Пасля вайны скончыў мясцовую сямігодку, затым Асавецкую сярэднюю школу



бет14/24
Дата20.06.2016
өлшемі2.54 Mb.
#148808
1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   ...   24

На забалотныя хутары іншы раз прыходзілі людзі, якія называлі сябе партызанамі, якія быццам бы вядуць вайну з немцамі і гайдамакамі. На самай справе, ніхто не ведаў, што гэта былі за людзі, якія грабілі сялян. Крыху даў разуменне сялянам Пятро Васільевіч Цімохаў, які толькі што вярнуўся параненым з грамадзянскай вайны. Меў асобныя ўзнагароды, падзякі ад самога Будзённага. Ён і расказаў хутаранам, што гэта за людзі блытаюцца па лесе, чым яны займаюцца. Лепшае, што прыдумалі сяляне – хаваць прадукты харчавання ад няпрошаных гасцей. Бо спрачацца з імі не адважваліся – стаялі ля лесу пабудовы, жылі старыя і малыя. А паскардзіцца не было каму, улады ніякай не існавала. Праўда, іншы раз і ад ўладаў прыязджалі людзі ў ваеннай форме, патрабавалі збажыну, агародніну для рабочага класу гарадоў, таксама давалі сялянам нейкія паперчыны, а то і так насільна забіралі, калі што знаходзілі у склепах, ці нават закапанае на агародзе. Людзі былі ў вялікім недаразуменні: прыйшла савецкая ўлада, а жыць стала куды горш, ды і няма да каго звярнуцца, каб паскардзіцца на ўсё гэта. Падчас у асобных забіралі апошняе, не пакідалі харч хоць бы на дзень – другі, каб пракарміць сям’ю. Калі задавалі сяляне чырвонаармейцам, чаму чыняць яны гэты гвалт, тыя адказвалі, што выконваюць загад Першага Сялянскага з’езда павета, які адбыўся ў Мазыры і на ім прысутнічалі прадстаўнікі ад усіх 18 воласцяў, у тым ліку і былі прадстаўнікі ад Лельчыцкай воласці, якіх узначальваў старшыня зямельнага аддзела Ляхавец Васіль Якаўллевіч, да яго і звяртайцеся са скаргамі…

Спрабавалі некаторыя зладзінцы звярнуцца да гэтага старшыні, але чулі заўсёды адзін і той жа адказ:’’Сялянскі З’езд пастанавіў правесці па ўсёй тэрыторыі павета ’’прымусовы збор харчоў на карысць галадаючага пралетарыяту Піцера і Масквы.’’ І ён толькі разводзіў рукамі, паказваў, што нічога не зможа зрабіць з гэтым. І зладзінцы і хутаране, схіліўшы нізка галаву, вярталіся ні з чым дамоў, ведалі і крыху паважалі гэтага чалавека, бо іменна ён у свой час арганізаваў у Лельчыцах атрад і выступіў супраць узброенных бандытаў лельчыцкага пана Баканоўскага, які ведаў тутэйшым маёнткам і ні ў якім разе не хацеў развітвацца са сваім багаццем. Сяляне вырашылі адабраць зброю ў атрада памешчыка і знішчыць атрад. Раніцою на світанні да дома памешчыка падышла група сялян на чале з маладымі хлопцамі Раманам Лінам і Васілём Ляхаўцом. Пачуліся стрэлы. Тры дні працягвался ўзброенае супраціўленне. Пабачыўшы, што становішча стала безнадзейным, Баканоўскі забраў каштоўнасці і спрабаваў уцячы ў Польшчу, але яму гэта не ўдалося…

…Як і ўсім палешукам, так і, вядома зладзінцам, прыйшлося шмат цярпець і вытрымліваць напружаную барацьбу пасля рэв алюцыі з украінскай контррэвалюцыяй – гэтманцамі і пятлюраўцамі. На Палессі бадай мацней, чым у іншых раёнах быў развіты бандытызм. Сюды прыходзілі буйныя банды з Украіны і Польшчы. Тут рабіў сваю крывавую расправу Булак – Балаховіч з Савінкавым. Пятлюраўцы, белапалякі і Булак – Балаховіч грабілі, забівалі мірнае насельніцтва, арганізоўвалі яўрэйскія пагромы. Не абыйшло гора бокам і зладзінскага яўрэя Мандэля Лайхмана. Яго карчма, пастаялы двор былі разрабаваны пятлюраўцамі, а яго, жонку Хайку і дачку Маргарыту арыштавалі і павезлі ў невядомым напрамку.

Да Андрыяна на смалакурню пачалі таксама наведвацца невядомыя людзі. Яны патрабавалі грошы, харчы, забіралі з канюшні коней, кароў. Калі штосьці іх не задавальняла, махалі перад носам дубальтоўкамі, стралялі паверх галоў. Пасля адной банды, за ёю з’яўлялася другая, якая ўжо на польскай мове патрабавала тое ж самае, лезлі нахабна ў склепы, выграбалі ўсё, што траплялася пад руку. Траслі вёскі, траслі хутары, забівалі дзяцей і дарослых. На забалотным хутары быў збіты да паўсмерці стары Якаў Осіпаў, у якога знайшлі на агародзе закапанае збожжа. Атрымаў па рабрынах і яго зяць Даніла, які спрабаваў яго абараніць ад пятлюраўцаў. Нават дабраліся бандыты і да сядзібы Івана Мішкова, які жыў за балотам амаль кала самага Хадосавага броду. Яны вымялі ўсё, дзе што знайшлі. А тры яго сыны: Васіль, Панас і Міхась своечасова паспелі знікнуць у гушчар за Хведасоў брод. У хаце засталіся старыя і чатыры дачкі, над якімі пачалі здзеквацца бандыты. Але прыціхлі, калі збоку пачулі пагрозлівы загад камандзіра спыніцца.

У Зладзіне моцна пацярпеў ад налёту бандытаў і Раман Осіпаў, які пачаў упарціцца, каб не аддаць апошняе збожжа. Яго, вядома, забілі б, каб жонка, пабачыўшы гэта, не прынесла апошняе ў мяшэчку жыта. І многа чаго іншага давялося цярпець зладзінцам і хутаранам ад уварвання ў іх жыццё розных фарміраванняў і банд. Ды і хіба толькі зладзінцам? Штодня даносіліся да іх слыху розныя здарэнні на другіх хутарах і вёсках. Так на хутары Адрынка невядомая банда ноччу падпаліла сядзібу Юзэпа Савіча, толькі за тое, што не знайшлі ў хаце чаго паесці, а ў Засулле забілі старога і згвалтавалі яго дачку. І так дзень за днём усё больш і больш даходзіла да сялян такіх дрэнных навін. Было вырашана: арганізаваць з ліку мужчын добраахвотнае таварыства па ахове сваіх сем’яў ад бандытаў. Было вядома, што бандыты арудуюць невялікімі групамі і з імі арганізавана можна справіцца. Былі складзены дзяжурствы, якія ўзяў пад сваё падпарадкакванне былы ўдзельнік грамадзянскай вайны Пятро Цімохаў.

Адбіўшы два разы напады на вёску і на забалотны хутар, стала крыху спакайней, людзі адчулі сябе абароннымі, а лясныя банды пачалі баяцца добраахвотнікаў, больш не паказвацца ў небяспечныя месцы. І яшчэ стала крыху палёгкай для сялян тое, што ў Лельчыцкай воласці быў створаны партызанскі атрад пад кіраўніцтвам Фёдара Лузана і накіравалі яго на тэрыторыю Буйнавіцкай боласці, каб поўнасцю знішчыць невялікія банды Булат – Балаховіча, якія бытавалі ў Зарубаным, Манчыцах, Зладзіне. За мастом на Ўбарці была зроблена засада, дзе была знішчана значная колькасць аб’яднаных банд Булак – Балаховіча, якія прабіваліся да сваіх у Польшчу. У выніку нечаканай атакі была поўнасцю разгромлена адна з апошніх груповак генерала Булак – Балаховіча. Прымалі ўдзел і Зладзінскія добраахвотнікі, якімі кіраваў Пятро Цімохаў, удзельнік грамадзянскай вайны.

26

Пачало крыху ружавець неба на ўсходзе, чуць – чуць пачалі прарэзвацца з – за лесу водблескі сонечных прамянёў, якія былі яшчэ зусім кволымі і не маглі на поўную сваю моц асвяціць усё наваколле, упасці на кустарнікі і траву, каб прабудзіць іх ад начной спячкі. Спачатку асвяцілі яны Вуголец, яго палі, што былі засеяны збажыною сялянскіх надзелаў, затым паціху падкраліся да Марчынага саду, яе сядзібы, якая тулілася каля лугавіны Ўбарці, ля спрадвечнай крынічкі, куды многія зладзінцы прыходзілі, каб зачарпнуць гэтай сватой, як яны лічылі, празрыстай вадзіцы і асвяціць ею святочную на вялікдзень страву, пахварбаваныя яйкі, каб да ўсходу сонца прынесці іх у хату. Асвяціць гэтаю святою вадою памяшканне сваёй хаты, дзяцей сваіх, якія яшчэ курчыліся на палку ў запечку, бачылі сёмы свой сон, выйсці на падворак, махнуць некалькі разоў у адзін і ў другі бок малым венічкам, зайсці ў адрыну і кінуць некалькі кропелькаў гэтай святой вадзіцы на жывёлін, што яшчэ таксама не адышлі ад сну, прытым заўсёды прагаварываць самыя лепшыя словы ў іх бок, каб яны размнажаліся і ніколі не хварэлі, як і яны і іхнія дзеці. Бо ўсе тыя войны, якія прайшлі на Палессі, пакінулі вельмі ўсё дрэннае, што тычыцца хвароб, якія пануюць паўсюдна. Многія старыя і малыя хварэюць на шкарлатыну, трахому, каўтун і іншыя хваробы. Малыя і старыя паміраюць, не могуць нічога зрабіць і тыя сантройкі, якія накіраваны ад Лельчыцкай бальніцы па вёсках. Многія з сялян яшчэ не жадаюць, каб сантройка ўмешвалася ў лячэнне каўтуна. Лічылі, што ў каўтун выходзяць з цела ўсе іншыя хваробы, і гэтым самым выратуюць іх дзяцей. А зразаць яго, па іх думцы, нельга, бо пагне рукі і ногі… Такая недальнабачнасць і прыводзіла палешукоў да трагедый, памірала па вёсках шмат насельніцтва, асабліва дзяцей. У гэтым былі асабліва занепакоены Андрыян з Ганкаю, бо ў Аляксея і Лізаветы вось ужо другое дзіця нараджаецца або мёртвае, або пасля родаў працягне крыху – і памірае. Бедная маці ўжо амаль звялася, схуднела, зачынілася ў сабе, ні з кім не жадае размаўляць. Іншы раз чуюць старыя, як сварацца Лізавета з Аляксеем, як іх сваркі пераходзяць у моцныя крыкі адзін на аднаго, даходзяць да выказвання дрэнных слоў. Андрыян маўчаў, Ганка спрабавала гаварыць з маладымі, але ўсё было безвыніковым. І Лізавета вырашае пайсці да Ціхона Шахоўкі і яго дачкі Яўгені. Тыя доўга штосьці мармыталі каля паленага пучка саломы, затым Яўгеня і гаворыць:’’Калі ў будучым народзіцца і захварэе тваё дзіця, ты не плач, а спявай песні – гэта будзе тваё збавенне.’’



Так і зрабіла Лізавета праз колькі часу, калі чарговую дзяўчынку хавалі пад дубамі Зладзінскіх могілак. Людзі стаялі і дзівіліся, што на гэты раз Лізавета не плакала, а спявала цягучую сумную песню па пакойным сваім дзіцяці. Разыходзіліся моўчкі, заўважылі, што да яе падышоў нейкі жабрак і прагаварыў голасна:

-- Жанчына! Усё наладзіцца ў тваёй сям’і, калі на наступнае дзіця ты возьмеш мяне за хроснага бацьку, дзеці будуць у цябе ўсе жывыя… Лізавета паглядзела на жабрака заплаканымі вачыма і толькі паківала ў знак згоды галавою. А ён, як ні ў чым не бывала, пакрочыў па сіманіцкім шляху ў бок Турава, азірнуўся толькі ля капліцы, калі рукою палажыў на сябе крыж.

Час ішоў непрыкметна, крыху стала вальней для сялянства, калі скасавалі Лельчыцкую і Буйнавіцкую воласці і стварылі Лельчыцкі раён, які складаўся з 5 вёсак, і аднаго мястэчка, адзін фальварак, два сялы і 43 хутары. Паўсюдна панавала бездарожжа, вясною і восенню раён быў адрэзаны ад усяго свету, ад усіх сваіх 12 сельсаветаў. Па нейкіх сваіх патрэбах у раён, сялянству патрэбна было адмерваць нагамі шматлікія вёрсты па гразі і пяску. Іншы раз зусім дарэмна, бо чыноўнікі не заўсёды ішлі насустрач сялянам, або не мелі магчымасцей, каб дапамагчы ім. Больш пытанняў у сялян узнікала наконт зямлі, бо яе не было ў дастатку, нягледзечы на тое, што і была раздзелена ўся панская зямля. Як і ў іншай мясцовасці, так і зладзінцы ішлі ў лясы, за балота, распрацоўвалі кавалкі зямлі, будавалі там хаты, заводзілі хатнюю жывёлу і паціху жылі, утваралі новыя хутары. Да іх рэдка хто трапляў з раёна, каб спагнаць нейкую даніну ў дзяржаўную казну. Апрацоўвалі свае кавалкі зямлі сяляне валамі, бо коней ад вайны амаль не засталося. На смалакурні ў Андрыяна засталося толькі два кані, і то толькі таму, што дазволілі мець іх на сплаве лесу, дзе Андрыяна паставілі адказным. Ён падабраў сабе надзейных людзей, якія сплаўлялі ўжо дзяржаўны лес па Ўбарці да Петрыкава. Плацілі сплаўшчыкам вельмі мізэрны заробак у Лельчыцкай канторы, але ж атрымоўвалі яны поўныя торбы ’’керанак.’’ Крыху лепш стала, калі адбылася грашовая рэформа і быў устаноўлены цвёрды выкупны курс. Адзін рубель у новых грошах прыраўноўваўся да 50 тыс. рублёў старых грошай. – ’’Можна было новыя грошы, -- як жартавалі між сабою сплаўшчыкі – браты Мікіта і Васіль Чэчкі, -- палажыць у адну з нашых кішэняў і яны застануцца незаўважанымі.’’ Але і за гэтыя грошы не вельмі што купіш у зладзінскай краме, бо апрача запалак і газы там нічога і не бывае, хіба толькі ўлетку, калі высахне дарога, што – небудзь змогуць падвезці з мануфактуры і то абавязкова будуць прадаваць за сухія ягады і грыбы, а не за гэтыя грошы.

-- Мінулася Мандэлява карчма, дзе за грошы было што і выпіць і закусіць,-- пажартаваў стары сплаўшчык Міхал Флёрка. І ўсе адначасова ўздыхнулі, пэўна, кожны з іх успомніў старога яўрэя, які іх і карміў і паіў, даваў колькі без грошаў, пісаў усё ў свой успацелы зашмальцаваны сшытак. І аднойчы здарылася такое, што яго гэты сшытак дзесьці знік, нехта вельмі добра пажартаваў над старым яўрэем. Дык ён праз дзень палажыў на прылавак новы сшытак, дзе значыліся ўсе тыя прозвішчы, хто яму быў павінен. Больш выдумкі такія не рабілі, ведалі, што ўсё гэта дарэмна, з яўрэем жартачкі дрэнныя.

Да рабочых падышоў Андрыян, пацікавіўся, колькі кубаметраў драўніны спусцілі на ваду, ці добра замацавалі плыты вяроўкамі; спусціўся сам на плыт, пахадзіў па ім, спрабуючы яго разгайдаць, затым павольна вылез на бераг і прагаварыў, хто з рабочых заўтра раніцою пагоніць плыты да Петрыкава. Астатніх рабочых размеркаваў для работы на прыстані.

-- А смалакурня як жа? – пацікавіліся рабочыя.

-- А смалакурні, лічыце, няма. Яе ў раёне закрылі, палічылі, што яна непатрэбная. Заўтра забяруць адсюль усё абсталяванне; сёння Панас Калеснік і Аляксей перадаюць ўсё абсталяванне са смалакурні па сіманіцкаму шляху, рабочых разлічылі поўнасцю. Тыя, хто працаваў на гэтай смалакурні, -- Андрыян неяк нязручна махнуў рукою ў бок гары, -- атрымаюць разлік у лельчыцкай канторы.

-- Як гэта непатрэбная новай дзяржаве прадукцыя нашай смалакурні? – сваім басавітым голасам прарэзаў паветра Рыгор Осіпаў. – Што я вазьму з зямлі ў Рукавіцах, дзе паўсюдна назіраецца сухая пясчаная глеба. Ужо колькі туды я палажыў гною, а ўражайнасць усяго зусім дрэнная. Тут хоць невялікая, але ўсё ж была капейчына, за якую можна было што – небудзь купіць у карчме яўрэя, а цяпер што? Як пракарміць сям’ю?

-- Ды гэтую капейчыну ты і аддаваў усю Лайхману, -- пажартаваў Васіль Чэчка. – А яшчэ і пісаў ён у свой зашмальцаваны сшытак твой значны рахунак, з – за чаго жонка не раз з Рукавіцаў мерала адлегласць да шынка…

Усе засмяяліся, толькі не да смеху было аднаму Рыгору, бо ён быў, як і другія рабочыя, на раздарожжы. На сплаве лесу Андрыян пакінуў выпрабаваных людзей гэтай прафесіі, якія многія гады сплаўлялі бярвенні па Ўбарці ў любую пару года і па любой вадзе.

-- А як жа з нарыхтоўкаю і вывазам лесу? – пацікавіліся рабочыя.

-- Гэтаю работаю цяпер займаецца дзяржаўная лясная ўстанова,-- адказаў на пытанне Андрыян.—Яны і набіраюць рабочых для гэтай работы. Знаходзіцца іх кантора ў Лельчыцах, ля самой ракі Ўбарці. Калі хто пажадае з вас пайсці туды працаваць, патрэбна звярнуцца да іх.

-- Ого! Хіба гэта блізкі свет, каб мераць туды штодня столькі вёрст шляху, -- азваўся сусед Рыгора з хутара Рукавіцы Раман Осіпаў. – Лепш ужо будзем кавырацца ў сваёй зямлі ля хаты, карміць памалу сваіх дзяцей. А шкада! Так было лагодна працаваць ля дома, на смалакурні, атрымоўваць капейчыну…

-- І несці яе ў яўрэйскі шынок, каб выпіць пасля работы кухаль піва, або яшчэ чагосьці, -- перахоплівае яго гаворку Мікіта Чэчка, пасміхаючыся.

-- А чаму б і не, -- пагаджаюцца з гэтым многія рабочыя. – Было добрае жыццё, быў многім задаволены селянін. Была свая чарка і шкварка, удосталь усяго было ў кожнага, хто не ленаваўся працаваць. Дык вось з гэтай разхрухаю, вайною, рэвалюцыяй усё кудысьці згінула. Невядома, што яшчэ будзе далей…

І тут пачуўся крык і плач жанчыны, усе аглянуліся і заўважылі, як Сідар – Здрок цягне за валасы да Ўбарці сваю жонку Лізавету. Усе гуртом кінуліся напярэйма да раз’юшанага Сідара, пачалі гуртам адбіраць у яго маладзіцу. Але ў яго было столькі злосці і сілы, што мужчыны толькі адскоквалі ад яго моцных рук, падалі на зямлю. А ён усё крычаў і крычаў:’’Утаплю! Утаплю к…..! Больш жыць з ёю я не буду!...

Невядома чым бы ўсё і скончылася, каб да гурту не падышоў Андрыян і не супакоіў раз’юшанага Сідара, а Лізавету загадаў двум жанчынам, якія таксама прыбеглі на крыкі, адвесці да хаты. А ўсе мужчыны тым часам пачалі з усіх бакоў ушчываць п’янага раз’юшанага Сідара, ганьбіць яго імя, не давалі яму апамянуцца. Ён сядзеў на калодзе, міргаў сваімі злоснымі вачыма, нешта бурматаў сабе пад нос. Потым падняўся з калоды, махнуў моцна рукою і пакрочыў па – над Убарцю далей ад гурту.

Рабочыя пайшлі да прыстані, а Андрыян пакрочыў да сваёй сядзібы, дзе яго чакалі цешча з жонкаю, каб адавёз ён іх у Лельчыцы, бо там у касцёле быў прыход – святкавалі палякі нейкае сваё свята. Пярэчыць ён ім не стаў, бо сапраўды жонка і цешча даўно ўжо не былі ў касцёле, абвінавачвалі яго ў гэтым, што ён з – за сваёй работы забыў пра іх. Як ён здалёк яшчэ заўважыў, ля іх была і жонка Аляксея Лізавета, цяжарная, мо ўжо на сёмым месяцы. Пэўна, ўзялі яе, каб і яна прычасцілася да малітваў ксяндза, памалілася і сама, паставіла свечку за ўпакой сваіх памерлых дзяўчынак, папрасіла Ўсявышняга, каб нарадзілася ў яе здаровае дзіця. Яна не забывала, што паабяцала прахожаму жабраку, які напрасіўся да яе ў хросныя бацькі. Ды вось штосьці ён ні разу і не паяўляўся з таго часу ў вёсцы, хто ведае чаго… І Лізавета так занялася сваімі думкамі, што і не заўважыла, як Андрыян пад’ехаў да веснічак і запрасіў іх сядаць на воз. Кожны з іх падумаў, што гэты воз з сплаўнымі канямі не параўнаць з тымі, на якіх яны ездзілі раней у касцёл. Тады былі вараныя коні і прыгожая карэта, на якой было не сорамна праехаць па зладзінскай вуліцы, пад’ехаць да Лельчыцкага касцёла.

Адразу за вёскай пачынаўся лес, у асноўным бярэзнік, сярод якога высокімі конусамі хмурна зелянеў стары ядловец. Трапляліся і прысадзістыя, шырокія ў камлі, яліны, але часцей вось гэткія – конусамі – ядлоўцавыя кусты, з крываватымі замшэлымі стваламі. Чарнічнік пракідаўся паміж імі рэдзенькімі лапінкамі, пусты, як пабіты ржой, без ягад.

-- Вось бы хоць крыху ўкінуць у рот чарнічак, так цягне мяне да іх,-- уздыхнуўшы, голасна высказала сваю думку Лізавета.

-- Ды і мы не супраць, -- падтрымала спакусу нявесткі Ганка. – Толькі дзе тут іх узяць, калі паабапал стаіць паржавелы чарнічнік без ягад.

-- Супакойцеся вы, забыліся, куды едзеце ў свята? Там даўно чакае нас ксёндз у сваім найсвяцейшым божым хароме…

Далей ехалі моўчкі, кожны думаў сваю думку. Андрыяна непакоілі абставіны, якія склаліся наўкола, не пакідалі хваляванні наконт таго, што закрылі смалакурню, вывезлі адтуль усё абсталяванне, нічога не заплаціўшы яму, як уладальніку. Калі ён загаварыў з упаўнавыажаным аб гэтым, той схапіў рэвальвер і пакруціў яму перад носам, назваўшы яго ’’контрай,’’ яшчэ папярэдзіў, што можа яго раскулачыць і выслаць туды, дзе Макар цяляты не пасвіў… Ганка думала сваё: пільна пазірала на Лізавету, яе выпуклы жывоцік і хвалявалася, як і раней, каб усё абышлося, каб не паўтарылася мінулае. Прыгадала жабрака, які выказаўся пры ўсіх, што будзе ўсё добра, калі яго возьмуць за хроснага бацьку. На ўсё згодны яны, толькі б своечасова нарадзіла Лізавета дзіця, ды знайшоўся той жабрак. Альжбэце Генрыхаўне нецярпелася хучэй дакрануцца да святыні Лельчыцкага храма, прытуліць свае вусны да святой рукі ксяндза, спаведацца перад ім можа ўжо ў апошні раз, бо знямога наступае з кожным разам усё болей і болей.

Вось ужо мінулі ліпнёвае сяло, праехалі непадалёку ад Убарці праз лазнякі, дзе дарога віляла між высачэзных вольхаў і бяроз, якія хавалі іх ад гарачых променяў сонца, якое, здавалася, ужо з самага ранку пачынала смаліць сваімі вогненнымі стрэламі. Вось за лагчынкаю і паказаліся Лельчыцы са сваімі прысадзістымі хацінкамі, пакрытымі больш саломаю і чаротам. Ля хацінак туліліся збоку невялічкія адрынкі, якія былі пакрытыя ўсе толькі саломаю, на многіх з іх салома ўзімку была абадраная і скормленая жывёлаю, а новай саломы яшчэ гаспадары не прыдбалі, каб заладзіць дыркі ў стрэхах сваёй будоўлі. Бо збажына пачынала яшчэ толькі красаваць, ад подыху лёгкага ветрыку яна пералівалася на сонцы нейкімі невядомымі хвалямі, нейкія лекавыя пахі яе даносіў вецярок і на воз, бо яны адразу адчулі, як толькі заехалі на сярэдзіну жытнёвага поля. Больш за ўсіх цягнула ў сябе гэты лекавы водыр прыроды Лізавета, бо перастала гаварыць і слухаць іншых, глядзела сваімі вачанятамі наўкола і радавалася, дыхала і дыхала на поўныя грудзі.

Паказаўся касцёл, як толькі павярнулі ад Убарці на новую вуліцу. Але ля касцёла было не шматлюдна: стаяла некалькі кабет і дзве падводы каней. Дзверы ў касцёл былі зачынены, на ганку сядзеў стары жабрак, які прасіў міласціну. У ім Лізавета адразу пазнала таго жабрака, які набіваўся да яе ў хросныя. Яна адразу ж пайшла да яго, працягнула чырвонец і запытала, ці пазнае ён яе. Ён прыўзняўся, нізка пакланіўся ёй і сказаў, што свайго абяццання ён не забыў і будзе ля яе своечасова. Пры тым ён агледзеў яе жывот, запытаў тэрмін і спакойна сеў на сваё месца. А ўзрадаваная Лізавета падышла да свякрухі і бабкі Альжбеты, якая схілілася на Андрыяна і голасна плакала, калі даведалася, што ўлады зачынілі касцёл, а гэты Божы храм прыстасавалі пад склад збожжа. Плакалі і другія кабеты, якія не ведалі гэтага і таксама прыйшлі да касцёла. Стаялі побач і дзеці, босыя, трымаючы свае чаравікі і лапцікі на плячах, усхвалявана пазіралі на сваіх бабуль, яшчэ добра не разумеючы, што тут адбываецца. Андрыян заўважыў яшчэ здалёку міліцыянера, які накіроўваўся ў іх бок, пагэтаму хуценька пазваў усіх сваіх і своечасова ад’ехалі з гэтага месца.

Ехалі не так ужо і хутка, бо конь быў цяглавы і прывык ісці паціху, каб не вельмі і перарывацца, бо даводзілася на прыстані да ракі яму штодня цягаць вялізныя тоўстыя бярвенні, дзе не вельмі разгонішся.

Вось мінулі ўжо і ліпнёвае сяло, заехалі ў лес, які цягнуўся па – над Убарцю аж самага Зладзіна; заўважыў Андрыян тое месца, дзе віднеліся крыху на чарнічніку ягады, спыніўся, распрог каня, прывязаў яго да алешыны, дзе віднелася неблагая трава і параіў жанчынам паласавацца буйнымі спелымі ягадамі. А сам яшчэ раз услухаўся ў праклёны цешчы, якая сыпала іх бясконца ў адрас тых, хто зачыніў святыню ўсяго святога – касцёл. Не чуў ён ад яе за ўсё жыццё столькі цяжкіх набожных слоў, якія так трапна ляцелі разам з праклёнамі на голавы чыноўнікаў. Перад тым, як крыху перавесці свій уздых, яна голасна вамавіла:’’ О, Божа! Хіба ты не бачыш, хіба ты не чуеш, як здзекваюцца над намі і табою кепскія людзі, калі можна іх так назваць? Пашлі ты ім нябесную кару праз свае ўладанні, пакарай іх маланкамі і громам, каб зразумелі яны, які гвалт чыняць яны над простым людам, які адданы табе і ўвесь час будзе памятаць і верыць у цябе і тваю нябесную сілу…’’

І тут да Андрыянавага слыху аднекуль далёка з – за ракі данесліся ціхія раскаты грому. Спачатку ледзь чутныя, а потым усё гучней і гучней пачалі даносіцца з – за небаскраю. А неўзабаве і пачала вырысоўвацца з – за лесу чорная хмара, яна расла ўвачавідкі і відаць ужо былі пісягі маланкі, якая пачынала паласаваць неба, што было зацягнута хмараю.

Андрыян зняў з воза драбіну, прымайстраваў яе пад воз, а другую нахіліў на ручкі воза разам з дошкаю і павярху налажыў саломы, якую прыціснуў моцна жэрдкаю, якая валялася побач. Ведаў, што да хаты яшчэ далекавата, на гэтым каню яны не паспеюць, а перачакаць навальніцу пад возам можна будзе.

А хмара ўсё больш і больш налівалася чарнатой, станавілася пагрозлівай. Ужо і пярун на сваёй калясніцы імкліва набліжаўся, пачаў грукатаць з большай пагрозаю, нібы папярэджваў альбо сварыўся за нешта, а маланкі сталі паласаваць усё неба і не адно да зямлі скіраваныя, а па папярок неба, як бы разразалі яго, а то і адна скрыжоўвалася з другою, асвятляючы хмару і робячы яе яшчэ страшнейшай.

Андрыяну чуць што ўдалося сілком сцягнуць з воза цешчу, якая ўпарцілася, гаварыла, што Бог пачуў яе, прынёс кару віноўным у закрыцці божага храма, адпомсціць ім… Супакоілася толькі тады, калі Ганка з Лізаветаю прыціснулі яе з двух бакоў пад возам і пачалі паціху суцяшаць.

Нечакана наляцеў шквалісты вецер, які, відаць, ішоў нізам, бо нават маленькае кустоўе гнулася да зямлі. Здавалася, што зверху цяжкая чорная хмара прыціскае ўсё ажно да зямлі. Пацямнела так, што выдавала за падвячорак. Вецер яшчэ з большай моцай узвіхрыўся , круціўся, здавалася, вакол іх, узлятаў знізу ад воза ўгару, падымаў і кружыў усё, што траплялася на яго шляху. З – за сіняватай вадзяной лавы не стало відно ні неба, ні хмары, з якой яна лілася. Нават бліжэйшых дрэў нельга было бачыць. Сцяна гэтая рухалася імкліва, напорыста, грозна. Разам з няспыннымі маланкамі і аглушальнымі – ажно на ўвесь свет – раскатамі грому: пярун стараўся ваўсю. Апрача Альжбэта, астатнія не разумелі, за што так сварыцца Бог на зямных пакутнікаў, магло падацца, што з мальбою аб літасці ўжо стало на калені перад гэтай грознай стыхіяй усё жывое на зямлі, у тым ліку і тыя, як думала Альжбэта, хто стварыў злосныя свавольствы супраць Усявышняга. А моцная вадзяная сцяна з усяго маху пляснулася аб драбіну воза, разам з моцным ветрам вырвала ахапак саломы і растрэсла яе перад іх вачыма, каб паказаць, якую мае яна сілу.

Але парывы ветру пачыналі губіць сваю сілу, калі гром адкаціўся за Лельчыцы. Дождж выпрастаўся, але ліў яшчэ гэтак жа густа. І пярун быццам бы вярнуўся назад, грукацеў над галовамі, малаціў, як сто цапоў на таку. І маланка быццам бы вярнулася, паласнула па небе. І было не разабраць, што ідзе за чым: маланка за громам, ці гром за маланкай. А часам гэтая музыка, якую не параўнаць ні з якою яшчэ, была няспыннай. У адзін з такіх момантаў нязвыкла моцны грукат прагучаў адначасова са сляпучым бляскам маланкі. Здавалася, што ад іхняга воза адарвалася кола і з усяго маху пакацілася, пагрукатала па вялікіх каменнях у апраметную. Андрыян нават рукою памацаў кола на возе, зірнуў на другое і супакоіўся.



Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   ...   24




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет