Умяшаўся гаспадар хаты, які запрасіў гасцей працягваць вечарынку, а маці з дочкамі праводзіў у другі пакой. Але яны і там працягвалі выцераць вочы хусцінкамі, а калі пачулі словы з песні:’’…Заплача маці, з ёю бацька, заплача ўся мая радня…’’ Не вытрымала маці, падышла з дочкамі да Івана і моцна прытуліла яго да сябе. Бацька зноў падышоў да іх і ўсіх адправіў у другі пакой, а гасцям зноў загадаў працягваць вечарынку. Але госці не весяліліся, неяк панура глядзелі адзін на аднаго, не бралі ў рукі нават кілішак. Тады на дапамогу, як звычайна, прыйшоў гарманіст, ён расцягнуў мяхі гармоніка і палілася вясёлая жартоўная песня:’’Захацела мяне маці, ды за другага аддаці. А той другі – ходзіць да падругі. Ой, не аддай мяне маці… Захацела мяне маці, ды за пятага аддаці. А той пяты – п’яніца пракляты. Ой, не аддай мяне маці…’’
Жартаўлівая песня лілася праз край, павесялелі госці, нават маці з дочкамі вярнуліся да стала і дзяўчынкі пачалі разам з гуртам спяваць гэтую вясёлую жартаўлівую песню. Пачала разам з усімі цягнуць словы гэтай песні і Ганка, пазірала на сына Аляксея, які сядзеў з хлапцамі, размахваў рукамі і таксама спяваў. Дзівілася, які ўжо даросы ён стаў, прыгожы, статны, ну кропелька ў кропельку, як бацька. Нават нос, губы такія ж, з твару так падобны, што ніяк не адрозніш яго ад бацькі. Ужо і дзяўчыну сабе знайшоў у Будзе – Сафіеўскай, знайшоў патаемна ад бацькоў, не прызнаваўся нікому ў гэтым, пакуль сам бацька не заўважыў гэтага, мне не расказаў. Вось і сёння, на гэтай вечарынцы, другія хлапцы водзяцца з дзяўчатамі – прыгажунямі, а ён ні да адной не падышоў. Удаўся ў бацьку – будзе адналюбам…
А вечар быў у самым разгары, круціліся хлопцы і дзяўчаты ў хуткай польцы, танцавалі кракаўякі і падыспаны, спрабавалі наладзіць і кадрыль, але ў іх штосьці не вельмі ладзілася, тады на дапамогу ім прыйшлі маладыя жанчыны, захапіўшы з сабою і Ганку. І яна насілася з імі па хаце, бы той матылёк, такая прывабная, вясёлая і безклапотная. Андрыян не зводзіў вачэй з яе, любаваўся ёю. Выпітая ёю карчоўка, пэўна, прыдала яе твару яшчэ больш ружовасці, кучаравыя валасы яе пятляліся вакол яе бялюткай шыі, кучаравінкі спадалі на яе прыгожанькі лоб, якія яна раз – пораз адкідвала да верху, танцавала. Калі кадрыль скончылася, яна вярнулася на свае ранейшае месца, уся ўзбуджаная, успацелая і вясёлая. Штурхала пад бок і яго, каб і ён выйшаў на круг, хоць патанцаваў бы нейкі вальс, але ён заўпарціўся, адказаўся. Тады падбег да яе Аляксей і запрасіў маці на вальс. Яны павольна паплылі пад гукі гармоніка і лязгат бубена. Здавалася, што яе ўжо дарослы сын, плыве з ёю па воблаках, трымае яе, каб не звалілася яна на зямлю, не згубілася дзесьці ў невядомасці. ’’І дзе гэта ён навучыўся так ладна танцаваць? – падумала яна. – Толькі што быў малы, здавалася, мала бегаў дзе на танцулькі, больш дома быў, на рабоце. А тут, глядзі яго, стаў зусім дарослым, хутка скажа, што будзе жаніцца…’’
Дамоў вярталіся апоўначы, вялікі круглы месяц цмяна асвятляў ім дарогу, асабліва ў тым месцы, калі дарога вяла праз лес. Андрыян сядзеў побач, кіраваў Буланым Аляксей.
-- Чаму не застаўся ты на вечарынцы, Аляксей? – запытала Ганка ў сына. – Столькі там прыгожых дзяўчат. Усе, як на падбор, адна за другую прыгажэйшыя, статныя.
Сын маўчаў, не хацеў адказваць на пытанні бацькоў, нокаў раз – пораз на Буланага, глядзеў на вялікі круглы шар, які каціўся па вершалінах соснаў побач з імі, імкнуўся перагнаць іх, але не адважваўся, бо ўжо канчаўся лес і яму ўжо не было за што чапляцца, каб рухацца далей.
Так і не сказаўшы ніводнага слова, Аляксей выпрог Буланага, завёў яго на канюшню, схіліўся ля паркана і яшчэ доўга назіраў за месяцам, які застаўся вісець над лесам, пэўна, застаўся пакрыўджаным, што не змог перагнаць іх, калі ехалі яны побач на сваёй карэце. Так думаў Аляксей, які працягваў усё стаяць ля веснічак аж да самой раніцы, пакуль на ўсходзе не заружавела неба, не з’явілася заранка, якая імкнулася абудзіць усё жывое наўкола, абудзіць яго, маладога хлапца, з галавы якога не выходзіла думка аб яго прыгажуні Лізавеце…
24
Скалыхнула навіна ўсё наваколле Палесся, што ноччу згарэла амаль уся вёска Букча Тонежскай воласці. Пажар знішчыў 87 жылых і 420 халодных пабудоў, грамадскі запасны магазін са збожжам да 200 пудоў, пашкодзіў званіцу мясцовай царквы. Загінуў на пажары яўрэй Шлёма Іцкаў Чэчык.
Мясцовыя пагарэльца апынуліся ў бядотным становішчы. На хуткім часе быў створаны Камітэт па збору ахвяраванняў грашыма, харчамі і рэчамі на карысць пагарэльцаў. Прыняў актыўны ўдзел у гэтым і Андрыян, які выдаткаваў значную суму грошай для пацярпелых. Сабралі таксама грошы, рэчы, харчы і Зладзінцы разам з хутаранамі. Кіравалі ўсёй гэтай работаю юнакі і дзяўчаты, якіх узначальвала Маргарыта. Сяброўка яе Алена Слупская разам з капітанам з’ехала ў Мазыр і школа ў вёсцы пакуль не працавала. Дзеці былі на працяглых канікулах. Андрыян некалькі разоў спрабаваў закрануць гэтае пытанне ў Мазыры, але яму заўсёды адказвалі, што цяпер ваеннае становішча і да школы пакуль не даходзяць рукі. Сапраўды, баі дзесьці за Пінскам разгараліся, гінулі салдаты, было шмат параненых, прападалі некаторыя без вестак. Ішлі гаворкі, што тыя салдаты, пра якіх паведамлялі, што яны гінулі без вестак, проста ўцякалі з перадавой і хаваліся ў лясах, паблізу сваіх хат. Пра гэта Андрыян аднойчы чуў у Мазыры, як невядомы нейкі прамоўца заклікаў моладзь да гэтага, гаварыў адкрыта аб шкоднасці гэтай вайны для сялян і рабочых, гаварыў аб неразумнай палітыцы цара, яго памагатых, што гэтую вайну патрэбна скончыць, скінуць цара, узяць рабочым і сялянам уладу ў свае рукі…
Пад уплывам гэтага пачутага, ехаў ён дамоў і ўсё думаў, што будзе далей з яго гаспадаркаю, з яго смалакурняю, з тым лесам, якога на прыстані назбіралася зашмат, што будзе з імі, з яго пабудовамі ля Ўбарці. Не заўважыў, як ля Буды – Сафіеўскай з цёмнага лесу выйшлі чацвёра са зброяю. Адзін барадаты мужчына смела падышоў да воза і запатрабаваў грошы і харчаванне. Другія трымалі напагатове ружжы, як паспеў заўважыць Андрыян, ружжы армейскага паходжання. Ён дастаў абвёртак з грашыма, якія выручыў у Мазыры за смалу, і падаў барадачу. Той ад здзіўлення аж падсвіснуў, схапіў з воза абаранкі – бублікі, якія былі нанізаны на вяроўчыну і хуценька падаўся да сваіх. Андрыян заўважыў, што з боку Махнавіч едзе карэта, ён пачакаў яе, каб разам весялей было ехаць. Калі карэта параўнялася з ім, ён пазнаў урадніка, але вырашыў яму ні аб чым не гаварыць. Той, пэўна, заўважыў кагосьці здалёку, запытаў яго аб гэтым, але Андрыян жартаўліва сказаў, што грыбнікі тут ходзяць па лесе, іх зашмат, нават грыбы ладныя ляжаць у кошыках. Ураднік засмяяўся, бо ведаў, што грыбы ўжо даўно перасталі расці, на двары пахаладала, але ж няхай будзе так, як кажа смалакур. І яны паціху ехалі ў напрамку Буйнавіч.
Калі Ганка пачула пра здарэнне, якое адбылося з Андрыянам, пачала войкаць, туліцца да яго, шкадаваць. А ён папярэдзіў яе, што аб гэтым ніхто – ніхто не павінен ведаць, бо яго яны папярэдзілі аб гэтым. А з чужымі ўзброенымі людзьмі нельга жартаваць, бо яны здольны на ўсё, а ў нас сям’я, гаспадарка, людзі. Яна згадзілася з яго довадамі, яшчэ раз моцна прыціснулася да яго і пайшла на вуліцу, каб крыху схапіць свежага паветра, бо ёй неяк стала не па сабе. Ён выйшаў за ёю, падышоў да веснічак, палажыў руку ёй на плячо, каб адчула яна яго цяпло і павольна пакрочыў у бок смалакурні.
Рабочыя ля смалакурні абмяркоўвалі надзённыя пытанні, выказвалі свае меркаванні наконт таго, што тварылася вакол, закраналі пытанне загінуўшых на вайне вясковых і хутарскіх мужыкоў, закранулі пытанне аб уцекачах з фронту, якія праз лясы і балоты прыходзяць у сваю мясцовасць і тут ствараюць асобныя ўзброенныя групы людзей, якія рабуюць насельніцтва. ’’ Няўжо даведаліся аб яго здарэнні ў лесе? – падумаў Андрыян. – Але ж не, няма размовы аб ім, ды і адкуль магла гэтая чутка дайсці да іхняга слыху? Ведае Ганка і я аб гэтым. Але ж, пачакай, здаецца з тых трох, што стаялі непадалёку, ён аднаго з іх крыху апазнаў, але хто ён – ніяк да памяці не прыходзіць. А калі пачуў аповед Пятра Цімохава аб тым, што ў лесе хаваецца Карповіч з Манчыцкага хутара, адразу ў памяці пачаў выяўляцца ягоны выраз твару, аблічча. І Андрыян стаў упэўненым, што і гэты чалавек быў сярод тых людзей. Гаварылі хутаранне з – за балота, што і Іван Осіпаў знаходзіцца дзесьці ў шпіталі, моцна паранены, невядома, ці выжыве. Усе спачувалі Якаву Осіпаву, які стаяў каля смалакурні і адну за другой смактаў самакруткі.
-- Хоць бы давалі адрас шпіталя? – амаль разам высказалі сваё пытанне браты Васіль і Мікіта Чэчкі.
-- Хопіць гаварыць,-- умешваецца ў размову Андрыян. – Вы Чэчкі, бярыце сваю брыгаду і на прыстань, бо там работы зашмат, ў хуткім часе адправім лес на Майсеявічы, патрэбна паспець да таго, як пачне ставаць рака. А ты Цімохаў Даніл, каб да халадоў ніводнай пасудзіны не засталося з жывіцаю ў лесе. Міхал Флёрка і Якаў Осіпаў са сваімі людзьмі будуць займацца нарыхтоўкай сыравіны для смалакурні.
-- Можна запытацца ў Вас, чаму Вы не кажаце, што з Вамі здарылася не так даўно, -- калі ўсе разышліся, паціху падышоў да яго Васіль Чэчка, трымаючы ў руках невялічкі снопік жытнёвай саломы.
-- Ды нічога такога не здарылася, -- неяк спужана пачаў нібы апраўдоўвацца Андрыян перад сваім рабочым.
-- Не праўду кажаце, Вы зараз зусім не падобны на сябе. А з Вамі здарылася цяжкае, аб гэтым шэпча мне мая саломка, а яна мяне ніколі не падводзіць…
Андрыян ведаў, што гэты чалавек ужо ні раз здзіўляў людзей сваім нейкім вядзьмярствам, асабліва тады, калі зыходзіліся яны з Ціхонам Шахоўкай і яго дачкою Яўгеняю. Прадказвалі многім яны небяспечнасць у жыцці, дапамагалі адшукваць зладзеяў, крывотлівых злачынцаў, якія нябачна прычынялі шкоду людзям. Але ж ведаць пра тое, што з ім здарылася?
А ён дзьмухаў на салому і сказаў толькі некалькі слоў, што тыя страты, якія ён панёс, яму амаль напалову вернуцца, бо ў чалавека, які ведае яго, штосьці дрэннае робіцца з яго сумленнем, ён пакутвае…
На гэтым Васіль скончыў сваю прамову і паціху пакрочыў да прыстані. А Андрыян доўга яшчэ стаяў, пазіраў на яго адыходзячую постаць і думаў: ’’Ёсць розныя людзі сярод нас, розныя здольнасці ў людзей, ну а такія здольнасці? Адкуль такія здольнасці бяруцца? Ён успомніў, як даўным – даўно, калі ён толькі што прыехаў сюды на працу, аднойчы вечарам ля яўрэйскага шынка, калі мужык прарываўся без чаргі да прылаўка, каб выпіць куфель піва, Ціхон Шахоўка вырабіў такое, што не ўсе адразу паверылі ў гэтае. Ён паглядзеў у вакно і сказаў, што на вуліцы гарыць воз з сенам. Мужык схапіў вядро з вадою і пабег тушыць сена. Лінуў ваду з вядра, а агню на санях як не было, так і няма, дзе і падзеўся…’’
Вярнуўшыся да хаты, ён расказаў пра ўсё Ганцы, якая не вельмі здзівілася ўсяму, бо маці ёй расказвала раней, як гэтыя Шахоўкі шмат чаго прадсказвалі людзям, папярэджвалі іх у небяспецы, знаходзілі яны тое, што людзі губілі. Васіль Чэчка таксама меў нейкі прыродны дар, быў цесна звязаны з Ціхонам і яго дачкою Яўгеніяй, якая толькі пачынала пераймаць навуку бацькі, мела таксама нейкі прыродны задатак. Ужо калі жыў Васіль з другою жонкаю Аленаю і адправіліся з Мікітаю на плытах па Ўбарці ў Майсеявічы, нехта ў ягонай хаце за ноч украў кубел сала. Калі вярнуліся дамоў, жонка аб гэтым яму паведаміла. Ён нічога не адказаў, сеў спакойна вячэраць. А калі жонка яшчэ яму аб гэтым напомніла, ён адказаў:
-- Хто ўзяў – той і прынясе. Дай мне спакойна павячэраць!
Праўда, пасля вячэры ён доўга сядзеў на дрывотні, звязаў пучок саломы, нешта доўга мармытаў, а потым спаліў салому, прыйшоў у хату, дзе яго сын Мефодзій збіраўся з яго дазволу бегчы на вуліцу гуляць, распрануўся, ні з кім не абмовіўся ніводным словам, лёг адпачываць. Дарэмна жонка надакучала яму з рознымі пытаннямі, на іх яна не пачула ніводнага адказу. Яна проста не ведала, што перашкаджала яго вядзьмярству, залазіла ў яго свядомыя думкі, не давала яму давесці яго справу да канца. Але ўсяроўна, наступнай раніцою, калі яшчэ бралася толькі на золак, праразалася чырвань на небасхіле, ён кудысьці схадзіў незаўважана, каб ніхто яго там не бачыў, вярнуўся, пасядзеў яшчэ крыху на сваім аблюбаваным месцы на дрывотні, зайшоў у хату, паснедаў і пайшоў да сплаўшчыкаў.
Праз дзень, калі Алена выйшла раніцою на ганак, непадалёку ад вушула паркана стаяў яе кубел з салам, нават не крануты. А калі яна забегла ў хату, і пачала гаварыць аб гэтым Васілю, той толькі ўсміхнуўся і жартаўліва адказаў: ’’Я ж табе і гаварыў, што хто ўкраў – той і прынясе…’’ Яшчэ доўга ніяк не магла прывыкнуць Алена да яго ўсемагчымых штукарстваў, да чаго прывыкла – дык гэта да маўчання, калі ён пачынаў штосьці рабіць…
Вось так, дзесьці праз тыдзень і Андрыян у сябе на ганку знайшоў свій скрутак з грашыма, але сапраўды, у ім была палова тых грошай, якія ў яго забралі тады на дарозе. Гэта яго абрадавала вельмі, і ён адразу ж пахваліўся сваёй навіною Ганцы, якая ад здзіўлення нават крыху ўскрыкнула, што адразу ж пачулі ў хаце і цешча і Аляксей.
Аляксей ужо каторы дзень дурыць іх, каб не адкладвалі яго вяселле з Лізаветай, бо, як ён выказаўся, пойдзе жыць да маладой у Буду – Сафіеўку.
Калі ўсё так абярнулася з грашыма, то вырашылі неадкладна ехаць у першую ж суботу да маладой у сваты, зрабіць прыгожае вяселле і аставіць маладых жыць тут, бо ў падарунак запланавалі перадаць ім невялікую смалакурню, што знаходзіцца па сіманіцкім шляху каля Буды.
… Яшчэ зранку ля брамкі стаяла запрэжаная карэта, якую ўпрыгожвалі хлапцы і дзяўчаты самаробнымі штучнымі кветкамі. Кветкі прымацоўвалі як да самой карэты, так і да дугі каней, якія ціха стаялі на невялікім марозе і перажоўвалі духмянае лугавое сена. Дзяўчаты і хлопцы жартавалі, смяяліся, прадказвалі, хто наступны з іх будзе жаніцца, ці выходзіць замуж.
-- Ты, Данілка, наступным будзеш жаніцца! – жартавала Маруся Неваднічэнка, самая прыгожая з усіх дзяўчат, якія круціліся ля карэты. – Бо твая Таццянка ўжо вочы прагледзела, чакаючы цябе, а табе ўсё няма і няма калі. Глядзі, каб не ўкралі яе ў цябе, а то не знойдзеш!
-- Цябе вазьму… А мо не пойдзеш?
-- Вось выдумаў! Але ж пабачу, як ты звернешся да мяне, ці добра папросіш аб маёй згодзе за цябе выйсці замуж…
-- І прасіць не буду, скажу, дык пойдзеш, дзе дзенешся.
-- Бабачце, людцы! Які самаўпэўнены жаніх. А я вазьму, ды на ўсякі выпадак гарбуз падрыхтую, няхай будзе…
Дзяўчаты і хлопцы дружна зарагаталі, паглядзелі ўсе на Данілу, які моўчкі ўжо стаяў ля паркана і аб нечым думаў, пэўна, аб сваёй Таццянцы.
З хаты выйшаў жаніх, яго брат Андрэйка, высокі і ладны дзяцюк, які скінуў з сябе адзенне семінарыста, апрануў прыгожы касцюм з сукна, выйшаў бацька і маці. Размясціліся яны на першай карэце, на наступных дзвюх – хлопцы і дзяўчаты, гарманіст Цімох Чэчка, з бубенам падсеў да яго Якаў Стасенка.
Рушылі карэты да Буды – Сафіеўкі, каб забраць маладую і яе бацькоў і да назначанага часу з’явіцца ў Буйнавіцкую царкву на вянчанне. Часу заставалася не так і многа, з крыкам, вясельнымі песнямі карэты імчаліся праз лес, вялікую вёску Буйнавічы да двара маладой. Час падганяў, пагэтаму каля маладой затрымаліся зусім нядоўга, ведалі, што тут будуць гуляць вяселле яшчэ ўсю ноч, а асноўнае – своечасова правесці запланаванае вянчанне ў царкве.
… Маладыя выглядзелі прыгожымі: на Лізавеце была вясельная белая сукенка, на галаве прыгожае ўбранне, Аляксей выглядзеў у сваім новым убранні вельмі прыгожым, высокім, статным. Ганка зыркала на іх, больш свой погляд спыняла на Андрэйку, які стаяў побач з маладымі, такі паважны, дарослы. Усяго толькі прайшло некалькі гадоў, як ён з’ехаў у Мінск да дзядулі, а за гэты час стаў такім самастойным, такім паважным, што куды табе… Нельга ж так не слухаць, як вянчаюцца маладыя, неяк схамянулася яна, калі пачула, як звярталіся да іх з Андрыянам, каб яны благаславілі маладых.
Яны з боку маладога, а бацькі Лізаветы з боку маладой благаславілі дзяцей, пажадалі ўсяго найлепшага ў із жыцці, доўга жыць разам, не разлучацца, дажыць да залатога вяселля і далей. Далей пайшлі віншаванні дружак і князькоў, віншаванні дзяўчат і хлапцоў…
Тры карэты павярнулі з Буйнавіч на ўсход, а тры карэты – на заход сонца. Бубенчыкі звінелі на кожнай карэце па – рознаму: адны спявалі танюткім сваім галаском, пераліваліся, быццам бы перазвон жаўрукоў, другія – бомкалі разам з бубенам і гармонікам, імкнуліся іх перакрычаць, але дзявочыя галасы былі такія аглушальныя, што пад час зусім не было чуваць зусім звону бубенчыкаў, цягнулася штосьці па лесе прыемнае і радаснае. Гэтыя вясельныя гукі пранесліся па масту праз Убарць, яўрэйскую карчомку, па зладзінскай вуліцы ў бок Берваў, затым завярнуліся назад і больш ужо павольна наблізіліся да Андрыянавай гары. Сапраўды, тое месца, дзе размяшчалася смалакурня, так зладзінцы і пачалі называць Андрыянавай гарою.
А вяселле на гары працягвалася. Сабраліся вечарам усе запрошаныя на вяселле, селі за сталы і пачалі вячэраць. Не разганяліся вельмі чаркамі, ведалі, што трэба яшчэ ехаць пасля застолля да маладой і там амаль усю ноч гуляць. Калі хто – небудзь пачынаў забываць, старэйшына Міхал Флёрка пачынаў напамінаць такім, праўда, далікатна, каб не пакрыўдзіць гэтым нікога, бо гаспадар дома папярэдзіў яго аб гэтым. Сам жа гаспадар да кілішыка не дакрануўся, частаваў гасцей.
Як толькі першая карэта паднялася на мост, адразу ж з’явілася на ўсю шырыню маста жэрдка, а за ёю хлопцы і дзяўчаты, якія запатрабавалі выкуп. Давялося разкашэліцца як грашыма, так і гарэлкаю. У Буйнавічах зноў іх перастрэлі,запатрабавалі сваё. Прышлося аддаць тое, што патрабавалі. Па Будзе – Сафіеўскай праехалі з вясельнымі песнямі без усялякіх перашкод. З хаты маладой выйшлі сустракаць госці і сваты, тут жа на вуліцы прыпаднеслі прыгожы каравай і шклянкі з гарэлкаю, прымусілі прыгубіць бацьку і маці маладога, астатніх, хто меў жаданне паспрабаваць свежы, духмяны, толькі што з печы, каравай.
Маладых пасадзілі на пачэснае месца, у кут пад абразы, падаслалі ім кажух, каб ім добра жылося і ўсё ў іх вялося. Такую думку выказалі гаспадары дома.
-- Калі ўжо маладыя разам і атрымалі ад бацькоў благаславенне, -- выказаў услых сваю думку Іван Мішкоў. – То не грэх цяпер і выпіць за маладых. Горка! Горка!
І тут з усіх куткоў пакояў пачуліся галасы:: ’’Горка! Горка! Горка!’’
Пасля першай чаркі за маладых, за сталамі прыціхлі, калі паціху адзін хто што – небудзь і расказваў, то яго ўважліва слухалі ўсе. Пасля другой, трэцяй чаркі стараліся гаварыць ужо ўсе, але мала хто ўжо каго – небудзь слухаў. Агульны гоман панаваў над застоллем, штурхалі адзін аднаго пад бокі, запрашалі выпіць за маладых. Сярод жанчын пачуліся вясельныя песні, песні пра цяжкую жаночую долю, якая занесла яе да нялюбага, да злоснай свякрухі, якая ўсё жыццё здзекваецца з яе маладой, а муж на гэта не звяртае аніякай увагі. Яна ператварылася ў зязюльку, прыляцела ў свой родны садочак, пачала кукаваці, расказваць маці аб сваёй нялёгкай долі, прасіла, каб маці змілавалася над ёю, пашкадавала, забрала яе назад. Але маці ўсяго гэтага не пачула, ды і чуць не захацела, прымусіла яе ляцець у зваротны шлях…
Заігралі музыкі, пачаліся падыспаны, кракаўякі, зрэдку полькі, бо маладзіцам не вельмі хацелася трасціся так хутка – баяліся, каб не згубіць сваё цела. Але вось выйшаў на круг Міхал Флёрка, прытупнуў нагою, павёў брывом і тут музыка заіграў ’’Барыню’’. Міхал прытупнуў колькі разоў адзін, а затым запрасіў да сябе маладзіцу, бо заўважыў, што яна не стрымлівала сябе на месцы, выбівала сваімі румынкамі пад такт музыкі. І ох, як ускочыла яна ў круг, ды як пачала выбіваць абцасамі свае крындзюлі, ды наступаць на танцора ўшчыльную, дык той спачатку на адступаў, біў сваімі чаравікамі да апошняга, а потым паціху пачаў адступаць, бочыцца да сяброў, затым і спыніўся ля іх, цяжка пераводзячы дых. А яна ўсё ляскатала і ляскатала сваімі румынкамі, запрашала ў круг другіх танцораў, але жадаючых ужо не аказалася, баяліся абняславіць сябе. У круг выскачыў Змітро Чэчка, ён заліхвацкі зрабіў некалькі кругоў вакол маладзіцы, зрабіў некалькі замыславатых прысадаў, выраўняўся і пачаў пад музыку выбіваць сваімі чаравікамі: то адразу дзвюмя абцасамі зробіць нейкую драбінка, то ў перамешку з падэшвамі выкіне нейкі замыславаты крындаль, ад якога нават яго танцорка здзівіцца, нават на нейкі момант прыпыніцца, а потым зноў, як заведзеная спружына, кідаецца да маладога танцора, хоча яго перагнаць. Але сілы ў яе ўжо на ісходзе, і яна павольна, чуць перастаўляючы свае румынкі, накіроўваецца ў гурт, дзе ёй несціхана ляскаюць гледачы ў далоні. А Змітрок падступіўся да сваёй прыгажуні Алены Осіпавай, запрасіў яе на хутканогую ’’Барыню,’’ Але яна толькі для прыліку стукнула абцасамі некалькі разоў аб падлогу, каб зразумеў музыка, што патрэбна з гэтым танцам скончыць, што ён і зрабіў, бо не толькі танцоры запарыліся, але і сам ён з барабаншчыкам.
Зайграў музыка і тут з бакавушкі пачалі з прыпеўкамі выносіць каравай. Пачалі выклікаць да стала ўсіх тых, хто прысутнічаў на вяселлі з боку маладой. Кожнаму з іх налівалі кілішак гарэлкі, давалі сваты ў рукі кавалачак караваю і прымушалі гаварыць у адрас маладых пажаданні. Спачатку вызывалі бацьку і маці маладой, якія віншавалі дзяцей, жадалі ім ўсяго многа, многа і абавязкова дарылі дачцы добры пасаг. Затым па блізкаму сваяцтву выклікалі на каравай другіх гасцей. Бацька і маці Лізаветы падаравалі маладым карову з цялём, грошы і прызапашаны ў скрыні пасаг.
Ужо пачынала світаць, калі госці выходзілі з хаты, вялі маладую і маладога да карэты. Заставалася сватам забраць скрыню з пасагам. І тут заўважылі яны, што на скрыні сядзіць малодшая сястра – свяцёлка, трымае ў руках чапляю, размахвае ёю і патрабуе за ўсё гэта вялікі выкуп. Міхал Флёрка працягнуў руку, каб схваціць за ўчэп скрыні, але атрымаў ад дзяўчынкі па руках. Яна крычала:’’Не выкупіце – сабе пакіну пасаг, бо і я хутка буду выходзіць замуж!’’
Усе гучна зарагаталі, пачалі кідаць дзяўчынцы на скрыню грошы, якія яна падбірала і хавала іх пад кашулю, затым маланкава саскочыла з чапляёю на падлогу і дазволіла забіраць пасаг.
Праехалі і Буду – Сафіеўку і Буйнавічы спакойна, а вось на Зладзінскім мосце зноў іх перастрэлі і патрабавалі выкуп. Моладзі на мосце было многа і давялося сватам раскашэліцца не на жартачкі. А ў гэты момант гучалі вельмі прыгожыя вясельныя песні па зладзінскай вуліцы, тулілася маладая да свайго любага, ехала на сваё новае месца жыхарства, да смалакурні.
Дзесьці ў апоўдні, госці ад маладой прыехалі на Андрыянаву гару, каб працягнуць вясельнае гулянне ў маладога. Іх чакалі, глядзелі ўсю раніцу, калі загрукаціць мост, пачуюцца вясельныя песні з боку Буйнавіч.
Госці шумелі, бо былі ўжо на нядрэнным падпітку зранку, між сабою і сватамі аб нечым спрачаліся, заводзілі размову аб вялікіх зменах у краіне, але ўсё, што робіцца, ідзе не на карысць простага селяніна, зямлі як не было ў яго, так і няма, паўсюды дарагавізна, нідзе нічога не купіш за гэтыя пустыя грошы, якія носяць мяшкамі…
Калі пачалі дзяліць каравай ад гасцей маладога і Андрыян з Ганкаю падараваў маладым смалакурню, што была ля Буды на сіманіцкім шляху, усе адабральна загудзелі, а гаспадар яшчэ і дадаў:’’Усё тое, што маецца ў нас, у хуткім часе пяройдзе да вас, бо вы – наша змена…’’
25
Годы ляцелі непрыкметна, пераварочвалі настрой палешукоў пачасна: то прыносілі вяскоўцы, якія былі ў арміі, добрыя і не вельмі добрыя звесткі, то тут на месцы вялася ўпартая барацьба за кавалак зямлі, якой заўсёды для сялян не хапала. Пагэтаму і пачалі расці новыя хутары вакол вёсак, дзе сяляне высякалі хмызнякі ля балотаў, аралі зямпю, будавалі сабе жыллё. Мала каго з палешукоў цікавілі тыя падзеі, якія адбываліся наўкола. Не адчувалі яны і той націск аўстра – германскіх войск, якія рухаліся амаль бесперашкодна, не сустракаючы ніякага адпору, па ўсёй лініі Заходняга фронту. Рускія войскі адступілі ў Мазыр, змучаныя, згаладалыя, дэмаралізаваныя. Некаторыя з мясцовых вярнуліся з гэтага войска дамоў; хаваліся ад кепскага вока, зашываліся далей у балотны край, заводзілі свае сем’і. Дачакалася свайго каханага і Таццянка Осіпава, згулялі вяселле, праўда не такое ўжо і багатае, але ж па тым часе і някепскае. Адразу ж пачалі жыць на забалотнім хутары, бліжэй да бацькавай сялібы, які выдзеліў невялікі кавалак зямлі дачцы. Не застаўся ў баку і Змітрок Цімохаў, хоць і была ў яго сям’я з васьмі чалавек, але ж і ён дапамог свайму сыну Данілу пабудаваць дом за балотам, дапамог цяглавой сілаю. Яшчэ больш клопатаў упала на галаву старога, калі стрэў з вайны зусім пакалечанага і паралізаванага свайго старэйшага сына Лазара, які доўга пакутваў і пам’ёр ад гэтага ўсяго. Нейкую нязначную дапамогу на першых парах Данілу аказаў і сам Андрыян, бо ён працаваў раней у яго на падсочцы яшчэ зусім юным хлапцом. Праўда, не зусім зручна было рабіць усё гэта цяпер гаспадару смалакурні, бо невядома было, каму цяпер можна было прадаваць сыравіну смалакурні і якая цяпер улада існуе на Палессі. Іншы раз прыязджалі падводы, грузілі смалу – жывіцу, спікідар, гуталін, давалі нейкую паперчыну і ехалі ў напрамку Мазыра. Калі Андрыян і рабочыя аказвалі нейкае супраціўленне, на іх узброенныя людзі настаўлялі стрэльбы. На Андрыянавай гары гаспадарка занепадала, некаторыя рабочыя кідалі работу на смалакурні, пачалі шукаць зямлю на былым панскім полі.
Достарыңызбен бөлісу: |