Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь
УСТАНОВА АДУКАЦЫI
«ГРОДЗЕНСКI ДЗЯРЖАЎНЫ МЕДЫЦЫНСКI УНIВЕРСIТЭТ»
Кафедра рускай i беларускай моў
В.І. Варанец
БЕЛАРУСКАЯ МОВА
медыцынская лексіка
Вучэбны дапаможнік для студэнтаў
лячэбнага, педыятрычнага, медыка-псiхалагiчнага, медыка-дыягнастычнага факультэтаў
Гродна 2008
УДК
ББК
В
Рэкамендавана Центральным навукова-метадычным саветам УА «Гродзенскi дзяржаўны медыцынскi унiверсiтэт» (пратакол № ).
Аўтар: ст. выкладчык каф. рускай i беларускай моў ГрДМУ В.I. Варанец.
Рэцэнзент: ст. выкладчык каф. беларускай i замежных моў Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага унiверсiтэта I.М. Шлык.
В18
|
Варанец В.І.
Беларуская мова : дапаможнiк для студэнтаў лячэбнага, педыятрычнага, медыка-псiхалагiчнага, медыка-дыягнастычнага факультэтаў / В.I. Варанец. – Гродна: ГрДМУ, 2008. – 132с.
ISBN 978-985-496-294-8
|
Дапаможнік “Беларуская мова. Дапаможнік для студэнтаў лячэбнага, педыятрычнага, медыка-псiхалагiчнага факультэтаў i факультэта медыцынскiх сясцёр з вышэйшай адукацыяй,” прызначаны для аказання практычнай дапамогi ў вывучэнні курса “Беларуская мова. Прафесійная лексіка” студэнтамі ўсіх факультэтаў медыцынскіх вышэйшых навучальных устаноў. Дапаможнік складаецца з трох асноўных частак. Першая частка – паўтарэнне школьнага матэрыяла. У ёй падаюцца асноўныя правілы беларускага правапісу, практычныя заданні для іх замацавання.
У другой частцы падаецца матэрыял па развіцці і культуры мовы. Мастацкія і публіцыстычныя творы для вуснага пераказу, элементы прафесійнай дзейнасці ўрача, медыцынская дакументацыя , практычныя заданні ставяць за мэту навучыць студэнта свабоднаму валоданню вуснай беларускай мовай, засвоіць азы будучай прафесіі.
Кароткі руска-беларускі медыцынскі слоўнік, тэксты для пісьмовых перакладаў дазволяць першакурснікам больш якасна засвоіць беларускамоўную медыцынскую тэрміналогію, навучыцца карыстацца ёю на практыцы.
Змяшчаецца разнастайны матэрыял па гісторыі беларускай мовы
Дапаможнік можа быць таксама выкарыстаны ўсімі, хто цікавіцца беларускай медыцынскай лексікай.
УДК 811.161.3(075.8)
ББК 81.2Бел-923
ISBN 978-985-496-294-8
|
© Варанец В.I., 2008
© УА «ГрДМУ», 2008
|
АГУЛЬНЫЯ ЗВЕСТКІ АБ МОВЕ
Мова – з'ява грамадская і сёння немагчыма ўявіць жыццё чалавека без яе. Мову стварае і развівае народ, і натуральна, што пакуль жыве народ, жыве і яго мова. Арганізаваная працоўная дзейнасць грамадства немагчыма без пастаяннага абмену інфармацыяй, а значыць, без мовы. Мова і думка фарміраваліся і развіваліся ва ўзаемадзеянні. Не меншую ролю адыгрывае мова і ў духоўным жыцці народа. Культурныя, навуковыя здабыткі народа базіруюцца на падмурку роднай мовы. Таксама без мовы нельга ўявіць выхаваўчы і асветніцкі працэс у чалавечым грамадстве. У той жа час мова не застылая з'ява, яна ўвесь час удасканальваецца, папаўняецца новымі словамі, выдаляе словы, якія выпадаюць з ужытку дзякуючы пэўным эканамічным, палітычным зменам у грамадстве.
Асноўнымі функцыямі мовы можна назваць кагнітыўную, якая адлюстроўвае пазнанне свету, і камунікатыўную, прызначаную як сродак зносін паміж людзьмі. Мова падкрэслівае як індывідуальнасць цэлага народа, так і індывідуальныя асаблівасці кожнай асобы. Знішчэнне мовы практычна адразу прыводзіць да духоўнага знікнення нацыі. Таму да любой мовы свету трэба адносіцца беражліва як да сапраўднага цуду свету.
БЕЛАРУСКАЯ МОВА І МОВЫ СВЕТУ
Беларуская мова – нацыянальная мова беларускага народа.
Сёння ў свеце налічваецца каля пяці тысяч моў. Большасць з іх не мае пісьменнасці. Усе мовы падзяляюцца на асобныя групы. Кожная група аб’ядноўвае мовы, блізкія фанетычнай сістэмай, граматычным складам, лексікай.
Індаеўрапейская моўная сям’я, у склад якой уваходзіць беларуская мова, налічвае шаснаццаць моўных груп.
Раманская: італьянская, іспанская, французская, румынская, партугальская, малдаўская, лацінская (лічыцца “мёртвай”) і іншыя мовы; германская: нямецкая, англійская, нідэрландская (галандская), дацкая, швецкая, нарвежская, ісландская, ідыш і іншыя мовы; балцкая: літоўская, латышская, пруская і яцвяжская (абедзве лічацца “мёртвымі”) мовы; індыйская: урду, бенгалі, хіндзі, пенджабі, цыганская мова, ведыйская і санскрыт (абедзве лічацца “мёртвымі”) і іншыя мовы; іранская: персідская, таджыкская, курдская, афганская (пушту), асецінская, скіфская (лічыцца “мёртвай”) і іншыя мовы; хета-лувійская (аналалійская): хецкая мова, клінапісная лувійская, лікійская і іншыя мовы; грэчаская: старажытнагрэчаская, навагрэчаская мовы; кельцкая: гальская, кельтыберыйская, гайдэльскія мовы, ірландская, мэнская, гэльская, брыцкія мовы, валійская і іншыя мовы; тахарская: тахарская А (усходнетахарская), тахарская Б (заходнетахарская) мовы – лічацца “мёртвымі”; армянская мова; албанская мова; фрыгійская мова; фракійская мова; ілірыйская мова; венецкая мова.
Беларуская мова адносіцца да ўсходнеславянскай падгрупы славянскай групы індаеўрапейскай сям’і моў. Свае вытокі бярэ з агульнаславянскай мовы-асновы (V – VII ст. н. э.). Акрамя беларускай мовы, ва ўсходнеславянскую падгруппу моў уваходзяць руская і ўкраінская. Да заходнеславянскай падгруппы адносяцца чэшская, славацкая, польская, сербскалужыцкая, кашубская; да паўднёваславянскай – балгарская, славенская, сербахарвацкая, македонская мовы.
Заданне 1. 1. Чаму асветніцкі працэс у грамадстве немагчымы без мовы?
2. Колькі існуе ў свеце моўных груп?
3. Да якой групы адносіцца беларуская мова?
РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
Фарміраванне лексічнага складу, фанетычнай і граматычнай сістэм старажытнай беларускай мовы адбылося ў XІV – XVI ст. У Вялікім княстве Літоўскім беларуская мова выконвала функцыю дзяржаўнай мовы. На ёй вялося справаводства і судаводства, дыпламатычная перапіска. Гісторыя захавала да сённяшніх дзён афіцыйныя дакументы, напісаныя на старажытнай беларускай мове (усяго каля 600 кніг): Статуты Вялікага княства Літоўскага (1529, 1566, 1588 гг.), Літоўская метрыка і інш. Багата было напісана мастацкіх і публіцыстычных твораў, рабіліся разнастайныя пераклады.
У развіцці беларускай мовы значную ролю адыграла кнігадрукаванне, заснавальнікам якога лічыцца вядомы вучоны, асветнік, пісьменнік Францыск Скарына (каля 1490 – 1551). На працягу 1517 – 1525 гадоў у Празе і Вільні ім былі надрукаваны 23 кнігі Бібліі, перакладзеныя на зразумелую тады для большасці насельніцтва старабеларускую мову. Прадаўжальнікамі яго справы сталі Васіль Цяпінскі і Сымон Будны.
Пасля стварэння Рэчы Паспалітай (1569) беларусы досыць хутка пачалі адчуваць на сабе нацыянальны і рэлігійны прыгнёт з боку Польшчы. Вынікам прымусовага акаталічвання і апалячвання карэннага насельніцтва Беларусі стала выцясненне беларускай мовы з афіцыйнага ўжытку. А ў 1697 годзе афіцыйна абвяшчаецца адзінаю дзяржаўнаю моваю на Беларусі польская мова. З гэтага часу беларуская мова існуе толькі на гутарковым узроўні.
Пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795 гг.) беларускія землі канчаткова ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Але палітыка дыскрымінацыі беларускай мовы працягвалася і з боку расійскіх уладаў. Больш таго, нават сама назва “Беларусь” была выведзена з афіцыйнага ўжывання. Тым не менш творчасць Вікенція Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, ананімныя паэмы “Тарас на Парнасе”, “Энеіда навыварат” падтрымлівалі нацыянальную мову беларускага народа пры жыцці. Нельга не ўзгадаць і вялікі ўклад Кастуся Каліноўскага з яго “Мужыцкай праўдай”. Да канца XIX – пачатку ХХ стагоддзя паступова склаліся прадумовы для ўзнікнення новай беларускай літаратурнай мовы на аснове народных гаворак.
Рэвалюцыйныя падзеі 1905 – 1907 гг. прынеслі пэўныя паслабленні ў палітычных і культурных адносінах жыхарам Расійскай імперыі. З’яўляюцца беларускамоўныя газеты “Наша ніва” і “Наша доля”, пачынаюць плённую працу Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч і інш. Але адзіных арфаграфічных, арфаэпічных, лексічных і граматычных нормаў беларускай мовы яшчэ выпрацавана не было. І тут вялікую ролю адыграла “Беларуская граматыка для школ”, выдадзеная Браніславам Тарашкевічам у 1918 годзе. Менавіта ў гэтым падручніку ўпершыню былі сфармуляваны правілы беларускага правапісу, вызначаны характэрныя асаблівасці беларускай фанетыкі і граматыкі.
У 1921 годзе пачала сваю працу Беларуская навукова-тэрміналагічная камісія. У перыяд 1922 – 1930 гадоў ёю былі выдадзены 24 выпускі беларускай навуковай тэрміналогіі па розных раздзелах навукі і тэхнікі. Трэба адзначыць, што вялікую ўвагу камісія адводзіла распрацоўцы медыцынскай тэрміналогіі. Ёй былі прысвечаны 9, 13 і 20 выпускі зборнікаў “Беларуская навуковая тэрміналогія”. З 1929 года пачаў працаваць Інстытут мовазаўства АН БССР.
У 1933 годзе урадам БССР была прынята пастанова “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу, а ў 1957 – “Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу”. Дзевяностыя гады ХХ стагоддзя далі чарговы ўздым нацыянальнай самасвядомасці і развіццю нацыянальнай мовы. Беларуская мова была прынята ў якасці дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь, пачалі стварацца новыя тэрміналагічныя і энцыклапедычныя слоўнікі, у вышэйшых навучальных установах рэспублікі ўведзены курс “Беларуская мова. Прафесійная лексіка”.
Беларуская мова мае спецыфічныя асаблівасці, якія розняць яе ад іншых усходнеславянскіх моў:
-
дзеканне і цеканне ( дзядзька, цяпло);
-
яканне ( зямля, ляснік);
-
зацвярдзелыя [ч], [р] ( чыпсы, рыс);
-
шчылінны [г] ( град, нагрузіць);
-
гук [дж] ( дождж, джала);
-
нескладовае [ў] на месцы этымалагічнага [л] ці [в] (каўбаса, лоўка);
-
прыстаўныя галосныя і зычныя ( вобласць, ільдзіна, гэты);
-
падоўжаныя зычныя ( насенне, печчу).
Да адметных рыс беларускай мовы можна аднесці і наяўнасць уласна беларускіх слоў, якіх нельга сустрэць у іншых славянскіх мовах: каліва, дрыгва, волат.
Не менш адметным з’яўляецца і беларускі сінтаксіс. Гэта асабліва назіраецца ў словазлучэннях, звязаных кіраваннем: ажаніцца з ёю, пайсці па грыбы, за пяць кіламетраў ад горада і г.д.
І сёння, з’яўляючыся адной з дзвюх дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь, беларуская мова займае высокае месца сярод найбольш развітых і распрацаваных моў свету.
Заданне 2. 1. Што азначае паняцце “дзяржаўная мова”?
2. Чым вызначыўся ў гісторыі Беларусі Браніслаў Тарашкевіч?
3. Чым займалася Беларуская навукова-тэрміналагічная камісія?
БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРНАЯ МОВА І ДЫЯЛЕКТЫ
Літаратурная мова мае дзве формы: пісьмовую і вусную. Пісьмовая мова адрозніваецца ад вуснай больш складаным сінтаксісам, большай колькасцю абстрактнай і тэрміналагічнай лексікі.
Літаратурная мова з’яўляецца адзінай на ўсёй тэрыторыі, на якой пражывае нацыя. Яна вызначаецца ўнармаванасцю лексікі, граматыкі, стылістычнымі разнавіднасцямі. Літаратурная мова абслугоўвае ўсе сферы грамадскага жыцця народа, навуку, справаводства, культуру.
Дыялектная мова існуе ў выглядзе мясцовых, тэрытарыяльных гаворак. Дыялекты аб’ядноўваюць групу ці групы мясцовых гаворак, якія маюць агульныя асаблівасці ў фанетыцы, граматыцы, лексіцы.
У беларускай дыялектнай мовы вызначаюць два тыпы гаворак: паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні. Паміж імі існуюць так званыя пераходныя гаворкі, або сярэднебеларускія.
Паўночна-беларускі дыялект аб’ядноўвае Віцебскую, большую частку Магілёўскай і паўночныя раёны Мінскай абласцей. Для жыхароў гэтых рэгіёнаў уласцівы наступныя словы: вязець, буду чытаць, зімля, маліц (хлопец).
Паўднёва-заходні дыялект распаўсюджваецца на Брэсцкую, Гомельскую вобласці, паўднёвыя раёны Міншчыны і большую частку Гродзеншчыны. Тут можна пачуць: напіўса, шуляк (каршун), дзве свінне, гаўца (аўца).
Сярэднебеларускія гаворкі (цэнтральная частка Беларусі) больш набліжаны да сучаснай літаратурнай мовы.
Дыялектная мова з’яўляецца невычэрпнай крыніцай для папаўнення і ўзбагачэння беларускай літаратурнай мовы.
КІРЫЛІЦА І ЛАЦІНКА
На ўсім гістарычным шляху развіцця пісьмовай беларускай мовы выкарыстоўваліся два віды алфавіта: кірыліца і лацінка.
Кірыліца – па меркаваннях большасці даследчыкаў, гэта азбука была створана славянскімі асветнікамі Кірылам і Мяфодзіем у ІХ стагоддзі на аснове грэка-візантыйскага пісьма. У дадзеным алфавіце налічвалася 43 літары, 24 з іх мелі візантыйскае паходжанне, а 19 створаны ўпершыню. Першая кніга, напісаная кірыліцай, – Астрамірава евангелле 1056 – 1057 гг. На аснове кірыліцы склаліся сучасныя беларускі, рускі, украінскі, балгарскі і сербскі алфавіты.
Лацінка – лацінскі алфавіт і пісьмо. Лацінка ўзнікла ў VII ст. Да н.э. і мела 20 літар. На аснове лацінскага алфавіта былі створаны алфавіты больш за 70 моў, якімі зараз карыстаюцца 35% насельніцтва свету.
На Беларусі лацінка набыла папулярнасць у канцы XVI стагоддзя з нагоды распаўсюджвання каталіцызму. На ёй пісаліся афіцыйныя паперы, выдаваліся творы пісьменнікаў. Лацінкай карысталіся Ян Баршчэўскі, Ян Чачот, Вінцэнт Дуніні-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, прыстасаваўшы яе да беларускай мовы. Раннія творы Якуба Коласа, зборнік вершаў “Гусляр” Янкі Купалы былі таксама на лацінцы.
Параўнанне кірыліцы з лацінкай
А – A, a
Б – B, b
В – V, v
Г – H, h
Г – G, g
Д – D, d
Е – Je, je, (i)e
Ё – Jo, jo, (i)o
Ж – Z, z
Дж – Dz, dz
З – Z, z
Дз – Dz, dz
І – I, i
Й – J, j
К – K, k
Л – L, l, L, l
М – M, m
Н – N, n
|
O – O, o
П – P, p
Р – R, r
С – S, s
Т – T, t
У – U, u
ў – u
Ф – F, f
Х – Ch, ch
Ц – C, c
Ч – C, c
Ш – S, s
ы – у
Э – E, e
Ю – Ju, ju, (i)u
Я – Ja, ja, (i)a
ь – ( )
‘ – ‘
|
Заданне. Прачытайце беларускую казку “Воўк і вавёрка”1, напісаную беларускай лацінкай.
VAVIORKA J VOUK
Vouk, najeusysia, spau u lesie pad drevam. Vaviorka pa drevie skakala z sucka na sucok, I zvalilasia na vauka. Vouk chacieu jaje zjesci. Ale vaviorka pacala prasicca:
Vouk skazau:
-
Dobra, Ja puscu ciabie, ale ty skazy mnie, camu vy, vaviorki, zausiody hetkija viasiolyja j sustryja, a my, vauki, zlosnyja j panuryja?
Vaviorka jamu adkazala:
-
Piers adpusci mianie na dreva, dyk ja skazu tabie, a to bajusia ciabie.
Vouk nia byu halodny, dyk pusciu jaje. Vaviorka skoknula na dreva j pramovila:
- Vy, vauki, zausiody panuryja j zlosnyja, bo zlosc vam serca pierajela. My zausiody viasiolyja j sustryja, bo nikoli nikomu nia robim skody.
Заданне 3. 1. Як вы разумееце паняцце “дыялектная мова”?
2. Якія вылучаюць дыялектныя групы на тэрыторыі Беларусі?
3. Асаблівасці беларускай лацінкі?
Достарыңызбен бөлісу: |