воп. 1. – Спр. 177. – арк. 132]. Будынак адносна нядрэнна захаваўся і не патрабуе вялікіх сродкаў для рэстаўрацыі.

Замкавая № 4 Дом быту. Год пабудовы — 1971 г.

Пры пабудове была знішчана трасіроўка вул. Кляштарнай і камяніцы XVII-XVIII ст.ст. па вул. Замкавай — Дом рыбака — гарадскі дом XVIIІ ст., у якім жыў галава гродзенскіх рыбакоў Антоній Максімовіч. На 1907 год тут знаходзіліся дамы Замкоўскага – у ім, між іншым, на пачатак ХХ ст. працавала прыватнае яўрэйскае вучылішча Шапіры, Шіллінгофа (па іншых крыніцах - Тамарынай, Эпштэйна ). У 1928 г. па адрасу вул. Замкавая № 4 працавалі піўная Береля Тарлоўскага ды спажывецкая крама Береля Бурдего [ДАГВ Ф. 17. – Воп. 1. – Спр. 177. – арк. 113]



Замкавая № 5 — Камяніца Масальскіх, інтэрнат медуніверсітэта № 1. Паводле матэрыялаў «валоцнай памеры» ў 1560 г. раён вуліц «Вялікая Жыдоўская», «Жыдоўская Цесная» і «Жыдоўская школьная» (Замкавая, 2-я Працоўная і Вялікая Траецкая) быў забудаваны невялікімі драўлянымі і фахверкавымі дамамі, заселенымі галоўным чынам яўрэямі. Да сярэдзіны XVII ст. сітуацыя змянілася. Частка абшару была выкуплена ў магістрата князем Масальскім, які пабудаваў на вуліцы Замкавай вялікую камяніцу (Замкавая №5) і палац (Замкавая № 7). Прыкладны час пабудовы – каля 1643 года. Сёння гэта самы стары жылы будынак у горадзе. Паводле рэестра 1680 г. уся зямля і будынкі належалі біскупу Масальскаму. Будынкі гэтыя належалі Масальскім усё XVIII ст. У легендзе да плана 1753 г. напісана: «Старасты пана Масальскага палац з юрыдыкай…», а на плане Маркевіча 1780/83 гг.: «282. Палац біскупа віленскага», якім у гэты час быў адзін з Масальскіх. 28 сакавіка 1920 г. тут прайшоў агульны сход Гродзенскага Беларускага нацыянальнага камітэта. Восенню таго ж года адбываліся беларускія сямейныя вечарыны і запіс у Грамаду беларускай моладзі. У 1925 г. жыў беларускі дзеяч М. Галавач. Тады ж у 1925 г. тут было адчынена прадстаўніцтва фірмы “Фабрыка механічнага абутка ў Гродна “Concordja””(у склад праўлення фірмы ўваходзілі Нахум Авербух, Эльяс Левін і Лея Кравецкая) і фірма па продажу скур “Самуэль Пінскі і К”. На 1926 г. у будынку месцілася яўрэйская релігійная школа «Tora Jabne» (кіраўнік доктар Нямцэвіч) ды «Клуб яўрэйскай інтэлтгенцыі». На 1928 г. тут працавала разліўная піва “Okockie”, продаж агароднены Поз Хохі ды цырульня Ёзэля Бегуна. У 1950 г. – гандлёва-кулінарная школа. З 1970х – інтэрнат медінстытута.

Нягледзячы на перабудову ў 1912 г. і савецкі капрамонт, гэта самы стары жылы будынак у Гродне, якому яшчэ не позна надаць належны архітэктурны выгляд. Гэта княская камяніца магла б стаць сапраўдным "тварам горада" разам з Каложай і каралеўскімі замкамі.



Замкавая № 6 Верагодна, дом Нахіма Эпштэйна. Трохпавярховы дом з крамай. У 1928 г. па адрасу вул. Замкавая № 6 працавалі крама дрожжаў Нахіма Эрштэйна, піўная Абрама Пуллера ды цырульня Ізраэля Куліка [ДАГВ Ф. 17. – Воп. 1. – Спр. 177. – арк. 113].

Замкавая № 7 — Былы палац Масальскіх, дом Мендэля Собаля. Прыкладны час пабудовы – 1643 год. Пасля пажару 1899 г. большая частка будынка аказалася разабранай і з яго рэшткаў пабудавалі дом па вул. Замкавая №7. Будаўніцтва вялі ўладальнікі пляца Арон Трылінг і Сімка Абрам, якія каля 1905 г. выкупілі яго праз кантору Вальфсона і Флята ў былых уладальнікаў Мендэля і Рыўкі Собаляў. Рэшткі руінаў былі перабудаваны ў 1910 г. У 1911 г. «новым каменным аднапавярховым домам» валодаў Абрам Поз. На 1928 г. пад рознай нумерацыяй тут пазначаны пасэсіі Абрама Поза, Сухаўлянскай, Меры Гіршкохун ды Стэфаніі Казлоўскай. У верасні 1944 г. другі і трэці паверх займаў “Спиртотрест”, першы – леспрамгас. З верасня 1947 г. у будынак перасяліўся “ ОШОСДОР МВД БССР”. У 1960-70-е г.г. тут працавала прафесійнае гандлёвае вучылішча да кантора “Горпромторга”.

Аднавіць гэту прыгожую барочную рэзыдэнцыю цяпер ужо немагчыма. У свой час, па заказу музея Гісторыі рэлігіі, аднаму з аўтаоаў давялося выконваць гістарычную рэканструкцыю гэтага палаца на стан канца ХVІІІ ст.. Пры правядзенні работ мы спасылаліся на архіўны інвентар і гістарычную іконаграфію. Аб стылі рэшткаў палаца Масальскіх у сучасным іх выглядзе казаць нешта канкрэтнае даволі складана.



Замкавая №7а – Перад 1910 г. быў адрамантаваны як «новая» камяніца Мендэля Собаля.

Замкавая № 9 Дом Хаіма Стральца, дом Сары Рохлі, дом Давіда Цофнаса. Пабудаваны ў канцы 1912 г. на частцы падмуркаў палаца Масальскіх, які згарэў у 1899 г. У 1911 г. участак праходзіць яшчэ як «пустапарожні пляц» Хаіма Янкелевіча Стральца, які купіў яго ў маі гэтага самага года праз кантору Вальфсона і Плята. Ужо 9 красавіка 1913 г. гатовы дом па завяшчанню перайшоў да ўдавы Х. Стральца Сары Рохлі. У 1923 г. належаў Давіду Цофнасю (па іншых крыніцах - Цафнасу). На 1928 г. ягонай гаспадыняю была Рэвека Цофнас. Будынак першапачаткова не меў нумара, а пасля з-за яго «ссунулася» нумарацыя дамоў на няцотным баку Замкавай вуліцы. Паводле апісання 1923 г. дом меў тры балконы, цяпер іх засталося толькі два. З верасня 1944 г. у будынку працавала фармацэўтычная і фельдшарска-акушэрская школа. Займаўшы затым “ОШОСДОР МВД БССР” у 1947 г. перасяліўся ў будынак па вул. 3амкавай № 7. а тут з верасня 1947 г. пачаліся заняткі ў будаўнічым тэхнікуме. На 1970 г. – “Облавтотрест”.

Замкавая № 10 — На 1928 г., магчыма, уласнасць Райца Ожэшковіч. Аднапавярховы з фасадным франтонам.

Замкавая № 11 — Дом калежскага саветніка Івана Лукіча Харчанкі ( на 1928 – Аляксандра Харчанкі ). Да канца XVIII ст. участак належаў юрыдыцы Масальскіх. У 1865 г. участкам валодала Лейка Балгарская, паміж валоданнямі якой і палацам Масальскіх была вузкая, не больш сажані вуліца (Замкавы тупік). Падчас пажара 1899 г. дом згарэў. Сучасны дом пабудаваны прыкладна ў 1910-1911 гг. (І Харчанка валодаў нейкім будынкам на гэтым месцы ўжо ў 1907 г.). Эклектыка. Ягоны колішні гаспадар І. Харчанка меў звычку пісаць вялікую колькасць скаргаў па самых розных прычынах, так што мог бы паспрачацца за званне аднаго з самых скандальных жыхароў Гродна. Уладальнік дома апошнія гады жыцця сур’ёзна хварэў і меў фінансавыя клопаты, таму дэкараванне дома ляпнінай не завершылася да смерці ўладальніка ў лістападзе 1913 г. і так ніколі не было скончана. Тое самае можна сказаць і пра дом №9, ляпніна на якім хутчэй за ўсё павінна была паўтараць аздабленне дамоў №9 і №11. Да 1958 – 1960 гг. да дома Івана Харчанкі прымыкаў флігель, пабудаваны каля 1875 г., які выходзіў на вуліцу Замкавы тупік. Пасля яго зноса межы ўчастка моцна размыліся, фактычна знікла вуліца Замкавы тупік. Існуе праект аднаўлення дадзенага флігеля з выхадам на вуліцу Вялікая Траецкая. На 1910 г. тут працавала агенства Беластоцкага таварыства взаімнага страхавання ад агня. У верасні 1944 г. рашэннем выканкама Гарсавета ўвесь будынак быў перададзены педвучылішчу.

Дом Хаіма Стральца, дом Сакалова. Год пабудовы — 1906.

Замкавая № 12 — Магчыма, дом Лапінера. Пабудаваны ў 1880, 1904 гг. Магчыма, тут з 1923 г. працавала фірма Бер Біргера па продажу мукі. З 1925 г. – крама каланіяльных тавараў “Каплан, Бурде, Шапіра і кампанія “Spółkol”. На 1937 г., магчыма, тут працаваў “Bank Ludowy”. На 1945 г. – абутковая фабрыка № 2. На 1946 г. – школа ФЗО № 33 “обувщиков”.

Замкавая № 12 а — Пабудаваны ў 1880, 1905 гг.

Замкавая № 13 — Вінная лаўка Рохлі Руткоўскай Рахель, магчыма – дом Рабіновіча. Год пабудовы — 1901. У аснове гэтага будынка выкарыстана камяніца ХVІІ ст. "Вінную лаўку Рохлі" ведала ўся гродзенская бедната, так як менавіта тут прадавалася самае таннае ў горадзе віно. Гэты будынак найбольш насычаны ляпным дэкорам і з'яўляецца дасканалым і прыгожым прыкладам эклектыкі на вуліцы Замкавай. Па купчай 1911 г. домам валодаў Каган Янкель Ізраіль. З 1918 г. тут працаваў магазін спажывецкіх тавараў Хашы Апой. Дом багата аздоблены ляпнінай, пры чым, ляпніна на дамах №№ 9,11, 13 аднаго ўзору, але на доме № 13 - самая прыгожая і багатая. У сакавіку 1944 г. – Гродзенскі механічны тэхнікум чугуначнага транспарта. У 1960-е г.г. – інтэрнат музпедвучылішча.

Замкавая № 14 Верагодна, дом Шерешеўскіх. На 1928 г., магчыма, гаспадаром камяніцы была Гешэль Ёгля. Год пабудовы — 1900. Мадэрн. Прыкладна на 1913 год жыў камандзір 103-га Петразаводскага палка палкоўнік Міхаіл Павлавіч Аляксееў.

Замкавая № 15 Дом Дразніна па Пажарнаму завулку, дом Шэрэшэўскага, дом І.Любіча. Год пабудовы — 1870. Капрамонт з надбудовай зроблены ў 1970 г.. Да гэтага будынак уяўляў сабой тыповую гарадскую двухпавярховую камяніцу з мансардай. Пасля капрамонта дом стаў цалкам бязлікім. Некаторыя з гісторыкаў сумняваюцца ў тым, што дом быў пабудаваны менавіта ў 1870 г.. Яны лічаць, што ў 1870 г. размова ішла аб перабудове камяніцы ХVІІ-ХVІІІ ст., а не аб новай забудове. У 1910-15 гг. уладальнік дома Шэрашэўскі. Так сама, на 1928 г., верагодна. частка дома прыналежала Ісааку Любічу. На 1928 г. тут працавала спажывецкая крама Хашы Апоі.

Замкавая № 16 — Палац К. Храптовіча, камяніца Ф. Мучынскага, палац І. Ляхніцкага, магчыма, будынак Тульскага банка, Музей атэізму і рэлігіі. Пабудаваны ў 1742-1752 гг. Характэрна, аднак, што ў канцы 1980-х гг. пад час абследавання падвалаў палацу была выяўлена буйнапамерная цэгла, якая характэрна для пабудовы XVI – XVII ст.. Моцна пашкоджаны пад час пажару 1753 г. У 1780 г. на плане характарызуецца як «пустыя муры Тызенгаўза». Перабудаваны ў 1790 г. Магчымы аўтар перабудовы – архітэктар М. Кнакфус (рэканструяваны будынак нагадвае дамы Лапацінскага, Бжастоўскага ў Вільні, аўтарства якіх належыць Кнакфусу, ён таксама быў капітанам літоўскай артылерыі, чым можа тлумачыцца яго цікавасць да «мілітарнай» ляпніны на фасадах будынку). Раней хутчэй за ўсё меў крыты дахоўкай мансардны дах. Балконы прарублены цягам ХІХ ст. Унутраная планіроўка зменена ў 1970-я гады. Большая частка дома, утвараючы парадны ўнутраны двор, ідзе ў глыб квартала. На вуліцу выступае толькі невялікі корпус, прарэзаны уязной аркай з чатырма пілястрамі дарычнага ордэра. У архітэктуры будынка заўважны ўплывы рускага класіцызму канца XVIІІ — пачатку XIX ст., аднак маюцца і ўласныя своеасаблівыя рысы — раслінныя ляпныя гірлянды над праездам у двор; форма ліштваў вокан і інш. У 1987 г. археолаг Алесь Краўцэвіч праводзіў раскопкі на гэтым аб'екце. Найбольш таямнічым падаўся шурф № 5. Археолаг сцвердзіў, што частка будынка пакоіцца на фундаментах больш старажытнага збудавання. 25 верасня 1944 г. Гарвыканкам прыняў рашэнне: “Передать помещение для размещения батальона МПВО по улице Замковой , дом № 16 со всеми находящимися надворными постройками”. На жнівень 1945 г. Гродзенскі будаўнічы тэхнікум “Наркомгражданстроя” БССР. У 1946 г. – школа ФЗO № 45 будаўнікоў “Министерства трудовых резервов” СССР, пазней – будаўнічае вучылішча №16. У 1970-я г.г. – “ГПТУ № 74 бытового обслуживания” ды інтэрнат.

Адным з гаспадароў палаца быў Ігнаці Ляхніцкі (1755 - 1826 гг). Згодна з В. ІІІведам, І.Ляхніцкі (1755 - 1826 гг) вучыўся ў Віленскай акадэміі, дзе ў 1772 г. абараніў дысертацыю і атрымаў тытул магістра вольных мастацтваў і доктара філасофіі. Даслужыўся ў войску ВКЛ да палкоўніка. Быў маршалкам слонімскага двара ў Міхала Казіміра Агінскага. У сваіх маёнтках правёў сялянскую рэформу, за што быў узнагароджаны ордынам імператарам Аляксандрам І. У час касцюшкінскага паўстання дзейнічаў у Гродзенскай парадкавай камісіі, быў віцэ-прэзідэнтам Гродна. Свае погляды на сялянскае пытанне выказаў у брашуры "Біяграфія селяніна, які жыве на берагах Нёмана, вышэй Ласосны". У 1818 г. заснаваў друкарскае таварыства.

Уласна сам Музей рэлігіі быў заснаваны ў 1977 г., як “Рэспубліканскі музей атэізма і рэлігіі”. З 1989 г. – Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, з 2005 г. – … Адчынены для наведвальнікаў са студзеня 1985 г. Першапачаткова распалагаўся ў былым Гарадзенскім жаночым манастыры радства Багародзіцы. Экспазіцыя часова зачынена ў сувязі з перадачай будынка праваслаўнай царкве.На пачатак 2006г. агульны фонд складаў 78,8 тыс. преадметаў. Пры музеі працуе навуковая бібліятэка (15 тыс. тамоў), рэстаўрацыённая майстэрня.

Замкавая № 17 — Дом саветніка Анцылевіча. Год пабудовы — 1912. Рэстаўраваны ў 1940 г.. На 1950 г. – пажарная ахова МУС, дабраахвотнае пажарнае таварыства.

Аўтар праекта рэстаўрацыі - архітэктар Уладзімір Барсукоў, гістарычныя даследаванні праводзіў Валянцін Калнін. Толькі адносна нядаўна ўдалося адшукаць у Расіі праектныя чарцяжы гэтага будынка. У 1990 г. у Барсукова і Калніна іх не было і менавіта таму даводзіцца здзіўляцца высокаму майстэрству гэтых спецыялістаў - чарцёж рэканструкцыі і гістарычны супалі нават ў самых дробных дэталях. Спадар Барсукоў працуе зараз у ЗША, паколькі ў Гродна яму не знайшлі працы па спецыяльнасці. Чым зараз займаецца другі выбітны архітэктар - Калнін - нам невядома.

Прыкладна каля гэтага дома магла знаходзіцца гродзенская сярэднявечная “Малая” царква.



Замкавая № 18 — Паводле валочнай памеры 1560 г. участак належыць гродзенскаму ландвойту і забудаваны. У інвентары 1680 г. па вуліцы Замкавай участак не апісаны, але апісаны па іншай вуліцы «вуліца з Падола міма Старое Панны» як «пляц жыдоўскі, забудаваны, на якім жыд жыве». У легендзе да плана Маркевіча 1780 г. участак пазначаны як «plac pusty XX. Dominikanów Różanostockich». Дадзены дом пабудаваны паміж 1783 і 1795 гг. як аднапавярховы карэтны сарай («вазоўня») і мабыць суадносіўся з блізкімі каралеўскімі канюшнямі. Паводле плана 1831 г. будынак адносіўся да турмы (магчыма, як жылое памяшканне салдат аховы). У ХІХ ст. у ім месціліся казармы, юнкерская і пасля губернскага гарнізоннага батальёна (1887 г.). Калі быў пабудаваны другі паверх дакладна невядома, але ўпершыню дом быў апісаны як двухпавярховы ў 1910 г. У 1923 г. па-ранейшаму належаў дзяржаве і выкарыстоўваўся як казарма. Па стану на 1950 г. – нарсуд 2-га вучастка г. Гродна.

Замкавая 19 Былы флігель каралеўскіх канюшняў, Пажарная каманда, Вольная пажарнае таварыства, пажарнае дэпо. Дом па вуліцы Замкавая №19 пабудаваны паміж 1783 і 1793 г., але не пазней 1795 г. як адзін з жылых флігеляў каралеўскай канюшні. Магчыма архіктарам праекта канюшняў быў Дж. Сака. Будынак быў перабудаваны пасля пажара 1899 г.: паніжаны дах будынка, дахоўка заменена бляхай. Заменена сталярка вокнаў.

Гэты ўчастак гарадской зямлі быў забудаваны ў раннім сярэднявеччы. Як сведчаць матэрыялы археалагічных раскопак, правы бераг р. Гараднічанкі, што ляжаў насупраць замкавага дзядзінца, быў заселены ўжо ў ХІ ст.. Не выключана, што ў 12 ст. на тэрыторыі гэтага старажытнага пасада была ўзведзена т.зв. Малая царква. Гэтую гіпотэзу ўскосна пацвярджаюць вынікі археалагічных раскопак, праведзеных у 1987 г. Аляксандрам Краўцэвічам. Падчас іх на згаданым участку быў зафіксаваны багаты культурны слой 12 ст. Да той жа высновы схілялася Алена Квітніцкая, якая правяла грунтоўны аналіз эвалюцыі горадабудаўнічай структуры Гародні. На яе думку, "манастырык на Падзамчы" прымыкаў да плошчаў фарнага касцёла, участкаў жыдоўскага квартала, а з двух бакоў межаваў з вулічнымі артэрыямі. Г.зн. Малая царква з манастыром знаходзілася на невысокім ўзгорку сярэднявечнага пасада, на поўнач ад Старога замка.

Такім чынам. галоўным аб'ектам згаданага ўчастка быў манастыр з Малой царквой. Першае ўпамінанне пра Малую царкву і "малы папоўскі манастырык" паходзіць з фальсіфікату прывілея на права і свабоды гарадзенскіх жыдоў 1389 г., які быў складзены ў першай палове 16 ст. Згодна з меркаваннем Квітніцкай, выява Малой царквы была зафіксавана на медзярыце Адэльгаўзера-Цюндта 1567-1568 гг. Мяркуючы па графічным матэрыяле, гэта была невялікая па аб'ёме, аднанефная мураваная царква, крытая двухскатным дахам, з цыліндрычным барабанам з невялікім купалам.

Каралеўскія рэвізоры, якія ў канцы 17 ст. склалі спіс ўладальнікаў нерухомай маёмасці горада ды забудовы гарадскіх плошчаў, зафіксавалі факт знішчэння манастыра з царквой маскоўскімі войскамі ў сярэдзіне гэтага ж стагоддзя. У гэтым інвентары захавалася сціплая згадка аб тым, што на пляцы знаходзіўся "малы папоўскі манастырык пад замкам".

На плане 1753 г. у раздзеле легенды плана "Спецыфікацыя. Што яшчэ з будынкаў засталося стаяць" пад літарай "h" пазначаны пляц "рускага папа з юрыздыкай і будынкам". Гэта азначае, што ў сярэдзіне 18 ст. участак з'яўляўся ўласнасцю ўніяцкай царквы. Апошняя згадка пра царкву паходзіць з 1783 г., калі на пляцах пачалося ўзвядзенне каралеўскай канцылярыі ды стайняў. Іх выява была змешчана на плане горада 1798 г. "Конюшни" на ім былі пазначаны пад №14. На французскім плане 1812 г. на аналізуемым участку бачна "ecuries du chateau de magasin á fourrages" ці "стайня замка, які выкарыстоўвацца як фуражны склад".

Пра функцыянальны характар забудовы ўчастка сведчаць графічныя матэрыялы 19 ст. У легендзе плана горада 1823-1831 гг. ды 1824 г. стайні названы мураванымі. Паводле апісання плана Гародні 1831 г. стайні з двума флігелямі былі заняты "шпіталям і рознымі шпітальнымі рэчамі". Стаенныя будоўлі пазначаны на планах 1833 г. ды 1841 г. Паводле тлумачэння плана горада 1882 г. у будынках стайняў мясціўся "летній госпиталь".

Паводле крыніц на пачатку ХХ ст. на ўчастку было ўзведзена пажарнае дэпо, завершанае ў 1902 г. Комплекс пажарнай часткі горада быў пабудаваны ў форме карэ. Галоўны, паўднёвы фасад комплексу з боку вуліцы Замкавай складаўся з сучаснага дома № 17, № 19 ды пажарнай каланчы ( уласна сама пажарная вежа пабудавана каля 1902 г. ), якія злучала аднапавярховае збудаванне з сямі ўездамі для пажарных машын. З захаду, з боку Старога замка, знаходзіўся аднапавярховы фасад. З боку Гараднічанкі і сучаснай вуліцы Траецкай праходзіў мур. У паўночнай частцы комплекса месцілася драўляная трэніровачная вежа. На плане 1903 г. побач са збудаваннямі даўніх каралеўскіх стайняў бачны скарочаны подпіс вуліцы ці завулка "Пожар.", што дадаткова сведчыць аб размяшчэнні тут пажарнага дэпо.

Рэканструкцыя дэпо ў верасні 2006 г. пачалася з таго, што экскаватарам быў моцна пашкоджаны культурны пласт, выкапаныя чалавечыя косткі. Земляныя работы ўдалося спыніць, у выніку ў верасні-кастрычніку 2006 г. на тэрыторыі пажарнага дэпо былі парведзены археалагічныя раскопкі. Было выкапана 9 шурфоў розных памераў. Ва ўсіх шурфах знойдзены чалавечыя парэшткі (каля чатыры дзясяткаў касцякоў), што, безумоўна, сведчыць аб тым, што мы капалі на тэрыторыі старых гарадскіх могілак. Было знойдзена шмат керамікі ў вельмі шырокім часавым дыяпазоне (ад XI да XX стагоддзяў). Аднак самыя могілкі хутчэй за ўсё познесярэднявечныя (класічныя хрысціянскія – у трунах, у ямах). Таксама выяўлены магутныя сярэднявечныя падмуркі, магчыма, акурат царквы.

Пад час разборкі даху будынка, што прымыкае непасрэдна па пажарнай каланчы, пад перакрыццямі адшуканы дакументы і выданні нейкага адзела Арміі Краёвай, схаваныя там у канцы 1943 гг.

Замкавая № 20 — Ніжні замак, Новы замак, вайсковы шпіталь, Гродзенскі абласны камітэт КПБ, Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, Гродзенская абласная бібліятэка імя Я. Карскага. На месцы суседняй з дзядзінцам пляцоўкі берагавога ўзвышша Немана. Ніжні замак злучаўся з горадам драўляным мостам, які быў перакінуты ў бок горада. 3 будынкаў ХІІ ст. на яго тэрыторыі вядома толькі Васкрасенская царква, якая хутчэй за ўсё была ўзведзена ў адным стылі з Каложскай і Ніжняй. Яе дакладнае месцазнаходжанне да гэтага часу яшчэ не высветлена (пад час земляных работ перад уяздной брамай у Новы Замак была адшукана сцяна з плінфы, якая, аднак, была акрэслена археолагамі як другаснае выкарыстанне старажытнай цэглы). Шырокіх археалагічных доследаў тэрыторыі Новага Замка не прыводзілася (у 1987-88 гг. невялікі раскоп быў закладзены археолагам А. К. Краўцэвічам, выяўлены рэшкі керамікі і збаноў-галаснікоў). У XIV— XVII стст. — Каралеўскі двор. Паводле гравюры Цюнта на тэрыторыі сучаснага Новага Замка знаходзіліся – Васкрасенская царква, Каралеўскі дом, мост і два доўгіх будынкі (адзін мураваны, другі драўляны). Бачны таксама рэшткі ўмацаваняў. У адным са сваіх артыкулаў Ю. Ядкоўскі пісаў, што восенню 1926 года пад час работ па падсыпцы рова Старога замка былі выкапаны і знішчаны рэшткі магутнага барбакана: Цэлыя каменныя крушні, складзеныя каля замкавага моста, былі сведчаннем таму, колькі было разабрана замкавага муру. Хаця барбакан быў знішчаны шведамі ў часы Яна Казіміра, аднак яшчэ ў сярэдзіне мінулага веку на тым месцы існавалі магутныя муры. Існаванне барбакану было неразрыўна звязана з існаваннем на тым месцы падзямелляў, быць можа кшталту тых, якія захаваліся на Бакшце ў Вільні (каля касцёла Місіянераў).

Магчыма «каралеўскі дом» быў пабудаваны ў часы Казіміра Ягелона. Паводле Ю. Гардзеева, Ваксрасенская царква згарэла ў 1614 г. Да 1600 г. быў разабраны «Каралеўскі дом». Паводле інвентара 1633 г. у каралеўскім двары, які ў дакуменце называецца «парканам», знаходзілася мураваная царква, вялікі аднапавярховы дом, дзе праводзіліся сеймікі шляхты Гродзенскага павета і пасяджэнні суда каралеўскай адміністрацыі, дом начальніка варты, кухня, пякарня, памяшканні для вартавых і каралеўскай чэлядзі. У пачатку XVIII ст. на тэрыторыі існавалі толькі: драўляная аднапавярховая рэзідэнцыя магната Асалінскага, драўляная афіцына каля абрыва на сем пакояў, стадола і драўляны сарай. Рашэнне аб будаўніцтве ў Гродне новага каралеўскага палаца на месцы былога каралеўскага двара было прынята на Сейме у 1726 г. пры каралю Аўгусту II Моцным. Аднак уласна будаўніцтва пачалося толькі ў 1737 г., ужо пры каралю Аўгусту III. Аўтарам праекта палаца быу вядомы саксонскі архітэктар Карл Фрыдрых Пёпельман, сын стваральніка аднаго з найпрыгажэйшых палацавых комплексаў у Еўропе — дрэздэнскага Цвінгера. Першапачатковы праект палаца меў непрапарцыянальныя формы, бо прадугледжваў выкарыстанне старых пабудоў, што знаходзіліся на тым месцы, адным з якіх быў драўляны палац Асалінскага — захавальніка каралеўскіх рэгалій і каштоўнасцей. Акрамя таго, каралю Аўгусту III, які ў адрозненне ад свайго бацькі мог лічыцца узорам у сямейным жыцці, не спадабалася, што ў гэтым праекце няма пакояў для каралевы, і ў выніку К. Пёпельман вымушаны быў перагледзець праект. Магчыма гэты праект быў зроблены ўжо не Пёпельманам а Іахімам Хрысціянам Яўхам. Будаўніцтва палаца вялося чатыры гады і скончылася толькі ў 1742 г.

Палацавы комплекс знаходзіўся ў цэнтры горада і адначасова быў адасоблены ад яго. Галоўны двухпавярховы будынак быу вытрыманы ў выглядзе літары «П» са строга прамымі вугламі і ствараў парадны ўнутраны двор — курданёр, які замыкаўся дзвюма аднапавярховымі пабудовамі з высокімі чатырохсхільнымі дахамі. У правым была кардэгардыя — памяшканне дпя каралеўскай варты, а левы прызначылі пад палацавую пякарню. Паміж імі была агароджа і брама. На яе масіўных пілонах былі змешчаны дзве скульптуры міфічных істотаў — сфінксы, якія нясуць пухлых пуцці. Слупы агароджы вянчалі шлемы з элементамі вайсковай атрыбутыкі. К. Пёпельман імкнуўся ўвесці ў планіроўку палаца анфіладу, што было адным з самых галоўных прынцыпаў архітэктуры ракако. Гэтага ўдалося дасягнуць у правым крыле будынка. У левым крыле стварэнню анфілады перашкаджала вялікая Пасольская зала, якая займала палову яго і была двухсветлавой. Галоўны ўваход вёў у вялікі прамавугольны вестыбюль, які часта называлі Залай варты. Гэтая зала была ўпрыгожана фрэскавым роспісам, які імітаваў архітэктурныя дэталі. З Залы варты было тры выхады. Выхад налева вёў да вялікай лесвіцы на другі паверх і да Сенатарскай залы, направа—у буфетную, прама — у салон, які яшчэ называлі першай прыёмнай караля. Гэта была Авальная зала — першае такое архітэктурнае рашэнне на Беларусі — з пышнай лепкай і фрэскамі. Авальная зала таксама мела тры выхады: налева — у палацавую капліцу (пачаткова знаходзілася паміж Авальнай і Сенатарскай заламі), прама — на знешні двор, направа — у другую каралеўскую прыёмную.

У правай частцы галоўнага корпуса знаходзілася сталовая, трэцяя прыёмная для сенатараў і карапеўская аўдыенц-зала. Увесь правы флігель быў спланаваны ў выглядзе дзвюх паралельных анфілад. З боку ўнутранага двара анфілада была больш вузкай, пакі былі невялікімі. Гэтая частка называлася каралеўскай рэтырадай. Са знешняга боку гэтага корпуса анфіладныя пакоі былі большымі па плошчы. Кароль вырашыў іх адвесці пад свае асабістыя апартаменты: кабінет, спальню-сталовую, гардэроб. Другую палову правага флігеля аддалі каралеве. Тут знаходзіліся яе кабінет, аўдыенц-зала, спальня, гардэроб і г. д.

Уся левая палова галоўнага корпуса была занята Сенатарскай залай, дзе адбываліся пасяджэнні верхняй палаты сейма Рэчы Паспалітай. Гэтае двухсветлавое памяшканне было аздоблена з такой жа раскошай, як і Авальная зала. Над кожным акном Сенатарскай запы былі змешчаны гербы ваяводстваў, на сценах і столі прыцягвалі ўвагу ляпныя картушы і ракайлі. Гэтыя аб'ёмныя аздобы дапаўняліся фрэскавымі імітацыямі архітэктурных дэталяў. На ўзроўні другога паверха ў зале былі зроблены нешырокія галерэі, агароджаныя дэкаратыўнымі кратамі. На галерэі ў час сесіі сейма маглі сядзець каралева з прыдворнымі дамамі, паслы і гледачы — так званыя арбітры. Каля сцяны, якая аддзяляла Сенатарскую залу ад капліцы, знаходзіўся вялікі балдахін з чырвонага шоўку, упрыгожаны шлячкамі і залатымі кутасамі, а пад ім на трох прыступках стаяў каралеўскі трон, аздоблены разьбой і золатам, укладзены шаўковымі падушкамі. Справа і злева ад трона знаходзіліся дзяржаўныя гербы — Белы Арол і Пагоня.

Левы флігель да паловы займала Пасольская зала, у якой праходзілі пасяджэнні ніжняй палаты сейма, так званай Ізбы паслоў. Планіроўка і аздабленне гэтай залы былі падобныя да Сенатарскай. У другой палове левага крыла палаца знаходзіліся памяшканні для прыдворных.

Другі паверх каралеўскага палаца быў спланаваны амаль што таксама, як і першы. Гэта дыктавалася як наяўнасцю трох двухсветлавых залаў, так і імкненнем да стварэння анфілад. Для таго, каб гаспадарчыя памяшканні вывесці па-за аб'ём палаца, побач з левым крылом і паралельна яму быў узведзены доўгі двухпавярховы будынак, які звычайна называлі Маршалкоўскай кухняй. Досыць вялікая плошча Маршалкоўскай кухні давала магчымасць выкарыстоўваць яе не толькі для гаспадарчых мэтаў, але і як жылыя памяшканні для прыдворных ніжэйшага рангу.

Першы сейм Рэчы Паспалітай у новым каралеўскім палацы адбыўся ў 1744 г., наступны — у 1748 г. У час пасяджэнняў гэтых сеймаў адразу выявіліся недахопы ў планіроўцы палаца. Больш за ўсё нязручнасцей стварала капліца, якая займапа занадта многа месца ў самай ажыўленай частцы палаца. Таму было вырашана пабудаваць новую капліцу побач з цэнтральным корпусам палаца. У 1750 г. кароль Аўгуст ІІІ зацвердзіў праект Іахіма Хрысціяна Яўха, і адразу пачаліся работы. Паводле інвентара 1752 г. новая капліца была амаль што скончана. У 1753 г. кіраўніцтва заканчэннем яе будаўніцтва было даручана Яну Фрэдэрыку Кнобелю, якога памылкова лічаць аўтарам праекта. Капліца ўяўляла сабой аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак з трыма падоўжанымі і пяццю папярэчнымі восямі. Знешне ён быў вельмі падобны да палаца і меў высокі чатырохсхільны дах, пакрыты дахоўкай. Сцены ўпрыгожвалі пілястры і карнізы. Вокны адрозніваліся ад палацавых — яны былі паўцыркульныя. Па грэбені даху капліцы стаялі прыгожыя дэкаратыўныя вазы. З палацам капліца злучалася невялікім пераходам, які пачынаўся ад вонкавага выхаду з Авальнага салона. У 1752 г. у Гродне адбыўся апошні сейм эпохі Саксаў. У 1768 г. чарговы сейм у Гродне адбываецца ўжо пры новым каралю Рэчы Паспалітай — Станіславе Аўгусту Панятоўскім. На сейме было вырашана выдзеліць грошы на ўтрыманне Новага Замка – 300 тыс. злотых на ўнутраныя прыцы і мэблю і па 10 тыс. на кожны рамонт. Чарговым рамонтам палаца кіраваў архітэктар Дж. Сака. Панятоўскі змяніў расклад памяшканняў у палацы. Сабе ён выбраў пакоі на другім паверсе правага крыла. Свайму брату Міхалу-Ежы, прымасу Польшчы, ён аддаў увесь першы паверх у правай частцы галоўнага корпуса. Над ім знаходзіліся памяшканні мазавецкага ваяводы Малахоўскага і каралеўскага лекара Яна Бэклера. Біскуп і гісторык Адам Нарушэвіч займаў два невялікія пакойчыкі на другім паверсе паміж Сенатарскай і Авальнай заламі. Побач з ім жыў шэф вайсковай канцылярыі караля генерал Ян Камажэўскі. У правым крыле палаца, там, дзе пры Саксах былі пакоі каралевы Марыі Юзэфы, змяшчаліся вялікі літоўскі маршалак Уладзіслаў Гуроўскі са сваёй службай і каралеўскі камердынер Францішак Рыкс. А ўвесь левы корпус за Пасольскай залай займаў маршалак каралеўскага двара Тамаш Александровіч. З’явілся дзве дадатковыя брамы, галоўны ўваход меў пяць пралётаў, тэрыторыя асвячалася мінімум чатырнаццацю ліхтарамі.

Самай значнай гістарычнай падзеяй, якая адбылася ў палацы, стаў апошні сейм Рэчы Паспалітай 1793 г., на якім быў зацверджаны другі падзел гэтай дзяржавы паміж Расійскай імперыяй і Прускім каралеўствам. У Сенатарскай зале ў ноч з 23 на 24 верасня 1793 г. праходзіла так званае «нямое пасяджэнне» сейма, на якім паслы моўчкі прынялі падзел Рэчы Паспалітай. Г'эты гвалтоўны акт выклікаў абурэнне шырокіх слаёў грамадства. Неўзабаве вясной 1794 г. пачалося паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Восенню гэтага ж года ў гродзенскім каралеўскім палацы адбылася нарада галоўнага кіраўніка з начальнікамі паўстанчых аддзелаў. 29 верасня 1794 г. Касцюшка прыехаў у Гродна, а 30 верасня сустрэўся ў памяшканнях палаца з кіраўнікамі паўстання ў Вялікім княстве Літоўскім Якубам Ясінскім, Тамашам Ваўжэцкім, Юрыем Грабоўскім і Станіславам Макраноўскім. Жадаючы зрабіць барацьбу супраць расійскага войска на тэрыторыі ВКЛ больш актыўнай, ён рэарганізаваў вайсковае камандаванне і раздаў узнагароды. Але час ужо быў страчаны і паўстанне хутка пацярпела паражэнне. Пасля гэтых падзей гродзенскі каралеўскі палац зноў стаў рэзідэнцыяй Станіслава Аўгуста Панятоўскага — 9 студзеня 1795 г. ён атрымаў загад з Пецярбурга жыць у Гродне пад наглядам расійскага пасла М. В. Рэпніна.

Менавіта тут 25 лістапада 1795 г. Станіслаў Аўгуст падпісаў акт адрачэння, які і стаў апошняй кропкай у гісторыі Першай Рэчы Паспалітай. Пасля гэтага былы кароль яшчэ жыў у сваім палацы да 15 лютага 1797 г., калі ён па выкліку імператара Паўла I ад'ехаў у Пецярбург.

Пасля ад'езду Станіслава Аўгуста каралеўскія палацы ў Гродне былі перададзены ў распараджэнне расійскага ваеннага ведамства. У Новым замку зрабілі вайсковы шпіталь (з лістапада 1831 г.) і ўсё XIX і першую палову XX ст. будынак палаца выкарыстоўвалі без змен. Акрамя шпіталя тут размяшчаўся вузел сувязі і аддзяленне Варшаўскай тэлеграфнай лініі. У сярэдзіне XIX ст. у Новым замку быў зроблены вялікі рамонт, падчас якога частка памяшканняў была перароблена. Была знішчана Пасольская зала. Яе падзялілі на два паверхі і на кожным абсталявалі некалькі пакояў. Капліцу таксама перабудавалі: зрабілі там тры памяшканні, якія выкарыстоўвалі як склады для бялізны. Перад 1843 г. расійскія вайскоўцы разабралі каваны забор і замянілі яго драўляным. Дабудаваны другі паверх пры адным з флігеляў. Будынак моцна пацярпеў пад час пажара 1885 г. і быў пасля пакрыты бляхай. У 20-40-я гады XX ст. у Новым замку па-ранейшаму змяшчаўся вайсковы шпіталь. У сувязі з пагрозаў опаўзняў у 1926 г. была пабудавана сценка на схіле Замкавай гары. У 1920-30-я г.г. тут працаваў вайсковы шпіталь. У 1937-39 гг. планавалася аднавіць Новы замак па першапачатковым узорам. Падчас баёў за вызваленне горада ў 1944 г. яго будынкі былі моцна пашкоджаны: вялікі пажар знішчыў амаль што ўсе памяшканні палаца, дах і капліцу. Ацалелі толькі флігелі і ўяздная брама з выявамі сфінксаў. Дарэчы, па словах Ю. Ядкоўскага, са сфінксамі была звязана гісторыя з пачварынай, якая з’ядала сваіх дзяцей і толькі адно з іх выратавалася, учапіўшыся за валасы сваёй маці.

Адразу пасля заканчэння Другой сусветнай вайны Новы замак пачалі адбудоўваць. Работы працягваліся да І952 г. пад кіраўніцтвам архітэктара У. Вараксіна. Палац быў адноўлены ў так званым «сталінскім» ампіры. Палац быў адноўлены ўтак званым класічным псеўдарускім стылі. 3 1952 г. у Новым замку змяшчаўся Гродзенскі абласны камітэт КПБ ( Рашэнне выканкама Горсавета аб зацвярджэнні акта дзяржпрыёмкі будынка ад 26 снежня 1952 г. ). У 1991 г. Новы замак быў перададзены пад установы культуры: правае крыло пад Гродзенскую абласную бібліятэку імя Я. Карскага, а цэнтральны і левы карпусы — пад Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей. У флігелях застаўся Гродзенскі абласны архіў грамадскіх арганізацый (былы Партархіў Гродзенскага абкама КП(б)Б). Падчас рамноту флігеляў у 2007-2008 гг. будаўнікі, збіўшы слой савецкай тынкоўкі трапілі на каляровую, размаляваную тынкоўку XVIII ст. На жаль для захавання хоць бы часткі яе для агляду наведвальнікаў замка нічога зроблена не было і старую тынкоўку ізноў закрылі




Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   23




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет