Пімен Панчанка (1917–1995)
П. Панчанка – адзін з буйнейшых беларускіх паэтаў XX ст., магчыма, самых няўрымслівых і неспакойных. Яго творчасць адзначана асабліва гарачлівымі мастакоўскімі шуканнямі, эмоцыямі і страсцямі, імкненнем да высокіх ідэалаў і сумненнямі ў іх, шматгалоссем жыцця і яго супярэчнасцямі. Пра П. Панчанку смела можна сказаць, што ён сын сваёй эпохі і адначасова яе апанент. Гэта – паэт еўрапейскай традыцыі: паэзія была для яго спосабам духоўнага далучэння да жыцця праз лірычнае перажыванне свету. Змястоўнасць гэтага перажывання, яго эстэтычная накіраванасць і інтэнсіўнасць даюць ўяўленне пра аблічча паэта і пра яго тэмперамент. Вядомы крытык Р. Шкраба на гэты конт заўважыў вельмі дакладна: «П. Панчанка піша толькі пра тое, што ўскалыхнула яго самога, прымусіла мацней біцца сэрца, вывела яго з раўнавагі». Неабыякавасць, пачуццё асабістай зацікаўленасці, імкненне давесці свой погляд, падзяліцца самым патаемным з другім чалавекам – у гэтым ёсць адзнака сапраўднай паэзіі.
У П. Панчанкі сувязь з сваім часам была асабліва нераўнадушная, асабліва абвостраная, што адбілася на ўсім ідэйна-мастацкім, жанрава-стылявым вобліку яго паэзіі, яе эмацыянальным ладзе. Трэба адзначыць яго выдатны талент лірыка, які бачны літаральна ў кожным творы незалежна ад таго, што мы называем ідэалагічным зместам і светапогляднай канцэпцыяй, якія прысутнічаюць у вершы. Беларуская літаратура (у тым ліку і паэзія П. Панчанкі) у многім трымалася на адзінстве агульнай сацыяльнай эмоцыі – упэўненасці, што заўтра будзе лепш, чым сёння. Адным з першых, да каго прыйшло празрэнне, быў П. Панчанка. У пачатку 1960-х гадоў ён напісаў верш пад назвай «Жарты і скептык», у якім паказаў спрэчку двух людзей – чалавека «перадавога», захопленага навуковымі адкрыццямі, які збіраецца ляцець на Марс, і «адсталага», які лічыць падобныя намеры заўчаснымі. Сам П. Панчанка быў, вядома, на баку свайго «перадавога» героя. Але прайшлі гады, а з імі з’явіўся і вопыт – паэт навучыўся больш глыбока пазнаваць жыццёвыя супярэчнасці, і яны пачалі ўяўляцца з цягам часу не такімі простымі і лёгкімі, як раней.
У сярэдзіне 1960-х усе былі захоплены «пакарэннем» космасу, шырокімі крокамі навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, менш звярталі ўвагу на штодзённыя, зямныя справы. Палітычная тыранія, таталітарызм, жорсткая эксплуатацыя, войны як сродак дасягнення сваіх эгаістычных мэт – усё гэта было ўласціва і таму «перадавому» ладу, які зваўся сацыялізмам. Паэт многія рэчы называе сваімі імёнамі, яго вобразныя абагульненні, публіцыстычныя па свайму напалу, прасякнуты ўнутраным пачуццём драматызму. Паэт вылучае рэальны крытэрый для ацэнкі гістарычнай перспектывы, ставячы ў цэнтр увагі чалавека, жыццяздольнасць і гарманічнасць якога будуць вызначацца тым, наколькі ён будзе адпавядаць чалавеку («Без чалавечнасці не будзе вечнасці»).
На працягу свайго жыцця паэт знаходзіўся ў неадназначных адносінах з партыяй і ўладамі, але ў цэлым быў абласканы імі, меў пачэснае званне – народны паэт Беларусі (1973), з’яўляўся Ганаровым акадэмікам АН Беларусі (1994), лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР (1981, за кнігу вершаў «Где ночует жаворонок?»), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1968, за зборнік вершаў «Пры святле маланак»), Літаратурнай прэміі імя Я. Купалы (1959, за паэму «Патрыятычная песня»). Званні і прэміі ў дадзеным выпадку, думаецца, даваліся заслужана – яны адпавядалі і таленту паэта, і актыўнасці яго грамадзянскай пазіцыі.
Нарадзіўся Пімен Панчанка (Пімен Емяльянавіч Панчанка) 23 жніўня 1917 г. у г. Рэвелі (цяпер Талін) у беларускай сям’і, якая апынулася тут напярэдадні першай сусветнай вайны ў пошуках заробку. Бацька і маці паэта – беззямельныя сяляне з Міншчыны – вярнуліся ў Беларусь толькі ў 1921 г., прайшоўшы суровую жыццёвую школу. Вярнуўшыся, бацька Емяльян Арцёмавіч працаваў у Бягомлі, Кіраўску, Талачыне ў мясцовых лясгасных арганізацыях. Праз гады паэт успомніць: «У мястэчку Бягомль, у дрымучых лясах вярхоўя Бярэзіны, прайшло маё дзяцінства». У 1932 г. будучы паэт скончыў сямігодку ў Бягомлі, у 1934 – педагагічныя курсы ў Бабруйску. З гэтага часу і да 1939 г. настаўнічаў у сельскай школе ў Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці. Адначасова завочна вучыўся на філалагічным факультэце Мінскага настаўніцкага інстытута.
Пачатак літаратурнай дзейнасці прыпаў на сярэдзіну 1930-х гадоў, калі ў альманаху «Ударнікі» (1934, № 3) былі надрукаваны яго вершы «Ураджайнае» і «Моладзі», у газеце «Літаратура і мастацтва» (1935, 23 снежня) – «З песняю вясны», «Сустрэча». Першы зборнік паэта – «Упэўненасць» (1938). У адным з інтэрв’ю на пытанне – як узнікла назва першай кнігі – паэт адказаў: «Назва маёй першай кнігі прыйшла ад самаўпэўненай маладосці, ад адчування, што ўсё пад сілу, на ўсё хапае сіл. Гэта адно. А другое – гэта тое, што сам лад жыцця рабіў нас упэўненымі ў шчаслівым заўтрашнім дні. Скажу прасцей: вялікая вера ў камунізм, у перамогу справы Леніна, у тое, што мы з кожным годам будзем жыць лепш і лепш і што гэта залежыць толькі ад нас саміх, ад плёну нашай працы. Гэтая душэўная ўпэўненасць і нарадзіла паэтычную ўпэўненасць. Назву кнігі падказала само жыццё!».
Выяўленчасць, пластыка, жывапіс П. Панчанкі не прадвяшчалі ў ім паэта глыбокіх псіхалагічных перажыванняў, якім ён стаў пазней. Аднак і ў тых, першых вершах былі шчырасць пачуццяў, глыбокае захапленне стваральнай дзейнасцю чалавека. За радком стаяў жывы характар, непадробны, своеасаблівы, досыць акрэслены, індывідуальны, няпросты. Радкі маладога П. Панчанкі адзначаны пэўным дуалізмам характару лірычнага героя. З аднаго боку, ён поўны пяшчоты і ласкі, з другога – надта калючы і грозны, гатовы на рашучы ўчынак. Можна было дапусціць, што юнак валодае немалым маральна-энергетычным патэнцыялам і нават ніякавата было ад думкі: а што, калі ён раптам і сапраўды абрыне на кагосьці гэты патэнцыял?
У 1920–1930-я гады час нанава ставіў спрадвечныя пытанні аб суадносінах асабістага і грамадскага, свабоды і неабходнасці, чалавека і прыроды. Калі для прадстаўнікоў старэйшых пакаленняў пісьменнікаў вырашэнне гэтых і іншых пытанняў патрабавала ўнутранай перабудовы, то для П. Панчанкі – равесніка Кастрычніка – яно давалася больш натуральна і нязмушана. Яблыня, што расла, як сірата, ля вёскі (верш «Яблыня»), ахвотна перасяляецца ў калгасны сад. Грамадскае ўспрымаецца як сваё, блізкае, роднае.
Сёння можна папракнуць паэта ў недахопе праўдзівасці, спрошчанасці ў падыходзе да рэчаіснасці, некаторай просталінейнасці. З самага пачатку аўтару вельмі блізкімі былі Я. Купала, Я. Колас, народная песня, а таксама руская савецкая паэзія 1920–1930-х гадоў П. Панчанка вучыцца ў Я. Купалы. Вучыцца, але не пераймае ўласцівага народнаму песняру непаўторна куплаўскага ідэалізаванага стаўлення да рэчаіснасці, а імкнецца выпрацаваць сваё, уласнае светаўспрыманне, звязанае з больш адкрытымі, псіхалагічна індывідуалізаванымі адносінамі да рэчаіснасці, якія паэт сцвярджаў у першай і ў наступных сваіх кнігах. Ён рана зразумеў, што паэзія – гэта, «мастацтва, у якім чалавек аддае апошняе, што ў яго ёсць, – самога сябе».
Другі зборнік паэта – «Вераснёвыя сцягі» (1940). Ён развіваў першасныя матывы творчасці аўтара. У ім больш імкнення да жыццёвых рэалій, канкрэтнасці і верагоднасці, але не менш і просталінейнасці, прывычных схем. Аўтарскія сімпатыі і антыпатыі палярна размежаваныя. У гэтым таксама праявіўся характар паэта, творчасць якога аказалася падпарадкаванай тагачаснай ідэалогіі, якая дыктавала адпаведныя сацыяльныя, маральна-этычныя і эстэтычныя погляды і ўяўленні. «Вераснёвыя сцягі» адлюстравалі беластоцкія ўражанні П. Панчанкі. Ён трапіў у Беласток восенню 1939 г. – з вызваленчым паходам Чырвонай Арміі. Тут ён упершыню сустрэўся з буржуазнай рэчаіснасцю і ў яго паэзіі выразна прагучалі сатырычныя ноты. У паэме «Беластоцкія вітрыны», у некаторых даваенных вершах узнікае размова пра духоўныя каштоўнасці чалавека, праяўляецца запал палеміста, сцвярджаецца гераічная прырода савецкага ладу. I ў гэтым сэнсе сам паэт быу сынам свайго часу, падрыхтаваным да цяжкіх выпрабаванняў.
Аўтар не выходзіць за межы традыцыйнай паэтыкі. Аднак ужо ў некаторых даваенных рэчах («Пра смерць», «Беластоцкія вітрыны») паэт быццам бы хоча, намагаецца пашырыць абсягі маналагічнасці, шукае шляхі да поліфанічнасці стылю, які мог бы зблізіць з жыццём, з рознымі пунктамі гледжання. Паэма «Беластоцкія вітрыны» напісана пад моцным уздзеяннем У. Маякоўскага, на якога раўняліся многія паэты 1930-х гадоў і пазнейшай пары. У У. Маякоўскага яны вучыліся актывізацыі і ўзбуйненню лірычнага пачатку, маштабнасці паэтычнага мыслення, якое ахоплівала разам з унутраным, інтымным і сацыяльныя буры часу.
У 1930-я гады ізноў ішла падрыхтоўка да вайны, якую савецкае партыйнае і дзяржаўнае кіраўніцтва разумела як новую хвалю сусветнай рэвалюцыі. Аўтар «Беластоцкіх вітрынаў» калі і думаў пра сусветную рэвалюцыю, то не настолькі, каб ахвяраваць пачуццём радзімы, роднаснасці з усім любімым і блізкім. Напрыклад, у тым жа вершы «Радзіме» ў голасе паэта чуліся новыя, глыбока патрыятычныя пачуцці. Ваенная рэальнасць аказалася іншай. Шлях з Беластока, дзе П. Панчанка пасля паходу ў Заходнюю Беларусь застаўся служыць літсупрацоўнікам армейскай газеты, на ўсход, пехатою, праз вогненныя вёскі і гарады, быў неверагодна цяжкі. Перад вачыма паўставалі карціны чалавечай трагедыі. Паэт знаходзіць патрэбныя словы, эпічныя мазкі, інтанацыю, каб перанесці гэтыя пачуцці і назіранні ў верш. У суровыя гады вайны слова П. Панчанкі дасягнула асабліва высокага грамадзянскага ўздыму.
Літаратурная прадукцыя паэта-франтавіка вельмі разнастайная: публіцыстычныя і сатырычныя вершы, фельетоны, востранадзённыя артыкулы, нарысы.
Вядома: калі грукочуць гарматы, маўчаць музы, аднак муза П. Панчанкі не толькі не маўчала – яго паэтычны дар развіваўся, і развіццё ішло ўглыб. Вайна не перашкодзіла яму стаць выдатным паэтам-інтравертам, які якраз у гэты час, як заўважыў Р. Бярозкін: «Пачынае ўсё больш і больш асвойваць законы ўнутранага пераўтварэння з’явы ў перажыванне, факта – у пачуццё, у роздум, у споведзь і гэта не прывяло паэта да адрыву ад рэчаіснасці, а наадварот, яно азначала, што паэт пачынае глыбей пранікаць у сутнасць жыццёвых працэсаў і з’яў». Асоба паэта ў П. Панчанкі зрабілася, інакш кажучы, своеасаблівым інструментам для выяўлення паэтычнай душы рэчаіснасці, узмацніўся суб’ектыўны пачатак, набыла высокую каштоўнасць непаўторнасць уласнага чалавечага вопыту. У творах перыяду вайны, пачынаючы з 1942–1943 гг., часцей за ўсё немагчыма знайсці мяжу паміж сферай інтымнага і грамадзянскага – спалучэнне аднаго з другім выліваецца ў надзвычай арганічны лірычны пафас, які ўключае тэму вечных каштоўнасцей чалавека. У цяжкай напружанай атмасферы ваеннай рэчаіснасці нарадзіўся пяшчотны, філігранна апрацаваны вобраз сініх касачоў – як сімвал Радзімы, мірнага жыцця і хараства (верш «Сінія касачы»):
А калісьці і я прачынаўся ў бацькавай хаце.
Чэрвень. Раніца. Росы і цішыня.
На гародзе спявае паціху маці
Пра жаўнера маладога, пра гнядога каня,
А пад вокнамі мята п’е сонца гарачае
І глядзяць мне ў вочы красой нерастрачанай
Сінія касачы.
«Сінія касачы» ўспрымаюцца як фрагмент аўтабіяграфіі паэта, пададзенай у форме інтымнага лірычнага перажывання, арганічна спалучанага з супольным, агульным. Лірычныя вобразы П. Панчанкі, яскрава перадаючы думкі і перажыванні аўтара, змяшчаюць у сабе свет роднай зямлі, сувязь часоў і пакаленняў. У яго ваеннай лірыцы – характэрная паэтычная з’ява таго часу – назіраецца ўзмацненне пачуцця гістарызму. У вайну давялося ваяваць на чатырох франтах: Заходнім, Бранскім, Калінінскім, Паўночна-Заходнім, а Дзень Перамогі сустракаць у Іране, куды ён нечакана трапіў разам са штабам арміі і рэдакцыяй франтавой газеты, у якой служыў, на пачатку 1944 г.
«Іранскі дзённік» паэта – выдатная з’ява ў беларускай літаратуры. Загадкавы Усход здзівіў беларускага паэта сваімі сацыяльнымі кантрастамі. З Іранам (Персіяй) ён быў знаёмы да гэтага толькі па кнігах, казках «Тысячы і адной ночы», вершах С. Ясеніна (які, дарэчы, у Іране і не быў), перакладах М. Багдановіча. Паездка ў Іран абвастрыла патрыятычныя і інтэрнацыянальныя пачуцці. Заслуга П. Панчанкі ў тым, што ён убачыў Іран такім, якім ён ёсць – з яго экзотыкай, старажытнай культурай, даўнімі звычаямі і страшэннай галечай. «Іранскія» вершы насычаны арыгінальнай, сакавітай вобразнасцю, гумарам і іроніяй, як, напрыклад, верш «Бутэлька Цынандалі», у якім перад чытачом разгортваецца стракатая карціна ўсходняга базара. Фанфарны «Сон пра апошні залп», таксама напісаны ў Іране, хвалюе высокім ідэйна-эмацыянальным уздымам, патэтыкай мірных, жыццесцвярджальных пачуццяў.
Дэмабілізаваўшыся з арміі, П. Панчанка вяртаецца ў Беларусь. Заканчэнне вайны, перамога над ворагам мацавалі веру людзей у доўгачаканы мір, надзею на тое, што ўжо ніхто не парушыць адноўленага натуральнага ладу жыцця, заваяванага дарагой цаной шчасця. З твораў, напісаных у гэты час, можна адзначыць цыкл «Сустрэча з Вільняй», верш «Забытыя словы», «**Я тэмы для вершаў старанна вышукваў...». Падрыхтаваны перад вайной да друку зборнік «Трывожныя зарніцы» ў час вайны згарэў. Часткова, па памяці, ён быў узноўлены ў пасляваеннай кнізе «Гарачыя вятры» (1947).
I ў першыя пасляваенныя гады творчая ўдача чакала паэта там, дзе ён шырока і праўдзіва глядзеў на свет. Здаецца, ніхто не звяртаў увагі на верш «Вечныя словы», напісаны ў 1946 г. Дарэмна – ён цікавы. Мова народа, гаворыцца ў ім, неўміручая, таму што ў ёй пакінулі след жыццё, культура, побыт. Пасляваенная паэзія П. Панчанкі вельмі разнастайная з тэматычнага боку, ён услаўляе стваральную дзейнасць савецкага народа, барацьбу за мір, выкрывае падпальшчыкаў вайны, імкнецца раскрыць шматгранны вобраз Радзімы.
У 1945 г. аўтар стварыў дзве паэмы – «Іспанская ноч» і «Маладосць у паходзе». «Іспанская ноч» прысвечана іспанцам-інтэрнацыяналістам, якія ў час Айчыннай вайны змагаліся ў беларускіх партызанскіх атрадах. Гэта расказ пра барацьбу з ворагам і каханне маладых герояў, пра высокія маральныя ідэалы, да якіх яны імкнуліся. У паэме шмат сітуацый і падрабязнасцей, якія не пакідаюць чытача абыякавым. «Маладосць у паходзе» напісана ў іншым сюжэтна-тэматычным ключы. Гэта адна з першых спробаў азірнуцца назад, на вытокі біяграфіі, асэнсаваць пройдзены шлях. З сённяшняга пункта погляду «Маладосць у паходзе» ўяўляецца своеасабліваю энцыклапедыяй колішніх нашых ідэалагічных блуканняў, памылак, якія пачыналіся ў самым дзяцінстве.
У паэме «Маладосць у паходзе», малюючы жахлівую (магчыма, і насуперак волі аўтара) карціну высылкі кулакоў, лірычны герой выступае ад імя высланай часткі вёскі. «Маладосць у паходзе» задумана як твор біяграфічны, у якім жыццё паэта спалучаецца з падзеямі вялікай гісторыі – такімі, як паход у Заходнюю Беларусь, Вялікая Айчынная вайна, вяртанне ў разбураны, засыпаны попелам Мінск. Паэма сведчыць, што вірус таталітарызму глыбока сядзеў у душы паэта, як і ў душах многіх яго сучаснікаў. Пройдзе час, і гэтая заслона спадзе з вачэй, але гэта будзе не хутка.
Восенню 1945 г. П. Панчакка даслаў у рэдакцыю газеты «Літаратура і мастацтва» трывожны «Ліст з Ірана» (дзе паэт усё яшчэ знаходзіўся ў складзе савецкіх войск). Аўтар на прыкладзе кніг сваіх таварышаў – Э. Агняцвет, А. Астрэйкі і М. Лужаніна – прааналізаваў стан беларускай паэзіі таго часу. Побач са шчырай, глыбокай лірыкай аўтар адзначаў у многіх вершах брак унутранай праўдзівасці, недакладнасць паэтычнага слова, агульшчыну, недахоп цікавасці да ўнутранага ў чалавеку. Трэба сказаць, што падобных недахопаў не пазбег і сам П. Панчанка, Паэзія аўтара з цягам часу губляла рысы спавядальнасці, набытыя ў ваенны перыяд, адчуванне складанасці жыцця. Краіна залечвала раны вайны, аднаўляючы эканоміку, будавалася. У П. Панчанкі адна за другой выходзяць кнігі «Прысяга» (1949), «За шчасце, за мір!» (1950), адзначаныя, дарэчы, тымі ж самымі недахопамі, пра якія ён вёў гаворку ў «Лісце з Ірана», крытыкуючы сваіх калег.
Не жадаючы адстаць ад імклівага дня, паэт даволі аператыўна адгукаўся на яго падзеі, у тым ліку розныя даты, юбілеі, але, імкнучыся адлюстраваць з’явы рэчаіснасці, не заўсёды мог улавіць глыбінную, шматгранную сувязь часу і чалавека, знайсці тое, што звязвае справу чалавека з яго душэўным самаадчуваннем, слова з учынкам, «грамадзянскае» з «маральным», «інтымным». Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што добрыя, таленавітыя вершы былі – напрыклад, «Беларусі» (1948). Верш яшчэ раз нагадвае, што самай моцнай і каштоўнай уласцівасцю панчанкаўскага таленту быў і заставаўся дар бачыць і адчуваць прыгажосць – зямлі, пейзажу, чалавека, чалавечых адносін, і часам гэта яму ўдавалася перанесці ў верш. Тым не менш, у цэлым яго паэзія шмат у якіх момантах разышлася з праўдай жыцця і з тым «чалавечым вымярэннем», якое складае яго гуманістычную сутнасць. Замінаў культ асобы, таталітарызм ідэалагічных установак і мыслення. У многіх вершах («Свой горад», «Ураджай 47 года», «Зарачанскі музей», «Мінск навагодні») аўтар выдаваў жадаемае за рэальнае, не мог утрымацца ад ідэалізацыі, прыхарошвання рэчаіснасці, схематызму. Ідэалагічная нагрузка пранікала ў выглядзе своеасаблівых «давескаў» нават у пейзажную лірыку. Асноўнае месца ў зборніку «За шчасце, за мір!» заняла міжнародная тэма, аднак трэба прызнаць, што, па вядомых прычынах, і ў гэтай сферы паэту не стае самастойнасці ў рабоце з матэрыялам, вышэй каментавання падзей ён, па сутнасці, не паднімаецца.
Многае стала мяняцца з 1953 г., калі памёр І. Сталін. Пачынаецца так званы перыяд «адлігі», намеціліся змены і ў літаратуры, пэўная пераацэнка каштоўнасцей. Гэты працэс не пакінуў абыякавым і П. Панчанку. У вершы «Анкета» (1954) даецца аўтарская ацэнка зробленаму. «Анкета» была надрукавана ў зборніку «Шырокі свет» (1955) – кнізе пераходнага перыяду, якая стваралася пасля смерці І. Сталіна і мела прыкметна больш удумлівага і рэалістычнага стаўлення да жыцця. Тут адлюстравалася пашырэнне маральных і сацыяльна-грамадскіх даляглядаў творчасці П. Панчанкі, гуманізацыя погляду на свет і на чалавека. Вельмі сімпатычны, напрыклад, верш «Шапка эстонца», у якім згадваюцца жыццёвыя першавытокі паэта на зямлі Эстоніі і паэтызуецца глыбока гуманістычнае, неадчужанае пачуццё прыязнасці паміж працоўным людам розных нацыянальнасцей. Канкрэтнае ўвасабленне гэтага пачуцця – шапка са сціплымі грашыма, сабранымі з выпадку народзін малога. Жанравая прырода многіх вершаў зборніка не пазбаўлена нарысавасці. Паэта цікавяць бытавыя праявы жыцця, з якім звязаны чалавечыя ўчынкі і лёсы (верш «Дачка» прысвечаны дзяўчыне, якая едзе на цаліну ў Казахстан, твор «Спарышы» паказвае ўзаемаадносіны маладых людзей).
Найбольш моцныя вершы паэта, напісаныя ў 1950–1956 гг., – «Радзіме», «Здарэнне ў гасцях», «Прыстасаванцы», «Выстаўка ў Дамаску» – сталі своеасаблівым водгукам на падзеі і адначасова споведзю. У гэты ж час была створана паэма «Патрыятычная песня» (1957), якая з’явілася пасля падарожжа на цеплаходзе «Грузія» вакол Еўропы летам 1957 г., што стала магчымым у выніку пашырэння міжнародных кантактаў Савецкага Саюза. Паэма была напісана, прызнаваўся аўтар, за тыдзень. Гэта своеасаблівы рэпартаж з далёкіх дарог, сустрэч з рознымі гарадамі, краінамі, людзьмі. Лірычнаму герою (у дадзеным выпадку гэта сам паэт) хочацца «пачуць, чым дыхае зямля». У звычайнай турыстычнай паездцы зрабіць гэта не проста, але цікавых, свежых уражанняў назбіралася шмат. Многае знайшло водгук у сэрцы паэта, спарадзіла ўспаміны пра вызваленчую місію савецкага воіна ў гады змагання з фашызмам. У паэме нямала лірычна-асабістых адступленняў, якія вяртаюць аўтара ў перажытае. Ноткі рэфлексіі па-свойму сведчаць пра пашырэнне спектра эмацыянальнага перажывання свету.
«Кніга вандраванняў і любові» (1959), а таксама зборнік «Тысяча небасхілаў» (1962), з’явіліся падрахункам творчых здабыткаў паэта перыяду «адлігі». У гэтых кнігах ёсць тое, што можна назваць захапленнем жыццём: «Сэрца і тугой, і сонцам поўнае, і жыццё – цудоўнейшая рэч!..» Слова ў ягоным радку пачынае адчуваць сябе больш вольна і нязмушана, намецілася тэндэнцыя ўзаемадзеяння жанраў. Перастаў назірацца ранейшы кантрастны падзел на «інтымную» лірыку і «палітычную» – аўтар дамагаецца сінтэзу аднаго і другога і піша літаральна пра ўсё: пра Радзіму, каханне, лясы і азёры, пра верхалазаў і прыстасаванцаў, чыноўнікаў і функцыянераў. Мастацкі свет паэта набывае плюралістычнасць, якой яму раней, у пасляваеннае дзесяцігоддзе, не ставала – шматколернасць, своеасаблівы паліфанізм, шматсэнсавасць. Па прычыне гэтай плюралістычнасці не ўсё, што выходзіла з-пад пяра, адразу трапляла ў друк. Трэба сказаць, што і П. Панчанку даводзілася пісаць «у стол». Створаны ў 1956 г. верш «*** На сходах часта ў звон мы гучна б’ём...» з’явіўся ў друку толькі ў 1993-м – праз 37 гадоў.
Тэма пакаленняў, «размова з нашчадкамі», што ўзнікла ў пару «адлігі», вострай крытыкі сталінскай спадчыны, мела свой працяг у далейшай творчасці П. Панчанкі. У зборніку «Тысяча небасхілаў» ёсць верш пад назвай «Расказ аб загінуўшай дружбе». Яго лірычны герой асуджае былога сябра за тое, што той стаў уласнікам. Сапраўднасць верша, мера яго лірычнай годнасці, як вядома, у значнай ступені вызначаюцца інтэнсіўнасцю і дабраякаснасцю першапачатковага творчага імпульсу. У дадзеным выпадку гэтаму першапачатковаму імпульсу дабраякаснасці якраз і не стае. Дарэмна аўтар дэмагагічна бэсціць чалавека толькі за тое, што той праяўляе неблагую прыватную ініцыятыўнасць – вырошчвае і прадае на базары памідоры і часнок. Сёння мы лічым прыватных прадпрымальнікаў, асабліва актыўную, ініцыятыўную яго частку, класам, без якога любое грамадства не будзе стабільным. П. Панчанка – чалавек свайго часу, ён так не лічыў. «Расказ аб загінуўшай дружбе» і некаторыя іншыя вершы сведчаць, што ў сваіх антыўласніцкіх выпадах паэт даволі часта дапускаў перакосы, упадаючы ў залішне грубы маралізм.
У канцы 1950-х гадоў паэту давялося пабываць у ЗША, у складзе беларускай дэлегацыі на XIII сесіі Генеральнай асамблеі ААН у верасні 1958 г. Летам 1960 г. ён гасцяваў у Канадзе (шэкспіраўскі фестываль), крыху пазней наведаў Турцыю, Грэцыю, Італію, Туніс, Марока, Сенегал, Гвінею... «Тут сэрца кожнае на хутары» – гэтак кажа ён пра капіталістычную рэчаіснасць, і ў гэтым, вядома, шмат праўды, аднак творам пра «заграніцу» ўласцівыя просталінейнасць і схематызм, бо яны наскрозь палітычныя. Уражанне ад «замежных» вершаў паэта такое, што яны напісаны чалавекам, які залішне прадузята глядзіць на жыццё і парадкі, куды ён трапіў, нярэдка даючы зразумець, што міжнацыянальная блізкасць для яго важней, чым нацыянальная асаблівасць якога-небудзь народа. Аўтар цешыць надзею, што чалавецтва возьмецца нарэшце за розум і пачне жыць паводле законаў сусветнага братэрства.
У розныя перыяды творчасці паэзія П. Панчанкі аказваецца павернутай да чытача рознымі сваімі гранямі, тэмамі і праблемамі. Пара «адлігі» выклікала разважанне і над самім літаратурным працэсам. Шмат што ў тагачаснай літаратуры паэта не задавальняе – і ён шмат што пераглядае ў сваёй уласнай творчасці. У выніку ў аўтара (і не толькі ў аднаго яго) у 1960-я гады адбываюцца працэсы пераацэнкі каштоўнасцей, узрастае ўвага і цікаўнасць да чалавечай асобы. Якраз у гэты час убачыла свет адна з лепшых кніг П. Панчанкі – «Пры святле маланак» (1966), створаная аўтарам пасля вяртання з далёкіх падарожжаў на Радзіму. Магчыма, таму ад кнігі вее цішынёй беларускага прыроднага ландшафту і нейкай нават правінцыяльнасцю ў добрым сэнсе слова. Паэт зачараваны прыгажосцю роднага ўлоння. Пейзаж з’яўляецца вынікам жыццесцвярджальных тэндэнцый у аўтарскай творчасці, паэтызацыяй красы і хараства роднага краю. Герой верша «Край паэтаў» – Беларусь, яе прырода, духоўны свет, культура. У падтэксце аўтар аспрэчвае даўнія гутаркі аб нібыта духоўнай беднасці беларусаў, аб няздатнасці нацыянальна запрыгоненага люду да сацыяльнай і мастацкай творчасці. Адсюль – як доказ адваротнага – мажорнасць паэтызацыі першавысноў роднай красы ў прыродзе і ў чалавечых душах, у глыбокіх паданнях, народных песнях, у гісторыі абуджэння краю.
У 1960-я гады у паэзіі П. Панчанкі паўстаў жывы, «не эклектычны» чалавек у багацці і непаўторнасці яго біяграфіі і лёсу. Пра гэта пераканаўча сведчыла кніга «Пры святле маланак», якая выклікала жывую цікавасць крытыкі. «Агнямі дзвюх навальніц, – сказаў пра кнігу Р. Бярозкін, – учарашняй ваеннай і сённяшняй мірнай, «прыроднай» – азораны старонкі зборніка». Атмасферу вайны, маральны клімат вайны П. Панчанка, трэба сказаць, не забываў ніколі. Боль, які пасяліўся ў паэтавым сэрцы з той пары, не даваў спакою.
Яшчэ адной рысай аўтарскай паэзіі 1960-х гадоў з’яўляецца спавядальнасць і аналітычнасць. Адзін з лепшых у зборніку з гэтага пункту гледжання, – верш «Жыццё маё...», у якім задушэўна-сцішаны лірызм сінтэзуецца з публіцыстычнымі інтанацыямі. Гэта – споведзь перад часам з усімі яго бедамі і супярэчнасцямі, перад сучаснікамі з адчуваннем уласнай вінаватасці за невымерныя страты і ўсе цяжары прымусу, нечалавечых адносін, за парабаванне чалавечых душ.
У паэта усё глыбей развіваецца пачуццё жыццёвай праўды як ісціны ў працэсе яе руху і спасціжэння. Ён як бы і абараняе «праўду Леніна», але прынцып вузка зразуметай партыйнасці саступае месца больш шырокаму, агульначалавечаму погляду на рэчы. «Жыццё маё...» прасякнута антынаменклатурным пафасам. Паступова паэт пачынае вызваляцца ад віруса таталітарызму, але працэс гэты ідзе спакваля і даволі марудна. У пачатку 1960-х гадоў паэт пачаў весці дзённік. Сярод запісаў за 1961 г. сустракаецца і такі: «Дзяржава рабочых і сялян. Але хто адвучыў сялян любіць зямлю?» Падобныя пытанні – наколькі нечаканыя, настолькі ж, аказваецца, на той час і актуальныя, – пачынаюць усё больш турбаваць паэта, і гэты працэс дазваляе зрабіць вывад аб пашырэнні анталагічных, быційных абсягаў паэтавага мыслення і абнаўленні на гэтай аснове сістэмы духоўных каштоўнасцей. Адной з такіх, найбольш прыярытэтных каштоўнасцей для чалавека заўсёды была родная мова. П. Панчанка як паэт пра гэта добра ведаў і з жахам адчуваў актыўны наступ асіміляцыі.
П. Панчанка яшчэ раз даказвае, што яго вершы – шчырая і заклапочаная размова з сучаснікам аб праблемах надзённых і неадкладных. Аўтару ўласціва дачыненне да ўсяго, што адбываецца ў свеце. Занепакоенасць і трывога гучаць у яго зборніку лірыкі «Снежань» (1972). Лірычны герой гэтай кніжкі – чалавек грамадскі, але нельга яго абмяжоўваць толькі грамадскай характарыстыкай. Ён – не абстрактнае ўвасабленне сацыяльнай практыкі. У кожнага ёсць сваё жыццё, таму праз уласнае, асабістае паэт звяртаецца да нас, наталяе нашу прагу пазнання. Значэнне прыватнага, асабістага можна зразумець толькі ў сувязі з агульным, таму што жыццё кожнага чалавека стала цяпер поўнасцю залежаць ад шляхоў і лёсу ўсяго чалавецтва. Персанальнае ў паэта асэнсоўваецца ў спалучэнні з мноствам іншых лёсаў, падзей, фактаў. Адсюль паўната пачуццяў і роздуму, узмацненне ролі паэтычнай выразнасці, што дабратворна адбілася на творчай своеасаблівасці П. Панчанкі. Яго характар выступае вельмі цэласна, аб’ёмна. I што асабліва важна: у гэтым характары лёс чалавечы спалучаецца з лёсам народным, які добра бачны ў многіх вершах, паэмах, публіцыстыцы. У зборніку «Снежань» усё яшчэ прыгадваецца мінулая вайна, наступствы якой асэнсоўваюцца паэтам праз чалавечы лёс. Верш «Іх вечныя агні» напісаны ва ўласцівай П. Панчанку яснай, без упрыгожанняў, стрымана-строгай манеры. У ім вельмі добра перададзена любоў і спачуванне паэта да чалавека, пакрыўджанага вайной. У абмалёўцы постацей такіх людзей паэт дасягае асаблівай мастацкай сілы.
Філасафічнасць прыйшла да паэта з узростам – у 1967 г. ён адзначыў сваё пяцідзесяцігоддзе. У 1960-я гады яго радок станавіўся больш удумлівы: у вершах адбіваўся роздум над сэнсам жыцця і часам. У вершах філасофскага гучання: «Вопыт», «*** Прырода надзіва праўдзіва...», «*** Паўвека... Гэта шмат – паўвека...», «*** Не люблю я слова «пакарыцель»...», «Мае настаўнікі» можна бачыць умацаванне сацыяльна-філасофскай светапогляднай асновы паэзіі П. Панчанкі. Шырэй стаў яго свет, глыбей пагляд – у мінулае і ў будучыню. Менавіта ў гэты час можна было назіраць, як нарастала, абвастралася ў П. Панчанкі пытанне адносін чалавека да навакольнага асяроддзя. Гэтае пытанне ў яго творчасці мае сваю гісторыю.
З цягам часу паэт пераасэнсаваў тэму ўзаемадачыненняў чалавека і прыроды, пачаў раскрываць згубнасць павярхоўна-спажывецкіх адносін да навакольнага асяроддзя і яго багаццяў. У выніку гэтага і з’явіўся верш «*** Не люблю я слова «пакарыцель»...». Тэма прыроды асэнсоўваецца тут у якасна новых сувязях з духоўным жыццём чалавека. Адносіны людзей да свету, прыроды звязаны з іх узаемаадносінамі. Прырода патрабуе ад людзей маральнай устойлівасці. Яна, паводле пераканання паэта, мае вялікую выхаваўчую сілу; гарманічная асоба, даводзіць ён, немагчыма без духоўна развітага пачуцця прыроды, з якой звязана не толькі практычная дзейнасць, але і ўсё яго жыццё. «*** Не люблю я слова «пакарыцель»...» – адзін з узораў публіцыстычнай лірыкі, пазбаўленай пустога гучнаслоўя і дэкларатыўнасці, публіцыстычны пафас пераведзены ў «рэгістр» гарачага асабістага прамаўлення Перакананне паэта грунтуецца пры гэтым не на вонкавай заклікавай гучнасці радка, а на дасканаласці ўнутранай формы: майстэрскай агучанасці («Хто ўладарыць, той і ўдарыць раптам»), этымалагічнай выверкай каранёвай сутнасці звыклых слоў і дэфініцый, увядзеннем размоўнай лексікі, нават газетнага жаргону. У аўтарскай паэзіі ўвесь час умацоўваецца гэта пачуццё – роднай прыроды, лесу, зямлі, вады, неба, пачуццё адзінства з вытокамі свайго лёсу, з усім, што застаецца ў памяці сэрца (верш «Сармацкае кадзіла»).
З біяграфіі П. Панчанкі вядома, што яго дзяцінства прайшло на мілай сэрцу Бягомльшчыне, на лясным улонні. Адсюль бярэ выток вобраз «сваёй баравіны», які ўзнікае ў яго паэзіі ў 1970-я гады. Пасля дзесяткаў твораў аб «малой радзіме» і дзяцінстве вершы П. Панчанкі захапляюць чытача новым пунктам гледжання, свежым паваротам тэмы, выклікаюць нечаканыя асацыяцыі, роздум пра тое, пра што, здавалася, сказана ўжо ўсё. Мы бачым, што сустрэча са «сваёй баравінай» наталяе духоўную прагу лірычнага героя, які адчувае, што «заваяванне», «пакарэнне» чалавекам прыроды ўзнялося на новую, больш актыўную ступень. Чалавек, будучы істотай прыроднай, праз неабачлівую актыўнасць парушыў існуючыя сувязі, зрабіўшы спробу падпарадкаваць прыроду сабе. Перамога над ёй, на думку паэта, вядзе да адмаўлення жыцця, паэзіі, да іх знішчэння. Тэму гарманічнасці чалавека і прыроды, пераадолення адчужанасці ён развівае на многіх старонках сваіх паэтычных кніг 1970–1980 гг. і ў дзённікавых запісах.
Творчая эвалюцыя П. Панчанкі – прыклад таго, як разам з часам развівалася паэтычная самастойнасць мастака, як ён усё глыбей авалодваў думкай пра неабходнасць сувязі ідэала з жыццём прагрэсу, з гуманізмам. Аўтар да канца жыцця быў упэўнены, што паэзія – неабходны і незаменны спадарожнік чалавека, яна патрэбна людзям для шчасця, у ёй праяўляецца духоўнае багацце людзей, яна выклікае боль і радасць, усмешку і слёзы. Гэтая творчая канцэпцыя мастака адлюстравалася ў кнігах «Крык сойкі» (1976), «Вячэрні цягнік» (1977). З іх выданнем былі праблемы. «Паехаў у выдавецтва, – расказвае паэт. – Цэнзура і аддзел прапаганды знялі з новага зборніка «Крык сойкі» некалькі вершаў, у тым ліку «То ў надзеях, то ў скрусе...», «Мала вар’яцтва ў нашай паэзіі», «Я гаварыў занадта гучна...», «Замоўкнуў жураўліны скрып калысак...». Хацелі зняць і назву зборніка і такі ж верш, і яшчэ некаторыя... Бяздарную агульшчыну друкуюць ахвотна, хоць яе ніхто не чытае. А тут усюды нешта мроіцца, нешта іх палохае. Ах, гэтыя дробныя чыноўнікі-кар’ерысты! Літаратуры ад іх няўтульна…». Вершы, пра якія ўспамінае паэт, былі надрукаваны пазней, ужо ў час перабудовы. Лірыка гэтага часу – сведчанне неўладкаванага стану чалавечай асобы і грамадства, стану роднай мовы і культуры. Аўтар робіць спробу паэтычнага самааналізу, намацвання першапрычын інфляцыі, эстэтычнага бяздзеяння слова.
На П. Панчанку, як ужо гаварылася, моцна паўплывала «адліга» 1950–1960 гг. Ён працягваў заставацца «шасцідзесятнікам», які верыў у ленінізм і ленінскія нормы партыйнага кіраўніцтва, верыў у трываласць самой «сістэмы». У дзённікавым запісе ад 26 лютага 1976 г. П. Панчанка адзначае: «Вельмі дрэнныя вершы да з’езда партыі напісалі П. Броўка, М. Танк і іншыя паэты, як нашы, так і рускія. А ўсё з-за боязі страціць кар’еру, жадання быць на віду. Але так нельга, гэта ўжо прастытуцыя палітычная. Пра камуністаў, пра партыю трэба пісаць толькі выдатна, з усёй аддачай душы, калі ты ў справу Леніна верыш глыбока». Гэта трэба разумець у тым сэнсе, што паэзія заўсёды была для П. Панчанкі сродкам духоўнага пераўтварэння чалавека, далучэння яго да маральнасці і прыгажосці, да гуманістычнага ідэала, што, на жаль, не заўседы па тых ці іншых прычынах удавалася. Сам паэт змагаецца за чалавечую асобу, за чалавечыя якасці. У яго вершах часам наглядаецца рэзкі пераход ад лірычнай замілаванасці да антаганізму і непрымальнасці. Уласцівая для паэта апавядальнасць пераходзіць у палымяную публіцыстыку – і тут яму, як кажуць, няма роўных.
Што аднак не здраджвае аўтару – гэта любоў да жыцця ва ўсіх яго праявах, да роднай прыроды і побыту. Адметнымі паэтычнымі з’явамі пачатку 1980-х гадоў у гэтым сэнсе сталі зборнікі «Маўклівая малітва» (1981), «Сіні ранак» (1984), у якіх ён падвойвае і патройвае свае намаганні прарвацца праз ілжывасць, хлусню, казёншчыну спажывецтва, прыстасавальніцтва і зноў далучыцца да першаснай і ўстойлівай чалавечай прыроды. Вершы 1980–1990-х гадоў – гэта вяртанне да тых мясцін, «дзе начуе жаваранак», да вытокаў. У аўтара выразнае імкненне да «ўніверсальных» ісцін, якія «далучаюць» чалавека да жытнёвага поля, да зорнага неба, да бясконцасці сусвету, да высокай думкі.
Знешне вершаваныя формы аўтара выглядаюць традыцыйна, але гэта толькі на першы погляд. Асаблівасці мастацкай формы строга падначалены змястоўным задачам. Лірычнае дзеянне падкрэсліваецца і ўзмацняецца сродкамі гнуткай, выразнай і надзвычай актыўнай паэтыкі. Незвычайная моўная экспрэсіўнасць выклікана дынамікай думкі і эмоцый, ледзь улоўнымі імгненнымі пераходамі аднаго пачуцця ў другое, глыбокім лірызмам. Пейзаж з уласцівымі для яго дэталямі дае адчуванне бязмежнасці жыцця, якое далёка выходзіць за рамкі вершаванага тэкста. Паэт як бы нараджаецца зноў, нанова, адкрывае шырока вочы на гэты горкі і радасны свет, каб наталіць душу яго прыгажосцю. У вершах аўтара ёсць тое, што ў паэзіі называецца сапраўднасцю перажывання і што нельга падмяніць ніякім, нават самым эфектным эпітэтам ці моднай метафарай. Словам, П. Панчанка быў і застаўся адным з самых шчырых, самых «псіхалагічных» беларускіх паэтаў, які валодаў рэдкім уменнем настолькі канкрэтна, падрабязна, з увагай да дэталяў, з захаваннем надзвычай тонкіх душэўных адценняў расказаць пра сябе і пра час, што знікае уласцівае паэзіі – як жанру – адчуванне сумарнасці лірычнага героя і выразна прадстае складанасць і зменлівасць душы паэта, які імкнецца пашырыць сувязі асобы і свету, межы чалавечага ў чалавеку, зрабіць гэтыя кантакты не толькі шматбаковымі, але і больш непасрэднымі, асабістымі, нават інтымнымі.
У паэзіі, як і ў іншых жанрах літаратуры 1980-х гадоў, узнялася цікавасць да анталагічных праблем быцця, да вечных тэм мастацкага пазнання, і справа не абмежавалася проста далейшым развіццём традыцыйнага жанра лірычнай медытацыі. Гаворка ішла аб інтэлектуальным і адначасова маральным узроўні паэзіі, аб новым узроўні паэтычнага мыслення. П. Панчанка адчуў смак да шырока разгорнутай метафары – вобразнага ўвасаблення пэўнай жыццёвай з’явы; «раўнапраўе дрэў», «крык сойкі», «рэвалюцыя сэрцаў і душ», «зямля мая – зялёнае гняздо» – значэнне гэтых і іншых метафарычных выразаў у яго вершах раскрываецца падрабязна і шматгранна, абагачаючы асацыятыўнасць (цэлыя гронкі метафар) стылю, паглыбляючы разуменне тых гуманістычных каштоўнасцей, якія сцвярджаюцца ў яго творчасці, узмацняючы абаяльнасць самога лірычнага характару, паэтычнасць успрымання свету. Лірыка-публіцыстычны стыль становіцца шматгранны: паэту не чужыя і апавядальна-размоўная інтанацыя, і ўзвышана-рамантычны пачатак, і сатырычная накіраванасць. Багацце вобразнай мовы дае магчымасць гарманічна спалучаць сацыяльны погляд з паэтызацыяй рэчаіснасці, духоўных магчымасцей чалавека. Аднак цяпер паэта турбуе не столькі жаданне змяніць свет, колькі – пазнаць яго, наглядзецца на прыгажосць, зразумець духоўныя асновы светабудовы. Яго паэзія ў канкрэтных падзеях і лёсах намагаецца выявіць прысутнасць усеагульных (анталагічных) законаў быцця. Яна становіцца эзатэрычнай, гэта значыць, у чымсьці таямнічай. У сферу лірычнага перажывання трапляе космас з яго «зорнай таямніцай», якая налічвае стагоддзі і тысячагоддзі. Старажытнагрэчаскі філосаф Анаксагор лічыў, што адзінае, дзеля чаго чалавеку варта з’явіцца на свет і жыць, дык гэта толькі «дзеля таго, каб назіраць неба і на ім зоркі, Месяц і Сонца». Сучасны беларускі паэт таксама хоча вярнуць чалавека ва ўлонне прыроды, далучыць да высокіх духоўных, эстэтычных перажыванняў.
Зыходзячы з усяго гэтага, можна канстатаваць, што ў пачатку 1980-х гадоў у П. Панчанкі пачынаецца новы творчы этап, звязаны з пазнаннем таго, што некалі Б. Пастарнак называў «непреложностью общего хода вещей». Ён няспынны – «агульны ход рэчаў». I ў гэтай сваёй магутнай няспыннасці валодае лекарскімі ўласцівасцямі – паглыбляе чалавечы светапогляд, адорвае мудрасцю. Паэт арыентуецца, можна сказаць, на цыклічнасць, на паўтаральнасць быцця, і гэта дазваляе кожны раз, кожны год пачынаць усё з пачатку, жыць не ў гісторыі, а ў вечнасці. Шкала рэальных каштоўнасцей пры гэтым не толькі не звужаецца, а наадварот – як бы пашыраецца. Ён прыходзіць да думкі, што многія перажываемыя чалавекам супярэчнасці тояцца ў самой прыродзе быцця, няспынным развіцці свету і імкненнях асобы. Пры гэтым у аўтара няма наўмыснага імкнення быць «мудрым», хаця сам верш яго стаў яшчэ больш зладжаны, афарыстычны. Адзін з такіх вершаў – «Схема жыцця». У ім аўтар адкідае ўсё малазначнае і дробнае, пакідаючы самую сутнасць – «схему». Нехта, магчыма, замест паэзіі ўбачыць тут усяго толькі вершаваную інфармацыю пра пэўныя падзеі і здарэнні, але гэта не так. З’ява разглядаецца тут у яе сутнасці, цэласнасці станаўлення і завершанасці. Перад намі завершаны паэтычны твор. Чалавек – адзінокі і досыць безабаронны – такую выснову таксама можна зрабіць ў гэтым вершы.
Актыўнасць паэта не спадае.
Зборнік «Лясныя воблакі» выйшаў у 1985 г. Паэзія аўтара ў гэтым зборніку хвалюе канкрэтнасцю светаразумення, светаўспрыняцця, народнага ладу. Аднак пры ўсёй істотнасці гэта – толькі адна з граней індывідуальнасці паэта, лірычны характар якога канцэнтруе ў сабе і складанасць свету, і яго прыгажосць, і веліч. Творчасць П. Панчанкі – злабадзённая, неаддзельная ад свайго часу. Пры гэтым ён ніколі не паступаўся ні мастацкасцю, ні талентам. Наадварот, сувязь з часам узмацняла яго талент і эстэтычныя здабыткі паэзіі. Маральнае ўспрыманне рэчаіснасці, вастрыня сацыяльнага погляду вядуць да таго, што ён рашуча пераадольвае фактаграфічнасць, эмпірычнасць, а таксама павярхоўную эмацыянальнасць. Факт становіцца прычынай для роздуму, узаемадзейнічае з іншымі жыццёвымі з’явамі. Паэт па-ранейшаму імкнецца гаварыць пра тое, што яму рупіць, і ў гэтым сэнсе ён ніколькі не паступаецца індывідуальнасцю. Наадварот, быццам бы яшчэ больш востра адчувае сваё «я». Вакол яго асобы ствараецца пэўная духоўная «аўра» – ідэйна-эстэтычнае поле паэтычнай творчасці з уласцівым для яго маральным напружаннем. Характэрная паэту ўнутраная палемічнасць у гэты час нечым аддалена напамінае Ф. Дастаеўскага, які вызначаўся тэмпераментам палеміста і сцвярджэннем сваёй думкі ў вострай спрэчцы з апанентамі. У вершах П. Панчанкі часта таксама прыкметна постаць рашуча настроенага апанента. Параўнанне асаблівасцей мастацкай сістэмы Ф. Дастаеўскага і сучаснага паэта П. Панчанкі больш чым нечаканае, тым не менш, думаецца, пэўнае дачыненне паміж іх паэтыкамі ёсць. Прысутнасць нябачнага апанента ў П. Панчанкі дапамагае яму паўней раскрыць свае перажыванні і выказаць думкі, паўней рэалізаваць свой стыль. У якасці апанента (асабліва ў апошніх кнігах) выступаў і сам час з яго нялёгкімі пытаннямі: «Калі з нас кожны мірна у пасцелі мяккай спаў, хлапчук, а не граміла, ларок абрабаваў».
Паэт жыў з думкай пра чалавека, аб яго выхаванні і духоўным забеспячэнні. Менавіта такі – верш «Хто вінаваты?». У ім ёсць штосьці ад газетнага фельетона, з характэрным, амаль што абавязковым «антыгероем». Працяглы час мы рабілі выгляд і гаварылі, што ў нас пабудавана грамадства развітога сацыялізму, што ў выніку скасавання прыватнай уласнасці нарадзіўся новы чалавек, для якога ўласціва «поўная эмансіпацыя чалавечых пачуццяў і якасцей», «пераадоленне адчужэння», вяртанне да «сапраўднай чалавечай сутнасці». Аднак, як высветлілася, гэтага не адбылося. Больш таго, адбыўся рэгрэс – адыход, адступленне ад высокіх чалавечых норм маральнасці. Гэты рэгрэс і турбуе аўтара верша «Хто вінаваты?» Адкрытая журналістыка – «фельетонная форма не толькі не перашкаджае – паглыбляе яго філасофска-этычны сэнс. Захаваць чалавечае ў сабе азначае для паэта захаваць духоўныя, маральныя каштоўнасці, без якіх немагчыма жыццё на зямлі. Погляд на свет адзначаны бескампраміснай аналітычнасцю. Не толькі гумар, іронія, але нават і едкі сарказм (як гэта мы бачылі ў вершы «Хто вінаваты?»), які іншы раз набліжаецца да гратэскных форм, – важнейшыя бакі творчай індывідуальнасці паэта, яго стылю, які другім сваім бокам звязаны з глыбінным лірызмам, паэтызацыяй рэчаіснасці, імкненнем да маштабнасці, рэалістычнай прастаты, аб’ёмнай дэталі і вобраза.
Кнігі П. Панчанкі 1980–1990 гг. напаўняюцца галасамі самога жыцця, да бясконцасці, як аказваецца, шматстайнага, складанага і зменлівага. Да перабудовы паэт паставіўся, здаецца, шчыра, але, як гэта здаралася з ім часам і раней, надта паспешліва. У другой палове 1980-х гадоў кнігі па-ранейшаму выходзілі даволі часта: «I вера, і вернасць, і вечнасць» (1986), «Горкі жолуд» (1988), «Неспакой» (1988). Аўтар напружана абмяркоўвае праблему чалавека, яго маральных, духоўных вартасцей. Лірыка П. Панчанкі багатая на думку, на філасофскі, духоўны змест. Па часе яму усё больш адкрывалася шматмернасць быцця, яго глыбінныя пласты і прычынна-залежныя сувязі. Па сутнасці, аўтар змагаецца за тую ж самую ідэю, за яе ачышчэнне, не падазраючы і на гэты раз, што яна ўтапічная, што адлегласць ад ўтопіі да рэальнасці яшчэ нікому не ўдалося пераадолець. У назве зборніка «І вера, і вернасць, і вечнасць» ёсць, відаць, пераклічка з кнігай М. Танка «Прайсці праз вернасць» (1979), у якой прагучала тэма вернасці паэта ідэалам свайго пакалення і сваёй эпохі. У прынцыпе П. Панчанка таксама, нягледзячы ні на што, заўсёды прымаў свой час і яго ідэалы і, адпаведна, размаўляў з чытачом, калі так можна сказаць, на мове паэзіі і мове ідэалогіі.
Працягваецца і ўласна публіцыстычная тэндэнцыя ў аўтарскай творчасці, пра што сведчаць вершы «*** Кажуць, трэба стварыць чалавека...», «Ціхія», «Кабінеты», «Запасныя гнёзды», у якіх сімпатыі і антыпатыі паэта, як гэта заўсёды было для яго ўласціва, размяжоўваюцца, а агульны настрой рэзка пагаршаецца. Час перабудовы выяўляецца ў П. Панчанкі не апасродкавана, не шляхам нейкіх аналітычных выкладак, а праз шчырасць самога паэта, для якога паэзія была і заставалася не толькі спосабам выказвання, але і, без перабольшання можна сказаць, спосабам жыцця.
У сярэдзіне 1980-х гадоў напісана «Паэма сораму і гневу» – твор вельмі, калі так можна сказаць, «панчанкаўскі», своеасаблівая «споведзь сына веку». Нарэшце герой аўтарскай паэзіі зразумеў тое, пра што здагадваўся даўно: рэвалюцыя яму здрадзіла. Памянялася ўлада, а чалавек як быў, так і застаўся ўбаку, за бартом, хоць гаварыць пра яго і ўслаўляць сталі больш, чым калі. Цяпер ён як бы здагадваецца, што выдаваемае за камуністычную ідэю ў сапраўднасці з’яўлялася адчужэннем чалавека ад уласнасці і ўлады, ад права распараджацца прадуктамі сваёй працы, вяло да гвалту і беззаконня. У паэце нібыта прачнуўся прарок – своеасаблівы біблейскі Іерэмія, які пранікнёным сваім розумам, валодаючы дарам уяўлення і прадбачання, пільна ўглядаецца ў звівы і павароты нацыянальнага лёсу, імкнецца ўбачыць скрытыя яго абрысы. Пытанні аўтара заставаліся без адказу, але разам з пытаннямі заставалася і надзея. У пачатку 1990-х гадоў П. Панчанка пісаў пра свайго сабрата па паэзіі Р. Барадуліна: «У апошнія гады паэт напісаў многа вершаў і паэм, у якіх ён пазбавіўся палітызацыі і публіцыстычнасці (якімі многа грашылі некаторыя паэты, у тым ліку і я). Р. Барадулін дападаў да самых першародных асноў народнага жыцця, працы, звычак, абрадаў, светапогляду». Нешта падобнае можна было сказаць і пра самога П. Панчанку, які ў гэты час таксама пачаў «дападаць» да першародна-анталагічных пластоў чалавечага быцця, ізноў пісаць пра «нятленнае», пра вечнае.
З апошніх кніг П. Панчанкі варта адзначьшь «Высокі бераг» (1993) і «Зямля ў мяне адна» (1996). У іх таксама бурліць дух эпохі. На старонках гэтых кніг створаны тыповыя вобразы настрояў, перажыванняў, якія ўрэшце і выяўляюць светаўспрыманне і светаадчуванне сучасніка. У гэты, апошні перыяд, паэт як бы расцугляў словы і выпусціў іх на волю, з жахам зразумеўшы, што свет заблытаўся, што ўсе ідэі перажываюць дэвальвацыю. Але адна ідэя не адпускала яго да канца жыцця. Гэта – ідэя нацыянальнага адраджэння, якая стукалася ў паэзію П. Панчанкі многімі тэмамі і матывамі яго творчасці, у тым ліку і тэмай духоўнай экалогіі, абароны і захавання роднай мовы і культуры. Ён паўстае супраць вялікадзяржаўнага шавінізму. У гаворцы пра набалелае шырока звяртаецца да размоўнай інтанацыі і сінтаксісу, рэжа, што называецца, праўду-матку ў вочы.
Значны рэзананс у тагачасным грамадстве атрымаў верш «Развітанне», упершыню надрукаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва» 26 лютага 1988 г. У ім выявіўся талент паэта, здольнага на незвычайна эмацыянальнае і глыбока асабістае выказванне, якое перадаецца праз зварот да Я. Купалы. Гэта верш аб ростані з няспраўджанымі надзеямі, сцяты да душэўнага болю за палітыку «магутных бюракратаў», за іх фальшывыя «звышінтэрнацыяналісцкія» роспаведзі. «Абрыдла мне дзяржаўная палітыка», – гаворыць П. Панчанка ў адным з вершаў, але і многія з’явы ў жыцці пасляперабудовачнай эпохі яго таксама не радавалі. Ён бачыць, што духоўная абяздоленасць нацыянальнай інтэлігенцыі і народа прыводзіць да тупіковай сітуацыі. Памёр П. Панчанка 2 красавіка 1995 г., можна сказаць, пакінуўшы пасля сябе спадчыну, нераўнацэнную ў ідэйна-мастацкіх адносінах.
Максім Танк (1912–1995)
Творчае жыццё Максіма Танка ўвасабляе агромністы свет трывожных роздумаў і асабістых глыбокіх перажыванняў, аб’ектыўных зрухаў у грамадстве, пераломных падзей і набалелых праблем, што вызначаюць лёс беларускага народа. Шмат чаго ўмяшчае ў сабе паняцце «танкаўская паэзія»: непераўзыдзеныя узоры, выкананыя на вышэйшым узроўні сучаснай паэтычнай культуры, праблемны матэрыял для разгадкі наватарскіх шляхоў сапраўднага мастацтва і наватарскай сутнасці самога паэта. Тут ёсць ажыццяўленне важнейшых высноў эстэтычнай канцэпцыі і філасофія паэтычнай творчасці. Паэту суджана было з’явіцца і на поўны голас загаварыць у адну з самых буйных нацыянальна-вызваленчых эпох, калі надзвычай востра паўстала пытанне – быць ці не быць народу Заходняй Беларусі і ўсяму беларускаму народу з яго самабытнасцю, культурай, мовай, з яго гістарычнай спадчынай. Такое пытанне над зямлёй беларусаў навісала бясконца, праз многія стагоддзі сацыяльных і нацыянальных заняволенняў, асіміляцый.
Нарадзіўся М. Танк (Яўген Іванавіч Скурко) 17 верасня 1912 г. у вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Шлях М. Танка з народных гушчаў і глыбінь паказальны і жыццядзейны. Для нараджэння мастака з вялікай сілай уздзеяння яшчэ недастаткова было навальнічных умоў вызваленчага руху. Патрэбен быў сапраўдны, з вялікім патэнцыялам творчы талент.
Вобраз вёскі Пількаўшчына паўстае з мноства вершаў паэта і «Лісткоў календара» вельмі каларытна. Імперыялістычная вайна 1914 г. адкрыла неўзабаве маскоўскі перыяд творчасці будучага паэта (1914–1922). На шляху асветы на долю Яўгена Скурко выпала тры выпрабаванні: тройчы была перапынена яго вучоба ў гімназіях – у Вілейцы, у Радашковічах, у Вільні. Гэта быў час уздыму сялянска-рабочай грамады і рэпрэсій над яе кіраўнікамі (Б. Тарашкевічам і яго паплечнікамі), што адбілася і на лёсе будучага паэта. Пасля закрыцця рускай гімназіі ў Вілейцы Яўген Скурко падаўся ў Радашковічы (1928) на працяг вучобы ў беларускай гімназіі, дзе адбыўся вырашальны паварот да нацыянальнага самаўсведамлення – паэт упершыню пачаў пісаць вершы па-беларуску. Дні падзей, нібы вогнішча пажару, што шырылася з Вільні (з судзілішч над Грамадой, з бунтаў у Віленскай беларускай гімназіі), неўзабаве ахапілі забастоўкамі салідарнасці таксама гімназіі Радашковіцкую, Навагрудскую, Клецкую. Звольнены з групай радыкальна настроеных навучэнцаў Яўген Скурко рушыў у Вільню. Такі паварот жыцця, пры ўсіх яго нягодах і выпрабаваннях, аказаўся шчаслівы для ўзбагачэння беларускай паэзіі яшчэ на адно нараджэнне магутнага таленту – Максіма Танка. Вільня на той час была цэнтрам культурнага, літаратурнага, грамадска-палітычнага жыцця, была кузняй нацыянальна-вызваленчых кадраў. Тэрмін навучання ў Віленскай беларускай гімназіі атрымаўся вельмі кароткі. У лютым 1929 г. атмасферу наэлектрызаваў працэс апеляцыйнага суда над Грамадой – навучэнцаў гімназіі зноў ахапіла абурэнне супраць працягу расправы над яе кіраўнікамі. Паўтарылася папярэдняя гісторыя. Актыўных гімназістаў кінулі ў турму, адправілі этапам дадому, да бацькоў. Яўгену Скурко ўдалося тады пазбегнуць арышту, але прыйшлося таксама развітацца з гімназіяй ды рушыць дамоў. Але яго хутка зноў паклікала Вільня, прага вучобы. Калі б здарыўся перапынак у вучобе, патрабавалася б даведка аб добранадзейнасці. Прыйшлося падацца хоць на гадавыя курсы тэхнікаў-меліяратараў, дзе, апрача іншага, атрымаў добрае ўменне пісаць рознымі «шрыфтамі», тым друкаваным «скорапісам», што быў патрэбны і не раз ратаваў у падполлі. Здзіўляе і сёння адметнасць прыгожай каліграфіі паэта, яго рукі. Удачай на асветным шляху было яго паступленне (1930) у рускую гімназію імя А. Пушкіна ў Вільні – два гады далі шмат у павышэнні агульнаадукацыйнага ўзроўню і літаратурнай дасведчанасці. Аднак атрымаць атэстат аб заканчэнні і гэтай гімназіі яму не ўдалося, як адзначалася ў часопісе «Калоссе» – зацікаўленне беларускім грамадскім жыццём давяло яго да арышту і астрогу ў 1932 г. На дабро ці на шкоду развіццю маладога таленту на нялёгкую і небяспечную службу яго мабілізавала партыйнае падполле.
Перадастрожны перыяд творчасці М. Танка (1930–1932) пазначаны ўжо адметнасцю пошукаў маладога аўтара, імкненнем да выхаду, як кажа ён, «за межы класічнага верша», яшчэ толькі «спробай інтуітыўнай» («На касагоры», «Як мы пішам?»), жаданнем пазбегнуць прызвычаена-дэкларатыўнага, шырока ўжытковага не толькі ў масавай паэзіі. Праз радкі маладога паэта пачынае праступаць характэрны іранічна-ацэначны падыход, не проста абурэнне ў закліковых формах, а вострыя ноткі смеху ў эстэтычным увасабленні. Як, напрыклад, у водпаведзі на выхваленне міністра асветы Скульскага («праз дзесяць год у Польшчы нават са свечкай не знойдзеце ніводнага беларуса») і на бясконцыя выпады тыпу: «Няма такіх беларусаў і іх мовы».
Жыццёва-творчым перыядам у біяграфіі паэта стала выданне рукапіснага часопіса «Пралом» (1932) у процівагу «Нёману», што абвясціў сябе як «месячнік чыста апалітычны і беспартыйны». М. Танк, які выконваў ужо сваю максімалісцкую праграму, аднёсся з маладой катэгарычнасцю непрыняцця факта змяшчэння ў «Нёмане» тужлівых вершаў «аб жывой красе» М. Машары, які пасля адсідкі на Лукішках думаў нейкі час пабыць у баку ад палітыкі, а таксама да асобных «пастаралькаў» М. Васілька. Патрэбны былі песні не суму, не плачу, а песні, што па цвёрдасці нагадвалі б граніт і жалеза. Таму пад вершамі ў «Праломе» з’явіўся і адпаведны псеўданім: А. Граніт. Некаторыя з іх былі ўзяты для «Хрэстаматыі рэвалюцыйнай літаратуры Заходняй Беларусі», выдадзенай у Мінску (1933). Быў змешчаны ў «Хрэстаматыі» важны для паэта верш «Заштрайкавалі гіганты коміны», прысвечаны забастоўцы гарнякоў Дамбровы. Перадрукаваны ён быў, відаць, з газеты-аднадзёнкі «На пераломе», што ўбачыла свет у Львове. Верш упершыню быў падпісаны незвычайным псеўданімам: «Максім Танк».
Кінуты на Лукішкі, М. Танк, як і многія яго сябры-змагарцы, праходзіў цяжкую школу выпрабаванняў і загартоўкі. Тройчы выносіліся прысуды (лістапад 1933, май 1934, кастрычнік 1934). Паэта то выпускалі на волю (пад грашовы заклад), то зноў кідалі ў турму. Спачатку ён меў намер пазбегнуць адсідкі і, не з’явіўшыся на суд вераснёвай раніцай 1932 г., каля Пагоста перайшоў мяжу, апынуўся ў савецкім Мінску і, на шчасце, там толькі два тыдні пасядзеў у турме. Накіравалі назад у падполле. Яго абмінуў трагічны лёс сяброў-паэтаў, такіх жа перабежчыкаў (А. Салагуба, У. Жылкі і інш.), як абмінуў у той жа год і В. Таўлая. Іх паклікала і ўратавала патрэба кансалідацыі ўсіх прагрэсіўных сіл. Шляхі М. Танка і В. Таўлая перакрыжоўваліся ў самых гарачых пунктах падпольнай працы. Асабіста тады ім не выпала сустрэцца, хоць творы адзін аднаго яны ведалі.
У М. Танка няшмат вершаў, напісаных менавіта ў астрозе. Але на ўсё далейшае жыццё ў паэзіі краты паклалі глыбокую пячатку, пазначылі не проста тэматыку, а ўнутранае светаадчуванне. Гэта адбілася ў лепшым з вершаў астрожнай пары – «Нарач, як мора, шуміць» (1934). Балючы астрожны матыў, спачатку запалонены мінорам, з цягам часу ўсё больш падвышаецца да мужнасці, як, напрыклад, у вершах «На маршы» (1935) і «Плакаць не будзем над паўшымі ў маршы». Наспяваў пералом у творах М. Танка, абумоўлены часам.
Пачатковы зрух у танкаўскай вершатворчасці, у «літаратурных» спробах абнаўлення паэтыкі, які адбыўся ў 1930-х гадах, быў затарможаны неспрыяльнасцю астрожных умоў і затрымаў працэс пералому амаль на пяць гадоў. Новы, 1935 г., стаўся для М. Танка вырашальным і плённым. Напісана звыш трыццаці вершаў, з якіх многія сталі хрэстаматыйнымі («Чорныя скібы», «У маршы», «Да дня», «Эстрада», «Акт першы», «Да штурму»). Распачата паэма «Нарач». У строфы ўрывалася абвостраная рэфлексіўнасць успрымання, абвостранасць вобразных асацыяцый: «Крокі наглядчыкаў. Кашаль з апошніх этапаў. Вершы – парваныя думкі ў радках». Потым паэт пачаў адхіляць ускладнёную метафорыку (у вершы «Сэзановіц»), але не ашукаўся ў галоўным: праверка на аўдыторыі (на вечары ў зале Снядэцкіх) пацвердзіла важкасць эмацыйнай ударнасці радкоў, экспрэсіўнасці ўмоўна-асацыятыўнага мыслення. Аказалася зусім не лішняй знарочыстая «вуглаватасць», неабчасанасць радка, як у «Акце першым». Строфіка верша прыцягвае ўвагу незвычайнасцю ўнутраных паўзтактавікаў, але гэта не «чысты» тактавік, якім шырока карысталіся У. Маякоўскі, М. Асееў, У. Бранеўскі. Тактаметрычны памер М. Танк часам знарок абрывае, пераходзячы да свабоднага верша, у якім за рытмічнай эксцэнтрацыяй зрэдку праглядваецца рыфма. З розным поспехам эксперыментаваліся спробы размоўнай інтанацыі, якой суправаджалася неабчасанасць радка, што нагадваў як бы шурпатасць каменя.
Стаўленне М. Танка да заходнебеларускай вершатворчасці было досыць крытычным, хоць і паважным. З разуменнем ён гаварыў аб вялікім патэнцыяле паэзіі, якая ў неверагодна цяжкіх абставінах горача бралася за вялікія тэмы часу, імкнучыся быць голасам і сумленнем народа. Ды, на жаль, паэты нават рэвалюцыйна-дэмакратычнага накірунку (М. Васілёк, М. Машара, А. Іверс, А. Дубровіч, Я. Чабор) не заўсёды дбалі пра мастацкую навізну. Лозунгавая дэкларатыўнасць часам змянялася адчайнай журбой, слёзнымі нараканнямі. Пераломнаму этапу патрэбны быў іншы грамадзянскі тонус. Верш М. Танка «Нашы дарогі» ўступаў у жыццёва-эстэтычную спрэчку з творчасцю Н. Арсенневай. М. Танку не магла імпанаваць спроба стварэння свету чыстай красы.
Не будзе перабольшаннем сказаць: М. Танк узяўся спаўняць на заходнебеларускім грунце місію эстэтычнага яднання паэзіі моцы і паэзіі красы – працяг у новых акалічнасцях той высокай ролі, якую выконвалі Я. Купала і М. Багдановіч. У М. Танка ўжо акрэслілася дзівосная якасць таленту няспынна ўзбагачацца за кошт паэтыкі вялікіх умоўна-асацыятыўных магчымасцяў, за кошт прагавітага назапашвання ёмістых сродкаў і ўсёй тэхнічнай аснашчанасці, што змяшчалі скарбніцы вопыту тагачасных майстроў слова.
На фарміраванне эстэтычнага ідэалу М. Танка паўплывала не толькі класічная і сучасная польская паэзія – ад А. Міцкевіча і Ю. Славацкага да Ю. Тувіма, I. Галчынскага, У. Бранеўскага. Праз польскі пераклад да яго прыходзілі сусветна вядомыя імёны і аўтарытэты – П. Элюар, Г. Апалінэр, К. Гамсун, Ш. Пецёфі, нават У. Маякоўскі ўпершыню з’явіўся да яго праз пераклад Ю. Тувіма.
Першы паэтычны зборнік «На этапах» (1936), у які ўвайшло далёка не ўсё з пачатковага перыяду творчасці паэта, з’явіўся падзеяй у гісторыі заходнебеларускай паэзіі. Кніга не паспела выйсці з друкарскага станка, як цэнзура адразу ж канфіскавала яе, а пракурор узбудзіў судовае праследаванне як супраць аўтара вершаў, так і іх выдаўца У. Труцькі, нягледзячы на яго цяжкую хваробу. Падчас судовага разгляду жыццё выдаўца абарвалася, аўтар паўстаў перад уладамі як адзіны адказчык. У якасці ганарару, як іранічна паведаміла перыёдыка, паэт атрымаў шэсць месяцаў турэмнага зняволення. На шчасце, частку тыражу канфіскаванай кнігі ўдалося ўратаваць – некалькі сотняў экзэмпляраў прыхавалі рабочыя друкарні, а некаторыя з уцалелых кніг пашчасціла нават пераправіць праз мяжу, і яны трапілі ў рукі Я. Купалы і Я. Коласа, прынёсшы ім сапраўдную радасць: гэта быў упэўнены голас вызваленчай барацьбы народа.
Першая кніга захапляла выразнай сімволікай ударных, крылатых радкоў, напоўненых рашучасцю, гневам, болем («Вянок», «Не плач», «Мы не памром»), у бачыцца сувязь з эпохай. Трагічныя падзеі ў Львове, судовыя расправы, карныя «пацыфікацыі» – усё гэта цяжка закіпала ў душы і мастацкім слове паэта («Над Прыпяццю»). На вачах грамадскасці М. Танк вырастаў у выдатнага паэта і дзеяча. У сярэдзіне 1930-х гадоў, калі нараджаўся народнафрантавы рух, М. Танку было даручана актыўна ўключыцца ў адказную працу па кансалідацыі ўсіх прагрэсіўных антыфашысцкіх і вызваленчых сіл. Яму быў даручаны асобны ўчастак – рэдакцыйна-літаратурная праца ў толькі што заснаванай народнафрантавой газеце «Наша воля», праз якую адшуквалася агульная мова з прагрэсіўнымі коламі інтэлігенцыі. Акупацыйныя ўлады адчулі пагрозу і неўзабаве скасавалі народнафрантавую прэсу.
Суровасць, смех і сляза – па сутнасці, тры танальнасці, тры тэндэнцыі ўжо абазначыліся ў першым зборніку. Яго паэзія пачынала жыць не толькі настроем атакуючага марша, рытмамі жалезнага наступу, але і нялёгкімі надламанымі чалавечымі лёсамі, глыбокай гуманістычнай спагадай да канкрэтных людзей, што ўцягваліся, як і ён, у вір змагання («Спатканне», «Ткала я, ткала палотны», «Палавічнікі»).
Тэндэнцыя аказалася надзвычай плённай – прачуласцю грамадзянскага лірызму яна вызначыла змястоўнасць наступных зборнікаў «Журавінавы цвет» (1937), «Пад мачтай» (1938). Тут ішло далейшае разгалінаванне суровай пачуццёвасці і лірычнага суперажывання, іх паглыблення ў выявах асацыяцый, у мяккіх танах метафорыкі кандэнсаваўся вялікі сэнс. Акцэнтуюцца не толькі актуальныя патрэбы сацыяльнага і нацыянальнага жыцця, а элементарныя чалавечыя ўмовы, правы на чалавечнасць, людскія адносіны да годнасці працаўніка, яго душы, мовы.
У. Калеснік лічыць, што менавіта М. Танку, выпала місія ўмацаваць новы погляд на чалавека, сцвердзіць новы тып гуманізму. У вершы «Паслухайце, вясна ідзе...» на турэмным двары блакітнай квеценню ўспыхнуў бэз. Раніць гэта полымя суквеццяў на калючках дроту, увасабленне антыподаў, двух палярных светаў, красы і зла (апорныя рыфмы, паўтораныя двойчы, супрацьстаяць адна другой).
Сцвярджэнне гуманістычных ідэалаў вядзецца па законах высокай творчай культуры ўсім ладам верша. У тым ліку і псіхалагізацыяй мастацкага вобраза, вытанчанай прачуласцю сэнсавай дэталі: «Пралескі снежныя на шыбах цвітуць і пальцы мае раняць». Ніякія тлумачэнні не вычарпаюць гэтую вобразную асацыяцыю. Па ёй можна «чытаць» паэта – ад рэальнай суровасці ўмоў жыцця да таго падтэксту, што схоплівае галоўны канфлікт эпохі.
Драматызм успрымання красы абвостраны да гранічнасці, да выбуховасці таксама ў выдатных вершах «Павязлі цягнікі», «На пероне», «Плывуць стругі», самотна мінорных і бунтоўных, выкрывальных. Тут ёсць мастацкае асуджэнне грабежніцтва.
Шырокая вядомасць М. Танка як песняра Нарачы прыйшла да яго дзякуючы слыннай паэме пра барацьбу нарачанскіх рыбакоў («Нарач», 1935–1937). «Нарач» пачала ўсведамляцца як сімвалічнае ўвасабленне Беларусі. Пра бунт нарачанскіх рыбакоў пачаў спачатку зараджацца верш, ды ён нястрымна разрастаўся ў буйны твор – пра змаганне за зямлю, на якой жылі іх дзяды і прадзеды.
Эпас – гэта заўсёды свет народнага жыцця. Гераічны эпас ахоплівае жыццё ў вышэйшых праявах і момантах гістарычнага дзеяння. Але тут важна яшчэ надаць уздымна-трапяткую адухоўленасць шырокай карціне. У тым і сакрэт эпічнай паэтызацыі, што тут, знутры, усхвалявана прамаўляе сама асоба паэта. На стыку двух пачаткаў – эпічнага і лірычнага – нараджаюцца строфы, што дасягаюць лепшых узораў класікі.
У жанравым сэнсе «Нарач» уяўляе досыць унікальны мастацкі арганізм, які спалучае ў сабе на раўназначных асновах тры розныя родавыя пачаткі літаратуры: падзейна-сюжэтны, драматычны, лірычны, узнятыя на ўзровень сапраўднай эпічнасці. Уражвае сужыццё напеваў, маналогаў, драматычных сцэн і дыялогаў, пейзажных карцін, прыпевак, плачаў – усё гэта жыве сваім паўнакроўным жыццём, у шматпланавасці інтанацый, рытмаў, гукаў, метрыкі яднаецца ў адзіны арганізм адным светаадчуваннем творчай асобы аўтара.
Эпічны талент М. Танка працягваў сваё шматграннае раскрыццё і ў паэмах «Сказ пра Вяля» (1937) і «Каліноўскі» (1938). Эпас народнага змагання тут высвечваўся ў новых праекцыях, ужо былінна-гістарычных. У задуму твора пра непамернага волата Вяля, які павёў мужыцкія раці супраць крыўдзіцеляў, уваходзіла сутыкненне не толькі з імі, але і з хітрай «стратэгіяй» подкупу, абяцанак – выпрабаванне на «прадмет» здрады, бадай, самага каварнага з выпрабаванняў, што здаўна вяло да расчаплення адзінства народа і страты згуртаванасці. Праблема гэта надзвычай актуальная ў заходнебеларускім руху. Паэма «Каліноўскі» канкрэтызавала і развівала далей тыя ідэі, якімі ў балючым роздуме жыў аўтар. Постаць К. Каліноўскага прыйшла з блізкіх па духу нацыянальна-вызваленчых этапаў гісторыі і стала легендай ахвярнага змагання. Тое, што выбар постаці быў падказаны ідэалагічнымі патрэбамі падполля (адзін з кіраўнікоў, прысланы з БССР функцыянер М. Дворнікаў, ставіў задачу – пацікавіцца Каліноўскім бліжэй і «адбіць» яго ў хадэкаў, якія рабілі яго «святым»), гаварыла і сапраўды аб патрэбе разабрацца і сродкамі мастацкага асэнсавання адказаць: чый ён, К. Каліноўскі, у імя чаго была яго вялікая справа? Творчая сумленнасць паэта не дазваляла перакосаў. Логіка вобразаў даводзіла: гэта герой усебеларускі і «адбіваць» яго ў шчырых заступнікаў беларускасці не мела сэнсу. Эпічны талент М. Танка раскрываўся шматгранна ў заходне-беларускі перыяд. З шырокім ахопам часу і прасторы была задуманая паэма «Сілаш», якая не была закончана.
Такім чынам, была набыта немалая паэтычная культура і ў лірыцы. Найпершая і галоўная задача – паслужыць свайму народу эстэтычна, з найбольшай аддачай і дзейнасцю. Другая – выхад паўнагучнага грамадзянскага слова ў шырокі свет. Калі зірнуць на паэзію М. Танка ў гэтым ракурсе, то многія лепшыя давераснёўскія творы: «Да дня», «Спатканне», «Вянок», «Ткала я, ткала палотны», «Плывуць стругі», «Песня кулікоў», «Журавінавы цвет», «Нарач», «Каліноўскі» ўспрымаюцца як своеасаблівая мастацкая «інтэрпеляцыя» заходнебеларускага народа да сумлення ўсяго чалавецтва. У паэзіі М. Танка мужна і паўнагучна загаварылі духоўныя, нязломныя сілы нашага народа.
Калі б М. Танку і не суджаны быў далейшы працяг творчасці, усё роўна значнасць давераснёўскага набытку моцна ўпісала яго імя ў гісторыі беларускай літаратуры і культуры. Аўтару належала пераступаць ідэйна-эстэтычны парог у новую эпоху.
У першыя дні вайны М. Танку прыйшлося на ўсход адыходзіідь з самага заходняга рубяжа нашага краю – з Беластока, дзе апошнім часам ён жыў з сям’ёй, пасля яму ўдалося, сеўшы на апошні цягнік, вырвацца з пасткі ваеннага акружэння і выехаць на Саратаўшчыну. Там пачалася яго падрыхтоўка на курсах кадравых афіцэраў. Але кіраўніцтва рэспублікі адклікала паэта ў Маскву – спачатку для працы ў газеце «Савецкая Беларусь», а з лета 1942 г. – у сатырычным выданні «Раздавім фашысцкую гадзіну. Ваяўнічая актуальнасць выяўляла ў паэзіі М. Танка новыя грані таленту. Але толькі некаторым яго вершам са старонак газет пашчасціла ўвайсці ў кнігі паэзіі «Вастрыце зброю» і «Праз ваенны небасхіл» (1945). Верш «Не шкадуйце, хлопцы, пораху» стаў адным з узгневана-закліковых і вядомых. Вобраз маці запамінальна выпісаны сродкамі народна-баладнага ўвасаблення: у кашулю-вышыванку разам з трывогай яна ўплятае «закляцце ад варожай кулі», ад пятлі, ад груганоў. Талент М. Танка валодаў сілай абагульняючай думкі, якая нярэдка ў сплаве з канкрэтыкай перажывання глыбока ўзрушала. Судакрананне з дымнымі руінамі вызваленага Мінска («Мы ў свой горад прыйшлі») выкрасала пачуцці, акцэнтаваныя абрывіста-стрыманым рытмам, шчымліва-суровым насычэннем дэталяў («Галавешкаю ўвысь нехта кінуў над горадам месяц...»). Умоўна-асацыятыўны план дапамагае карціне разрастацца ўшырыню і ўглыб, вядзе да шматзначнасці гістарычных паралелей і супастаўленняў.
Паэма «Янук Сяліба» (1943) – адзін з першых беларускіх буйнейшых твораў ваеннага часу. Тэматычна, падзейна яна родніцца з ваеннай лірыкай паэта і ў той жа час расстаноўкай персанажаў, іх сутыкненняў як бы працягвае тэму «Нарачы». Пейзаж узнаўляе тую ж адухоўленую каларытнасць родных мясцін, наднарачанскіх прастораў, урочышч, краю бароў і азёр. Янук Сяліба шмат у чым нагадвае падпольшчыка Грышку з «Нарачы», нават з досыць падобнай «заходнебеларускай» біяграфіяй. У паэме, аднак, сустракаюцца і моманты схематызму сюжэтнага дзеяння, пэўнай ідэалізацыі бытавога асяроддзя вёскі. Хутчэй за ўсё гэта назіраецца ў дэталёвым канструяванні сюжэтных ходаў, у іх лакальна звужаным коле, расстаноўцы фігур сваіх персанажаў узаемаўзгоднена, загадзя распланавана. Галоўнае – ёсць у творы эпас жыцця ў яго каштоўных вымярэннях, і яго лепшыя старонкі з годнасцю ўваходзяць у мастацкі летапіс ваенных гадоў.
Адным з самых складаных і супярэчлівых этапаў у творчым жыцці М. Танка з’явілася першае пасляваеннае дзесяцігоддзе. У кнігах гэтай пары («Каб ведалі», 1948; «На камні, жалезе і золаце», 1951; «У дарозе», 1954) сярод вершаў, пазначаных мастацкай культурай, нямала і твораў, напісаных ніжэй магчымасцяў аўтара, без удзелу яго грамадзянскага голасу. Аўтара вяло да пераліку расхожых «паэтызмаў», штампаў: квяцістых зор, сонечных вятроў, звонкіх струн салютаў. Ён трапіў у палон гучна-прыгожых прамаўленняў, што, магчыма, выконвалі ролю паэтычных адпісак – абы не маўчаць. Міжвольна складвалася культаўская псіхалогія вершапісання, дэкларавання задач: песня паэта павінна памагчы «праславіць у магутным гімне» надыход «залатых дзён», ахопленых суцэльнай святочнасцю («Радасны дзень», «Застольная», «Дыфірамб»). Падобна, што такім станавіўся характар самога светаадчування паэта – цымбальна-вясельнага, радасна-хмельнага. Усе нягоды жыцця і працы падмяняюцца літаратурным атрыбутам – песняй, яе пяюць і паасобку, і хорам, на палях і на рыштаваннях («Ідуць камбайны», «Раніца над Мінскам»). У «Песні будаўнікоў» чуецца «столькі шчасця, вяселля і песень», што да казачнага раю, які шчодра дэкларуецца ў такіх выпадках, здаецца, падаць рукой. Не менш трывожна, калі аўтару пачынае не ставаць меры ва ўслаўленні «загінуўшых байцоў і несмяротнай славы іх». Слава нібыта акупляе ўсё. Страты, незагойныя раны, ахвярнасць – усё рабілася як бы толькі дзеля славы. Смерць, незлічоныя трагедыі адступаюць і ўступаюць месца ёй. Многія вершы аказаліся па-за галоўным кірункам сапраўднай грамадзянскасці, гуманізму. Самай нетрывалай сталася прывязка твораў да тэматыкі сучаснасці.
Асноўныя каштоўнасці былі здабыты паэтам у рэтраспектыўнай праекцыі – на памятных сэрцу кайданных і вогненных шляхах («Люцыян Таполя», «Пасылае маці думы», «Каб ведалі», «Балада пра партызана Дубягу», «Якубу Коласу», «Памяці таварыша Таўлая»). У такім вымярэнні – зварот у мінулае – таілася часам свая актуальная праблема, як бы асучасненая змястоўнасць. Напрыклад, паэма «Люцыян Таполя» з’явілася такім творам, дзе на пляцоўцы гістарычнага матэрыялу, умоўна уведзенага ў задуму, адкрылася магчымасць іншасказальна загаварыць пра мужнасць мастака, пра невычэрпныя эстэтычныя сілы народа. У вобраз Люцыяна Таполі, народнага майстра-дойліда, укладзена шмат ад бунтоўнай захопленасці самога паэта. Сабор, які даручана аздобіць майстру, выступае як народнае тварэнне, набываючы высокую адухоўленасць пад рукой дойліда і шматзначны сэнс. Важна было гратэскна паказаць даўніх антыподаў народа, што спрадвек гатовы былі вытаптаць душу і высокую думку, вольны творчы дух чалавека. Сабор – культавая пабудова, дзе, аднак, не месца культаўскаму ўціску, згубленаму для вольнага ўзлёту духу мастака. Эстэтычная праблема, актуальна ўзнятая ў творы, знаходзіць сваё далейшае разгортванне і ў вершах «Якубу Коласу» і «Памяці таварыша Таўлая». У размове з Я. Коласам ёсць радкі, што спыняюць увагу не толькі эмацыянальнасцю адносін да любага песняра, але і роздумам аб празе творчасці. З гэтым асацыятыўна шырокім вобразам пераклікаюцца і радкі аб лёсе таўлаевай песні, яе этапах і скрыжаваннях, на якіх гартавалася і аўтарская паэзія. Зноў жа роздум трывожна асучаснены.
Творчыя ўдачы прыходзілі, калі ад агульных усхваленняў аўтар пераносіўся да балючай асновы ўласна спазнанага. Асабліва – калі звярнуўся да формы балады-легенды – гераічнай («Балада пра партызана Дубягу»), у трагічна-мінорным ключы («Пасылае маці думы»), дзе прылёт «чорнага ворана» з трагічнай весткай да маці – гэта аповед пра трагізм народа (і не толькі ў часы вайны).
Прымаючы творчы заказ часу, адчуваючы яго актуальныя задачы, М. Танк дасягаў акрыленай паэтызацыі ў вядомых радках, што ўражваюць акцэнтацыяй пералічэнняў, падказаных як бы самой прыродай (асабліва часта аўтар выкарыстоўвае дзеля гэтага метафару). У цяжкі культаўскі час М. Танк не згубіў пад сабой грунт народнага жыцця: з’явіўся зборнік («След бліскавіцы», 1957). Паспрыялі дэмакратыі і вядучыя прынцыпы, што пабуджалі да духоўна-творчага абнаўлення грамадства. У новы творчы перыяд М. Танк уваходзіў як паэт «другога дыхання». Прыходзіла новая, вышэйшая ступень сталасці таленту. Тэндэнцыя праўдашукальніцтва не без нотак бунтоўнасці (верш «Абвяржэнне», 1956) грунтоўна замацавалася і развівалася плённа, з дозай смеху і крытыцызму ў новых кнігах «Мой хлеб надзённы» (1962), «Глыток вады» (1964) і «Перапіска з зямлёй» (1967). Апошняя, праўда, не выходзіла асобна, а была ўключана ў Збор твораў М. Танка (1966–1967). Кнігі гэтыя становяцца вызначальнымі вехамі не толькі ў творчасці іх аўтара, але і ўсёй беларускай паэзіі тых бурных 1960-х гадоў. Лепшыя вершы ўтвараюць эстэтычную цэласнасць, кандэнсуюць рысы новага светаадчування, у цэнтры якога – прага грамадскага і творчага абнаўлення жыцця, патрэба прынцыповай выверкі і ўдасканалення эстэтычных крытэрыяў з істотнай папраўкай на час, бескампраміснасці ацэнкі і пераацэнкі грамадска-ідэалагічных і асабіста здабытых каштоўнасцей.
Дзякуючы пафаснай танальнасці разам са смехам, мужнасці прамаўлення, М. Танк, відаць, найбольш уражвае і запамінаецца ў грамадзянскім абліччы заклапочанага чалавека, устрывожанага праўдалюба і выкрывальніка, вачам якога адкрываюцца ўсё новыя супярэчнасці веку. Сферу грамадзянскага і патрыятычнага самавыяўлення паэта пачалі істотна пашыраць яго «замежныя» вершы («Псалтар», «У Луўры»). Аднак і ў бурны перыяд 1960-х гадоў рэшткі культаўскай псіхалогіі не пакідалі аўтара, не сталіся атавізмам, сумным для ўспаміну, а знаходзілі прыстанішча ў гучна-ўслаўляльным вершапісу, як бы дзеля «падстрахоўкі» і пацвярджэння сваёй непарушнай прыналежнасці да палітычных «курсаў» і сцяганосных ідэй («Наша партыя», «Шчаслівыя гады», «Залаты век»). Аднак вызначальнымі ў творчасці аўтара становяцца сумленнасць, ачышчэнне і мужнасць. Лепшыя вершы ўжо дазваляюць гаварыць пра ўстойлівасць грамадзянскага таленту паэта. Самім сабой яму дапамагае заставацца крытычна-ацэначны, аналітычны, праніклівы і мудры позірк у рэчаіснасць; жыццялюбны, іранічны ці балюча-прыцішаны смех.
Воблік паэта не менш істотна пачала акрэсліваць і вызначаць другая танальнасць, што мела месца яшчэ ў давераснёўскія часы: лірычнае, шчырае перажыванне, адчувальна-рэчыўнае, інтэлектуальна-тонкае судакрананне душы паэта з родным краем. У паэзію М. Танка прыходзіць захопленая паэтызацыя і каларытная дэталізацыя родных мясцін, прадметны жыццяпіс («Стол», «Печ», «Смаленне кабана», «Аўсяны кісель», «Мой родны кут», «Зямное прыцягненне»). Рэльефна ўзнаўляюцца запамінальныя народныя тыпы людзей: дзеда Каліны, бабкі Улляны, музыканта-самародка Кузьмы, які адчуваў асалоду ў падтрыманні народнай этыкі і ў яе тонкасцях быў дасканала выхаваны. Родная зямля для паэта – скарбніца духоўнага жыцця, яна жывіць і ўзнаўляе сілы самай тонкай тэорыі – чалавечай душы.
Ёсць у канцэпцыі свету М. Танка яшчэ адно не менш важнае вымярэнне – гэта глыбокая чалавечнасць, гуманістычная канкрэтнасць творчасці. Струмень чалавечнасці стаў шырокай плынню аўтарскай творчасці, часам са слядамі трагічнага лёсу людзей працы, але заўсёды са спагадным, чуйным разуменнем першаснай самацэннасці іх духоўнай красы: («Рукі маці», «Жыццё бабкі Улляны»). Новае «прачытанне» вайны (у адрозненне ад услаўляльна-пасляваеннага) асэнсоўвае ўжо ў іншым аспекце вогненную памяць, узмацняючы менавіта гуманістычную змястоўнасць твораў («Стары мост», «Дзе яны?», «Конаўка»). Шэдэўр танкаўскай гуманістычнай лірыкі – славутая «Аvе Маrіа» (1957), дзе непрыняцце любых форм духоўнага марнатраўства і аскетызму прыгожа, незвычайна пластычна ўвасоблена праз напружанае жывапісанне вобраза манашкі, гэтых «семнаццаці маяў», што абкладзены чорнай вопраткай, ружанцам. Пачынаецца цэлая бітва антытэз: тых, што датычаць красы, і вобразаў лірычнага перажывання самога паэта.
Набіраў моц працягла-застойны перыяд у жыцці грамадства, культуры, літаратуры. Змены ў танкаўскай паэзіі адбыліся хоць і не радыкальныя, ды прыметныя, з павелічэннем долі ўмоўнасці, іншасказання. Кнігі, што выйшлі ў 1970-я гады («Хай будзе святло», 1972; «Дарога, закалыханая жытам», 1976; «Прайсці праз вернасць», 1979), пацвярджаюць, што першасныя працэсы адбыліся ўсё-такі ў жыццёвым змесце, якія і пацягнуць за сабой адпаведныя змены ў форме, у характары яе змястоўнасці. Змяняецца не толькі ракурс бачання многіх супярэчлівых з’яў свету, але і мастацкі прынцып шматзначнага вобразнага маўлення, заглыблення ў рэчаіснасць, аднаўляецца «стратэгія» іх пазнання. Свядома ўзмоцненая арыентацыя на паэтыку асацыятыўнасці дала свой плён, паўплывала на характар пошукаў і зрухаў ва ўсёй беларускай паэзіі.
У гэты час над фактамі трагічных зыходаў двух рускіх паэтаў – У. Маякоўскага і С. Ясеніна задумваецца А. Куляшоў у паэме «Варшаўскі шлях». Увага паэта была прыкавана і да трагічнага лёсу А. Твардоўскага. М. Танк акцэнтуе ўвагу на галоўных момантах горкіх урокаў гісторыі, аглядае супярэчнасці, шматзначна прымярае іх да сучаснасці. Грамадзянская «ерэтычнасць» як рыса характару невынішчальная ў сутнасці асобы М. Танка («Павестка ў суд», «У музеі – маска паэта...»).
Лірыка М. Танка вучыць здзіўляцца хараству і цуду жыцця, вучыць адчуванню красы ў свеце. Мудрай перасцярогай уражвае паралель, што стала ўжо афарыстычным выслоўем: «Дрэвы паміраюць, калі перастаюць пазнаваць змены года... Чалавек – калі страчвае здольнасць здзіўляцца і захапляцца жыццём». Духоўнасць лірычнай асобы М. Танка нельга ўявіць без устрывожанасці за першароднасць красы роднай зямлі, за свет прыроды: ёй жа так трэба грамадзянскае заступніцтва. Паэт спрабуе ўздзейнічаць на іншых сродкамі ўвасаблення самой красы: не публіцыстычнай формай выкрыцця, а самой паэзіяй першароднага хараства.
Нярэдка для актывізацыі эстэтычнага ўздзеяння М. Танк уводзіць свой улюбёны ўмоўны план з дапушчэннем неверагоднага здарэння, прыгоды («Няздзейсненае падарожжа», «Здарэнне ў самалёце», «Павестка ў суд»). У сродках іншасказання – той жа нарастаючы клопат пра Дрэва жыцця. Інтэлектуальнасць танкаўскай паэзіі неабсяжна шырыцца, узбагачаецца энцыклапедычнай дасведчанасцю, шчодра чэрпае фарбы з агульначалавечага набытку – усё асэнсоўваецца дзеля вельмі актуальнай праекцыі ў сучаснасць. Да павучальна вялікіх урокаў мінулага паэт далучае і свой нялёгка прыдбаны вопыт, піша як бы ўсім сумоўем гістарычна падказанага і асабіста перажытага, перадуманага. Трапяткая духоўнасць непаўторна выяўляецца ў поглядзе паэта, напрыклад, на Джаконду, багіню перамогі Ніку ці Венеру Мілоскую (цыкл «У Луўры»), на якіх аўтар умее глядзець адначасова вачыма і селяніна, і высокадасведчанага інтэлігента. Звяртаючыся да шэдэўраў жывапісу, дойлідства, паэт як бы запазычвае ў класічных творцаў пластыку ўзнаўлення і пераўтварэння карцін і вобразаў («Пігмаліён»). Гэтак жа і верш «Готыка Святой Анны» напісаны, бадай, на ўзроўні шэдэўра «Аvе Маrіа». Высокага інтэлектуальнага ўзроўню дасягаюць таксама творы «Марк Шагал», «Начная варта», «Ода на смерць кардынала I. Данелона», «З дзённіка д’ябла», «Старажытныя амфары», «Калі з гары Сіная Маісей прынёс...». Трывожна звернуты да сумлення чалавецтва, таксама нібы выхаплены з яго гісторыі, з яго змагання, з культуры такія дасканалыя творы, як «Ракавіна з Кіпра», «Чылійскі сувенір», «Вернасць», паэма «Мікалай Дворнікаў» (1978). Танкаўская паэма пра М. Дворнікава, аднаго з кіраўнікоў заходнебеларускага падполля, якому суджана было стаць ахвярным змагаром інтэрнацыянальнага антыфашысцкага фронту ў Іспаніі, глыбока пранікнута асабіста аўтарскім дачыненнем да памятных падзей, да самой постаці героя. Паэма па духу вельмі роднасная вядомай таўлаеўскай паэме-баладзе «Таварыш». У танкаўскай паэме прыцягваюць увагу мастацкія сродкі адлюстравання дзвюх арэн барацьбы – не толькі заходнебеларускай і іспанскай, але і менавіта рамантычна-мэтапамкнёнай, духоўнай, што нястрымана пераносіцца за Пірэнеі дзеля сутычкі са сваім антыподам. Прывабную постаць М. Дворнікава мы бачым у гушчы байцоў на лініі агню – у ролі камісара, потым камандзіра аднаго з падраздзяленняў інтэрбрыгады («Бой пад Альбасэта», «Эстрамадура»). У паэме ролю шматзначнага маўлення адыгрываюць многія ўмоўныя сцэны («Апошняя ноч»).
Ішлі кругі новых дзесяцігоддзяў і этапаў, прымушаючы паэта вяртацца да быццам і абжытых, грунтоўна распрацаваных тэм, але на новым грунце разумення ці далей расчыненых магчымасцяў заглыблення ў рэчаіснасць. У кнігах 1980-х гадоў («За маім сталом», 1984; «Збор калосся», 1989) ужо адчуваецца, хоць у мастацкім сэнсе і не рэзка, новы заход да асэнсавання набалелага. Глабальную тэму падкінуў Чарнобыль, актывізавалася праблема роднай мовы, якой патрэбны былі шчырая паэтызацыя і адкрытае заступніцтва.
Гістарычнаму мінуламу прысвечаны твор аўтара «Гравюры Скарыны». Таталітарная сістэма спарадзіла нечуваны ў гісторыі тып негаспадара, бяздумна-абыякавага сляпога выканаўцу каманды «зверху», паслухмяную «кнопку», робата. У вершы «Робат» паэт у характэрнай манеры разыгрывае ўмоўную сітуацыю: просіць лесарубаў не секчы апошнюю дуброву, пашкадаваць «асвяжальнай засені, гаючай цішыні».
М. Танку належаць прыродазнаўчыя і чалавеказнаўчыя творы («На пахаванні ракі», «Кубля», «Калі пачынаюць памерлыя сніцца»); а таксама вершы 1990-х гадоў – «На хутары», «Балада пра гліну», «Тут Беларусь была». Апошні – з трагізмам прадчування, якога ў аўтарскай паэзіі не здаралася. Трагізм светаадчування нярэдка згушчаецца, аднак ратуе філасафічна-народнае ўспрыняцце жыцця («Пра філосафаў», «Партызанская балада», «Пісьмо брату»). Аўтарская паэзія – гэта спалучэнне розных тэм, важкіх высноў, людскіх урокаў і шкадаванняў аб упушчаным. У філасафічным спасціжэнні прыродных і маральных высноў шмат увагі надаецца красе інтымных пачуццяў («Ружа вятроў», «Гляджу на цябе»). Да лепшых ліра-інтымных набыткаў («Ноч без цябе») дадаўся і верш «Табе».
Майстэрства паэзіі М. Танка заключаецца ў прыроджанай самабытнасці і шырокай дасведчанасці, у высокай культуры эксперыменту, нацыянальна-класічнай вывучкі і развіцці народнага складу верша. Схематычна можна намеціць тры асноўныя тыпы ў лірыцы паэта: лірычнае «я», ідэнтычнае аўтару («я» – гэта я), лірычны герой не скрозь раўназначны асобе паэта («я» – гэта і я, і не я) і, нарэшце, пераўвасабленне паэта ў аб’ектывізаванае «я» сваіх герояў («я» – гэта не я). Вядома, ва ўсіх формах лірычнай тыпізацыі асоба паэта ўсё роўна праглядваецца, калі не проста і непасрэдна, то апасродкавана, выяўляючы свой пункт гледжання, стыль і манеру мыслення, пазіцыю, светабачанне.
У форме падкрэсленага асабістага сцвярджэння М. Танк уражвае дзейнасцю, бунтоўнай напорыстасцю. З гадамі, этапамі да ранейшай эмацыянальнасці дадалося нямала рацыянальна-аналітычнага, філасофскага, прычым філасофія светабачання набывае ўсё часцей умоўна-шматмерныя формы. Дыяпазон роздуму і эстэтычных шуканняў шырэе, ускладняецца, як само жыццё. У «Трактаце аб паэзіі» акцэнтуецца ўзаемавыключэнне антыномаў: пуцяводныя зоры і зоры згаслыя, кавалак хлеба і кавалак цэглы астрожнай, глыток жывой вады і атрутнай.
Найбольш каштоўнае для паэта – першароднасць рэчаў, іх жыццядайнасць, як «глыток вады», што сімвалізуе наталенне духоўнай смагі. У ім, асвяжальным глытку, як і ў кавалку хлеба надзённага, тоіцца высокае прызначэнне паэзіі, якое М. Танк шматзначна сцвярджае нават назвамі сваіх кніг. Ён – выключны майстар менавіта паэтычнага пераасэнсаваня, узвядзення рэчаў у шматзначны план, у сімвал.
М. Танк надзелены выключным дарам паэтычнага бачання тых фактаў рэчаіснасці, якія ўяўляюць для яго праблематычную цікавасць. Стыхія мастацкага пераўтварэння так захоплівае ўсю натуру паэта, што бадай любую праяву, кожную жыццёвую рэч ён можа павярнуць у такім ракурсе, каб яна нечакана выявіла істотныя грані, засвяцілася паэзіяй. Майстэрства М. Танка заключаецца ў тонкім адчуванні паэтычнай задумы. У яго ніколі не складзецца твор без такога адчування, дзе можна ўбачыць глыбінны сэнс. У першыя дні пасля вызвалення Мінска паэту здарылася на плошчы Свабоды ўбачыць спаленую царкву з двума «анёламі» ў прытворы: «Яны, як сведчыў надпіс, запісвалі: хто ўваходзіў і хто выходзіў з храма». Паэт пакінуў у паходным блакноце кароткую занатоўку пра гэта, якая пазней нечакана перарасла ў творчую задуму. Дамінуючай стала дэталь – спісы ў руках анёлаў.
Анёлы з іх страшнымі спісамі маглі б сведчыць на любым антыфашысцкім працэсе. Паэтычная ўмоўнасць дэталі становіцца ў верлібры абагульненым фактам рэчаіснасці, які вырастае ў абвінаваўчы мастацкі дакумент. Паэтычная задума аўтара – шматаблічная па форме. Часта яна грунтуецца на разгорнута-скразной, стрыжнявой дэталі. Паэтыку лічбаў (давераснёўскі «Акт першы») М. Танк шырока выкарыстоўвае і развівае ў многіх творах. У «Жэтоне» пасля страфічных паўтарэнняў сямізначная лічба нечакана ў канцоўцы ўзрастае на адзінку. Паэтыка лічбавай градацыі выдатна выкарыстана ў шматзначнай задуме іншага плану – у вершы «Добра» (1992). Лічба ў манеры народнай прыпавесці расце да дванаццаці са знакам «добра», ды ў канцоўцы паварот: «А з дванаццаці сяброў не дай, Божа, і аднаго хрыстапрадаўца». Яшчэ больш улюбёны мастацкі сродак – паэтыка пералічэння рэчыўных адчувальных дэталяў, з’яў, рэалій. Напрыклад, у вершы «Як я стаў паэтам» такая паэтызацыя, хоць і пад абалонкай жартоўнасці, паказвае на творчыя першавытокі: у кірмашовы дзень свой тавар раскладваюць «мядзельскія крамнікі і рыбакі, крывіцкія гарбары і рымары, смаргонскія абараншчыкі і бортнікі». У рэчыўнай паэтызацыі назіраецца захапленне сваёй шчодра адоранай зямлёй, якую паэт жменька за жменькай пачаў прасяваць – і «ўбачыў на дне рэшата песні».
У паэтыцы пералічэнняў толькі вонкава можа здавацца манера пісьма недастаткова вобразнай, аўталагічнай. У рэчыўнай паэтызацыі працы аўтар захоплены творчай адухоўленасцю, што пад яго пяром нават аўсяны кісель здаецца боскай амброзіяй («Аўсяны кісель»). Шчодрыя пералічэнні (як гатаваць такую смакату) набываюць функцыю сапраўдных мастацкіх дэталяў, каштоўных вобразаў, якія нарошчваюцца з пэўным прыцэлам: не шкодзіць помніць усім, хто прысеў з лыжкай, якім шляхам прыходзіць на наш гасцінны стол шклянка кісялю. Што казаць пра іншы жыццядайны плён працы земляроба? Пісаць проста – цяжкая форма мастацтва, яна вельмі прыдатная ў аўтарскім аповедзе, у жывапісным малюнку («Роздум караля», Гісторыя вёскі Пількаўшчына»), у якіх назіраецца ўсмешлівае слова, іронія, размоўныя інтанацыі.
I ўсё ж стыхія паэта – вобразна-асацыятыўнае мысленне. Сам прынцып вобразнай кантрастнасці – адна з галоўных асаблівасцяў светаўспрымання паэта. Яго антытэза выяўляе характар асацыятыўнага мыслення: з’явы і паняцці «сцягваюцца» ў асацыятыўным вобразе. Вышэйшая культура асацыятыўнага мыслення дасягаецца пераважна ў верлібрах («Дзе яны?», «Конаўка», «Божа паэзіі...», «Перапіска з зямлёй» і інш.).
Рытмічная арганізацыя верша – праяўленне дару паэта. Паэзія М. Танка вызначаецца вялікім інтанацыйным багаццем, поліфаніяй. У ёй абноўлены, бадай, усе традыцыйна-класічныя рытмы, памеры: ад гекзаметра і пентаметра да інтанацыйна-раскаваных рытмаў верлібра. Верлібр паэта трымаецца ў аснове больш ці менш устойлівай стапы, часцей трохскладовай, якая дае прастор для манеўравання апорнымі націскамі. Перабоі ў радку (звужэнне ці расцяжэнне стапы) часта нясуць эстэтычную функцыю: падкрэсліваюць новы рух думкі, акцэнтуюць сэнсава важкае слова. Вялікую ролю адыгрываюць: гукапіс, анафарычныя паўторы, алітэрацыйнае счапленне радкоў, інтанацыйныя перыяды («Перапіска з зямлёй», «Хоць раз у год»). Аўтарскі верлібр звычайна нешматслоўны, спрасаваны ў страфічных перыядах, што ўтвараюць асобныя звёны думкі («Пра філосафаў»). У арганічнай з’яднанасці з народнай філасофіяй тоіцца поспех тварэння ўласнай філасофіі жыцця. У лепшых верлібрах паэт дасягае дзівоснага сплаву рацыянальнага і інтуітыўнага пачаткаў развагі і глыбіні перажывання, якое ўзмацняецца нярэдка цэлым каскадам прачулых анафар у пераклічцы з эпіфарамі («Мой хлеб надзённы»).
Багацце ўмоўна-асацыятыўных сродкаў уваходзіць у верлібр, выконваючы ролю як бы кампенсацыі тых страт, што непазбежныя пры адступленні ад добра абжытай класічнай архітэктонікі. Аднак многія выдаткі ў сучаснай працы аўтарскага верлібра сведчаць, што ніякія сродкі эўфаніі, інтанацыйныя перыяды, цыклічная структура строфікі не вядуць да істотнай эстэтычнай значнасці, калі няма ў творы кампенсацыі галоўнай – за кошт важкай думкі, філасафічнага роздуму. М. Танк перакананы, што «ўсе сферы чалавечых пачуццяў» падуладны верлібру, у тым ліку, напрыклад, і лірыка жывапісання быту і прыроды («Узыход сонца», «Летні дождж», «Кубля»).
Тэмы апісання ўсё ж паддаюцца верлібру цяжэй, для яго патрэбна філасофская думка, унутрана рухомая ідэя. Верлібр, кінуўшы выклік літаратурным канонам, сёння і сам не засцерагаецца ад штучнасці; умоўная вобразнасць часам пераходзіць у мудрагельства, уяўную філасафічнасць на пустым месцы, а то і ў арыгінальнічанне.
Паэзія М. Танка ўспрымаецца як па-грамадзянску ўсхваляваны і мудры маналог, як цэласны мастацкі арганізм, што жывым «кровазваротам» лучыцца з роднай зямлёй, з трывогамі свету. Яна знутры з’яднана адзінствам мастацкага светаадчування, канцэптуальнасцю творчага жыцця, духоўнасцю і мэтанакіраванасцю асобы.
Достарыңызбен бөлісу: |