Разьдзел 15.ПРАВАПІС ІНШЫХ СПАЛУЧЭНЬНЯЎ ЗЫЧНЫХ
НА СУТЫКУ КОРАНЯ Й СУФІКСА -
У групах зычных на сутыку ўтваральнай аснoвы й суфікса: зг н, зд-н, рд(з)-н, рд-ц, рт-н, пт-н, ск-н, сп-н, ст-л (сьць л), ст-н (сьць-н), сьль-н і пад. – сярэднія зычныя выпадаюць і не адлюстроўваюцца на пісьме38: бліснуць (бліск|аць + -нуць), бразнуць (бразг|аць + -нуць), бязьлітасны (літасьць + -ны), гарнуць (гарт|аць + -нуць), карысны (карысьць + -ны), масьніца (мост + ніца), міласэрны (міласэрдз|е + -ны), наўмысны (мысьл|іць + -ны), паснуць (пасп|аць + -нуць), пoсны (пoст + -ны), праезны (праезд + ны), расьліна (рост + -ліна), сэрца (сэрд- + -ца), шапнуць (шэпт + нуць), шчасьлівы (шчасьц|е + -лівы).
Разьдзел 16.ПАДОЎЖАНЫЯ (ПАДВОЙНЫЯ) ЗЫЧНЫЯ -
На канцы асновы ўласнабеларускіх словаў (на месцы старажытных спалучэньняў “зычны + й”) і шэрагу пазычаньняў, а таксама ў іх склонавых формах – паміж галоснымі сьвісьцячыя [з’], [с’], [дз’], [ц’], санорныя [л’], [н’] ды шыпячыя [ж], [ш], [ч] падаўжаюцца й абазначаюцца падвойным напісаньнем адпаведных літараў:
жалезьзе й зялезьзе, палозьзе, боязьзю, дробязьзю, мязьзе (ад мязга), повязьзю; Вязьзе, Падбярэзьзе; таксама ў корані: зьзяць, зазьзяць, зьзяньне;
калосьсе, пераносьсе, восьсю, гусьсю, рысьсю; Палесьсе, зь Беларусьсю;
асяродзьдзе, судзьдзя, стагодзьдзе, медзьдзю, моладзьдзю, роўнядзьдзю; Забродзьдзе, Лодзьдзю, Моўчадзьдзю;
досьвіцьце, жыцьцё, суквецьце, кошуцьцю, памяцьцю, папарацьцю; Забалацьце, Куцьця;
вальлё (побач з вальляк), вясельле, крыльле, бельлю, мадэльлю, сольлю; Заўральле, Краснапольле, Купальле, “Жызэльлю”, таксама ў корані: льлю, пальляце, льляны;
гуканьне, жаданьне, улоньне, казаньню, квеценьню, руньню; Курганьне, Любаньню;
замежжа, збожжа, падарожжа, бездаражжу; Жардзяжжа, Запарожжа;
застрэшша, паддашша, узвышша, увушшу, цішшу; Замошша, Падляшша;
аблічча, крумкаччо, ламачча, далеччу, роспаччу, уваччу; Замасточча, Уручча, Нараччу.
Заўвага. Падвойныя могуць пісацца і ў даўно асвоеных імёнах ды прозьвішчах: Аўгіньня, Вульляна, Гальляш, Ільля, Натальля, Арсеньнева, побач з больш характэрнымі формамі без падваеньня: Аксеня, Аўгіня, Вуляна, Іля, Наталя, Тацяна.
-
Падвойныя літары пішуцца таксама на сутыках:
а) марфэмаў (частак слова);
― прыстаўкі й кораня: аббіць, аддаць, раззлаваць, зьзелянець (але разява, разявіць), іррацыянальны, сюррэалізм, рассыпаць, транссудат, экссудат, сьсячы;
― кораня й суфікса: бытта ‘быццам’, гэтта ‘тут’ (гэт- + -та), мяккі (мяк- + -к-), гадзіньнік (гадзін- + -нік), дрэнны (дрэнь + -н-);
― суфіксаў: аўчыньнік (аўч-ын- + -нік), драўнінны (драўн-ін- + -н-);
― суфікса й постфікса: мыцца, сьпяшаецца, хвалюесься;
б) складоў у выніку фанэтычных менаў: адзінаццаць, дванаццаць, дваццаць, трыццаць39;
в) частак складаных словаў: бэккрос, бургграф, вакуўммэтрыя, оммэтар (вакуўм, ом + мэт(а)р-), двоххадовы, паккамэра, шматтамовы; Бэкінггэм, Бэрггоф, Эбінггаўз (тое ж: Бэкінґгэм, Бэрґгоф, Эбінґгаўз);
г) частак складанаскарочаных словаў: паліттэхналёгіі.
Заўвага А. Прыстаўкі на -д перад наступным коранем, які пачынаецца на дз-, пішуцца нязьменна: аддзел, аддзячыць, паддзець, Наддзьвіньне.
Заўвага Б. Падвойнае напісаньне гг захоўваецца ў выпадку, калі гэтыя літары абазначаюць розныя гукі: Заходнія Ґгаты і Ўсходнія Ґгаты (горы ў Індыі; гінд. ghāt).
-
Падвойныя зычныя нн пішуцца ў суфіксах прыметнікаў40:
― -енн- (-энн-) (значэньне павелічэньня): здаравенны, дабрэнны, страшэнны;
― -нн- (прыметнікі прэдыкатыўнага паходжаньня): задуменны, летуценны, старанны.
У іншых суфіксах прыметнікаў і дзеепрыметнікаў пішацца адна літара н: вогнены (побач з агняны), кроквены; драўляны, драцяны, духмяны, крамяны, мядзяны, палымяны, сьлівяны, ціхмяны, цьмяны, шкляны; акрэсьлены, высьпелены, дагледжаны, замглёны, падахвочаны, прачытаны, прышпілены, сьпяваны, цьвелены.
Заўвага. Суфіксальнае нн трэба адрозьніваць ад выпадкаў падваеньня на сутыку кораня й суфікса: дзень – дзён|ны, імёны – імен|ны, камень – камен|ны, песьня – песен|ны, плён – плён|ны.
Достарыңызбен бөлісу: |