Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)



бет17/32
Дата18.07.2016
өлшемі3.81 Mb.
#207146
1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   ...   32

Андрэй Мрый (1893–1943) – сапраўднае імя Андрэй Антонавіч Ша­шалевіч. Нарадзіўся ў в. Палуж Краснапольскага раёна Магілёўскай воб­ласці ў сям’і валаснога пісара. Вучыўся ў духоўным вучылішчы і семіна­рыі. У 1921–1926 гг. настаўнічаў, пасля стаў членам аб’яднання «Узвыш­ша». У 1934 г. рэпрэсіраваны: асуджаны тройкай АДПУ на 5 год ссылкі. Яго справа перагледжвалася. Паўторна арыштоўваўся ў 1940 г. Смерць загад­кавая: па дарозе з ссылкі дадому памёр ці быў забіты. Сатырык у прозе, аўтар рамана «Запіскі Самсона Самасуя» – сатырычнага рамана-споведзі, напісанага ад імя першай асобы. На прыкладзе галоўнага героя, вобраз яко­га гратэскны, уздымаецца праблема рэнегацтва. Раман у сваім родзе – палі­тычны памфлет на жыццё таталітарнага грамадства, таму даследчыкі назы­валі твор пародыяй на савецкую культуру.

Да творчай спадчыны аўтара належаць нарысы, абразкі, краязнаўчыя працы («Полацкая акруга»). Ёсць апавяданні цыклу «Гратэскная праўда».



Барыс Міхайлавіч Мікуліч (1912–1954) – нарадзіўся 19 жніўня 1912 г. у Бабруйску ў сям’і фельчара. У бацькі была добрая бібліятэка. Пі­саць пачаў з 2 класа, захапляўся футурызмам. Быў членам філіі «Малад­няка». Працаваў у газеце «Лім». У 1936 г. быў рэпрэсіраваны. У красавіку 1949 г. арыштаваны паўторна, высланы ў Сібір. Рэабілітаваны ў 1945 г. Вый­шаўшы з турмы ў 1947–1948 гг. напісаў аповесці «Цяжкая гадзіна», «Зялё­ны луг», «Палеская аповесць», «Гадзюка ў кароне». Аўтару належыць на­вела «Развітанне», раман «Адвечнае» (не скончаны). Аўтарскі дзённік «Апо­весць для сябе» апісвае палітычную і маральную атмасферу ва ўмовах та­талітарнага грамадства. Зборнікі вершаў: «Удар» (1931), «Чорная вірна» (1931), «Яхант» (1935) і інш. Памёр 17 чэрвеня 1954 г.

Янка Нёманскі (1890–1937) – сапраўднае імя Іван Андрэевіч Пят­ровіч. Нарадзіўся 12 красавіка 1890 г. у в. Шчорсы на Навагрудчыне. У 1909 г. закончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. У 1916 г. мабілізаваны пра­паршчыкам у войска. З 1918 г. супрацоўнічае ў газеце «Дзянніца» і вядзе ідэалагічную працу. Творчую дзейнасць пачынаў як празаік (з публіцыс­тыкі). Першы зборнік апавяданняў меў назву «На зломе» (1925). Аўтар апа­вяданняў «Рамэо і Джульета», «Маці», «Зварот», незавершанага рамана «Драпежнікі» (1928–1930) (выступае як пісьменнік-гісторык, стварае шы­рокую панараму сялянскага жыцця). У прозе працягвае тэму рэвалюцыі. Аў­тара варта назваць пісьменнікам прыгодніцкага жанру, псіхолагам шэкспі­раўскага кшталту. У аўтарскіх творах многа пейзажных замалёвак.

Платон Раманавіч Галавач (1903–1937) – нарадзіўся ў в. Пабока­вічы Бабруйскага павета Магілёўскай вобласці. Паходзіў з сялянскага ася­роддзя. Пісаў допісы ў газеты «Беднасць», «Чырвоны сейбіт». Пасля закан­чэння Камуністычнага універсітэта Беларусі імя У.І. Леніна ў 1926 г. выбі­раўся ў ЦК КПСС. Расстраляны 29 кастрычніка 1937 г. Аўтару належыць зборнік «Дробязі жыцця» (1927), аповесці «Вінаваты» (1930) (разглядаюц­ца падзеі канца 1920-х), «Спалох на загонах» (1930), «Яны не пройдуць» (1937) (падзеі грамадзянскай вайны), раман «Праз гады» (1935). Творы востраканфліктныя (чалавек і абставіны).

Сымон Баранавых (1900–1942) – сапраўднае імя Сымон Якаўлевіч Баранаў. Нарадзіўся ў 1900 г. у вёсцы Рудкова Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. Бацькі былі бедныя, малазямельныя. У дакументах выпадкова было зменена яго прозвішча. Спачатку вучыўся на рабфаку, потым – у пе­дагагічным універсітэце ў Мінску. Пісьменніку належыць каля дваццаці апавяданняў і нарысаў. Галоўная тэма творчасці – зямля і ўласнасць. У складаны для сябе перыяд жыцця распрацоўваў тэму калектывізацыі (апо­весць «Межы» (1930). Аўтару належаць аповесці «Чужая зямля» (1930), «Новая дарога» (1936) і інш. Творы пісьменніка (асабліва апавяданні) вост­раканфліктныя, сацыяльныя. Зборнік апавяданняў «Злосць» (1930) закра­нае аспекты сямейнага выхавання, дзе кожны твор уяўляе сабой зрэз з ха­рактару маленькага чалавека. Недахопам зборніка з’яўляецца спрошча­насць у падачы матэрыялу.

Адам Антонавіч Бабарэка (1899–1938) – нарадзіўся ў в. Слабада-Кучынка Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў Мінскую духоў­ную семінарыю (1918). Літаратурны крытык, які ўступаў у супярэчнасць з тагачаснымі парадкамі. Трагедыя яго заключалася ў тым, што аўтар апярэ­дзіў свой час. Яму належыць спроба сістэматызацыі нацыянальнай літара­туры. У 1929 г. выдаў артыкул пра паэму Я. Коласа «Новая зямля». Зай­маўся вывучэннем творчасці З. Бядулі (цікавіла спалучэнне высокага і ніз­кага ў прозе апошняга), У. Дубоўкі (адзначаў наяўнасць акветызму ў яго паэ­зіі) і многіх іншых дзеячаў беларускай літаратуры. У сваіх працах А. Ба­барэка здолеў спалучыць філасафічнасць і антытаталітарную лінію. Арты­кулы: «Паэзія як уяўленне» і «Хто такі Я. Пушча» засталіся ненадрукава­нымі. Літаратурныя працы прысвяціў таксама М. Чароту, М. Багдановічу і інш. Памёр у 1938 г. у лагернай бальніцы.
Тэматыка і праблематыка беларускай драматургіі

пачатку ХХ ст. – да 1930-х гадоў4
Нацыянальная драматургія ў пачатку ХХ ст. ужо была рэальнасцю. Яшчэ з сярэдзіны ХІХ ст. свядомая частка беларускай інтэлігенцыі пачала рабіць настойлівыя захады па стварэнні прафесійнага беларускага тэатра. Адным з першых далучыўся да гэтай справы В. Равінскі, напісаўшы каме­дыю «Шлюб паняволі». А. Вярыга-Дарэўскі стаў аўтарам трох твораў: дра­мы «Гордасць», камедый «Хцівасць» і «Грэх чацвёрты – гнеў». Гісторыка­мі літаратуры і тэатра зафіксаваны факт пастаноўкі ў 1862 г. беларускамоў­най камедыі Г. Марцінкевіча «Адвячорак». Самы істотны ўклад у развіццё беларускай драматургіі дадзенага перыяду ўнёс В.І. Дунін-Марцінкевіч: камедыі «Пінская шляхта», «Залёты» і інш. 9 лютага 1852 г. была пастаў­лена яго камедыя «Сялянка» («Ідылія»). У пачатку 1890-х гадоў Ядвігін Ш. (А. Лявіцкі) напісаў камедыю «Злодзей» (другая назва – «Сваім судом»).

Толькі ў пачатку ХХ ст. тэатральная справа ў Беларусі пачала пасту­пова ўмацоўвацца. Сярод натхніцеляў і арганізатараў гэтай справы значнае месца належала А. Бурбісу, які з’яднаў вакол сябе таленавітую моладзь Вільні. Утварылася драматычная трупа, якую ўзначаліў Ф. Аляхновіч (по­тым трупа пачала называцца Беларускім музычна-драматычным гуртком і працаваць на аматарскай аснове).

Той жа справе служыў і К. Каганец. 21 жніўня 1910 г. у народным доме г. Дзісны трупай І. Буйніцкага была паказана прэм’ера спектакля па сатырычнай камедыі К. Каганца «Модны шляхцюк» (прысвечана высмей­ванню пустазвонства і фанабэрыі засцянковай шляхты). П’есы «У іншым шчасці няшчасце схавана» (1903) і «Двойчы прапілі» (1910) ва ўмовах та­тальных цэнзурных забарон вельмі марудна прабіваліся на сцэну.

Да камедыі Я. Купалы «Паўлінка» (1912) Ф. Аляхновіч дапісаў цэлы акт пад назвай «Заручыны Паўлінкі» (1927). Класічнай купалаўскую «Паў­лінку» зрабіла перш за ўсё глыбіня пранікнення аўтара ў тагачаснае жыц­цё, дакладнасць выяўлення адметных асаблівасцей беларускага народнага характару. У пачатку верасня 1913 г. Я. Купала завяршыў драму «Раскіда­нае гняздо» (беларускае літаратуразнаўства недастаткова разабралася ва ўсіх складанасцях ідэйна-выяўленчых і жанрава-кампазіцыйных асаблівас­цей твора). Пры дапамозе Я. Купалы дваццацігадовая К. Буйло піша драмы «Кветка папараці» (1914), «Сягодняшнія і даўнейшыя» (1914), а таксама сцэнку «Крывавы год» (1916).

Па закліку «Нашай Нівы» – ствараць арыгінальныя творы – у драма­тургію прыходзяць новыя аўтары. У 1914 г. дзве п’есы «Смерць пастушка» і «Спатканне» піша З. Бядуля. У тым жа годзе драму «Антон» стварае М. Га­рэцкі (твор вызначаецца глыбінёй філасофскага асэнсавання рэчаіснасці, аб­востранасцю пастаноўкі праблем і пытанняў нацыянальнага і палітычнага ўладкавання беларусаў – трагедыя маладога селяніна з невялічнай вёскі на Магілёўшчыне паказана аўтарам масштабна і ў агульначалавечым кантэк­сце).

На дастаткова блізкіх да М. Гарэцкага творчых пазіцыях знаходзіўся Я. Колас пры напісанні сваіх першых драматургічных твораў. Сам жа пры­ход яго ў драматургію адбыўся параўнальна позна: першыя драматычныя творы «Антось Лата» і «На дарозе жыцця» напісаны ім у 1917 г., калі за плячыма аўтара быў ужо нямалы творчы вопыт працы ў іншых літаратур­ных жанрах. У абедзвюх драмах Я. Колас паказаў некалькі каларытных вобразаў сялян, выявіўшы трагізм іх становішча.

З вялікімі цяжкасцямі і пераадоленнем шматлікіх перашкод ішло на­раджэнне беларускага прафесійнага театра. У красавіку 1917 г. арганіза­цыйна аформілася «Першае беларускае таварыства драмы і камедыі», якое фактычна распачало сваю работу летам 1913 г., але з-за рэпрэсіяў з боку царскіх улад вымушана было спыніць сваю дзейнасць. Вялікай падзеяй стаў прыход у трупу адоранага У. Галубка – мастака, акцёра, музыканта. Амаль за паўгода ён піша тры п’есы: камедыйны абразок «Забыўся пад­перазацца», меладраму «Апошняе спатканне» і сатырычную камедыю «Пі­саравы імяніны» (апошняя мела некалькі сцэнічных варыянтаў і ішла пад рознымі назвамі). Пераважным жанрам у творчасці У. Галубка перыяду грамадзянскай вайны была меладрама: «Бязвінная кроў» (1918), «Прамень­чык шчасця» (1919), «Бязродны» (1919). П’еса «Апошняе спатканне» была пастаўлена ў снежні 1917 г. У. Галубок закранаў тэмы змагання беларуска­га народа за сваё разняволенне. У цэнтры ўвагі аўтара знаходзіліся людзі сялянскага паходжання, ён быў прыхільнікам нацыянальнай ідэі і незалеж­насці беларусаў.

Ф. Аляхновіч – чалавек складанага жыццёвага і творчага лёсу – у драматургію прыйшоў праз тэатр. Нарадзіўшыся ў сям’і віленскага скры­пача, што працаваў у тэатральным аркестры, Францішак рана пазнаёміўся са светам сцэнічнага мастацтва. У 1915 г. ён стварыў пачаткова на поль­скай мове, а затым хутка пераклаўшы, п’есу «На Антокалі». Рэпертуару не хапала, таму з-пад пяра аўтара выходзілі адна за другой п’есы: «На вёсцы» (1916), «Манька» (1917) (асэнсаванне тагачаснага побыту); «Базылішак» (1917), «Бутрым Няміра» (1916) (фальклорныя матывы); «Калісь» (1917) (рэвалюцыйная тэматыка); «Няскончаная драма» (1919) (адраджэнская п’е­са з высокім узроўнем псіхалагічнай характарыстыкі вобразаў).

Ц. Гартнаму – аўтару «пралетарскай дактрыны» мастацкай творчас­ці – належала п’еса «Хвалі жыцця» (1918). У п’есе цалкам сфарміравалася «манументальная» манера ўвасаблення вобраза рэвалюцыянера і станоўча­га героя. Гэты твор можна лічыць своеасаблівым мастком паміж драматур­гіяй дарэвалюцыйнага часу і 1920-х гадоў.

Наогул, пачатак 1920-х гадоў стаў для беларускай драматургіі прын­цыпова новым этапам яе развіцця. 10 жніўня 1920 г. распачаў работу тэат­ральны калектыў «Трупа беларускіх артыстаў пад загадам Галубка». Пра­блем з рэпертуарам не было. Тэатральны сезон адкрывалі аўтарскай каме­дыяй «Суд» (1920). Гэты твор лічыцца самым дасканалым не толькі ў твор­часці У. Галубка, але і ва ўсёй драматургіі пачатку ХХ ст. Тое ж можна сказаць і пра п’есы дадзенага перыяду: «Мутэрка» (1920) М. Гарэцкага, «Конскі партрэт» (1920) і «Пасланец» (1921) Л. Родзевіча. Падобнымі тво­ры рабіў невялікі аб’ём; яны не патрабавалі значных выдаткаў на пастаноў­ку, рэквізіты, сцэнаграфію – такую ашчаднасць дыктаваў рэвалюцыйны час.

М. Чарот адзін з першых звярнуўся да фальклорна-этнаграфічнага напрамку ў драматургіі. Найвялікшым дасягненнем гэтага перыяду лічыц­ца аўтарская музычна-этнаграфічная драма «На Купалле» (1921), якой быў наканаваны яркі сцэнічны лёс. М. Чароту належаць п’есы-вадэвілі: «Ажа­ніцца – не журыцца», «Мікітаў лапаць» (1923). Праблема гістарычнага мі­нулага патрабавала свайго адлюстравання ў драматургіі. У Віцебску ўзні­каюць першыя тэатры. Вопытны тэатральны дзеяч Е. Міровіч (Дунаеў) ра­зумеў, што тэатру не хапае яркіх нацыянальных п’ес, таму стварыў некаль­кі фальклорна-этнаграфічных драм, прысвечаных гістарычнай тэматыцы: «Кастусь Каліноўскі» (1923) (можна назваць чыста гістарычнай драмай), «Машэка» (1923), «Каваль-ваявода» (1924) (арганічна спалучалі ў сабе эле­менты народнага лубка і класічнай драмы). Апошнім творам драматургіі 1920-х гадоў, заснаваным на фальклорным матэрыяле, стала п’еса В. Ша­шалевіча «Апраметная» (1926). Прысвечаная адраджэнскай тэматыцы, яна паказвала ў алегарычным вобразе Беларусь у выглядзе заснулай прыгажуні, зачараванай злымі сіламі і абуджанай ад сну казачна магутнымі віцязямі.

Своеасаблівым актам нязгоды з афіцыёзам было напісанне Я. Купа­лам трагікамедыі «Тутэйшыя» (1922). Гадоў нараджэння ў п’есы было не­калькі: 1922 – на стале аўтара, 1924 – у друку, 1926 – на сцэне.

У беларускай драматургіі дадзенага перыяду цікавай масавай з’явай стала напісане агітп’ес. Яны заказваліся аўтарам, іх ахвотна друкавалі, ста­вілі на сцэне, падтрымлівалі ў друку. П’есы станавіліся своеасаблівым фак­там народнагаспадарчай дзейнасці краіны, прапагандуючы, напрыклад: ка­лектывісцкую свядомасць (М. Міцкевіч «Чаму Янка ў камуну пайшоў» (1924), Ю. Лявонны «Нечаканае» (1926), А. Цітава «Старое і новае», 1929); папулярызуючы сельскагаспадарчыя веды (А. Вольны «У агранома» (1924), Н. Уліцын «Суд над трохпалёўкай», 1925 і інш.).

У 1928 г. мела месца дыскусія пра станаўленне беларускага тэатра. Найбольш развітымі драматычнымі жанрамі былі: меладрама, вершаваная драма, гістарычная п’еса. У 1930-х гадах ставіліся п’есы палітычнага кшталту. Трапілі пад так званую тэорыю бесканфліктнасці і творы К. Кра­півы. Наогул, стан развіцця беларускай драматургіі на пачатку 1930-х га­доў тагачасная крытыка ацэньвала ў цэлым станоўча. Як творчая перамога адзначалася з’яўленне п’ес індустрыяльнай тэматыкі. На ўсіх тэатральных нарадах у ліку прынцыповых дасягненняў беларускай драматургіі называ­ліся п’есы Я. Рамановіча «Мост», Р. Кобеца «Гута», А. Александровіча «На­пор», І. Гурскага «Качагары». Некаторыя формы работы з драматургамі варта было б аднавіць і сёння: патранаж вопытных пісьменнікаў над па­чынальнікамі; абмеркаванне планаў-праспектаў будучых п’ес у тэатры; ана­ліз найлепшых твораў у друку і інш.

Асабліва папулярнай у дадзены час стала тэма калектывізацыі, аднак для п’ес дадзенага кшталту характэрныя: плакатнасць, схематызм сюжэт­най будовы, недастатковае раскрыццё характараў герояў (Б. Крамскі «За­сеўная», «Помста кулацкая» (1930), І. Гурскі «Сварка», «Бальшавісцкая вясна» (1930), С. Якаўлеў «На пэўным шляху» (1930), Я. Мазуркевіч «За калгас» (1930), М. Блісцінаў «Трактар» (1931).

Герой новай драматургіі – характар «манументальны», які вызна­чаецца маналітнасцю. Чарговай ідэяй наватараў было ўкараненне так зва­нага дыялектыка-матэрыялістычнага метаду ў мастацтве, заснаванага на пераносе законаў і катэгорый дыялектыкі ў галіну мастацкай творчасці. Паводле гэтага метаду п’есу трэба было будаваць у адпаведнасці з законам адзінства і барацьбы супрацьлегласцей: патрабавалася абавязковая града­цыя – спачатку пазнанне, потым – вобразнае адлюстраванне. Сярод пры­хільнікаў дадзенага метаду варта назваць А. Александровіча і І. Гурскага. Драмы першага «Напор» (1931) і другога «Новы горад» (1931) крытыка абвясціла ўзорнымі.

У 1935 г. В. Шашалевіч піша драму «Сімфонія гневу». Да гэтага часу аўтар паспеў пабываць у берыеўска-берманаўскіх засценках, таму твор змяш­чае аб’ектыўна-светапогляднае непрыняцце таталітарызму (праблема суп­рацьстаяння мастака і таталітарнай улады).

У шэрагу антыфашысцкіх п’ес асобае месца належыць драме Б. Мі­куліча «Рот фронт» (1933). Твор атрымаў назву драматычнай аповесці без разбіўкі на дзеі, акты, сцэны з’явы паказваліся спалучэннем некалькіх па­дзейна-тэматычных блокаў.

У гісторыі беларускай драматургіі другая палова 1930-х гадоў паў­стае ў змрочным выглядзе. Былі рэпрэсіраваны У. Галубок, М. Зарэцкі, В. Ша­шалевіч, Л. Родзевіч, В. Сташэўскі і інш. Аднак творчыя пошукі працягва­ліся. У гэты перыяд назіраецца росквіт драматургічнага таленту К. Крапі­вы: сатырычная п’еса «Хто смяецца апошнім» (1939) увайшла ў элітны фонд сусветнай камедыяграфіі. Меў месца прыкметны прыток свежых сіл у драматургію: М. Паслядовіч «Гонар» (1934), «Шалёная рысь» (1939); Ф. Альшэўская «На чыім баку» (1935); Б. Гузарэвіч «Кансіліум», «Не спя­шайся, доктар, спаткнешся», «Памылка» (усе 1938); Я. Маўр «Хата з краю» (1939) і інш.

На прыканцы 1930-х гадоў у беларускай драматургіі на поўны голас загучала тэма жыцця ў прымежжы: К. Чорны «Базылевічава сям’я» (1938), Э. Самуйлёнка «Пагібель воўка» (1939), І. Гурскага «На варце» (1938), М. Паслядовіча «Гарачае сэрца» (1938), «Шалёная рысь» (1939).

Завяршыліся 1930-я гады для беларускай драматургіі ў прынцыпе на мажорнай ноце. Атрымалі высокую ацэнку савецкіх і зарубежных спецыя­лістаў на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве (1940) творы К. Крапівы «Хто смяецца апошнім» і Э. Самуйлёнка «Пагібель воўка».
Беларуская эміграцыя
Першы масавы ад’езд за межы Беларусі назіраўся ў пачатку ХХ ст. Матывы былі пераважна эканамічныя: «Не рассталіся б мы з нашым краем, // Каб было дзеля нас у ім хлеба», – ад імя беларусаў тлумачыў у «Эмі­гранцкай песні» М. Багдановіч. Тое імкненне выжыць ляжала ў аснове ра­шэння тысяч заходніх беларусаў у міжваенныя дзесяцігоддзі пакінуць родныя мясціны.

Пакаленне беларускіх эмігрантаў, якое пакідала родны край, мела на ўвазе палітычныя матывы. Шмат хто выбраў растанне з Радзімай, бо на ўласным горкім досведзе пазнаў, што такое сталінізм і як ён ставіцца да «нац­дэмаў». Менавіта з гэтага асяроддзя «свядомых беларусаў» выйшла магут­ная кагорта таленавітых літаратараў, сярод якіх былі Н. Арсеньева, Ю. Віць­біч, Х. Ільяшэвіч, А. Адамовіч, У. Глыбінны, Л. Крывічанін, М. Цэлеш, У. Ду­дзіцкі, А. Змагар, Я. Золак, Р. Крушына, М. Кавыль, Т. Лебяда, У. Клішэ­віч, А. Салавей, М. Сяднёў, К. Акула, А. Калубовіч, Я. Юхнавец і інш.



«...Літаратура беларускага замежжа, – пісаў М. Сяднёў, можа, адроз­ная, але адзіная плынь агульнай беларускай літаратуры і яе, эмігранцкую літаратуру, трэба й разглядаць толькі ў гэтым кантэксце. Ейныя творцы жылі ў… ізаляваным становішчы, ім не хапала паветра, свае атмасферы, гукаў, колераў, паху сваёй зямлі, тут поўная свабода творчасці, аднак тая творчасць, – здабытак таго народу, якому яна прысвечана... Паэт-эмігрант тварыў сябе, спавядаўся перад самім сабою, шаптаў свае вершы, як маліт­вы, жыў надзеяй, што гэтыя малітвы некалі будуць пачутыя, успрыня­тыя...»

Пераважная большасць – паэты: менавіта лірыка як род літаратуры дае магчымасць выказаць пачуцці і думкі, якія жылі ў душы эмігрантаў. Празаікаў было прыкметна менш – не апошнюю ролю адыграла праблема выдання напісанага. Да асноўных літаратурных суполак належаць: «Шып­шына», «Баявая Ускалось». Суполка «Шыпшына», якая ўзнікла з ініцыяты­вы Ю. Віцьбіча ў 1945 г. у Берліне, працягвала працу, актыўна прапаган­дуючы ў аднайменным часопісе нацыянальныя і эстэтычныя ідэі сваіх па­пярэднікаў-узвышэнцаў. На беларускую культуру працавалі і іншыя эмігранцкія арганізацыі, такія, як Беларускі Інстытутт навукі і мастацтва (БІНІМ), Усебеларускі архіў, Беларускае акадэмічнае каталіцкае таварыст­ва «Рунь», Беларуска-амерыканскі навукова-літаратурны клуб і г.д.



У эмігранцкай паэзіі пераважала пачуццё жорсткай настальгіі па Ра­дзіме, тужлівыя настроі і інтаніацыі. Паводле формы гэта часта элегіі, ме­дытацыі, думы, пасланні, «ціхая лірыка». Эмігранцкая літаратура жыві­лася ідэямі свабоды і незалежнасці, вяла свой адлік ад дня абвяшчэння Бе­ларускай Народнай Рэспублікі. Варта асобна адзначыць, што пісьменнікі-эмігранты валодалі асноўнымі еўрапейскімі мовамі і друкаваліся ў пера­кладзе, але тварылі найперш на беларускай мове, выкарыстоўваючы «та­рашкевіцу».

Наталля Аляксееўна Арсеньева (1903–1997) лірык, паэтэса з па­кручастым лёсам – пазбягала палітыкі і заставалася «між берагамі» ва ўсе перыяды сваёй творчасці. Нарадзілася 20 верасня 1903 г. у г. Баку ў сям’і службоўца, што паходзіў з роду Арсенневых, сваяцкага М. Лермантаву. Дзяцінства Наталлі прайшло ў Вільні, куды быў пераведзены па службе яе бацька. У 1915 г. сям’я апынулася ў бежанстве ў Яраслаўлі. У 1920 г. вяр­нулася ў Вільню. Вучылася ў Беларускай (Віленскай) гімназіі. Выйшла за­муж за Францішка Кушаля, былога ўрадаўца БНР, а на той час афіцэра Войска Польскага. Нарадзіла двух сыноў. Жыла ў Заходняй частцы Поль­шчы, дзе адбываў службу муж. У 1939 г. кароткі час працавала ў Віленскай абласной «Сельскай газеце».

У пачатку 1940 г. Францішак Кушаль быў арыштаваны, а паэтэсу з дзецьмі выслалі ў Казахстан. У маі 1941 г. яе судовую справу накіравалі ў Мінск на даследаванне, і паэтка нечакана для сябе апынулася на волі.

У вайну Н. Арсеннева працавала ў «Менскай (Беларускай) газэце» вяла аддзел літаратуры. Удзельніца II Усебеларускага кангрэсу. З 1944 г. жыла ў эміграцыі. Большую частку пасляваеннага жыцця яна правяла ў ЗША, дзе і памерла 25 ліпеня 1997 г.

Напачатку Н. Арсеннева спрабавала пісаць на рускай мове. Яе ж беларускамоўныя вершы адразу высока ацаніў М. Гарэцкі.

Пяру Н. Арсенневай належаць паэтычныя зборнікі «Пад сінім небам» (1927), «Сягоньня» (1944), «Між берагамі» (1979) і інш. Падрыхтаваны ў канцы 1930-х гадоў зборнік «Жоўтая восень» з друку так і не выйшаў. Крытык А. Адамовіч назваў яе «паэткай восені». У яе творчасці пераважае пейзажная лірыка, мінорная паводле свайго настрою. Слова «восень» вар’і­руецца ў вершах ў розных кантэкстах. Меланхалічная натура паэтэсы, за­сяроджанай на сузіранні навакольнага, найлепш адчувае сябе ў пару замі­рання жыцця ў прыродзе, калі пачуцці супакойваюцца, а ў душы настае гармонія, якая змешваецца з мроямі, а фантазія стварае дзіўныя ўзоры ля­тучых настрояў. Кожнае імгненне жыцця тады поўніцца асаблівым сэнсам. У вершах шмат імпрэсіяністычнага, яны маляўнічыя і адначасова меладыч­ныя. Шмат якія творы Н. Арсенневай сталі песнямі, у тым ліку і «Малітва» («Магутны Божа»), што фактычна зрабілася нацыянальным гімнам белару­саў. Сярод мноства фарбаў Н. Арсеннева акцэнтуе ўвагу на «сіняй» і «жоў­тай», што выяўляюць глыбіню неба, смутак па красе, драму адцвітання.

Прыкметнае месца ў творчасці Н. Арсенневай займае «начная ліры­ка»: лірычная гераіня ў трывожна-змрочны час ночы застаецца сам-насам з Сусветам. У яе настроях шмат агульнага з лірычным героем М. Лерман­тава: у расійскага паэта – «зорка зорцы голас падае», у беларускай паэтэ­сы – «з душой душа гавора». Жанр элегіі дапаўняецца вершамі-малітвамі, роздумнымі медытацыямі, гімнамі ў гонар жыцця («Мэта жыцьця – захава­ці жыцьцё»).

У вайну ў арсеннеўскай лірыцы пабольшала драматызму. Малюнкі ўзаемазнішчэння, асабістая сямейная драма (у выніку тэракту, здзейснена­га падполшчыкамі ў Купалаўскім тэатры ў Мінску, загінуў яе сын Яраслаў) уражваюць паэтэсу так моцна, што яна пачынае сумнявацца ў сэнсоўнасці свайго жыцця: «Пісаць і тужыць – сянньня адно сінанімы». Яе змрочныя настроі выяўляюцца ў рваных рытмах, зламаных радках «лесвіцай», у вы­карыстоўванні дысанансаў. Ад думак пра суіцыд ратуе надзея на адра­джэнне Беларусі. Гэтымі настроямі скрухі і надзеі прасякнута лірыка паэ­тэсы перыяду эміграцыі.

Масей Сяднёў (1915–2001) – Майсей Ларывонавіч Сяднёў. Гэта творца, які выдатна прэзентаваў эмігранцкую «ціхую лірыку». Паэт прын­цыпова адкідаў «трыбунныя» заклікі, інтанацыі, лозунгавасць. Нарадзіўся М. Сяднёў 1 верасня 1915 г. у вёсцы Мокрае Клімавіцкага павета на Магі­лёўшчыне ў сялянскай сям’і. Скончыў Саматэвіцкую сямігодку і паступіў у Мінскі педінстытут. У 1936 г., будучы студэнтам 4-га курса, ён быў арыштаваны і высланы за межы Беларусі. Тэрмін адбываў на Калыме і ў ін­шых месцах неабсяжнай Сібіры, дакладна пазначаных у яго вершах. Перад вайной з фашызмам быў вернуты ў Мінск для перагляд судовай справы. Быў адпушчаны на волю канвоем. Працаваў у бацькоў на гаспадарцы.

У 1943 г., калі наступала савецкае войска, М. Сяднёў вырашыў не выпрабоўваць лёс і выехаў у Беласток, затым – у Нямеччыну і нарэшце – у ЗША. Памёр 4 лютага 2001 г.

Пісаў вершы яшчэ ў пачатковай школе. Друкаваўся ў савецкай пе­рыёдыцы з 1933 г. Аўтар кніг «У акіяне ночы» (Рэгенсбург, 1946), «На край сьвятла» (Міхельсдорф, 1947), «Цень Янкі Купалы» (Ватэнштат, 1947), «Ля ціхай брамы» (Нью-Ёрк, 1956), «Патушаныя зоры» (Мюнхен – Нью-Ёрк, 1975), «Ачышчэнне агнём» (Глен-Коў–Нью-Ёрк, 1989). Напісаў аўтабія­графічныя раманы «Раман Корзюк» (1985) і «I той дзень прыйшоў» (1989). Апяваў хараство прыроды, свету, аддаваў хвалу «вясне, дажджу і грому», пачуццю кахання. Да сябе лірычны герой М. Сяднёва адносіцца з гумарам. Над усім пануе шчаслівае адкрыццё: «Усё, што ўзнаў я, што зведаў, // За­вецца цяпер Беларусь».

Іншыя настроі пераважаюць у «астрожнай лірыцы» М. Сяднёва: «ціхі паэт, які волі не мае», часта зведвае скрушныя думкі, калі «не хочацца жыць». Яго душу жывіць кволая надзея, што асабістае перажытае некаму паслужыць урокам. Сам працэс паэтычнай творчасці ўспрымаўся як най­лепшыя лекі ад адчаю. Аўтар ўзгадвае гісторыю крывічоў, звязваючы лёс з лёсам продкаў: «У няволі сярод чужых // Памірае патомак ваш». Як ні дзіў­на, яго і ў гэтых варунках наведвае пачуццй гумару, якое нагадвае «ас­трожную лірыку» А. Пушкіна, М. Лермантава, Ф. Багушэвіча, Я. Коласа, А. Гаруна: паэтычная думка жыве і ў няволі.

Лірыка М. Сяднёва нагадвае паэтычны дзённік, дзе пазначаны дзень за днём і падзея за падзеяй усе этапы яго зямнога шляху: Калыма, Бела­сток, Берлін, Прага, Глен-Коў... Часам вершы падобныя да лістоў каханай, сябру, якія аўтар не адаслаў, бо не ведае адрасу. Вобраз Беларусі прыхо­дзіць да лірычнага героя толькі ў снах. Калі Беларусь набыла незалеж­насць, М. Сяднёў штогод, а часам і двойчы на год, наведваў Радзіму. Бе­ларусь цікавіла паэта як феномен, якому няма аналагаў у свеце. Лірыка М. Сяднёва, узятая ў яе поўным аб’ёме, абвяргае прыкметна заніжаную аў­тарскую самаацэнку («Звычайны я. Я славы не прыдбаў – я толькі кропля ў акіяне») і ўспрымаецца як сведчанне аб перажытым, аплочанае дарагім коштам тугі, сумненняў, роспачы, надзеі і веры.

Алесь Салавей (1922–1978)  гэта паэт «чыстай красы», кніжнік, эстэт. Яго лірыка поўніцца літаратурнымі асацыяцыямі і рэмінісцэнцыя­мі. Надзвычайнае месца ў ёй займае катэгорыя прыгажосці, вобразнае ўва­сабленне якой паэт бачыць у родным краі.

Нарадзіўся Алесь Салавей (у сапраўднасці  Альфрэд Васільевіч Ра­дзюк) 1 мая 1922 г. у в. Крысава непадалёку ад Койданава ў сям’і службоў­ца. Пасля арышту бацькоў быў выключаны з Мінскага педвучылішча. У вайну з фашызмам нейкі час партызаніў. Праз сваю блізарукасць мусіў вярнуцца ў Лагойск, дзе перад вайной вучыўся ў школе. Быў арыштаваны немцамі, але выпушчаны як сын ахвяраў бальшавіцкага тэрору.

Жыў у Рызе. 3 кастрычніка 1942 г. працаваў сакратаром часопіса «Но­вы шлях». Удзельнічаў у працы II Усебеларускага кангрэсу, потым эміг­раваў. Пасля працяглага блукання па Еўропе завербаваўся на заробкі ў Аў­стралію. Памёр падчас купання ў моры ад разрыву сэрца 22 студзеня 1978 г.

Пачаў пісаць яшчэ школьнікам. Друкаваўся пад сваім прозвішчам у дзіцячай прэсе. Удзельнічаў у канферэнцыі маладых пісьменнікаў. Аўтар кнігі «Мае песьні» (Мінск, 1944), «Сіла гневу» (Остэргофэн, 1948), «Зьві­няць званы сьвятой Сафіі» (1948), «Нятускная краса» (Нью-Ёрк–Мельбурн, 1982). Грамадзянская пазіцыя паэта выявілася ў пейзажнай лірыцы, дзе апяваецца краса роднага краю, а крывавыя падзеі вайны ўзгадваюцца толь­кі ўскосна як нешта варожае чалавеку. Эстэтычная арыентацыя на высокае, прыгожае і вечнае выявілася ў форме твораў – пераважна санетаў, трыяле­таў, рамансаў, актаў, васьмірадкоўяў і інш. Паэт адчуваў сябе і сваю пры­сутнасць у шырокім кантэксце еўрапейскай культуры і літаратуры. Героямі яго вершаў з’яўляюцца Аляксандр Македонскі, Апелес, Зефір, Муза, Ісус Хрыстос і інш. Некаторыя творы напісаныя як вольныя пераклады з антыч­ных аўтараў.

З часам паэт усё больш пранікаецца трагізмам свайго становішча «паміж двух агнёў». Ён не прымае як від паэтычнай зброі вінтоўку, а вы­хад бачыць у апяванні красы. У паэме «На хуткіх крыллях вольнага Пега­са» А. Салавей у сваім лёсе бачыць адлюстраванне гісторыі крывіцкага краю і верыць у змены да лепшага. У вершах паэта фіксуюцца шматлікія прыкметы эпохі. Мастак з тугой канстатуе, што пазіі ўсё менш увагі на­даецца ў свеце мадэрну. Паэт, аднак, спадзяецца на неўміручасць слова, бо адзін з цыклаў вершаў мае назву: «Жывому – жыць. Знішчэньню – смерць».

Ларыса Антонаўна Геніюш (1910–1983) – нарадзілася яна 3 жніўня 1910 г. у вёсцы Жлобаўцы Ваўкавыскага павета на Гродзеншчыне ў замож­най сялянскай сям’і. Бацькі былі арыштаваныя ў 1939 г. і загінулі пакут­ніцкай смерцю: бацька – у астрозе, маці і малодшыя сёстры – у высылцы, у Казахстане. Скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію. Выйшла замуж за доктара Янку Геніюша, які працаваў у Празе, і выехала ў Чэхію. Была Ге­неральным Сакратаром БНР. У час вайны з фашызмам з акупацыйнымі ўладамі не супрацоўнічала, прытым што брала ўдзел у II Усебеларускім канргэсе ў Мінску ў чэрвені 1944 г.

У 1948 г. Л. Геніюш арыштавалі агенты НКУС; яна разам з мужам была патаемна вывезена ў Мінск. Атрымала 25 гадоў канцлагера. Пакаран­не адбывала ў Інце і Абезі Комі АССР. У маі 1956 г. яе вызвалілі. Жыла ў Зэльве. Савецкага грамадзянства не прыняла: лічыла сябе грамадзянкай БНР. Увесь час знаходзілася пад пільным наглядам карных органаў. Па­мерла 7 красавіка 1983 г.

Вершы Ларыса пачала пісаць у юнацтве. Друкавалася ў эмігранцкай прэсе. У Празе выдала зборнік вершаў «Ад родных ніў» (1942). У савецкія часы выйшлі ў свет (з дапамогай М. Танка і У. Караткевіча) паэтычныя кнігі «Невадам з Нёмана» (1967), «На чабары настоена» (1982). Лейтматыў лірыкі Л. Геніюш – песні-гімны роднаму краю. За ўзор паэтка бярэ народ­ную песню, традыцыйную сялянскую этыку. У многіх вершах вар’іруюцца настроі «Слуцкіх ткачых» М. Багдановіча. У патрыятычнай лірыцы на пер­шым плане вобразы абаронцаў Радзімы, рыцараў, асілкаў.

У лірыцы Л. Геніюш раскрываюцца вытокі духоўнай моцы белару­саў: дзіўная адданасць сваёй занядбанай Айчыне, замілаванне красой на­родных звычаяў, песень, мастацтва, высакароднасці душы простага люду. У кнізе ўспамінаў, якая не мела назвы, бо не мела назвы перажытае аўтар­кай, і якую публікатары надрукавалі пад загалоўкам «Споведзь», Л. Гені­юш заклікае сваіх сучаснікаў і нашчадкаў да споведзі і пакаяння. Задачы стварыць адпаведны настрой спрыяе вынаходства Л. Геніюш, якая замест традыцыйнага ўжывання ў літаратуры мемуарнага жанру дзеяслова ў мі­нулым часе свядома выкарыстоўвае форму дзеяслова ў цяперашнім часе, а ў выніку ўзнікае адчуванне, быццам усё напісанае адбываецца на вачах у чытача. Драма беларусаў, як яе разумее аўтар успамінаў, заключаецца ў тым, што яны заціснутыя паміж молатам Захаду і кавадлім Усходу, што ў іх няма выбару: «Калі выйграюць немцы, то знішчаць усіх нас, калі вый­граюць Саветы, то знішчаць інтэлігенцыю і асімілююць народ».

Янка Змітравіч Юхнавец (1921–2004) належыць да найбольш ад­метных прадстаўнікоў беларускай эмігранцкай паэзіі (большую частку свай­го жыцця пражыў у ЗША). Увабраўшы досвед розных эстэтычных і філа­софскіх школ, ён насыціў сваю лірыку глыбокімі асацыяцыямі, якія зна­ходзяць арыгінальнае моўнае ўвасабленне.

Няма нічога дзіўнага, што зборнік сваіх выбраных твораў, апубліка­ваных у Мінску ў 1994 г., паэт назваў «Сны на чужыне», бо менавіта мета­фізічнае адчуванне чужыны і бацькаўшчыны ў іх адрознасці і адначасо­ва еднасці, пранізвае ўсю паэзію Я. Юхнаўца:

Апаў лісток.

Пайшоў, дарогі не шукаючы.

Каля карэння, бы на парозе,

Ён раз шапнуў, у спадзе лётным:

 – Блудным сынам буду...Сынам блудным

Буду я цяпер.

«Лісток на дрэве», 1961

Скразныя вобразы Юхнаўцовай паэзіі – гэта «дарога», «вецер», «па­чатак», «вясна», «хмары», «вандроўнік». Яго лірыка прымушае чытача су­маваць разам з паэтам.



Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   ...   32




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет