§ 30. Знакі прыпынку ў складана-злучаным сказе.
ПРАВІЛА 9. Злучаныя сказы аддзяляюцца адзін ад другога коскаю, кропкаю з коскай, двукроп’ем, а часам працяжніікам ці трохкроп’ем.
1) Коска ставіцца перад тымі злучнікамі (і, а, або, ці, але, толькі і інш.), якія становяць граматычную сувязь паміж злучанымі сказамі. (Пачынаецца парадак, і ўсе прымаюцца за работу. Пачарнеў на полі сьнег, і на ўзгорках сталі паказвацца чорныя лапінкі. Спачатку гром грымеў, а потым дождж пайшоў. Або пан, або прапаў. Ці паплачаш, ці паскачаш. Сонца яшчэ ня ўзыходзіла, але ўжо павеяла халадком. Уся сямейка сьпіць ды спачывае, толькі матка з вераценцам прытулілась к печы ды прадзе кудзельку).
2) Коска ставіцца паміж злучанымі сказамі і ў тым выпадку, калі граматычнай сувязі (злучнікаў) няма, а сказы мала разьвітыя і цесна зьвязаны паміж сабою сэнсам. (Прыгрэла сонейка, згінуў сьнег, асушылі вятры зямельку. Сонца шчыра разьлівала блеск гарачы і цяпло, поле жыцьцем трапятала, усё сьпявала і цьвіло).
3) Кропка с коскай. Значна пашыраныя (разьвітыя) сказы або ня цесна зьвязаныя сэнсам аддзяляюцца адзін ад другога кропкай з коскай. (На цьвічку павешан начнічок убогі; сумна пазірае месячак двурогі; карагоды зорак угары мігаюць, а ўнізе сьняжынкі срэбрам адліваюць).
4) Двукроп’е. Калі адзін сказ паясьняе другі, або калі прапушчаны паясьняльныя словы (а ўласна, г. значыць, або, дзеля таго) ці супярэчныя або вінавальныя (прычынныя) злучнікі, то паміж такімі сказамі ставіцца двукроп’е. (Перад ім стаяў ня ўбогі: перад ім стаяў гаспадар маёнтку. І на могілках прыбавілася яшчэ адна магілка: гэта пахавалі маленькага Юрку. Я іх ня ваблю сваёю красою: вецер інакшы ім дзьме ў галаве. Не схаваешся, сьнег, ад сонца: усюды яно цябе знойдзе. Над калыскай матка ночку каратае: хворага сыночка цешыць, забаўляе).
5) Працяжнік. Калі ў злучаных сказах выражаецца нешта такое, што адбываецца скора, адно па другім, або калі прапушчана слова ці нават некалькі слоў, то ставіцца працяжнік. (Толькі першыя пеўні прапяялі,—як чую—нехта едзе на маю атаўку. Ня я яму—ён для мяне падмогай быў).
6) Трохкроп’е. Там, дзе мова абрываецца, або не даказваецца, ставіцца недаказ або трохкроп’е. (Эх, каб дачка!.. ня жала-б адна. Ты ўжо ўходзіш, браце, у годы... колькі табе будзе? Рвануў я дзьверы і вырваў... к брату... брата няма).
Практыкаваньне 9. Сьпісаць і заўважыць знакі прыпынку ў складана-злучаным сказе.
Ластаўка дзень пачынае, а салавей канчае. Сонца паліць што раз гарачэй; пажоўклі маладыя каласкі; пажоўкла зялёная саломінка. Тут рэчка пад бокам, і процьма ў ёй рыбы. Слухаюць людзі, і сэрца іх млее. Падышоў паляўнічы да ямы і бачыць—у вадным кутку скрыпач, а ў другім воўк. І такая ў іх музыка пайшла; скрыпач грае, воўк вые, а другія ваўкі з лесу сабе голас падаюць. Плача зіма, льлюцца яе халодныя каламутныя сьлёзы. Падымуцца хмаркі ўночы, павее вецер з халоднага боку, і назаўтра выпадзе сьнег. Варушыцца рака, падымаюцца яе грудзі, трасе яны сваімі дужымі плячмі, і лёд покае, трашчыць. Ціха і плаўна коцяцца воды вольнага Нёмна ў ціхую даль, толькі ў часе глухой непагоды з берагу Нёман ня выйдзе амаль. Ці саву аб пень, ці пень аб саву—усё саве бяда. Атаўка—сену прыбаўка, да ня ўмеў скасіць Саўка. Вось на сьвеце як бывае: хто працуе, той і мае. Ня страшыць сьцюжай там зіма, ні злых марозаў там няма, а краскі вечна там растуць, у гаях птушкі там пяюць. Ажывіўся замак хмуры: усюды блеск, гараць агні. Надумаліся мы каня прадаваць: ціхават быў і дыхавіца прычапілася. Пішчыць дзесь чайка на балоце; пліска трасе хвастом на плоце; турчыць працяжна жабін хор і дзеці рвуцца з хат на двор. Буйным жыцьцём усё чыста кіпела; слава далёка за мора ішла; ворага кожны за плечы браў сьмела; цемра чужынцаў ня страшна была. Хлопцы папрасілі пабудзіць іх заўтра да сонца: яны надумаліся пайсьці ў грыбы. Яшчэ сонца было нізка, а ў хлопцаў былі ўжо поўныя кошыкі баравікоў. Тут было глыбока, і вада мела цёмны колер ад гэтай глыбіні. Кінуліся першыя буйныя каплі, і дождж паліўся, як з вядра.
Практыкаваньне 10. Сьпісаць і заўважыць знакі прыпынку ў злучаным сказе.
Прачнуліся нівы і хаты; уся ў полі людзкая сямейка; за сошкай шнуруе араты; ля статку іграе жалейка. Знаць, сіла ў сяўца не малая: захоча—і сьвет пераверне. З студні вада па рыштоках праводзіцца на поле, і бясплодная пустыня ажывае ўраджаем. Суша і вада зусім не падобны да сябе: па зямлі можна хадзіць, а ў вадзе мы тонем. Неба зацягнулася лёгкімі хмарамі, як кудзеляю, але было ціха і цёпла, як часта трапляецца ў харошую веснавую ноч. Нікла жыцьце ў лесе шумным, агаляўся твар зямлі, і ляцелі з крыкам сумным над балотам жураўлі. Доўга ня мог заснуць Міхаська: заўтра рана выбіраецца ён у дарогу. Паветра мы ня бачым, але яно абкружае нас з усіх бакоў. Калі мы пабяжым, паветра ўдарае нам у твар, і тады мы яго чуем. Над калыскай матка ночку каратае: хворага сыночка цешыць, забаўляе. Пачарнела кола, і даўно мохам чорным абрасло яно. Кінь толькі вокам да гэтага люду—сьцісьнецца сэрца ад болю: столькі пабачыш ты гора усюды, столькі нуды без патолі! Шмат у нашым жыцьці ёсьць дарог, а вядуць яны ўсе да магілы. Ярка на камінку смольны корч палае; бацька на калодцы лапаць выплятае; латае халацік на зуслоне матка: у школку заўтра пойдзе іх сынок Ігнатка. Пасьціхалі птушак сьпевы; паскідалі лісьця дрэвы; зьніклі кветкі на палёх; пахавалісь людзі ў хаты; сумна лес глядзіць кашлаты; жоўты ліст увесь палёг. На камінку корч палае; злотам іскры скачуць; за ваконцам вецер ходзіць; глуха вербы плачуць; сьнегам вецер сыпле ў дзьверы; ходзіць шум па лесе. Гасьне корчык на камінку; пацямнела ў хаце; поўнач пеўні пракрычалі, да ня сьпіць ўсё маці. Пакарочалі цёплыя летнія дзянькі; перастала грэць яснае сонейка; не падымаецца яно высока над зямлёю; яго косы ня сьвецяць ужо так ясна; яны ня грэюць і ня песьцяць ужо маткі-зямлі. Пачаліся прымаразкі; ліст на дрэвах пажоўк і асыпаўся; згінулі кветкі, што ўбіралі поле і луг; ня шастаюць у траве конікі, ня гудуць пчолкі, “не таўкуць куцьці” камары і мошкі.
Задачка 5-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, коску або кропку з коскай.
Лес гудзе дрыжаць галіны стогне бор хваёвы глуха стогнуць верхавіны гнуць свае галовы. Жарыць сонца бяз літосьці варам пыша ад палёў трэцца жыта ў пыл на просьце зерня сыплецца далоў. Кончана работа сярпа пачынаюць капаць бульбу. Нахмурылася неба веюць халодныя вятры сыплецца дробны дожджык. Вымерзьлі лужынкі высахла гразь халодная кара лёду крэпка лягла на рэкі і азёры. Белыя валокны сьцелюцца над домам не сьпяваюць птушкі сьціхнуў лесу шолам. Сьвішчуць птушкі над балотам аж гамоніць лес і гай. Над балотам стогнуць кнігі жураўлі ўгары крычаць. Ціха Нёман калыхаўся у высокіх берагох дуб магучы адбіваўся ў яго дробных грабянёх. Сонца шчыра разьлівала блеск прыветны і цяпло поле жыцьцем трапятала ўсё сьпявала і цьвіло. На цьвічку павешан начнічок убогі смутна пазірае месячык двурогі карагоды зорак угары мігаюць а ўнізе сьняжынкі срэбрам адліваюць. Зусім састарэўся дзед: ногі яго ня ходзяць вочы ня бачаць вушы ня чуюць зубы павыкідаліся. Недалёка ад вёскі ёсьць могілкі. Канавы навокала іх зарасьлі травою сівыя драўляныя крыжы пахіліліся і гніюць каменныя прыклады парассованы з магіл толькі некалькі дрэвак кідаюць цень на зямлю. Увесну прырода зноў ажывае: растае сьнег распускаюцца дрэвы зацьвітаюць кветкі пяюць птушкі гудуць пчолкі лётаюць матылькі зьвіняць камары. На камінку корч палае злотам іскры скачуць за ваконцам вецер ходзіць глуха вербы плачуць. Зазьвінелі званочкі затупацелі коні пранёсься крык. Прачнуліся нівы і хаты уся ў полі людзкая сямейка за сошкай шнуруе араты ля статку іграе жалейка. Сьвет цэлы зіяе каберцам шум некі ад пушчаў нясецца з грудзей як ня выскачыць сэрца душа кудысь рвецца ўсё рвецца. Ярка сьвеціць сонца ліст не скалыхнецца горача бясконца пот на землю льлецца.
Задачка 6-ая. Сьпісаць і паставіць знакі прыпынку, якія трэба.
Абы бяда а шыя будзе. Бяда бяду вядзе а трэцяя паганяе. Глядзець—вялік а малы лік. Сьвет вялік а ў сьвеце—людзі. Хоць усім братом ня вельмі соладка жылося але меншаму брату выпала самая горшая доля. Затупацелі на гумнах цапы гэта людзі малоцяць збожжа. На могілках прыбавілася яшчэ адна магілка гэта пахавалі маленькага Юрку. Тут ня гандаль тут ня крама няма дзёгцю няма солі. Кінуў ён гульню з сябрамі трэба дбаць на хату. Вось мы цяпер якія ў школу вучыцца ходзім. Над калыскай матка ночку каратае хворага сыночка цешыць забаўляе. Расьліна зрабіла сваю летнюю работу выгадавала насеньне і раскідала яго па зямлі. Нават вольнае паветра служыць чалавеку вецер круціць крыльля ў ветраку і надзімае парусы на караблёх. Чалавек працуе сам і прымусіў працаваць на сваю карысьць жывёлу конь яму возіць і арэ сабака вартуе дом. На могілках нешта плакала гэта пугач сьвістаў у гнілой капліцы. Вось на сьвеце як бывае хто працуе той і мае.
§ 31. Знакі прыпынку ў складана-залежных сказах.
ПРАВІЛА 10. 1) Залежны сказ аддзяляецца ад свайго асноўнага сказу коскай. (Ня шукайце кветак у полі, калі вясна к нам ня прышла. Кожнае стварэньне прызвычаена да таго жыцьця, якім яно жыве, і да таго месца, дзе яно жыве).
2) Калі залежны сказ стаіць у сярэдзіне асноўнага, то ён выдзяляецца коскамі з абодвух бакоў (Сад, што быў чорны, ужо распусьціўся. Гай, што быў цёмны, зазелянеўся).
3) Сузалежныя сказы аддзяляюцца адзін ад другога, як у злучным сказе: 1) коскаю, калі сказы кароткія, і 2) кропкай з коскай, калі сказы значна пашыраныя (разьвітыя) або маюць пры сабе залежны сказ. (Будзеш ты чытаць нам—цёмным няўмекам, што там у кнігах пішуць, што мы ў сьвеце значым, бо мы самі цёмны, сьвету мы ня ўбачым. Калі асеньнія навіны зьмянілі сад, калі з бяроз рваў лісьця вецер, а мароз, наліўшы ягады рабіны, траву губіў; калі патроху чырванелі чаромха, ліпа, стройны клён, а гнёзды змрочныя варон між голага гальля чарнелі, і грозны вечару пажар палаў між бура-сівых хмар; калі асеньні вецер дзіка стагнаў і глуха па начах грымеў у наш залезны дах,—тады да лета Вераніка ад нас зьнікала ў інстытут. М. Багд.).
4) Калі прапускаецца прычынны ці параўнальны злучнік, то звычайна ставіцца двукроп’е. (Горш, калі баішся: і ліха ня мінеш, і надрыжышся); а калі прапускаецца ўмоўны злучнік, то ставіцца працяжнік. (Лета праляжыш—зімою з торбай пабяжыш. Ня хочаш з моладасьці працаваць—будзеш пад старасьць з торбай танцаваць).
Практыкаваньне 11. Сьпісаць і заўважыць знакі прыпынку ў складана-залежным сказе.
Люблю пазіраць я на поле вясной, як ветрык жартлівы плыве збажыной. Люблю я дарогі, што леглі між гор, і грушы старыя, што ў жыце шумяць. Што сёньня зробіш, таго заўтра ня будзеш рабіць. Тады, госьць, бывай у мяне, калі поўна ў гумне. Моцна сьпіць шырокая рака: глядзіш на яе—і здаецца, што яна мёртвая. А крыгі, як дзікія зьверы, злосна скрыгічуць, як ворагі людзкога шчасьця. Як сьнег растае, як сонейка пойдзе ўгару, то лічы, скора папрылятае “вырай” з-за мора; а як абсохне зямля, ды спадуць рэчкі, пойдуць у поле цёлкі і авечкі; і кожны весел, лёгкі, як пташка, хоць усякі працуе, як тая мурашка. Улетку вятры, што веюць над сушай, робяцца цёплыя. Край неба, дзе зайшло сонца, блішчаў шырокаю чырвонаю стужкаю. Весела пазіраў стары лес, што рос за сялом ды цягнуўся па краёх поля. Мёд носяць рабочыя пчолы, каторых у вульлі вельмі многа. Мы ня прывыклі бачыць тае карысьці, якую прыносяць нам птушкі. Ёсьць на сьвеце бязводныя пустыні, дзе не растуць ні травы, ні дрэвы. За хатай поле пачыналася, дзе жыта хораша гайдалася, і рос ячмень, авёс і грэчка. На зямлі ёсьць суша, на якой стаяць будынкі, растуць дрэвы, засяваюцца нівы, пасецца статак і іншае. Ёсьць такія месцы на поўдні, дзе зіма лічыцца самай прыемнай парою году. Я ня знаю, чым я так прыкуты да тваіх, мой родны краю, вобразаў пакуты. Няхай плачам ў сіняй далі песьня разальлецца, каб ўсе людзі ў сьвеце зналі, як нам тут жывецца! Глядзела Анелька, як бацька поўнымі жменямі рассыпаў па полі дробныя зярняткі. Людзі любяць птушак за тое, што яны прыгожыя. Прачнуліся пчолкі ад зімовага сну і бачаць, што сонейка сьвеціць, што ўсюды ўжо цёпла. Дзед расказаў нам, што пчаліны рой складаецца з маткі, трутняў і рабочых пчол. Лёгка вытлумачыць сабе, чаму на марозе залезныя рэчы здаюцца халаднейшымі, а дзеравяныя, скураныя і суконныя—цяплейшымі. Зразумела, чаму на сякеру робяць дзеравянае тапарышча, а не залезнае. Таксама зразумела, чаму ўлетку мокрыя дошкі хутчэй сохнуць пад залезным дахам, чымсі пад страхою. Як лёгкі дым, як лёгкі пар, расталі ў небе кучы хмар. Там, дзе расьце шмат лесу, чалавек талянтуе лесам. На дварэ было цёмна, як у скляпеньні. Сошку сваю ты нанова наладзь, лепш каб было, чалавеча, араць. Добра глядзі, каб агрэху ня даць; усё, як належыць, на полі урадзь. Мурашнік робіцца так, што дае прыпынак і схованку мурашкам і ад холаду, і ад дажджу, і ад сьпякоты. Чыста ад пырніку поле апратай, бо калі ў пырнік зерня пасееш—з працы свае карыстаць не здалееш. Зарадзіў званец—хлебу канец. Каб ня ежка ды не адзежка, дык была-б грошай дзежка. Зарадзіла мятліца—хлебу палавіца.
Задачка 7-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, коску.
Бяда што ня п’ецца вада. Усё забыта што зямлёю пакрыта. Галасок як тоненькі валасок. Гол як сакол. Дурная тая дамова дзе вала бадзе карова. І без папа ведама што ў нядзелю сьвята. Калі ўмалотна дык і завозна. Мы з табою як рыба з вадою. Глухі не дачуе дык прыложыць. Настрашыў мех дык і торба страшна. На тое і шчука ў моры каб карась не драмаў. Не бяда што чорна абы была праворна. Няма тэй хаткі каб ня было звадкі. Ня так шкода як нявыгода. Ня там траціш дзе купляеш а там дзе прадаеш. Рыба шукае дзе глыбей а чалавек дзе ляпей. Рынуў прымаўкай як гразьзю ў вочы. Цьвіце як макаўка. Цёмная ночка цягнецца доўга як год. Цесна зьбілісь нашы хаты як авечкі ў летні жар. Крыж пахінуўся як кветка ў буру. Пчала ляціць проста на тую кветку якая ёй патрэбна. Свае бяды нікому не кажы бо добры зьлякнецца а злы пасьмяецца. Кожнае каліва жыта зялёны каласок выпускае ды становіцца паважным бо яно пачувае што трымае вялікі скарб для людзей. З печы вымаюць гатовы хлеб які можна есьці як толькі крыху астыне. Шмат трэба часу і працы каб мець бохан хлеба. У моры жыве шмат усялякае рыбы якая ў нас не вядзецца. Варочаюцца птушкі ў родны край дзе летась пакінулі свае гнязьдзечкі. Ціха было на сэрцы як ціха была сама цёмная ночка. Жаль прападаў як прападае туман з усходам сонца. Чалавек разумее што яму кажуць. Чалавека разумеюць другія людзі бо чалавек мае дар слова. Чалавек можа ўявіць сабе тыя рэчы якіх няма перад вачыма. Было відаць што не на пажытак пазьбіраліся тут птушкі а дзеля якойсь іншай справы. Сьнег блішчаў як халодная сталь. Бяда як дуда: пачнеш дуць дык сьлёзы набягуць.
§ 32. Знакі прыпынку пры адасобленых часьцінах сказу.
ПРАВІЛА 11. 1) Калі дзеяпрыметнік-азначэньне з паясьняльным словам ці з некалькімі паясьняльнымі словамі стане пасьля таго слова, да якога адносіцца, то аддзяляецца коскаю, напр.: Зноў на полі рунее збажынка, абуджаная сонцам.
Калі такое дзеяпрыметнае выражэньне стане перад тым словам, да якога адносіцца, то коскаю не выдзяляецца, напр.: “Адны толькі парыжэлыя ад сонца стагі стаялі па грудочках”. Калі выражэньне “парыжэлыя ад сонца” паставім пасьля слова “стагі”, то яно выдзяляецца коскамі, напр.: Адны толькі стагі, парыжэлыя ад сонца, стаялі па грудочках.
2) Але калі ў такіх разох перад дзеяпрыметнікамі ці прыметнікамі з паясьняльнымі словамі можна паставіць дзеяпрыслоўі “будучы” ці “быўшы”, то такія выражэньні аддзяляюцца ад свайго азначальнага слова коскай; напр.: Зруйнованы (будучы зруйнованы) вайною, багаты край асірацеў. Поўны новых сіл і сьветлых надзей, я сьмела ішоў наперад.
3) Дзеяпрыслоўе з усімі словамі, што да яго адносяцца, заўсёды выдзяляецца коскамі. (Зябнуць вербы на марозе, прытуліўшыся к страсе. Вераценца, з рук упаўшы, грукне).
4) Адно дзеяпрыслоўе, калі стаіць у пачатку або ў сярэдзіне сказу, таксама аддзяляецца коскаю. (Пад дуб, рохкаючы, падбегла лапавухая сьвіньня. У хворага пытаюць, а здароваму, ня пытаўшы, даюць. Воўк, не выбіраючы, душыць авечкі. Сядзеўшы, нічога ня высядзіш).
5) Але калі адно дзеяпрыслоўе (бяз паясьняльных слоў) стане ў канцы сказу, то коскаю не аддзяляецца, напр.: Ой пайду я гукаючы. Ён пайшоў не разьвітаўшыся.
6) Адасобленыя часьціны сказу, выражаныя дапаўненьнямі з прыназоўнікамі, разам з залежнымі ад іх словамі ці без залежных слоў, аддзяляюцца коскамі, напр.: Тоўсты мужчына, бяз шубы і шапкі, хадзіў па тратуары. Мы, пад уплывам вашых слоў, адмовіліся ад падарожжа ў горы.
Практыкаваньне 12. Сьпісаць ды адасобленыя часьціны сказу падчыркнуць.
Тоўстыя, аброслыя мохам старыя хвоі гарэлі, як сьвечкі. Хто з вас ня бачыў круглых кучак мурашніку, падобных да горкі зямлі, насыпанай наўмысьля з жоўценькага пясочку? Як толькі праходзілі гэтыя, няведама адкуль нахлынутыя думкі, Тадора зноў бралася за сваю работу. Цякла тут з лесу невялічка, травой зарослая крынічка, абодва берагі каторай лазьняк, алешнік абступалі. Густой апрануты ліствой, штось шэпчуць вербы між сабой. На лёдзе паказаліся палонкі, прагрэтыя сонцам. Шмат вады цячэ па рытвах, прамытых у зямлі. Шмат вады цячэ па прамытых у зямлі рытвах. Асачыўшы, дзе асталяваліся ваўчаняты з аблеткам, лясьнік загадаў зрабіць аблаву. Зірнуўшы на мурашнік, можна падумаць, што мурашкі бегаюць, поўзаюць, кішаць бяз ніякага парадку. Гальлё спусьціўшы над парканам, расла тут грушка з тонкім станам, а каля хаты у садочку, схіліўшысь ціхенька ў куточку, стаялі вербы дзьве старыя. Даганяючы, не нацалуешся. Зваліўшыся з высакосьці, часам паломіш сабе косьці. Ня шукаючы, ня знойдзеш. Апусьціўшы нізка стройны валасок, ные сірацінка, плача каласок. Вышаўшы з душнае школы на прывольле, на прастор, дзеці весела бегалі, крычалі, даганялі адно аднаго. Хто з вас, гуляючы, не ўзьбягаў на круглыя горкі мурашнікаў, каб толькі пацешыць сябе? Разварачаючы мурашнік, вы не падумалі нават, якую бяду робіце мурашкам. Не пастаяўшы ў парозе, ня будзеш сядзець і ў куце. Баючыся воўка, і ў лес не хадзіць. Ня згубіўшы, нечага шукаць. Пагнаўшыся за двума зайцамі, ніводнага ня зловіш. Пытаючыся, дапытаешся. Чужое бяручы, сваё гатуй. Каля вады ходзячы, абмочышся. Паволі едучы, далей будзеш. Па балоце чайка, ходзячы, рагоча.
Задачка 8-ая. Перанесьці набраныя простым шрыфтам даданыя часьціны сказу ў другое месца гэтак, каб яны сталі адасобленымі часьцінамі.
Адны толькі парыжэлыя ад сонца стагі стаялі па грудочках. Тоўстыя, аброслыя мохам старыя хвоі гарэлі, як сьвечкі. На лёдзе паказаліся прагрэтыя сонцам палонкі. Шмат вады цячэ па прамытых у зямлі рытвах. Я ўстаў з-за стала не пад’еўшы. Брат лёг спаць не распрануўшыся. Я купіў гэты стол не таргуючыся. Дзеці доўга не маглі заснуць пад уплывам страшных казак. Мы прышлі дадому мокрыя і галодныя. Ён паглядзеў на мяне заплаканымі ад жалю вачыма. Ты пабудуеш сабе новы дзеравяны дом. Воўк душыць авечкі не выбіраючы. Набытая працаю капейка пераважыць лёгкі заработак. Выратаваны з гразі конь і лужыны баіцца. Ад жалю па дзецях маці зусім захварэла. Чарнелі затопленыя да самых стрэх сялянскія хаткі. Пад уплывам вашых слоў мы пабаяліся ісьці ў лес.
Практыкаваньне 13. Сьпісаць звычайнымі радкамі наступны верш:
Нёман.
Льлецца Нёман паміж гораў,
Сьветлы, чысты, як з расы,
Накапаў ён ям і нораў,
Гоніць воду праз лясы.
Гэй ты, Нёман, наша рэка!
Поіш ты і корміш нас,
Бедну чайку чалавека
Ты з сабой насіў ня раз.
А вясною на прасторы
Дуб стары сярдзіта гнаў,
І насіў ты крыгаў горы,
Луг і поле затапляў.
Разьліваўся па ракітах,
Занімаў і лес, і гай;
Доўгавязы плыт за плытам
Носіш ты ў далёкі край.
Колькі раз рыбацкі човен
На грудзёх тваіх гуляў!
Гэй ты, Нёман, быстры Нёман,
Колькі дум ты мне нагнаў!
Чуў ты смутак горкай долі
Свайго сына мужыка,
Чуў ня раз у чыстым полі
Плач і сьлёзы бедака.
У ціхі вечар над табою
Дудка плакала ня раз,
І кацілася сьлязою
Песьня ў раньні летні час.
А на беразе, пад дубам,
Ў ночку цёмную рыбак
Спаў ня раз пад мокрым лубам,
Гнуўся з холаду бядак.
А у боры вецер кветку
Да грудзей тваіх схіляў;
І ў табе касец улетку
Пот крывавы абмываў.
Над табою месяц круглы
Ў ясным небе ціха плыў,
І з табой высокі, смуглы
Лес ціхутка гаманіў.
Перарэзаў край ты родны
Беларуса-бедака...
О, наш чысты, наш слабодны,
Нёман, быстрая рака!
Ты цячэш далёка—знаю:
Ў землю Літвы і нямцоў...
Раскажы-ж чужому краю
Пра жыцьцё тваіх сыноў!
Я. Колас.
§ 33. Знакі прыпынку пры пабочным сказе.
ПРАВІЛА 12. 1) Пабочны сказ выдзяляецца коскамі, калі ня вельмі пашыраны. (Там, здавалася яму, павінна быць дарога да роднае вёскі).
2) Працяжнікамі або дужкамі, калі пабочны сказ сустаўны па форме або на яго зварочваецца асаблівая ўвага. (Раз пад вечар—гэта было ў нядзелю, калі шмат народу сядзела на прызбах—ішоў Антось з места. На ўсю нашую вёску (а вёска хат трыццаць) ня было набожнейшага чалавека за Пранука Агорчыка).
Практыкаваньне 14. Сьпісаць і пабочныя сказы падчыркнуць.
Стары, кажуць, змуста, да без яго ў хаце пуста. Змораны і сярдзіты—бо шмат сена не ўхапілі—вярнуўся я дадому. Беларускія пляменьні (крывічы, дрыгвічы і радзімічы) здаўна жывуць на сваёй зямлі. Не сьцярпеў (грэшны я чалавек!)—узлаваўся. Налева зноў двор пачынаўся (ён з першым дворыкам стыкаўся) ды ў сад сьцяною ўпіраўся. Зімою, напрыклад, у вялікі мароз, на акне (адно яно было ў нас) такія бывалі прыгожыя кветкі, што так і глядзеў-бы на іх. Давялося ўдаве-каршунісе (мужа нядаўна на сьметніку забілі: надта ўжо з курыцай завёўся) дачку замуж аддаваць. Нават агульны выгляд яго (дубка) твару (бо і дрэва мае свой твар) меў характар цікавай асобнасьці. Ён пакрашае скрозь (даволі ёсьць знароўкі) свае шматхварбныя застаўкі і канцоўкі. Так мора—у Гданску я чуваў—прымчыць вадой бутэльку, аблітую смалою. Дзеткі, кажа, мае мілы: я ўжо блізак да магілы. Калі ты ідзеш з сахою, з возам ці з сяўнёю, не кажы ідучы з дому “дабрыдзень” нікому, а другое—знай, ці чуеш?—як арэш ці барануеш ды дадому ўжо адходзіш—абгарадзіць не пашкодзіць. А нарэшце—помні гэта!—ці то восень, вясна, лета ці зіма, каб круглым годам табе яда была з мёдам. Расказаўшы гэта сыну, бацька ў тую-жа часіну (так казалі ўсе аб гэтым) і растаўся з белым сьветам. Венцер новы— маеш час—залатай. Два браты (аднаму было сем год, а другому—дзевяць) папрасілі сваю матку пабудзіць іх заўтра рана, каб да сонца зайсьці ў лес: яны надумаліся пайсьці ў грыбы. Ня ведаю, коце (гэтак мама называла мяне заўсёды), ці ўсё тут праўда напісана. Чыста ад пырніку поле апратай—поле тваё гэтым зельлем багата,—бо калі ў пырнік зерня пасееш, з працы свае карыстаць не здалееш. Ляжыць дуб-дзядуля на сваім месцы (сукі толькі паабсякалі), а з-пад яго вырасьлі тры тоненькія гладкія дубочкі. З кап’ём (дзідаю) славянін сьмела ішоў на вядзьмедзя, дзіка і лася. Пакланяліся нашыя продкі сонцу (Дажбогу), грому (Пяруну), порам году: вясьне, лету, восені і зіме (Лёлі, Цёці, Жыценю і Зюзі). Багіню лета—Цёцю—старавечны беларусін уяўляў у постаці прыгожай жанчыны, прыбранай сьпелым калосьсем. Зайчыкі страпянуліся— яны, мабыць, былі мокрыя ад расы—паднялі вушкі ды пабеглі ў хвайнячок. Выходзячы на вуліцу (іх усяго пяць; найбольшая ўпіраецца ў мост цераз Нёман), я заўсёды натыкаўся на такую сцэну: Заіка стаяў перад пастаўленымі ў рад дзяцьмі ды муштраваў іх пасалдацку.
§ 34. Знакі прыпынку пры чужаслоўі.
ПРАВІЛА 13. Двукосьсе або чужаслоўе. Чужаслоўе можа стаяць перад словамі аўтара, пасьля слоў аўтара, і словы аўтара могуць стаяць паміж аднаго таго самага чужаслоўя. Подлуг гэтага яно выдзяляецца знакамі прыпынку так:
1) Калі чужаслоўе стане перад словамі аўтара, то яно бярэцца ў двукосьсе, а посьле яго ставіцца коска, клічнік або пытальнік у залежнасьці ад характару сказу, прычым, словы аўтара пачынаюцца заўсёды з малой літары, не зважаючы на папярэдні знак (“Будзь паслушна ты, дачушка!” навучае маці. “Птушкі—нашыя прыяцелі”, сказаў настаўнік. “Хто там?” спытаў гаспадар, зірнуўшы ў акно).
2) Калі чужаслоўе стаіць пасьля слоў аўтара, то перад ім ставіцца двукроп’е, само чужаслоўе пачынаецца з вялікай літары ды замыкаецца ў двукосьсе, а пасьля яго можа стаяць клічнік, пытальнік, пункт або трохкроп’е, калі мова ня скончана. (Папалася лісіца ў пастку ды кажа: “Яшчэ ня позна, а давядзецца начаваць тут”. Гаспадар глянуў у вакно ды спытаў: “Хто там?” Прышоў воўк да каваля ў кузьню ды кажа: “Перакуй, каваль, мой язык на ягнячы!” Малая Гандзя супакойвала Васілька ды казала яму: “Ня плач!.. Я кашкі звару... Ну, ну, годзі!..”).
3) а) Калі словы аўтара стаяць паміж аднаго таго самага чужаслоўя, то яны, як пабочныя словы, выдзяляюцца коскамі, а чужаслоўе замыкаецца ў двукосьсе з адпаведным знакам у канцы (“Гэта толькі ніткі”, падумала Анелька, ”а дзе-ж кашулька?”).
б) Словы аўтара могуць выдзяляцца працяжнікамі, калі яны перадаюцца ў цяперашнім часе. (“Я—кажа адна капелька—была потам працавітага селяніна”.—“Я была сьлязою мацеры”—кажа другая).
в) Калі словы аўтара разьдзяляюць цэлыя сказы аднаго і таго чужаслоўя або адлучаюць зваротак ад рэшты сказу, то ў канцы першай часьці чужаслоўя можа стаяць клічнік, пытальнік або коска, а перад другою часьцю ставіцца двукроп’е, часьці-ж чужаслоўя замыкаюцца ў двукосьсе як з аднаго, так і з другога боку. (“Ведаеш, брат, што?” сказаў Ясь свайму сябру Алесю: “Давай пашукаем грыбоў”.—“Ну, не, брат, дудкі!” падумаў Міхась: дурэць то я ня буду, а вот старацца, дык буду”.—“Тата!” спытаў маленькі Міхась ў бацькі: “а ці страшна ў лесе?”).
4) Калі два розных чужаслоўі на пісьме стыкаюцца паміж сабою, то паміж імі, апроча звычайных знакаў, ставіцца яшчэ працяжнік для большай выразнасьці (бач. прыклады 3, в).
5) Калі прыводзіцца размова некалькіх асоб і не паясьняецца, да каго належаць словы, то заместа двукосься ставіцца працяжнік. (—Паіў ты каня?—Паіў.—А чаму-ж морда сухая?—Бо вады не дастаў.—Тадорка! ці ты прадзеш?—Праду.—А дзе-ж тваё верацяно?—Віры яго ведаюць!).
Увага. У друку чужаслоўе найчасьцей пачынаецца кожны раз з новага радка ды выдзяляецца працяжнікамі або такімі значкамі “ ”.
Практыкаваньне 15. Сьпісаць і заўважыць знакі прыпынку пры чужаслоўі.
Сеў стары Рыдан на залаты пасад ды кажа сыну: “Прылажы, сынку, вуха да зямлі ды паслухай, ці бяжыць Дняпро”. Прылажыў Сож вуха да зямлі ды кажа: “Бегма бяжыць і не стаміўся яшчэ”.—“Бадай нам, дзеткі, сьлязьмі разьліцца!” сказаў з жалю стары Рыдан. “Дзякуй, дзякуй!” сказаў шэры ды пацягся без вячэры. “Ну, Алесь брат!” за абедам кажа бацька сыну: “годзі бегаць дармаедам, красьці садавіну”.—“Дабрыдзень вам, ягамосьці!—Дабрыдзень. Сядайце!—“Ну, матулька, будзь здарова!” сказала Наста ды вышла з хаты. “Нашто гэта, тата, рассыпаеш зерняткі?” пыталася малая Анелька ў бацькі, каторы сеяў лён. “Прыгожая табе будзе кашулька!” сказаў ёй бацька. “Гэй, мой конік, гэй сівенькі!” носіцца па полі. Праз два тыдні поле пакрылася зялёнай шаўковай травіцай, а малая Анелька падумала: “Каб гэта мне такую харошую зялёную кашульку!” Паківаў дзед галавою ды кажа: “Сынку! робіш ты ня тое”. “Кінь камень!” сказаў настаўнік вучню. Вучань кінуў камень. “Ну, а цяпер ты скажы мне”, спытаў настаўнік: “за што ты хацеў забіць птушачку?” “Гарыць лес!” з трывогаю сказаў лясьнік, вышаўшы на двор і панюхаўшы паветра. “Скажы мне, дубе!” сказала чароціна: “чаму ты ня гнешся ад буры?” “Я раскажу табе, сынку”, сказаў татулька, “які страх наганяе леў, як выходзіць уночы шукаць сабе пажывы”. “Вазьмі мяне, Кася, за сынка!” кажа раз малы Цішка сваёй замужняй сястры. Кася засьмяялася ды пытае: „А мамы табе шкода ня будзе?” На казаньне бацькі адказаў Ігнатка: “Буду я вучыцца, як ты кажаш, татка”. “Што-ж?” падумаў я сам сабе: “вучыцца, дык вучыцца!” “Глядзі-ж, сынку!” сказаў татулька: “слухай настаўніка, бо нявучоны ўсё роўна, як сьляпы”. “Дзяўчынка, чыя ты?” бедны тут пытае. “Дзядзіна я доля”, тая адмаўляе. Пытаецца воўк у сабакі: “Скажы, сабака: адкуль вы сабе яду бераце?”—“Людзі нам даюць”, адказаў сабака. “Мусіць, вы цяжкую службу людзям служыце?” зноў пытае воўк. “Не, наша служба ня цяжкая: наша дзела ўночы двор вартаваць”. Сёстры плачуць горка, буйнымі сьлязамі: “Ой, Рыгор, Грыгорка! што зрабіў ты з намі?” Пастух-аўчар скруціў дудачку з каліны ды грае: “Ой памалу, памалу, пастушок, іграй, майго сэрцайка не ўражай!”—“Што ты робіш?” спытаў бацька ў сына. “Скрыпачку”, адказаў сын. “Эх, брат!” кажа адзін зайчык другому: “ёсьць-жа на сьвеце стварэньні, што і нас баяцца”. “Памажы мне, кумка, ячмень зьвязаць!” “Калі-ж, кумка, жыбулькі надта колюцца”.—“Дай мне, кумка, мукі на аладкі!”—“Пайшла я, кумка, па муку, а жыбулька за руку”. Угледзіў казёл лісіцу ў калодзежы ды пытае: “А што ты там, кумка, робіш?”—“Сапачываю, кумок”, салодка адказала лісіца. Што просіце, дзядзька, за гэтую карову?—Я яе і за тысячу не аддам.—Чаму?—Бо яна не мая, а вунь таго гаспадара, што каля крамы стаіць.
— Тата, я злавіў мядзьведзя!
— Дык вядзі яго сюды.
— Калі-ж ня ідзе!
— Дык дзяржы яго.
— Калі-ж ня дзержыцца!
— Дык пусьці яго.
— Калі-ж ня пускаецца!
Задачка 9-ая. Сьпісаць і паставіць знакі прыпынку.
Вязала жанчына на полі ячмень. Надышла хмара, стала грымець. Бачыць яна, што да дажджу адна ня ўправіцца. Паклічу куму думала яна. А кума ўжо ўправілася з сваёю работай ды ішла дадому. Памажы мне, галубка, зьвязаць ячмень папрасіла яна. Калі-ж, кумка, жыбулькі надта колюцца адказала кума. А ўзімку прыходзіць яна да кумы ды кажа. Дай мне, кумка, мукі на аладкі! Прышла, кумка, па муку, а жыбулька—за руку адказала тая.
Угледзіла Анелька, як бацька сеяў лён ды спыталася. Нашто гэта, тата, рассыпаеш зерняткі. Сею лён, каб вырасла табе кашулька адказаў бацька. Задумалася Анелька бо ніколі ня бачыла каб кашулі ў полі расьлі. Праз два тыдні поле пакрылася зялёнай шаўковай травіцай, а Анелька падумала. Каб гэта мне такую харошую зялёную кашульку! Потым дзяўчаты прыходзілі два разы палоць лён і кожны раз казалі Анельцы Прыгожая будзе табе кашулька! Ніва лёну пакрылася харошанькімі сіненькімі красачкамі. Анелька падумала У нашага Грышкі такія сіненькія вочкі але гэтакіх кашулек я ня бачыла.
Паіў ты каня Паіў А чаму-ж морда сухая Бо вады не дастаў. Што просіце, дзядзька, за гэтую карову Я яе і за тысячу не аддам Чаму Бо яна не мая а вунь таго гаспадара што каля крамы стаіць. Дабрыдзень вам, ягамосьці Дабрыдзень Сядайце.
Достарыңызбен бөлісу: |