Арцём Вярыга-Дарэўскі (1816–1884) нарадзіўся на Ушаччыне ў сям’і дробнага шляхціца. Закончыўшы гімназію, некаторы час працаваў чыноўнікам у Віцебску. У 1863 г. узначаліў віцебскі атрад, які падтрымаў паўстанне Кастуся Каліноўскага, за што быў арыштаваны і высланы ў Сібір на восем год. На радзіму так і не змог вярнуцца, памёр у Сібіры. Вёў сібірскі дзённік, які згубіўся. Вядомы як паэт, драматург, перакладчык. Пісаў творы на бытавыя і гістарычныя тэмы, большасць з якіх да нас не дайшла. Захаваліся вершы «Думка», «Ліцвінам», што запісаны ў альбом, і невялічнкае двухрадкоўе. У гісторыю беларускай літаратуры ўвайшоў яшчэ і дзякуючы «Альбому», у якім змешчаны вершы многіх знакамітых дзеячоў культуры таго часу. Друкаваўся пад псеўданімамі «Беларуская дуда» і «Наддзвінскі дудар», што падкрэслівае свядомы зварот аўтара да простага чытача. У вершы «Думка» выкарыстоўваюцца прыём паралелізму, паўторы, інверсія.
Адам Кіркор (1819–1886) друкаваўся пад псеўданімам «Ян са Слівіна». Нарадзіўся на Магілёўшчыне ў дробнай шляхецкай сям’і, вучыўся ў Віленскай гімназіі і Віленскім дваранскім інстытуце. Вядомы як археолаг, этнограф, выдавец, літаратар, гісторык, географ, мовазнаўца (добра ведаў еўрапейскія мовы). Пісаў вершы на беларускай і польскай мовах, не ўсведамляючы сябе беларусам, называўся «тутэйшым палякам». Пісаў нарысы геаграфічнага плану. Цікавіўся гісторыяй славянскіх літаратур, садзейнічаў развіццю самасвядомасці беларусаў. Пад яго кіраўніцтвам створаны Віленскі музей старажытнасці.
Дзейнасць Вінцэся Каратынскага і Уладзіслава Сыракомлі
Вінцэсь Каратынскі (1831–1891) нарадзіўся ў сям’і селяніна на Навагрудчыне, самастойна набыў адукацыю, некаторы час працаваў хатнім настаўнікам. Знаёмства з Уладзіславам Сыракомлем перайшло ў сяброўства, Вінцэсь Каратынскі пачаў працаваць сакратаром апошняга. Пад уплывам сябра напісаў вершы, два з якіх захаваліся: «Уставайма, братцы!» і «Туга на чужой старане». Першы верш напісаны да прыезду цара Аляксандра ІІ у Вільню. Частка віленскай інтэлігенцыі вырашыла паднесці цару альбом з хвалебнымі вершамі. Верш Вінцэся Каратынскага быў іншага зместу: зварот да суайчыннікаў устаць і сустрэць «дарагога» госця. Аляксандр ІІ алегарыча параўноўваецца з сонцам, з’яўленне якога павінна прынесці народу шчасце.
«Туга на чужой старане» паказвае час пасля паражэння паўстання 1863 г. і пачуцці людзей, якія апынуліся за межамі роднай краіны і пакутуюць на чужыне. Верш лірычны, сентыментальны. Апошнія гады жыцця Каратынскі правёў у Варшаве, яго сын ведаў беларускую мову і пісаў на ёй вершы.
Уладзіслаў Сыракомля (сапраўднае імя Людвік Кандратовіч) (1823–1862) паходзіў з апалячанай беларускай шляхты, усё жыццё пражыў на тэрыторыі Беларусі, пісаў у асноўным на польскай мове, але на мясцовыя тэмы. У польскай літаратуры яго называюць «лірнікам вясковым» і «лірнікам літоўскім», бо героямі твораў аўтара былі сяляне ці шляхта. Вядомасць да Сыракомлі прыйшла рана – пасля напісання верша «Паштальён», у аснове якога ляжыць здарэнне на Гродзеншчыне, калі малады паштальён пачуў крык аб дапамозе, але не выратаваў дзяўчыну, якая аказалася яго каханай. Янка Лучына пераклаў гэты верш на беларускую мову.
У вершах аўтара ўслаўляецца дабрачыннасць, асуджаецца здрада і хцівасць чалавечых паводзін. Аўтару належаць вершы на мове беларускага сялянства: «Добрыя весці» і «Ужо птушкі пяюць усюды». Першы верш напісаны ў 1848 г. і расказвае пра абуджэнне прыроды і чалавека, утрымліваючы алегорыю; другі верш таксама алегарычны, верш-прадчуванне, напісаны ў 1861 г., паказвае карціну надыходу вясны і мае кантрастнасць вобразаў.
Адам Міцкевіч
А. Міцкевіч – першы народжаны на Беларусі паэт, імя якога яшчэ пры жыцці зрабілася вядомым усёй адукаванай Еўропе. Нарадзіўся будучы творца 24 снежня 1798 г. у сям’і колішняга мінскага каморніка, а на той час наваградскага адваката Мікалая Міцкевіча. Яго маці, Барбара Маеўская (па матчынай лініі – Арэшка) была родам са збяднелай наваградскай шляхты. Месцам яе нараджэння была вёска Чамброва, а яе бацька, Мацей Маеўскі, служыў аканомам у наваградскага земскага суддзі.
Пра месца нараджэння Адама да гэтай пары адназначнага сведчання няма. Найчасцей даследчыкі называюць фальварак Завоссе (цяпер ён бы знаходзіўся ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці), але таксама ўзгадваюцца прыдарожная карчма Выгода, паблізу Наваградка, і сам Наваградак. Дакладна, аднак, вядома, што сям’я Мікалая Міцкевіча пастаянна жыла ў Завоссі, а ў 1801 г. перабралася ў Наваградак – месца яго службы. Неўзабаве пасля Адамавага нараджэння з ім адбылося надзвычайнае здарэнне: немаўля зляцела з падваконня бацькоўскай хаты, і маці паімчалася з ім, непрытомным, у касцёл, каб вымаліць яго ўратаванне ад смерці. Пра гэта мы чытаем у першых радках паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш».
Цёплаю парою года Міцкевічы, аднак, вярталіся ў Завоссе, а пасля 1806 г. – у новую хату, у недалёкае адтуль Белае. Вялікую ролю ў выхаванні малога Адася адыгралі, паміж іншым, двое сялян з прыслугі – беларус Блажэй і полька Гансеўская. Блажэй расказваў па-беларуску казкі і розныя аповеды, Гансеўская спявала песні – натуральна, што польскія. Пісаць і чытаць будучага паэта вучыла яго маці, а пазней бацькі нанялі яму і гувернёраў: напачатку Шымана Мінкоўскага, потым Людвіка Янкоўскага. У 1807 г. Адам паступіў у Наваградскую дамініканскую гімназію, пасля заканчэння якой (1815) стаў студэнтам Віленскага універсітэта. Там, разам з Тамашом Занам і Юзафам Яжоўскім, ён узяў чынны ўдзел у заснаванні Таварыства філаматаў і цягам двух гадоў быў адным з самых актыўных яго сяброў. На пасяджэннях таварыства ён выступаў з дакладамі («Пра оперу», «Вясковыя праходкі»), чытаў свае першыя – з вядомых нам сёння – літаратурныя творы. З 1819 г. А. Міцкевіч выкладаў лацінскую мову ў Ковенскай гімназіі, і сустрэчы з віленскімі сябрамі адбываліся ў асноўным улетку, у Туганавічах, непадалёк ад возера Свіцязь. Туды, пачынаючы з 1818 г., яго запрашалі сябры, браты Міхал і Юзаф Верашчакі. Іх жа сястра Марыля стала першым моцным каханнем маладога паэта. Аднак у 1821 г. яна выйшла замуж за свайго нарачонага, графа Путкамера, што прынесла Адаму не абыякія перажыванні. У 1822 г. у яго пачаліся праблемы са здароўем, і, перапыніўшы настаўніцкую працу, ён вярнуўся ў Вільню. Пазней, ужо ў Парыжы, у гутарцы з Аляксандрам Ходзькам, А. Міцкевіч гэтак выкажацца пра свае датулешнія ўражанні ад Беларусі і яе прыроды: «Нідзе на зямлі няма весялейшага жыцця, чым у ліцвінскіх вёсках і засценках. Столькі там радасці, любасці, бязмежнага чалавечага шчасця. Магчыма, не дасць Бог пажыць больш гэтым жыццём, але мы павінны нешта зрабіць, каб захаваць яго каштоўны народны змест і даць зразумець усю яго вартасць. Такое жыццё я шчодра паспытаў паміж 1815 і 1820 гадамі, асабліва ў доме Верашчакаў (Туганавічы, Плужыны), дзе ў кампаніі Тамаша Зана й іншых праводзіў канікулы. Цэлыя ночы ў лясах, над азёрамі. Цудоўнейшыя характары Міхала Верашчакі, маці Марыі – пані маршалковай».
1823 г. прынёс паэту, ужо аўтару першага тома «Балад і рамансаў» (Вільня, 1822), новыя турботы: пасля выкрыцця расійскімі ўладамі згуртаванняў філаматаў і філарэтаў 23 кастрычніка яго, разам з многімі сябрамі, арыштавалі. Месцам зняволення сталі віленскія базыльянскія муры. А прыкладна праз год А. Міцкевіч быў назаўсёды разлучаны з радзімай. Вызначаную судом высылку ён адбываў у Пецярбургу, Маскве, а таксама на поўдні Расійскай імперыі. У сярэдзіне 1829 г. яму ўдалося выехаць у Заходнюю Еўропу. Яго жыццёвая дарога вяла праз Ваймар, Дрэздэн, Жэневу, Рым, Лазану. Пастаянным месцажыхарствам паэта стаў Парыж. У жніўні 1831 г. А. Міцкевіч нелегальна выязджаў у Вялікапольшчу, але да паўстанцаў Варшавы так і не даехаў. Далейшае жыццё ў Парыжы і, пэўны час, у Лазане было няпростым: займаючыся літаратурнай творчасцю і – раз-пораз – выкладчыцкай працай, ён перажыў нямала жыццёвых драм. Нечаканай і загадкавай была яго смерць. У 1854 г. А. Міцкевіч быў накіраваны пасланцам ад французскага міністэрства асветы ў Канстанцінопаль (Стамбул). Там ён робіць захады для арганізацыі Польскага легіёну пад кіраўніцтвам польскіх патрыётаў Чайкоўскага і генерала Замойскага, але 26 лістапада 1855 г. памірае – ці то ў выніку эпідэміі халеры, ці то атручаны сваімі нядобразычліўцамі. Цела паэта было перавезенае ў Парыж і пахаванае на могілках Манмарансі, а ў 1890 г. урачыста перазахаванае ў асобнай нішы старажытнага кракаўскага Вавеля.
Балады і паэмы Адама Міцкевіча
У першых вершах юнацкай пары А. Міцкевіча («Гарадская зіма», «Ужо сышоў з нябёсаў ночы змрок сумотны...», «Ямбы на імянінах Яна Чачота» і інш.) выразна адчувальныя ўплывы эстэтыкі асветніцкага класіцызму. Але ў асяроддзі маладых паэтычна настроеных філаматаў паступова выспявае нязгода з рацыяналістычна-асветніцкім стаўленнем пэўных выбітных выкладчыкаў Віленскага універсітэта – гэткіх, як прафесар Ян Снядэцкі – да фальклору як крыніцы паэтычнага натхнення. Так узнікае балада Адама Міцкевіча «Рамантычнасць» (студзень 1821 г.) – своеасаблівы маніфест «гердэраўскага» перадрамантызму на беларуска-польскай глебе. Апавядальнікам у гэтым творы выступае чалавек «з-па-за натоўпу». Ён расказвае пра падзеі з пазіцый пярэчання вучонаму старому «са шкельцам у воку». Як у класіцысцкім творы, апавядальнік дае маралізатарскую канцоўку, але гэтая мараль апраўдвае рамантычны погляд на мастацкую рэчаіснасць:
Адказваю сціпла: – Дзяўчына бачыць,
I люд да той веры ахвочы;
Пачуцці й вера мне болей значаць,
Чым шкло мудраца ды вочы.
Праўды змярцвелыя кажаш ты люду:
Ў пылінцы свет бачыш ды ў шкельцы.
А праўдаў жывых не спазнаў ты й цудаў!
Май сэрца, заглядвай у сэрца!
(Пераклад Лявона Баршчэўскага)
Гэткім чынам апавядальнік у баладзе (а па сутнасці – і сам Міцкевіч) уводзіць як бы новыя катэгорыі пазнання: інтуіцыю, а таксама пачуццё і веру, ісціны падсвядомасці. Гэткім чынам аўтар не толькі распачынае гаворку пра чалавечыя каштоўнасці, але і падтрымлівае веру простага люду ў свет нематэрыяльны. Ён становіцца на бок тых, хто пакутуе і праз свае пакуты ўваходзіць у дачыненні з таямнічымі з’явамі. Вера ў тое, што бачыць простая дзяўчына, грунтуецца для аўтара на сіле яе пачуцця. Спачуванне да яе з боку апавядальніка выяўляе пазіцыю рамантыкаў, якія пашыраюць веды пра чалавека, спрабуючы спазнаваць стан падсвядомасці, інтуітыўнага ўспрымання рэальнасці, вар’яцтва. Каруся ў баладзе «Рамантычнасць» напраўду паводзіць сябе як вар’ятка (сярод белага дня бачыць духа), але гэта не падважае праўдзівасці яе пачуцця. Увогуле, рамантыкі найчасцей бачылі ў душэўных хваробах выяўленне асобы генія, а ў вар’яце – істоту, што мае мажлівасць наладжваць непасрэдныя кантакты з незямным жыццём.
У баладах і рамансах «Свіцязянка», «Свіцязь», «Рыбка», «Курганок Марылі», «Люблю я» і інш. Адам Міцкевіч закранае тэмы, звязаныя з беларускімі паданнямі і легендамі, з жыццём і культурай мясцовага беларускага люду, яго ўяўленнямі пра свет і мараль. Гераіня балады «Свіцязянка» – адна з чароўных істот беларускай міфалогіі, прызначэнне якіх – губіць невінаватых людзей. У баладзе Міцкевіча стралец пакараны не проста так, а за здраду ў каханні. У «Свіцязі» паэт увогуле адыходзіць ад сюжэтаў народных паданняў (параўнайце аднайменныя балады Яна Чачота і Тамаша Зана), але, безумоўна, трымаецца іх духу; да таго ж, Міцкевічаў твор адметны апісаннем свіцязянскага краявіду:
Між дрэў, бы ў вяночку, адкрыецца воку
Там возера Свіцязь, як дзіва.
Бы хтосьці чысцюткую шыбу звысоку
Сюды апусціў беражліва.
Матыў непазбежнага пакарання за ліхія ўчынкі, характэрны для народных паданняў, знаходзіць сваё развіццё ў баладзе «Рыбка». Адплата здзяйсняецца цудадзейным чынам: пан і пані ператвораныя ў камень, але за гэтым народна-паэтычным вобразам праглядаецца пэўная ідэя сацыяльнага пратэсту. У рамансе «Курганок Марылі» пазнаецца стыль беларускіх пахавальных галашэнняў, якіх гэтак багата ёсць у нашым фальклоры. У баладзе «Люблю я», магчыма, у найбольшай ступені сярод усіх балад, заснаваных на беларускім фальклорна-міфалагічным матэрыяле, выяўляе сябе містыцызм, гэтак упадабаны раннімі нямецкімі рамантыкамі.
Паэтычная аповесць «Гражына» (1823) можа лічыцца пачаткам гераічна-патэтычнай лініі ў польскамоўнай рамантычнай літаратуры. Яшчэ пачынаючы ад паэмы «Мешка, князь наваградскі» (1822), услед за заходнееўрапейскімі рамантыкамі, таямнічая сярэднявечная гісторыя знаходзіць сваё месца і ў міцкевічавай творчасці. У цэнтры ліра-эпічнай паэмы «Гражына» мы бачым гераічны вобраз ліцвінскай жанчыны, якая мужна ўстўпае ў змаганне з каланізатарамі-тэўтонцамі. Дзеянне «Гражыны» разгортваецца ў Наваградку і яго наваколлі. Гражына, маладая прыгожая жонка тамтэйшага князя Літавора, ахвяруе сваім жыццём дзеля абароны радзімы ад варожай навалы. Матыў змагання ліцвінаў з крыжакамі атрымае сваё развіццё і ў паэме «Конрад Валенрод», завершанай Міцкевічам ужо ў расійскай высылцы. Вобраз Конрада Валенрода тыпалагічна блізкі да «байранічнага героя», гаворка пра якога пойдзе ніжэй. Конрад ратуе Літву, але коштам пакут і сумненняў, ахвяравання асабістым шчасцем і жыццём.
Санеты. У адэскай высылцы Міцкевіч піша цыкл санетаў, у цэнтры якіх любоўныя перажыванні лірычнага героя. Гэтыя творы пераклікаюцца з пэўнымі санетамі Петраркі, выяўляючы пры гэтым самыя розныя адценні пачуццяў паэта:
Дзе асвячоныя ў шчаслівы час тваёй журбою
Буялі краскі, вартыя архангельскае скроні,
Ірваў букет я на тым самым лугавым улонні,
Змяшаны з палыном, з плакучаю вярбою.
Як пустазелле й блёкат заглушылі ўсё сабою,
Чаму ж баіцца ўспыхнуць кветка чыстая ў палоне?
I ўсё ж букет прымі: не варты ён тваёй далоні,
Ды ўзрос на той зямлі, дзе ты ўсміхнулася
настрою...
(Пераклад Рыгора Барадуліна)
Цэнтральнае месца ў гэтым цыкле, аднак, займае санет «Да Нёмана», першы варыянт якога быў напісаны яшчэ ў 1821 ці 1822 г. на роднай паэту Наваградчыне. Туга па растанні з каханай Лаўрай – насамрэч, Марыляй Верашчакай – спалучаецца тут з прадчуваннем непазбежнага развітання з радзімай.
У традыцыях рамантыкаў было захапленне экзатычнай прыродай, найчасцей паўднёвых краін. У сваіх «Крымскіх санетах» Адам Міцкевіч фармальна аддаў даніну гэтай традыцыі. Але і тут таксама не-не ды выяўляе сябе нязбыўны сум па роднай паэту Літве–Беларусі:
...Стаім! – як ціха! – чую вырай жураўліны,
А птушак бы і сакаліны зрок не згледзеў;
I чую, як матыль разгойдвае сцябліны,
Як слізкай скурай вуж даткнецца зёлкі недзе.
Усё б аддаў, здаецца, ў гэтыя хвіліны,
Каб кліч з Літвы пачуць, – ніхто не кліча, едзем.
(Пераклад Ірыны Багдановіч)
«Дзяды». Этапнай у творчасці Адама Міцкевіча стала вялікая драматычна-эпічная паэма «Дзяды», пачатая ў віленска-ковенскі перыяд яго творчасці і, па сутнасці, не завершаная паэтам да канца ягонага жыцця. Дзяды – слова беларускае, і служыць яно найменнем старадаўняга абраду памінання памерлых продкаў. З паказу адпаведнага рытуалу і пачынаюцца апублікаваныя паэтам часткі паэмы. Паэт надае абраду Дзядоў маральнае і філасофскае значэнне і як бы задае тон усяму твору: матыў веры пранізвае ўвесь твор. Цэнтральнай жа постаццю паэмы выступае вобраз Густава–Конрада. Густаў з’яўляецца ўжо ў пралогу «Здань» і дзейнічае ў Другой і Чацвёртай частках твора. Гэта – герой найчасцей маўклівы, заглыблены ў асабістыя праблемы. Густаў супрацьпастаўляе шмат якім заганным бакам «вышэйшага грамадства» здаровую, як ён лічыць, маральнасць простага народа. За ім неадступна крочыць вобраз каханай, і ў апошнім маналогу Чацвёртай часткі Густаў прамаўляе наступныя словы:
Хто цалкам сэрцам і душой у каханні гінуў,
Заўжды той будзе побач з мілаю дзяўчынай!
Яна ўладарыць думкамі, натхненнем!
Я пасля смерці ўсюды сэрцам з ёю
Быць мушу, і за постаццю мне дарагою
Лячу скароным ценем.
Хто верны быў стваральніку зямному,
Прыняты будзе той на райскае улонне,
А хто з нячыстым жыў – патрапіць у бяздонне,
Там суджана спаліцца ўсяму злому...
(Пераклад Сержа Мінскевіча)
Трэцяя частка «Дзядоў» была напісаная Міцкевічам ужо ў Дрэздэне, пасля паразы паўстання 1830–1831 гг. У гэтай частцы захоўваецца пафас і стыль «віленска-ковенскіх» «Дзядоў», застаецца і галоўны герой – той самы... і ўжо іншы. 1 лістапада 1823 г., на Дзяды, паэт зрабіў надпіс на муры цэлі ў базыльянскіх мурах «1 лістапада 1823 г. памёр Густаў. 1 лістапада 1823 г. нарадзіўся Конрад». Галоўныя памкненні гэтага героя скіраваныя ўжо не на тое, каб залячыць душэўную рану ад няшчаснага кахання, а на здзяйсненне высокага патрыятычнага ідэалу – вызваленне любай Айчыны. У «Імправізацыі» Конрад выказвае погляды рамантычнага бунтаўніка-індывідуаліста, кідае выклік самому Богу, У сваю чаргу, ксёндз Пётра ў змаганні за свабоду роднага краю чэрпае сілы якраз у шчырым служэнні Богу: у гэтым абодва героі як бы дапаўняюць адзін аднаго. I ўсё-такі сапраўдным узорам адданасці высакароднай справе для Конрада выступаюць мастацкія вобразы сяброў Міцкевіча, філаматаў і філарэтаў. Хтосьці з іх з’яўляецца ў творы пад мянушкамі (Жэгота – Ігнат Дамейка), а нехта (Тамаш Зан, Адам Сузін, Ян Сабалеўскі, Адольф Янушкевіч, Якуб Ягела, Юзаф Кавалеўскі, Фелікс Кулакоўскі, Антоні Фрэенд, Цыпрыян Янчэўскі) – і пад сваімі ўласнымі імёнамі альбо прозвішчамі. У высокай маральнасці сваіх сяброў аўтар бачыць гарантыю таго, што памагатыя рэжыму рана ці позна пацерпяць паразу...
Ва Урыўку (альбо: адступленні) Трэцяй часткі паэмы «Дзяды», які фактычна складаецца з некалькіх вершаў, Міцкевіч малюе вобраз бесчалавечнай царскай імперыі:
Шкада цябе, мой браце-славянін!
Народ мой бедны! Звеку ты без долі
I знаеш толькі – гераізм няволі.
(Пераклад Кастуся Цвіркі)
Расійскую тэрыторыю Міцкевіч паказвае ў выглядзе вялікай застылай пусткі, а сталіцу імперыі Пецярбург – як тварэнне злых, сатанінскіх сілаў гісторыі.
Вельмі цяжка даць дакладнае жанравае вызначэнне паэмы «Дзяды». Як заўважае беларуская даследчыца Святлана Малюковіч, аўтар выкарыстоўвае тут «элементы оперы, містэрыі, народнага фарсу», ствараючы «жанравы сплаў гістарычнай, філасофскай, лірыка-драматычнай паэмы».
«Пан Тадэвуш» (1832–1834). У парыжскай эміграцыі Адам Міцкевіч напісаў галоўны твор свайго жыцця – ліра-эпічную паэму «Пан Тадэвуш». Месца дзеяння паэмы – родныя Міцкевічу наваградскія прасторы, а большасць дзейных асобаў – гэта тыповыя прадстаўнікі мясцовай шляхты, якая, што праўда, у сваёй бальшыні прасякнутая ідэямі польскага, а дакладней сказаць, рэчпаспалітаўскага патрыятызму. Знаходжанне Міцкевіча ў Парыжы, дзе разгортваліся нежартоўныя баталіі паміж прадстаўнікамі розных партыяў эмігрантаў з былой Рэчы Паспалітай, наклала свой адбітак на змест твора. Менавіта ідэя неабходнасці дасягнення еднасці паміж патрыётамі краю натхніла паэта на стварэнне «Пана Тадэвуша». Разам з тым, калі разглядаць гэты твор з беларускіх пазіцый, аб’ектыўна яго можна лічыць (побач, напрыклад, з «Песняй пра зубра» Міколы Гусоўскага і «Новай зямлёй» Якуба Коласа) часткай нашага нацыянальнага літаратурнага эпасу.
Сюжэт паэмы ў цэлым можна звесці ў тры галоўныя лініі: спрэчка Суддзі і Графа за замак, гісторыя кахання Тадэвуша і Зосі, падпольная палітычная арганізацыйная дзейнасць ксяндза Робака (Яцака Сапліцы).
У стылістыцы і спосабе літаратурна-мастацкага выяўлення паэма падтрымлівае гамераўскую традыцыю: апавядальнік валодае непадважальным аўтарытэтам, ужывае мноства ўзвышаных і яскравых моўных фігур, мае схільнасць да дэталёвага апісання з’яў і прадметаў. Разам з тым, у адрозненне ад Гамера, Міцкевіч не пазбягае іроніі й самаіроніі; у дзеяннях герояў «Пана Тадэвуша» няма аніякай фатальнай прадвызначанасці, а пагатоў выканання боскае волі. Тым не менш паэма адпавядае патрабаванням эпапеі, бо народ тут паказаны ў пераломны момант – калі адбываецца яго развітанне са старым феадальным светам і далучэнне да свету новага, рэпрэзентаванага маладым пакаленнем, людзьмі кшталту Тадэвуша Сапліцы і Зосі.
У цэлым, у адпаведнасці з патрабаваннямі паэтыкі рамантызму, увесь свет паказаны ў паэме прыгажэйшым за той, што існуе насамрэч. Аўтар выкарыстоўвае багаты арсенал жывапісных, музычных і пластычных сродкаў. Беларуская прырода паказаная як жывая асоба:
Дазволь душы маёй, ахопленай адчаем,
Пераляцець туды, дзе поясам блакіту
Над Нёманам лясныя ўзгоркі апавіты,
Дзе прозеленню жыта ў полі серабрыцца,
I залаціцца поўным коласам пшаніца,
Дзе ў ярыне свірэпа – россыпам бурштыну,
На ўзмежках дзяцельнік – румянамі дзяўчыны.
А ўпрокідку ў палетках, быццам вартаўнічкі,
Стаяць і ціха шэпчуцца ігрушы-дзічкі.
(Пераклад Язэпа Семяжона)
Прыгажосць свету, яго казачнасць і паэтычнасць, рамантызм і драматызацыя падзеяў – усё гэта мае дасканалую паэтычную форму. Менавіта мова паэмы прымушае любіць беларускую прыроду, шанаваць радзіму паэта Рэч Паспалітую.
Апроч усяго вышэйсказанага, у паэме «Пан Тадэвуш» можна ўгледзець мастацкае асэнсаванне пэўнай цывілізацыйнай змены. Паводле зместу твора грамадская думка яшчэ грунтуецца на аўтарытэце пажылых людзей, таго, што кажуць у касцёле, карчме і ў часе хатніх пасядзелак і гасцяванняў. У той самы час, у Парыжы 1830-х гадах, дзе Міцкевіч гэтую паэму пісаў, вельмі значную ролю ўжо адыгрывала прэса: сам паэт, пачынаючы з 1 красавіка 1833 г., рэдагаваў газету «Pielgrzym Polcki» («Польскі пілігрым»). Таму ідэалізацыю блізкага Міцкевічу свету ягонага дзяцінства наўрад ці варта тлумачыць як імкненне паэта вярнуць гэты свет. Хутчэй, ён прагне знайсці ў нядаўнім мінулым тыя каштоўнасці, якія не павінны быць страчаныя ні пры якіх варунках. Таму ў творы пастаянна гучыць матыў вяртання. Вяртаецца ў дом роднага дзядзькі пасля дзесяці гадоў адсутнасці Тадэвуш; вяртаецца да праблемы сямейнай генеалогіі й пытання прыналежнасці замку Граф; вяртаецца да даўнейшых звычаяў Падкаморы; вяртаецца ў родныя мясціны зусім іншым чалавекам Яцак Сапліца; у заключных кнігах паэмы вяртаюцца разам з польскім легіёнам у Сапліцова амаль што ўсе галоўныя героі папярэдніх кніг і, урэшце, у «Эпілогу» сам аўтар вяртаецца душою ў час і мясціны свайго маленства... Усё гэта, напэўна, звязана з уяўленнямі шмат каго з тагачасных рамантыкаў пра народ як жывы арганізм, які мае свой тэмперамент, характар і да т.п., якому ўласцівыя здольнасці адраджацца, вяртацца да мінуўшчыны.
Калі паспрабаваць сцісла ахарактарызаваць герояў паэмы, дык сярод іх можна вылучыць прадстаўнікоў старога і новага спосабу мыслення, лучнасць паміж якімі спрабуе ўсталяваць ксёндз Робак. Можна таксама заўважыць групу персанажаў, да якіх аўтар ставіцца сурёзна (Тадэвуш, Суддзя, Падкаморы, Рыкаў), і тых, на якіх ён глядзіць з іроніяй (Тэлімена, Граф, Асэсар, Плут). Ксёндз Робак – чалавек, які прайшоў вялікую жыццёвую школу, перш чым свядома стаў на абарону высокіх патрыятычных і маральных ідэалаў. А што гэта былі за ідэалы, відаць з яго перадсмяротнага прызнання:
Хто знае. Можа, мне грахом і тое стане,
Што я ўзбурыў дачасна шляхту на паўстанне?
Але намер мой: сцяг з Пагоняй у краіне
Хай першым двор Сапліц ва ўсёй Літве падніме
Рукамі ўсёй маёй радні ўрачыста,
Здаецца, быў апраўданы, задумай чысты...
(Пераклад Язэпа Семяжона)
Дваццацігадовы сын Яцака Тадэвуш належыць ужо да новай генерацыі змагароў за вызваленне краю. Паводле імя і поглядаў ён выглядае прадаўжальнікам справы Тадэвуша Касцюшкі. Тадэвуш, герой паэмы Міцкевіча, ідзе ў войска, каб здабываць волю для Бацькаўшчыны са зброяй у руках. Акрамя таго, вызваляючы ад прыгону сялян, ён засведчвае, што будучы лад вольнай краіны мае быць іншым, чым у старой Рэчы Паспалітай. Зося паказваецца як ідэальная спадарожніца ў ягоным будучым жыцці ды змаганні. Надзеленыя выразнымі індывідуальнымі рысамі вобразы Суддзі, Графа, Падкаморага, Тэлімены, Ключніка, Мацея Дабжыньскага, расійскага афіцэра Мікіты Рыкава... У паказе асобы апошняга адбіліся ўражанні ад знаёмства самога Міцкевіча з самымі годнымі прадстаўнікамі расійскага афіцэрства дзекабрысцкай эпохі.
Вялікае значэнне для разумення аўтарскай задумы мае «Эпілог», які быў упершыню апублікаваны толькі пасля смерці аўтара ў 1860 г. Як і ў «Дзядах», мы бачым тут, па сутнасці, прадказанне будучыні. Пасля вялікіх войнаў ды рэвалюцыяў, падзеі якіх Міцкевіч актыўна асэнсоўваў і як публіцыст і выдавец палітычных перыёдыкаў, узнік новы вобраз свету. У гэтым свеце паняволеныя народы, у тым ліку і народы колішняй Рэчы Паспалітай, мусілі атрымаць доўгачаканую свабоду:
...Тады з дубовымі вянкамі славы,
Пакінуўшы мячы, абсядуць лавы
Героі нашы слухаць спеў цікавы!
Калі зайздросціць будзе свет іх долі,
Час будуць мець пачуць пра дні няволі
Бацькоў сваіх і лёсы іх уцяміць,
I твару іх тады сляза не спляміць.
(Пераклад Пятра Бітэля)
Адам Міцкевіч у беларускім кантэксце. Творчасць Адама Міцкевіча аб’ектыўна пракладала дарогу новай беларускай літаратуры, што паўставала ў першай палове XIX ст. у неймаверна цяжкіх варунках. Як зазначае Уладзімір Мархель, «з пункту гледжання перспектывы эвалюцыйнага набліжэння таленавітых пісьменікаў – ураджэнцаў Беларусі – да беларускамоўнай творчасці Міцкевіч знаходзіўся на магістральным шляху развіцця... беларускай літаратуры, і яго паэзія ўдзельнічала ў гэтым развіцці – перш за ўсё ўзорам любаснай увагі да роднага краю і яго насельнікаў».
Ёсць дакументальныя сведчанні таго, што сам Адам Міцкевіч неабыякава ставіўся да мовы і гісторыі беларускага народа. Так, на лекцыі, прачытанай ім у парыжскім Калеждэ Франс 21 студзеня 1842 г., паміж іншага, зазначалася: «На беларускай мове, якую называюць русінскай ці літоўска-русінскай.., размаўляе каля дзесяці мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацаваная. У перыяд незалежнасці Літвы вялікія князі карысталіся ёю для сваёй дыпламатычнай перапіскі. Мова велікаросаў, на якой гавораць амаль гэтулькі ж чалавек (трэба выключыць адсюль фінска-маскоўскі дыялект, які моцна ад яго адрозніваецца), вылучаецца багаццем і чысцінёй, але ў яе няма ні цудоўнай прастаты беларускай мовы, ні гарманічнасці і музычнасці маларускай» (Пераклад Кастуся Цвіркі). У іншай лекцыі Адама Міцкевіча мы чытаем: «...З усіх славянскіх народаў русіны, гэта значыць, сяляне Пінскай, часткова Мінскай і Гродзенскай губерняў захавалі найбольшую колькасць агульнаславянскіх рыс. У іх казках і песнях ёсць усё. Пісьмовых помнікаў у іх мала, толькі Літоўскі Статут напісаны іх мовай, самай гарманічнай і з усіх славянскіх моў найменш змененай...» (Пераклад Алега Лойкі). Натуральна, што ў культурных асяродках Беларусі творы Адама Міцкевіча выклікалі вялікую цікавасць.
Цяжка перабольшыць той уплыў, які мела творчасць Адама Міцкевіча на далейшае развіццё беларускай літаратуры. Асабліва яскрава гэта выяўляецца ў творчасці Уладзіслава Сыракомлі і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Арцёма Вярыгі-Дарэўскага і Вінцэся Каратынскага, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Уладзіміра Дубоўкі і Уладзіміра Жылкі, Уладзіміра Караткевіча і Янкі Сіпакова...
Ужо ў другой палове 1850-х гадоў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч пераклаў паэму «Пан Тадэвуш» на беларускую мову. Першыя дзве «быліцы» (кнігі) паэмы былі надрукаваныя ў 1859 г. у Вільні, але тыраж забараніла і канфіскавала расійская цэнзура, у сувязі з чым астатнія часткі перакладу зусім не пабачылі свету. Другую спробу перакладу «Пана Тадэвуша» зрабіў Аляксандр Ельскі (1834–1916). Першая кніга перакладу «Гаспадарка» выйшла ў тагачаснай Аўстра-Венгрыі, у Львове ў 1892 г. У сваёй прадмове да гэтага выдання Ельскі пісаў: «Чытаючы «Пана Тадэвуша», дарагія беларусы, палюбіце ўсім сэрцам сваю родную, занядбаную, святую беларускую мову, каторая спрадвеку не толькі была вашай у сёлах, но яе ўжывалі самыя даўнейшыя манархі краю й іх вяльможы. Ваша старадаўняя беларуская мова мусіць варта чагось, калі можна на яе склад ператлумачыць найцальнейшыя паэтычныя творы вялікіх пісацеляў... Калі б любоў к усяму роднаму разагрэла сэрцы беларусаў праз аповесць, напісаную геніяльным паэтам для сваіх і ўсіх пабрацімаў, то душа яго, прагнуўшая так сільна той агульнай згоды і любві, засіяла б шчасцем аж на тым лепшым свеце, а наша братняя доля закрасавала б тожа тут, у зямельцы роднай, бо толькі той, хто ўмее любіць, варты ў Бога ўсякага дабра».
Два поўныя пераклады паэмы «Пан Тадэвуш» былі зробленыя ў зняволенні. У пачатку 1930-х гадоў Браніслаў Тарашкевіч (1893–1938) здзейсніў гэтую працу ў польскай турме, у якую ён быў кінуты за сваю рэвалюцыйную дзейнасць. Пераклад быў апублікаваны ў 1981 г. у Мінску і ў 1984 г. у польскім Ольштыне паводле копіі, цудам ацалелай пасля арышту і расстрэлу Тарашкевіча савецкім НКУС.
Достарыңызбен бөлісу: |