Гісторыя Беларусі


Тэмы дакладаў і рэфератаў



бет19/35
Дата05.07.2016
өлшемі3.24 Mb.
#179947
1   ...   15   16   17   18   19   20   21   22   ...   35

Тэмы дакладаў і рэфератаў:

  1. Моўна-культурная і канфесійная сітуацыя на тэрыторыі Беларусі ў 19 ст.

  2. Станаўленне беларускага нацыянальнага руху ў 19 ст.

  3. Віленскі універсітэт як цэнтр развіцця культуры на землях былога ВКЛ у першай трэці 19 ст.

  4. Полацкая езуіцкая акадэмія (1812-1820): дзейнасць, вынікі.

  5. Гімназіі ў Беларусі 19 ст.

  6. Гісторыка-этнаграфічныя даследаванні 19 ст. і іх роля ў стварэнні перадумоў беларускага нацыянальнага руху.

  7. Польскамоўная літаратура ў Беларусі ў 19 ст.

  8. Гарадскія тэатры ў Беларусі 19 ст.



Тэма 15: Беларусь на пачатку 20 ст.

(рэвалюцыя 1905-1907 гг. і перыяд 1907-1914 гг.).

1. Прычыны і перадумовы рэвалюцыі 1905-1907 гг.

2. Ход, асноўныя этапы і вынікі рэвалюцыі 1905-1907 гг.

3. Эканамічнае развіццё Беларусі на пачатку 20 ст. Сталыпінская аграрная рэформа.

4. Грамадска-палітычнае і культурнае жыццё ў 1907-1914 гг.

5. Беларускі нацыянальны рух у 1905-1914 гг.
15.1. Прычыны і перадумовы рэвалюцыі 1905-1907 гг.

На пачатку 20 ст. Расійская імперыя апынулася ў стане сістэмнага грамадскага крызісу, які выклікаў рэвалюцыю 1905-1907 гг. Асноўнымі прычынамі рэвалюцыі былі глыбокія сацыяльныя праблемы:

1) Праблема дзяржаўна-палітычнага ўладкавання. Дзяржаўна-палітычны лад Расійскай імперыі вызначаўся як абсалютная манархія. Пры фарміраванні і функцыянаванні органаў дзяржаўнай улады адстунічалі элементы выбарнасці, адкрытасці і галосносці. У дзяржаве амаль адсутнічалі грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды; панавала паліцэйска-бюракратычнае самавольства; захоўваўся саслоўны падзел грамадства з рознымі правамі і абавязкамі для прадстаўнікоў розных саслоўяў. Станаўленне элементаў грамадзянскай супольнасці ў выніку капіталістычнай мадэрнізацыі (стварэнне грамадскіх арганізацый у эканамічнай і культурнай сферах, узнікненне элементаў сістэмы мясцовага і гарадскога самакіравання, фарміраванне рабочага руху) патрабавала дэмакратызацыі састарэлай сацыяльна-палітычнай сістэмы.

2) Аграрная праблема. Пераважная большасць насельніцтва пражывала ў вёсцы. Пазямельныя адносіны характарызаваліся перавагай буйнога памешчыцкага землеўладання. Сялянскае малазямелле і звязаныя з ім феадальныя перажыткі, захаванне абшчыны і кругавой парукі, вялікія выкупныя плацяжы і дзяржаўныя падаткі тармазілі развіццё прадукцыйных сіл у сельскай гаспадарцы і замаруджвалі развіццё прамысловасці. Патрэбы мадэрнізацыі грамадства дыктавалі неабходнасць глыбокіх пераўтварэнняў у аграрнай сферы.

3) Нацыянальная праблема. Па меры фарміравання нацый абвастраліся супярэчнасці паміж вялікадзяржаўнай русіфікатарскай палітыкай царызму і залежнымі ад яго народамі, якія цярпелі дыскрымінацыю з боку імперскіх уладаў у розных сферах (палітычнай, эканамічнай, адукацыйнай, рэлігійнай, моўнай і г.д.). Сярод іх у 19 – пачатку 20 стст. фарміруюцца самастойныя нацыянальныя рухі, што патрабавалі стварэння нацыянальнай дзяржаўнасці ў форме аўтаноміі або поўнай незалежнасці (польскі, фінскі, украінскі, літоўскі, латышскі, грузінскі і інш.).

4) Рабочая праблема. Вытворчыя адносіны ў сферы прамысловасці і гандлю суправаджаліся кепскімі ўмовамі жыцця і працы рабочага класа (нізкая аплата працы, працяглы працоўны дзень, дрэнныя бытавыя ўмовы, грамадзянскае бяспраўе). Дадзеныя ўмовы садзейнічалі развіццю рабочага руху і яго паступовай палітызацыі, што патрабавала карэнных пераўтварэнняў у сферы адносін паміж рабочымі і наймальнікамі.

На пачатку 20 ст. дадзеныя сацыяльныя праблемы асабліва абвастрыліся пад уплывам двух фактараў:

1) Сусветны эканамічны крызіс 1900-1903 гг. і эканамічная дэпрэсія 1904-1908 гг., якая наступіла пасля яго. Крызіс стаў наступствам перавытворчасці ва ўмовах прамысловага ўздыму 1890-х гг. Яго праявамі сталі спыненне або скарачэнне вытворчасці на многіх прадпрыемствах, рост беспрацоўя, скарачэнне зарплаты рабочых. Усё гэта садзейнічала ўзрастанню сацыяльнай напружанасці ў грамадстве.

2) Вайна Расійскай імперыі з Японіяй 1904-1905 гг. за перадзел сфер уплыву на Далёкім Усходзе. Ваенныя няўдачы расійскага войска, шматлікія чалавечыя ахвяры садзейнічалі нарастанню грамадскай незадаволенасці.

У 1901-1904 гг. назіраецца сацыяльна-палітычны крызіс царскага рэжыму. Пра гэта сведчаць наступныя з’явы:

1) Развіццё рабочага руху. На працягу 1901 – 1904 гг. значна ўзрасла колькасць рабочых выступленняў; на тэрыторыі Беларусі, у стачках, звязаных з эканамічнымі прычынамі, прыняло ўдзел 20 тыс. чалавек. Адметнай рысай рабочага руху ў 1901 – 1904 гг. становіцца яго палітызацыя: у стачках, звязаных з палітычнымі прычынамі, у 1901 – 1904 гг. на тэрыторыі Беларусі прыняло ўдзел 34 тыс. чалавек.

2) Актывізацыя рэвалюцыйнага палітычнага руху. У 1901 – 1904 гг. узрастае ўплыў рэвалюцыйных партый і арганізацый. Ва ўсіх значных гарадах і некаторых мястэчках дзейнічалі арганізацыі ПСР, РСДРП, Бунда, ППС на Літве, БСГ, групы анархістаў. Рэвалюцыйныя суполкі актыўна ўдзельнічалі ў арганізацыі стачак, палітычных дэманстрацый і маніфестацый; узрасла іх прапагандысцкая актыўнасць.

3) Палітыка лавіраванняў з боку царскай улады. Царызм з мэтай змяншэння грамадскай незадаволенасці пайшоў на правядзенне некаторых рэформ у розных сферах сацыяльнага жыцця: увядзенне рабочага заканадаўства ў дробнай і рамеснай прамысловасці, скасаванне кругавой парукі сялян пры спагнанні падаткаў 1903 г., адмена цялесных пакаранняў для сялян 1904 г. З мэтай нейтралізаваць уплыў рэвалюцыйнага руху ажыццяўлялася падтрымка кантралюемых ўладамі грамадскіх рухаў, да якіх належыць залічыць “паліцэйскі сацыялізм” і сіянізм.

Паліцэйскі сацыялізм” уяўляў з сябе арганізацыю некаторымі прадстаўнікамі ўлады рабочых саюзаў, якія ставілі сваёй задачай забеспячэнне элементарных эканамічных і культурных патрабаванняў рабочых, каб тым самым ізаляваць іх ад палітычнай барацьбы. Паколькі ў Беларусі колькасна пераважаў яўрэйскі пралетарыят, “паліцэйскі сацыялізм” укараняўся перадусім сярод яўрэйскіх рабочых. У 1901-1903 гг. у Мінску, Вільні і Адэсе ў дадзеным накірунку дзейнічала Яўрэйская незалежная рабочая партыя, якая на кароткі час атрымала дастаткова значны ўплыў.



Сіянізм узнікае ў канцы 19 ст. і уяўляе з сябе сусветны рух яўрэяў за вяртанне ў Палесціну і ўтварэнне там яўрэйскай дзяржавы. Сіяністы прапагандавалі ідэі аб богаабранасці яўрэйскага народа і шкоднасці для яго нацыянальных інтарэсаў удзелу ў грамадска-палітычным руху краін дыяспары. У сувязі з гэтым царызм не перашкаджаў дзейнасці сіяністаў і спрабаваў яго выкарыстаць для пераадолення ўплыву рэвалюцыйных арганізацый сярод яўрэйскіх рабочых. У 1902 г. з дазволу ўлад у Мінску адбыўся усерасійскі сіянісцкі з’езд. Аднак колькасны рост сіянізму прывёў да фарміравання ў ім радыкальных плыняў. У сувязі з гэтым прапаганда сіянізму ў Расійскай імперыі летам 1903 г. была забаронена.

Такім чынам, на пачатку 20 ст. на землях Беларусі назіралася сітуацыя грамадска-палітычнага крызісу, выкліканага цэлым шэрагам сацыяльных праблем, які прывёў да рэвалюцыі 1905-1907 гг.
15.2. Ход, асноўныя этапы і вынікі рэвалюцыі 1905-1907 гг.

Непасрэдным пачаткам рэвалюцыі сталі падзеі 9 студзеня 1905 г. у Пецярбургу (“Крывавая нядзеля”). У гэты дзень адбылося 140-тысячнае мірнае шэсце рабочых да царскага палаца па ініцыятыве лідэра рабочай арганізацыі, створанай першапачаткова ў духу “паліцэйскага сацыялізму”, Г. Гапона з патрабаваннямі дэмакратычных рэформ, спынення вайны з Японіяй і паляпшэння матэрыяльнага становішча пралетарыяту. Паводле загаду царскіх улад шэсце было расстраляна, у выніку чаго загінула звыш 1 тыс. чалавек. Вестка пра гэтыя падзеі выклікала шырокае грамадскае абурэнне, якое стала пачаткам масавых рэвалюцыйных дзеянняў.

Рэвалюцыя 1905-1907 гг. у Расійскай імперыі, у тым ліку і ў Беларусі, у сваім развіцці прайшла праз некалькі этапаў:

Першы этап працягваўся са студзеня па верасень 1905 г. Ён характарызаваўся паступовым нарастаннем рэвалюцыйнага руху, галоўнай формай якога з’яўляліся палітычныя стачкі і вулічныя выступленні (дэманстрацыі, мітынгі, маніфестацыі).

На тэрыторыі Беларусі рэвалюцыя пачынаецца ў студзені 1905 г. з правядзення забастовак салідарнасці з пецярбургскімі рабочымі, што ахапілі 30 гарадоў і мястэчак і суправаджаліся масавымі дэманстрацыямі і мітынгамі. У забастоўках салідарнасці ў Беларусі прынялі ўдзел каля 34 тыс. чалавек. У лютым-сакавіку 1905 г. хваля палітычных выступленняў рэзка знізілася, але ў красавіку-чэрвені назіраецца новы ўздым, звязаны са святкаваннем 1 Мая, а таксама з пратэстамі супраць рэпрэсій царскага ўрада. У палітычных стачках у гэтыя месяцы ўдзельнічала каля 100 тыс. чалавек. У Пінску ў красавіку 1905 г. палітычная забастоўка набыла ўсеагульны характар. У антыўрадавых палітычных выступленнях у гарадах Беларусі прымалі ўдзел прадстаўнікі розных сацыяльных слаёў: рабочыя, служачыя, рамеснікі, дробныя гандляры, інтэлігенцыя, вучнёўская моладзь.

Адначасова з палітычнымі выступленнямі назіраўся ўздым эканамічных стачак рабочых з патрабаваннямі скарачэння працоўнага дня, павелічэння заработнай платы, паляпшэння ўмоў працы, дапушчэння ўдзелу сваіх прадстаўнікоў у вырашэнні пытанняў, звязаных з устанаўленнем расцэнак, прыёмам і звальненнем з працы і інш. У выніку забастовак, праведзеных вясной і летам 1905 г., рабочыя Беларусі ў многіх выпадках дамагліся істотнага павышэння заробкаў, скарачэння працоўнага дня да 9-10 гадзін, абмежавання самавольства ўласнікаў прадпрыемстваў і г.д.

Паступова рэвалюцыйныя хваляванні перакінуліся ў вёску. У студзені-чэрвені 1905 г. у Беларусі адбылося 290 сялянскіх выступленняў. Паводле прыкладу прамысловых рабочых арганізоўваюцца забастоўкі сельскагаспадарчых рабочых у памешчыцкіх маёнтках з патрабаваннямі павелічэння зарплаты і скарачэння працоўнага дня. Найбольш значнай сярод іх была забастоўка сялян-падзёншчыкаў і батракоў у чэрвені 1905 г. у маёнтках Навагрудскага павета.

Летам 1905 г. рэвалюцыйны рух ахапіў амаль усе рэгіёны Расійскай імперыі. У некаторых гарадах адбыліся масавыя антыўрадавыя выступленні (Варшава, Лодзь, Іванава-Вазнясенск, Адэса). У чэрвені выбухнула паўстанне матросаў Чарнаморскага флота на браняносцы “Пацёмкін”. Дадзеныя падзеі вымусілі царскі ўрад дэклараваць пэўныя саступкі. 6 жніўня 1905 г. цар Мікалай ІІ падпісаў маніфест аб заснаванні Дзяржаўнай думы, праект якой быў распрацаваны міністрам унутраных спраў А.Р. Булыгіным (адсюль назва “булыгінская дума”). Дзяржаўная дума павінна была стаць прадстаўнічым органам, прызначаным для абмеркавання праектаў законаў, бюджэту і г.д. і падачы рэкамендацый, аднак яна не мела права самастойнага прыняцця законаў, што заставалася прэрагатывай імператара. Выбары ў думу былі шматступеннымі, а прадстаўніцтва розных сацыяльных слаёў непрапарцыянальнае; большая частка насельніцтва наогул была пазбаўлена выбарчых правоў. Усе рэвалюцыйныя і частка ліберальных арганізацый заклікалі да байкоту выбараў у “булыгінскую думу”. У цэлым хваля рэвалюцыйных выступленняў у жніўні-верасні 1905 г. значна зменшылася.

Другі этап прыходзіўся на кастрычнік-снежань 1905 г. Для яго характэрны найвышэйшы ўздым рэвалюцыі, адзначаны масавымі антыўрадавымі выступленнямі. 7-17 кастрычніка па ўсёй імперыі разгарнулася Усерасійская палітычная стачка, якая пачалася з усеагульнай стачкі чыгуначнікаў. У межах усёй дзяржавы спыніліся чыгункі, большасць прамысловых прадпрыемстваў, амаль не працавала сувязь. Стачка адбывалася пад лозунгам ліквідацыі самадзяржаўя і ўстанаўлення дэмакратычнай рэспублікі. На тэрыторыі Беларусі стачка распаўсюдзілася на 32 населеныя пункты; у ёй удзельнічала толькі ў прамысловасці каля 66 тыс. чалавек. На ўзроўні асобных буйных прадпрыемстваў і некаторых чыгуначных вузлоў стачкай кіравалі выбраныя рабочымі стачачныя камітэты. Рэвалюцыйныя арганізацыі для каардынацыі дзеянняў на ўзроўні гарадоў ўтваралі кааліцыйныя саветы і камісіі. Стачка суправаджалася масавымі мітынгамі і дэманстрацыямі.

Ва ўмовах нарастання рэвалюцыйнага руху цар Мікалай ІІ падпісаў маніфест 17 кастрычніка, паводле якога Дзяржаўная дума надзялялася заканадаўчымі паўнамоцтвамі, пашыраўся кантынгент выбаршчыкаў, абвяшчалася ўвядзенне дэмакратычных свабод: слова, друку, сходаў, саюзаў, сумлення і г.д. Пасля абвяшчэння маніфеста наступіла некаторая лібералізацыя грамадскага жыцця: адбывалася стварэнне новых палітычных партый і грамадскіх арганізацый, былі легалізаваны некаторыя нізавыя арганізацыі рэвалюцыйных партый, пачалі легальна выходзіць апазіцыйныя друкаваныя выданні. У той жа час царызм спалучаў палітыку саступак рэвалюцыйнаму руху з рэпрэсіямі. Так, 18 кастрычніка 1905 г., паводле распараджэння мінскага губернатара Курлова, у Мінску быў расстраляны масавы 20-тысячны мітынг, у выніку чаго загінула каля 100 чалавек.

Нягледзячы на спыненне ўсеагульнай стачкі рэвалюцыйныя выступленні ў краіне працягваліся. У снежні 1905 г. адбылася новая Усерасійская палітычная стачка, якая пачалася зноў з усеагульнай стачкі чыгуначнікаў. У Маскве і некаторых іншых расійскіх гарадах яна перарасла ва ўзброенае паўстанне. У Беларусі стачка ахапіла 17 гарадоў і мястэчак; у ёй удзельнічалі каля 44 тыс. чалавек. На чале стачкі знахадзіліся чыгуначныя камітэты і кааліцыйныя саветы рэвалюцыйных арганізацый. Найбольш значныя выступленні ў гэты час адбыліся ў Баранавічах і Гомелі. У кастрычніку-снежні 1905 г. назіраўся значны ўздым сялянскага руху: за два месяцы ў Беларусі былі зафіксаваны 494 сялянскія выступленні. У Гродне, Брэсце і Бабруйску адбываліся хваляванні салдат.

Царызму ўдалося задушыць снежаньскія выступленні ў гарадах і сялянскія хваляванні з дапамогай войска і паліцыі. Былі праведзены жорсткія рэпрэсіі, зачынены многія апазіцыйныя выданні. У той жа час царскія ўлады, імкнучыся ўмацаваць сваё становішча, ішлі на некаторыя саступкі рэвалюцыйнаму руху. У снежні 1905 г. была адменена крымінальная адказнасць за ўдзел у стачках; у сакавіку 1906 г. дазволена дзейнасць прафесійных саюзаў рабочых. 11 снежня 1905 г. быў абвешчаны закон аб выбарах у першы расійскі парламенцкі орган улады – Дзяржаўную думу.



Трэці этап рэвалюцыі працягваўся са студзеня 1906 г. да чэрвеня 1907 г. Яго адметнасцю сталі дзве тэндэнцыі: паступовае затуханне стачачнага руху і вулічных выступленняў і перанясенне палітычнай барацьбы ў парламент.

Пасля разгрому рэвалюцыйных выступленняў канца 1905 г. галоўная ўвага грамадскасці была засяроджана на выбарах у І Дзяржаўную думу, з якой многія звязвалі надзеі на правядзенне грамадскіх рэформ. Паводле закона аб выбарах, шматлікія катэгорыі ніжэйшых слаёў насельніцтва, а таксама жанчыны, былі пазбаўлены выбарчага права. Выбары былі няроўныя і шматступеньчатыя. Усе выбаршчыкі ў залежнасці ад саслоўнай прыналежнасці падзяляліся на курыі; прадстаўніцтва ад курый было арганізавана такім чынам, што фактычна 1 голас двараніна быў роўны 3,5 галасам гарадской буржуазіі, 15 галасам сялян і 45 галасам рабочых.

На пачатак 1906 г. у грамадска-палітычным жыцці Беларусі выразна былі выяўлены 3 палітычныя блокі: правы (кансерватыўны), цэнтрысцкі (ліберальны), левы (рэвалюцыйна-дэмакратычны).

Да правага блоку належалі ў першую чаргу Саюз рускага народа (чарнасоценцы) і Саюз 17 кастрычніка (акцябрысты). У Беларусі арганізацыі дадзеных партый узніклі амаль ва ўсіх значных гарадах і некаторых мястэчках. На чале іх знаходзіліся рускія чыноўнікі-дваране і праваслаўнае духавенства. У той жа час у склад арганізацый уваходзілі і манархічна настроеныя прадстаўнікі ніжэйшых слаёў грамадства. У аснове ідэалогіі дадзеных партый знаходзіліся манархізм і рускі нацыянал-шавінізм, які культываваў варожасць да нярускіх народаў, у першую чаргу яўрэяў (галоўны лозунг “Расія для рускіх”). На землях Беларусі правыя сілы лічылі сваёй апорай праваслаўнае насельніцтва, якое абвяшчалася рускім. Ва ўсіх сацыяльных праблемах, з якімі сутыкалася “рускае” насельніцтва вінаватымі абвяшчаліся яўрэі і католікі-палякі, з імі ж атаясамліваліся і рэвалюцыйныя сілы. Пад уплывам чарнасоценнай агітацыі адбыліся яўрэйскія пагромы ў Мінску (загінулі 54 чалавекі), Гомелі, Беластоку, Оршы, Рэчыцы; ажыццяўляліся напады на антыўрадавыя дэманстрацыі і мітынгі, забойствы рэвалюцыйных дзеячоў.

Галоўнай сілай цэнтрысцкага, ліберальнага блоку з’яўлялася Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя народнай свабоды (кадэты), якая ўзнікла ў кастрычніку 1905 г. У аснове ідэалогіі дадзенай партыі знаходзіўся лібералізм. У праграме кадэтаў змяшчаліся наступныя асноўныя ідэі:


  • эвалюцыйная трансфармацыя Расійскай імперыі ў канстытуцыйную манархію;

  • станаўленне і развіццё дэмакратычных грамадзянскіх і палітычных свабод; ліквідацыя саслоўных і нацыянальных абмежаванняў;

  • развіццё мясцовага самакіравання, наданне народам імперыі нацыянальна-культурнай аўтаноміі (права на дзяржаўную аўтаномію прызнавалася толькі за Фінляндыяй і Польшчай);

  • вырашэнне аграрнай праблемы шляхам частковага пераразмеркавання памешчыцкай зямлі на карысць сялян.

У Расіі аснову кадэцкай партыі складалі дзеячы земстваў і акадэмічная інтэлігенцыя. У Беларусі з-за адсутнасці земстваў і вышэйшых навучальных устаноў невялікія групы кадэтаў узніклі толькі ў Маглёве і Пінску. Аднак кадэтаў падтрымлівалі тут яўрэйскія ліберальныя арганізацыі (Саюз дасягнення раўнапраўя яўрэяў у Расіі і інш.), сіяністы. Да ліберальнага блоку належала таксама Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Беларусі і Літвы, створаная ў пачатку 1906 г. па ініцыятыве каталіцкага духавенства. Яе дзейнасць разгортвалася пераважна ў Віленскай губерні. Праграма партыі была блізкай да кадэцкай, аднак упор у ёй рабіўся на неабходнасці шырокага мясцовага самакіравання на землях Беларусі і Літвы, абароне свабоды каталіцкага веравызнання; у адрозненне ад кадэтаў абвяшчалася непахіснасць памешчыцкага землеўладання. Усе ліберальныя арганізацыі лічылі неабходным для дасягнення сваіх мэт актыўна ўдзельнічаць у парламенцкай дзейнасці.

Рэвалюцыйна-дэмакратычны блок прадстаўлялі левыя партыі і арганізацыі (РСДРП, ПСР, Бунд, ППС на Літве, БСГ, анархісты). Нягледзячы на ідэйныя адрозненні паміж імі, усе яны выступалі за рэвалюцыйнае звяржэнне самадзяржаўя і правядзенне карэнных грамадскіх рэформ у духу ідэй сацыялізму. Будучае паслярэвалюцыйнае дзяржаўна-палітычнае ўладкаванне большасць рэвалюцыйных арганізацый бачыла як федэрацыю раўнапраўных дэмакратычных рэспублік. Паводле аграрнага пытання левыя сілы выступалі за поўную ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу зямлі сялянам. Выбары ў І Дзяржаўную думу яны байкатавалі, адзначаючы недэмакратычнасць выбарчага заканадаўства і спадзеючыся на новы ўздым масавых выступленняў.

На выбарах у І Дзяржаўную думу ад Беларусі было абрана 36 дэпутатаў, сярод якіх было 29 прадстаўнікоў ліберальных сіл. Ва ўмовах байкоту выбараў левымі гэта сведчыла пра апазіцыйнасць грамадскіх настрояў у Беларусі ў цэлым. І Дума пачала працаваць у красавіку 1906 г. Буйнейшай фракцыяй у ёй стала кадэцкая. Група сялянскіх дэпутатаў ўтварыла больш левую фракцыю трудавікоў. Многія дэпутаты ад нацыянальных ускраін імперыі, у тым ліку ад Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі, далучыліся да фракцыі аўтанамістаў. Правыя сілы апынуліся ў яўнай меншасці. У цэнтры думскіх дэбатаў паўстала аграрнае пытанне. Былі прадстаўлены два асноўныя законапраекты: кадэцкі, які прадугледжваў частковую перадачу памешчыцкіх і дзяржаўных зямель сялянам, і фракцыі трудавікоў, згодна з якім памешчыцкае землеўладанне скасоўвалася, праводзілася перадача зямлі ў грамадскі фонд, з якога яна размяркоўвалася паміж сялянамі паводле ўраўняльнага прынцыпу. Для царызму падобныя праекты былі непрымальныя. Дэпутаты Думы абвясцілі недавер царскаму ўраду і патрабавалі яго адстаўкі. У адказ цар 9 ліпеня 1906 г. разагнаў Думу, абвясціўшы пры гэтым аб новых выбарах.

Падчас працы І Думы вясной-летам 1906 г. назіраецца некаторы ўздым рэвалюцыйнага, рабочага і сялянскага руху. Спадзеючыся на яго рост, частка дэпутатаў разагнанай Думы 10 ліпеня 1906 г. выдала адозву да народа (“Выбаргская адозва”), у якой заклікала да масавага грамадзянскага непадпарадкавання. Аднак масавага руху не адбылося, галоўнай прычынай чаго стала палітыка рэпрэсій, якую стаў актыўна праводзіць царскі ўрад на чале з П.А. Сталыпіным. Паводле яго распараджэнняў, ствараліся ваенна-палявыя суды, якія ў паскораным парадку вялі справы супраць удзельнікаў рэвалюцыйных выступленняў; шырока практыкавалася пакаранне смерцю. Падвяргаліся пераследам апазіцыйныя партыі, прафсаюзы, незалежныя перыядычныя выданні.

У падобных умовах праходзілі выбары ў ІІ Дзяржаўную думу. Левыя сілы з-за правалу байкоту ў І Думу таксама ўдзельнічалі ў іх. На вынікі выбараў істотна паўплывалі адміністрацыйны націск і шырокая прапаганда з боку правых. Сярод 36 дэпутатаў, абраных ад Беларусі, 15 належалі да правага блока, 11 – да аўтанамістаў, 2 – да кадэтаў, 8 былі беспартыйнымі. Ніводзін кандыдат ад левых сіл у Думу не трапіў.

Аднак у цэлым у ІІ Дзяржаўнай думе, якая пачала працу 20 лютага 1907 г., пераважалі левыя; кадэты і аўтанамісты ўтваралі ўплывовыя цэнтрысцкія фракцыі; правыя знаходзіліся ў меншасці. У такіх умовах Дума спрабавала вырашыць тыя пытанні, якія стаялі і перад І Думай, што хутка прывяло дя яе канфлікту з царскім урадам. Улічваючы істотны спад рэвалюцыйнага руху, цар 3 чэрвеня 1907 г. разагнаў Думу і выдаў новы выбарчы закон. Паводле гэтага закону шматступенчатая сістэма выбараў была перапрацавана такім чынам, што надавала яўную перавагу дваранскаму прадстаўніцтву (1 голас двараніна фактычна быў роўны 4 галасам гарадской буржуазіі, 260 галасам сялян, 543 галасам рабочых). Гэтая падзея азначала канец рэвалюцыі 1905-1907 гг.

Такім чынам, рэвалюцыя 1905-1907 гг., паводле меркавання большасці гісторыкаў, з’яўлялася буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыяй, паколькі была накіравана на стварэнне ўмоў для больш хуткага развіцця капіталістычных адносін у эканоміцы і дэмакратызацыі грамадска-палітычнай сістэмы.

У цэлым рэвалюцыя 1905-1907 гг. пацярпела паражэнне, паколькі не здолела змяніць асновы сацыяльна-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага ладу, не змагла вырашыць галоўныя сацыяльныя праблемы, якія з’яўляліся прычынамі рэвалюцыі. Аднак у выніку рэвалюцыі царызмам былі праведзены некаторыя пераўтварэнні, накіраваныя на змякчэнне дадзеных праблем:

- стварэнне агульнадзяржаўнага органа парламенцкай улады, які некалькі абмяжоўваў царскі абсалютызм;

- абвяшчэнне грамадзянскіх і палітычных правоў і свабод – слова, друку, правядзення сходаў, стварэння палітычных партый і грамадскіх арганізацый (аднак не ў поўным аб’ёме і без гарантый іх захавання);

- адмена з 1907 г. выкупных плацяжоў для сялянства; некаторае абмежаванне чыноўніцкага і памешчыцкага самавольсва ў вёсцы;

- паляпшэнне рабочага заканадаўства; дазвол на дзейнасць прафсаюзаў;

- дазвол на выкарыстанне ў друку і часткова ў сферы адукацыі моў нацыянальных меншасцяў Расійскай імперыі.



Аднак дадзеныя мерапрыемствы здолелі толькі часткова зменшыць грамадскія супярэчнасці, якія ў цэлым заставаліся нявырашанымі і стваралі глебу для будучых сацыяльных канфліктаў.
15.3. Эканамічнае развіццё Беларусі на пачатку 20 ст. Сталыпінская агарарная рэформа.

У эканоміцы Беларусі на пачатку 20 ст. па-ранейшаму галоўнай сферай заставалася сельская гаспадарка. Аграрная праблема была ў ліку найбольш вострых як у Беларусі, так і ў цэлым у Расійскай імперыі, пра што сведчыў моцны выбух сялянскага руху падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. Усё гэта абумовіла правядзенне царскім урадам аграрнай рэформы, накіраванай на паскарэнне развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы, павышэнне яе прадукцыйнасці, а таксама стварэнне ў вёсцы новай апоры царызму з ліку прадпрымальных заможных сялян. Указ аб правядзенні рэформы быў выдадзены 9 лістапада 1906 г. Паколькі яе галоўным ініцыятарам з’яўляўся кіраўнік царскага ўрада П.А. Сталыпін, яна атрымала назву сталыпінскай. Рэформа ўключала ў сябе наступныя накірункі:

- замацаванне за сялянамі права на выхад з абшчыны і пераход зямельных надзелаў, якія імі апрацоўваліся, у прыватную ўласнасць;

- наданне сялянам права аб’ядноўваць надзелы, якія імі апрацоўваліся ва ўмовах цераспалосіцы, у адзіным комплексе (водруб), або ўвогуле высяляцца з вёскі і фарміраваць асобную сядзібу з прылеглымі да яе сельскагаспадарчымі ўгоддзямі (хутар);

- арганізацыя мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё агратэхнікі, меліярацыі, распаўсюджанне сельскагаспадарчых машын і абсталявання, падрыхтоўку аграномаў, заатэхнікаў, ветэрынараў, заахвочванне развіцця сельскагаспадарчай кааперацыі;

- матэрыяльная падтрымка заможнага сялянства ў набыцці зямлі, сельскагаспадарчых машын, увядзенні перадавых форм гаспадарання, у першую чаргу шляхам выдачы крэдытаў праз Сялянскі пазямельны банк;

- арганізацыя перасялення сялян на свабодныя землі Сібіры, Цэнтральнай Азіі і Далёкага Усходу з мэтай змяншэння сялянскага малазямелля ў еўрапейскай частцы імперыі;

- адмена для сялян абмежаванняў на свабодны выбар пастаяннага месца жыхарства, паступленне ў сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Спецыфіка сітуацыі ў Беларусі складалася ў тым, што ў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях абшчына на той час ужо не існавала, таму праблема фарміравання сялянскай прыватнай зямельнай уласнасці тут была неактуальнай. Рэформа праводзілася пераважна на тэрыторыі Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Блізкасць гэтых губерняў да тэрыторый з падворным землекарыстаннем, а таксама адносна высокі ўзровень развіцця рыначных адносін у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расійскай імперыі абумовілі тут высокія тэмпы правядзення рэформы.

Правядзенне рэформы ажыццяўлялася губернскімі і павятовымі землеўпарадкавальнымі камісіямі. У некаторых месцах разбурэнне абшчыны адбывалася з дапамогай прымусовых сродкаў, што выклікала незадаволенасць сялянства. У цэлым у выхадзе з абшчыны былі зацікаўлены ў першую чаргу заможныя і бяднейшыя сяляне. Першыя – для таго, каб стварыць умовы для больш эфектыўнага вядзення гаспадаркі; другія – для таго, каб атрымаць магчымасць продажу сваіх невялікіх надзелаў і знайсці больш выгадныя для сябе ўмовы продажу рабочай сілы (у прамысловасці, гандлі і г.д.). Сярэдняе сялянства было пераважна непрыхільна настроена ў адносінах да рэформы і выступала за захаванне абшчыны.

Ажыццяўленне рэформы прыходзілася на 1906-1916 гг. За гэты перыяд яна прынесла наступныя вынікі:

1) Да 1915 г. 48% сялян Магілёўскай і Віцебскай губерняў пакінулі абшчыну і замацавалі свае зямельныя надзелы ў прыватную ўласнасць (для параўнання: у Расійскай імперыі ў цэлым – 22%).

2) Да 1916 г. на хутары ў беларускіх губернях перасялілася 12% сялян (у Расійскай імперыі ў цэлым – 10%).

3) На працягу 1906-1916 гг. актыўна праходзіў працэс продажу часткі памешчыцкіх зямель ва ўласнасць заможным сялянам, купцам і мяшчанам.

4) Да 1914 г. з беларускіх губерняў у Сібір і Цэнтральную Азію перасялілася каля 350 тыс. чалавек (з іх вярнулася каля 10%); паскорыўся працэс перасялення сялян у гарады Расійскай імперыі, а таксама ў краіны Заходняй Еўропы і Амерыкі (за 1903-1913 гг. з беларускіх зямель за мяжу эмігравала каля 1,5 млн. чалавек, з якіх вярнулася на радзіму каля 600 тыс.).

5) Умацаванне капіталістычнай сістэмы гаспадарання ў памешчыцкіх зяельных уладаннях; узрастанне колькасці наёмных сельскагаспадарчых рабочых (да 1914 г. у сельскай гаспадарцы на аснове капіталістычнага найму працавала каля 200 тыс. рабочых).

6) Узмацненне сацыяльнага расслаення сярод сялянства. На пачатак Першай сусветнай вайны незаможнае сялянства складала каля 68% двароў, сярэдняе – 20%, заможнае – 12%.

7) Паскарэнне тэхнічнай мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі, паляпшэнне агратэхнікі, развіццё сельскагаспадарчай кааперацыі, значнае павелічэнне колькасці сельскагаспадарчых спецыялістаў.

8) Развіццё таварна-грашовых рыначных сувязяў у сельскай гаспадарцы; рост сельскагаспадарчага экспарту. Умацоўваецца спецыялізацыя сельскай гаспадаркі Беларусі на такіх галінах як бульбаводства, ільноводства, мяса-малочная жывёлагадоўля.

Сталыпінская аграрная рэформа была перарвана ў сувязі з Першай сусветнай вайной. Праведзеныя ў яе межах мерапрыемствы садзейнічалі развіццю рыначных капіталістычных адносін у сельскай гаспадарцы. Аднак дадзеныя працэсы не маглі карэнным чынам паскорыць мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі, галоўнымі прычынамі чаго з’яўляліся захаванне буйнога памешчыцкага землеўладання і сялянскае малазямелле. Таму рэформа толькі часткова зменшыла вастрыню аграрнай праблемы.

У прамысловасці Беларусі пасля працяглай эканамічнай дэпрэсіі 1904-1908 гг. адбываецца прамысловы ўздым 1909-1914 г. Сярэднегадовыя тэмпы росту прамысловай прадукцыі складалі 13,9%. Яго асноўнымі прычынамі з’яўляліся:

- сусветныя эканамічныя працэсы, звязаныя з выхадам сусветнай эканомікі з дэпрэсіі і пачаткам яе росту, што выклікала агульнае павелічэнне попыту на прамысловую прадукцыю;

- пашырэнне ўнутранага рынку, што было звязана з больш хуткім ў параўнанні з папярэднімі часамі ўцягваннем сельскай гаспадаркі ў таварна-грашовыя рыначныя адносіны ва ўмовах сталыпінскай аграрнай рэформы;

- падрыхтоўка царызму да буйной вайны, што садзейнічала росту капіталаўкладанняў і заказаў у прамысловасці.

Прамысловы ўздым выклікаў наступныя працэсы ў прамысловасці Беларусі:

1) Канцэнтрацыя вытворчасці: Адбываецца паскораны рост буйной фабрычна-заводскай прамысловасці. За перыяд 1900-1913 гг удзельная вага вырабленай на буйных прадпремствах прадукцыі ўзрасла з 33% да 46,5%. Сярод буйнейшых прадпрыемстваў, што ўзніклі ў пачатку 20 ст., можна назваць мінскую шпалерную фабрыку, абутковую фабрыку “Арол” у Мінску, шклозавод “Неман” у Лідскім павеце. Дынаміка суадносін буйной, дробнай і рамесна-саматужнай прамысловасці адлюстравана ў наступнай табліцы.


Прамысловыя прадпрыемствы

Колькасць прадпрыемстваў

Колькасць рабочых,

тыс. чал.



Валавая прадукцыя,

млн. руб.



1900

1913

1913, % да 1900

1900

1913

1913, % да 1900

1900

1913

1913, % да 1900

Буйная

799 (0,9%)

1282 (1,3%)

161,2

31,1 (17,7%)

54,9 (22,9%)

176,5

38,4 (33,0%)

88,3

(46,5%)


229,6

Дробная

7297 (8,6%)

7778 (7,8%)

106,6

14,8 (8,5%)

16,0 (6,7%)

108,1

10,7 (9,2%)

11,7 (6,2%)

110,0

Рамесна-саматужная

77050 (90,5%)

90763 (90,9%)

117,8

129,2 (73,8%)

168,8 (70,4%)

130,6

67,3 (57,8%)

89,8 (47,3%)

163,1

Усяго

85146

99823

117,2

175,1

239,7

136,9

119,4

189,8

163,1

2) Канцэнтрацыя капіталу: Адбываецца працэс стварэння новых прадпрыемстваў у выніку злучэння капіталаў розных уладальнікаў шляхам арганізацыі акцыянерных таварыстваў. У 1914 г. у Беларусі дзейнічалі 34 акцыянерныя прадпрыемствы, палова з якіх узнікла ў перыяд 1908 – 1914 гг. З 1900 да 1913 г. аб’ём вытворчасці на акцыянерных прадпрыемствах Беларусі павялічыўся ў 5,2 разы. Адначасова з’яўляюцца манапалістычныя аб’яднанні – аб’яднанні некалькіх прадпрыемстваў пэўнай галіны вытворчасці для дасягнення кантролю над рынкамі сыравіны, збыту і цэнамі на прадукцыю. У Беларусі найбольш хутка працэсы манапалізацыі праходзілі ў лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці. Да ліку буйнейшых манаполій належалі Камітэт запалкавых фабрыкантаў Заходняга краю, Саюз лесапрамыслоўцаў Паўночна-Заходняга краю і інш. Некаторыя з іх уваходзілі ва ўсерасійскія манапалістычныя групы.

3) Рост замежных інвестыцый: Замежны капітал (нямецкі, аўстрыйскі, французскі, бельгійскі, амерыканскі) стаў актыўна пранікаць у прамысловасць Беларусі, асабліва ў лесараспрацоўку. У 1913 г. яго ўдзельная вага ў валавой прадукцыі буйной прамысловасці складала 6,7%.

4) Узмацненне ролі ў прамысловай вытворчасці банкаўскага капіталу: Да 1914 г. на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі аддзяленні Дзяржаўнага і 18 камерцыйных банкаў, з якіх найбольш буйнымі былі аддзяленні Руска-Азіяцкага, Азова-Данскога, Руска-Французскага, Віленскага камерцыйнага банкаў. Праз прыватныя банкірскія канторы, што выступалі ў ролі пасярэднікаў, ажыццяўляліся інвестыцыі банкаў у прамысловасць. Аб’ём банкаўскіх інвестыцый у эканоміку за 1902-1914 гг. узрос у 5,2 разы.

5) Рост рабочага класа ў прамысловасці (239,7 тыс. чалавек на 1913 г.); павелічэнне сярод яго долі кваліфікаваных рабочых; некаторае паляпшэнне матэрыяльнага становішча рабочых.

У структуры прамысловасці Беларусі найбольш хутка развіваліся і мелі перавагу галіны, заснаваныя на перапрацоўцы мясцовай сыравіны: харчовая, дрэваапрацоўчая, шкляная, тэкстыльная, гарбарна-абутковая.

У цэлым, нягледзячы на рост канцэнтрацыі вытворчасці і капіталу, у прамысловасці Беларусі пераважала дробная і рамесна-саматужная вытворчасць, якая давала 53,5% усёй прамысловай прадукцыі (для параўнання: у Расійскай імперыі ў цэлым – 31,4%). У 1913 г. у Беларусі на душу насельніцтва прыпадала амаль у 2 разы менш прамысловай прадукцыі, чым у Расійскай імперыі. У структуры нацыянальнага даходу Беларусі на 1913 г. доля прамысловасці складала толькі 20,4%.

Развіццё прамысловасці і сельскай гаспадаркі Беларусі абумовіла пашырэнне транспартнай сістэмы. Працягвалася чыгуначнае будаўніцтва. Самай вялікай чыгуначнай лініяй, пабудаванай на пачатку 20 ст., з’яўлялася лінія Балагое-Полацк-Маладзечна-Седлецк.

У гандлі Беларусі хутка павялічвалася роля аптовага і рознічнага таваразвароту, які выцясняў кірмашы і базары. Ішоў працэс канцэнтрацыі гандлёвага капіталу: у 1913 г. у Беларусі налічвалася 220 гандлёвых дамоў і акцыянерных таварыстваў. Узрастала значэнне банкаў у правядзенні гандлёвых аперацый. Пашыраліся знешнегандлёвыя сувязі: асноўнымі прадметамі экспарту выступалі лес, лён, мяса-малочная прадукцыя; імпарту – прадукты прамысловай вытворчасці.

Развіццё прамысловасці і гандлю абумовіла далейшы рост гарадоў. На пачатку 20 ст. у якасці буйнейшых гандлёва-прамысловых цэнтраў Беларусі вылучаліся Мінск і Віцебск. Аднак працэнт гарадскога насельніцтва за перыяд 1900-1913 г. вырас нязначна – з 14% да 16%.



Такім чынам, на пачатку 20 ст. у эканоміцы беларускіх зямель назіраецца паскарэнне развіцця рыначных капіталістычных адносін; адбываецца канцэнтрацыя вытворчасці і капіталу. Істотны штуршок гэтаму дала сталыпінская аграрная рэформа. Аднак у цэлым Беларусь заставалася аграным краем. У сельскай гаспадарцы працягвалі захоўвацца элементы натуральнай гаспадаркі, пражыткі феадалізму, што стрымлівала працэс мадэрнізацыі. У прамысловасці пераважала дробная вытворчасць, заснаваная на перапрацоўцы мясцовай сыравіны. Па ўзроўні эканамічнага развіцця Беларусь адставала як ад развітых краін Еўропы, так і найбольш перадавых эканамічных рэгіёнаў Расійскай імперыі.

Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   15   16   17   18   19   20   21   22   ...   35




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет