Асноўным паказчыкам замацавання запазычанняў у дыялектнай лексiчнай сiстэме з’яўляецца iх фармальная i семантычная адаптацыя. Засваенне iншамоўнай лексiкi звычайна адбываецца шляхам яе прыстасавання да фаналагiчнай сiстэмы, асiмiляцыi асноўным граматычным катэгорыям, развiцця словаўтваральнага патэнцыялу, лексiка-семантычнай эвалюцыi ў мове-рэцэптары [90, c. 35, 123, с. 23; 141, с. 235].
Працэс адаптацыi запазычанняў у народна-дыялектынай мове носiць спецыфiчны характар. Ён значна адрознiваецца ад засваення iншамоўнай лексiкi лiтаратурнай мовай больш поўнай асiмiляцыяй, iмкненнем максiмальна наблiзiцца да фанетыка-граматычнай i лексiка-семантычнай сiстэм пэўнай гаворкi, у вынiку чаго назiраецца пастаяннае вар’iраванне iх знешняй формы i значэння.
Ступень фармальнай i семантычнай адаптацыi дыялектных запазычанняў вызначаецца рознымi фактарамi – храналагiчным (даўнасцю запазычвання), арэальным (тэрыторыяй распаўсюджвання), семiятычным (важнасцю i актуальнасцю называемых паняццяў у жыццi грамадства) i iнш. Найбольш засвоенымi ў знешнiм i ўнутраным плане з’яўляюцца даўнiя запазычаннi, пашыраныя на значнай тэрыторыi, якiя часта выкарыстоўваюцца ў паўсядзённых зносiнах. Як адзначаюць даследчыкi, на адаптацыю запазычанняў у значнай ступенi ўдзейнiчае iх ‘унутраная геаграфiя’ [96, с. 183] – чым блiжэй знаходзiцца iншамоўнае слова да крынiцы запазычвання, тым дакладней яно захоўвае форму i значэнне этымона. У гэтым плане максiмальна наблiжанымi да сваiх этымонаў з’яўляюцца запазычаннi, што функцыянуюць на сумежнай тэрыторыi, якая непасрэдна прымыкае да крынiцы запазычвання. Гэта пераважна лакальныя i астраўныя запазычаннi з польскай i балтыйскай моў, якiя ўжываюцца ў гаворках паўночна-заходняй Беларусi, на пагранiччы з Латвiяй, Лiтвой i Польшчай, а таксама ў акружэннi астраўных гаворак [51, с. 89, с. 92].
Для запазычанняў, якiя ўжываюцца на перыферыi мiжмоўнага ўзаемадзеяння i аддалены ад этнакантактнай пагранiчнай тэрыторыi, характэрна большая ступень адаптацыi. Чым далей знаходзiцца запазычанне ад мовы-крынiцы або мовы-пасрэднiцы, тым большая ступень уплыву на яго з боку фанетыка-марфалагiчнай i лексiка-семантычнай сiстэмы мовы-рэцэптара. Па меры аддалення запазычанняў ад кантактнай зоны працэс iх асiмiляцыi, ‘абеларушвання’ ўзмацняецца. У сваю чаргу пашырэнне арэала распаўсюджання запазычанняў у народных гаворках залежыць ад даўнасцi iх запазычвання, дэнататыўнай суаднесенасцi, актуальнасцi называемых паняццяў.
Раздзел 2.1. Фанетычная адаптацыя запазычанняў у беларускiх гаворках
Як адзначалася вышэй, адаптацыя запазычанняў можа быць фармальнай (фанетычнай i марфалагiчнай) i семантычнай. Пры фармальнай адаптацыi змяняецца знешняя форма запазычанняў – iх фанемны склад, марфемная будова, граматычная характарыстыка, словаўтваральная структура.
У лiнгвiстычнай лiтаратуры пры аналiзе умоў запазычвання i засваення iншамоўнай лексiкi прапануецца адрознiваць фанематычную субстытуцыю (перадачу iншамоўнага слова фанемнымi сродкамi запазычваючай мовы), якая непазбежна пры лексiчным запазычваннi i фанетычнае асваенне запазычанага слова, прыстасаванне яго да фанетычнай сiстэмы мовы-рэцэптара, якое адбываецца ўжо ў працэсе функцыянавання iншамоўнага элемента ў маўленнi i не з’яўляецца прыметай, характэрнай для кожнага запазычанага слова [90, с. 36-37].
Фанетычная адаптацыя дыялектных запазычанняў, у адрозненне ад лiтаратурных, ахоплiвае большасць iншамоўных лексем i адбываецца па шляху iх максiмальнага прыстасавання да фанетыка-фаналагiчнай сiстэмы народнай мовы шляхам замены неўласцiвых ёй гукаў i спалучэнняў. Паколькi фанетычныя змены дыялектных запазычанняў адлюстроўваюць iх прыстасаванне да гукавой сiстэмы пэўнай гаворкi, то нярэдка адна i тая ж лексема ў розных рэгiёнах адаптуецца па-рознаму.
2.1.1. Фанетычныя змены запазычанняў у сiстэме вакалiзму
Фанетычная адаптацыя запазычанняў адлюстроўвае наступныя асаблiвасцi вакалiзму беларускiх гаворак: розныя тыпы акання i якання, оканне, ёканне, лабiялiзацыю i рэдукцыю галосных, эпентэзу i пратэзу, спрашчэнне спалучэнняў i iншыя змены галосных.
2.1.1.1. Ненацiскны вакалiзм пасля цвёрдых зычных. У запазычаннях, якiя ўжываюцца ў паўночна-ўсходняй частцы Беларусi (на тэрыторыi Вiцебскай, усходняй часткi Магiлёўскай, паўночна-ўсходнiх раёнах Мiнскай i Гомельскай абласцей) паслядоўна перадаецца дысiмiлятыўнае аканне: а) вымаўленне ў першым пераднацiскным складзе пасля цвёрдых зычных [а], калi пад нацiскам не [а]: акрэнт, апiнiя, алекцыя, барэт, вiнагрэт; б) вымаўленне ў той жа пазiцыi [ы], калi пад нацiскам [а]: бышка, вiрыплан, гырбата, гырмата, кымашы, кынапа, мыжары, цымант.
Многiя дыялектныя запазычаннi адлюстроўваюць недысiмiлятыўнае аканне, якое характэрна для ўсёй цэнтральнай часткi Беларусi. Гэта супадзенне галосных а, о, е пасля цвёрдых зычных у першым пераднацiскным складзе ў гуку [а] незалежна ад таго, якi галосны пад нацiскам: агзамiн, аксам, аляктроўня, апанча, гарбата, гармата, дакумент, дафактовы, карасiна, ракамендаваць, рамацiзма, растарацыя.
Запазычаннi, якiя ўжываюцца ў гаворках паўднёвай часткi Брэсцкай i паўднёва-заходняй Гомельскай вобласцi, перадаюць оканне (вымаўленне ненацiскнога гука [о]): болонда, вонтроба, обэрлюхта, огнiво, оказыя, окулёры, олей, олiва, опанча, ошчэндно, коцюба, касоваты, комнiр, кончук, кантор, пончоха. Як адзначаюць А.А. Крывiцкi i А.I. Падлужны, прыкметай асаблiвацю ўсходнемагiлёўскiх гаворак з’яўляецца супадзенне галосных [а], [о], [е] памiж губнымi зычнымi ў гуку [у] у першым пераднацiскным складзе, калi пад нацiскам [а] [88, c. 158-159]. Асобныя запазычаннi адлюстроўваюць такi тып фанетычных змен: балунда, буклага, бусак, вулан, кумпанiя. Такiя формы занатаваны не толькi ў гаворках Магiлёўшчыны, але i Гродзеншчыны, Брэстчыны. Лабiялiзацыя галоснай [а] адбываецца таксама ў пазiцыi пасля губных або заднеязычных перад губнымi цi пярэднеязычнымi ў пераднацiскным складзе, калi пад нацiскам не [а] – [е], [у], [о]: бруслет, куверт, кулёр, кулейка, кумета, кумэдзiя, кундуктар, куперт, прутэсiя. У асобных выпадках у той жа пазiцыi лабiялiзуецца галосны [ы]: брульён, вужэлык.
Пры фанетычнай адаптацыi дыялектных запазчынняў зрэдку назiраецца адваротны працэс – замена галоснай [у] на [а] у ненацiскным становiшчы або [о] пад нацiскам: какаруза, ром.
Ненацiскны вакалiзм пасля мяккiх зычных. Пры фанетычнай адаптацыi запазычанняў, якiя ўжываюцца ў гаворках Вiцебскай, паўночных раёнах Мiнскай, Магiлёўскай i паўночна-ўсходняй часткi Гомельскай абласцей паслядоўна адзначаецца дысiмiлятыўнае яканне – а) супадзенне галосных [а], [о], [е] пасля мяккiх зычных у першым пераднацiскным складзе ў гуку [а] калi пад нацiскам [е], [у], [о]: вялебны, дзяньковаць, кялойша, кятурка, ядзенне, ясёнтка; б) вымаўленне на месцы галосных няверхняга пад’ёму [е], [а] ў той жа пазiцыi [i], калi пад нацiскам [а]: вiцiнар, кiпiрацыя, пiдаль, сiкрiтарь, сiнiтарь. Неабходна адзначыць, што ў некаторых запазычаннях [i] на месцы [е] вымаўляецца ў першым, другiм i нават трэцiм складзе перад нацiскам, калi пад нацiскам галосныя [е], [о], [у], [i], [а]: бiкеш, сiкрэт, нiзграбэйла, iканомiя, нiвярушкi, спiцыялiст, дзiсянцiна, вiдзяя, нiспадзяны.
Недысiмiлятыўнае яканне (супадзенне галосных [а], [о], [е] пасля мяккiх зычных у першым пераднацiскным складзе ў гуку [а] незалежна ад якасцi нацiскных галосных) адлюстроўваюць запазычаннi вягала, клямар, лямант, ляндар, лятарня, нявала, ядловец i iнш.
Пры фанетычнай адаптацыi запазычанняў у некаторых гаворках захоўваецца этымалагiчны [е] у першым складзе перад нацiскам: геретык, бекеша, вейкалiс, вельканоц, венглярня, керайша, ленгамiны, летнiска, мегера, сермента i iнш.
У працэсе фанетычнай адаптацыi запазычанняў назiраецца як частковая, так i поўная рэдукцыя галосных, якая прыводiць да iх выпадзення. Гэта датычыць галоснага [а] у першым пераднацiскным складзе: балган, барболя, кралi, хракцiр. Такiя прыклады сустракаюцца ў гаворках Вiцебшчыны, Мiншчыны, Брэстчыны.
Пры засваеннi некаторых запазычанняў адбываецца адпадзенне ў абсалютным пачатку слова галоснага [а]: вантура, кiян, куляры, курат, кушэрка, мша, ляндар, рештант, рыштанец; [е]: вангеля, пачатковага складу: беркулёз, струмант.
У многiх запазычанняў у вынiку адаптацыi развiлiся прыстаўныя галосныя ў пачатку слова перад зычнымi. Найчасцей пратэтычным выступае галосны [а]: абiзмен, аканон, анягош, апалант, арэдалы, асвер, атрама, у асобных выпадках [о]: окулёры, [i]: iзмэнчыць, [у]: ушула.
Пры збегу некалькiх зычных на канцы або ў cярэдзiне слова памiж iмi развiваецца ўстаўны галосны [а]: канаверт, лiтар, мiнiстар, мэтар, [э]: цэнтэр, [ы]: ворыволя, дрывець.
Даволi пашыранай з’явай з’яўляецца замена пачатковага галоснага [i] галосным [а]: ампiратар, ампэт, андык, анжынер, анцiрэс, анцiлiгент. Вельмi рэдка назiраецца адваротны працэс (аi): iндуляцыя.
У працэсе фармальнай адаптацыi некаторых запазычанняў адбываецца спрашчэнне спалучэнняў галосных [аэ], [iа] у пачатку слова: ераплан, iрдань, [iя] у канцы: бiбля, кампаня, клябаня, лiня, цынтура.
2.1.2. Фанетычныя змены запазычанняў ў сiстэме кансанантызму
У сiстэме кансанантызму пры фанетычнай адаптацыi запазычанняў у першую чаргу неабходна адзначыць разнастайныя камбiнаторныя змены зычных, асiмiляцыйныя i дысiмiляцыйныя. У лiку асiмiляцыйных змен: а) рэгрэсiўная кантактная асiмiлiцыя па глухасцi: кнiпцi, апцэнгi, апшыт, блюска, дыхт, святка, трахт; звонкасцi: гнёпа, бланка, блiзiр, граты, агзамiн; мяккасцi: асьпiд, асьвер, бавэльня, бельзiн, бiньдзюк, бэньсь, iнвэньцiя, маськiрант, резьвiны, прэнзьлi, ськiрта, ценькi; цвёрдасцi: балка, булба, валка;
б) рэгрэсiўная дыстантная асiмiляцыя: бломба, залеза, пiлiцылiн;
в) прагрэсiўная кантактная асiмiляцыя па глухасцi: бонць, фаланка; звонкасцi: гонда, швайга; цвёрдасцi: блузнiць, клыпша; мяккасцi: пальць.
Пры засваеннi запазычанняў адбываюцца ўсе выпадкi дысiмiляцыйных змен: а) рэгрэсiўная кантактная дысiмiляцыя: [мн] > [нп]: конпус, купняк, лампа; [мб] > [нб]: анбар, бонба; [мв] > [нв]: канволь: [рб] > [л’б]: кольба; [бл] > [мл]: камлук; [дл] > [гл]: венглярня; [тл] > [кл]: клум, клушч; [кт] > [пт]: бiшкопт; [гз] > [кз]: кзымс;
б) рэгрэсiўная дыстанцыя дысiмiляцыя: [р]...[р] > [н] ... [р]: андынарыя, манынарка, манкёр, некрут; [р]...[р] > [л] ... [р]: левiзор, лiгулятар, лiмар, лiсора, лямпорт; [н] ... [н] > [л]... [н]: бельзiн; [т] ... [т] > [к] ... [т]: каклета; [м] ... [л] [н] ... [л]: налпа; [в] ... [б] > [м] ... [б]: матраб’янка; [ў] ... [б] > [л], [н] ... [б]: алтобус, антобус;
в) прагрэсiўная кантактная дысiмiляцыя: [мн] > [мл] : комплата; [л’н] > [л’м]: кельма, [гр] > [гл]: глабузда;
г) прагрэсiўная дыстантная дысiмiляцыя: [м] ... [н] > [м] ... [л]: гармоль; [б] ... [р] > [б] ... [л]: кабелец.
У працэсе гукавых змен запазычанняў адбываецца азванчэнне зычных у пачатку слова перад галоснай: баркан, гает, гермаш, у сярэдзiне слова: банды, гiрза, капiжон, лагожы, малiза i на канцы: закрэнд, кроўж, пожаг, рагойж. I, наадварот, некаторыя этымалагiчна звонкiя зычныя аглушаюцца пераважна ў канцы слова: арут, длух, жонт, каць, лёс, лоўш, люс, подлух, послух.
У працэсе фанетычнай адаптацыi запазычанняў нярэдка адбываецца метатеза, перастаноўка гукаў i складоў: а) кантактная метатэза гукаў: анрамант, бруштын, бурнэлька, грабар, грымзуль, iнфаркт, нiжынер;
б) дыстанцыя метатэза гукаў: акоман, крылус, лёндар, павяндлiцы, ферчал, шпiкiнар;
в) метатэза складоў: ваганас, гамазея, гарнiзацыя, намастыр, немарасць. Метатэза абумоўлена iмкненнем народнай мовы прыстасаваць неўласцiвыя ёй спалучэннi гукаў i складоў да больш звыклых i вядомых.
Тэндэнцыяй да зручнасцi вымаўлення абумоўлена ўзнiкненне ў запазычаннях устаўных зычных як памiж галоснымi, так i памiж галоснымi i зычнымi. Эпентычнымi найчасцей бываюць зычныя в: алiвэс, гладзiволусы, мацiвола, радзiва, стадзiвон (у iнтэрвакальным становiшчы), лiштва, рынва, швыдэлак (у пазiцыi памiж зычным i галосным), j: бэйла, клiймат, пляйстар, райсора, фейфер. Радзей назiраецца эпентэтыкум iншых зычных – н: заўзёнтны, штанкет, л: марцыпляны, г: кроглiк, д: ядловец, с: элекстрыка. Як вiдаць, эпентычнымi з’яўляюцца найчасцей санорныя i зубныя зычныя.
Нярэдка пры засваеннi запазычаннi набываюць прыстаўныя (пратэтычныя) зычныя ў пачатку слова як перад нацiскнымi лабiялiзаванымi галоснымi о, у, так i перад нелабiялiзаванымi а, е. Пратэтычнымi з’яўляюцца найчасцей зычныя в: вангель, ветаж, вогер, вогнiско, водар, вуксус, вухналь, вушмала i г: гавэла, гайцец, галёс, гандарак, гануш, гарбон, гармяк, гаруд, гогер, голiй, а таксама j: ейроплан, еёдром, л: лоферма. У асобных выпадках пратэтычныя зычныя ўзнiкаюць у пачатку слова перад iншай зычнай – б: блакатар, с: спанцырка, стрыца, у канцы слова: акзамiнт, асверх, валент, вэлянт.
Пры фанетычнай адаптацыi запазычанняў у беларускiх гаворках даволi часта перадаецца дзеканне: дзекада, дземакратка, дзепутат, дзiктандо, дзiплом, iдзiвот, камедзiя, радзiва, стадзiвон, экспедзiцыя i цеканне: арцiст, вецiнар, iнсцiтут, квацера, мацерыя, рыхцiк, церыторыя, цiгра, цiлiвiзар, цiлiфон, цiтулаваць, цiятр. Але асобныя запазычаннi, пераважна ў гаворках паўночна-заходняй Беларусi, захоўваюць цвёрдыя зычныя д, т перад галоснымi пярэдняга рада i, е: дыван, дыявал, дыямент, дэтанаваць, дэфензiва, тыфус, тэстамент, тэсць. Пры засваеннi запазычанняў у некаторых гаворках у гэтай жа пазiцыi адбываецца ацвярдзенне губных в, м, п: вонпыты, жвыр, iнвэньцiя, камызелька, капэлiя, капэлюш, камэдзiя, купэрт, мылта, мэтар, зубных л, н, з, с: гузык, зымна, лапсардак, лына, ныгды, ныц, празэнт, разынкi.
Разнастайнай з’яўляецца ў гаворках адаптацыя зычнага ф. Найчасцей ён перадаецца спалучэннем хв: ахвiцэр, панахвiда, рэхва, хвайны, хвалда, хванер, хварба, хвiкус, хвiранка, хвузiя, хвэст i зычнымi п: арпа, вапля, гапт, картоплi, копта, купар, парпуровы, пацэтны, пiкус, пляга, прэнзьлi, х: анахiма, кахля, кухаль, люхт, мухта, панахiда, хлегма, храмуга, хрэнч, хунт, хутбол, у асобных выпадках спалучэннем кв: аквяркi, квасоля, зычнымi ў: аграўка, к: какля, б: басоль.
У некаторых выпадках у гаворках сустракаюцца гiперызаваныя формы, у якiх гук [ф] ужываецца на месцы этымалагiчнага п: лiсафет, фiгулка, флойка, флюндра, або х: фiгург, флёрка, футар.
Асобныя запазычаннi страчваюць пачатковы зычны в: акансiя, ангерка або г: актар, армата, армонiк, афтка, ‘агаляючы’ такiм чынам першы склад.
У пачатку слова перад зычнымi этымалагiчны зычны в даволi часта перадаецца складовым у: уплёнтаць, упул, устыд, устэч, усцёнш, утэды, уцаля, ушыстка.
У працэсе фанетычнай адаптацыi запазычанняў спрашчаюцца спалучэннi зычных у сярэдзiне, пачатку i канцы слова, пры гэтым адбываецца выпадзенне зычных т: прэнкi, ягрус; балабос, ваган; н: кантыгент, натрэтны, крэдас; j: баструк, растопы; к: мэшты, камплет; л: кодра; д: нэнзлы; п: стронг; ў: комер.
2.1.3. Лексiка-фанетычнае вар’iраванне запазычанняў
Iмкненне народна-дыялектнай мовы максiмальна прыстасаваць iншамоўныя лексiчныя адзiнкi да сваёй фанетычнай сiстэмы па меры пашырэння iх ужывання ў працэсе функцыянавання i ўзаемадзеяння з уласнай лексiкай, а таксама лакальная замацаванасць, вусная форма iснавання прыводзiць да разнастайнага вар’iравання, узнiкнення шматлiкiх фанетычных варыянтаў запазычанняў, як у розных гаворках, так i ў межах адной гаворкi.
Лексiка-фанетычныя варыянты запазычанняў пры аднолькавым марфемным саставе адрознiваюцца гукавым складам каранёвай марфемы. Сярод iх: 1. Лексемы, якiя вар’iруюць галосныя гукi: пры перадачы этымалагiчнага а: а-о: балахан-балахон, барлячы-барлёчы, а-е: вархал-вэрхал, бляды-бледы, пацыят-пацыет, а-нуль гука: балага-балган, бараболя-барболя, а-ы: жакет-жыкет, а-i-у: баклага-бiклага-буклага, а-о-у: баланда-болонда-балунда, а-е-ы: атожал, атожэла, атожыл, этымалагiчнага о: о-а: мосенж-масенж, панчоха-панчаха-пончоха, о-у: бронкт-брункт, ванчос-ванчус, канон-канун, о-а-у: колейка-калейка-кулейка, когут-кагут-кугут, о-а-ы: кантор-кантар-кантыр, о-i: клёц-клiц, а-у: анталяжы-антуляжы, басак-бусак, кампанiя-кумпанiя, а-нуль гука: каралi-кралi; этымалагiчнага е: е-а: выжэл-выжал, вэнгэр-вэнгар, гавэла-гавяла, гербата-гарбата, гэбэль-гэбаль, керасiна-карасiна, крэдэнс-крэданс, мелес-маляс, пэркаль-паркаль-пяркаль, стэльвага-стальвага, э-i: амэн-амiн, балея-балiя, ведзяя-вiдзяя, гiгель-гiгiль, евель-евiль, лемантар-лiмантар, недалэнга-нiдалэнга, недарайда-нiдарайда, е-у: навэдлуг-навудлуг, е-i-а: керэпла-кiрапла-кярапла, е-а-ы: ровэр-ровер, ровар-ровыр, а-i: вiнагрэт-вiнiгрэт, а-ы: калтуя-кылтуя, этымалагiчнага i: i-э: апiкула-апекула, апiнiя-апенiя, бiзун-безун, i-а: камiнок-камянок, i-у: келiх-келюх, ы-а: жылетка-жалетка, ы-э: зыдэль-зэдаль; этымалагiчнага у: у-а-ы-э: андуляцыя-андаляцыя-андыляцыя-андэляца, этымалагiчнага ы: ы-у: абыватель-абуваталь.
-
Запазычаннi, у якiх пры фанетычнай адаптацыi вар’iруюцца зычныя гукi. Варыянты такiх лексем адлюстроўваюць: а) апазiцыю па звонкасцi-глухасцi зычных г-к: аргуш-аркуш, гзымс-кзымс, граты-краты, грыга-грыка, дронг-дронк, гает-кает, гермаш-кермаш, грайзэга-крайзэга, лагiза-лакiза, магазiн-маказын, шляг-шляк; г-х: длуг-длух, подлуг-подлух, пожаг-пожах, послуг-послух; д-т: аруд-арут, банды-банты, барда-барта, жонд-жонт, закрэнд-закрэнт, свядка-святка; з-с: блюзка-блюска, гiрза-гiрса, лёз-лёс, люз-люс, малiза-малiса; ж-ш: капiжон-капiшон, кроўж-кроўш, лагожы-лагошы, рагойж-рагойш, б-п: абцэнгi-апцэнгi, баркан-паркан, клюб-клюп, дз’-ц’: кадзь-каць. Як паказваюць адзначаныя варыянтныя формы, працэс азванчэння або аглушэння пры засваеннi запазычанняў адбываецца найчасцей са змычнымi i шчылiннымi зычнымi;
б) па цвёрдасцi-мяккасцi зычных л-л’: блузнiць-блюзнiць, валка-валька, камлот-камлёт, клыпша-клiпша, лавiна-лявiна, лына-лiна, лунi-люнi, палант-палянт; м-м’: атрамант-атрамент, камэдзiя-камедыя, мэтра-метра, мыгла-мiгла; н-н’: магнэс-магнез, ныгды-нiгды, ныц-нiц, прывен-прывень, шнур-шнюр; з-з’: гузык-гузiк, зымно-зiмно, празэнт-празент, разынкi-разiнкi; с-с’: лапсардак-лапсярдак, скырта-ськiрта; т-ц’: бестыя-бесцiя, кватэра-квацера, рыхтык-рыхцiк; ц-ц’: кацуба-кацюба, пальц-пальць, сцымбур-сцiмбур; в-в’: жвыр-жвiр, выспа-вiспа; б-б’: бэмбаль-бембель, лубын-лубiн; д-дз’: дырса-дзiрса; п-п’: купэрт-куперт; к-к’: кымбалка-кiнбалка. Як бачна, найчасцей у варыянтаных формах дыялектных запазычанняў апазiцыю па цвёрдасцi-мяккасцi маюць санорныя зычныя.
Некаторыя варыянты адлюстроўваюць розныя тыпы адаптацыi гука ф: ф-хв: афiцына-ахвiцына, канфеты-канхветы, лiфiк-лiхвiк, фанер-хванер, фельчар-хвельчар, фашына-хвашына; ф-х: фрэнч-хрэнч, фронт-хронт, футар-хутар, фура-хура, фунт-хунт; ф-б: фас-бас, ф-хв-п: фiкус-пiкус-хвiкус; ф-х-к: кафля-кахля-какля; ф-х-хв-кв-к: куфайка-кухайка-кухвайка-квухвайка-хухвайка-фуфайка.
Неабходна таксама адзначыць варыянтныя формы запазычанняў, якiя адрознiваюцца: а) шчылiннымi зычнымi с-ш: клестор-кляштор, крусня-крушня, мiсюгiн-мiшугiн, парсюк-паршук, рыс-рыш, смалец-шмалец, стiль-штыль, сош-шаша, ў-ф: аграўка-аграфка; х-ш: iрха-iрша, пархi-паршы; шчылiннымi i змычнашчылiннымi с-ц: апсэсам-абцэсам, вансак-ванцак, граса-граца, пансак-панцак; ч-ш: коч-кош, кульча-кульша, шаса-часа; з-дз: вэнза-вэндза; змычнымi к-п: клебанiя-плебанiя; санорнымi м-н: амбар-анбар, вомпiць-вонпiць, каiн-каiм, компан-конпан, каўнер-каўмер, кельма-кельня; н-л: андынарыя-андылярыя, комната-комлата; заднеязычнымi к-х: дыкта-дыхта, катар-хатар; наяўнасцю i адсутнасцю прыстаўнога г: арбон-гарбон, армяк-гармяк, алей-голiй, устаўнога j: байструк-баструк.
Сустракаюцца варыянты, у якiх камбiнуецца некалькi адрозненняў: напр., апазiцыя: глухасць-звонкасць + цвёрдасць-мяккасць: камiзэлька-камызелька-гамiзэлька, крэтка-кредка, лоўж-лёўж-лоўш, лiсапед-лiсапэт; глухасць-звонкасць + прыстаўное г – нуль гука: аруд-гаруд-арут, асцюк-гасцюк-касцюк; глухасць-звонкасць + апазiцыя л-р: караўлотак-караўлодак-калаўротак, глухасць-звонкасць + апазiцыя м-н: кумпяк-кунпяк-кунбяк, глухасць-звонкасць + выпадзенне зычнай: прэндкi-прэнткi-прэнкi i iнш.
Многiя варыянтныя формы запазычанняў адрознiваюцца i галоснымi, i зычнымi гукамi. У гэтых варыянтах прадстаўлена апазiцыя наступных гукаў: а-о + д-дз’: адзiнак-одынак; i-у + прыст. г-: аплiк-гаплiк-аплюк-гаплюк; а-е-у + прыст. г, в-: аргiня-вяргiня-аргiнiя-гаргiня-ергеня-юргiня; а-ы + прыст. г-; армата-гармата, гырмата; а-э + л-л’-н’: балька-балка-бэлька-банька; а-у + а-о + метатеза: барнэлько-брунэлька-бурнэлька; е-i + эпентычны i: бельзiн-бiлiзiн; е-а-i + з-с: беркулёз-бяркулёс-бiркулёз; а-э + г-д + в-в’: ванглiна-вянглiна-венглiна-вэндлiна-вандлiна-ванглiна; а-э + а-ы + дз-з: вандзэлак-ванзэлык-ванзэлак-вэнзэлак; а-э + г-д + в-в’: вэндлярня-вяндлярня-венглярня-вянглярня; е-i-а + в-: вераплан-вiрыплан-вяраплан-яраплан; е-i + к-к’ + к-г: вiнкель-вiнгель-вэнкыль; е-i + прыст. в, г- + р-р’: вогер-огiр -вогiрь-гогэр; а-э-о + прыст. в-: оцат-оцот-оцэт, воцэт-воцат; а-е-у-i-ъ + г-г’: вягел-вягул-вягял-вягала-вягела-вягула-вягiла-вягело-вягъло-вягло; а-э + у-ы + ы + г-: гануш-ганус-гэнус-аныш-ганыш; а-э-ы + д-дз’-р-л’, м-д: гармiдэр-гармiдар-гармiдыр-гармiдаль, гармiдэль-гармiдзель-гардымель; а-о + г-к-с-с’: гарсэт-гарсет-горсэт-карсэт; у-ы + ч-ж-дж + метатэза: гручолы -гружолы-грычолы-гружолы-грычолы-гурджолы-гурчолы; а-е-д-т-г-д: грэбест-грэбязд-грабяст-грэбяст-драбяст-дрэбяст; у-е-о-i + л-л’ + п-п’ + б-п + м-н + б-д: клумпы-клумпi-клумбы-клюмбы-клембы-клёмбы-клёмпы-клёмны-клумны-клонбы-глумбы-глубы-кленды-клiнды; а-е-i-ы + к-х-н-л’ + к-кл + д-дз’: кiндзюк-кiндзюх-кэндюхi-кындюх-кандзюх-кандзюк-кандюх-кендюх-кундзюх-кундзюк-клындзюк-кэндюх-кельдзюх-кендзюх; а-о + а-э + i-ы + в-л-л-л’ + н-м-б-д + п-к + в-б-р: повяндлiцы-палямбiца-палянгвiца-палядныца-поляндыца-полянвiца-паляндрыца-паляндвiца-калямбiца-палэмбiца-полэбныця-паляныця i iнш.
У вынiку фармальнай адаптацыi запазычанняў нярэдка ствараюцца акцэнтныя варыянты, у якiх вар’iруюцца нацiскныя i ненацiскныя галосныя о, а, е: аднаква-аднкава, акнам-аканм, балган-балагн, бурнс-брнас, жарандл-жарндаль, камiнк-камнак, квартл-квртал, махна-мхiна, стальмх- стльмах, сттуй-статй, шфер-шафёр.
Вар’iраванне гукавой абалонкi запазычанняў паказвае розныя этапы iх адаптацыi. Як правiла, адзiн з фанетычных варыянтаў наблiжаны да этымонаў, астатнiя – адлюстроўваюць розныя формы i этапы засваення.
Неабходна адзначыць, што некаторыя лексiка-фанетычныя варыянты запазычанняў утвараюцца не ў вынiку адаптацыi, а па прычыне розных шляхоў запазычвання. Напрыклад, амiн < рус. амин < сяр. грэч. amēn – амэн < пол. amen < лац. amen < грэч. amēn; бранзалет < пол. branzoleta < ням. Branzolette – бруслет (бружлет) < рус. браслет < фр. bracelet; лёкай < пол. lokaj – лакей < рус. лакей < ням. Lakei; рыс < рус. рис – рыш < пол. ryz < снням. ris; саля < пол. sala < iт. sala – зал(а) < рус. зал < свням. Sal.
Асобныя варыянты ўзнiклi ў вынiку запазычвання розных форм адной i той жа мовы-крынiцы або пасрэднiцы (кашмiр – кашамiр < пол. kaszmir, kaszemir < iт. casimiro; тыбель – тэбель < ням.Dobel) або засваення паралельных дыялектных цi лiтаратурнай i дыялектнай форм аднаго слова (гiрса – дырса < лiт. дыял. girsa, dirse; бульвеня – гульбеня < лiт. дыял. gulbiene, лiтар. bulviene).
Такiм чынам, пры фанетычнай адаптацыi адбываюцца разнастайныя гукавыя змены запазычанняў, абумоўленыя iмкненнем прыстасаваць вымаўленне iншамоўнай лексiчнай адзiнкi да фанетыка-фаналагiчнай сiстэмы пэўнай гаворкi. Гэты працэс нарэдка суправаджаецца лексiка-фанетычным вар’iраваннем.
Достарыңызбен бөлісу: |