БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ
ФІЛАЛАГІЧНЫ ФАКУЛЬТЭТ
Кафедра славянскіх літаратур
ВОСТРЫКАВА А. У.
ВУЧЭБНА-МЕТАДЫЧНЫ ДАПАМОЖНІК
ПА КУРСУ
“ГІСТОРЫЯ ЧЭШСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ
ІІ ПАЛОВЫ ХІХ СТАГОДДЗЯ”
Для студэнтаў спецыяльнасці
D 21 05 03 “Славянская філалогія”
МІНСК
2002
УДК 885.0.09 (075.8)
ББК 83.3 (4 Чеш) я 73
В78
Аўтар – складальнік
А. У. Вострыкава
Рэцэнзент
доктар філалагічных навук, прафесар І. В. Шаблоўская
Зацверджана саветам філалагічнага факультэта
Вучэбна-метадычны дапаможнік па курсу «Гісторыя чэшскай літаратуры ІІ паловы ХІХ стагоддзя» / Аўт-склад. А.У.Вострыкава.—Мн.:РИВШ, 2002.-- с.46.
У дапаможніку прапануюцца ўводзіны ў тэмы, якія разглядаюцца на практычных занятках, пытанні для кантролю засваення матэрыялу, пытанні да прамежкавага заліку, тэмы рэфератаў, спісы асноўнай і дадатковай літаратуры па гісторыі чэшскай літаратуры ІІ паловы ХІХ стагоддзя, спіс мастацкай літаратуры, абавязковай для прачытання.
Вучэбна-метадычны дапаможнік разлічаны на студэнтаў славянскага аддзялення філалагічнага факультэта і адрасаваны тым, хто вывучае чэшскую мову і літаратуру. Адначасова ён можа зацікавіць студэнтаў іншых спецыяльнасцяў.
УДК 885.0.09 (075.8)
ББК 83.3 (4 Чеш) я 73
В78
Вострыкава А.У., 2002
РИВШ, 2002
Тэма № 1. Асаблівасці прозы Яна Нэруды
Ян Нэруда быў адным з лепшых празаікаў другой паловы ХІХ стагоддзя, творчасць якога адлюстравала пошукі генерацыі пісьменнікаў-маеўцаў, якія імкнуліся стварыць нацыянальныя чэшскія тыпы, знайсці патрыятычны ідэал у сучасным ім жыцці. Проза Нэруды адлюстроўвае кардынальны паварот чэшскай літаратуры да сацыяльна-аналітычнага прынцыпу адлюстравання рэчаіснасці і спробы паказаць складаныя ўзаемасувязі чалавечага характара і сацыяльнага асяроддзя. Абраныя пісьменнікам канфлікты, сюжэты і кампазіцыі яго празаічных твораў сведчаць пра асобае эстэтычнае крэда Нэруды, які на першы план выдзвігае пазнавальную функцыю літаратуры, а забаўляльнасць для яго мае другаснае значэнне. Пісьменнік здолеў у сваіх празаічных цыклах стварыць новую мастацкую структуру, чаго раней не было ў чэшскай літаратуры. Яго творы вылучаліся багатай эмацыянальнай палітрай. Наватарства Нэруды не аспрэчваецца ніводным літаратурным крытыкам. Чэшскі пісьменнік поўнасцю адмовіўся ад павярхоўнай рамантыкі, ад ідэалізацыі жыцця і сентыментальнасці, ён прынцыпова пазбягаў павучальнага пафаса і не імкнуўся да выхавання свайго чытача. Ён увёў ў чэшскую літаратуру новага героя – гараджаніна, распрацаваў неўжываны раней жанр фельетона. І ва ўсім хацеў быць аб’ектыўным. Без перабольшвання можна сцвярджаць, што менавіта з Нэруды ў чэшскай літаратуры бярэ пачатак псіхалагічная і сацыяльная тыпізацыя. Таму па праву мы можам лічыць яго першым стопрацэнтным рэалістам у чэшскай літаратуры. Творчасць Нэруды стаіць у адным шэрагу з творчасцю Гогаля і Дзікенса. Тымі прыкметамі і крытэрыямі, па якіх мы можам параўноўваць гэтых мэтраў сусветнай літаратуры з’яўляюцца і ўласцівы ўсім ім антропацэнтрызм, і спалучэнне юмара і іроніі, спачуванне чалавеку і пратэст супраць нялюдскіх умоў і адносін, акцэнтаванне дэталі і рэчавага свету ў творах і многае іншае.
Першы празаічны вопыт Нэруды – зборнік ”Арабескі”, які з’явіўся ў 1864 годзе. Ён складаецца з двух дзесяткаў даволі стракатых ў ідэйным, тэматычным і стылёвым планах апавяданняў. Асновай сталі творы, галоўнай тэмай якіх было жыццё пражскіх нізоў, дробных чэшскіх буржуа. Падобная тэматыка выдзяляла аўтара на фоне існаваўшай ў Чэхіі таго часу літаратурнай прадукцыі, таму што большасць пісьменнікаў звярталася да жыцця вёскі. Нэруда разгортвае панараму нораваў розных слаёў гарадскога грамадства, абнаружваючы пры гэтым аналітычны падыход да рэчаіснасці. Ён жадае стварыць “карціны жыцця” (obrazy života). Гэтае спалучэнне пісьменнік лічыў тэрмінам для абазначэння рэалістычных замалёвак жыцця. Самі апавяданні ўяўляюць сабой нейкую мазаіку падзей, эпізодаў. Звычайна сама назва твора дае чытачу ўяўленне пра змест і характар аповеду. Нэруда схіляецца да новых мастацкіх форм і сродкаў: рашуча пазбаўляецца ад мастацкай ўмоўнасці, ад існаваўшых тады канфліктаў, сюжэтаў і герояў. Шмат з апавяданняў названага зборніка блізкія да жанру “фізіялагічнага нарысу”, які існаваў ў еўрапейскай літаратуры. У першым апавяданні “Быў нягоднікам” гучаць усе асноўныя тэмы, якія далей будуць разгорнуты аўтарам: канфлікт асяроддзя і чалавечага характара, інтэлекта, глыбокіх пачуццяў і ўмоўнай маралі грамадства, калі галоўным становяцца грошы. У абмалёўцы чалавечых характараў праявілася наватарства Нэруды-празаіка. Кожны яго герой паўстае перад намі як вельмі складаная псіхалагічная структура. Пісьменнік не імкнецца да стварэння герояў альбо злодзеяў, яго персанажы поўныя супярэчнасцяў і шматстайнасці, яны заўсёды даюцца ў дынаміцы. Не пазбягае аўтар і дна грамадства: у яго калейдаскопе ёсць вобразы прастытутак, пакрыўджаных богам і лёсам людзей. Большасць апавяданняў напісаны ад першай асобы, што дазваляе аўтару выступіць у ролі прысутнага, у ролі ўсё ведаючага чалавека, які блізка стаяў каля сваіх персанажаў. Героі Нэруды не ставяцца ў выключныя сітуацыі, яны існуюць у звычайных для іх жыццёвых умовах, якія не багатыя на падзеі і поўняцца толькі штодзённымі клопатамі. Характары раскрываюцца менавіта ў натуральных праявах, што і вызначае прастату сюжэтнай пабудовы. У замалёўках беднасці і цяжкасцей жыцця калі-нікалі Нэруда бывае сентыментальным. Крытыка тых часоў адмоўна ўспрыняла зборнік, не зразумеўшы неабходнасці апісанняў цёмных бакоў жыцця.
У 1872 годзе свет пабачыла аповесць Нэруды “Басякі”. Твор носіць яскравы нарысавы характар. Матэрыялы пісьменніку даў яго сябра па Акадэмічнай гімназіі, інжэнер, які шмат прапрацаваў на будаўніцтве. Захапляльна, жыва, з гумарам і лёгкай іроніяй малюе аўтар цяжкае жыццё сваіх герояў, іх быт, норавы, асаблівасці псіхалогіі. Ён працягвае далейшую дэмакратызацыю мовы ў сваім творы і ўводзіць у аўтарскую мову і мову персанажаў элементы размоўнага стылю, пэўныя фанетычныя асаблівасці, прафесійны жаргон. Мова персанажаў вельмі каларытная, насычана прыказкамі і прымаўкамі, крыху грубаватая і ў той жа час вобразная. У названай аповесці Нэруда ўпершыню ў чэшскай літаратуры звяртаецца да фальклора гарадскіх нізоў, да рабочага фальклора шляхам увядзення ў тэкст сапраўдных песень. Некаторыя з іх пісьменік стварае сам і проста стылізуе ў духу народных. Нэруду параўноўвалі з амерыканскім пісьменнікам Брэт-Гартам, які апісаў жыццё каліфарнійскіх старацеляў. У той жа час твор па сваіх жанравых асаблівасцях блізкі да распаўсюджанага ў еўрапейскіх літаратурах “фізіялагічнага нарысу”. З ім “Басякоў” збліжаюць дэпаэтызаваныя апісанні рэчаіснасці, фізіялагічныя апісанні месца дзеяння, нораваў і характараў, падыход да чалавека як да пэўнай сацыяльнай асобіны і шмат іншага. Дарэчы, “фізіялагічныя нарысы” Нэруды не абмяжоўваюцца названым творам, з-пад яго пяра выйшла шмат такіх нарысаў з жыцця Прагі з дакладнай лакалізацыяй персанажаў па прафесійным альбо сацыяльным прыкметам.
Цэнтральным празаічным творам пісьменніка стаў зборнік “Маластранскія аповесці” (1878). Крытыка сустрэла новы твор маўчаннем. Адразу заўважым, што ў чэшскай літаратуры ХІХ стагоддзя не існавала размежавання паміж малымі празаічнымі жанрамі (апавяданне, аповесць, навэла). Межы былі празмерна хісткія, таму названыя формы ўспрымаліся як адзіны малы празаічны жанр. Для яго азначэння шырока выкарыстоўваўся тэрмін ”аповесць”. Нават сёння ў чэшскай мове для азначэння апавядання і аповесці існуе толькі адзін тэрмін “povídka”, якім карыстаўся і Нэруда. Амаль усе аповесці названага цыкла ўтрымліваюць у сабе згадкі на пэўны год, час. Гэта дае падставы для многіх даследчыкаў сцвярджаць, што пісьменнік апісаў Прагу свайго дзяцінства, тую Малу Страну, якая даўно канула ў мінулае. Сапраўды, аўтар нарадзіўся і вырас на Малай Стране, добра ведаў быт і норавы яе жыхароў, бачыў пад прымітыўнасцю складанасць і глыбіню чалавечых натур, а пад нібыта паэтычнасцю – цвярозасць матэрыяльных разлікаў. Пачынаецца зборнік самай вялікай па памерах аповесцю “Тыдзень у ціхім доме”, якая малюе тыдзень жыцця звычайнага маластранскага дома. Апісваецца мікракосм чалавечага быцця. Апошняя аповесць “Фігуркі” будуецца па такому ж прынцыпу. Падзеі першай і апошняй аповесцяў падзяляе два дзесяцігоддзі. Але сацыяльны і псіхалагічны вобраз Малай Страны не змяняецца. Кожная з аповесцяў уяўляе сабой асобную частку мазаікі, якая складаецца ў цэласную карціну. Унутраная сувязь паміх часткамі цыкла падкрэсліваецца ўвядзеннем скразных герояў. Галоўным жа персанажам мы без перабольшвання можам назваць саму Малу Страну., прыналежнасць да якой абумоўлівае сэнс падзей і псіхалогію герояў, большасць з якіх з’яўляюцца дробнымі чэшскімі буржуа. Ужытая Нэрудай форма набліжае яго да пэўных твораў Гогаля, Тургенева, Успенскага, Грыгаровіча, Салтыкова-Шчадрына. Праз увесь твор чэшскага рэаліста праходзіць асуджэнне эгаізма, жаднасці. Па сутнасці, герой Нэруды – гэта адзін з папулярнейшых у пісьменнікаў другой паловы ХІХ стагоддзя тыпаў – “маленькі чалавек”, які пакутуе ад матэрыяльных нягод і нацыянальнага бяспраўя. З другога боку, ён носьбіт шэрага мяшчанскіх парокаў. Пісьменнік выкрывае некаторыя сацыяльныя механізмы грамадства, напрыклад, бюракратызм Аўстра-Венгрыі. Упершыню ў чэшскай літаратуры ствараецца дэталёвы сацыяльны партрэт абывацеля, дробнага буржуа з усёй яго жыццёвай філасофіяй, сістэмай мыслення, этычным кодэксам, абсалютнай абмежаванасцю, шэрай будзённасцю. Яскрава перадаецца атмасфера амаль расліннага існавання герояў, адсутнасці ў іх грамадскіх інтарэсаў, высокіх ідэалаў, мізэрнасць духоўных попытаў, боязнь змен. Чэшскі пісьменнік паказвае, што нават самая невялікая адрознасць ад усіх прыводзіла ў прамым сэнсе да гібелі (вобраз лавачніка Ворэла). Тым не менш героі не такія ўжо і аднастайныя, сярод іх мы можам вылучыць і вобраз пані Баваравай, і вобраз Вацлава, і вобразы чатырох хлапцоў, якія жадалі здзейсніць грамадскі пераварот.
У “Маластранскіх аповесцях” Нэруда зарэкамендаваў сябе як майста стварэння рэчавага свету, з дапамогай якога ён раскрываў унутраную сутнасць сваіх герояў. Яшчэ адным яскравым прыёмам Нэруды-празаіка становіцца партрэт, які дапамагае паглыбіць псіхалагічныя характарыстыкі. Манеру аповеду пісьменніка мы можам ахарактарызаваць як вельмі сціслую і лаканічную. Чэшскі рэаліст імкнецца да дакладных, ёмістых параўнанняў, шукае гамму розных сэнсавых і эмацыянальных асацыяцый. Ён любіць параўноўваць герояў з нейкімі рэчамі і такім чынам паказвае іх бездухоўнасць. Часта пэўная дэталь выступае ў якасці ключа да разумення ўсяго вобраза. Калі-нікалі пісьменнік адмаўляецца ад непасрэднай аўтарскай ацэнкі партрэта, а перадае слова сваім персанажам, што дазваляе абмаляваць адразу дзвух герояў. Адна з асаблівасцяў паэтыкі Нэруды – неаднакратны зварот да знешнасці героя, апісанне яго ў розныя перыяды жыцця, чым дасягаецца паўната паказу і ў духоўнай эвалюцыі вобраза (напрыклад, вобраз пана Эбера, домаўладальніка). Цікава тое, што пяру Нэруды належыць шмат артыкулаў па праблемах развіцця чэшскага жывапісу. Спецыяльную ўвагу ён надаваў мастацтву партрэта.
Акрэслім моўныя адметнасці прозы чэшскага пісьменніка. Аўтар у сваім творы пазбягае маналогаў, не ўкладвае ў вусны персанажаў доўгіх разважанняў і сентэнцый, не скарыстоўвае складаных псіхалагічных дыялогаў, у якіх бы раскрываліся асаблівасці характару чалавека, яго настрой, мары, думкі. Мова герояў Нэрудаўскіх аповесцяў звычайна лаканічная, звязаная з іх будзённым жыццём. Да “небытавога” дыялога аўтар звяртаецца вельмі зрэдку. Такую “прывілею”, як правіла, маюць толькі тыя персанажы, якіх пісьменнік неяк выдзяляе з агульнага кола, людзі неардынарныя, якія вылучаюцца духоўнасцю. У звычайных жа размовах маластранцаў выдзяляецца дыялог, які становіцца сродкам раскрыцця ўнутранага зместу герояў. Аповесці простыя і адметныя адно натуральнасцю вымыслу. Вострыя драматычныя сітуацыі амаль што адсутнічаюць. Тыповым з’яўляецца менавіта беспадзейнасць, якая і складае калізію большасці твораў. Увогуле можна гаварыць пра незавершаную форму аповесцяў, што адпавядае замыслу аўтара адлюстраваць бясконцасць і невычэрпнасць жыцця. Значную ролю ў “Маластранскіх аповесцях” адыгрывае экспазіцыя. Звычайна Нэруда дае яскравае ўяўленне аб асяроддзі, у якім жывуць героі і якое ў значнай ступені абумоўлівае іх паводзіны. Трэба звярнуць асобую ўвагу і на назвы твораў. Назва з’яўляецца афарыстычнай фармулёўкай зместу, сэнсу твора, завастрае ўвагу чытача на пэўных момантах аповеду, рыхтуе да ўспрымання дзеяння (“Тыдзень у ціхім доме”, “Фігуркі” і г. д.). У сваім цыкле чэшскі рэаліст не цураецца народнай паэтычнай вобразнасці і уводзіць элементы жывой гутарковай мовы, што гарманіруе з прадметам апісання. Простасць сінтаксічных канструкцый, бытавыя інтанацыі, размоўны стыль, будзённая лексіка – усё гэта проста неабходнасць пры адлюстраванні Малай Страны. Важна і тое, што мова аповеду “ад аўтара” і мова перасанажаў адзіныя па свайму моўнаму матэрыялу і вобразным сродкам. Лірычны тон аповеду спрыяе натуральнасці ўспрымання твораў. Часта аўтар ужывае безасабовыя сказы, чым надае мове дынамізм і лаканічнасць. І хаця ён пазбягае метафар, але вельмі шчодры на параўнанні. Тонка перадаецца спецыфіка мовы мяшчанскіх слаёў насельніцтва: у прыватнасці, значная колькасць германізмаў у мове ў параўнанні з мовай вёскі альбо літаратурнай мовай. Абыгрываюцца пэўныя марфалагічныя і фанетычныя асаблівасці народнай мовы, але гэта робіцца вельмі асцярожна, толькі ў мове асобных персанажаў. Манера аповяду Нэруды ў “Маластранскіх аповесцях” дастаткова разнастайная: часам аповед вядзе аўтар, часам створаны ім “апавядальнік”, “сведка”, калі-нікалі апавяданне пераходзіць да саміх герояў, падчас аўтар дае нам свае дзіцячыя ўспаміны, то ўвасабляючыся ў маленькага апавядальніка, то каментуючы гэты аповед з вышыні свайго жыццёвага вопыту. Сам пісьменнік лічыў сябе летапісцам Малай Страны, але відавочна, што існуе дыстанцыя паміж апавядальнікам і аўтарам, пра што сведчыць іранічны пафас, які прысутнічае амаль ва ўсіх аповесцях. Увогуле, можна сцвярджаць, што гумар пранізвае ўсе кампаненты аповесцяў Нэруды. Мы назіраем цэлую шкалу розных якасцей смеха – ад мяккага гумару да едкага сарказму і сатыры. Нездарма пісьменніка часта параўноўваюць з Гогалем, знаходзячы ў гэтых талентаў тыпалагічную блізкасць і шмат агульнага (у структуры вобраза, у манеры аповеду, у гумары). Дарэчы, Нэруда быў добра знаёмы з творчасцю рускага пісьменніка і нават пісаў рэцэнзіі на пастаноўкі п’ес Гогаля на чэшскай сцэне. Некаторыя літаратурныя крытыкі указваюць на роднаснасць прозы Нэруды і Чэхава, Нэруды і Мапасана (яднаючымі рысамі называюцца антыманументальнасць, вострая крытыка буржуазнага грамадства, адсутнасць эпічнага пачатку).
Нэруда сваімі празаічнымі творамі прадэманстраваў шматпланавасць і пластычнасць апавядальных форм. Праблема чалавека і народа ў яго творах упершыню ў чэшскай літаратуры вырашалася не праз прызму патрыярхальнасці альбо нацыянальнай самабытнасці, але з пункту гледжання сацыяльных супярэчнасцяў. На першы план выступае ўрбаністычная тэматыка, якая аналізуецца ў свеце рэалістычнага ўспрыняцця жыцця. “Маластранскія аповесці” Нэруды ўвялі чэшскую літаратуру ў агульнаеўрапейскае русла крытычнага рэалізму. Уплыў Нэруды-празаіка можна прасачыць у творчасці Гашака, Пуйманавай і многіх іншых пісьменнікаў ХХ стагоддзя.
Пытанні для кантролю
-
Нэруда-празаік. Жанравая шматпланавасць прозы чэшскага пісьменніка.
-
Рэалістычнае майстэрства Нэруды.
-
Мастацкае наватарства Нэруда-празаіка.
-
Жыццё горада ў прозе Нэруды.
-
Паэтыка і стыль прозы Нэруды.
-
“Арабескі”: тэматычныя і стылёвыя адметнасці апавяданняў зборніка.
-
Роля і месца аповесці “Басякі” ў спадчыне Нэруды. Блізкасць твора да жанра “фізіялагічнага нарысу”.
-
“Маластранскія аповесці” як вяршыня празаічных здабыткаў чэшскага пісьменніка-рэаліста. Праблема жанравага вызначэння твора.
-
Асноўныя тэмы і матывы “Маластранскіх аповесцяў”.
-
Сістэма вобразаў “Маластранскіх аповесцяў”.
-
Мастацкія асаблівасці цыкла (мова, майстэрства партрэту, рэчавы свет і г. д.).
-
Апавядальнік і тып нарацыі ў “Маластранскіх аповесцях”Нэруды.
-
Светаўспрыманне і карціны жыцця ў “Маластранскіх аповесцях”.
-
Нэруда і чэшская проза ХІХ стагоддзя.
-
Нэруда і традыцыі рускай літаратуры ХІХ стагоддзя (Нэруда і Гогаль і г. д.).
-
Нэруда і традыцыі еўрапейскай літаратуры ХІХ стагоддзя (Нэруда і Дыкенс, Нэруда і Мапасан і г.д.).
Літаратура:
История литератур западных и южных славян. Формирование и развитие литератур Нового времени. Вторая половина XVIII- 80-е годы XIX века. Т.2. М., 1997.
Кузнецова Р. История чешской литературы. М., 1987.
Очерки истории чешской литературы XIX- XX вв. М., 1963.
Dějiny české literatury. Sv.3. Praha, 1959.
Dějiny české literatury. Praha, 1959-60.
Česká literatura od počatků k dnešku. Praha, 1998.
Hrabák J, Jeřabek D, Tichá Z. Průvodce po dějinach české literatury. Praha, 1984.
Novák A. Dějiny českého písemnictví. Praha, 1994.
Přehledné dějiny literatury. Dějiny české a slovenské literatury s přehledem vývojovych tendencí světové literatury do první světové války. Praha, 1992.
Vlček J. Dějiny české literatury. Praha, 1960.
Соловьева А.П. Ян Неруда и утверждение реализма в чешской литературе. М., 1973.
Buriánek F. Jan Neruda dnešku. Praha, 1955.
Haman A. Neruda prozaik. Praha, 1968.
Krejčí F.V. Jan Neruda. Praha, 1902.
Polák K. O umění Jana Nerudy. Praha, 1942.
Polák J. Grygar M. Jan Neruda. Praha, 1955.
Nejedlý Z. Jan Neruda // Nejedlý Z. O literatuře. Praha, 1953.
Novotný M. Život J. Nerudy I-IV. Praha, 1951-1956.
Šalda F.K. Jan Neruda // Šalda F.K. Boje o zítřek. Praha, 1905.
Špičák J. Čtení o Janu Nerudovi. Praha, 1985.
Достарыңызбен бөлісу: |