Раніца была ясная, ціхая. Праснуліся плытагоны ад звонкай, гулкай трэлі берасцянкі. Зусім жа блізенька недзе сядзела яна над іх галовамі і вельмі звонка распявала свае песенкі. Э, вунь яна, на бярозавай галінцы, што прагнулася ад яе цяжару, уладкавалася і даносіць да слыху людзей сваю перабранку.
Сплаўшчыкі хуценька апрануліся, сабралі свае пажыткі, уладкавалі іх на адзін з плытоў і рушылі далей у напрамку Прыпяці. Плыць яшчэ заставалася не так многа часу, надвор’е спрыяла ўсяму гэтаму. Рака імкліва гнала бярвенні на сваіх хвалях, паспявай толькі вялікімі баграмі адштурхоўвацца ад крутых берагоў і перакатаў, каб плыты плылі роўна і безперашкодна.
Вось за паваротам і паказалася вёска Майсеявічы, дзе і знаходзілася асноўная сплаўная кантора і ляжалі вялізныя варахі бярвенняў. Падагналі і яны свой сплаў лесу да берага ракі, дзе іх ужо чакалі рабочыя канторы і нейкі фанаберысты пан, які час ад часу паказваў рукою ў бок ракі і аддаваў нейкія загады. Як потым даведаліся, што гэта і быў сам пан Глінскі, пра якога гаварыў Міхалу Флёрка пан Ермаловіч, каб той ад яго ўзяў патрэбныя паперы, калі поўнасцю будзе падлічана, колькі лесу яны даставілі да сплаўной канторы.
-- Што Глінскі робіць з гэтымі вялізнымі штабялямі? Столькі лесу! – здзіўляліся сплаўшчыкі, пазіраючы на бераг ракі.
-- Го, сказалі! – азваўся адзін з тутэйшых мужыкоў. – Калі гэта лес не быў патрэбен? Хто будуецца, хто майструе мэблю… Чалавека збіраюць у апошнюю дарогу, дык з чаго дамавіна? З лесу… Да пана Глінскага адкуль толькі не прыязджаюць купцы…
Калі ўсё было падлічана, расходжанняў у паперах амаль ніякіх не было, пан Глінскі пацікавіўся, хто ў пана Ермаловіча так дакладна ўмее падлічыць кубатуру лесу? А калі даведаўся пра маладога інжынера Андрыяна Чэчку, выказаў сваю думку ўголас: ’’ Вось бы мне такога!’’
Дамоў плытагоншчыкі вярталіся пешшу амаль двое сутак, перасякаючы вялізнае балота Волахаў, абыходзячы многія азёры і лясныя рачулкі…
11
У тым годзе стаялі спякотныя летнія дні. Навокал – ні крыку, ні шолахаў. Нават весялун – жаваранак, гэты неўтаймаваны старажыл палеткаў, моцна ўлюбёны ў паднябесную сінь, жывым камяком падаў з вышыні, зашываўся пад цяністую збажыну і сядзеў там нерухома, разявіўшы з серабрыстай палудай дзюбку. Адны авады і слепакі кружылі вакол усяго жывога, каб хоць крыху дзе ўкусіць каго, паласавацца на дарэмшчыну. Ганка раз – пораз махала галінкаю з дрэва, каб адагнаць гэтых крывасмокаў, не даць ім сесці на яе прыгожыя белыя ручкі. Не забывала яна махаць бярозаваю галінкаю і каля Андрыяна, які ішоў побач і расказваў ёй аб харастве палескай прыроды.
Над лесам сіняй павалокай гойдалася гарачая смуга. Уперадзе вілася старая глухая дарога, сціснутая кашлатымі дрэвамі і кустамі, пераплеценая ўздоўж і ўпоперак мазоліста – вузлаватымі вяроўкамі аголенага карэння. Абапал лясной дарогі цягнуўся суцэльны дыван маккага моху, упрыгожанага ўзорнымі карункамі таямнічай папараці.
Далёка – далёка прасвечваўся беламожнік, вёў глыбей у свае ўладанні, зманліва абяцаючы блізкі прасвет. Але колькі б ты не ішоў па гэтым чароўным лесе, ўсё застаецца па – ранейшаму аднолькавым. Толькі ўверсе дзесці ў паднябессі, пад перыстымі воблакамі, дзе шматгадовыя залаціста – сярэбраныя сосны змыкалі свае прыгожыя кароны, сям – там прабіваліся блакітныя акенцы.
Ганка спалохалася, калі з – пад дрыжачай лісточкамі асінкі нечакана ўзняліся на крыло два рабчыкі, якія ў сваёй копанцы перамывалі сыпучым пяском шэрае пер’е, каб знішчыць паразітаў – пухаедаў. Андрыян дапоўніў, што ў летнія месяцы, падобна да хатніх курэй, любяць прымаць пясочныя ванны глушцы, цецерукі, курапаткі. Тады ў лесе не пачуеш галасістай музыкі птушак. Усе яны вывелі дзяцей і заняты выхаваннем маладняку. Толькі раніцай і вечарам сям – там цвіркочуць чародкі маладзенькіх драздоў, дзятлоў, сініц, якія рыхтуюцца ўжо да самастойнага жыцця: вучацца лятаць, здабываць корм, абараняцца або хавацца ад драпежнікаў.
-- І адкуль ты ўсё гэта ведаеш? – прыўзняла свае блакітныя вочы Ганка на Андрыяна. Пры гэтым яе кірпаценькі носік амаль датыкнуўся да яго твару, дзе ён пачуў яго пасопванне. І ён не стрымаўся, абхапіў яе прывабны дзявочы стан, прытуліў яго да сябе так, што адчуў, як яе натапыраныя грудзі – гузічкі пачалі ўпірацца ў ягоныя грудзі. Ён смактаў яе ружовыя вусны, здавалася адрываў іх ад яе, здзіўляўся, чаму ёй ніколькі не балюча ад гэтага – яна маўчыць. І калі яго рука, без яго дазволу. пачала штосьці рабіць недазволенае, ён неяк асцярожна, каб не пакрыўдзіць, адпіхнуў яе ад сябе,адвярнуўся і стаяў так некалькі хвілін. Яна маўчала таксама, не ведала, ці варта пачынаць нейкую размову…
Спякота пачынала патроху спадаць. Аднекуль дыхнула ветрыкам – ён быў цёплы, сухі, але ўсё ж прыемна абдаваў твар, халадзіў спацелае цела яго і яе пасля ўсяго таго, што адбылося.
Выйшлі на паляну. Вакол яе, куды ні паглядзі, лес – магутныя рачкаватыя дубы, пагоністыя, хлёсткія, аж у самае неба, ясені, клёны. Чародка белых бярозак выбегла на пагорак і як бы застыла там, уражаная – ці не тым чыстым меднастволым сасняком, што глуха шумеў насупраць, цераз лужок. А ля саменькага лесу выгіналася, то аддаляючыся ад яго, то набліжаючыся зноў, лясная рачулка. Ля паляны рачулка рабіла круг і апаясвала яе выгінастым паўколам з трох бакоў. Вада чорная, важкая, берагі чыстыя, без зарасніку і асакі. Захацелася напіцца такой вады. І яны схіліліся над празрыстай вадою рачулкі і пачалі яе смакаваць.
Прайшлі крыху далей і заўважылі на сенажаці невялічкую купку бярозак, куды і ўзялі яны свій накірунак. Там празрыстай кругавінкай, у заўсёдным цяні, свяцілася студзяністая крынічка, якую так пільна ахоўвалі прыгожыя бярозкі. Добрая чыясьці рука апляла крынічку зрубікам з лазовага вецця, навокал якога, на ўзнятым пульхным куп’і раслі некранутыя кветкі, сваімі белымі, чырвонымі пялёсткамі схіляліся цераз пляценік над вадой. Крынічка аказалася жывою – з яе струменіла чыстая, як сляза вада. Не пакаштаваць яе было нельга. І яны прыльнулі да берасцянага коўшыка разам, смеючыся і пырхаюча адзін аднаму ў твар.
Сонца хілілася да лесу. Цень прыкметна большаў – з кароткага, прысадзістага ён выцягваўся ў доўгі, худы. Чырванелі дзе – нідзе ад сонца вершаліны соснаў – гмахаў, якія шапталіся з небам. Не хацелася, але час патрабаваў свайго – і яны паціху пакрочылі ў напрамку Зладзіна, да сваёй смалакурні…
На наступны дзень да Андрыяна падышоў пан Ермаловіч, неяк пільна паглядзеў яму ў вочы і адразу прапанаваў яму падабраць добрых рабочых, падрыхтаваць плыты і разам з рабочымі даставіць іх у Майсеяўку на склады да пана Глінскага, разам з тым, забраць у таго грошы за ранейшыя кубаметры лесу.
Андрыян прыняў гэтае як належнае, бо даручаць рабочым прывезці грошы ад пана Глінскага ён не адважваўся, лічыў, што ён многае не далічыцца.
Падрыхтаваўшы плыты, Андрыян з рабочымі пакінуў смалакурню і паціху паплылі па цячэнню ў бок Прыпяці. Ён нават не развітаўся і з Ганкаю, бо адышлі яны ад прыстані яшчэ на золку, калі першыя летнія промені пачалі чуць пранізваць небасхіл, трапляць на верхавіны дубоў – волатаў, якія ўшчыльную прыціскалі Ўбарць з двух бакоў, баючыся, што ў адзін з момантаў вясновай паводкі яе моцныя хвалі, яе бурлівае цячэнне падмые іх карані, вывярне і пакладзе на бок у сваю глыбіню, адкуль ім ужо не выбрацца ніколі. Давядзецца ляжаць там стагоддзямі, ператварацца ў марынаваныя дрэвы, як іх суродзячы, якіх зараз ляжыць мноства ў вадзе. Асабліва небяспечна для дрэваў, калі бурлівая Ўбарць у часы вясновага разліву пачынае шукаць сабе новы шлях, каб выпраміць сябе, не мець крутых паваротаў, пусціць свае воды з большай хуткасцю. Тады яна не глядзіць, што ў яе наперадзе, ці малое, ці вялікае дрэва – сваім моцным цячэннем яна вырывае яго з карэннем, некалькі яшчэ метраў нясе яго на сваіх магутных плячах, а потым кідае яго ў больш небяспечным ціхім месцы. Пасля такіх штукарстваў, рака астаўляе побач старыя рэчышчы, якія іншы раз маюць з ёю сувязь толькі ў часы вясновага разліву.
Андрыян любаваўся ракою, гэтымі старымі русламі ракі, якія іншы раз цягнуліся на цэлыя кіламетры. Здавалася, што па старой рацэ значна карацейшы шлях, але ён ведаў, што такі карацейшы шлях вельмі небяспечны, бо там затоплена мноства дрэваў, якія ляжаць там стагоддзямі. Вось і на іхнем шляху вырысоўваецца з вады сасновае бервяно, камель якога зачапіўся за нешта, ды так і стаіць свечкаю.
-- Адкуль гэтае свежае бервяно? – пытаецца ён у Міхала Флёркі. – Вы ж першыя па рацэ ў гэтым годзе гналі плыты?
-- Ды была гісторыя, – умешваецца ў размову Мікалай Осіпаў. – Наляцеў канцавы плыт пры павароце на дубовы пень, які Вы бачыце здалёку. Міхал аказаўся ў вадзе пад плытам, чуць што адратавалі яго…
Цяпер зразумеў Андрыян, чаму так бегалі рабочыя ў гэтым месцы па плытах, чаму папярэджвалі яго, каб устойліва трымаўся ён на бярвеннях.
Доўгі час плылі моўчкі. Размаўляць пасля пачутага, не вельмі хацелася. Андрыян заўважыў, як ля дрэваў і прсадзістых кустоў. Якія беглі па беразе побач з імі, асядала вечаровае сутонне. Загусцела сінеча ўвысі, неба, прыгасіўшы вогненныя барвы, наблізілася, як асела на макавінкі дрэў, і аднекуль, з той вечаровай сінечы, даносіліся нясмелыя спевы птушак. І калі падышоў да яго Міхал Флёрка, каб папрасіць дазволу на начлег, ён толькі кіўнуў галавою ў ягоны бок.
Плыты прывязалі моцна, выйшлі на бераг, на папярэднім месцы расклалі вогнішча, пачалі рыхтаваць вячэру. Месца было цудоўнае, паўсюдна стаялі таўшчэзныя дубы – волаты, перамешаныя з алешынамі і бярозамі, зрэдку дзе, каля берага ракі, гойдаліся ад лёгкага подыху ветру лазовыя кусты, але чамусці гэтае ўрочышча называлі рабочыя Руднянскім лазняком. Адно такое ўрочышча ўжо праплылі каля манчыцкага хутара, яго таксама называлі лазовым. Наперадзе, крыху лявей ад манчыцкіх лазнякоў, размяшчаўся Замошскі востраў Санюк, праз які вільнула рака і, выраўняўшыся, хутка панесла свае воды да руднянскага млына, дзе яе крыху спынялі бярвенні, якія палажылі сяляне, каб пасля вада ракі набірала сваю моц і з вялікай сілаю круціла іх млын. На гэты млын звозілі збажыну з усіх навакольных хутароў, каб выпрасіць у млынара Яўхіма Ліпскага змалоць сваё зерне. У чарзе даводзілася стаяць не адны суткі, каб змалоць і потым пагрузіць муку на калёсы, або лодку – гіляру і адплыць да сваёй сядзібы.
Калі праплывалі каля Рудні, Андрыян уважліва разглядаў тварэнне сялян, любаваўся іх работаю, лічыў, што сярод палешукоў ёсць шмат сялян – умельцаў, якія ствараюць цуды на зямлі…
А палеская ноч стаяла ціхая. Ад Убарці з балот патыхала парнасцю – яна несла пах зеляніны і вільгаць. Неяк нечакана неба аблажыла хмарамі, якія вырысоўваліся мутна – сінімі, раскідзістымі, праз іх дзе – нідзе праразаліся невысокія, цьмяныя зоры – збіралася на дождж. Ці не таму так заўзята пачаналі крумкаць жабы – здавалася, яны сабраліся з усіх азёраў, з усяго белага свету, каб справіць сваё нейкае жабінае свята, і ад важкага манатоннага і бясконцага квакання і квакання аж закладвала вушы. Асабліва цяжка было пераносіць усё гэта Андрыяну, які ўпершыню аказаўся сярод усяго гэтага. Ён ніяк не мог заснуць, слухаў, як сярод усяго жабінага спеву, даносіліся да яго свісты спячых рабочых, якія, здавалася, свішчуць на спаборніцтвах за лепшы падарунак. Ды каб толькі быў чуваць іх свіст і жабінае кваканне, а то яшчэ і пісклівыя камары не давалі спакою, залазілі ў вушы, нос, незаўважана совалі свой хабаток паўсюдна, дзе толькі адчувалі непрыкрытае чалавечае цела.
У другой палове ночы стала неяк крыху спакайней. Неяк адразу, як па камандзе, сціхла жабінае кваканне. З – за хмар выплыў месяц, выплыў і хутка паплыў нізка над дрэвамі, гулліва раскідваючы то ў адзін бок, то ў другі бок сваімі вострымі рожкамі лёгкія начныя сумаркі. І ў яго спакойным і блеклым святле адлюстроўваліся постаці дрэваў, кустоў, зараснікаў. Злаўчыўшыся, Андрыян прылёг каля вогнішча і паглыбіўся ў свой непрацяглы сон… Вось ён, здавалася, так шпарка бяжыць у бок Убарці, а ногі яго не слухаюцца, нейкія, сталі як ватовыя, не паслухмянымі. А яна – чорная бліскучая змяя – вось – вось яго дагоніць, прыцэльваецца, імкнецца ўкусіць яго за грудзі, каля самага сэрца. А ён адмахваецца рукамі, хоча паклікаць каго – небудзь на дапамогу, але голас згубіўся і ён толькі выдае хрыплыя словы, якія, ведае, ніхто не пачуе. На нейкі момант мільгануў перад ім заклапочаны нявыразны твар Ганкі, але, як яму падалося, яна не вельмі звярнула на яго ўвагу, схавалася дзесьці паміж кустоўя. А змяя вось – вось яго дагоніць, моцна абхапіла яго руку, калоціць яе… І ён прачнуўся, пачуў, як Міхал Флёрка тузае яго за руку, будзіць, бо ўжо ў дубніку відна, першыя промені сонца лізалі верхавіны дубоў, адганялі начны сон ад іншых, хто яшчэ даваў храпака каля вогнішча.
-- У сне Вы вельмі стагналі, спрабавалі штосьці крычаць, быццам бы клікалі каго на дапамогу. Што Вам снілася?
-- Ды ўсялякія нейкія недарэчнасці, нейкая чорная змяя, якая спрабавала мяне ўкусіць, цэлялася ўкусіць прама ў сэрца, але я адмахнуўся, адкінуў яе…
-- Усё зразумела, -- умешваецца ў размову Якаў Цімохаў. – Берагчыся Вам патрэбна будзе на прыстані…
У сярэдзіне дня плытагоны дасягнулі канцовага свайго прыпынку, падагналі свае плыты да берага, прывязалі іх. Андрыян з паперамі пакрочыў у бок канторы пана Глінскага. Калі прыадчыніў дзверы канторы, заўважыў гаспадара, які, нейкія хвіліны не звяртаў на яго ўвагі, бо размаўляў з нейкай жаночаю асобаю, якая слухала яго і моцна смяялася. Заўважыўшы яго, яна штурхнула бацьку рукою ў бок і паказала на дзверы, дзе стаяў ён. Пан Глінскі павярнуўся да яго неахвотна працягнуў руку, каб забраць паперы, якія трымаў інжынер у руках. Разгарнуў іх, паглядзеў на кубатуру, штосьці пашукаў на паперчыне яшчэ, а потым толькі зірнуў на Андрыяна і адразу ж перавёў свой позірк на Кацярыну, якая не зводзіла вачэй з маладога інжынера. Яе вочы свяціліся нейкаю радасцю, вусны расплываліся ў загадкавай усмешцы, чорныя бліскучыя валасы на яе галаве, здавалася, неяк павольна варушыліся, штосьці нагадвалі яму.
-- Мне неяк тэрмінова ўладзіць бы ўсе справы сёння, атрымаць грошы за мінулы рэйс і вярнуцца назад, -- пачаў размову Андрыян. Але яго перапыніў гаспадар, паведаміў яму, што чакаць патрэбна будзе з Мазыра параход, на якім прывязуць яму грошы. А гэта будзе толькі праз два дні…
Андрыян заўважыў, як засвяціліся вочы ў дзяўчыны, калі пачула яна гэтыя словы бацькі, зразумеў, што тут ён не гаспадар, давядзецца чакаць. І ён паціху адчыніў дзверы канторы і выйшаў на вупіцу. Там ўжо з баграмі стаялі рабочыя, якія чакалі прыказу ад гаспадара, або яго прыказчыка. Але гаспадар чамусьці з канторы доўга не выходзіў, пэўна, затрымлівала яго дачка Кацярына. А калі выйшаў, чамусці вельмі пільна спачатку прыгледзеўся да Андрыяна, а затым толькі распарадзіўся, каб выцягвалі рабочыя на бераг сплаўныя штабялі лесу. Андрыян стаяў моўчкі каля сваіх сплаўшчыкаў, калі да іх падышла Кацярына і прапанавала яму прагуляцца каля Ўбарці.
-- Прабачце, паненка, але нам зараз не да прагулак, -- рэзка абарваў яе прапанову Андрыян. – Хіба Вы не бачыце, што мы даставілі сюды лес і яго патрэбна прывесці ў парадак?
-- Дык я скажу татусю і ён загадае ўсё гэта зрабіць без вашых мужыкоў і Вас асабіста…
-- Не, паненка, усё мы зробім самі, а вашы клопаты няхай Вас больш не турбуюць.
Рабочыя смалакурні пераглянуліся між сабою, узгадалі начны сон свайго інжынера. ’’ Цяжка будзе яму выкруціцца. – у адзін голас падумалі ўсе яны. – Каб хоць мінавала спакуса яго, а то, што ж будзе тады з паненкаю Ганкаю?’’
Кацярыне не спадабалася размова з інжынерам, яна адышла крыху ад іх, затым накіравалася да свайго татусю і нешта яшчэ доўга размаўляла з ім. А Андрыян, атрымаўшы паперчыну на прыплаўлены лес, загадаў сваім рабочым вяртацца дамоў, пакінуў толькі пры сабе Міхала Флёрку.
Ён амаль увесь астатак дня круціўся каля Ўбарці, разглядаў штабелі лесу. Ракі тут амаль не відно – уся яе плынь закідана бярвеннямі. Баграмі барадатыя мужыкі ў лапцях выцягвалі іх на бераг, кацілі вялікімі дручкамі да штабеляў. Анучы, забарсаныя аборамі, былі мокрымі, але мужыкі быццам таго не заўважалі. Калі ён намерыўся было вярнуцца да канторы, няспадзявана насустрач яму з – за штабелёў лесу выйшла Кацярына. Яна ўсміхнулася, прагаварыла:
-- Пан інжынер чамусці мяне пазбягае, няўжо мае лепшую за мяне?
Андрыян неяк сумеўся, паглядзеў на Кацярыну, на яе прывабны дзявочы стан і адказаў: ’’Вы – паненка, з багатага роду, а я – з роду беднякоў. У мяне толькі і маецца дыплом інжынера, ды больш нічога за душою. Хіба Вам такі спадарожнік жыцця патрэбен? Вы прыгожая дзяўчына, адукаваная, маеце мноства багаццяў, на якія паквапяцца многія багатыя жаніхі. Хіба не так?
-- Вось іменна, што паквапяцца на багацце! – амаль выкрыкнула яна са злосцю. – А я хачу кахання ўзаемнага. Вы што, не разумееце гэтага?
Андрыян ужо і не рады быў, што завёў такую з Кацярынаю размову, але ж у яго было на ўвазе – адсячы яе ад сябе. Бачачы тое, што ён моцна пакрыўдзіў яе і каб згладзіць усе гэтыя недарэчнасці, ён згаджаецца на яе прапанову аб тым, каб папрысутнічаць вечарам у іх на вячэры. Тым больш, што яна перадала і просьбу свайго бацькі.
Распрануўшыся ўнізе, па крутой лесвічцы Андрыян падняўся на другі паверх і адразу трапіў у вялізную залу. Ад люстра, што вісела пад столлю, было нібы днём. На падлозе, на сценах былі квяцістыя турэцкія дываны, на адным з іх вісела сярэбраная шабля, побач з ёю – драбавік. У адным куце ляжала вырабленая мядзведжая шкура з разяўленай пашчай і лапамі – кіпцюрамі.
Кацярына запрасіла яго садзіцца, загадала пакаёўцы паставіць на стол неабходнае. Іх размову, пэўна, пачуў і Глінскі, бо адразу ж выйшаў са сваёй бакоўкі.
-- Добра, добра, што завіталі да нас пан інжынер. Паглядзіце, як мы жывём, чым харчуемся. Можа супакоіцца і мая Кацярына, а то за дзень мне вушы пражужжала…
А потым схамянуўся, зразумеў, што сказаў штосьці недарэчнае, але працягваў сваю думку ўголас:
-- Не разумею я вас пан інжынер. – Глінскі, пэўна, і сам не заўважыў, што адзін раз звяртаўся да Андрыяна на ’’вы’’, другі раз на’’ты’’, але ж ён уладальнік сплаўной канторы, яму тут усё дазволена. А калі адкрыта пачаў ужо сватаць яго да дачкі, Андрыян не вытрымаў, падняўся з мяккага дывана, адышоў падалей ад Кацярыны і паціху сказаў:
-- За давер дзякую, але ж у мяне ёсць каханка, завуць яе Ганначкай. Яна дачка пана Ермаловіча.
. Пан Глінскі не чакаў ад яго такой адкрытасці, спачатку сумеўся, а потым, як ні ў чым не бывала, працягваў настойліва сваё задуманае і дэталёва ўжо абмеркаванае з дачкою.
-- Мне вельмі патрэбен талковы інжынер на маё прадпрыемства, і. вядома, не пашкодзіла б мець добрага зяця, якому б перадаў я ўсе свае багацці, якія маюцца ў мяне. Бо я ўжо стары і нядужы, часта хварэю…
Андрыян слухаў Глінскага, не перашкаджаў яго набалелым выказванням, ведаў, што Глінскага не толькі дачка ў гэтым ацверазіла, ён ужо даўно аб гэтым падумваў, ведаў, што цягнуць з гэтым далей няма куды – гады бралі сваё, а тут яшчэ ў апошнія гады і ўсялякія хваробы пачалі неяк часта ліпнуць да цела. Андрыян пагэтаму не перашкаджаў усім выказванням гаспадара, спачуваў яму ва ўсім, пазіраў на Кацярыну, якая, пэўна, была задаволена адкрытым выказванням бацькі, бо ёй хацелася мець такога выбранніка, як гэты прыгожы інжынер, у якога яна закахалася з першага погляду. А пан Глінскі, выказаўшы ўсё сваё магчымае, што набалела ў яго на сэрцы, прапанаваў сесці за стол і прапусціць па кілішыку гарэлкі. Заўважыў, што Андрыян не вельмі ахвочы да гарэлкі, не цягне так, як іншыя цягнуць адным глытком усё тое, што ёсць у шклянцы. А ён нават свой невялічкі кілішак раздзяліў на два разы, а калі гаспадар прапанаваў наліць яму яшчэ, ён наадрэз адмовіўся, што і ўсхваліў пра сябе Глінскі. Кацярына таксама не вельмі была ахвочая да шклянкі, што крыху здзівіла бацьку, паколькі пры другіх абставінах, яму іншы раз даводзілася яе спыняць на вачах у прысутных, забіраць з яе рук шклянку. А калі іншы раз яна трапляла з кампаніяй у начны шынок, яе адтуль прыносілі на руках яе сябры і сяброўкі. Значыць, пэўны выхаваўчы ўклад зрабіў на яе ў гэты момант сам пан Андрыян. Гэта пахвальна, іменна такі зяць яму і патрэбен, які будзе яе стрымліваць у гэтым кірунку, ды і не толькі ў гэтым… Відавочна, што ён будзе і добрым руплівым гаспадаром, бо мае нядрэнную адукацыю і, відавочна, нядрэннае выхаванне…
Кацярына праводзіла Андрыяна на двор, затым пабрылі яны да Ўбарці. Свяціў месяц, вада ў рацэ блішчала, пералівалася, хапала за рогі месяц, які вылузваўся з яе хваляў, імкнуўся асвяціць ім дарогу, якая вяла праз цяністыя цені дубоў да Прыпяці. У ціхай затоцы плавалі дзікія качкі з ужо дарослымі качанятамі, якія маланкава хутка выконвалі ўсе краканні дарослых качак, якія падавалі ім пры набліжэнні людзей. Для Андрыяна ўсё гэта было вельмі забаўным, ён нават паспрабаваў падаць голас па – качынаму, некалькі разоў каркнуць, як гэта робяць дарослыя качкі, што навяло на вялікі смех Кацярыну, якая аж заходзілася ад гэтага. А Андрыян толькі назіраў за ёю, яму іншы раз здавалася, што побач з ім ідзе ў начной цемры Ганка, што яна вось – вось прытуліцца да яго, моцна – моцна пацалуе яго, як звычайна, паслакоча яго сваімі пяшчотнымі пульхенькімі вуснамі яго губы, правядзе сваім маленькім язычком па ягоным кончыку носа, а затым зноў моцна прыціснецца да яго грудзей, прыемна паслакоча сваімі вострымі грудзямі – гузічкамі ягоныя грудзі і ў такім стане застанецца надоўга. Пагэтаму, пад уплывам успамінаў, ён і не заўважыў, як Кацярына зрабіла амаль усё гэтае ж з ім, як абвіла яна сваімі моцнымі рукамі яго стан, як прыльнула да ягоных вуснаў, пачала яго моцна цалаваць, лізаць яго твар, прамы, з невялікаю гарбацінкаю нос, гладзіць яго кучаравыя белаватыя валасы, туліцца ўсім целам да яго. Спачатку ён не вельмі супраціўляўся, нават крыху ёй паддаваў ахвоту, але ж калі яна пачала хіліць яго на сябе, дзе ляжалі бярвенні, ён апамятаўся, паціху пачаў адводзіць яе ад сябе, не даваў дакранацца яе целу да свайго цела. А яна працягвала дамагацца свайго, трымала яго сваімі моцнымі рукамі, упарцілася, як толькі магла, калі ён яе адпіхваў, адварочваўся, каб пазбегнуць спакусы, не зрабіць так, як яна хоча.
Да канторы вярталіся пад самы вечар, калі ўжо доўгія цені ад дрэваў леглі амаль ва ўсю сваю даўжыню, а вячэрняе летняе сонца пяшчотна гладзіла верхавіны магутных дубоў.
Міхал Флёрка чакаў іх ля веснічак, неяк зірнуў на іх не так, як падабала яму, і адвёў свой заклапочаны позірк у далячынь. Андрыян зразумеў, што хвалюецца за яго Міхал, пэўна больш за ўсё хваляваўся ён за Ганку, да якой адносіўся заўсёды, як да сваёй дачкі. Калі была яна яшчэ малой дзяўчынкаю, ён часта са свайго хутара прыносіў ёй падарункі: частаваў яе ягадамі, са свайго саду грушамі, выразаў з дрэва для яе розныя лялькі і свісцёлкі. Яна была заўсёды ўдзячная яму за гэта, часта гуляла каля канюшні, дзе ён раней даглядаў коней.
Начаваў Андрыян з Міхалам у розных пакоях начлежкі, пагэтаму сярод ночы чуў размову пакаёўкі і Кацярыны, якая хацела прайсці ў пакой Андрыяна. Пакаёўка ёй не дазваляла зрабіць гэта, але Кацярына са злосцю адпіхнула яе ад сябе і прайшла паціху, як чорная пантэра, у пакой да яго.
Пасля цяжкага працоўнага дня, Андрыян моцна спаў і не чуў, як яна падкралася да яго і пачала распранацца. Пачуў ён толькі яе дотык да сябе і адразу ж схапіўся з ложка штосьці незразумелае выкрыкнуў. Затым ён адшукаў на стале запалкі, каб запаліць лямпу, але яна выбіла запалкі з яго рук і пачала набліжацца да яго, рукамі хапаць яго за шыю, прыціскацца ўсім голым целам да яго. Ён хутка крутануўся і яна адляцела да дзвярэй і моцна грукнулася аб іх. Пачуўшы гэта, да адчыненых ужо дзвярэй прыбег Міхал і пакаёўка. Святло не палілі, бо і так заўважылі ў якім стане знаходзілася Кацярына. Ад яе цягнула моцным напоем і цыгарэтамі…
Андрыян доўга яшчэ варочаўся ў ложку, усё ніяк не мог заснуць. Перад вачыма, у цёмным паўзмроку, стаяла постаць яе, чорнай пантэры, той чорнай гадзюкі, якая праследвала яго ў тым мінулым сне. Перад яго вачыма адразу паўстала постаць ягонай Ганкі, яе чысціня і далікатнасць, яе чалавечыя пачуцці да яго – і ён паглыбіўся ў сон…
І вось яго Ганка перад ім, такая прывабная, прыгожанькая, яе кучаравінкі русявых валасоў абвіваюць яе плечы, звысаюць на яе грудзі, падаюць на яе прыгожанькі лобік, крыху прыўзняты да верху носік. А яна так прыгожанька і павольна адкідвае іх сваёю беленькай ручкаю да верху, каб не заміналі ёй бачыць яго, яго блакітныя вочы, бялявыя валасы, што прыкрылі яго лоб, вушы, павольна шавеляцца ад ветру. Ён хоча дакрануцца да яе, прыцягнуць яе да сябе і моцна – моцна цалаваць яе губы, пяшчотна гладзіць яе цела. Але ў гэты момант штосьці перашкаджае рабіць яму гэтае, трымае яго за рукі і моцна калоціць іх.
Достарыңызбен бөлісу: |